Тамтэй (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
7 из 31
Я ўвайшоў у гэты велiзарны гранiтны палац, лёгкi, нiбы карункавы, з безлiччу вежаў, зграбных званiчак,куды вядуць стромкiя сходы. Яны ўздымаюць у благат дня або ў цемрадзь ночы свае незвычайныя галоўкi, абсыпаныя хiмерамi, д'ябламi, фантастычнымi жывёламi, пачварнымi кветкамi i злучаныя мiж сабою тонкiмi аркамi.
Калi я дабраўся да вяршынi, я сказаў манаху, што iшоў побач са мною: "Мой ойча, як вам тут добра!"
Ён адказаў: "Тут надта дзьме вецер, пане". Мы гаварылi, гледзячы, як прылiвае мора - яно набягала на пясок i адзявала бераг у сталёвы панцыр.
I манах пачаў апавядаць мне паданнi, звязаныя з гэтымi мясцiнамi, старадаўнiя легенды.
Адна асаблiва мяне ўразiла. Мясцовыя людзi, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы - адна мацней, другая цiшэй. Недаверлiвыя кажуць, што гэта крычаць марскiя птушкi, часам iх крыкi нагадваюць бляянне, а часам - чалавечы стогн. Але рыбакi, якiя позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалi ў дзюнах старога пастуха. Твару яго нiхто нiколi не бачыў, бо ён ходзiць, увярцеўшыся з галавою ў плашч. Ён пасвiць казла з тварам мужчыны i казу з тварам жанчыны. У абаiх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.
Я спытаўся: "I вы ў гэта верыце?"
"Не ведаю", - прамармытаў ён.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|