Жабрак (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
3 из 7
Летам ён спаў абы-дзе, а зiмой з выключным спрытам залазiў уякую-небудзь пуню цi ў стайню. Ён заўжды пакiдаў сваю сховань раней, чым яго заўважалi. Ён ведаў усе шчылiнкi, праз якiя можна было пратачыцца ў любы хлеў; заўсёднае карыстанне мылiцамi надало яго рукам незвычайную моц, i ён мог, падцягваючыся, ускараскацца на самыя вышкi ў адрыне, адкуль ён, здаралася, не вытыкаўся па чатыры-пяць дзён, калi яму перад гэтым шэнцiла назбiраць дастаткова харчу.
Ён жыў сярод людзей, як звер у лесе, - нiкога не ведаў, нiкога не любiў, а ў сялян выклiкаў адно абыякавую пагарду i заўсёдную варожасць. Яго празвалi "Звонам", таму што пры хадзьбе ён пагойдваўся памiж сваiмi драўлянымi апiрышчамi, як звон памiж двума слупамi.
Вось ужо двое сутак, як ён нiчога не еў. Яму зусiм перасталi даваць. Годзе, колькi ўжо можна, папраўдзе! Вясковыя кабеты яшчэ здаля крычалi яму з парога:
- Валяй, валяй адсюль, палена! Тры днi прайшло, як я дала табе кавалак хлеба!
Ён паварочваўся на сваiх падпорках i цялёпкаўся да суседняга падвор'я, дзе яго чакала такая самая сустрэча.
Кабеты, стоячы ў дзвярах у сваiх хатах, перагаворвалiся памiж сабою:
- Ды круглы год, цi што, кармiць нам гультая гэтага?!
Аднак гэтаму гультаю кожны дзень трэба было есцi. Ён абышоў Сэнт-Iлэр, Варвiль i Бiет, але не выпрасiў нi капейкi, нават чэрствай скарыначкi. Заставалася адна надзея на Турноль, але туды было дзве мiлi па гасцiнцы, а ён ужо так нацягаўся, што ледзьве не падаў, i ў жываце ў яго было гэтак пуста, як i ў кiшэнi. I ўсё ж ён рушыў у дарогу.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|