Страх (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
1 из 2
---------------------------------------------
Де Мопассан Ги
Страх (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Страх
Пераклад: Сяргей Шупа
Ж.-К. Гюйсмансу
Пасля вячэры мы зноў паднялiся на палубу. Перад намi распасцерлася нерухомая роўнядзь Мiжземнага мора, у якой расплывiста адбiвалася цiхая поўня. Наш вялiзны карабель плыў, выпускаючы ў неба, усеянае зоркамi, велiчэзную змяю чорнага дыму; а за намi вада, ускалыхнутая хуткiм рухам цяжкага судна, узбiтая вiнтом, пенiлася, закручвалася i так ярка свяцiлася, што здавалася, нiбы зiхацеў растоплены месяц.
Мы, чалавек шэсць цi восем, стаялi моўчкi i з захапленнем глядзелi ў бок далёкай Афрыкi, куды мы плылi. I раптам капiтан, што стаяў пасярэдзiне i курыў цыгару, вярнуўся да размовы, распачатай падчас вячэры.
- Праўда, у той дзень я адчуваў страх. Шэсць гадзiн мора шкуматала мой карабель, якi быў сеў на плытнечы. На шчасце, пад вечар нас заўважыў ангельскi вуглявоз i ўзяў на борт.
I тады ўпершыню загаварыў высокi чалавек з загарэлым тварам. Ён быў з тых, па кiм адразу вiдаць, што ён шмат падарожнiчаў па далёкiх невядомых краiнах, сярод бясконцых небяспек, i чый спакойны i глыбокi позiрк, здаецца, тоiць у сабе нешта з тых дзiвосных краявiдаў, недзе i некалi пабачаных. I вось гэты загартаваны, мужны чалавек сказаў:
- Вы кажаце, капiтан, што адчувалi страх. Я ў гэта не веру. Вы проста памылiлiся i назвалi не тым словам пачуццё, якое вы перажылi. Рашучы чалавек нiколi не адчувае страху перад сур'ёзнай небяспекай.
|< 1 2 След. >|