Жывая вада (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
2 из 4
Ураджайны грунт засыпаўся пяском. Многа працавалi людзi, многа пралiвалi поту, а праца iх прападала, i скупа плацiла зямля за iх работу i пакуту. Развялiся чэрвi на iх агародах - некаму было знiштажаць iх, бо каршуны i ястрабы разагналi птушак.
Расказваў бацька сыну пра даўнейшае жыццё - пра багацтва iх краю, пра гару, якая глынула iх Жывую Ваду, сама стала расцi, а жыццё ўсяго краю прысудзiла да маруднай смерцi. Глухая злосць на праклятую гару падымалася ў сэрцы людзей, бо памяць аб Жывой Вадзе не забывалася.
Не мала знаходзiлася смелых людзей, якiя iшлi на гару шукаць Жывой Вады.
Бралi яны рыдлёўкi, акопвалi гару. Але з гары сыпалiся на iх каменнi, разбiвалi iм голавы. Каршуны i ястрабы зляталiся хмарамi, выдзёўбвалi iм вочы. А пугач i сава ўночы спявалi iм "вечны спакой" сваiм жудасным крыкам.
Многа, многа людскiх касцей валялася навокал гары, а каршуны i крумкачы разносiлi iх па ўсiх кутках спустошанага краю. I людзi празвалi сваю старонку Мёртвым Полем.
Дзiка i пуста стала ў Мёртвым Полi. Людзi хадзiлi, як ценi, галодныя, прыгнечаныя. Птушкi даўно перасталi там спяваць песнi. Толькi каршуны кружылiся ў небе, каркалi крумкачы i наганялi нуду на душу людзей, невядомымi страхамi палохалi сэрца, розум.
Нават лес адмянiўся: старыя дрэвы даўно згнiлi i ляжалi ў зямлi, а новыя былi нiзкiя, крывыя, няўдалыя, - як сухотныя. Рэдка заглядалi туды хмары, i мала калi падаў дождж.
III
Насталi сухiя гады. Апошнi выдаўся такi год, што нi разу не падаў дождж за ўсё лета.
|< Пред. 1 2 3 4 След. >|