Страница:
19 из 594
— Вы льяце бальсан на маю душу, як…
— Я здагадваюся, аб якім яшчэ сваім знаёмым вы хочаце сказаць. Бог даў вялікаму Томасу* доўгі век, семдзесят восем год, пэўна, дзеля таго, каб даць яму нацешыцца перад вечнымі пакутамі пекла, куды ён несумненна трапіў.
* Тарквемадзе.
— Ён?
— Ён. Таму што ён сек з пляча. Дзесяць тысяч спаленых, выгнаныя з Іспаніі марыскі і іудзеі. Рамеснікі, гандляры, упартыя земляробы і ткачы шаўкоў — дзе яны? І, галоўнае, дзе іхнія багацці? Яны ў Афрыцы, заклятыя цяпер нашы ворагі. Рана ці позна яны зробяць нейкую такую інтрыгу… А адных грошай, якія ён выдаткаваў на дровы дзеля гэтай ілюмінацыі і касцюмы дзеля гэтай камедыі, хапіла б, каб зрабіць з гэтых людзей, або хаця б з іхніх дзяцей, такіх самых, як і ён. Я не супраць вогнішчаў, але да іх не трэба звыкаць, як да штодзённага абеду, сядзення на гаршку або штодзённай шлюхі ў тваім ложку, — гэта не пра цябе, дзіця, — імі трэба захапляць. Маўры, яўрэі і ерэтыкі таксама людзі…
— Што вы кажаце?! — не ведаючы, выпрабоўвае субяседнік або гаворыць шчыра, абурыўся манах.
— …і з іх зрабіць мярзотнікаў, і апошнюю навалач, і багоў, і воінаў веры, і забойцаў, і катаў ніколькі не цяжэй, чым з усіх астатніх двухногіх. Хрыстос быў іудзей і — да пары — ерэтык, і Паўла, і… Лютар, а цяпер на іх моліцца большая ці меншая колькасць людзей. Ерэтыкі толькі датуль ерэтыкі, пакуль яны слабыя. І кожнаму такому нельга дазваляць зрабіцца моцным. Вы разумееце мяне?
— Здаецца, зразумеў. Гэта думкі Ігнацыя.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|