Тамтэй (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
5 из 31
Я запальваю свечку - у пакоi нiкога няма.
Пасля гэткага прыступу, якi паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да ранiцы.
2 чэрвеня. - Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робiцца? Бромiсты калiй не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкi стамiцца, хоць я i без гэтага быў вельмi стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскiм лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае i мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў i лiсця, напоўнiць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца - новаю сiлаю. Я iшоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкi два доўгiя рады незвычайна высокiх дрэваў распасцiралi нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лiстоту, закрываючы неба.
Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.
Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, цi, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзiн у гэтым лесе. I раптам мне здалося, што за мной нехта iдзе, зусiм побач, ледзь не наступаючы на пяткi, здаецца, вось-вось схопiць.
Я рэзка павярнуўся. Нiкога не было. Я ўбачыў за мною толькi простыя шырокiя прысады - яны былi высокiя i пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другi бок - гэткiя ж самыя пустыя, вусцiшныя прысады, якiя вядуць у бясконцую даль.
Я заплюшчыў вочы. Нашто? I пачаў круцiцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочы - дрэвы скакалi, зямля плыла. Я сеў.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|