Вершы (на белорусском языке)   ::   Короткевич Владимир

Страница: 1 из 4

---------------------------------------------

Короткевич Владимир

Вершы (на белорусском языке)



Уладзiмiр Караткевiч

Вершы

* * *

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мiльярды двухногiх.

За ўсiх, хто ўздымае цяжкiя разоры,

Хто ў гарачым пекле металу,

За ўсiх, хто змагаецца з небам i морам,

За жывых, i за тых, што сканалi.

За ўсiх, хто крывёю пiша

Ў нязгодзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.

За ўсiх, хто курчыцца ў полымi вёсак,

Хто ратуе краiну ад краху,

За ўсiх, хто бясстрашна глядзiць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

I з плахi.

Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,

З яе усмешкаю ветлай,

I ўсё ж узводзiць - нясцерпна далёкi

Храм наш агульны i светлы.

А калi ён горда даззяе ў зенiце

Непарушны - ўзнясецца ў неба,

Вы з распятага сэрца кроплю вазьмiце.

Апошнюю.

Болей не трэба.

I няхай яна збоку, недзе на ганку,

Дагарае й дзяцей не страшыць

На гранiце любовi,

На гранiце свiтанку,

На гранiце велiчы вашай.

"На Беларусi Бог жыве"

"На Беларусi Бог жыве"

Так кажа мой просты народ.

Тую праўду сцвярджае раса ў траве

I адвечны зор карагод.

|< 1 2 3 4 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]