Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
25 из 45
Ты з подзiвам у пераспелых вiшнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымi акулярамi i рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, i пачула словы, якiя сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспартунепазбежна прывялi б да думкi пра стан здароўя суразмоўнiка: "Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам бiяграфii".
Увесь вечар мы гулялi па горадзе, елi за вынесенымi на вулiцу столiкамi марозiва, а калi неба пахаладнела, купiлi шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелi, што бутэлькi будзе да смешнага мала, узялi яшчэ дзве i спынiлi таксоўку.
Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, i гэта была не апошняя мая памылка...
Больш нi слова. Толькi пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мiлай у сваёй банальнасцi назваю - "Сябры".
Мы прыходзiлi туды пасля спатканняў у тым пакоi за зялёнымi шторамi. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам i ты, i я з прабачлiвымi ўсмешкамi выбягалi з кавярнi камусьцi тэлефанаваць. Метафара сiямскiх блiзнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмi часта развiтанне на парозе кватэры цi на прыпынку ўспрымалася б не iначай як злачынства.
Лета, за выняткам лiчаных лiпеньскiх дзён з навылёт прагрэтымi сонцам азёрнымi кладкамi, выпала халоднае i дажджлiвае, i ў кавярнi мы найчасцей замаўлялi арэхавы лiкёр, што, як i ўсё астатняе, там налiвалi ў блакiтныя пластыкавыя кубачкi - дакладна з такiх частавалi мiнералкаю i лiманадам сцюардэсы ўнутраных авiялiнiяў. Некалькi глыткоў густой бурштынавай вадкасцi з мiндалёвым смакам хутка сагравалi i прыносiлi амаль хатнюю ўтульнасць.
|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|