Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
23 из 45
Так, гэта ўжо за межамi нашае дамовы, але, пагадзiся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлi каля вакна i не казала, што трох пляшак белага сухога вiна якраз дастаткова - не дзвюх i не чатырох, а мяноўна трох.
Значыцца, ты згодная: зробiм выключэнне. Я маю на ўвазе не вiно, а гiсторыю нашага знаёмства. Праўдзiвей - ягоную тэхналогiю.
Ты не забыла, мы пазнаёмiлiся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя бiяграфii. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былi жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзiлi ўяўленне, а, па-другое, самi абставiны, калi без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралi падтэкст зваблiвай шматварыянтнасцi.
Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе цi вагоне метро мой позiрк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбiраў жанчыну або дзяўчыну зусiм неабавязкова самую прывабную, - пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механiзм пачынаў бесперабойна дзейнiчаць, i праз хвiлiну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесiя, муж, дзецi. Калi мы ехалi разам досыць доўга, гульня працягвалася i я атрымлiваў дадатковыя звесткi: характар, захапленнi, любiмы пiсьменнiк альбо яго адсутнасць з прычыны нецiкавасцi да лiтаратуры... На пятым цi шостым прыпынку я "ведаў", куды мая спадарожнiца накiроўваецца, якiм кветкам i колерам аддае перавагу, што п'е з большаю асалодай.
|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|