У балоце (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 4

А пан як павярнуў плячом, дык аж брычку сарваў са шворна i палажыў яе на бок. Цяпер малюнак змянiўся: панi, цярэбячыся з гразi, згубiла чаравiк, фурман поўзаў ракам па балоце, а пан стаяў, узяўшыся ў бокi, i сам сабе не даваў веры, што ён абярнуў брычку.

Бяда, як бачыце, разрасталася: конi ў гразi, брычка на баку без шворна, i толькi два колы пазiралi ў неба, як бы просячы ратунку.

II

А ратунак прыйшоў не з неба, а з вёскi ў вобразе простых сялян. Яны даўно ўжо стаялi каля балота, збiўшыся ў кучу, на ўзгорку.

- Ось нялёгкая занесла яго сюды!

- Папаўся, як у нерат, нi ўзад нi ўперад!

- Як ты думаеш: вылезуць яны цi не? - пытаў адзiн барадаты другога вусатага.

- Без помачы самi не вылезуць, - важна гаварыў вусаты.

У другiм гуртку жартавалi з пана.

- Кепскае месца абабралi яны для маёўкi.

- Цi не думалi яны з брычкi рыбу лавiць?

- Як вiдаць, прыехалi сюды траву жаць цялятам.

Жарты сыпалiся за жартамi, - толькi смех разлiваўся па балоце.

- Скiдай, Андрэй, боты, цi што; iдзi, хоць паненак вынесi на бераг.

Худы, высокi Андрэй вынуў з зубоў люльку, выпусцiў з рота дым i засмяяўся, замахнуўшыся цыбуком на таго, хто падаў яму такую параду.

- А ўсё ж такi трэба памагчы.

- Пойдзем, паможам!

I з пяцьдзесят сялян паскiдалi лапцi, падкасалiся i смела рушылi ў балота; толькi пырскi ляцелi з-пад ног ды ўздымалiся булбаткi.

- Памагай Бог! - гукнулi сяляне.

- Дзякуй вам, хлопцы.

Няскора сяляне прыступiлi да работы.

|< Пред. 1 2 3 4 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]