У моры (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
4 из 7
Зноў падбег старэйшы брат, з апаскай зiрнуў на нож у матроса: "Чакай, чакай, не рэж! Трэба кiнуць якар!"
Якар быў кiнуты, увесь ланцуг выпушчаны, тады пачалi круцiць калаўрот, каб паслабiць канаты, што трымалi сетку. Нарэшце яны паслаблi, i змярцвелая рука ў скрываўленым ваўняным рукаве была вызваленая.
Жавэль-малодшы, здавалася, ачмурэў. З яго сцягнулi нацельнiк i ўбачылi нешта пачварнае, куламесу з мяса i крывi, якая лiлася ракой, нiбы яе гнала помпай. Хлопец зiрнуў на сваю руку i прашаптаў: "Гамон".
Урэшце, заўважыўшы, што на мосце карабля ўтварылася цэлая лужына крывi, адзiн матрос крыкнуў: "Ён гэтак увесь сплыве, трэба перавязаць вену".
Яны ўзялi аборку, тоўстую, чорную, прасмоленую аборку i, агарнуўшы ёю руку вышэй за рану, як найтужэй нацягнулi яе. Цурок патроху пачаў меншаць, i нарэшце кроў спынiлася зусiм.
Жавэль-малодшы ўстаў, яго рука бяссiльна матлялася збоку. Ён памацаў яе, прыўзняў, пакруцiў, патрос. Усё было ўшчэнт разадранае, косцi пераламаныя; толькi цяглiцы яшчэ трымалi гэты кавалак яго цела. Ён задуменна глядзеў на руку згаслым позiркам. Потым сеў на згорнуты ветразь, i прыяцелi параiлi яму ўвесь час палiваць рану, каб не было агнявiцы.
Перад iм паставiлi вядро, i ён, чэрпаючы з яго конаўкай, пачаў прамываць жахлiвую рану тонкiм цурком празрыстай вады.
- Табе б лепей пайсцi ўнiз, - сказаў яму брат. Ён спусцiўся, але праз гадзiну падняўся зноў, бо ў адзiноце адчуваў сябе нiякавата. Ды i наогул, яму лепш было на вольным паветры. Ён iзноў усеўся на ветразь i пачаў палiваць руку.
Ловы iшлi добра. Вялiкiя белабрухiя рыбiны каля яго ног бiлiся ў смяротных сутаргах. Ён глядзеў на iх, безупынку абмываючы знявечаную плоць.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|