Страница:
512 из 594
Тут было зручна, і, хаця сходы вывяргалі да яго ўсё новых і новых ворагаў, ён паспеў наваліць іх цэлую кучу.
Чалавек вытрымліваў. Не вытрымала жалеза. Фама ўдарыў і здзіўлена падняў на ўзровень вачэй доўгі эфес з уламкам клінка дзюймаў у дзевяць даўжынёю. Якраз даўжыня яго вялізнай далоні.
— Пазычце вашу сківіцу, аслы, — сказаў ён.
Жарало сходаў, як жарало гразевага вулкана, зноў выціснула, выкінула ў званічную клетку ўзброеных людзей, мечаных знакам крыжа. Яны падступалі. Фама бачыў сярод іх нават манаха-дамініканца з доўгім медным таўкачом.
Агледзеўся ў адчаі, убачыў цьмяны ад яры, бронзавы бок звона з рэльефнымі фігуркамі святых, высока наверсе паваротную балку і вяроўку, што вяла ад яе ўніз, праз падлогу ў ніжні ярус, у памяшканне званароў.
Трэба было ратавацца. Яшчэ не ведаючы, што ён будзе рабіць далей, Фама падскочыў і ўсім цяжарам свайго грузнага цела павіснуў на вяроўцы, палез па ёй угору.
Цяжкая, на многія і многія бэркаўцы, махіна звона варухнулася спадніцай ледзь не над самай падлогай яруса. Ён лез, і яна хісталася трохі мацней. Унізе рагаталі.
— Малпа. Глядзі, малпа. Ану, зрабіце ёй чырвоны азадак.
І тут у Фамы перахапіла дых ад раптоўнай радаснай думкі. Дабраўшыся да балкі, ён падцягнуўся на руках.
— А я вось вам морды чырвоныя зраблю, кныры! — крыкнуў басам.
|< Пред. 510 511 512 513 514 След. >|