Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
32 из 45
Аднак кавярня не прыняла яго, i паэт знiк гэтаксама раптоўна, як i з'явiўся.
Другiм пасланцом лiтаратурнага свету, што аднойчы, расплюхаўшы каньяк, палез да мяне з мядзведжымi абдымкамi, стаўся знаёмы празаiк, у якога пасля чарговае жанiцьбы пачаўся мядовы месяц. Пералiчыўшы свае мужчынскiя дасягненнi заадно з колькасцю i маркамi выпiтых напояў, ён абвясцiў, што пiша апавяданне, якое нарэшце адкрые ў нашай лiтаратуры жанр эратычнае прозы. Першы сказ быў ужо гатовы: "Пад'езд прапах спермай". Я асцярожна параiў замянiць пад'езд на кватэру. "Пад'езд прапах спермай", - з нацiскам на першае слова абражана паўтарыў празаiк, выцадзiў каньяк i не развiтаўшыся ляпнуў дзвярыма.
Значна глыбейшы след пакiнулi глуханямыя.
Яны трапiлi ў кавярню, ратуючыся ад дажджу, i, паколькi кампанiя самых юных наведнiкаў адсутнiчала, апынулiся за iх столiкам. Дзiўная рэч, я не магу ўзнавiць у памяцi iх рысаў, апрача таго, што яе твар - у параўнаннi з ягоным, прыгожым i адухоўленым - напачатку здаўся мне грубавата-вульгарным.
Мы не адразу змецiлi, што яны размаўляюць рукамi, а калi заўважылi, дык праз хвiлiну ўжо былi перакананыя: гэта - закаханыя. I нашы з табой рукi любiлi пагаварыць на сваёй мове, але iх лексiчны запас здаваўся нам вялiкiм толькi да таго вечара.
Сапраўды, твары зараз захiнутыя ад мяне туманам, а вось рукi... рукi я гатовы намаляваць: яго вузкую далонь з выцягнутымi пальцамi, кожны з якiх быццам бы меў на фалангу болей, i яе маленькую авальную далоньку з карантышкам-мезенцам.
|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|