Жабрак (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
5 из 7
"Адчапiўся", - гэтак пра яго казалi, калi спрабавалi абмаляваць, як ён знянацку саслiзгваў дадолу са сваiх высокiх падпорак, выпусцiўшы iх з-пад рук, i доўгасядзеў нерухома; яго мучыў голад, але, няцямлiвец, ён быў няздатны асэнсаваць усё прадонне свайго няшчасця.
Ён чакаў, сам не ведаючы чаго. Чакаў з той невыразнай надзеяй, што вечна тлее ў сэрцы чалавека. Ён сядзеў на ўскрайку чужой сядзiбы на ледзяным ветры i чакаў цудадзейнай дапамогi, якую мы нiколi не перастаём чакаць ад неба цi ад людзей, не задумваючыся над тым, як, чаму i праз каго яна можа прыйсцi. Непадалёк хадзiла чарада чорных курэй, пашуквала сабе спажытку ў зямлi кармiлiцы ўсяго жывога. Чубаткi прыпынялiся, дзюбалi зярнятка цi нябачную чалавечаму воку кузурку i зноў бралiся за свае нетаропкiя, упэўненыя пошукi.
Звон глядзеў на iх, не думаючы нi пра што; потым - хутчэй у страўнiку, чым у галаве - у яго варухнулася не думка, а так - глухое адчуванне, што курыца, калi яе сасмажыць на вогнiшчы, будзе вельмi смачная.
Думка, што ён збiраецца зрабiць кражу, нават не блiснула ў яго свядомасцi. Ён абмацаў каля сябе камень i шпурнуў у тую, што была блiжэй да яго, а так як кiнуў дужа трапна, то ўклаў яе на месцы. Курыца звалiлася набок, затрапятаўшы крыламi. Астатнiя разбеглiся, пагойдваючыся на тонкiх лапках, а Звон рахмана "начапiўся" на мылiцы i паходкаю, якая надта нагадвала курыную, зачыкiльгаў, каб падабраць сваю здабычу.
Ён ужо наблiзiўся да невялiчкага чорнага цельца з запэцканай у кроў галоўкай, як раптам страшэнны ўдар у спiну выбiў у яго з рук мылiцы, а яго самога адшпурнуў на дзесяць крокаў убок.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|