Genius loci (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир (2)

Страница: 16 из 45



З гэтай цнатлiвай згадкаю рэзка кантраставала гiсторыя з шасцiкласнiцай. Я закахаўся ў яе пасля другога курса ўнiверсiтэта. Шасцiкласнiца займалася лёгкай атлетыкай, i яе ўжо амаль сфармаваная жаночая постаць не хацела мiрыцца з сукеначкай i фартушком школьнае формы. У неадчэпна пакутлiвых эратычных снах я авалодваў яе загарэлым i пругкiм маленькiм целам, а прыехаўшы на зiмовыя студэнцкiя вакацыi, апынуўся на мяжы вар'яцтва: чакаў дзяўчо пасля ўрокаў каля школы, iшоў следам да яе дома, высачыў, калi яна плавае ўвечары ў басейне, i пачаў хадзiць туды ў той самы час... Не сказаў бы, што планы, якiя нараджалiся ў маiм распаленым жарсцю розуме, былi фантастычныя. Небяспека падкралася зусiм блiзка, але, на шчасце, вакацыi скончылiся, а ў студэнцкiм iнтэрнаце прыйшло выратаванне ў вобразе шчодралюбнай аднакурснiцы - беларускай татаркi Фацiмы. Пасля выпiтых у дзень стыпендыi дзвюх шклянак вiна яна гатовая была ратаваць каго заўгодна, аднак якраз такая жанчына ў той час i аказалася для мяне незаменнаю.

Я вяртаўся ад стойкi з новай порцыяй лiкёру i сам ператвараўся ў слухача, уяўляючы гэткую ж, як i мая, цiхую гарадскую вулiцу твайго дзяцiнства, дзе таксама цвiлi яблынi i пасвiлiся козы. Нiзкае вакно твайго вузенькага, нiбы пенал, пакойчыка ўпiралася ў сабачую будку, i ўлетку, з-за пахаў, яго лепей было трымаць наглуха зачыненым. Калi мацi працавала ў начную змену, бацька не тоячыся прыводзiў жанчын i ты ўсё чула праз тонкую перабойку, а часам i сутыкалася з распранутай госцяю ў калiдорчыку.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]