Genius loci (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир (2)

Страница: 19 из 45

У мяне гэтыя кампаненты, пачуццё i розум, заўсёды былi перамяшаныя ў складаным кактэйлi з хiсткай перавагаю то першага, то другога, але ў тое лета, так, рэчаiснасць - нават у самых, здавалася б, камедыйных праявах з мiлiцыянтам Пецем альбо з алмазаздабытчыкам - не ўспрымалася мною як камедыя. Тым больш яна не выглядала i трагедыяй. Наш з табой свет меў характарыстыкi iншага кшталту.

Пацягваючы мiндалевы лiкёр, мы прыйшлi да высновы, што калi ты ўзняўся над раслiнным iснаваннем, то мусiш зразумець адную элементарную, на першы погляд, рэч. Выбару сапраўды няма: кожны - незалежна ад уласнай волi - прызначаны цi асуджаны iграць нейкую ролю, у выкананнi якой i схаваны сэнс жыцця. У вайне з хронасам нiхто не пераможа, але той, хто ўсвядомiў свой абавязак i злiўся з роллю, узброены лепей.

Зрэшты, наша ўнiверсальная выснова не замiнала ролям, якiя мы выконвалi ў вечаровых гульнях - то легкадумных, то з афарбоўкаю драматызму - бо па натуры мы абое нарадзiлiся гульцамi.

Памятаеш, была гульня ў "Аўстралiю"? Мы як быццам эмiгравалi туды, у штат Вiкторыю, i разводзiлi на ферме кенгуру. За ранiшняй кавай ты выказвала спадзяванне, што сёння я нарэшце пастрыгу газоны, а я iмкнуўся падмянiць гэтую ненавiсную працэдуру вяртаннем на другi паверх, у спальню.

|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]