Жыццё людзей (на белорусском языке) :: Моруа Андрэ
Страница:
10 из 28
Пасярод ложка была шчылiна. Коўдры, матрац, падушка - усё было рассечана папалам. Адна частка ложка была вышэйшая за другую на 5-10 сантыметраў. У гэтых складаных абставiнах паводзiны майго суседа, як толькi ён зусiм прачнуўся, прымусiлi мяне прасякнуцца павагай да брытанскай нацыi. Лёгка даравальнае ўтрапенне цягнулася ўсяго толькi нейкi момант, пасля ангелец вёў сябе проста, натуральна, карэктна, нiбы мы былi ў салоне. Я гаварыла па-ангельску i сказала яму сваё iмя; ён назваў сябе: "Джон Грэхем". Мы знаходзiлiся на поўднi Англii ў горадзе Рычмандзе. Агледзеўшыся, я заўважыла, што палавiна майго пакоя была са мной. Я пазнала сваё акно, свае занавескi вiшнёвага колеру, фатаграфiю мужа, якая была на куфры. Я пазнала таксама столiк з кнiгамi каля майго ложка; на кнiгах ляжаў мой гадзiннiк. Другая палова была мне незнаёмая. На начным столiку стаяў партрэт прыгожай жанчыны, ляжалi фатаграфii дзяцей, часопiсы, пачак цыгарэт. Джон Грэхем доўга ўглядаўся ў мяне, вывучаў рэчы, разам з якiмi я з'явiлася перад iм, а потым з усёй сур'ёзнасцю спытаўся:
- А што вы тут робiце, мiсiс Мартэн?
Я адказала яму, што сама не ведаю, i, паказаўшы рукой на партрэт, сказала:
- Гэта мой муж.
У сваю чаргу, кiўнуўшы на фатаграфiю, ён прамовiў:
- Гэта мая жонка.
Яна была вельмi прыгожая, i я з трывогай падумала, што, магчыма, у гэты момант яна ў абдымках Жака.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|