Вадаспад (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 4

Прабачай, мiлая!

Чарнабыльнiк, пачуўшы гэта, цiха засмяяўся i загайдаўся ад смеху. Беднай росачцы зусiм сорамна стала, i яна, адбiўшы ў сабе апошнi раз прамень сонца, упала на дол i знiкла. Здзiўленая плiсачка пакiвала галоўкай, пакруцiла хвосцiкам i паляцела на раздабыткi.

II

У высокiх алешын, што стаялi непадалёку, таксама былi прычыны вялiкай крыўды на вадаспад. Алешыны - кампанейскiя дрэвы, яны любяць гурт, любяць жывую гутарку з ранiшнiмi вятрамi; i яшчэ - любяць алешыны сваiх дзетак. Старыя алешыны хацелi перакiнуцца хоць словам, гаманiлi адна з другой на вуха, але нiчога не маглi расчуць за страшэнным шумам вады. Яны нахiлялiся, злучалiся верхавiнамi, - усё дарэмна: гiнулi iх словы i думкi прападалi, не даходзiлi да iх. Цi не здзек рабiў iм гэты неўтаймаваны вадаспад? Дзе iх дзецi? Хто пацешыць iм старыя вочы? Хто дасць палёгку iм у старасцi? I толькi адна крайняя алешына зрэдку мела магчымасць загаварыць з дожджыкам. Старая кожны раз дзякавала дожджыку, што ён не пагарджаў ёю.

- На сэрцы робiцца лягчэй, калi хоць слоўкам перамовiшся, - казала старая. - I чаму не ўсе роўныя на свеце: i ты, дожджык, - вада, i там вада... А вазьмi ж ты...

- I я - тая самая вада, што ў вадаспадзе; яшчэ тыдзень таму я грымеў там разам з мiльёнамi iншых кропелек, - з гордасцю прамовiў ён тысячамi дажджынак.

У гэты момант хмары разарвалiся, сонейка зiрнула на зямлю блiскучымi стрэламi яркiх праменняў, i дрыготнымi зоркамi заварушылiся, заззялi дажджавыя кроплi на старой алешыне.

|< Пред. 1 2 3 4 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]