Зимовыя сны (на белорусском языке)   ::   Мудров Винцесь

Страница: 15 из 41

У вачох Яўхiмавых паўстаў плякат, якi вiсеў у палкавой сталоўцый на якiм быў намаляваны гэты самы дэзэртыр i левую нагу ягоную апанавалi нэрвовыя дрыжыкi. Праз хвiлю-другую магчыма б i ўвесь ён закалацiўся, ды тут напарнiк-санiтар агрэў яго па сьпiне насiлкамi i роблена-бадзёрым голасам выгукнуў:

- Не сумуй, артылерыя... Далёка ня зьедуць. Праз тры кiлямэтры гранiца.

Там, наперадзе, сапраўды штосьцi бухала, зусiм па-чалавечы стагнала й рыкала, а прыцемнае неба раз-поразу асьвечвала барвовая палымнiца.

Пасьля такой навiны заставалася толькi аддзьмуцца. "Нiчога, сёньня пацягаю раненых, а заўтра даганю сваiх", - падумаў тады Яўхiм i пабег за напарнiкам, на хаду спавiваючы абрыўкам бiнта змазоленую руку.

Аднак нi на заўтра, нi ў наступныя днi даганяць сваiх ён так i ня выправiўся. Ад ранку да ночы цягаў раненых - выгружаў iх з вазоў i машын, заносiў у будынак вакзала, адтуль - у санiтарны цягнiк; спаў па чатыры гадзiны ў суткi, падбiўшыся пад бок якому-небудзь нябожчыку i, нагледзеўшыся людзкiх пакутаў ды наслухаўшыся страхаморлiвых аповедаў, зусiм ня прагнуў iсьцi на штурм лiнii Манэргейма.

Неўзабаве грымнулi маразы. Маразы былi такiя лютыя, што нават напарнiк сiбiрак Кармунiн - дзiвiўся такой халадэчы, - i на станцыю пачалi падвозiць ня толькi раненых, але й абмарожаных. У асноўным, гэта былi чырвонафлётцы, што выправiлiся на вайну ў зрэбных бушлатах ды закарэлых чаравiках, i Яўхiм, цягаючы абмарожаных балтыйцаў, у душы слаў падзякi сiвому дзядку - ваенлекару 2-га ранга Прыбышэўскаму, якi ня даў яму памерцi на марозе.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]