Тамтэй (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
2 из 31
Прайшлi дзве ангельскiя шхуны, чырвоныя сцягi на якiх вiлiся на фоне неба, а за iмi плыў цудоўны бразiльскi трохмачтавiк, увесь белы, незвычайна чысты i блiскучы. I невядома чаму я прывiтаў яго - так мне было прыемна яго бачыць.
12 траўня. - Ужо некалькi дзён у мяне лёгкая гарачка. Я адчуваю, што хворы, але гэта хутчэй не хвароба, а нейкi смутак.
Адкуль бяруцца тыя таямнiчыя павевы, што ператвараюць нашае шчасце ў смутак, нашую шчырасць - у журбу? Здаецца, што паветра, нябачнае паветра прасякнута нейкiмi непазнавальнымi Сiламi, таямнiчую блiзкасць якiх мы адчуваем на сабе. Я прачынаюся, поўны радасцi, мне хочацца спяваць. Чаму? Я гуляю па беразе, i раптам, прайшоўшы яшчэ зусiм мала, паварочваю назад засмучаны, быццам дома мяне чакае нейкае няшчасце. Чаму? Можа, дрыжыкi холаду, прабегшы па скуры, закранулi нервы i засмуцiлi маю душу? Цi, можа, форма аблокаў, цi колер неба, цi хутказменлiвыя адценнi рэчаў, прайшоўшы перад маiмi вачыма, расхвалявалi мой розум? Хто ведае? Усё, што нас акаляе - усё тое, што мы бачым, але не прыглядаемся блiжэй, усё тое, што мы мiнаем, але не спазнаём падрабязней, усё тое, да чаго мы дакранаемся, але не абмацваем, усё тое, што мы сустракаем, але не распазнаём - усё гэта iмгненна, незвычайна, невытлумачальна адбiваецца на нас, на нашых пачуццях, а праз iх - на думках i нават на сэрцы.
Якая глыбокая гэтая таямнiца, таямнiца Нябачнага! Мы не здольныя спасцiгнуць яе нашымi недасканалымi органамi пачуццяў. Нашы вочы не могуць бачыць нi занадта малое, нi занадта вялiкае, нi занадта блiзкае, нi занадта далёкае, нi жыхароў далёкае зоркi, нi насельнiкаў кроплi вады...
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|