Тамтэй (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
26 из 31
Але трэба яго зведаць, убачыць, дакрануцца да яго! Вучоныя кажуць, што вочы жывёл, рознячыся ад нашых сваёй будовай, бачаць усё iнакш... А мае вочы не могуць убачыць гэтага новага прыхадня, што мяне прыгнятае...
Чаму? О, цяпер мне згадваюцца словы манаха з гары Сэн-Мiшэль: Цi ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што iснуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сiла ў прыродзе, што збiвае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнiмае ў моры вадзяныя слупы, валiць скалы i разбiвае ўшчэнт вялiкiя караблi. Вецер забiвае, свiшча, стогне, раве, але цi бачылi вы яго, цi можаце вы яго ўбачыць? I аднак ён iснуе!
Я яшчэ думаў: мой зрок такi слабы, такi недасканалы, што зусiм не ўспрымае цвёрдых рэчываў, калi яны празрыстыя, як шкло!.. Калi на маiм шляху будзе стаяць вялiкая шыбiна, я дамся аб яе, як птушка, што заляцела ў пакой i б'ецца галавой у шыбы. Дый колькi яшчэ ўсяго, што падманвае наш зрок, збiвае з тропу. Цi ж дзiва, што я не магу заўважыць нейкае новае цела, праз якое свабодна праходзiць святло.
Новая iстота! А чаму не? Яна абавязкова павiнна была прыйсцi! Не мы ж апошнiя на Зямлi! Мы не заўважаем гэтай iстоты, як не заўважалi яе i тыя, хто жыў да нас. Справа ў тым, што яе прырода больш дасканалая, яе цела больш складанае i далiкатнае, чым нашае, такое слабое, так нязграбна створанае, абцяжаранае органамi, якiя заўсёды стамляюцца, заўсёды хiбяць, заўсёды псуюцца, як старыя рысоры.
|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|