Тамтэй (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 25 из 31



А! А! Я памятаю, памятаю той прыгожы бразiльскi трохмачтавiк, што праплыў 8 траўня мiма маiх вокнаў, паднiмаючыся на Сене! Ён здаўся мне такiм прыгожым, такiм белым, такiм вясёлым! ГЭТЫ быў там, ён прыплыў адтуль, дзе з'явiўся яго род! Ён мяне ўбачыў! Ён убачыў таксама мой белы дом i скочыўз карабля на бераг. О, Божа!

Цяпер я ведаю, я здагадваюся. Панаванню чалавека настаў канец.

Ён прыйшоў, Той, каго баялiся старажытныя людзi, Той, каго заклiналi неспакойныя святары, каго цёмнымi начамi выклiкалi ведзьмакi, нiколi яго не бачачы. Той, каму фантазiя часовых гаспадароў Зямлi надавала найпачварнейшыя або, наадварот, найпрывабнейшыя формы гномаў, духаў, генiяў, феяў, дамавiкоў. У адрозненне ад грубых паняццяў, народжаных жывёльным страхам, празорлiвыя людзi ўяўлялi яго больш выразна. Яго разгадаў Мэсмэр, i ўжо дзесяць гадоў таму медыкi дакладна вызначылi прыроду яго магутнасцi, перш чым ён сам яе выявiў. Яны гулялi са зброяй Новага Ўладара, з панаваннем таямнiчай волi над заняволенай чалавечай душой. Яны назвалi гэта магнетызмам, гiпнатызмам, сугестыяй... цi як там. Я бачыў, як яны забаўлялiся, нiбы неасцярожныя дзецi, з гэтай страшнай сiлай! Гора нам! Гора людзям! Ён прыйшоў, гэты, як жа ён завецца... гэты... мне здаецца, ён крычыць сваё iмя, але я не чую... ага, ён крычыць, я слухаю... я не магу... паўтары... Тамтэй... Я пачуў: Тамтэй... гэта ён... Тамтэй... ён прыйшоў!

О, гора! Каршун упаляваў голуба, воўк з'еў авечку, леў зжор вастрарогага буйвала, чалавек забiў льва стралою, мячом, порахам. Але чалавек зробiцца Тамтэю тым, чым зрабiлiся нам конь цi бык: яго майном, яго служкам i яго жыўленнем, праз магутнасць яго волi. Гора нам!

Аднак часам звер паўстае i забiвае свайго ўтаймавальнiка... я таксама хачу... я здолею...

|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]