Звер васпана Бэлёма (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 4 из 10

Я. Замужам вось за Рабо.

Нядошлы, затурканы, але задаволены Рабо з усмешкай павiтаўся з кюрэ, у глыбокiм паклоне перагнуўся ўперад, быццам кажучы: "Гэта я-Рабо, гэта я ажанiўся з Блёндэль".

Раптам васпан Бэлём, якi ўсё затуляў насоўкай вуха, жаласна застагнаў. I пры кожным сваiм "вой... м-м... ммм..." ён ажно прытупваў нагою ад нясцерпнай пакуты.

- У вас баляць зубы? - паспачуваў кюрэ.

Селянiн на момант перастаў стагнаць i адказаў:

- Ды не... пане ойча... Не зубы... Нешта ў вуху, там... глыбока...

- Што ж там такое ў вашым вуху? Скула?

- Ды не ведаю... Мо скула, мо не скула. Але, далiбог, туды залез нейкi страшны звер, калi я спаў на сене,

- Звер? Вы ў гэта верыце?

- Дзiва што! Як у iснаванне раю веру, пане ойча! Я ж чую, як ён шалпочацца там, у вуху. Ён грызе мне галаву, далiбожачкi, грызе галаву! Вох, ммм... ммм... ммм... - i Бэлём зноў затупаў нагою.

Гэта падзея надзвычай зацiкавiла пасажыраў. Кожны меркаваў па-свойму. Пуарэ сцвярджаў, што ў вуху павук, настаўнiк - што вусень. Ён бачыў ужо нешта падобнае ў Кампмюрэ, у дэпартаменце Орн, дзе пранастаўнiчаў шэсць гадоў; дык там вусень запоўз у вуха i выпаўз цераз нос. Але чалавек аглух на адно вуха, бо вусень прадзiравiў барабанную перапонку.

- Хутчэй за ўсё гэта чарвяк, - падагулiў кюрэ.

Васпан Бэлём, адкiнуўшы галаву набок i прыпёршыся да дзверцаў - ён залез у дылiжанс апошнi, - стагнаў:

- Вой! Ммм... ммм... ммм... Па-мойму, там мурашка, вялiзная мурашка... Вой, як кусае!..

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]