Тамтэй (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
29 из 31
Я так напалохаўся! Пасля раптам я ўбачыў сябе ў глыбiнi люстра, але няясна, нiбы ў тумане, нiбы праз слой вады, i мне здавалася, што гэтая вада павольна цячэ злева направа - з кожнай секундай адлюстраванне рабiлася выразнейшае. Зацьменне канчалася. Тое, што мяне засланяла, здаецца, не мела выразных контураў, гэта была нейкая празрыстая непразрыстасць, якая паволi прасвятлялася.
Урэшце я зноў убачыў усяго сябе, як кожнага дня, калi гляджуся ў люстра.
Я яго бачыў! Я так напалохаўся, што i цяпер яшчэ дрыжу.
20 жнiўня. - Забiць яго! Але як? Я ж не магу яго схапiць. Атрута? Але ён убачыць, як я кладу яе ў ваду. I яшчэ: цi нашыя яды здолеюць пашкодзiць яму? Не, вядома ж, не... Тады... што ж тады?..
21 жнiўня. - Я выклiкаў з Руана слесара i заказаў яму металiчныя жалюзi на вокны майго пакоя, якраз такiя, якiя можна бачыць у Парыжы на вокнах першых паверхаў прыватных гатэляў, якiмi бароняцца ад зладзеяў. Апроч гэтага ён зробiць такiя самыя яшчэ i на дзверы. Я здаўся яму баязлiўцам, але мне на гэта напляваць!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
10 верасня. - Руан, гатэль "Кантыненталь". Гатова... гатова, але цi ён памёр? Тое, што я ўбачыў, перавярнула мне душу.
Значыць, так. Учора, калi слесар паставiў жалюзi i жалезныя дзверы, я пакiнуў iх адчыненыя да апоўначы. Пачало рабiцца халодна.
Раптам я адчуў, што ён тут, i мяне ахапiла шалёная радасць. Я павольна падняўся i пачаў хадзiць з кута ў кут. Хадзiў я наўмысна доўга, каб ён нi пра што не здагадаўся. Пасля я зняў чаравiкi i абуў старыя пантофлi. Тады я зачынiў жалюзi i, спакойна падышоўшы да дзвярэй, замкнуў iх на два абароты. Вярнуўшыся да вокнаў, я зачынiў iх яшчэ на замок i паклаў ключы ў кiшэню.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|