Вязни (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 11 из 14



Усхваляваны - да дрыжыкаў - пан Лявiнь расставiў сваiх людзей так, каб дом быў ачэплены з усiх бакоў; адкрытая заставалася толькi шырокая мясцiна перад маленькай чорнай адтулiнай пры самай зямлi, праз якую ў склеп заходзiла паветра.

Пасля гэтага пан Лявiнь зайшоў у хату i стаў распытваць пра сiлу i размяшчэнне ворага, а вораг мiж тым гэтак прыцiх, што можна было падумаць - ён прапаў, знiк, выпарыўся цераз прадуху.

Пан Лявiнь пастукаў нагою ў века i крыкнуў:

- Пан прускi афiцэр!

Немец не адгукнуўся.

- Пан прускi афiцэр! - зноў аклiкнуў камендант.

Глухое маўчанне. Дваццаць хвiлiн заклiкаў ён знямелага афiцэра здацца разам са зброяй i рыштункам, абяцаючы жыццё яму i яго салдатам i па-воiнску пашанаваць iх, а ў адказ анiякай праявы нi мiрных, нi варожых намераў. Становiшча ўскладнялася.

Дабравольцы патупвалi ў снезе, з размаху ляпалi сабе рукамi па плячах, як гэта робяць фурманы, каб сагрэцца, паглядвалi на прадуху, i ў iх усё нарастала спакуслiвае свавольнае жаданне прабегчы паўз яе.

Урэшце адзiн, Патдэвэн, дужа рухавы дзяцюк, рызыкнуў. Ён сабраўся з духам i, як алень, прамчаўся мiма прадухi. Спроба ўдалася. Вязнi, здавалася, сканалi.

- Ды там нiкога няма! - крыкнуў нехта.

Тады яшчэ адзiн салдат прабег перад небяспечнай шчылiнай. I гэта ператварылася ў забаву. Раз-пораз, то адзiн дзяцюк, то другi стрымгалоў нёсся ад адной групы людзей да другой - гэтак дзецi ганяюцца наперагонкi - i так хутка перабiраў нагамi, што толькi камякi снегу ляцелi ва ўсе бакi.

|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]