Genius loci (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир (2)

Страница: 27 из 45

Туды забрыдаў выпiць каля стойкi сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымi патылiцамi, што не прасiлi, а з ходу давалi бармену загад налiць кожнаму па поўнай каньяку i гучна загаворвалi пра Хрыпатага, якому ўключылi лiчыльнiк. Але большую частку клiентаў, асаблiва ўвечары, складала iншая публiка, у якой вылучалiся заўсёднiкi. Яны мелi традыцыйныя месцы, прыкметна нервавалiся, пакуль iх столiкi былi занятыя, i неадкладна перасаджвалiся, калi тыя вызвалялiся. З шэраговых клiентаў яны ператваралiся ў iндывiдуальнасцi, i таму я лёгка магу аднавiць аблiччы i паводзiны кожнага: i чалавека з вiльготнымi рукамi, якi называў сябе алмазаздабытчыкам, i глуханямых, i мiлiцыянта, якога не разумела жонка, i парачкi лесбiянак...

З каго б ты хацела пачаць?

Чаму не, няхай будзе мiлiцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярнi ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялiзнага рамонка з палатна паслядоўнiка Далi.

Мiлiцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзiў у цывiльным, але ўсе ведалi, што ён - мiлiцыянт i што яго завуць Пеця, бо выпiтыя сам-насам з сабою "законныя" сто грамаў каньяку ўмомант рабiлi яго гаваркiм, i, замовiўшы бутэльку шампанскага i крыху лiкёру, ён падсаджваўся за чужы столiк. Лiкёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплi, выпiваў сам.

Рысы ягонага гладка выгаленага твару нiхто не назваў бы непрыемнымi, ды яны iснавалi незалежна адна ад адной i, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, нiяк не хацелi спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармонii з па-жаночаму маленькiм ротам.

|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]