Беларуския народныя казки (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
13 из 92
- Ну, вядома, - перапынiла яе лiсiца. - Мая мацi была не такая дурная, як твая.
- Так, так, - адказала варона. - Яна, i праўда, была разумная, твая мацi, бо не захацела есьцi маю мацi зь пер'ем: пер'е-ж нясмачнае!
- Вядома, нясмачнае, - падтакнула лiсiца.
- Дык твая мацi зрабiла вось як: узяла два рэшаты, усадзiла туды маю мацi, потым склала рэшаты адно да аднаго ды як пусьцiла з крутой гары, дык на маёй мацi нi пярынкi не засталося - усё чыста асыпалася. Брр! - скаланулася варона. - Гэта самая страшная пакута для нас, варон...
"Добра-ж, - падумала лiсiца. - Ня буду я дурнейшай за сваю мацi".
Дастала яна два рэшаты, усадзiла туды дзятлаву куму ды i пусьцiла рэшаты з крутой гары. Рэшаты разьехалiся ў бакi, а варона ўзьнялася i паляцела на дрэва.
ХВАСТЫ
Быў такi час на зямлi, калi зьвяры ня мелi хвастоў. Заязь страшэнна дакучала iм: абаранiцца зьвяры ня мелi чым. I вось аднойчы ад ляснога цара выйшаў загад, каб зьвяры йшлi хвасты атрымлiваць. Пайшлi ганцы ўва ўсе канцы з пушчаў, лясоў i палёў склiкаць зьвяроў. Паведамiлi ваўка, лiсiцу, кунiцу, пабудзiлi й мядзьведзя ў яго бярлозе.
- Добра, - кажа Мiшка: - я зараз прыйду, адно загляну да старое лiпы, цi не знайду там чаго пасьнедаць.
Запраўды, у дуплё старое лiпы дзiкiя пчолы нанасiлi шмат мёду. Стаў Мiшка ламаць дуплё ды выграбаць мёд. Пчолы жалiлi яго, але ён не зважаў на гэта, заграбаў мёд i пчол i парахню, што прыстала да мёду, еў усё ды толькi мармытаў ад асалоды.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|