Звер васпана Бэлёма (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
2 из 10
Тады ён расчынiў ззаду дзверцы, дастаў з кiшэнi спiс i пачаў выклiкаць сваiх пасажыраў.
- Пан кюрэ з Горжвiля.
Свяшчэннiк - магутны мужчына, шыракаплечы, бухматы, ружовы i прыязны ступiў наперад. Ён падхапiў сутану, каб не блыталася ў нагах - гэтак жанчыны падымаюць падолы сваiх спаднiц, - i залез у калымагу.
- Настаўнiк з Ральбоск-ле-Трынэ. Замiтусiўся цыбаты, сарамлiвы, у рэдынгоце да каленяў дзяцюк i таксама знiк у чэраве дылiжанса.
- Васпан Пуарэ, два месцы.
Рушыў высокi, ссутулены, згарбачаны плугам i выпетраны ашчаднасцю, кашчавы, з лускаватаю скураю Пуарэ. За iм пацягнулася жонка, маленькая i худая, падобная на змардаваную ведзьмачку, з вялiзным зялёным парасонам у руках.
- Васпан Рабо, два месцы.
Сарамлiвы ад роду Рабо нерашуча патаптаўся на месцы.
- Гэта ты мяне клiчаш? - перапытаў ён.
Толькi фурман, якога людзi празвалi "Выскалякам", хацеў адказаць грубаватым жартам, як тут Рабо потырч кульнуўся да расчыненых дзверцаў ад моцнага жончынага тумака - тумака гром-бабы з вялiзным, круглым, як бочка, жыватом i шырознымi, як пранiкi, ручышчамi.
I Рабо, нiбы пацук у нару, шмыгнуў у карэту.
- Васпан Канiво.
Пад здаравенным селянiнам, якi, пэўна, важыў болей за быка, ажно аселi рысоры, i вось ужо i ён апынуўся ў жоўтай фуры.
- Васпан Бэлём.
Падышоў сухарэбры Бэлём; галава ў яго была схiлена набок, ён з гаротным выглядам тулiў да вуха насоўку, быццам яго мучыў моцны боль зубоў.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|