Стары лес (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 5 из 6

Яны гнулiся, шчапалiся, крышылiся, i толькi камлi iх, як свечкi, тырчалi высока ў паветры, сярод вываратаў i зломаных верхавiн, што ўжо трупамi ляжалi ў снягу. А пушча не сунiмалася, стагнала, гула, бушавала, плакала злосным плачам, выла гневам i нянавiсцю. Вось сашчапiлiся два адвечныя асiлкi: магутны, прысадзiсты, гузаваты, звязiсты дуб з таўшчэразным i высачэзным вязам. Доўгiя гады стаялi яны на розных берагах нешырокай рэчкi, як добрыя суседзi, i крэпкая дружба, узгадаваная часам, была заўсёды памiж iмi. I яны цяпер - смяртэльныя ворагi! Страшна было глядзець на гэтых асiлкаў. Iх крэпкiя таўстыя сукi разгойдвалiся, бiлiся адны аб другiх, ламалiся. Размахнуўся таўсты, высокi вяз i з усёй сiлы грукнуўся аб дуб.

Упёрся моцна прысадзiсты дуб i ўсiм крэпкiм целам сваiм рынуўся насустрач вязу. Пышны верх старога вяза з громам абламаўся, на момант звiс, затрымаўся ў дубовых суках i цiха спусцiўся на халодны лёд рэчкi, цяжарам сваiм угнуў яго, праламаў. Клубок жывой вады вырваўся на волю - заплакала рэчка над трупам старога вяза.

- Помста за смерць нашага бацькi вяза! - зашумеў той бераг рэчкi.

Грозна пацiснулi дрэвы на стары дуб.

- Гэй, сюды! - гукнуў другi бераг рэчкi. - Не дамо ў крыўду нашага абаронцу.

Замiтусiўся лес, i два грозныя вагары, дзве сцяны дрэў рынулiся адна на другую. Падняўся вiхор.

Дрэвы звiлiся ў адзiн клубок, скруцiлiся i пасыпалiся на зямлю. Глуха застагнала зямля, задрыжалi ўзгоркi, лёд патрэскаўся на возеры i ў рэчцы...

Цэлы дзень i ўсю ноч бiлася пушча, i месца пабоiшча ўяўляла сабой грозны i жудасны малюнак разбурэння i смерцi.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]