Жули Рамэн (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
3 из 9
Аднаго вечара, пасля прэм'еры, калi зала пляскала ёй паўгадзiны i выклiкала на паклоны адзiнаццаць разоў, яна, як гэта рабiлася ў той час, села ў паштовую карэту разам з паэтам i паехала. Яны пераплылi мора i кахалiся на старажытнай выспе, дачцэ Элады, у засенi неабсяжнага апельсiнавага гаю, якi атуляе Палерма i завецца "Залатая Ракавiна".
Гаварылi пра iх узыход на Этну, пра тое, як абняўшыся яны схiлялiся над вогненным жаралом, быццам хацелi кiнуцца ў агнядышную зеўру.
А паэт памёр i пакiнуў нашчадкам мройлiвыя вершы, чыя пранiкнёнасць чаравала цэлае пакаленне, а летуценнасць i загадкавасць паказалi новыя шляхi пачаткоўцам.
Кампазiтар таксама пайшоў ад нас, кiнуты тою, каму ствараў бессмяротную музыку, музыку перамогi i роспачы, музыку болю i гневу.
А яна, яна была тут, у дамку сярод кветак.
Я не стаў вагацца i пазванiў.
Мне адчынiў маленькi, гадоў васемнаццацi слуга, нягеглы, з нязграбнымi рукамi. Я напiсаў у вiзiтцы шляхетны камплiмент i выказаў гарачае жаданне пазнаёмiцца. Магчыма, акторка чула маё iмя i прыме мяне.
Слуга пайшоў i неўзабаве паклiкаў мяне за сабой; я апынуўся ў чыста прыбраным строгiм пакоi ў стылi Луi-Фiлiпа, абстаўленым цяжкай халоднай мэбляй, з якой маладая шаснаццацiгадовая пакаёўка здымала чахлы, выказваючы пашану да госця.
Я застаўся адзiн.
На сценах вiселi тры партрэты: акторкi ў нейкай ролi, паэта, адзетага ў даўгi прыталены сурдут i ў кашулi з жабо тагачаснае моды, а таксама музыкi за клавесiнам. З яе партрэта, выкананага ў стараннай, дакладнай, вытанчанай i сухой манеры, мне ўсмiхалiся блакiтныя вочы мiлай, капрызнай жанчыны.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|