Завяшчанне (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 3 из 6

Напэўна, няшчасная, гаротная, заўсёды сумная жанчына самааддана пакахала яго i з гэтага часу пачала думаць яго думкамi, засвоiла тэорыю незалежнасцi пачуцця i пагадзiлася са смелымi разважаннямi пра свабоду кахання. Але запалоханая мацi нiколi не падымала голасу, i ўсё гэта хавалася ў самых патаемных куточках яе душы, якую яна нiкому не адкрыла.

Абодва браты ўслед за бацькам не шанавалi i крыўдзiлi мацi, ледзь вiталiся з ёю i ставiлiся нiбы да прыслугi.

Толькi я шчыра любiў яе, i яна мяне таксама. Мне было васемнаццаць, калi яна памерла. Каб вы зразумелi далейшыя падзеi, мушу дадаць, што пан дэ Курсiль знаходзiўся пад юрыдычнай апекай, а пастанова пра падзел маёмасцi памiж мужам i жонкай была вынесена на карысць мацi, i, дзякуючы адмысловым правiлам закона i сумленнасцi натарыуса, яна магла завяшчаць усё па сваёй волi.

Нам паведамiлi, што завяшчанне захоўваецца ў натарыуса, i запрасiлi на яго абвяшчэнне.

Я добра памятаю той дзень. У мяне i цяпер перад вачыма гэтая ўзнёслая, драматычная i нечаканая сцэна, калi з магiлы быццам паўстала мёртвая i гнеўна патрабавала свабоды жанчыне, якую ўсё жыццё катавалi нашы звычаi i якая са сваёй наглуха забiтай труны кiнула безнадзейны заклiк да незалежнасцi.

Тоўсты, паўнакроўны, падобны на мяснiка чалавек - той, хто лiчыўся маiм бацькам, - i абодва дужыя браты - дваццацi i дваццацi двух гадоў - спакойна чакалi ў крэслах. Раптам увайшоў i сеў побач са мной таксама запрошаны пан дэ Бурнэваль, зацягнуты ў вузкi сурдут. Твар яго спалатнеў, i ён штохвiлiны пакусваў трохi ссiвелыя вусы. Ён напэўна ведаў, што тут мелася адбыцца.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]