Жабрак (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
6 из 7
I фермер Шыкэ з шаленствам абкрадзенага мужыка рынуўся на грабежнiка, безаглядна малоцячы яго кулакамi i нагамi, раз'ятрана мардуючы няздатнага абаранiцца калеку.
На дапамогу гаспадару набеглi парабкi i таксама кiнулiся збiваць папрашайку. Нарэшце, стамiўшыся, яны паднялi яго, завалаклi на дрывотню i замкнулi там да прыходу жандараў, па якiх паслалi.
Звон, амаль нежывы, скрываўлены, канаючы ад голаду, ляжаў на зямлi. Настаў вечар, потым ноч, за ёю ранак. Ён так нiчога яшчэ i не еў.
Апоўднi з'явiлiся жандары i асцярожлiва адчынiлi дзверы: яны чакалi супрацiўлення, бо паводле расказу Шыкэ выходзiла, што бадзяга сам напаў на яго i фермеру з вялiкай цяжкасцю ўдалося адбiцца.
Сяржант скамандаваў:
- Ану, устаць!
Але Звон ужо не мог скрануцца з месца. Ён, праўда, памкнуўся ўсчапiцца на свае апiрышчы, але не здолеў. Гэта было ўспрынята як хiтрасць, ашуканства, адвод вачэй закаранелага злачынца, i двое ўзброеных дзецюкоў груба ўхапiлi яго i сiлай паставiлi на мылiцы.
Яго апанаваў страх, яго вечны, прыроджаны страх перад жоўтымi жандарскiмi паскамi, той страх, якi адчувае дзiчына перад паляўнiчым, мыш перад катом. I нечалавечым намаганнем ён утрымаўся, устаяў.
- Марш! - загадаў сяржант.
I ён пайшоў. Усе насельнiкi фермы збеглiся паглядзець, як яго забiраюць. Кабеты гразiлi яму кулакамi, мужыкi выскалялiся i лаялiся: "Нарэшце! Сцапалi-такi галубочка! Туды яму i дарога!"
Ён iшоў, а па баках iшла варта.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|