Жабрак (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
2 из 7
Але сысцi прэч з гэтых мясцiн ён не хацеў, - ён нiчога не ведаў на зямлi, апрача гэтага куточка, гэтых трох-чатырох вёсачак, дзе прайшло ўсё яго няшчаснае жыццё. Ён нiбы абвёў мяжою тэрыторыю свайго папрашайнiцтва, i яму i ў галаву не прыходзiла, што гэтую мяжу можна пераступiць.
Ён не ведаў, цi iснуе што-небудзь яшчэ i па-за дрэвамi, якiя заўсёды былi ў яго перад вачыма. Ён не ставiў сабе такога пытання. I калi сяляне зноў i зноў спатыкалi яго каля сваiх палеткаў цi равоў, яны раздражнёна крычалi:
- I чаго ты вечна сноўдаешся тут, чаму не iдзеш у iншыя вёскi?
Ён прамоўчваў i iшоў прэч, апанаваны раптоўным страхам перад невядомым, страхам галяка, якi змушае яго падсвядома баяцца ўсяго ўсялякага: новых твараў, лаянкi, падазроных позiркаў людзей, якiм ён чужы, а найболей жандараў, што па двое пахаджаюць па дарогах; угледзеўшы iх, ён умомант зашываўся ў кустоўе цi хаваўся за кучу камення.
Варта было iм з'явiцца ўдалечынi, паблiскваючы галунамi на сонцы, як ён умiг набываў незвычайную жвавасць - жвавасць звера, якога цкуюць. Ён iмгненна саслiзгваў са сваiх мылiц, падаў, як мяшок, долу, скурчваўся, рабiўся зусiм маленечкi, непрыкметны, нiбы затоены заяц, i бурыя лахманы яго злiвалiся з зямлёю.
А мiж тым ён нiколi не меў нiякiх сутычак з палiцыяй. Але гэты страх i гэтая хiтрасць сядзелi ў яго ў крывi, быццам ён атрымаў iх у спадчыну ад сваiх бацькоў, якiх нiколi не бачыў.
У яго не было прытулку, не было даху над галавой - нават будана цi якой-небудзь нары.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|