Звер васпана Бэлёма (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 5 из 10

Во, во, пане ойча, шавелiцца,рынулася... Вох! Ммм... ммм... ммм... Горачка маё!..

- Ну, а ў доктара ты быў? - папытаўся Канiво.

- Вядома, не!

- А чаму?

Ад страху перад доктарам Бэлёму ажно палягчэла. Ён выпрастаўся, праўда, насоўку ад вуха так i не адняў.

- Чаму! Сам плацi гэтым лайдакам, як у цябе лiшнiя грошы завялiся! Хiба ён парадзiць табе за раз? Не, пайдзi да яго i раз, i два, i тры, i чатыры, i пяць разоў! А гэта ж цэлыя два экю па сто су, цэлыя два экю, не меней!.. Дый што б ён зрабiў мне, лайдак той, што б ён зрабiў мне, га? Ну от скажы!

Канiво засмяяўся:

- Не ведаю. А куды ж ты едзеш?

- У Гаўр, да Шамбралана.

- Да якога Шамбралана?

- Ды да лекара.

- Да якога лекара?

- Каторы вылечыў майго бацьку.

- Твайго бацьку?

- Ну. Даўно ўжо.

- А што ж з iм такое было, з тваiм бацькам?

- Сярэдзiну адняло, i варухнуць нагою не мог.

- I як жа яго вылечыў Шамбралан?

- А штомоцы скусаў яму спiну - як цеста мясiў, аберуч! I што ты думаеш? Праз гадзiну-другую ўсё як рукой зняло!

Бэлём прыгадаў, што Шамбралан у дадатак яшчэ i шаптаў нешта, але ў прысутнасцi святара не пасмеў сказаць пра гэта.

Канiво са смехам прадаўжаў:

- То, можа, трусяня якое залезла табе ў вуха? Убачыла зараслi дый падумала, што гэта яго нара! От чакай, зараз я вытуру яго адтуль.

Канiво склаў трубкай рукi i ўзяўся падрабляць галасы гончых сабак на паляваннi.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]