Хмарка (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
2 из 5
Маленькi, беленькi камячок, якiм спярша была гэтая Хмарка, пачынаў тым часам павялiчвацца, шырыцца i рабiцца болей грузкiм.
Добра было гэтай Хмарцы плыць высока-высока ў безгранiчных разлогах светаў i акiдаць поглядам прыгожыя малюнкi зямлi, што ляжала пад ёю.
З тэй страшэннай высачынi, на якой плыла Хмарка, усё выглядала вельмi хораша, вельмi прыгожа: здалёку ўсё з'яўляецца нам iначай, як яно ёсць папраўдзе, бо такая ўжо натура i схiльнасць нашай душы - бачыць усё добрае i прыгожае ў тым, што далёка ад нас, што не з намi. I паплыла паволi шчаслiвая хмарка ў далёкую-далёкую дарогу, дзе застанаўляючыся, як прыемная думка, дзе кiруючыся на малюнкi, што найбольш зацiкаўлялi яе; а поле з пясчанымi схiламi сваiх узгоркаў, зялёныя лугi з пакручастымi стужкамi блiскучай вады, адвечныя лясы-бары - адным словам, усе тыя з'явы, якiя першымi кiнулiся ў вочы нованароджанай Хмарцы, аставалiся ўсё далей i далей, i сама гэта даль акрывалася ў намiтку сiняватай смугi. Уласнае шчасце бязроднай Хмаркi (яна не памятала роду) не давала ёй мажлiвасцi прымецiць чужое гора. Ёй здавалася, што ўсе на свеце, як i сама яна, радуюцца i цешацца сваёй доляй. Па гэтай прычыне Хмарка не ведала, якую тугу i жаласць пакiдае яна за сабою на зямлi, з якой прагавiтасцю чакала поле задаволення свае смагi. Унь там, за вёскаю, чуць-чуць калышацца ў межах пажоўклае жыта. Гэта вецер, толькi што абудзiўшыся, пачынае пазяхаць, пацягацца. Бедныя каласкi пiльна прыглядаюцца да Хмаркi. Калi-нiкалi iх ажыўляе надзея ўздужаць з ласкi шчодрай Хмаркi.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|