--------------------------------------------- Уладзімір Караткевіч Дзікае паляванне караля Стаха Я стары, я нават вельмі стары чалавек. І ніякая кніга не дасць вам таго, што на ўласныя вочы бачыў я, Андрэй Беларэцкі, чалавек дзевяноста шасці год. Кажуць, што доўгія гады лёс дае звычайна дурням, каб яны папоўнілі разумовы недахоп багатым вопытам. Ну што ж, я жадаў бы быць дурным удвая і пражыць яшчэ столькі, бо я дапытлівы суб'ект. Столькі цікавага адбудзецца на зямлі ў наступныя дзевяноста шэсць год! А калі мне скажуць заўтра, што я памру, — ну што ж: адпачынак таксама нядрэнная штука. Людзі калісь будуць жыць нават даўжэй за мяне, і ім не будзе горка за жыццё: усё ў ім было, усякага жыта па лапаце, усё я зведаў — нашто ж шкадаваць? Лёг і заснуў, спакойна, нават з усмешкай. Я адзін. Памятаеце, казаў Шэлі: Цемра здушыла Цеплыню скрыпічых таноў. Калі двое навек разлучыліся, То не трэба пяшчоты і слоў. Яна была добрым чалавекам, і мы пражылі, як у казцы: «доўга, шчасліва, пакуль не памёрлі». Але хопіць надрываць вам сэрца смутнымі словамі — я ж казаў, старасць мая — радасць мая, — лепей распавем вам штосьці з далёкіх, з маладых маіх год. Тут у мяне патрабуюць, каб я сваім апавяданнем скончыў сказ пра род Яноўскіх і яго заняпад, пра вымарачнасць беларускай шляхты. Відаць, трэба мне зрабіць гэта, бо, сапраўды, якая ж гэта атрымаецца гісторыя без канца. Да таго ж, яна блізка датычыцца мяне, і расказаць пра гэта ўжо ніхто не можа — толькі я. А вам цікава будзе паслухаць дзіўную гісторыю і пасля сказаць, што яна вельмі падобна да выдумкі. Дык вось, перад пачаткам я скажу, што тут праўда, шчырая праўда, толькі праўда, хоць вам давядзецца пакласціся ў гэтым толькі на адно маё слова. РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку, і мая экспедыцыя падыходзіла да канца. Заставалася яшчэ якія тыдні два начаваць у адрынах або проста ў вазку пад зорамі, піць з крыніц ваду, ад якой шчыміць лоб, слухаць працяглыя, як беларускае гора, песні баб на прызбах. А гора ў той час хапала: падыходзілі да канца праклятыя васьмідзесятыя гады. Не думайце, аднак, што мы ў той час толькі і рабілі, што крычалі і пыталі мужыка: «Чаго бяжыш, мужычок?» і «Ты проснешься ль, исполненный сил?» Гэта прыйшло пазней — сапраўдныя пакуты за народ. Чалавек, як вядома, найбольш сумленны да дваццаці пяці год, у гэты час ён арганічна не выносіць несправядлівасці, але моладзь занадта прыслухоўваецца да сябе, ёй нова і цікава глядзець, як новымі думкамі і пачуццямі (яна ўпэўнена, што такога не думаў і не адчуваў ніхто) рунее душа. І толькі потым прыходзяць бяссонныя ночы над шматком газеты, на якім надрукавана такімі ж літарамі, як і ўсё, што сёння ўзвялі на шыбеніцу трох, разумееце, трох, жывых і вясёлых. Потым прыходзіць і жаданне ахвяраваць сабою. Усе мы, і я ў тым ліку, прайшлі праз гэта. Але ў той час я ў глыбіні душы (хоць і лічыўся «чырвоным») быў перакананы, што не толькі з шыбеніц растуць на зямлі лясы (што, вядома, было правільным нават у часы Язафата Кунцэвіча і беларускай доказнай інквізіцыі) і не толькі стогн адчуваецца ў нашых песнях. Для мяне ў той час было значна больш важлівым зразумець, хто я, якім багам я павінен маліцца. Прозвішча маё было, як казалі ў тыя часы, «польскае», — хоць я і дагэтуль не ведаю, што ў ім такога мазавецкага было, — у гімназіі (а гэта было тады, калі яшчэ не забыўся чорнай памяці папячыцель Карнілаў, паплечнік Мураўёва) называлі нас, гледзячы на мову бацькоў, «древнейшей ветвью русского племени, чистокровными, истинно русскими людьми». Вось як, нават больш рускія, ніж самі рускія. Прапаведавалі б нам гэтую тэорыю да пачатку гэтага стагоддзя — абавязкова б Беларусь перашыбла Германію, а беларусы зрабіліся б першымі гвалтаўнікамі на зямлі і пайшлі б адваёўваць у рускіх, якія не сапраўды рускія, жыццёвы абшар, асабліва яшчэ калі б добры Божачка даў нам рогі. Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як многія ў той час, што ён тут, побач, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэта разуменне. Таму і працу сабе я выбраў незвычайную — зведанне гэтага народа. Я кончыў пасля гімназіі ўніверсітэт і стаў вучоным-фалькларыстам. Справа гэтая ў той час толькі пачыналася і лічылася сярод уладу маючых небяспечнай для існуючага парадку. Але паўсюль — і толькі гэта рабіла лягчэйшай справу маю — я сустракаў увагу і дапамогу. І ў асобе малаадукаванага валаснога пісара, які пасля дасылаў запісы казак мне і Раманаву, і ў асобе дрыжачага за хлеб вясковага настаўніка, і (мой народ жыў!) нават у асобе аднаго губернатара, надзвычай добрага чалавека, сапраўднай белай вароны; ён даў мне рэкамендацыйны ліст, у якім загадваў пад пагрозай суровых захадаў чыніць мне ўсялякую дапамогу. Дзякуй вам, простыя беларускія людзі! Нават зараз яшчэ я малюся на вас. Што ж казаць пра тыя гады… Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта? Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі? А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны? Або нават і не яны, а проста хвойная ігліца ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе жанчыны ў андараках прадуць і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн. Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які — я зараз ведаю гэта — у мяне не было нічога на свеце. Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у мядзведжую глуш. Я пабываў і там, у мяне былі маладыя ногі і маладая прага. І чаго мне толькі не даводзілася бачыць! Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады «яшчура». Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб, соннае «а-а-а» над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын. Гэта была візантыйская Беларусь! Гэта быў край паляўнічых і намадаў, чорных смалакураў, ціхага, такога прыемнага здалёк, звону забытых цэрквачак над дрыгвой, край лірнікаў і цемры. У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы працэс вымірання нашай шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі. І калі ў васемнаццатым шляхта памірала бурліва, з дуэлямі, памірала на саломе, прамантачыўшы мільёны, калі ў пачатку дзевятнаццатага паміранне яе яшчэ было авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй. Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў, продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі, а самі яны, хоць і жылі ў багатых напаўразбураных палацах, насілі ледзь не кажухі, хоць гонар іх быў нязмерны. Гэта было адзічанне без прасвятлення: брыдкія, часам крывавыя ўчынкі, прычыну якіх можна было шукаць толькі на дне іх, блізка або занадта далёка адзін ад аднаго пасаджаных вачэй, вачэй вылюдкаў, дэгенератаў. Палілі печкі, выкладзеныя галандскай кафляй, пашчапанымі ўломкамі бясцэннай беларускай мэблі семнаццатага стагоддзя, сядзелі, як павукі, у сваіх халодных пакоях, гледзячы ў бязмежную навакольную цемру праз акно, па шыбах якога сцякалі наўскос флатыліі кропель. Такі быў той час, калі я ехаў на экспедыцыю ў глухі Н-скі павет губерні. Я выбраў дрэнны час для паездак. Летам, вядома, фалькларысту добра: цёпла, вакол прыгожыя краявіды. Але па сваіх выніках наша праца лепшая за ўсё ў глухія восеньскія або зімовыя дні. Тады адбываюцца ігрышчы з іхнімі песнямі, пакудзелле з бясконцымі гісторыямі, а пазней — сялянскія вяселлі. Гэта наш залаты час. Але мне выпала паехаць толькі ў пачатку жніўня месяца, калі не да казак, і толькі цягучае наша «жніво» гучыць над палеткамі. Я праездзіў жнівень, верасень, частку кастрычніка і павінен быў зачапіць толькі два тыдні, самы пачатак глухой восені, калі я мог спадзявацца на што-небудзь вартае. Пасля мяне чакалі ў губерні неадкладныя справы. Улоў мой быў зусім мізэрны, і таму я быў злы, як поп, які прыйшоў на хаўтуры і раптам заўважыў, што нябожчык уваскрэс. Мяне мучыла даўняя застарэлая хандра, якая варушылася ў тыя дні на дне кожнай беларускай душы: нявера ў каштоўнасць сваёй справы, бяссілле, глухі боль — асноўныя прыкметы ліхалецця, тое, што, па словах кагосьці з польскіх паэтаў, паходзіць ад настойлівай пагрозы, што нехта ў блакітным пабачыць цябе і міла скажа: — Бжалце ў жандармерыю. Асабліва мала было ў мяне старадаўніх легенд, а менавіта за імі я і паляваў. Вы, напэўна, ведаеце, што ўсе легенды можна падзяліць на дзве вялікія групы. Першыя жывуць паўсюль, распаўсюджаны сярод большай часткі народа. У беларускім фальклоры гэта легенды пра вужыную каралеву, пра бурштынавы палац, большая частка рэлігійных легенд. А другія, як ланцугамі, прыкулі да нейкай адной мясціны, павета, нават вёскі. Іх звязваюць з дзіўнай скалой на беразе возера, з назвай вёскі або ўрочышча, з толькі адной, вось гэтай, пячорай. Вядома, што такія легенды, звязаныя з нязначнай колькасцю людзей, выміраюць хутчэй, хоць яны часам значна больш паэтычныя, ніж агульнавядомыя, і, калі іх надрукуюць, карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Так, напрыклад, выйшла на людзі легенда пра Машэку. Я паляваў менавіта за другой групай легенд. Мне трэба было спяшацца: легенда і казка выміраюць. Не ведаю, як другім фалькларыстам, але мне заўсёды было цяжка перадчасна ехаць з якой-небудзь мясцовасці. Мне ўсё здавалася, што за зіму, якую я прабуду ў горадзе, тут памрэ нейкая бабуля, якая адна, разумееце, адна ведае зараз чароўны стары сказ. І гэты сказ памрэ з ёю, і ніхто, ніхто яго не пачуе, а я і мой народ застанёмся абакрадзенымі. Таму нікога не здзівяць мае злосць і хандра. Я быў у такім настроі, калі адзін мой знаёмы параіў мне паехаць у Н-скі павет, месца, якое нават у той час лічылася глухім. Ці думаў ён, што я там ледзь не звар'яцею ад жаху, адкрыю ў сабе мужчынскую мужнасць і знайду… Але не будзем забягаць наперад. Зборы мае былі нядоўгімі, я сабраў невялікі сак, узяў котчы вазок і хутка пакінуў «сталіцу» гэтага параўнаўча цывілізаванага павета, каб адрачыся ад усялякай цывілізацыі, пераехаўшы ў суседні лясны і балотны павет, што па тэрыторыі мала чым паступаўся перад якой-небудзь дзяржавай, накшталт Люксембурга. Спачатку паабапал дарогі цягнуліся яшчэ палеткі з раскіданымі там-сям дзічкамі, падобнымі на дубы. Трапляліся вёскі з цэлымі калоніямі буслоў, але потым урадлівая глеба скончылася і пацягнуліся бясконцыя лясы. Дрэвы стаялі, як калоны, ігліца на дарозе глушыла стук колаў. У лясных ярах пахла прэллю і цвіллю, раз-пораз зрываліся з-пад самых капытоў коней цецеруковыя чароды (цецерукі заўсёды збіваюцца ў купу восенню), там-сям глядзелі з-пад ігліцы і верасу чырвоныя або счарнелыя ад старасці брылі сімпатычных тлустых баравікоў. Два разы мы начавалі ў лясных глухіх вартоўнях і радаваліся, калі бачылі праз начны змрок немачныя агеньчыкі іх сляпых акон. Ноч, плача дзіцёнак, якога ядуць прусы, коні на двары трывожацца чагосьці — напэўна, блізка праходзіць мядзведзь, — над верхавінамі дрэў, над лясным акіянам часты зорны дождж. У хаце не прадыхнуць, дзяўчынка люляе нагой калыску. Старажытны, як свет, напеў: «А-а-а…» Не хадзі, коцю, па лаўцы Буду біці па лапцы, Не хадзі, коцю, па масту - Буду біці па хвасту! А-а-а! О, якая жахлівая, якая вечная і нязмерная твая туга, Беларусь! Ноч. Зоры. Першабытны змрок лясоў. І ўсё ж нават гэта было Італіяй у параўнанні з тым, што мы пабачылі праз два дні. Лес пачаў чэзнуць, радзець, і хутка бязмежная раўніна адкрылася нашым вачам. Гэта не была звычайная раўніна, на якой коцяць рудыя рэдкія хвалі нашы жыты, гэта не была нават дрыгва — дрыгва ўсё ж не пазбаўлена разнастайнасці: там ёсць трава, ніцыя скарлючаныя дрэўцы, там можа бліснуць азярцо, — не, гэта быў самы жахлівы, самы безнадзейны з нашых краявідаў: тарфяныя балоты. Трэба быць чалавеканенавіснікам, каб выдумаць такія мясціны, і ўяўленне пра іх можа з'явіцца толькі ў пячорным мазгу зласлівага ідыёта. Але гэта не было выдумкай, вось яны ляжалі перад намі… Неабсяжная раўніна, роўная, як стол, была карычневага, нават бурага колеру, безнадзейна роўная, нудная, змрочная. Часам трапляліся на ёй вялізныя купы нагрувашчанага камення, часам буры конус — нейкі пакрыўджаны Богам чалавек, выбіраў тарпу невядома дзеля чаго, — часам сіратліва глядзела на дарогу адным акенцам хатка з высокім комінам, і вакол яе — ані дрэўца. І нават лес, які цягнуўся за гэтай раўнінай, здаваўся больш змрочным, чым на самай справе. Праз якую гадзіну пачалі і на гэтай раўніне трапляцца астраўкі лесу, чорнага, у мхах і павуцінні, толькі часам роўнага, а больш за ўсё скарлючанага, як на малюнках да страшнай казкі. Але гэтыя ляскі з'яўляліся і знікалі, і зноў цягнулася раўніна, раўніна, бурая раўніна. Я гатовы быў зараўці ўголас ад крыўды. І надвор'е на такі выпадак стала псавацца: нізкія чорныя хмары паўзлі нам насустрач, там-сям з іх цягнуліся наўскос зямлі свінцовыя палосы дажджу. Ніводнай птушкі-пасмяцюхі не траплялася нам на дарозе, а гэта была дрэнная прыкмета: павінен быў пайсці цяглы начны дождж. Я хацеў быў завярнуць да першай хаткі, але і яны больш не трапляліся. Памінаючы ліхам майго знаёмага, я сказаў фурману, каб ён ехаў хутчэй, і шчыльна закруціўся ў плашч. А хмары накіпалі, чорныя, нізкія, дажджавыя; над раўнінаю цягнуўся прысмерак, такі непрытульны і халодны, што мурашкі паўзлі па скуры. Недзе бліснула нясмелая асенняя маланка. Я толькі паспеў адзначыць неспакойнай думкаю, што гэта занадта позна для навальніцы, як на мяне, на коней, на фурмана абурыўся акіян халоднай вады. Нехта аддаў раўніну ў лапы ночы і дажджу. І ноч гэтая была цёмная, як сажа, я не бачыў нават сваіх пальцаў і толькі па паштурхванню вазка здагадаўся, што мы яшчэ едзем. Фурман таксама, відаць, нічога не бачыў і цалкам аддаўся інстынкту коней. Не ведаю, ці сапраўды быў у іх які інстынкт, але хутка вазок наш пачало кідаць з байрака на байрак, з ямы на нейкі бугор і зноў у яму. Шматкі гразі і нейкай твані ляцелі ў вазок, на плашч, мне ў твар, але я хутка асвойтаўся з гэтым і маліўся толькі аб тым, каб не наехаць на якую прорву: самыя жахлівыя твані трапляюцца менавіта сярод такіх балот, праглыне і вазок, і коней, і людзей, і ўранцы ніхто нават не здагадаецца, што тут хтосьці быў, што тут дзве хвіліны крычала чалавечая істота, пакуль бурая каша не налезла ў рот, што зараз гэтая істота ляжыць разам з коньмі на тры сажні ніжэй паверхні праклятага месца. Нешта раўнула з левага боку: доўгі, працяглы, нялюдскі крык. Коні тузанулі вазок — я ледзь не выпаў — і памчалі кудысьці, відаць, напрасткі па балоце. Пасля штосьці хрумснула, і заднія колы вазка пасунуліся ўніз. Адчуваючы, што пад ногі мне нацякае нешта мокрае, я таргануў за плячо фурмана. Той з нейкай абыякавасцю сказаў: — Гінем, пане. Тут і гамон. Але мне не хацелася паміраць. Я схапіў руку фурмана, расціснуў яму пальцы і, выхапіўшы пугу, пачаў хвастаць па тым месцы ў цемры, дзе павінны былі быць коні. Нехта нема закрычаў такім голасам, што коні, відаць, спудзіўшыся, шалёна тарганулі вазок, ён задрыжаў увесь, як быццам таксама намагаўся вырвацца, пасля штосьці голасна цмокнула пад коламі. Вазок нахіліўся, затросся яшчэ мацней, загігатала кабыла. І штосьці здарылася. Вазок зноў пакаціўся і хутка загрукатаў па нечым цвёрдым. Толькі тут я зразумеў, што нема крычаў не хто іншы, як я. Мне стала сорамна. Я збіраўся ўжо было папрасіць фурмана, каб ён спыніў коней на гэтым адносна цвёрдым, каб перачакаць ноч, але тут дождж быццам зрабіўся рэдкім, і адначасова штосьці мокрае і калючае хвастанула мяне па твары. «Яловая лапа, — адзначыў я. — Значыцца, гэта лес. Коні спыняцца самі». Але прайшоў час, лапы яшчэ разы са два дакраналіся да маёй галавы, а вазок не скакаў па карэннях, каціў роўна і гладка. І коні аніводнага разу не спыніліся. Значыцца, гэта была лясная дарога. Я вырашыў, што яна павінна кудысьці давесці нас, і аддаўся на волю лёсу. І сапраўды, мінула, можа, хвілін трыццаць, і наперадзе замігцеў цёплы жывы агеньчык, такі ружовы і прывабны сярод гэтай золкай і мокрай цемры. Праз некаторы час можна было пабачыць, што гэта не хата палясоўшчыка і не будан смалакура, як я падумаў быў спачатку, а нейкая вялікая будыніна, занадта вялікая нават для гарадскога дома. Перад ёю — клумба, вакол мокрыя шаты дрэў, чорнае жарало яловай алеі, адкуль мы выехалі. Ганак быў пад нейкім высокім навесам, на дзвярах вісела цяжкае бронзавае кальцо. Спачатку я, потым фурман, пасля зноў я грукалі гэтым кальцом у дзверы. Грукалі нясмела, грукалі трошкі мацней, білі кальцом наводмаш, спыняліся, клікалі, пасля білі нагамі — хоць бы які водгук. Нарэшце за дзвярыма захадзілі, няўпэўнена, нясмела. Пасля пачуўся аднекуль з вышыні сіпаты жаночы голас: — Хто такія? — Мы падарожныя, цётухна, пусціце. — А ці не з палявання вы часам? — Якое там паляванне, мокрыя ўсе, ледзь на нагах стаім. Дальбог, пусціце нас. Голас змоўкнуў, пасля з нейкімі ноткамі нерашучасці спытаў: — А хто ж вы такія? Прозвішча як? — Беларэцкі маё прозвішча. Я з фурманам. Бабуля за дзвярыма раптам пажвавела: — Граф Беларэцкі? — Спадзяюся быць графам, — адказаў я з плебейскай непачцівасцю да тытулаў. Голас пасуровеў: — Ну і ідзі сабе, добры чалавек, туды, адкуль прыйшоў. Бачыце вы, ён на графства спадзяецца. Жартачкі начныя! Пайшоў, пайшоў. Пашукай сабе дзе-небудзь у лесе бярлог, калі ты такі спрытны. — Бабуля, — узмаліўся я, — з радасцю пашукаў бы, каб не непакоіць людзей, але ж я не тутэйшы, я з павета, заблукалі мы, сухой ніткі няма. — Прэч, прэч, — сказаў няўмольны голас. Іншы чалавек, можа, схапіў бы ў адказ на гэта камень і пачаў бы біць у дзверы, сыплючы праклёны, але я нават тут не мог пазбавіцца думкі, што гэта дрэнна: сілком драцца ў чужую хату. Таму я толькі ўздыхнуў і звярнуўся да фурмана: — Ну што ж, пайшлі адсюль. Мы накіраваліся былі да фурманкі. Відаць, наша саступлівасць зрабіла добрае ўражанне, бо голас, памякчэўшы, кінуў нам наўздагон: — Пачакайце, падарожнікі. Хто ж вы такія? Я забаяўся адказаць «фалькларыст», бо двойчы мяне пасля гэтага слова лічылі за мазурыка. Таму я адказаў: — Купец. — А як жа вы трапілі ў парк, калі вакол мур і чыгунная агароджа? — А я і не ведаю, — адказаў я шчыра. — Ехалі недзе, відаць, па балоце, кудысьці праваліліся, ледзь выбраліся… Раўло там нешта. Я і не спадзяваўся на такі вынік маіх слоў, але пасля іх голас ціха войкнуў і спуджана закудахтаў: — А-а Божжа ж мой! А гэта ж вы, напэўна, з Волатавай прорвы прыехалі, гэта ж толькі там і няма агароджы. Во пашчасціла вам, выратавала вас царыца нябесная. А матка боская! А пакутнічкі нябесныя! І зараз такая дабрыня і такі адчай адчуваліся ў яе словах, што я дараваў ёй гэтую гадзіну на ганку. Дзверы загрукалі засаўкамі, пасля зарыпелі, разыходзячыся і прапускаючы ў начную цемру смугу аранжавага цьмянага святла. Перад намі стаяла невялічкая бабулька ў шырокай, як звон, сукні, ліловай шнуроўцы, у якой, напэўна, хадзілі нашы прапрашчуры пры каралі Стасе, і ў вялікім крухмальным чапцы. Твар у добрых зморшчынах, нос кручкаваты, а рот вялізны, падобны на шчыпцы для арэхаў, з трошкі адтапыранымі наперад вуснамі. Кругленькая, амаль як бочачка сярэдняй велічыні, з пухленькімі ручкамі — яна так і напрошвалася на тое, каб яе клікалі «маці». І ў руках у гэтай бабулі быў вялізны пячны рагач: зброя. Я ледзь не зарагатаў, але ў час прыпомніў халодную дрыгву і дождж за вокнамі і змаўчаў. Колькі людзей і зараз стрымлівае смех з таго, што варта смеху, прыпамятаўшы, што за сцяною дождж! Мы ўвайшлі ў пакойчык, дзе пахла мышамі, і струмені вады адразу пабеглі з нашай вопраткі на падлогу. Я глянуў на свае ногі і жахнуўся: яны амаль па калена былі ў бурай кашы, як у ботах. Бабуля толькі галавою паківала. — Бачыце, я адразу сказала, што гэта тая жахлівая твань. Вы, пане купец, павінны паставіць свечку за тое, што так лёгка абышлося. — І яна адчыніла дзверы ў суседні пакоік, дзе жарка палаў камін. — Добра абышлося. Скідвайце адразу ж вопратку, сушыцеся. У вас ёсць што апрануць з сухога? Сак мой, на шчасце, быў сухі, я пераапрануўся перад камінам, вопратку маю і фурманову бабуля некуды пацягнула, а пасля зайшла ў пакой з сухою — для фурмана. Зайшла, не звяртаючы ўвагі на тое, што фурман стаяў зусім голы і сарамліва паварочваўся да яе спіною. Паглядзела на яго сінюю спіну і сказала непрыхільна: — Ты, малец, ад мяне не вельмі адварочвайся, я старая баба. І пальцы на нагах не падціскай. На вось, пераапранайся лепей хутчэй. Калі мы пераапрануліся і трохі сагрэліся ля каміна, бабуля паглядзела на нас глыбока запалымі вачыма і сказала: — Ну, вось і добра. Ты, малец, пойдзеш зараз з Янам начаваць, тут табе будзе нязручна. Ян! Ян з'явіўся. Гэта быў падслепаваты чалавек год шасцідзесяці з доўгімі сівымі валасамі, носам, вострым, як шыла, запалымі шчокамі, з вусамі, якія звісалі да сярэдзіны грудзей. Я вельмі здзівіўся, што адна бабуля з рагачом у руцэ адчыніла нам дзверы, не пабаялася двух дарослых мужыкоў, якія невядома адкуль з'явіліся ўначы, але пасля таго, як пабачыў Яна, зразумеў, што ён стаяў недзе ў засадзе і жанчына спадзявалася на яго дапамогу. Дапамога была важнецкая: у руках старога вартаўніка я пабачыў стрэльбу. Гэта была нават не зусім стрэльба, да яе больш пасавала б назва «мушкет». Стрэльба была вышэй галавы, прыблізна дзюймаў на шэсць, ствол яе быў з насечкамі і шырокім раструбам на канцы, ложа і прыклад заляпаныя, выцертыя, з брамкі звісаў фіціль. Словам, ёй даўно было месца недзе ў музеі зброі. Такія стрэльбы звычайна б'юць, як гарматы, і так адбіваюць у плячо, што непадрыхтаваны чалавек валіцца на зямлю як сноп. І я чамусьці з задавальненнем падумаў, што ў маёй кішэні зараз цудоўны англійскі рэвальвер на шэсць набояў. Ян узяў фурмана і павёў яго да дзвярэй, ледзь варушачы нягнуткімі старэчымі нагамі. Я пабачыў, што нават рукі ягоныя трэсліся. Варта была ненадзейная. «Добрая дапамога для гаспадыні», — з горыччу падумаў я. А гаспадыня адразу ж кранула мяне за плячо і загадала ісці за ёю ў «апартаменты». Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення. Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая! Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія, у глыбокіх стральчатых нішах. Відаць, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, — уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі. А над дзвярыма — вялізнае цёмнае акно ў ноч і цемру. На акне — мастацкай работы выгінастыя краты. Я ішоў па прыхожай і здзіўляўся. Якая прыгажосць і як гэта ўсё запушчана чалавечым нядбальствам. Вось цяжкая мэбля ля сцен — яна рыпіць нават у адказ на крокі. Вось агромністая драўляная статуя святога Юрыя, адно з цудоўных, трохі наіўных стварэнняў беларускага народнага генія — ля ног яе тонкі белы пыл, быццам хтосьці насыпаў мукі: гэту непаўторную рэч сапсаваў шашаль. Вось на столі люстра, таксама выдатная па прыгажосці — вісюлькі яе абабіты больш чым напалову. Магло б здацца, што тут ніхто не жыве, каб не палалі ў вялізным каміне дровы і не залівалі няпэўным мігатлівым святлом усю гэтую карціну. Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой. Тут было ўсё тое самае, што і на першым паверсе, нават палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх чорных рамах. Ды яшчэ ля каміна стаялі столік і два крэслы. Бабуля тарганула мяне за рукаў: — Я зараз адвяду пана ў яго пакой. Гэта недалёка, па калідоры. А пасля… можа, пан хоча вячэраць? Я не адмовіўся, бо амаль цэлы дзень не еў. — Ну, то тады няхай пан пасля выйдзе сюды. Праз якіх хвілін дзесяць я быў у зале і там зноў пабачыў бабулю, якая шырока ўсміхнулася мне і сказала з даверам: — Ведаеце, вёска рана кладзецца спаць. Але ў нас не любяць спаць, у нас кладуцца як мага пазней. І гаспадыня не любіць людзей. Не ведаю, чаму яна сёння згадзілася прыняць вас у свой дом і нават дазволіць прысутнічаць за вячэрай (няхай пан мне даруе). Відаць, пан самы варты даверу чалавек з тых, што былі тут за тры гады. — Як, — здзівіўся я, — хіба гаспадыня не вы? — Я ахмістрыня, — з годнасцю сказала старая. — А ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў, у добрай сям'і, зразумейце гэта, пан купец. У самай лепшай з найлепшых сем'яў. Так. Гэта лепей, чым быць нават гаспадыняй у не самай лепшай з найлепшых сем'яў. — Што ж гэта за сям'я? — неасцярожна спытаў я. — І дзе я? У старой гневам спалыхнулі вочы: — Вы ў маёнтку Балотныя Яліны. А гаспадароў вам сорамна не ведаць. Гэта Яноўскія. Разумееце вы, Яноўскія! Няўжо вы не чулі? Я адказаў, што, вядома, чуў, і гэтым супакоіў старую. Жэстам, вартым каралевы, яна паказала мне на крэсла (прыблізна так у тэатрах каралевы паказваюць на плаху няшчаснаму любоўніку: «Вось тваё месца, злашчасны!»), папрасіла прабачэння і пакінула мяне аднаго. Я вельмі здзівіўся змене, якая адбылася са старой. На першым паверсе яна войкала і прычытала, размаўляла з выразнай народнай інтанацыяй, а перайшоўшы на другі паверх, адразу ператварылася чорт ведае ў што. Відаць, на першым паверсе яна была дома, а на другім была толькі ахмістрыняю, толькі рэдкім госцем і, адпаведна пераходам, мяняла скуру. Вочы ў яе былі добрыя, але памятаю, што такая зменлівасць мне тады вельмі не спадабалася. Застаўшыся адзін, я пачаў разглядаць партрэты, якія цьмяна паблісквалі на сценах. Іх было больш за шэсцьдзесят, зусім даўніх і амаль што новых — і гэта было сумнае відовішча. Вось нейкі дваранін ледзь не ў кажусе — адна з самых старых карцін, — твар шырокі, мужыцкі, здаровы, з густой крывёю ў жылых. А вось другі, ужо ў срэбнатканым каптане, шырокі бабровы каўнер падае на плечы (хітрая ты быў пратабестыя, хлопча!). Поруч з ім магутны, з каменнымі плячыма і шчырым позіркам чалавек у чырвоным плашчы (ля яго галавы шчыт з фамільным гербам, і верхняя палова яго замазана чорнай фарбай). А далей другія, такія ж моцныя, але вочы тупаватыя і масляныя, насы тупыя, вусны жорсткія. А з імі жаночыя партрэты з пакатымі плячыма, створанымі для пяшчоты. У іх такія твары, што заплакаў бы і кат. А напэўна, хтосьці з гэтых жанчын і сапраўды склаў галаву на пласе ў тыя жорсткія часы. Непрыемна думаць, што такія жанчыны бралі ежу з блюд рукамі, а ў балдахінах іхніх спальняў гняздзіліся клапы. Я стаў ля аднаго такога партрэта, зачараваны той дзіўнай незразумелай усмешкаю, якую так непераймальна рабілі часам нашы старыя мастакі. Жанчына глядзела на мяне спачувальна і загадкава. — Ты — маленькі чалавек, — як быццам казаў яе позірк, — што ты зведаў у жыцці? О, каб ведаў ты, як палаюць паходні на сценах залы для піроў, каб ведаў ты, якая насалода цалаваць да крыві каханкаў, дваіх звесці ў бойцы, аднаго атруціць, аднаго кінуць у рукі кату, дапамагаць мужу страляць з вежы па наступаючых ворагах, яшчэ аднаго каханка амаль звесці ў магілу сваім каханнем і пасля ўзяць ягоную правіну на сябе, скласці нз эшафоце сваю галаву з высокім белым ілбом і складанай прычоскай. Клянуся жыццём, так яна мне і сказала, і хоць я ненавіджу арыстакратаў, я зразумеў перад гэтым партрэтам, якая гэта страшная штука «род», якую пячаць ён накладае на нашчадкаў, які цяжар старых грахоў і выраджэння кладзецца на іхнія плечы. І яшчэ я зразумеў, якія незлічоныя дзесяцігоддзі праляцелі над зямлёю з тых часоў, калі гэта жанчына сядзела перад жывапісцам. Дзе яны зараз, усе гэтыя людзі з гарачай крывёю і палкімі жаданнямі, колькі стагоддзяў прагрукацела па іх спарахнелых касцях? Я адчуваў, як вецер гэтых стагоддзяў праляцеў за маёй спіною і ўзняў валасы на маёй галаве. І яшчэ я адчуў, што ў гэтым доме стаіць холад, жахлівы холад, якога не выгнаць нават камінамі, што гараць дзень і ноч. Вялізныя змрочныя залы з траскучым паркетам, змрок па кутах, вечная пройма, пах пылу і мышэй і холад, такі холад, што стыне сэрца, холад, настоены стагоддзямі, холад адзінага маярату вялізнага, збяднелага, амаль вымерлага за апошнія гады роду. О, які гэта быў холад! Каб пазнейшых нашых дэкадэнтаў, якія апявалі занядбаныя панскія замкі, пакінуць тут хоць бы на ноч, яны хутка запрасіліся б на траву, на цёплае сонейка. Пацук смела перабег па дыяганалі залу. Мяне перасмыкнула. Я зноў павярнуўся да партрэтаў. Але пазнейшыя партрэты былі таксама іншымі. У мужчын нейкі галодны незадаволены выгляд, вочы, як у старых селадонаў, на вуснах незразумелая тонкая і непрыемная з'едлівасць. І жанчыны іншыя: вусны занадта пажадлівыя, позірк манерны і жорсткі. І відавочна слабелі рукі: за белай скурай як у мужчын, так і ў жанчын бачны былі блакітныя жылкі. Плечы ставалі вузкімі і пададзенымі наперад, хоць юрлівасць нават мацнела ў выразе твараў. Жыццё, якія жорсткія жарты робіш ты з тымі, хто стагоддзі жыў адасоблена, а з народам меў зносіны толькі на той выпадак, каб нараджаць на свет бастардаў. Мне было цяжка, непрыемна глядзець на гэта. І зноў гэта пачуццё пранізлівага незразумелага холаду… Я не пачуў крокаў за спіною, як быццам той, хто падышоў, плыў у паветры. Мне раптам проста здалося, што нехта глядзіць мне ў спіну. Тады я, прыцягнуты гэтым позіркам, павярнуўся. Жанчына стаяла за маёй спіною і пытальна глядзела на мяне, схіліўшы галаву. Я быў прыгаломшаны. Мне здалося, нібы той партрэт, які толькі што размаўляў са мною, раптам ажыў і жанчына, што стаяла тут, за маёй спіной, сышла з яго. Не ведаю нават, што між імі было агульнага? Тая, на партрэце (я паглядзеў на яго і пабачыў, што ён на месцы), была, відаць, высокая, добра сфармаваная, з вялікім запасам жыццёвых сіл, вясёлая і моцная, прыгожая самка. А гэта — проста заморак. І ўсё ж падабенства было, тое звышпадабенства, якое прымушае нас пазнаваць у натоўпе двух зусім не падобных братоў: брунета і бландзіна. Не, нават большае. У іх былі зусім аднолькавыя валасы, нос той самай формы, той самы разрэз рота і тыя самыя белыя роўныя зубы. І, акрамя гэтага, яшчэ тое агульнае падабенства ў выразе твару, нешта радавое, спрадвечнае. І ўсё ж такой непрыемнай асобы мне яшчэ не даводзілася бачыць. Усё тое самае, і ўсё — не тое. Маленькая ростам, худзенькая, танюткая, як галінка, з амаль неразвітымі клубамі і ўбогімі грудзямі, з блакітнымі жылкамі на шыі і руках, у якіх зусім, здавалася, не было крыві, — яна была слабай, як сцяблінка палыну на мяжы. Вельмі тонкая скура, тонкая доўгая шыя, нават прычоска нейкая незразумела невыразная. І гэта было тым больш дзіўным, што валасы былі залацістыя, дзівоснай пышнасці і прыгажосці. Нашто быў гэты недарэчны затрапезны кукіш на патыліцы? Рысы твару былі выразныя, рэзка акрэсленыя, такія правільныя, што згадзіліся б як узор нават вялікаму скульптару. І ўсё ж я не думаю, каб які-небудзь скульптар спакусіўся б ляпіць з яе Юнону: рэдка мне здаралася бачыць такі непрыемны, варты жалю твар. Вусны дзіўна перакрыўленыя, ля носа глыбокія цені, колер твару шэры, чорныя бровы ў нейкім дзівацкім надломе, вочы вялізныя-вялізныя, чорныя, але і ў іх нейкі незразумелы застыглы выраз. «Небарака, д'ябальскі непрыгожая», — з жалем падумаў я і апусціў вочы. Я ведаю шмат жанчын, якія да самай труны не даравалі б мне гэтых апушчаных вачэй, але гэтая, відаць, прызвычаілася бачыць штосьці нядобрае на тварах усіх людзей, якіх сустракала: яна зусім не звярнула на гэта ўвагі. Не ведаю, ці хацела яна паднесці руку да маіх вуснаў, ці проста працягнула яе для рукапаціскання на англійскі манер, а можа, рука проста здрыганулася, але я ўзяў яе кволыя пальчыкі і пачціва паднёс іх да вуснаў. Можа, я нават затрымаў іх даўжэй, чым трэба было: я ж быў павінен трошкі выкупіць гэты грэх апушчаных вачэй. Калі я апусціў руку, у вачах гэтай дзяўчыны — не, нават дзіцёнка — з'явілася нешта ліхаманкавае, балючае, дзіўнае. Яна ўсё так, як раней, моўчкі паказала мне рукою на крэсла перад камінам. Я, аднак, не сеў, пакуль не села яна. І зноў той самы дзіўны выраз у вачах. І тут я прыпомніў, як дрыжала яе рука ля маіх вуснаў, і зразумеў, што яна проста не ўмела яе падаваць, што ёй ніколі не цалавалі рукі. А папраўдзе, чаго можна было чакаць ад гэтай выклятай Богам балотнай дзіркі сярод лясоў? …Калі тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру і пакінула нас адных, я спытаў, з кім я размаўляю. — Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская. — Прабачце, можа, мне трэба было прадставіцца раней. Я, сам таго не жадаючы, падмануў вашу ахмістрыню. Я зусім не купец… — Я ведаю, — вельмі спакойна сказала яна, — купцы не такія, а я вас ужо бачыла. Там, над дзвярыма, ёсць… высока… непрыкметныя ваўчкі, каб глядзець. Калі да нас прыязджае хтосьці, я адразу бачу, кожны раз. Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюць да нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя… Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі. Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі. Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі. — І, да таго ж, я наогул бачыла вас… раней. — Дзе? — шчыра здзівіўся я. — Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне… Часта… А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое… як быццам вы жылі калісьці, даўно… і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі… даўно-даўно. Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне — адвечны рэаліст — супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы. Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў. — Я вас бачыла, — зноў паўтарыла яна. — Але хто вы! Я не ведаю вас. — Мяне завуць Андрэй Беларэцкі, пані. Я вучоны-фалькларыст. Яна зусім не здзівілася. Здзівіўся я, даведаўшыся, што гэта слова ёй знаёма. — Што ж, вельмі цікава. А чым вы зацікаўлены? Песнямі, прымаўкамі? — Легендамі, пані. Старымі мясцовымі легендамі. Я перапудзіўся не на жарт. Яна раптам выпрамілася, як быццам яе катавалі электрычным токам, твар збялеў, павекі закрыліся, але я згодзен быў пабажыцца, што за імі вочы яе закаціліся. Спуджаны, я падтрымаў яе галаву і паднёс да вуснаў шклянку з вадою, але яна ўжо апрытомнела. І тут вочы яе заіскрыліся такім абурэннем, такім невыказным дакорам, што я адчуў сябе апошнім мярзотнікам, хоць і не ведаў, дзеля якой прыгоды я павінен маўчаць пра сваю прафесію. Я адчуў толькі, што тут нешта звязана са старым правілам: «У доме павешанага не размаўляюць пра шворку». Перарывістым голасам яна сказала: — І вы… І вы таксама… Нашто вы мяне мучыце, нашто мяне ўсе… — Гаспадыня, пані. Дальбог, я не думаў, я не ведаю… Глядзіце, вось пасведчанне ад акадэміі, вось ліст губернатара. Я ніколі не быў тут. Даруйце, даруйце мне, калі я вас чымсьці балюча закрануў. — Нічога, — сказала яна. — Нічога, супакойцеся, пан Беларэцкі. Гэта так… Я проста ненавіджу гэтыя цёмныя стварэнні дзікунскага розуму. Можа, і вы калісьці зразумееце, што гэта такое, гэта цёмнае. А я зразумела даўно. Толькі перш ніж зразумець да канца — я памру. Я ведаў, недалікатна было б распытваць далей. Я змаўчаў. І толькі пасля, калі яна відавочна супакоілася, сказаў: — Прабачце, калі я вас уразіў, пані Яноўская. Я адразу зрабіўся вам непрыемным. Калі вы хочаце, каб я ад вас паехаў? Мне здаецца, лепей зараз. Твар яе зноў дзіка скрывіўся. — Ах, хіба ў тым справа! Не трэба. Вы вельмі, вельмі пакрыўдзіце мяне, калі паедзеце зараз. І да таго ж, — голас яе задрыжаў, — што, каб я папрасіла, разумееце, папрасіла вас застацца тут, у гэтым доме. Хоць бы на два-тры тыдні, да таго часу, пакуль скончацца цёмныя ночы восені. Позірк яе пачынаў блукаць. На вуснах з'явілася жаласная ўсмешка. — Пасля будзе снег… І сляды на ім. Вядома, вы рабіце, як хочаце. Але мне было б непрыемна, каб пра апошнюю з Яноўскіх сказалі, што яна забыла старадаўнюю гасціннасць. Яна так сказала «апошняя з Яноўскіх», гэтая васемнаццацігадовая дзяўчынка, што мне чамусьці аж па сэрцы разанула жалем. — Што ж, — працягвала яна, — калі цікавіцеся гэтым, брыдкім, хіба я магу супярэчыць. Іншыя збіраюць нават змей. Я павінна вам сказаць, што вы прыехалі ў запаветны край. Тут прывідаў і зданяў больш, як жывых людзей. Сяляне, якіх трасе трасца, распавядаюць дзівосныя і жахлівыя гісторыі. Яны жывуць бульбай, галодным пушным хлебам, нішчымнай аўсянкай і фантазіяй. Начаваць у іхніх хатах вам нельга, там бруд, скупчанасць і трасца. Хадзіце па навакольных хутарах, там вам за грошы, якія пойдуць на хлеб ці на гарэлку, што на імгненне сагрэе вечна халодную ад трасцы кроў, раскажуць усё. А вечарам прыходзьце сюды. Тут вас заўсёды-заўсёды будзе чакаць стол, і ложак, і агонь у каміне. Запамятайце, я гаспадыня тут, сяляне слухаюцца мяне. Згода? У гэты час я з упэўненасцю ведаў, што ніхто гэтага дзіцёнка не слухаецца, ніхто яго не баіцца і ніхто ад яго не залежыць. Магчыма, кожнаму другому я ўсміхнуўся б проста ў вочы, але ў гэтым «прыказе» было столькі яшчэ незразумелага для мяне малення, столькі жаласнага, што я прыкрыў павекі і сказаў: — Добра. Я падпарадкоўваюся жаданню паненкі. Яна не заўважыла іранічнай іскры ў маіх вачах і нават паружавела на хвілінку, відаць, з той прычыны, што яе паслухалі. …Вельмі сціплую вячэру ўзялі са стала. Мы засталіся ў крэслах перад камінам. Яноўская азірнулася на чорныя вокны, за якімі шумелі і церліся аб шыбы вялізныя дрэвы, і сказала: — Пан Беларэцкі яшчэ не хоча спаць? Гэты дзіўны вечар так настроіў мяне, што спаць мне расхацелася. І вось мы сядзелі поруч і глядзелі ў агонь. — Скажыце, — раптам запытала яна, — людзі паўсюль так жывуць, як у нас? Я са здзіўленнем глянуў на яе: няўжо яна ніколі не пакідала гэтага дома? Яна, як быццам зразумеўшы, адказала: — Я не была нідзе, акрамя гэтай раўніны ў лясах. Бацька мой, ён быў лепшы чалавек на свеце, сам вучыў мяне, ён быў вельмі адукаваны чалавек. Я, вядома, ведаю, якія ёсць на свеце краіны, ведаю, што не паўсюль растуць нашы яліны, але скажыце, ці паўсюль чалавеку так сіра і холадна жыць на зямлі? — Многім холадна жыць на зямлі, пані. Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку. Але мне здаецца, што не паўсюль так сіратліва, як тут. Там, за лясамі, ёсць цёплыя лугі, кветкі, буслы на дрэвах. Там таксама галеча і забітасць, але там людзі неяк шукаюць паратунку ад гэтага. Людзі прыкрашаюць хаты, жанчыны смяюцца, дзеці бегаюць. А тут усяго гэтага мала. — Я здагадвалася, — сказала яна. — Гэты свет вабіць, але я не патрэбная нідзе, акрамя Балотных Ялін. Ды і што я там буду рабіць, калі там патрэбны грошы? Скажыце, а такія рэчы, як каханне, як сяброўства, там бываюць хоць часам? Ці гэта толькі ў кнігах, якія ёсць у бібліятэцы бацькі? Я зноў ні на хвіліну не падумаў, што гэта двухсэнсоўны жарт, хоць маё становішча было досыць няёмкім: сядзець у начным пакоі і размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне, ды яшчэ па яе ініцыятыве. — Там яно часам бывае. — Вось і я кажу. Не можа быць, каб людзі хлусілі. Але тут нічога гэтага няма. Тут багна і змрок. Тут ваўкі… ваўкі з палаючымі вачыма. У такія ночы мне здаецца, што нідзе, нідзе на зямлі няма сонца. Мне стала страшна, калі я пабачыў сухі чорны бляск яе вачэй, і, каб перавесці тэму размовы на штосьці іншае, сказаў: — Няўжо вашы бацька і маці не кахалі адзін аднаго? Яна загадкава ўсміхнулася: — У нас не кахаюць. Гэты дом цягне з людзей жыццё. І потым, хто вам сказаў, што ў мяне была маці. Я яе не памятаю, яе не памятае ніхто ў доме. Часам мне здаецца, што я з'явілася на свет сама. Нягледзячы на глыбокую наіўнасць гэтых слоў, я зразумеў, што гэта не вядомая сцэна з «Дэкамерона» і тут нельга смяяцца, бо гэта жудасна. Перада мною сядзела васемнаццацігадовавя дзяўчына і размаўляла са мною пра тое, што даўно павінна была хаваць у сэрцы і што, аднак, мела для яе не большую рэальнасць, ніж для мяне анёлы на небясі. — Вы памыляецеся, пані, — буркнуў я, — каханне ўсё ж даецца нам, хоць зрэдку, на зямлі. — Ваўкі не могуць кахаць. І як можна кахаць, калі наперадзе смерць. Вось яна, за акном. Худзенькая празрыстая ручка паказала на чорныя плямы акон. І зноў забулькацеў галасок: — Вашы хлуслівыя кнігі пішуць, што гэта найвялікшая таямніца, шчасце і святло, што чалавек, калі яно прыходзіць, а другі не кахае, забівае сябе. — Так, — адказаў я. — Іначай не было б ні жанчын, ні мужчын. — Хлусіце. Людзі забіваюць не сябе, а іншых, яны выпусцілі на зямлю тысячы прывідаў, зданяў. Я не веру, я ніколі не адчувала гэтага, значыць, яго няма. Я ні да каго не хачу дакранацца — я хачу схавацца ад кожнага. Я нікога не хачу, як дзіўна пішуць вашы кнігі, «цалаваць» — людзі кусаюцца. Нават зараз такая размова пужае некаторых мужчын — што ж казаць пра тыя часы. Я не належаў да нахабных мужчын, але мне не было сорамна: яна размаўляла пра каханне так, як іншыя жанчыны пра надвор'е. Яна не ведала, нічога не ведала пра гэта, яна была неразбуджаная, зусім халодная, халодная як лёд. Яна нават не магла разумець, сорамна гэта ці не. І вочы яе адкрыта глядзелі ў мае, не прыгашаныя павекамі. Гэта не магло быць какецтвам. Гэта быў дзіцёнак, нават не дзіцёнак, а жывы труп. І яна глыбей захуталася ў шаль і сказала: — На зямлі пануе смерць. Гэта я ведаю. Я не люблю, калі хлусяць пра тое, чаго ніколі не было на зямлі. Мы пасядзелі яшчэ. Вецер лямантаваў знадворку. Яна знізала плячыма і ціха сказала: — Жахлівы край, жахлівыя дрэвы, жахлівыя ночы. І зноў я пабачыў той самы выраз на яе твары і не зразумеў яго. — Скажыце, гэта вялікія гарады, Вільня і Менск? — Даволі вялікія. Але Масква, Пецярбург большыя. — І што, там таксама людзям нядобра ўночы? — Не, што вы. Там за вокнамі агні, усю ноч гараць ліхтары, звіняць конкі, там людзі смяюцца на вуліцах. Яна задумалася. — Вось бачыце. А тут ніводнага агню. Вакол гэты стары парк на дзве вярсты ў кожны бок, а за ім спяць без агнёў самотныя хаты. У замку каля пяцідзесяці пакояў, не лічачы калідораў і розных пераходаў з закуткамі. Ён так даўно пабудаваны. І ён вельмі халодны, бо продкі забаранілі рабіць у ім печкі, толькі каміны, каб не было падобна на простых суседзяў. Каміны палаюць удзень і ўначы, але ўсё адно па кутах вільгаць і паўсюль холад. У нас на пяцьдзесят пакояў толькі тры чалавекі. Ахмістрыня спіць на першым паверсе, там і вартаўнік. Яшчэ ў адным з флігеляў, за алеяй, жывуць вартаўнік парку, кухарка і праля. Там добра. А ў другой прыбудове дома, з асобным уваходам, жыве яшчэ мой упраўляючы, Ігнат Берман-Гацевіч. Нашто ён патрэбен, упраўляючы, не ведаю, але такі закон. А ў доме на ўвесь другі паверх, на трыццаць пакояў, я адна. І так непрытульна, што хочацца заціснуцца кудысьці ў кут, захутацца з галавою, як дзіцёнку, у коўдру і сядзець так. Вось зараз мне чамусьці вельмі добра і так спакойна, як не было ўжо два гады, з таго дня, як памёр бацька. І мне зараз усё роўна, ёсць агні за гэтымі вокнамі ці няма. Ведаеце, гэта вельмі добра, калі поруч ёсць людзі. Яна давяла мяне праз гадзіну да майго пакоя (яе пакой быў толькі праз адны дзверы ад майго) і, калі я ўжо адчыняў дзверы, сказала: — Калі вы цікавіцеся старымі паданнямі — пашукайце ў бібліятэцы, у шафе для рукапісаў. Там павінен быць рукапісны том паданняў, нашых сямейных паданняў. Ну, і яшчэ такія-сякія дакументы. І дадала: — Дзякуй вам, пан Беларэцкі. Я не зразумеў, за што яна мне дзякавала, і, прызнаюся, нават не вельмі думаў пра гэта, калі ўвайшоў у невялікі свой пакой без засаўкі на дзвярах і паставіў свечку на стол. У пакоіку быў ложак, шырокі, як поле бою пад Койданавым. Над ложкам стары балдахін. На падлозе — выцерты цудоўны кілім. Ложак, відаць, засцілалі з дапамогаю асаблівай палкі (як дзвесце год таму), такі ён быў вялікі. І палка стаяла поруч. Акрамя ложка была камода, высокая канторка і стол. Больш нічога. Я распрануўся і лёг пад цёплую коўдру, задзьмуўшы свечку. Адразу ж за акном выступілі на сінім фоне чорныя сілуэты дрэў, і данёсся іх роўны, наводзячы сон, шум. І чамусьці гэта адчуванне закінутасці зрабіла тое, што я выцягнуўся, закінуў рукі за галаву і, ледзь не засмяяўшыся ад шчасця, заснуў, як праваліўся ў нейкую цёмную і прыемную прорву. Праз сон мне здалося яшчэ толькі, што нехта ішоў маленькімі асцярожнымі крокамі па калідоры, але я не звярнуў на гэта ўвагі, я спаў і радаваўся ў сне, што сплю. Гэта была апошняя мая спакойная ноч у доме Яноўскіх на Балотных Ялінах. Навокал на многіх дзесяцінах шумеў і хваляваўся пад асеннім дажджом закінуты, глухі, чорны ад старасці і вільгаці парк. РАЗДЗЕЛ ДРУГІ Наступны дзень быў звычайным шэрым днём, якія часта бываюць увосень у Беларусі. Ранкам я не бачыў гаспадыні, мне сказалі, што яна дрэнна спіць уначы і таму ўстае позна. Твар ахмістрыні, калі я сядзеў за сняданнем, быў нейкі воцатна-кіслы і такі надзьмуты, што непрыемна было глядзець. Таму я не затрымаўся за сталом, узяў у пакоі свой вялізны зашарпаны сшытак, пяць алоўкаў, накінуў сухі плашч і, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшага пачынка, выйшаў з пакоя. Мне адразу ж стала неяк лягчэй, хоць наваколле не магло пахваліцца весялосцю. Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буялі мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэгага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў. Сляды чалавечай рукі былі відаць толькі перад уваходам, дзе змрочным пурпурам гарэлі на вялікай курціне познія астры. І дом выглядаў так змрочна і холадна, што сэрца сціснула. Быў ён двухпавярховы, з вялізным бельведэрам і невялікімі вежкамі па краях і вызначаўся той адсутнасцю архітэктуры, якая была тыповай для беларускіх палацаў у тыя часы, калі нашы продкі кінулі будаваць замкі, але яшчэ патрабавалі ад дойлідаў, каб яны рабілі палацы падобнымі на гэтыя замшэлыя старыя берлагі. Я вырашыў ісці ў пачынак не раней, як агледзеўшы ўсё тут, і пайшоў па алеі. Чорт ведае, які дурань вырашыў насаджаць у такім змрочным месцы яліны, але гэта было зроблена, і дрэвы, якім было ніяк не менш за сотню год, зрабілі мясцовасць толькі трошкі больш прыемнай, ніж славуты лес у Дантэ. Яліны, тоўстыя — дваім не абхапіць, — падступалі да самых муроў палаца, заглядалі лапамі ў вокны, узвышалкя сіне-зялёнымі конусамі над дахам. Стаўбуры іх зацягнула сівая барада мхоў і лішайнікаў, ніжнія галіны звісалі да зямлі, як шатры, і алея нагадвала вузкае міжгор'е. Толькі ля самага дома бачны былі там-сям пахмурныя, чорныя ад дажджу, амаль голыя волаты ліпы і адзін каржакаваты дуб, відаць, запаветны, бо ўзносіў сваю макушу на некалькі сажняў вышэй за самыя высокія яліны. Ногі мае бясшумна ступалі па ігліцы, пасля я пачуў, што злева пацягнула дымком, і пайшоў на пах. Хутка дрэвы расхінуліся, толькі каб паказаць такі ж зарослы флігель з паваленым ганкам і забітымі вокнамі. «З палову вярсты будзе да палаца, — падумаў я. — Калі, скажам, гаспадароў надумаюцца рэзаць — тут не пачуюць, хоць з гарматы страляй». Ля самых акон стаяў на дзвюх цаглінах чыгунок, і нейкая сівая гарбатая жанчына памешвала ў ім лыжкай. Напэўна, у флігелі дымілі печы, і таму гаспадары да позняй восені варылі ежу на свежым паветры. І зноў зялёны змрок алеі. Я вельмі доўга ішоў ёю, пакуль не дабраўся да таго месца, праз якое мы трапілі ў парк. Тут бачны былі свежыя сляды нашага вазка, і агароджа, чыгунная, вітая, выключна тонкай работы, была павалена, разбіта на кавалкі і адцягнута ў бакі. Праз яе віткі прараслі даволі вялікія бярозкі. А за агароджай (тут алея звяртала налева і цягнулася немаведама куды) ляжала бурая неабсяжная раўніна са скарлючанымі рэдкімі дрэўцамі, зялёнымі вокнамі (у адно з іх мы, відаць, учора ледзь не трапілі, і я заднім лікам пахаладзеў ад жаху), рэдкімі велічнымі каменнямі. Самотная варона круцілася над гэтым гіблым месцам. …Калі я з'явіўся надвячоркам дадому з пачынка, я быў так намучаны гэтым змрочным месцам, што ледзь узяў сябе ў рукі. Мне пачынала здавацца, што гэта назаўсёды, гэтыя бурыя раўніны, дрыгва, напаўжывыя ад трасцы людзі, выміраючы ад старасці парк — уся гэта безнадзейная і ўсё ж родная зямля, над якою ўдзень хмары, а ўначы свеціць воўчае сонца або лье бясконцая зліва. Надзея Яноўская чакала мяне ў тым самым пакоі, і зноў былі той самы дзіўны выраз на яе перакрыўленым твары і тая самая няўважлівасць да вопраткі. Толькі на стале, дзе стаяў позні абед, былі змены. Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда. Але здзівіла мяне не гэта, тым больш што ўсе гэтыя рэчы былі разрозненыя, цёмныя ад старасці, там-сям трошкі змятыя. Здзівіла мяне тое, што гэтыя рэчы былі даўняй мясцовай работы. Вы, вядома, ведаеце, што стагоддзі два-тры таму срэбная і залатая пасуда ў Беларусі была пераважна нямецкай работы, вывезеная з прусаў. Гэтыя прадметы, багата аздобленыя рознымі выкрутасамі, рэльефнымі фігуркамі святых і анёлаў, былі саладжавыя і прыгожанькія, да таго, што хацелася ванітаваць, але што зробіш, гэта была мода. А гэта было сваё: нязграбныя, трошкі прысадзістыя фігуркі на вазе, характэрны арнамент. І нават у жанчыны на салонцы было простае шыракаватае тутэйшае аблічча. І сярод гэтага стаялі два келіхі з вясёлкавага старажытнага шкла, якога зараз на вагу золата не знойдзеш (адзін келіх, перад ёю, быў трошкі надбіты зверху). Як на грэх, адзіны за ўвесь дзень апошні прамень сонца прабіўся ў акно і зайграў у шкле, запаліў у ім дзесяткі рознакаляровых агеньчыкаў. Гаспадыня, напэўна, заўважыла мой позірк і сказала: — Гэта ўсё апошняе з тых трох прыбораў, якія засталіся ад продка, Рамана Жысь-Яноўскага. Але ходзіць недарэчнае паданне, быццам гэта падарунак яму… ад караля Стаха. Праўда, сёння яна неяк пажвавела, здавалася нават не такой непрыгожай, відаць, ёй падабалася новая роля. Мы выпілі віна і паелі, амаль увесь час размаўляючы. Віно было чырвонае, як гранат, і надзвычай добрае. Я зусім развесяліўся, смяшыў гаспадыню, і нават у яе з'явіліся на шчоках дзве не вельмі здаровыя ружовыя плямы. — А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак «жысь»? — Даўняя гісторыя, — зноў змрочна сказала яна. — Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: «Жысь!» — гэта па-нашаму, мясцоваму, значыць «сцеражыся!», і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў. Тады Раман, з рызыкай забіць караля, стрэлам трапіў зубру ў вока, і той паваліўся амаль побач з каралём. Пасля гэтага ў наш герб далі пішчаль, а да прозвішча прыдомак «жысь». — Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, — сцвердзіў я. — Прабачце, я прафан у геральдыцы. Яноўскія, мне здаецца, вядуцца на нашай зямлі з дванаццатага стагоддзя? — З трынаццатага, — сказала яна. — І лепей бы яны не вяліся. Гэтыя законы роду чыстае глупства, але супраць іх не пойдзеш. Гэтыя каміны, гэта правіла абавязкова жыць у гэтым доме камусьці з нашчадкаў, забарона прадаваць яго. А, між іншым, мы жабракі. І дом гэты — жахлівы дом. І на нас як праклён які ляжыць. Двойчы пазбаўлялі герба, труцілі. Амаль ніхто з продкаў не памёр сваёй смерцю. Вось гэтага ў чырвоным плашчы жыўцом адпелі ў царкве, вось гэтая жанчына з непрыемным тварам, наша дальняя сваячка, Дастаеўская (між іншым, адзін з продкаў славутага пісьменніка), забіла мужа і ледзь не знішчыла пасерба, яе засудзілі да страты. Што зробіш, нашчадкам за ўсё гэта трэба плаціць, і на мне род Яноўскіх згіне. А як мне хочацца часам на цёплае сонца, пад шаты сапраўдных дрэў, якія тут не растуць. Мне часам сняцца яны — маладыя, вялізныя, пышныя, як зялёнае воблака. І воды, такія светлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасця сэрца. А тут гэтыя агідныя яліны, дрыгва, змрок… Полымя каміна наружовіла яе твар. За вокнамі ўжо залягла глыбокая чорная ноч, і, відаць, пачалася зліва. — Ах, пан Беларэцкі, я такая шчаслівая, што вы тут, што ёсць поруч чалавек. Звычайна я ў такія вечары голасна спяваю, але я і песень добрых не ведаю, усе старыя, з рукапісных кніг, сабраных дзедам. І там жахі: чалавек цягне па расянцы чырвоны след, а звон, які даўно патануў у дрыгве, гучыць па начах, гучыць… Прыходзяць дні, адыходзяць дні… - заспявала яна глыбокім дрыжачым голасам. - Прыходзяць дні, адыходзяць дні, На святло наплывае цень. Б'ецца Сказко з Кірдзяём Пацуком, Б'ецца і ноч і дзень. Кроў ад напругі з пазногцяў бяжыць, З шабляў полымя мечуць паны, І ўпаў Сказко, і паклікаў ён: «Дзе ж вы, другі?» Не чуюць яны. Любка Юр'еўна ўчула голас яго, Пазбірала свой моцны род. І «пабеглі есмо» на конях яны Да далёкіх рудых балот. — А далей дрэнна. Не хачу спяваць. Толькі і добра, што апошнія радкі: І яны пілі адзін аднаго, І яны у згодзе жылі. Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёй, Пакуль разам у дол не сышлі. Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня! А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося крывёю. Што зробіш, я наогул недаравальна жаласлівы. Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў. Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца. Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай. У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны з паважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур'ёзным людзям. Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было. Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў, і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі. — Чуеце? Я прыслухаўся. У мяне тонкі слых, але толькі праз хвіліну я пачуў тое, што чула яна. Недзе ў калідоры, злева ад нас, трашчаў пад нечымі крокамі паркет. Хтосьці ішоў доўгімі бясконцымі пераходамі, і крокі то заціхалі, то з'яўляліся зноў. — Чуеце? Топ-топ-топ… — Надзея Раманаўна, што з вамі, што такое?! — Пусціце мяне… Гэта Малы Чалавек… Гэта зноў ён… Па маю душу. З усяго гэтага я зразумеў толькі тое, што ў гэтым доме чыняцца нейкія недарэчныя жарты, што тут нейкі вісус палохае жанчыну. Не зважаючы на тое, што яна схапіла мяне за рукаў, імкнучыся затрымаць, я схапіў камінную качаргу і кінуўся па сходах да калідора. Гэта было справай хвіліны, і я расчыніў нагою дзверы. Вялізны калідор быў напаўцёмны, але я добра бачыў, што ў ім нікога не было. Так, нікога не было. Былі толькі крокі, якія гучалі па-ранейшаму трохі няўпэўнена, але гучна. Яны былі зусім блізка ад мяне, але патрохі аддаляліся ў другі канец калідора. Што заставалася рабіць? Ваяваць з тым, каго не бачыш? Я ведаў, што гэта дарэмная справа, але я стукнуў качаргою проста ў тое месца, адкуль чуліся крокі. Качарга прарэзала пустое паветра і са звонам упала на падлогу. Смешна? Мне было ў той час, як вы здагадваецеся, не да смеху. У адказ на мой дастахвальны і рыцарскі ўдар нешта жаласна і глуха застагнала, пасля пачуліся яшчэ два-тры крокі — і ўсё сціхла. Толькі тут я ўспомніў, што гаспадыня засталася адна ў гэтай вялізнай цёмнай зале, і заспяшаўся да яе. Я чакаў, што яна страціла прытомнасць, звар'яцела ад жаху памерла, але толькі не таго, што пабачыў. Яноўская стаяла ля каміна, і твар яе быў суровы, змрочны, амаль спакойны, толькі з тым самым незразумелым выразам у вачах. — Дарэмна вы кінуліся туды, — сказала яна. — Вы, вядома, нікога не пабачылі. Я ведаю, бо бачу яго толькі я і часам яшчэ ахмістрыня. Берман бачыў яго. — Каго «яго»? — Малога Чалавека Балотных Ялін. — А гэта што такое? — Не ведаю. Але ён з'яўляецца, калі ў Балотных Ялінах хтосьці павінен памерці наглай смерцю. Ён можа хадзіць яшчэ год, але дачакаецца свайго. — Магчыма, — няўдала пажартаваў я. — Будзе сабе хадзіць яшчэ год семдзесят, пакуль вас не пахаваюць праўнукі. Яна рэзка адкінула галаву: — Я ненавіджу тых, хто жэніцца. І не смейце жартаваць з гэтым. Гэта занадта сур'ёзна. Так загінула восем маіх продкаў, — гэта толькі тыя, пра каго запісалі, — і заўжды ў запісах упамінаюць Малога Чалавека. — Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх. — А бацька? Мой бацька? Гэта не запісы, гэта чула, гэта бачыла я сама. Бацька быў атэіст, але ў Малога Чалавека і ён верыў да таго самага часу, пакуль яго не даканала дзікае паляванне. Я чула, разумееце?! Тут вы мяне не пераканаеце. Гэтыя крокі гучалі ў нашым палацы перад яго смерцю амаль кожны дзень. Што мне было рабіць? Пераконваць яе, што гэта была слухавая галюцынацыя? Але я не галюцыніраваў, я выразна чуў крокі і стогн. Казаць, што гэта нейкі стары акустычны эфект? Не ведаю ці дапамагло б гэта, хоць палова чутак пра прывіды ў старых будынках грунтуецца менавіта на такіх фокусах. Напрыклад, вядомы прывід палаца Любамірскіх у Дуброўне выявіўся нарэшце сасудам з ртуццю і залатымі манетамі, які невядомы жартаўнік год за сто да адкрыцця таямніцы замураваў у комін якраз у тым месцы, дзе ён выходзіў на сонечны прыпёк. Варта было начному холаду начаць змяняцца на дзённую спякоту, як амаль ва ўсіх пакоях другога паверха пачыналіся дзікі лямант і шоргат. Але хіба пераканаеш у гэтым дурненькае дзяўчо? Таму я з важным выглядам спытаў: — А хто ён такі, які ён, гэты Малы Чалавек Балотных Ялін? — Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы — нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа… трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік. Гэта сапраўды малы чалавек, можа, па грудзі мне, ён худы і нагадвае заморанага дзіцёнка. У яго сумныя вялікія вочы, надта доўгія рукі і ненатуральная выцягнутая галава. Апрануты ён, як дзвесце год таму, але на заходні манер. Вопратка зялёная. Ён звычайна зварочваў ад мяне за паваротку калідора і, пакуль я дабягала, знікаў, хоць гэты калідор зусім глухі. Там ёсць толькі пакой з даўно закінутым рызманом. Але ён забіты дзюймовымі цвікамі: мы назнарок пасля спрабавалі адчыніць — нельга. Мне стала вельмі шкада яе. Няшчасная, напэўна, проста была на шляху да вар'яцтва. — І гэта яшчэ не ўсё, — насмелілася яна. — Можа, трыста год не было ў гэтым палацы Блакітнай Жанчыны — бачыце, вось той, што на партрэце. Сямейныя паданні казалі, што яна задаволіла прагу помсты, але я не верыла. Гэта была не такая асоба. Калі яе ў 1501 годзе цягнулі на страту, яна крыкнула мужу: «Косці мае не супакояцца, пакуль не здохне апошняе змеяня гэтай пароды». І пасля амаль сто год ад яе не было паратунку: то чума, то невядома кім падкінутая ў кубак атрута, то смерць ад невядомага начнога жаху. Яна кінула помсціць толькі прапраўнукам… Але зараз я ведаю, што яна трымае слова. Не так даўно яе пабачыў Берман на забітым балконе, бачылі і другія. Не бачыла адна толькі я, але гэта яе звычай, спачатку паказвацца іншым, а таму, каму трэба, толькі ў часіну смерці… Мой род знікне на мне, я гэта ведаю. Нядоўга засталося чакаць. Яны будуць задаволены. Я ўзяў яе руку і моцна сціснуў, жадаючы прывесці яе да прытомнасці, чымсьці адцягнуцть ад гэтых слоў, якія яна казала, быццам у сне. — Вы не павінны непакоіцца. Калі на тое пайшло, я таксама зацікавіўся гэтым. Зданям не месца ў век пары. Я клянуся вам, што тыя два тыдні, што мне засталося тут быць, я прысвячу гэтаму. Ч-чорт, бязглуздзіца нейкая! Толькі не бойцеся. Яна ўсміхнулася слабай ціхай усмешкай. — Што вы… я прывыкла. Такое тут робіцца кожную ноч. І той самы незразумелы для мяне выраз на твары, які так псаваў яе аблічча. Толькі тут я зразумеў яго. Гэта быў жах, застарэлы цёмны жах. Не той жах, які прымушае на хвіліну ўстаць дыбарам валасы, а жах, які настойваецца гадамі, які становіцца нарэшце звыклым станам для арганізма, ад якога не пазбаўляюцца нават у сне. Нябога была б, можа, і нядрэнная сабою, каб не гэты ўстойлівы цёмны жах. А яна, нягледзячы на тое,што я быў блізка, аж насоўвалася бліжэй да мяне, толькі каб не бачыць спіною чакаючай цемры. — Ах, пан Беларэцкі, гэта жахліва. Чым я вінаватая, што павінна адказваць за грахі дзядоў? А на гэтыя слабыя плечы лёг увесь цяжар без астачы. Ён ліпкі і цёмны. Каб вы ведалі, колькі крыві, забойстваў, сірочых слёз, звычайнага бруду на кожным шляхецкім гербе! Колькі забітых, зашмаганых да смерці, пакрыўджаных! Мы не маем права на існаванне, нават самыя сумленныя, самыя лепшыя. У нашых жылах не блакітная, а брудная кроў. Няўжо вы думаеце, што ўсе мы, да дваццатага калена, не павінны адказваць за гэта, адказваць жахам, галечай, смерцю? Мы былі такія абыякавыя да народа, які пакутаваў з намі поруч і ад нас, мы лічылі яго быдлам, мы лілі віно, а яны лілі кроў. Яны не бачылі нічога, акрамя дрэннага хлеба. Пан Дубатоўк, мой сусед, аднойчы прыехаў да бацькі і распавёў анекдот пра тое, як маці-сялянка прывяла сына да пана і той пачаставаў іх калдунамі з мясам. Дзіцёнак спытаў, што гэта такое. Маці, па вясковай далікатнасці, штурхнула яго нагою і шапнула: «Маўчы!» Дзіцёнак з'еў тое, што было на талерцы, пасля ўздыхнуў і ціха сказаў: «А я дзесяць маўчоў з'еў». Усе, хто слухаў анекдот, смяяліся, а я здатная была даць Дубатоўку ляпасу. Гэта не смешна, калі дзеці ніколі ў вочы не бачылі калдуноў, ніколі-ніколі не елі мяса. У іх рэдкія валасы, крывыя ногі, у чатырнаццаць год гэта зусім дзеці, а ў дваццаць пяць — дзяды са зморшчанымі старэчымі тварамі. Як іх ні гадуй — яны народзяць такіх самых дзяцей, калі наогул народзяць. Яны адказвалі нам паўстаннямі, лютавалі ў гэтых паўстаннях, бо да гэтага цярпелі цэлае стагоддзе нечуваную крыўду. І мы пасля страчвалі іх. Вось гэты, на сцяне, у бабровым футры, закатаваў нават свайго стрыечнага брата, які стаў на бок вашчылаўцаў. Прозвішча брата было Агей Грынкевіч-Яноўскі. Якія мы былі абыякавыя. Такія самыя двухногія, як мы, елі траву, хоць край наш, шчодры і багаты, лепшы на зямлі, ніколі не прымусіць чалавека памерці ад нястачы ежы. Мы гандлявалі радзімай, прадавалі яе хцівым суседзям, а сяляне любілі яе, сваю мачыху, і… падыхалі ад бясхлеб'я. І хто абвінаваціць іх, калі яны возьмуць вілы і ўваб'юць іх нам у грудзі? Мне здаецца, што нават праз сто год, калі ўсе мы вымрам, калі нашчадкі гэтых няшчасных выпадкова адшукаюць нейкага шляхціца — яны будуць мець поўнае права забіць яго. Зямля не для нас. Я глядзеў на яе са здзіўленнем. Гэты запал, гэта натхненне ўласным словам зрабілі яе твар незвычайным. Я толькі тут зразумеў, што ніякая яна не непрыгожая, што перада мною незвычайная дзяўчына, прыгожая дзіўнай, трохі вар'яцкай прыгажосцю. Ух! Якая гэта была прыгажосць!!! Напэўна, такімі былі нашы старажытныя «прарочыцы», якія біліся ў атрадах Мурашкі і Мужыцкага Хрыста. Гэта была прыгажосць незямная, замучаная з горкімі вуснамі і вялікімі чорнымі сухімі вачыма. І раптам… усё гэта знікла. Перада мною зноў сядзеў той самы заморак. Толькі я ўжо ведаў, якая яна на самай справе. — І ўсё ж мне вельмі, вельмі не хочацца паміраць. Я так хачу сонца, іншых, не бачаных мною лугоў, дзіцячага смеху. Я вельмі жадаю жыць, хоць і не маю на гэта права. Толькі гэта і дало мне магчымасць вытрымаць гэтыя два гады, хоць выйсця няма. Тут начныя крокі. Малы Чалавек, Блакітная Жанчына. Я ведаю, я памру. І ўсё гэта дзікае паляванне караля Стаха. Каб не яно — мы, магчыма, яшчэ жылі б. Яно заб'е нас. І яна змоўкла, змоўкла на цэлую гадзіну, пакуль не прыйшоў час ісці па пакоях. І калі да гэтага вечара я быў абыякавы да гэтай заморанай шляхцяначкі, дык пасля яе палкіх слоў зразумеў, што нейкім дзівам з яе атрымаўся сапраўдны чалавек. Гэтаму чалавеку трэба было абавязкова дапамагчы. І, лежачы ў цемры з адкрытымі вачыма, я амаль да ранку думаў, што калі ўчора я вырашыў ехаць праз два дні з брыдкага месца і далей ад радавітай гаспадыні, дык зараз я застануся тут на тыдзень, два, тры, на месяц, каб разгадаць усе гэтыя таямніцы і вярнуць сапраўднаму чалавеку заслужаны ім спакой. РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ Першае, што я зрабіў наступнага дня, гэта ададраў дошкі ад дзвярэй таго адзінага закалочанага пакоя, у якім толькі і мог знікнуць Малы Чалавек, калі ён быў істотай з плоці і крыві. Цвікі заржавелі, філёнгі на дзвярах былі цэлымі, у пакоі ляжаў пласт пылу на тры пальцы. Там ніхто не мог схавацца, і я зноў закалаціў дзверы. Пасля я абследаваў усе пакоі ў другім крыле і пераканаўся, што схавацца там няма дзе. Над калідорам, дзе я чуў крокі, была гара, на якой таксама не было слядоў. Справа былі дзверы ў мой пакой і пакой гаспадыні, глухі мур і за ім парк. Ад усяго гэтага ў мяне пачало круціцца ў галаве. Няўжо сапраўды існуе на свеце нешта зверхразумовае? З гэтым я, загартаваны «афеіст», ніяк не мог згадзіцца. Мне прыйшла ў галаву думка, што трэба пайсці ў бібліятэку і даведацца нарэшце, што гэта за дзікае паляванне, пра якое мне было нязручна распытваць гаспадыню. Дарэчы, я спадзяваўся адшукаць там які-небудзь стары план дома, каб пасля распачаць метадычныя пошукі. Я ведаў, што ў нашых старых палацах бывалі часам так званыя «слухаўкі», гэта значыць таемныя прабоі ў мурах. У іх звычайна былі замураваны «галаснікі», — асобай формы гарлачы, што ўзмацнялі гукі, — і гаспадар мог, знаходзячыся ў другім канцы палаца, добра чуць, што гавораць госці або слугі ў гэтым канцы. Магчыма, і тут было нешта падобнае. Якая-небудзь ахмістрыня хадзіла ўначы на першым паверсе, а крокі яе былі чутны тут. Гэта была слабая надзея, але чаго не здараецца… І я накіраваўся ў бібліятэку, якая размяшчалася ў бельэтажы, між першым і другім паверхамі, у асобным крыле. Рэдка мне здаралася бачыць такія запушчаныя пакоі. Паркет выбіты, вялізныя вокны ў пыле, люстры на столі ў пыльных чахлах. Відаць, гэта была самая старажытная частка дома, «замчышча», вакол якога пасля ўзнік сам палац. Гэта прыйшло ў маю галаву, калі я пабачыў перад самай бібліятэкаю дзіўны пакой. І тут быў камін, але такі вялізны, што зубра можна было засмажыць, і нават гнёзды ад пожагаў яшчэ засталіся на яго сценах. Вокны маленькія, з каляровых шкельцаў, сцены груба атынкаваныя; на столі перакрыжоўваюцца цяжкія квадратныя бэлькі, укрытыя закуранай разьбою. А на сценах старая грубая зброя. Словам, гэта быў пакой тых «добрых старых часоў», калі паны разам з хлопамі збіраліся ў адну залу і сядзелі зімовымі вечарамі пры вогнішчы. Пані і чалядніцы пралі, пан гуляў з хлопцамі ў «дваццаць пальцаў» або ў косці. Ах, ідылічныя старыя часы! І куды, нашто вы толькі зніклі? Праўда, пасля між адным і другім магло здарыцца такое, што — толькі паслухаеш — кроў ледзянее і жыць не хочацца, але ж гэта глупства, на гэта зважаюць толькі сентыментальныя хлюпікі. Прабачце мне, шаноўныя чытачы, што я не магу прайсці міма ніводнага пакоя, каб не распавясціць пра яго. Што паробіш, на старасці год чалавек робіцца балбатлівы. І, да таго ж, вы такога ніколі не бачылі і не пабачыце. Магчыма, камусьці будзе цікава. Бібліятэка была пад стыль перадпакоя. Высокія скляпенні, вокны на калонках, крэслы, абабітыя рудой ад старасці скурай, вялізныя шафы моранага дубу і кнігі, кнігі, кнігі. Ну, як прайсці паўз іх і не сказаць вам хаця пару слоў! У мяне сліна цячэ ад адных успамінаў. Даўнія пергаментныя кнігі, кнігі на першай порыстай паперы, кнігі на жоўтай ад старасці, гладкай ільснянай паперы. Кнігі ХVІІ стагоддзя, якія адразу адгадаеш па гатунку скуры на вокладках. Рудая скура вокладак ХVІІІ стагоддзя; драўляныя дошкі, абцягнутыя тонкай чорнай скурай, на вокладках кніг ХVІ стагоддзя. І назвы, Божа, якія назвы! «Катэхізіс роускі», «Сапраўдная хроніка Яна Збароўскага», «Варлам-індзеянін», «Прытча пра славія», старыя шастадневы, «Пчала працавітая», рукапісныя зборнікі старых легенд, «Gesta Romanorum» з двухсот апавяданннў, «Трышчан і Ізота», «Бава» ў беларускім варыянце, «Анафегмы», «Прамова Мялешкі» — гэта быў скарб. А больш новыя манерныя кнігі з доўгімі назвамі накшталт: «Плаценне амурнае, або тысяча спосабаў, якімі адарыраваны кавалер свой прадмет да згоды з амурнай пажадлівасцю сваёй прывесці можа». Але хопіць, іначай я рызыкую ніколі не скончыць свайго апісання. Я так захапіўся кнігамі, што не адразу заўважыў у пакоі другога чалавека. А ён між тым узняўся з крэсла і чакальна глядзеў на мяне, трохі нахіліўшы галаву. На вуснах ягоных была прыемная ўсмешка, вялікія вочы ласкава ўсміхаліся. Адной рукою ён сарамліва прытрымліваў на жываце халат. Мы адрэкамендаваліся. — Андрэй Беларэцкі. — Ігнась Берман-Гацэвіч, упраўляючы, — сказаў ён ціхім ветлівым голасам. Мы селі. Я глядзеў на гэтага чалавека, зацікаўлены. Што магло трымаць яго ў жахлівых Балотных Ялінах? Грошы? Іх не было. А ён, як быццам імкнучыся адказаць на мае думкі, сказаў: — Бачыце, якія кнігі. Дзеля іх і трымаюся тут. Кнігалюб. Кнігалюб быў невысокі, дрэнна збіты чалавек. Твар яго, мяккі і пяшчотны, занадта мяккі для мужчыны трыццаці пяці год, быў румяны нежывым румянцам, як на фарфоравай ляльцы. І наогул ён быў занадта «лялечны». Вялікія шэрыя вочы, доўгія вейкі, роўны прамы носік, тонкія, прыемна складзеныя вусны. Пастушок з табакеркі. І барада ў яго расла слабая, як у многіх беларусаў з нездаровых балотных мясцін. — Вы, напэўна, з паўночнай Меншчыны? — спытаў я. — О, пан не памыляецца, не, — сказаў ён. — Да гэтага жыў у губернскім горадзе. А зараз тут. Калі б у мяне спыталі, якая рыса гэтага чалавека перш за ўсё кідаецца ў вочы, я б сказаў: «Старамодная галантнасць». Ён быў цудоўна выхаваны, гэты лялёныш, выхаваны ў духу правінцыяльнай шляхецкай гжэчнасці, якая смяшыць нас. Калі глядзіш на такіх людзей — так і здаецца, што ў іх сям'і дзеці, гуляючы ў схованкі, хаваліся пад шырачэзную, у шэсць полак, шарсцяную сукню бабулі, якая — бабуля, а не сукня — вязала панчохі або цыравала новыя шкарпэткі, каб не так хутка прадзёрліся. І, аднак, гэта ўражанне хутка рассейвалася. Нешта пурытанскі-чапурыстае, жарсткавае было ў гэтых вачах, у падціснутых вуснах. Але таго, што дадзена, не адбярэш. Гэта быў сапраўды абазнаны ў кнігах чалавек. Праз дваццаць хвілін размовы я зразумеў гэта, мала таго, пераканаўся, што гэты самавук ведае старажытную літаратуру не горш, як я, чалавек з універсітэцкай адукацыяй. Таму я навёў размову на дзікае паляванне. У Бермана вусны склаліся, як курыная дупка. — Чаму пан цікавіцца гэтым? — Я этнограф. — О, тады вядома, вядома. Але мая сціплая асоба не можа расказаць гэтага так, як трэба для высокага госця. Мы лепей дамо слова пажоўклым старонкам кніг. Пан разбіраецца ў літаратурнай мове ХVІІ стагоддзя? Ён адчыніў адну з шафаў артыстычным рухам (пальцы ў яго былі тонкія і ў два разы даўжэй за нармальныя), узняўшы воблачка пылу. І вось на маіх каленях ляжаў вялізны том, спісаны каліграфічна дробнымі, рудымі ад старасці літарамі. «Року цісеча шэсць сот першага не было спакою на гэтай зямлі. Толькі што копны суддзя Балвановіч справу разгледзеў пра забіццё і атрутны морд праз хлопаў пана літасцівага іхняга Янука Бабаеда. І ў іншых мясцінах такаждзе спакою не было. Дубіна да места Віцебскага падыходзіў, пад Крычавам і Мсціславам і ў нас хлопы морд, і забойства, і шкоду чынілі. Чатырнаццаць паноў забілі. Іж без бытнасці нашае, казалі, яшчэ траіх білі так, што ад таго біцця не ведалі, яко жывы будуць». Але вам, напэўна, цяжка чытаць такое. Таму я проста пераскажу вам змест гэтай старой легенды. Справа была ў тым, што ў тыя часы бунтавалі не толькі хлопы. Бунтавала і старажытная беларуская шляхта, пакрыўджаная новымі парадкамі. У ваколіцах Балотных Ялін было асабліва неспакойна. Тут, у Хаданоўскай пушчы, сядзеў кульгавы бацька Яраш Штамет, які падтрымліваў вельмі радавітага беларускага пана Стаха Горскага, што быў у сваяцтве праз продкаў колішняму князю віленскаму Аляксандру. Гэты малады і славалюбівы чалавек паставіў перад сабою мэту: дабіцца самастойцасці. Для гэтага былі ўсе прадумовы: каралеўская кроў, якая цякла ў яго жылах (тады на гэта вельмі зважалі), падтрымка навакольнага панства, вялізныя вайсковыя сілы, падтрымка праваслаўных і «лясных братоў», талент воіна, а галоўнае — жахлівая галеча, цалкам безнадзейнае існаванне сялян. Маладога кіраўніка па ўсім наваколлі называлі ўжо, не саромячыся, каралём. Але ён пакуль што збіраў сілы і дыпламатычна туманіў вочы прадстаўнікам дзяржаўнай улады. Сілы яго, як казаў рукапіс, дасягалі ўжо васьмі тысяч коннікаў, якія часткова хаваліся ў пушчы, часткова знаходзіліся пры яго палацы. Нарэшце глыбокай восенню 1602 года ўсё было гатова. Па навакольных цэрквах сяляне ўзялі прысягу каралю Стаху, і ён нечаканым ударам авалодаў моцным замкам у сучасным павятовым гарадку. Чакалі толькі Яраша Штамета з хлопцамі, а паколькі войска было моцным, а кароль рашучым — цалкам магло здарыцца, што ў гісторыю Беларусі была б запісана новая яскравая старонка. Не выказваў асаблівага захаплення каралём Стахам толькі Раман Яноўскі, моцны магнат, уладар Балотных Ялін. Кароль падазраваў, што Раман уступіў у заганныя зносіны з гетманам літоўскім і нават рымскай царквою. Ён папярэдзіў Яноўскага, што гэта небяспечна для яго скончыцца. Яноўскі запэўніў яго ў сваёй павазе і адданасці, і кароль Стах паверыў, нават аблабызаўся з Раманам, нават змяшаў у кубку сваю і яго кроў, якую пасля выпілі абодва дагаворныя бакі. Стах нават даслаў Раману срэбную пасуду. Невядома, што прымусіла Рамана рашыцца на наступнае. Ці славалюбства, ці вераломства, ці, можа, яшчэ што. Ён жа быў сябрам законнаму каралю. Ён запрасіў караля Стаха на паляванне, і той выехаў да яго са сваім невялікім паляўнічым атрадам чалавек у дваццаць. Штамет павінен быў з'явіцца ў замак назаўтра, часу было досыць. Кароль вырашыў пабавіцца, тым больш што прадмет палявання быў вельмі спакуслівы: балотная рысь, істота, якая нагадвала памерамі і афарбоўкай тыгра і ўжо тады была рэдкай у нашых пушчах, а пасля, год праз сотню, зусім знікла, і пра яе нават забылі. «І чорную здраду задумаў ён, пан Раман. Хоць і быў кароль Стах мужыцкім каралём, хоць і ўзняўся супраць божых улад, але хіба не благаславіў бы Бог і яго ўладу, каб ён захапіў трон дзедзіч сваіх? І прыехаў кароль Стах у Балотныя Яліны, і тут яму палац агнямі ўпрыгожылі і пір зрабілі. І ён піў і пацяшаўся з панам Раманам і іншымі панамі, а паноў тых была, можа, сотня і яшчэ тры дзесяткі. А ўначы паехалі яны на паляванне, бо ночы стаялі светлыя, а ў такія ночы балотная рысь пакідае сітнягі, і ходзіць на нашай раўніне ад Балотных Ялін аж да ўрочышчаў Курганы і Пнюхі, і ловіць не толькі худобу, але і самотных людзей, — таму ж і ненавідзяць яе ўсе, таму і знішчаюць, што яна — людажэр: воўк праміне, і лясная рысь часцей за ўсё праміне, а балотная не праміне. І госці ўсе паехалі, а Раман, з паляваннем караля Стаха, і старым сваім верным даездчыкам Аляхно Варонай, і дробным шляхціцам Дубатоўкам паехалі на балотную рысь. А ноч такая была, што ледзь месяц свяціў, і смутна ўсё было, і скакалі па балотах, нягледзячы на восень, балотныя сінія агні. А агні чалавечыя згаслі ў хатах, і, можа, нават Бог, па нявызначанай мудрасці сваёй, пагасіў агні і ў некаторых душах чалавечых. І адбіліся ад загоншчыкаў сваіх пан Раман і кароль Стах. Не паспелі і агледзецца яны, як скокнуў з купіны лемпарт балотны, збіў ударам сваіх грудзей у грудзі каня Рамана і выдраў у каня таго кавалак жывата з кішкамі разам, бо такі ўжо звычай балотнай рысі. І ўпаў пан Раман, і адчуў жах смяротны, бо звер палаючымі вачыма глядзеў у твар яго, і быў ён, гэты звер, шырэй яго і доле. Але тут кароль Стах скочыў з свайго каня драпятага проста на спіну зверу, схапіў яго за вуха, аддзёр пысу з ляжачага і кордам, кароткім мячом, паласнуў яго па глотцы. Лемпарт адкінуў яго ўдарам лапы, і Стах адляцеў, а звер насеў на яго, паміраючы, але тут і пан Раман ускочыў і разбіў чэрап страшыдла сваім баявым чаканам. Так і ляжалі яны ўтрох; і пан Раман дапамог каралю ўстаць, пацалаваў у вусны і сказаў: — Квіты мы з табою, браце. Ты мне жыццё выратаваў, а я тваю душу выратаваў шчыра. А пасля напаткалі іх паляўнічыя, і вырашылі яны ноч правесці разам у лесе і яшчэ піць і гуляць, бо яшчэ не досыць было для іхняй душы, і сэрца іх пасля бойкі з лемпартам прасіла віна. І расклалі яны вогнішча ў лесе запаветным, і пачалі піць. А цемра стала такая, калі знік месяц, што, адыдзі далей ад вогнішча,і не пабачыш пальца на руцэ. Узялі яны бочкі віна, што прывёз Раман, і пілі, забаўляліся. І ніхто не ведаў, што віно тое было атручанае, толькі Раман, Варона і Дубатоўк загадзя сябе да тае атруты прывучылі. І ўсе пілі, толькі кароль Стах піў мала. Пачакай, Раман. Што ты робіш, Раман? За зямлю сваю хацеў косткі свае скласці гэты чалавек. Што ж ты божае наканаванне сабою замяніць хочаш? Панства свайго табе шкада, а ці падумаў ты, што топчуць волю народа твайго, мову і веру яго, душу яго? Не думаеш ты пра гэта, зайздрасць і славалюбства ў сэрцы тваім. І так яны пілі, пакуль не сталі ў людзей з палявання караля Стаха закрывацца вочы. Але кароль усё казаў, якімі шчаслівымі ён зробіць усіх, калі сядзе на трон дзедзіч сваіх. І тады пан Раман узяў свой корд, узяў яго за рукаяць аберуч і, падышоўшы да караля Стаха са спіны, узнёс корд над яго галавою і пасля апусціў гэты корд вастрыём на патыліцу караля Стаха. Той клюнуў носам, пасля ўзняў галаву, паглядзеў у вочы Раману, і твар яго, заліты крывёю, быў як вопль жахлівая да Бога аб помсце. — Што ж ты зрабіў! Ты ж пабрацім мой, браце. А пасля, намагаючыся ўстаць, крыкнуў: — Многіх людзей пазбавіў ты зараз шчасця. Нашто прадаў ты свой народ, адступнік? Раман другі раз ударыў яго мячом, і той упаў, але дар слова не кінуў яшчэ ягоных вуснаў: — Зараз трымайся, здраднік. Праклён мой на цябе і на твой чорны род! Хай стане камянём хлеб ля вуснаў тваіх, хай бясплоднымі будуць жонкі вашы, а мужы захлынуцца ўласнай крывёй! І пасля сказаў ён жаласным ад слабасці голасам, але жорстка: — Прадаў ты свой край, былы пабрацім. Але мы не памром. Мы яшчэ з'явімся да цябе, і да дзяцей тваіх, і да нашчадкаў тваіх, я і маё паляванне. Да дваццатага калена будзем мы помсціць бязлітасна, і не схаваецеся вы ад нас. Чуеш, да дваццатага калена! І кожнае з кален тваіх будзе дрыжаць больш балюча і жахліва, ніж я зараз, ля ног тваіх. І ўраніў галаву. А яго аслупянелае паляванне нарэшце схамянулася і схапілася за нажы. І яны біліся дваццаць супраць траіх, і бойка была жахлівай. Але трое адолелі дваццацёх і забілі ўсіх. А пасля яны прытарочылі трупы і параненых, якія жаласна стагналі, да ўласных коней і насцябалі іх, і коні памчаліся якраз да Волатавай прорвы, не разбіраючы дарогі. І ніхто не заўважыў, што ў целе караля Стаха яшчэ была іскра жыцця. Коні ляцелі ў ноч, і слабы месяц асвятляў іх доўгія грывы, і недзе наперадзе бегалі па купінах сінія агні. І з гэтага жахлівага статка даносіўся голас караля Стаха: — Д'яблу аддаю душу сваю, бо не дапамагае Бог. Трымайся, Раман, мы прыскачам да цябе конныя! Дрыжы, Раман, калаціся, адвечны вораг! Мы прыйдзем! Мы адпомсцім! І ніхто не ведаў, што праўда была ў гэтых словах, што зброяй д'ябла, праўды, помсты і кары з'явіўся кароль Стах. Не за тое помсціў ён, што забіў яго Раман. Забойства ніколі не атрымае такой кары, калі гэта не забойства пабраціма. Нядоўга яны зажыліся на свеце. Даездчык Варона першы пабачыў цені Стаха і яго прыспешнікаў праз два тыдні. Не разбіраючы дарогі, імчалася дзікае паляванне па самай жахлівай дрыгве, па лесе, па вадзе межыток. Не бразгалі цуглі, не звінелі мячы. На конях сядзелі маўклівыя коннікі, і балотныя агні каціліся наперадзе дзікага палявання караля Стаха якраз праз дрыгву. Аляхно з'ехаў з розуму. Загінуў пасля таго і Дубатоўк. Гетман літоўскі рассеяў мужычыя палкі, якія засталіся без кіраўніка, у бойцы загінуў Яраш Штамет. А Раман Яноўскі быў жывы і смяяўся. І аднойчы ён быў на паляванні і вяртаўся адзін праз верасавыя пусткі дадому. Месяц слаба свяціў на верас. І раптам забегалі недзе ззаду сінія балотныя агні, і даляцеў з таго боку спеў рагоў і ледзь чутны стук капытоў. А пасля з'явіліся цьмяныя цені коннікаў. Грывы коней веялі па ветры, беглі перад дзікім паляваннем гепарды, спушчаныя са шворак. І бязгучна па верасе і дрыгве ляцелі яны. І маўчалі коннікі, а гукі палявання даляталі аднекуль з другога боку. І перад усімі скакаў, асветлены месяцам, туманны і вялізны кароль Стах. І гарэлі вочы коней, і людзей, і гепардаў. І Раман пабег, а яны бязгучна і хутка скакалі за ім, і коні часам перабіралі нагамі ў паветры, і спяваў дзікі верас, і месяц раўнадушна глядзеў на пагоню. І Раман тройчы крыкнуў: «Дзікае паляванне!…» такім голасам, што пачулі нават людзі ў навакольных хатах. А пасля дзікае паляванне нагнала яго, і сэрца яго не вытрымала. Так загінуў Раман. Многія з таго часу бачылі на тарфяных раўнінах дзікае паляванне Стаха. І хоць карала яно не ўсіх, але мала ў каго не разрывалася сэрца, калі бачыў ён на балотах змрочныя цені коннікаў. Так загінулі сын Рамана і сын яго сына, пасля смерці якога я і пішу пра гэта на навучэнне і жах яго нашчадкаў, якія, можа, і змогуць добрымі справамі пазбавіць сілы сівы даўні праклён. Сцеражыцеся дрыгвы, людзі, сцеражыцеся балот уначы, калі сінія агні збіраюцца і пачынаюць скокі на самых гіблых мясцінах. Там часта ўначы пабачыце вы дваццаць коннікаў на вараных дрыкгантах. І галоўны коннік імчыць наперадзе ўсіх. Капялюх з заломленым полем насунуты на яго вочы, ногі прывязаны да сядла. Не бразгочуць мячы, не ржуць маўклівыя коні. Толькі часам аднекуль здалёк даносіцца спеў рога. Развяваюцца грывы, балотныя агні ззяюць пад нагамі коней. Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляванне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе свет. Яно — наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Злітуйся з нас, Божа!» Я адарваўся ад паперы і скалануў галавою, жадаючы пазбыцца дзікіх вобразаў. Берман чакальна глядзеў на мяне. — Ну, што, пан, прашу прабачэння, думае пра гэта? — Якая жахлівая, прыгожая і фантастычная легенда, — шчыра ўсклікнуў я. — Так і просіцца пад пэндзаль вялікага мастака. І што толькі можна прыдумаць! — О, як бы гэта, прабачце, была толькі легенда… Вы ведаеце, я вальнадумны чалавек, я атэіст, як кожны чалавек, які жыве душою ў нашым высокаадукаваным веку. Але ў дзікае паляванне караля Стаха я веру. Ды і дзіўна было б не верыць. Ад яго загінулі нашчадкі Рамана і амаль вымер род Яноўскіх. — Паслухайце, — сказаў я. — Я ўжо гаварыў гэта аднаму чалавеку, але скажу і вам. Я магу захапляцца старымі легендамі, але што мяне прымусіць верыць ім? Нашчадкі Рамана загінулі «ад палявання» дзвесце год таму. У тыя часы магілеўскі летапіс сур'ёзна сцвярджаў, што перад вайною на магілеўскіх мурах, куды і чалавек не можа ўзлезці, з'яўляліся крывавыя адбіткі далоняў. — Так, я памятаю гэта, — адказаў кнігалюб. — Можна было б прывесці і далейшыя прыкметы, але яны… м-м-м… трошкі фрывольныя. Нашы продкі былі такія грубыя людзі. — Ну, вось бачыце. — сказаў я з дакорам. — А вы верыце ў паляванне… Лялечны чалавек, як мне здалося, вагаўся. — Ну, а што б вы сказалі, шаноўны, калі б я заявіў, што бачыў яго? — Байкі, — жорстка адсек я. — І не сорамна вам пужаць такімі словамі, такімі паведамленнямі жанчын? — Гэта не байкі, — паружавеў Берман. — Гэта сур'ёзна. Не ўсім быць героямі, і я, шчыра кажу, баюся. Я нават не ем зараз з гаспадыняю за адным сталом, бо на такіх таксама ўпадзе гнеў караля Стаха. Ды памятаеце, у рукапісах… — І як вы бачылі дзікае паляванне? — Так, як і тут, у кнізе. Я быў у Дубатоўка, суседа Яноўскіх, — між іншым, нашчадка таго Дубатоўка. — І вяртаўся ад яго. Я ішоў верасавай пусткаю, якраз ля вялізнай купы каменняў. І ноч была светлаватая. Я не пачуў, як яны з'явіліся. Яны імчалі паўз мяне якраз па дрыгве. О, гэта было жудасна! Нешта каламутнае плесканулася ў яго вачах, і мне падумалася, што ў гэтым доме, ды, напэўна, і па ўсёй раўніне, дрэннае робіцца з мазгамі людзей. «Ці ёсць тут хоць адзін нармальны? Ці, можа, усе вар'яты?» — падумаў я. — Галоўнае, яны імчалі амаль бязгучна. Коні, ведаеце, такой старажытнай пароды, якую зараз з агнём не знойдзеш: сапраўдныя палескія дрыкганты з падрэзанымі жыламі ля хвастоў. Грывы веюць па ветры, плашчы-велеісы… — Велеісы апраналіся толькі на панцыр, — непачціва перабіў я. — А які панцыр можа быць на паляванні? — Я ведаю, — проста і вельмі шчыра адказаў лялечны чалавек, паставіўшы на мяне вялікія, рахманыя, як у аленя, вочы. — Паверце, каб я хлусіў, я б мог прыдумаць нешта больш спрытнае. — Тады прабачце, — зніякавеў я. — Велеісы развяваюцца за спінамі людзей. Дзіды тырчаць у паветры. І мчаць, мчаць яны, як навала. — Яшчэ раз прабачце, шаноўны пане. А скажыце, можа, на вячэры ў суседа частавалі медам? — Я не п'ю, — з годнасцю падціснуў губы Берман-Ганцэвіч. — Я кажу вам, яны не пакідалі нават слядоў за сабою, і туман хаваў ногі коней. І твар караля. Ён быў зусім спакойны, безжыццёва-змрочны, сухі і зусім-зусім шэры, як туман. Самае галоўнае, яны прыязджалі да палаца Яноўскіх у тую ноч. Мне расказалі, калі прыйшоў, што апоўнач загрымела кальцо на дзвярах і голас крыкнуў: «Раман у дваццатым калене, выходзь!» — Чаму Раман? — Таму што Надзея — апошні нашчадак Рамана, якраз дваццатае яго калена. — Не веру, — зноў сказаў я, змагаючыся да канца, бо твар у Бермана быў сапраўды белы. — Давайце радасловец Яноўскіх. Берман з гатоўнасцю выцягнуў нейкую кнігу і разгарнуў пергаментную ўкладку з «дрэвам годнасці». І сапраўды, дзевятнаццаць пакаленняў ішло з Рамана Старога. Ніжэй дзевятнаццатага калена, зноў Рамана, быў надпіс, зроблены дробным почыркам: «26 кастрычніка 1870 года нарадзілася дачка мая, Надзея. Апошняе, дваццатае, наша калена, адзінае маё дзіця. Жорсткі лёс, здымі з нас свой праклён, няхай загінуць толькі дзевятнаццаць пакаленняў. Злітуйся з гэтага маленькага камячка. Вазьмі мяне, калі гэта патрэбна, але няхай выжыве яна. Яна ж апошняя з роду Яноўскіх. Упаваю на цябе». — Гэта бацька яе пісаў? — спытаў я, расчулены, і падумаў, што мне было ў год нараджэння гэтай дзяўчынкі восем год. — Так, ён. Бачыце, ён прадчуваў. Яго лёс — доказ праўдзівасці легенды пра караля Стаха. Ён ведаў яе, яны ўсе ведалі, бо праклён вісеў над нашчадкамі гэтых нешчасліўцаў, як сякера. Той звар'яцее, таго заб'юць за грошы браты, той загіне ў час палявання. Ён ведаў і рыхтаваўся: забяспечыў дзяўчыне хоць мізэрны, але даход, знайшоў загадзя апекуноў, склаў запавет (дарэчы, я баюся гэтай восені, многія з Яноўскіх не дажывалі да паўналецця, а праз два дні будзе яе дзень нараджэння, і ўжо двойчы з'яўлялася дзікае паляванне пад мурамі палаца). Раман ніколі не выходзіў уначы з палаца. Але два гады таму Надзею Раманаўну ўзяла ў госці яе далёкая сваячка па маці, жонка шляхціца Кульшы. Дзяўчынка затрымалася ў яе дапазна. Раман быў такі чалавек, што вельмі нерваваўся, калі яе не было дома. А дом Кульшаў быў ля самай Волатавай прорвы. Ён сеў на каня і паехаў. Дзяўчынка вярнулася дадому з Рыгорам, вартаўніком Кульшы. А пана няма. Паехалі шукаць. А была восень, час, калі паляванне караля Стаха з'яўляецца асабліва часта. Мы ехалі па слядах панскага каня, я і Рыгор. Я баяўся, а Рыгор — ані кроплі. Сляды вялі спачатку па дарозе, пасля збочылі і пачалі віляць па лузе. І збоку Рыгор адшукаў другія сляды. Ён быў добры паляўнічы, гэты Рыгор. Які жах, пане! Сляды былі ад двух дзесяткаў коней. І падковы старыя, з трызубцам, падобным на габлі. Такіх даўно не куюць у нас. І часам гэтыя сляды знікалі і з'яўляліся праз дваццаць, праз трыццаць крокаў, быццам коні ляцелі ў паветры. Пасля мы адшукалі клак ад панскай стрэльбы, я пазнаў бы яго з сотні. Рыгор прыпомніў, што, калі ён вёз дзяўчо дахаты, нехта страляў ля прорвы. Мы пагналі коней хутчэй, бо мінула гадзін пяць, ноч ужо цямнела перад світаннем. Хутка мы пачулі — недзе гігатаў конь. Мы выехалі на вялікую галявіну, якая зарасла верасам. Тут Рыгор адзначыў, што коні дзікага палявання развярнуліся ў лаву і пайшлі намётам. А конь гаспадара некалькі разоў спатыкнуўся, відаць, стомлены. — Голас Бермана раптам адзічэў і перасекся: — І ў канцы галявіны, якраз там, дзе пачыналася прорва, мы пабачылі яшчэ жывога каня, які ляжаў са зламанай нагою і крычаў так жахліва, як чалавек. Рыгор сказаў, што пан павінен быць недзе тут. Мы знайшлі яго сляды, якія ішлі ад дрыгвы. Я рушыў па іх, але яны дайшлі да каня, амаль да каня, і зніклі. Тут на вільготнай глебе былі ўмяціны, быццам чалавек упаў. І далей нічога. Галоўнае тое, што слядоў побач не было. Паляванне збочыла сажнях у дзесяці ад таго месца. Альбо Раман узнёсся на неба, альбо коні караля Стаха дамчалі да яго ў паветры і захапілі з сабою. Мы пачакалі з паўгадзіны, і, калі пачаўся сапраўдны змрок, Рыгор хлопнуў сябе па галаве і загадаў мнё надраць бяросты. Я, шляхціц, падпарадкаваўся гэтаму хлопу: ён быў тады ўладны, як магнат. Калі мы запалілі бяросту — ён схіліўся над слядамі. «Ну, што скажаш, пане?» — сказаў ён з выглядам перавагі. «Я не ведаю, нашто яму спатрэбілася ісці ад дрыгвы, не ведаю, як ён туды трапіў», — адказаў я ніякава. Тады гэты хам разрагатаўся… «Ён і не думаў ісці ад дрыгвы. Ён, васпане, ішоў у дрыгву. І ногі ў яго зусім не былі выкручаны задам наперад, як ты, магчыма, думаеш. Ён адступаў, адступаў да дрыгвы ад чагосьці жахлівага. Бачыш, вось тут ён пляснуўся аб зямлю. Конь зламаў нагу, і ён пераляцеў цераз галаву. Ён, калі хочаш ведаць, падкруціў нагу: бачыш, крок правай нагі большы і глыбокі, значыць, ён падкруціў левую нагу. Ён адступаў да дрыгвы задам. Хадзем туды, там мы пабачым, напэўна, і канец». І сапраўды, мы пабачылі і канец. Там, дзе быў рэзкі абрыў у дрыгву, Рыгор пасвяціў бяростаю і сказаў: «Бачыш, тут ён асклізнуўся». Я трымаў яго за пас, а ён палез з гэтага абрыўчыка і паклікаў мяне: «Глядзі». І тут я пабачыў галаву Рамана, якая тырчала з рудой маслянай паверхні прорвы, і скручаную руку, якой той паспеў ухапіцца за карнявішча ад нейкага спарахнелага дрэва. Мы выцягнулі яго з вялікімі цяжкасцямі, выцягнулі мёртвага: у гэтых прорвах часта б'юць падводныя крыніцы, і ён проста замёрз. Ды яшчэ, да таго ж, і сэрца не вытрымала, як казаў пасля лекар. Божа, на твары ягоным быў такі жах, які нельга перажыць і застацца жывым! Пасля дзяўчына ледзь не звар'яцела, калі пабачыла. На руцэ нейкі ўкус, каўнер падраны. А тады мы прытарочылі труп да сядла і паехалі. І вось не паспелі мы ад'ехаць і трыццаці крокаў, як пабачылі: праз прасеку плылі смутныя конныя цені. Дзіўна было тое, што зусім не грукацелі капыты. А потым заспяваў рог недзе зусім у другім баку і так прыглушана, быццам праз вату. Мы ехалі з трупам прыгнечаныя, коні нерваваліся, яны чуюць мёртвае цела. І ноч была, ох, якая ноч! І недзе спяваў рог дзікага палявання. А зараз зноў… Надыходзіць час помсты. Ён змоўк, уткнуўшы твар у далоні, пальцы на якіх, белыя, артыстычныя, былі даўжэй за пальцы звычайнага чалавека ў два разы. Я маўчаў, і раптам мяне прарвала: — Як вам усё ж не сорамна. Мужчыны, дарослыя, вялікія мужчыны! І не можаце абараніць. Ды няхай бы гэта быў нават сам д'ябал — біцеся, чорт вас падзяры! І чаму гэта паляванне з'яўляецца тут толькі часам? Чаму пры мне яшчэ не было? — Нават калі яны з'яўляюцца часта, яны не прыходзяць у ночы на святыя дні, а таксама ў сераду і пятніцу. — Гм, дзіўныя здані… А ў нядзелю? — У мяне ўсё больш варушылася на дне душы жаданне даць па гэтай фарфоравай, вялай, бязвольнай храпе, бо такія не здатныя ні на добры ўчынак, ні на крымінал — не людзі, а макрыца-трава на градзе. — А ў піліпаўку, на пятроўкі яны з'яўляюцца, калі яны такія ўжо святыя прывіды? — На нядзелю Бог даў ім дазвол, бо, як памятаеце, Стах быў забіты таксама ў нядзелю, — цалкам сур'ёзна адказаў ён. — Дык што ж ён тады такое, ваш Бог? — грымнуў я. — Ён што, стакнуўся з д'яблам? Ён што, мярзотнік, за кроў аднаго бярэ душу ў нявінных дзяўчат, у якіх крыві таго Рамана, можа, адна кропля! Ён маўчаў. — Пяцьсот дваццаць чатыры тысячы дзвесце восемдзесят восьмая частка крыві Рамана ў яе жылах, — падумаўшы, імгненна падлічыў я. — На што ён тады здатны, гэты ваш Бог? — Не кашчуннічайце, — спуджана войкнуў ён. — За каго вы заступаецеся? — Занадта многа чартаўшчыны нават для такога дома, — не супакойваўся я. — Малы Чалавек, Блакітная Жанчына, а тут яшчэ гэта дзікае паляванне караля Стаха. Аблога і знутры і звонку, каб ён згарэў, гэты дом!… — Мгм, шчыра кажу вам, шаноўны пане, што я не веру ў Чалавека і Жанчыну. — Іх бачылі ўсе. І вы таксама. — Я не бачыў, я чуў. А прырода гукаў невядома нам. Ды і да таго я знерваваны чалавек. — Бачыла гаспадыня. Вочы Бермана сціпла апусціліся. Ён павагаўся і сказаў: — Я не здатны ёй ва ўсім верыць. Яна… ну, словам, мне здаецца, яе бедная галоўка не вытрымала гэтых жахаў. Яна… м-м… своеасаблівы ў псіхічных адносінах чалавек, каб не сказаць больш. Я таксама думаў пра гэта, таму змаўчаў. — Але я таксама чуў гэта. — Дзікунства. Гэта проста акустычны падман. Галюцынацыя, шаноўны пане. Мы пасядзелі моўчкі, я адчуваў, што сам пачынаю вар'яцець ад мілых прыгод, якія тут адбываліся. У тую ноч мне прыснілася: бязгучна скача дзікае паляванне караля Стаха. Бязгучна ржуць коні, бязгучна апускаюцца капыты, хістаюцца выразныя павады. Халодны верас пад іх нагамі; імчаць шэрыя, нахіленыя наперад цені, і балотныя агні гараць на лбах коней. А над імі, у небе, гарыць самотная, вострая, як іголка, зорка. Калі я прачынаўся — я чуў у калідоры крокі Малога Чалавека і часам яго ціхі жаласны стогн. А пасля зноў чорная бездань цяжкага сну, і зноў скача па верасе і дрыгве імклівае, як страла, паляванне. РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ Жыхары Волатавай прорвы, відаць, не вельмі любілі ездзіць на вялікія балы. Я мяркую так таму, што не часта бывае ў такім закутку паўналецце адзінай наследніцы маярату, і ўсё ж праз два дні ў Балотныя Яліны з'ехалася ніяк не больш чатырох дзесяткаў чалавек. Запрасілі і мяне, хоць я згадзіўся з вялікай неахвотай: я не любіў правінцыяльнай шляхты і, да таго ж, амаль нічога не зрабіў за гэтыя дні. Не зрабіў амаль ніякіх новых запісаў, а галоўнае, ані на крок не рушыў наперад, каб разгадаць таямніцу гэтага чортава логава. На старым плане ХVІІ стагоддзя ніякіх слухавак не было, а крокі і стогны гучалі кожную ноч на зайздрасць рэгулярна. Я ламаў галаву над усёй гэтай чартаўшчынай, але нічога не мог прыдумаць. Дык вось, упершыню, можа, за апошнія дзесяць год палац сустракаў гасцей. Запалілі плошкі над уваходам, знялі чахлы з люстраў, вартаўнік на гэты раз ператварыўся ў швейцара, узялі з навакольных хутароў яшчэ тры служанкі. Палац нагадваў нарумяненую бабулю, якая ў апошні раз вырашыла пайсці на баль, успамянуць маладосць і пасля легчы ў магілу. Не ведаю, ці трэба апісваць гэты шляхецкі з'езд? Добрае і цалкам правільнае апісанне чагосьці падобнага вы знойдзеце ў Хвелькі з Рукшэніц, незаконна забытага нашага паэта. Божа, якія гэта былі вазкі! Старыя, з пакарабачанай скурай, зусім без рысор, з коламі ў сажань вышынёю, але абавязкова з лёкаем на запятках (у «лёкаяў» былі чорныя ад зямлі рукі). Якія гэта былі коні! Расінант здаўся б побач з імі Буцэфалам. Хударлявыя, з ніжняй губой, адвіслай, як чапяля, са з'едзенымі зубамі. Вупраж амаль з вяровак, затое там-сям на ёй блішчаць залатыя бляшкі, якія перакачавалі са збруі «залатога веку». «Што гэта робіцца на свеце, людзі добрыя? Калісьці адзін пан ехаў на шасці конях, а зараз шэсць паноў на адным кані». Увесь працэс панскага разарэння ў адной гэтай іранічнай народнай прымаўцы. Берман-Гацэвіч стаяў за маёй спіною і адпускаў іранічна-далікатныя заўвагі наконт тых, хто прыбываў. — Гляньце, якая свірэпа (свірэпаю ў беларускай мове ХVІ стагоддзя называлі клячу). На ёй, напэўна, хтосьці з Сасаў ездзіў: заслужаны баявы конь… А гэта паненка, бачыце, як апранулася: проста як фэст на святога Антонія. А вось, бачыце, цыганы. «Цыганамі» ён назваў сапраўды дзіўную кампанію. На звычайным возе пад'ехаў да пад'езда самы дзіўны хаўрус, які мне даводзілася бачыць. Тут былі і паны, і паненкі, чалавек дзевяць, апранутыя страката і бедна. І сядзелі яны на возе густа, як цыганы. І полаг быў на чатырох палках, як у цыган. Не хапала толькі сабакі, які б бег пад коламі. Гэта быў заняпалы род Грыцкевічавых, якія качавалі з аднаго балю на другі і так, галоўным чынам, харчаваліся. Яны былі дальнімі сваякамі Яноўскіх. І гэта былі нашчадкі «барвянага ўладара»! Божа, за што караеш!!! Пасля прыехала нейкая пажылая дама ў вельмі багатым колішнім аксамітным уборы, зараз даволі паношаным, у суправаджэнні худога, як бізун, маладога чалавека з яўна халуйскім тварам. Бізун пяшчотна прыціскаў яе локцік. Яна надушылася такой дрэннай парфумай, што Берман пачаў чхаць, калі яна ўвайшла ў залу. А мне здалося, што замест яе нехта ўнёс у пакой вялікую торбу з удодамі і пакінуў яе тут на радасць акружаючым. Размаўляла дама з самым сапраўдным французскім пранонсам, які, як вядома, захаваўся на зямлі толькі ў двух мясцінах: у салонах Парыжа і ў засценку Кабыляны пад Воршай. І другія асобы былі дзіўныя. Патрапаныя ці занадта гладкія твары, прагныя вочы, вочы замучаныя, вочы благальныя, вочы з вар'яцінкай. У аднаго франта вочы былі вялізныя і пукатыя, як у саламандры падземных азёр. Я глядзеў на цырымонію знаёмства (некаторыя з гэтых блізкіх суседзяў ніколі не бачыліся і, напэўна, не пабачацца больш — стары палац, можа, упершыню за 18 год бачыў такі наплыў гасцей). З-за дзвярэй гукі дрэнна даляталі да мяне, бо ў зале ўжо дудзела аркестра з васьмі заслужаных інвалідаў Палтаўскай бітвы. Я бачыў замасленыя твары, якія галантна ўсміхаліся, бачыў вусны, якія цягнуліся да рукі гаспадыні. Калі яны нахіляліся, святло падала зверху, і насы здаваліся надзіва доўгімі, а раты праваленымі. Яны бязгучна дрыгалі нагамі, схіляліся, бязгучна гаварылі, і ў іх вырасталі насы, пасля ўсміхаліся і адплывалі далей, а на іх месца плылі ўсё новыя, новыя. Гэта было — як у жахлівым сне. Яны выскаляліся, як выхадцы з магілы, цалавалі руку (і мне здавалася, што яны смокчуць з яе кроў), бязгучна адплывалі далей. А яна, такая чыстая ў сваім белым адкрытым плацці, толькі чырванела часам спіною, калі занадта палка прыпадаў да яе рукі які-небудзь наваяўлены донжуан у абцягненых панталонах. Гэтыя пацалункі, як мне здавалася, пэцкалі яе руку чымсьці ліпучым і нячыстым. І толькі тут я зразумеў, якая яна, уласна кажучы, самотная не толькі ў сваім доме, але і сярод гэтай хеўры. «Што гэта мне нагадвае? — падумаў я. — Ага, пушкінская Тацяна сярод пачвар у шалашы. Абклалі небараку, як лань пад час палявання». Тут амаль што не было чыстых позіркаў, але затое якія былі прозвішчы! Мне ўсё здавалася, што я сяджу ў архівах і чытаю старажытныя акты якога-небудзь Пінскага копнага суда. — Пан Сава Матфеевіч Стахоўскі з сынамі, — агалошваў лёкай. — Пані Агата Юр'еўна Фалендыш-Хобалева з мужам і сябрам дома. — Пан Якуб Барбарэ-Гарабурда. — Пан Мацей Мустафавіч Асановіч. — Пані Ганна Аўрамовіч-Басяцкая з дачкою. А Берман стаяў за маёй спіною і адпускаў заўвагі. Ён упершыню за гэтыя дні спадабаўся мне, столькі злосці было ў яго выказваннях, такімі палючымі вачыма сустракаў ён кожнага новага госця, і асабліва маладых. Але вось у вачах яго прамільгнула нешта такое незразумелае, што я мімаволі глянуў у той бок, і… вочы мае палезлі на лоб, такое дзіўнае відовішча я пабачыў. У залу на сходах каціўся чалавек, менавіта каціўся, іначай гэта нельга было назваць. Быў гэты чалавек пад сажань ростам, прыблізна як я, але ў ягоную вопратку ўлезла б трое Андрэяў Беларэцкіх. Агромністы жывот, ногі ў сцёгнах, як кумпякі, нязмерна шырокія грудзі, далоні, як цэбры. Рэдка здаралася мне бачыць такога волата. Але самае дзіўнае было не гэта. На чалавеку была вопратка, якую зараз можна пабачыць толькі ў музеі: чырвоныя боты на высокіх абцасах з падкоўкамі (такія празываліся ў нашых продкаў кабцямі), абцягнутыя порткі з каразеі — тонкага сукна. Жупан на грудзях і жываце — жупан з вішнёвага з золатам сукна — вось-вось пагражаў луснуць. Паверх яго чалавек нацягнуў чугу, старажытную беларускую верхнюю вопратку. Чуга вісела вольна, прыгожымі складкамі, уся пералівалася зялёнымі, залатымі і чорнымі візерункамі і была перавязана амаль пад пахамі турэцкім пасам вясёлкавых колераў. І над усім гэтым сядзела дзіўна маленькая для гэтай тушы галава са шчокамі такімі надутымі, быццам гэты чалавек вось-вось збіраўся пырснуць са смеху. Доўгія шэрыя валасы ззаду рабілі галаву правільна круглай, маленькія шэрыя вочкі смяяліся, сівыя вусы віселі да сярэдзіны грудзей. Вонкавы выгляд у чалавека быў самы мірны, і толькі на левай руцэ вісеў карбач — плецены кароткі бізун са срэбным дротам ля канца. Словам, сабакар, правінцыяльны мядзведзь, весялун і п'яніца — гэта адразу было бачна. Яшчэ ля дзвярэй ён зарагатаў такім густым і вясёлым басам, што я мімаволі ўсміхнуўся. Ён ішоў, і людзі расступаліся перад ім, адказвалі такімі вясёлымі ўсмешкамі, якія толькі маглі з'явіцца на гэтых кіслых тварах, тварах людзей з касты, якая выраджаецца. Чалавека, відаць, любілі. «Нарэшце хоць адзін прадстаўнік старога добрага веку, — падумаў я. — Не вырадак, не вар'ят, які можа пайсці на гераізм, і на злачынства. Добры просты волат. І як ён сакавіта, прыгожа гаворыць па-беларуску!» Не здзіўляйцеся апошняй думцы. Хоць сярод дробнай шляхты тады размаўлялі па-беларуску, шляхта таго парадку, да якога, відаць, належаў гэты пан, мовы не ведала: сярод гасцей не больш як які дзесятак размаўляў на мове Марцінкевіча і Каратынскага, астатнія на дзіўнай сумесі польскіх, расейскіх і беларускіх слоў. А гэты размаўляў як якая-небудзь вясковая бабуля-свацця. Трапныя словы, жарты, прымаўкі так і сыпаліся з яго языка, пакуль ён праходзіў ад дзвярэй да верхняй залы. Прызнаюся, ён адразу вельмі падкупіў мяне гэтым. Ён быў такі каларытны, што я не адразу заўважыў яго спадарожніка, хоць ён таксама быў варты ўвагі. Уявіце сабе маладога чалавека, высокага, вельмі добра складзенага, апранутага па апошняй модзе, рэдкай у гэтай глушы. Ён быў бы зусім прыгожы, каб не надзвычайная бледнасць твару, хударлявага, з праваленымі шчокамі, і каб не выраз нейкай невытлумачальнай зласлівасці, якая не сыходзіла з яго вуснаў. Найбольш вартымі ўвагі на гэтым жоўчным прыгожым твары былі вялікія чорныя вочы з вадкім бляскам, але такія безжыццёвыя, што рабілася ніякава. Напэўна, менавіта такія былі ў Лазара, калі ён уваскрэснуў, але захаваў у вачах успаміны. Між тым волат дайшоў да лёкая, які, падслепаваты і глухі, не заўважыў гасцей, і раптоўна таргануў яго за плячо. Той драмаў на нагах, але тут раптам усхапіўся, і, разгледзеўшы гасцей, заўсміхаўся на поўны рот, і гаркнуў: — Вельмішаноўны пан-айцец Грынь Дубатоўк! Пан Алесь Варона! — Вечар добры, панове, — заракатаў Дубатоўк. — Што гэта вы сумныя, як мышы пад шапкай? Нічога, мы зараз вас узвесялім. Бачыш, Варона, паненкі якія! Зарана я, браце, нарадзіўся. У-ух, прыгажунечкі-красулечкі! Ён прайшоў праз натоўп (Варона спыніўся ля нейкай паненкі) і наблізіўся да Надзеі Яноўскай. Вочы яго сталі маленькімі і запраменіліся смехам. — Дзень-вечар добры, донечка! — І гучна цмокнуў яе ў лоб, як стрэліў. Пасля адступіў. — А якая ж ты ў мяне стала зграбная, прыгожая! Ляжаць усёй Беларусі ля тваіх ножак. І няхай на мне на тым свеце Люцыпар смалу возіць, калі я, стары грахаводнік, праз месяц не буду піць на тваім вяселлі гарэлку з твайго туфліка. Толькі нешта вочкі сумненькія. Нічога, зараз развесялю. І ён з чароўнай мядзведжай грацыяй крутануўся на абцасах. — Антон, душа цёмная! Грышка, Пятрусь! Халера вас там схапіла, ці што? З'явіліся Антон, Грышка і Пятрусь, згінаючыся пад цяжарам нейкіх вялізных пакункаў. — Ну, разявакі-салапякі, кладзіце ўсё да ног гаспадыні. Разгортвай! Э-э, пэцкаль, у цябе што, рукі са… спіны растуць. Трымай, донька. Перад Яноўскай ляжаў на падлозе вялізны пушысты кілім. — Трымай, доня. Дзедаўскі яшчэ, але зусім неўжываны. Пакладзеш у спальні. У цябе там дзьме, а ногі ва ўсіх Яноўскіх былі нямоцныя. Будзе табе цёпла. Дарэмна ты ўсе ж, Надзейка, да мяне не пераехала два гады таму. Умаляў яе — не згадзілася. Ну, добра, зараз позна ўжо, вялікая стала. І мне лягчэй будзе, хай яго да д'ябла, гэтае апякунства. — Прабачце, дзядзечка, — ціха сказала Яноўская, кранутая ўвагай апекуна. — Вы ведаеце, я хацела быць тут, дзе бацька… бацька. — Ну-ну-ну, — няўмела сказаў Дубатоўк. — Пакінь. Я і сам да цябе амаль не ездзіў, ведаў, што будзеш хвалявацца. Сябры мы былі з Раманам. Нічога, донька, мы, вядома, людзі зямныя, хварэем на абжорства, п'яныя, але ж Бог павінен разбірацца ў душах. А калі ён разбіраецца, дык Раман хоць мінаў часцей царкву, а не карчму, даўно ўжо на небе анёлаў слухае ды глядзіць у вочы сваёй небарацы жонцы, а маёй стрыечнай сястры. Бог — ён таксама не дурань. Галоўнае — сумленне, а дзірка ў роце, куды чарка просіцца, апошняя справа. І глядзяць яны з неба на цябе, і не шкадуе маці, што смерцю сваёй дала табе жыццё: бач, якая ты каралеўна стала. Хутка і замуж, з рук апекуна на ласкавыя ды моцныя рукі мужа. Думаеш? — Раней не думала, цяпер не ведаю, — раптам сказала пані Яноўская. — Ну-ну, — пасур'ёзнеў Дубатоўк. — Але… абы чалавек добры. Не спяшайся вельмі. А зараз трымай яшчэ. Вось тут стары наш убор, сапраўдны, не якая-небудзь падробка. Пасля пойдзеш пераапранешся перад танцамі. Няма чаго гэту сучасную свірапяціцу насіць. — Ён наўрад ці падыдзе, сапсуе выгляд, — лісліва пад'ехала нейкая дробная шляхцянка. — А ты маўчы, каханая. Я ведаю, што раблю, — буркнуў Дубатоўк. — Ну, Надзейка, і нарэшце вось яшчэ апошняе. Доўга я думаў, ці падараваць гэта, але карыстацца чужым дабром не прывык. Гэта тваё, а сярод гэтых тваіх партрэтаў няма аднаго. Не павінен шэраг продкаў перарывацца. Ты сама ведаеш, бо ты старажытнейшага амаль ва ўсёй губерні роду. На падлозе, вызвалены ад лёгкай белай ткані, стаяў вельмі стары партрэт такой незвычайнай, відаць, італьянскай работы, якой амаль не знойдзеш у беларускай іканаграфіі пачатку ХVІІ стагоддзя. Не было пляскатай сцяны за спіною, не вісеў на ёй герб. Было акно, адчыненае на вячэрнія балоты, быў змрочны дзень над імі, і быў мужчына, які сядзеў спіною да ўсяго гэтага. Няпэўнае блакітна-шэрае святло лілося на яго хударлявы твар, на моцна сплеценыя пальцы рук, на чорную з золатам вопратку. І твар гэтага мужчыны быў жывейшы, ніж у жывога, і такі дзіўны, жорсткі і змрочны, што можна было спалохацца. Цені ляглі ў вачаніцах, і здавалася, нават жылка калацілася на павеках. І ў ім было радавое падабенства з тварам гаспадыні, але ўсё тое, што было ў Яноўскай прыемна і люба, тут было агідна. Вераломства, розум, хваравітая вар'яцінка чыталіся ў гэтым ганарлівым роце, уладнасць да закасцянеласці, непамяркоўнасць да фанатызму, жорсткасць да садызму. Я зрабіў два крокі ўбок — вялізныя, усё да дна разумеючыя ў тваёй душы вочы пасунуліся за мною і зноў глядзелі мне ў твар. Нехта ўздыхнуў. — Раман Стары, — прыглушана адказаў Дубатоўк, але я сам зразумеў ужо, хто гэта такі, так правільна я яго ўявіў па словах легенды. Я здагадваўся, што гэта віноўнік радавога праклёну яшчэ і таму, што твар гаспадыні няўлоўна збялеў і яна ледзь прыкметна хіснулася. Невядома, чым скончылася б гэтая нямая сцэна, але тут нехта моўчкі і непачціва штурхнуў мяне ў грудзі. Я пахіснуўся. Гэта Варона прабіўся праз натоўп і, імкнучыся прайсці да гаспадыні, адштурхнуў мяне. Ён спакойна ішоў далей, не папрасіўшы прабачэння, нават не павярнуўшыся ў мой бок, быццам на маім месцы стаяў нежывы прадмет. Я паходзіў са звычайных інтэлігентаў, якія выслужвалі з пакалення ў пакаленне асабістае шляхецтва, былі вучонымі, інжынерамі — плебеямі з пункту гледжання гэтага пыхатага шляхцюка, у якога продак быў даездчыкам у багатага магната-забойцы. Мне часта даводзілася абараняць сваю годнасць перад такімі, і зараз увесь мой «плебейскі» гонар устаў на дыбкі. — Пане, — голасна сказаў я. — Вы лічыце, што гэта годна сапраўднага двараніна — штурхнуць чалавека і не папрасіць у яго прабачэння? Ён павярнуўся: — Вы мне гэта? — Вам, — спакойна адказаў я. — Сапраўдны шляхціц — гэта джэнтльмен. Ён падышоў да мяне і з цікаўнасцю пачаў разглядаць. — Гм, — спакойна сказаў ён. — Хто ж гэта будзе вучыць шляхціца правілам далікатнасці? — Не ведаю, — спакойна і з'едліва адазваўся я. — Ва ўсякім разе, не вы. Неадукаваны ксёндз не павінен вучыць іншых лаціне. Я праз яго плячо бачыў твар Надзеі Яноўскай і з радасцю заўважыў, што наша сварка адцягнула яе ўвагу ад партрэта. Фарба з'явілася на яе абліччы, а ў вачах штосьці падобнае на трывогу і жах. — Выбірайце выразы, — працадзіў Варона. — Чаму? І, галоўнае, з кім? Далікатны чалавек ведае, што ў кампаніі ветлівых трэба быць ветлівым, а ў кампаніі грубіянаў вышэйшая далікатнасць — плаціць ім той самай манетай. Відаць, Варона не звык атрымліваць адпор ва ўсёй ваколіцы. Я ведаў такіх ганарыстых індыкоў. Ён здзівіўся, але пасля павярнуўся, кінуў позірк на гаспадыню, зноў павярнуўся да мяне, і ў вачах яго плесканулася каламутная ярасць. — А вы ведаеце, з кім размаўляеце? — З кім? З Панам Богам? Я пабачыў, як поруч з гаспадыняй з'явіўся зацікаўлены твар Дубатоўка. Варона пачынаў кіпець. — Вы размаўляеце са мною, з чалавекам, які звык драць за вушы розных парвеню. — А вы не спыталі, можа, нейкія там парвеню часам могуць самі надраць вушы? І не падыходзьце, іначай, папярэджваю вас, ніводзін шляхціц не атрымае такой абразы дзеяннем, як вы ад мяне. — Хамская бойка на кулакі! — выбухнуў ён. — Што зробіш? — халодна заўважыў я. — Мне здаралася сустракаць дваран, на якіх іншае не дзейнічала. Яны не былі хамамі, іхнія продкі былі заслужанымі псарамі, даездчыкамі, альфонсамі ва ўдовых магнатак. Я перахапіў яго руку і трымаў ля яго бока як абцугамі. — Ну… — Ах ты! — працадзіў ён. — Панове, панове, супакойцеся! — з невымоўнай трывогай выкрыкнула Яноўская. — Пан Беларэцкі, не трэба, не трэба! Пан Варона, саромцеся! Твар яе быў такі благальны. Відаць, і Дубатоўк зразумеў, што час умяшацца. Ён падышоў, стаў між нас і паклаў на плячо Вароны цяжкую руку. Твар яго наліўся крывёй. — Шчанюк! — выкрыкнуў ён. — І гэта беларус, гэта жыхар яноўскага наваколля, гэта шляхціц?! Так абразіць госця! Сорам маёй сівізне. Ты што, не бачыш, з кім завёўся? Гэта табе не нашы блазны з курынымі душонкамі, гэта не кураня, гэта — мужчына. І ён табе хутка абарве вусы. Вы дваранін, судар? — Дваранін. — Ну, вось бачыш, пан шляхціц. Калі табе трэба будзе з ім паразмаўляць — вы знойдзеце агульную мову. Гэта шляхціц, і добры шляхціц, хоць бы і продкам у сябры — не раўня сучасным смаркачам. Прасі прабачэння ў гаспадыні. Чуеш? Варону як падмянілі. Ён прамармытаў нейкія словы і адышоў з Дубатоўкам убок. Я застаўся з гаспадыняй. — Божа мой, пане Андрэй, я так спалохалася за вас. Не варта вам, такому добраму чалавеку, заводзіцца з ім. Я ўзвёў вочы. Дубатоўк стаяў убаку і з цікавасцю пераводзіў позірк з мяне на пані Яноўскую. — Надзея Раманаўна, — з нечаканай цеплынёю сказаў я. — Я вельмі вам удзячны, вы вельмі добры і шчыры чалавек, і вашу турботу за мяне, вашу прыязь я запамятаю надоўга. Што зробіш, мая гордасць — маё адзінае, я не даю нікому наступіць сабе на нагу. — Вось бачыце, — апусціла яна вочы. — Вы зусім не такі. Многія з гэтых радавітых людзей паступіліся б. Відаць, сапраўдны шляхціц тут — вы, а яны толькі прыкідваюцца… Але запамятайце, я вельмі баюся за вас. Гэта небяспечны чалавек, чалавек з жахлівай рэпутацыяй. — Ведаю, — жартаўліва адказаў я. — Гэта тутэйшы «зубр», помесь Наздрова… — Не жартуйце. Гэта вядомы ў нас скандаліст і брэцёр. На яго сумленні сем забітых на дуэлі… І, магчыма, гэта горш для вас, што я стаю поруч з вамі. Разумееце? Мне зусім не падабаўся гэты маленькі гномік жаночага полу з вялікімі сумнымі вачыма, я не цікавіўся, якія адносіны існавалі паміж ім і Варонай, быў Варона ўздыхальнікам або адрынутым паклоннікам, але за дабро плацяць уважлівасцю. Яна была такая мілая ў сваёй турбоце за мяне, што я (баюся, што вочы ў мяне былі сапраўды больш мяккімі, ніж трэба) узяў яе ручку і паднёс да вуснаў. — Дзякую, пані гаспадыня. Яна не ўзяла рукі, і яе празрыстыя нежывыя пальчыкі ледзь устрапянуліся пад маімі вуснамі. Словам, усё гэта надта нагадвала сентыментальны і трохі бульварны раман з жыцця вялікага свету. Аркестра інвалідаў зайграла вальс «Міньён», і адразу ілюзія «вялікага свету» знікла. Аркестры адпавядалі ўборы, уборам адпавядалі танцы. Цымбалы, дуда, нешта падобнае да тамбурына, стары гудок і чатыры скрыпкі. Сярод скрыпачоў быў адзін цыган і адзін яўрэй, скрыпка якога ўвесь час намагалася замест вядомых мелодый іграць надта сумнае, а калі збівалася на весялосць, то ўсё выйгравала нешта падобнае на «Сямёра на скрыпцы». І танцы, якія даўно выйшлі з моды паўсюль: «Шаконь», «Па-дэ-дэ», нават «Лябедзік» — гэта манерная беларуская пародыя на менуэт. Добра яшчэ, што я ўсё гэта ўмеў танцаваць, бо любіў народныя і старадаўнія танцы. — Дазвольце запрасіць вас, пані Надзея, на вальс. Яна павагалася трохі, нясмела прыўзняла на мяне пушыстыя вейкі. — Калісьці мяне вучылі. Напэўна, я забылася. Але… І яна паклала руку, паклала неяк няўпэўнена, няёмка, ніжэй майго пляча. Я спачатку думаў, што мы будзем пасмешышчам для ўсяе залы, але хутка супакоіўся. Я ніколі не бачыў большай лёгкасці ў танцах, ніж у гэтай дзяўчыны. Яна не танцавала, яна лётала ў паветры, і я амаль нёс яе над падлогай. І лёгка было, бо ў ёй, як мне здавалася, не было больш за 125 фунтаў. Прыблізна на сярэдзіне танца я заўважыў, як твар яе, да таго засяроджаны і няпэўны, стаў раптам простым і вельмі мілым. Вочы заіскрыліся, ніжняя губка трошкі выдалася наперад. Пасля танцавалі яшчэ. Яна дзіўна пажвавела, паружавела і такое ззянне маладосці, ап'янення, радасці з'явілася на яе твары, што мне стала цёпла на сэрцы. «Вось я, — як быццам казала яе душа праз вочы, вялікія, чорныя і бліскучыя, — вось яна я. Вы думалі, што мяне няма, а я тут, а я тут. Хоць у адзін гэты кароткі вечар я паказалася вам, і вы здзівіліся. Вы лічылі мяне нежывой, бледнай, бяскроўнай, як парастак вяргіні ў падполлі, але вы вынеслі мяне на свет, я так вам усім удзячна, вы такія добрыя. Бачыце, і жывая зелень з'явілася ў маей сцябліне, і хутка, калі будзе прыпякаць сонейка, я пакажу ўсяму свету цудоўную ружовую кветку сваю. Толькі не трэба, не трэба мяне адносіць зноў у падпол». Незвычайны быў выраз радасці і адчування паўнацэннасці ў яе вачах. Я таксама захапіўся ім, і вочы мае, напэўна, таксама заблішчалі. Толькі краем вока бачыў я навакольнае. І раптам вавёрка зноў схавалася ў дупло, радасць знікла з яе вачэй, і той самы жах пасяліўся за веямі: Варона даваў указанні двум лёкаям, якія вешалі над камінам партрэт Рамана Старога. Музыка змоўкла. Да нас набліжаўся Дубатоўк, чырвоны і вясёлы. — Надзеечка, прыгажунька ты мая. Дазвольце старому хрэну лапэтку. Ён цяжка ўпаў на калена і, смеючыся, пацалаваў яе руку. А яшчэ праз хвіліну казаў зусім іншым тонам: — Правіла яноўскага наваколля такое, што трэба агаласіць апякунскую справаздачу адразу, як толькі апякаемай споўніцца васемнаццаць год, гадзіна ў гадзіну. Ён выцягнуў з кішэні вялізную срэбную з сіняй эмаллю цыбуліну гадзінніка і, зрабіўшыся афіцыйным і падцягнутым, агаласіў: — Сем гадзін. Мы ідзём агалошваць справаздачу. Пайду я, а за другога апекуна, пана Калатэчу-Казлоўскага, які жыве ў губерні і па хваробе не мог прыехаць, пойдуць па даверу пан Сава-Стахоўскі і пан Алесь Варона. Патрэбен яшчэ нехта са старонніх. Ну… (вочы яго дапытліва затрымаліся на маёй асобе), ну, хоць вы. Вы яшчэ чалавек малады, жыць будзеце доўга і зможаце потым засведчыць, што ўсё тут рабілася шчыра, па старых звычаях і сумленню чалавечаму. Пані Яноўская — з намі. Наша нарада адбывалася нядоўга. Спачатку прачыталі вопіс маёмасці, рухомай і нерухомай, якая засталася па тэстаменту ад бацькі. Выявілася, што гэта галоўным чынам палац з абсталяваннем і парк, маярат, з якога ніводная рэч не павінна знікнуць і які павінен «у велькшай славе падтрымліваць гонар роду». «Добры гонар, — падумаў я. — Гонар здохнуць з голаду ў багатым доме». Дубатоўк давёў, што нерухомая маёмасць збераглася непарушна. Пасля выявілася, што па субстытуцыі старэйшай і адзінай наследніцай з'яўляецца пані Надзея Яноўская. Перайшлі да прыбыткаў. Дубатоўк паведаміў, што невялічкі капітал, змешчаны Раманам Яноўскім у дзвюх банкірскіх канторах пад восем працэнтаў без права чапаць асноўны капітал, дае зараз ад ста пяцідзесяці да ста сямідзесяці рублёў штомесячна. Гэты прыбытак нават павялічыўся дбаннем апекуна, мала гэтага, атрымалася прыбаўка да асноўнага капіталу ў дзвесце восемдзесят пяць рублёў, якія, пры жаданні, могуць пайсці на пасаг спадчынніцы. Усе пакруцілі галовамі. Прыбыткі былі мізэрнымі, асабліва пры неабходнасці падтрымліваць парадак. — А як плаціць слугам? — спытаў я. — Ім выдзелена ў тэстаменце частка спадчыны, бо яны — неад'емная частка маярату. — Я прасіў бы пана Дубатоўка растлумачыць мне, як справа з заарандаванай зямлёю пры маёнтку Балотныя Яліны? — спытаў Сава-Стахоўскі, маленькі хударлявы чалавечак з такімі вострымі каленямі, што яны, здавалася, вось-вось прарэжуць яго светлыя штонікі. Ён, відаць заўжды трохі пікіраваўся з Дубатоўкам і даў яму зараз нейкае з'едлівае пытанне. Але той не зніякавеў. Ён выцягнуў вялікія срэбныя акуляры, хустку, якую расклаў на каленях, пасля ключ і толькі пасля гэтага клапцік паперы. Акуляры ён, аднак, не надзеў і пачаў чытаць: — «У прадзеда пані Яноўскай было дзесяць тысяч дзесяцін добрай ворнай зямлі, не лічачы лесу». У пані Яноўскай, як гэта вам, напэўна, вядома, шаноўны пан Стахоўскі, 50 дзесяцін ворнай зямлі, значна спустошанай. У яе таксама ёсць парк, які не дае ні шэлега, і пушча, якая практычна таксама маярат, бо гэта запаветны лес. Скажам прама, мы маглі б паступіцца гэтым правілам, але, па-першае, доступ у гэту пушчу для дрывасекаў немагчымы па прычыне навакольнай дрыгвы. А па-другое, ці разумна гэта? У Яноўскай могуць быць дзеці. Што рабіць ім на 50 дзесяцінах беднай зямлі? Тады род зусім занепадзе. Вядома, пані зараз дарослая, яна сама можа… — Я згодна з вамі, дзядзька, — саромеючыся да слёз, сказала Надзея Раманаўна. — Няхай пушча стаіць. Я рада, што да яе толькі сцежкі, і то ў сухмень. Шкода зводзіць такі лес. Пушчы — гэта божыя сады. — Дык вось, — казаў далей апякун, — акрамя гэтага, пані належыць амаль усё яноўскае наваколле, але гэта дрыгва, тарфяныя балоты і пустэчы, на якіх не расце нічога, акрамя верасу. На гэтай зямлі не жывуць колькі сягае ў гады памяць чалавечая. Значыцца, возьмем толькі 50 дзесяцін, якія здаюцца ў арэнду за другі сноп. Зямля няўгноеная, вырошчваюць на ёй толькі жыта, і гэта дае трыццаць, сама больш сорак пудоў з дзеснціны. Кошт жыта — 50 капеек пуд, значыцца — дзесяціна дае даход у дзесяць рублёў на год, і, значыцца, з усёй зямлі 500 рублёў у год. Вось і ўсё. Гэтыя грошы не затрымліваюцца, можаце мяне праверыць, пан Стахоўскі. Я пахітаў галавою. Гаспадыня вялікага маёнтка атрымлівала трохі больш двухсот рублёў прыбытку ў месяц. А сярэдні чыноўнік атрымліваў 125 рублёў. У Яноўскай было дзе жыць і было што есці, але гэта была непрыхаваная галеча, галеча без прасвятлення. Я, галяк, вучоны і журналіст, аўтар чатырох кніг, меў рублёў чатырыста ў месяц. І мне не трэба было рамантаваць гэтую прорву — палац, рабіць падарункі слугам, трымаць у адносным парадку парк. Я быў поруч з ёю Крэз. Мне было шкада яе, гэтага дзіцёнка, на плечы якога ўпаў такі непасільны цяжар. — Вы вельмі небагаты чалавек, — сумна сказаў Дубатоўк. — На руках у вас, уласна кажучы, застаюцца пасля ўсіх выдаткаў капейкі. І ён кінуў позірк у мой бок, вельмі выразны і шматзначны позірк, але мой твар не выразіў нічога. Ды і сапраўды, якое гэта мела дачыненне да мяне? Дакументы перадалі новай гаспадыні. Дубатоўк абяцаў даць загады Берману, пасля пацалаваў Яноўскую ў лоб і выйшаў. Мы ўсе таксама выйшлі ў залу, дзе публіка паспела ўжо замарыцца ад танцаў. Дубатоўк адразу зноў выклікаў выбух запалу, уздыму і весялосці. Я не ўмеў скакаць нейкага мясцовага танца, і таму Яноўскую адразу памчаў Варона. Пасля яна кудысьці знікла. Я глядзеў на танцы, калі раптам адчуў нечы позірк. Непадалёк ад мяне стаяў танклявы, але, відаць, моцны малады чалавек, белавалосы, з вельмі прыемным і шчырым тварам, апрануты сціпла, але з падкрэсленай акуратнасцю. Я не бачыў, адкуль ён з'явіўся, але ён адразу спадабаўся мне, спадабалася нават мяккая аскетычнасць у прыгожым вялікім роце і разумных карых вачах. Я ўсміхнуўся яму, і ён, як быццам толькі і чакаў гэтага, падышоў да мяне вялікімі і плаўнымі крокамі, працягнуў мне руку: — Прабачце, я без цырымоній, Андрэй Свеціловіч. Даўно жадаў пазнаёміцца з вамі. Я студэнт… былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта. Зараз мяне выключылі… за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Я таксама адрэкамендаваўся. Ён усміхнуўся шырокай белазубай усмешкаю, такой яснай і добрай, што твар адразу зрабіўся гожым: — Я ведаю, я чытаў вашы зборнікі. Не палічыце за камплімент, я, наогул, не аматар гэтага, але вы мне сталі пасля іх вельмі сімпатычным. Вы займаецеся такой карыснай і патрэбнай справай і добра разумееце свае задачы. Я мяркую па вашых прадмовах. Мы разгаварыліся і разам адышлі да акна ў дальнім кутку залы. Я спытаў, як ён трапіў да Балотных Ялін. Ён засмяяўся: — Я далёкі сваяк Надзеі Раманаўны. Вельмі далёкі. Уласна кажучы, ад усяго кораня Яноўскіх зараз засталіся на зямлі толькі яна ды я, па жаночай лініі. Здаецца, такая-сякая кропля крыві гэтых былых дэйноўскіх князькоў цячэ яшчэ і ў жылах Гарабурды, але яго сваяцтва, як і сваяцтва Грыцкевічавых, не даказаў бы ніводны знаўца геральдыкі… Гэта проста радавое паданне. А сапраўдная Яноўская толькі адна яна. Твар яго памякчэў, стаў задумлівым. — І наогул, усё гэта глупства. Усе гэтыя геральдычныя казусы, князькі, магнацкія маяраты. Каб была мая воля, я б выпусціў з жылаў магнацкую сваю кроў. Гэта толькі прычына для вялікіх пакут сумлення. Мне здаецца, гэта і ў Надзеі Раманаўны так. — А мне сказалі, што Надзея Раманаўна адзіная з Яноўскіх. — Вядома, так. Я вельмі далёкі сваяк, і да таго ж мяне лічылі памёршым. Я не наведваўся ў Балотныя Яліны пяць год, а зараз мне дваццаць тры. Бацька адаслаў мяне адсюль, бо я ў васемнаццаць год паміраў ад кахання да трынаццацігадовай дзяўчыны. Уласна кажучы, гэта нічога, варта было пачакаць два гады, але бацька верыў у старажытную сілу праклёну. — Ну і як, дапамагла вам высылка? — спытаў я. — Ані на шэлег. Мала таго, дзвюх сустрэч было дастаткова, каб я адчуў, што старое абажанне перарасло ў каханне. — І як глядзіць на гэта Надзея Раманаўна? Ён пачырванеў так, што ў яго нават слёзы навярнуліся на вочы. — О!… Вы здагадаліся! Я вельмі прашу вас маўчаць пра гэта! Справа ў тым, што я не ведаю яшчэ. Ды гэта не так важліва, паверце… паверце мне. Мне гэта не важліва. Мне проста добра з ёю, і нават калі яна будзе раўнадушнай да мяне, мне, паверце, будзе таксама шчасна і хораша жыць на зямлі: яна ж будзе існаваць на ёй таксама. Яна незвычайны чалавек. Вакол яе такое бруднае свінства, непрыхаванае рабства, а яна такая чыстая і добрая. Я ўсміхнуўся ад раптоўнага замілавання да гэтага хлапчука з добрым і ясным тварам, а ён, відаць, палічыў усмешку за кпін. — Ну вось, вы ўсміхаецеся таксама, як нябожчык бацька, як дзядзька Дубатоўк. Сорамна вам… — Я і не думаю смяяцца, пан Андрэй. Мне проста добра чуць ад вас такія словы. Вы чысты і харошы чалавек. Толькі не трэба вам камусьці яшчэ казаць пра гэта. Вось вы тут вымавілі імя Дубатоўка. — Дзякуй вам за добрае слова. Але няўжо вы думалі, што я камусьці казаў пра гэта, што я такі нягоднік? Вы ж здагадаліся. І дзядзька Дубатоўк таксама чамусьці здагадаўся. — Добра, што здагадаўся Дубатоўк, а не Алесь Варона, — сказаў я. — Іначай справа скончылася б дрэнна для кагосьці з вас. Дубатоўк — гэта нічога. Ён апякун, яму цікава, каб Надзея Раманаўна знайшла добрага мужа. І ён, мне здаецца, добры чалавек, нікому не скажа, як і я. Але вам трэба наогул маўчаць пра гэта. — Гэта праўда, — вінавата сказаў ён. — Я і не падумаў, што нават маленькі намёк шкодны для гаспадыні. І праўда ваша, які добры, шчыры чалавек Дубатоўк! Сапраўдны стары пан-рубака, просты і патрыярхальны! І такі шчыры, такі вясёлы! І так ён любіць людзей і нікому пе перашкаджае жыць! А мова ягоная?! Я як пачуў, дык мяне быццам па сэрцы цёплай рукой нехта гладзіць. Ах, які добры, добры чалавек! Нават вочы яго ўвільготніліся, так ён любіў Дубатоўка. І я таксама быў шмат у чым з ім згодзен. — Вы ведаеце зараз, пан Беларэцкі, а больш не будзе ведаць ніхто. Я разумею, я не буду кампраметаваць яе. І наогул я буду маўчаць. Вось вы танцуеце з ёй, а мне радасна. Размаўляе яна з іншым — мне радасна. Хай толькі ёй будзе шчасце. Але я вам шчыра кажу. — Голас яго ўзмацнеў, а твар стаў як у юнака Давіда, які выходзіць на бой з Галіяфам. — Калі я буду за трыдзевяць краін і сэрцам пачую, што яе нехта збіраецца крыўдзіць, я прылячу адтуль і, хоць бы гэта быў сам Бог, разаб'ю яму галаву, кусаць буду, біцца да апошняга, каб пасля толькі прыпаўзці да яе ног і здохнуць там. Паверце мне. Здалёк — і заўжды з ёю. Гледзячы на яго твар, я разумеў, чаму баяцца ўладу маючыя такіх вось стройных, чыстых і сумленных юнакоў. У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе. У жыцці яны нявопытныя, даверлівыя дзеці да сівых валос, у служэнні праўдзе — горкія, іранічныя, адданыя да канца, мудрыя і нязломныя. А дрэнь баіцца такіх нават тады, калі яны яшчэ не пачыналі дзейнічаць, і, кіруючыся інстынктам, уласцівым погані, цкуе іх заўсёды. Дрэнь ведае, што яны — самая найвялікшая небяспека для яе існавання. Я зразумеў, што дай такому ў рукі пісталет, і ён, усё з той самай шчырай белазубай усмешкаю, падыдзе да тырана, усадзіць у яго кулю і пасля спакойна скажа смерці: «Хадзі сюды». І ён вытрымае найбольшыя пакуты спакойна і, калі не памрэ ў турме ад прагі волі, спакойна пойдзе на эшафот. І такі невыказны давер выклікаў у мяне гэты чалавек, што рукі нашы сустрэліся, і я ўсміхнуўся яму, як другу. — За што вас выключылі, пан Свеціловіч? — Ат, глупства! Пачалося з ушанавання памяці Шаўчэнкі. Студэнты, вядома, былі аднымі з першых. Нам прыгразілі, што ва ўніверсітэт увядуць паліцыю. — Ён аж пачырванеў. — Ну, мы пачалі крычаць. А я крыкнуў, што калі яны толькі пасмеюць зрабіць гэта са святымі нашымі мурамі, дык мы крывёю змыем з іх ганьбу. І першая куля будзе таму, хто дасць такі загад. Пасля мы высыпалі з будынка, пачаўся шум, і мяне схапілі. А калі ў паліцыі спыталі пра нацыянальнасць, дык я адказаў: «Пішы: украінец». — Добра сказана. — Я ведаю, гэта вельмі неасцярожна для тых, хто ўзяўся змагацца. — Не, гэта добра і для іх. Адзін такі адказ варты дзесятка куль. І гэта азначае, што супраць агульнага ворага — усе. І няма ніякай розніцы паміж беларусам і ўкраінцам, калі над спіною вісіць бізун. Мы моўчкі глядзелі на танцуючых аж датуль, пакуль рот Свеціловіча не перасмыкнула. — Танцуюць. Чорт іх ведае што такое. Паноптыкум нейкі… дапатопныя яшчары. У профіль не твары, а звярыныя морды. Мазгоў — з напарстак, а сківіцы, як у дыназаўра, на семсот зубоў. І сукні са шлёпамі. І гэтыя страшныя твары вырадкаў… Усё ж такі няшчасны мы народ, пан Беларэцкі. — Чаму? — У нас ніколі не было сапраўдных уладароў думак. — Можа, гэта і лепш, — сказаў я. — І ўсё ж непрытульны мы народ… І гэты ганебны гандаль радзімай на працягу сямі стагоддзяў. Спачатку Літве*(Тут адлюстроўваецца міф пра «заваёву» беларускіх земляў племем літва. (Заўв. рэдактара)), пасля, ледзь народ паспеў асіміляваць яе, палякам, усім, каму не лянота, каму хочацца, забыўшы гонар, забыўшы сумленне. На нас пачалі аглядацца танцуючыя. — Бачыце, аглядаюцца. Калі чалавек крычыць — ім не падабаецца. Яны тут усе — адно кодла. Топчуць маленькіх, выракаюцца сумлення, прадаюць багатым дзядам дзяўчат. Вось бачыце гэтага Саву-Стахоўскага: я б каня не паставіў з ім у адной стайні, баючыся за конскую мараль. А гэта Хобалева, павятовая Месаліна. І гэты, Асановіч, звёў у магілу прыгонную дзяўчыну. Зараз у яго няма на гэта права, але ён усё адно распуснічае. Няшчасная Беларусь! Добры, памяркоўны, рамантычны народ у руках такой поскудзі. І пакуль гэты народ будзе дурнем, так будзе заўсёды. Аддае чужынцам лепшых сваіх сыноў, лепшых паэтаў, дзетак сваіх наракае чужынцамі, прарокаў сваіх, быццам вельмі багаты. А сваіх герояў аддае на прэнг, а сам сядзіць у клетцы над міскай з бульбай ды бручкай і лыпае вачыма. Дорага б я даў таму чалавеку, які скіне нарэшце з шыі народа ўсіх гэтых гнілых шляхцюкоў, тупых Homo Novus'аў, пыхатых выскачак, прадажных журналістаў і зробіць яго гаспадаром уласнага лёсу. Усю кроў аддаў бы. Відаць, пачуцці мае абвастрыліся: я ўсё адчуваў на спіне чыйсьці позірк. Калі Свеціловіч скончыў — я павярнуўся і… стаў ашаломлены. Надзея Яноўская стаяла і слухала нас. Але гэта была не яна, гэта была мара, лясны дух, казачная здань. Яна была ў сярэдневяковай жаночай вопратцы: сукня, на якую пайшло пяцьдзесят локцяў залацістага варшанскага атласа, паверх яе другая, белая з блакітнымі, адліваючымі срэбрам, разводамі і шматлікімі разрузамі на рукавах і падоле. Стан, сціснуты ў снуроўку, быў перавіты тонкім залацістым снурам, які падаў амаль да зямлі двума кутасамі. А на плячах быў тонкі рубок з белага табіну. Валасы былі ўзяты ў сетку і ўпрыгожаны шлягавым вянком, старажытным жаночым уборам, які трохі нагадваў караблік, зроблены са срэбных ніцей. З абодвух рагоў гэтага карабліка звісаў да зямлі тонкі белы вэлюм. Гэта была каралеўна-лебедзь, уладарка бурштынавага палаца, словам, чорт ведае што, толькі не даўняе брыдкае качанё. Я сам пабачыў, як вочы Дубатоўка вырачыліся і ніжняя сківіца адвісла: ён, відаць, і сам не чакаў такога. Віскнула скрыпка. Стала цішыня. А яна ішла проста да мяне. Гэта даволі нязручны ўбор, і звычайна ён псуе нязвыклую да яго жанчыну — скоўвае яе рухі, робіць цяжкай і мехаватай, але гэтая несла яго, як каралева, быццам усё жыццё толькі яго і насіла: горда адкінуўшы галаву, яна плыла паважна, жаноцкі. І лукава, і ганарліва ўсміхаліся з-пад вэлюму яе вялікія вочы, абуджаныя пачуццём уласнай прыгажосці. Дубатоўк аж рохкнуў ад здзіўлення і пайшоў да яе, усё паскараючы крок. З незразумелым выразам болю ў вачах узяў яе твар у далоні і пацалаваў у лоб,буркнуўшы нешта накшталт «такую прыгажосць!…». А пасля вусны яго зноў расплыліся ўсмешкаю: — Каралева! Прыгажуня мая! Дачакаліся, святыя балеснічкі! Яноўская, Яноўская да мезенца!!! Дазволь, донечка, ножку. І гэты вялізны мехаваты чалавек, крэкчучы, распасцёрся на падлозе і дакрануўся вуснамі да наска яе маленькіх туфлікаў. Пасля ўзняўся і зарагатаў: — Ну, доня, трэба табе з такім капіталам сядзець ціхутка, як мыш, а то яшчэ ўкрадуць. І раптам падміргнуў: — А што, каб нам старыною трахнуць, як ты яшчэ дзяўчынкай са мною скакала? Падаруй старому бабру адзін танец, а там хоць і паміраць. Белая каралева працягнула яму руку. — Гэй, лябедзікі! — крыкнуў інвалідам Дубатоўк. — Давайце спачатку нашага «Ветрыку» кругі з два, а потым, з майго месца, — ведаеце, якое? — пераходзьце на мазура! І сакрэтна звярнуўся да мяне: — Усім добрыя нашы танцы, але такога агнявога, як польскі мазур, няма. «Лявоніха» — толькі яна і магла б паспрачацца, але для яе трэба некалькі пар, а гэтыя бабздыры і слінцяйчыкі хіба могуць? Тут трэба балетнымі нагамі валодаць, вось як у мяне. І зарагатаў. А я з жахам глядзеў на яго ногі-шынкі і думаў: «Што ён зробіць з добрага танца?!» Між тым усе адышлі ўбок, расчысцілі месца. Я чуў галасы: — Сам… Сам будзе скакаць. Я не пайшоў ад гэтай прафанацыі далей толькі таму, што жадаў паглядзець на забыты танец, пра які я толькі аднойчы чуў і які, як кажуць, быў вельмі распаўсюджаны год восемдзесят таму. Вялізная туша Дубатоўка выпрасталася, ён хмыкнуў і ўзяў Яноўскую шчопанню зверху за празрыстую кісць левай рукі. З першымі ж тактамі «Ветрыку» ён стукнуў абцасамі і пайшоў трайным крокам, то з правай, то з левай нагі. І яго туша рухалася нечакана лёгка, спачатку прыстукваючы абцасамі пасля кожных трох крокаў, а пасля проста так, на цыпках. А поруч з ім плыла яна, проста плыла ў паветры, залацістая, белая, блакітная, як райская птушка, і вэлюм яе віўся ў паветры. Пасля яны круціліся, плылі, то збліжаючыся, то аддаляючыся, то перасякаючы адзін аднаму шлях. Не, гэта не была прафанацыя, як не з'яўляецца прафанацыяй танец старога нацяжэлага танцора, які быў калісьці вялікім майстрам. Гэта быў сапраўды «Ветрык», які паступова пераходзіў у буру, і вось ужо толькі круціўся ў паветры вэлюм, мільгацелі ногі… І раптам музыкі раўнулі мазура. Гэта быў не цалкам мазур, гэта была нейкая спрадвечная мясцовая варыяцыя на яго тэму, якая ўключала ў сябе элементы таго самага «Ветрыку». І тут туша памчалася наперад, загрукала абцасамі, па-кацячы мякка пачала заносіцца ў паветра, стукаючы ў ім нагой аб нагу. А поруч плыла яна, лёгкая, усмешлівая, вялікасная. Гэта было сапраўднае дзіва, нябачаны цуд: два чалавекі ў старажытных вопратках стваралі перад намі гэтую казку. Зрабіўшы круг, Дубатоўк падвёў Яноўскую да мяне. Ён быў чырвоны як рак. — Замарыла яна мяне… «Вы, дзядзечка, як малады». Ма-ала-ды, ма-ла-ды! Не, няма чаго казаць, з'ездзіўся конь. Пашлюць мяне хутка да Абрама па піва. Вам, маладыя, жыць, вам песні спяваць, скокі скакаць. Скачы, хлопча. Зноў пачаліся танцы. Свеціловіч танцаваць не любіў. Варона дзьмуўся і таксама не падыходзіў, і мне давялося танцаваць з ёю да самай вячэры. І як яна танцавала! Я мімаволі заглядзеўся на гэты дзіцячы твар, які раптам стаў такім жвавым і прыемна хітраватым. Мы танцавалі, і нам усё было мала, мы мчаліся па зале, плылі ў паветры, сцены круціліся вакол, і на іх нельга было нічога заўважыць. Напэўна, і яна адчувала тое самае, што я, а маё пачуццё можна параўнаць толькі з тымі снамі, якія часам бываюць у юнацтве: табе сніцца, што ты танцуеш, і нязначае шчасце ахапляе сэрца. Бачыў я толькі яе ружовы закінуты твар, галаву, якая злёгку пахіствалася ў такт музыцы. Пайшлі вячэраць. Калі я вёў яе ў сталовую, мне здалося, што я чую ў кутку залы нейкае шыпенне. Я глянуў туды, у змрок, пабачыў нечыя вочы — там сядзелі старыя панны — і пайшоў далей. І выразна пачуў, адышоўшы, як сухі голас сказаў: — Весяліцца, як перад пагібеллю. Награшылі, прагнявілі Бога і яшчэ весяляцца. Кляты род… Нічога, хутка прыйдзе дзікае паляванне… Ач, бессаромніца, цэлы вечар з гэтым чужынцам, з бязбожнікам. Сябра сабе знайшла… Нічога, пабажуся, што і на яе кароль Стах паўстане. Пачынаюцца цёмныя ночы. Гэтыя халодныя словы напоўнілі мяне трывогай. Сапраўды, я паеду і, магчыма, пазбаўлю гэту дзяўчыну магчымасці выйсці замуж. Нашто я з ёю цэлы вечар? Што я раблю? Я ж зусім, зусім не кахаю яе і ніколі не буду кахаць, бо ведаю сваё сэрца. І я цвёрда вырашыў не танцаваць больш з ёю і не сядзець поруч за сталом. І наогул, трэба ехаць. Хопіць гэтай панска-шляхецкай ідыліі, хутчэй да простых людзей, да працы. Я пасадзіў яе і стаў поруч, цвёрда намерваючыся спаймаць Свеціловіча і пасадзіць з ёю. Але ўсе мае намеры расплыліся дымам. Свеціловіч як увайшоў, так і сеў у канцы стала. А Дубатоўк шчыльна сеў справа ад гаспадыні і буркнуў: — Што стаіш? Сядай, браце. І калі я сеў, дадаў: — Добры з цябе шляхціц бы атрымаўся год сто таму. Рукі моцныя, вочы сталёвыя. І сабою гожы. Толькі цікава мне ведаць, ці сур'ёзны ты чалавек? Ці не шалыган ты часам? І я быў вымушаны сядзець поруч з гаспадыняй: служыць ёй, дакранацца рукою да яе рукі, часам датыкацца каленам да яе калена. І добра мне было, і ў той жа час злосць разбірала на Дубатоўка. Сядзіць хмуры, як цмок, глядзіць на мяне дапытліва. На мужа сваёй падапечнай прымервае, ці што? Хутка ўсе развесяліліся. Было шмат з'едзена і яшчэ больш выпіта. Твары пачырванелі, досціпы сыпаліся градам. А Дубатоўк піў і еў больш за ўсіх, адпускаючы жарты, ад якіх усе за жываты браліся. І злосць мая паступова прайшла. Я нават быў удзячны Дубатоўку, што ён затрымаў мяне тут. А пасля зноў былі танцы, і толькі гадзін у пяць ночы госці пачалі раз'язджацца. Дубатоўк ад'язджаў адным з апошніх. Праходзячы міма нас,ён падышоў бліжэй і хрыпата сказаў: — Вось што, хлопча. Запрашаю цябе да мяне праз дзень на халастую гулянку. А як ты, донька, можа, і ты паедзеш да нас, з пасербіцай пасядзіш? — Не, дзядзечка, дзякую. Я застануся дома. Волат уздыхнуў: — Губіш ты сябе, доня. Ну, добра. А цябе чакаю. Глядзі. У мяне хата без гэтых заморскіх жартаў, табе гэта цікава. Мы развіталіся з ім, шчыра развітаўся я з Свеціловічам. Дом пусцеў, заціхалі крокі, ён зноў ставаў глухім і нямым, магчыма, яшчэ на васемнаццаць год. Слугі хадзілі і гасілі свечкі. Яна знікла, і, калі я ўвайшоў у залу, я пабачыў яе ў яе казачным уборы ля палаючага каміна. Зноў цемра агарнула куты залы, у якой яшчэ, здавалася, жылі гукі музыкі і смех. Дом пачаў жыць звычайным жыццём — цёмным, глухім і змрочным. Я падышоў бліжэй і раптам пабачыў яе бледны твар, на якім згаслі апошнія сляды радасці. Вецер завыў у коміне. — Пан Беларэцкі, — сказала яна. — Як глуха. Я адвыкла ад гэтага. Пройдземся з вамі яшчэ адзін вальс, перш чым назаўсёды… Голас яе перасекся. Я паклаў руку на яе стан, і мы, падпарадкоўваючыся ўнутранай музыцы, якая яшчэ гучала ў нашых вушах, паплылі па зале. Шоргат нашых ног глуха аддаваўся над столлю. Мне было чамусьці нават страшна, нібы я прысутнічаў на пахаванні, а яна зноў перажывала ўвесь вечар. Стан яе, тонкі і гнуткі, трошкі хістаўся пад маёй рукою, веяў яе вэлюм, жарам успыхвала сукня, калі мы траплялі ў водбліск каміннага полымя, рабілася блакітнай, калі мы траплялі ў цемру. Гэты старажытны ўбор, гэты вэлюм, які кранаўся часам майго твару, гэты стан пад маёй рукою і задуменныя апушчаныя вочы, напэўна, ніколі не будуць забыты мной. І раптам яна прыткнулася лбом на імгненне да майго пляча. — Усё. Не магу больш. Даволі. Гэта ўсё. Дзякуй вам… за ўсё. Я паглядзеў на яе і пабачыў вочы, якія блішчалі ад нявыплаканых слёз. Гэта было сапраўды ўсё. Яна пайшла ў свой пакой, а я ўсё глядзеў на маленькую фігурку ў старажытным убранні, якая ішла па зале, губляючыся ў цемры пад позіркамі продкаў са сцяны. Я забыўся ў гэту ноч пагасіць свечку на століку ля акна і ляжаў у шырокім, як луг, ложку, ужо засынаючы, калі маю дрымоту перарвалі зноў крокі ў калідоры. Ведаючы, што зноў нікога не заўважу, калі выгляну, я ляжаў спакойна. Хутка крокі зніклі. Я пачаў быў зноў драмаць, калі раптам страпянуўся. Праз шыбу глядзеў на мяне чалавечы твар. Чалавек быў сапраўды вельмі маленькі (я бачыў яго амаль па пояс), у каптане з шырокім каўняром. Гэта быў чалавек і ўсё ж нечалавечая істота. Яе галоўка была сціснута з бакоў і ненатуральна выцягнута ў даўжыню, рэдкія доўгія валасы звісалі з яе. Але самым дзіўным быў твар Малога Чалавека. Ён быў амаль такі зялёны, як вопратка, рот вялікі і без вуснаў, нос маленькі, а ніжнія павекі былі непамерна вялікія, як у жабы. Я параўнаў яго з малпай, але хутчэй гэта быў твар сапраўднай жабы. І вочы, шырокія, цёмныя, глядзелі на мяне з тупой злосцю і яшчэ чымсьці незразумелым. Пасля з'явілася ненатуральна доўгая зеленаватая рука. Істота глуха застагнала, і гэта абудзіла мяне ад здранцвення. Я кінуўся да акна і заўважыў, што Малога Чалавека няма. Ён знік. Я з трэскам адчыніў акно — халоднае паветра лінула ў пакой. Высунуўшы галаву, я глядзеў на ўсе бакі — нікога. Ён як выпарыўся. Скокнуць уніз ён не мог, у гэтым месцы пад двума паверхамі быў яшчэ трэці (дом стаяў часткова на схіле), вокны справа і злева былі зачынены, ды і карніз быў такі вузкі, што па ім не прабегла б і мыш. Я зачыніў акно і задумаўся, упершыню ўзяўшы пад сумненне свае разумовыя здольнасці. Што гэта было? Я не верыў ні ў Бога, ні ў здані, але жывым чалавекам гэтая істота быць не магла. Ды і скуль яна магла з'явіцца, куды магла знікнуць? Дзе магла існаваць? Нешта нядобрае і таемнае было ў гэтым доме. Што гэта такое? Няўжо сапраўды здань? Ўсё маё выхаванне паўстала супраць гэтага. А можа, я п'яны? Не, я амаль не піў. Ды і скуль з'явіліся б зноў тыя крокі, што зараз гучаць у калідоры? Ці гучалі яны тады, калі я бачыў твар гэтай пачвары ў акне. Цікаўнасць мая дайшла да мяжы немагчымага. Не, я не паеду адсюль заўтра, як думаў, я павінен разгадаць усё гэта. Жанчына, якая падаравала мне сёння яшчэ адзін добры ўспамін, вар'яцее тут ад жаху, тут робіцца нешта несумяшчальнае з законамі натуры, а я паеду? Але хто дапаможа мне? Хто? Хто дапаможа мне ў пошуках? І прыпомніліся мне словы Свеціловіча: «Прыпаўзу да яе ног і памру». Так, з ім я і павінен сустрэцца. Мы спаймаем гэтую поскудзь, а калі не — я паверу ў існаванне зялёных зданяў і анелаў божых. РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ Праз дзень я падыходзіў да дома Дубатоўка. Я не жадаў ісці, але гаспадыня сказала: «Ідзіце, я загадваю. Мне не будзе тут страшна». І я пайшоў. Пайсці мне давялося зусім у другі бок ад дома, па паўднёвы ўсход. Зарослая травою алея, паабапал якой стаяў змрочны, як лес, парк, давяла мяне да агароджы. У адным месцы тут не было прэнта (гэта была таямніца Надзеі Яноўскай, якую яна мне выкрыла), і можна было пралезці. Гэта было добра, бо мне не давялося, такім чынам, ісці на поўнач, па той алеі, па якой я прыехаў, абмінаць увесь парк і толькі тады ісці да дома Дубатоўка. А так я пралез праз агароджу і выбраўся па роўнае месца. Злева і наўпрост ад мяне былі бязмежныя верасовыя пусткі з рэдкімі купамі дрэў, справа нейкія зарасці, за імі поўная, як вока, рэчка, потым балотны скарлючаны лес, а пасля, відаць, сапраўдная і безнадзейная дрыгва. Недзе вельмі далёка віднеліся за верасовымі пусткамі верхавіны дрэў, відаць, абсада дома Дубатоўка. Я павольна ішоў пусткаю, толькі часам трапляючы на штосьці падобнае да сцежкі. І хоць асенняе поле было змрочным і непрытульным, хоць двойчы над маёй галавою пралятаў вялізны крук — мне было тут лёгка пасля Балотных Ялін. Тут было ўсё звычайным: імхі на купінах балотцаў, сухі верас паміж імі, мышка-малютка, якая цягнула з высокага бадзяку белы пух, відаць, у сваё гняздо, гатуючыся на зіму. Я падышоў да дома Дубатоўка толькі ў прысмерку, калі вокны яго былі ярка асветлены. Гэта быў самы звычайны шляхецкі дом. Старажытнай пабудовы, прысадзісты, з вельмі маленькімі акенцамі, ён быў крыты гонтай, чыста пабелены, меў ганак з чатырма калонамі. Правінцыяльны архітэктар не ведаў, відаць, вядомага сакрэту, і таму калоны здаваліся трохі пукатымі ўсярэдзіне, як бачонкі. Акружала дом старая абсада з жоўтых, амаль ужо абляпаных агромністых ліп. За домам вялікі пераважна фруктовы сад, за ім — хустка ўзаранай зямлі. Я, відаць, спазніўся, бо за вокнамі ўжо грымелі галасы. Сустрэлі мяне горача і страсна. — Бацюхны, свентыя пакутнічкі! — крычаў Дубатоўк. — З'явіўся-такі, з'явіўся, блудны сын. За стол яго, за стол. Антось, дзе ты там, лабідуда? Разгонную госцю. Прахлопалі, чэрці, нават не салютавалі яму, страмянной не паднеслі. У, ёлупы… За сталом сядзела чалавек дзесяць, усё мужчыны. Знаёмыя мне былі толькі Свеціловіч, Алесь Варона і Стахоўскі. Амаль усе ўжо былі даволі п'яныя і разглядалі мяне чамусьці з павышанай цікаўнасцю. Стол ламаўся ад страў: відаць, Дубатоўк быў з мясцовых заможных шляхцюкоў. Заможнасць была, аднак, адносная. Есці і піць было што, але пакоі, праз якія я ішоў, не вызначаліся багатым абсталяваннем. Сцены пабеленыя, аканіцы разьблёныя і ярка афарбаваныя, мэбля старая і не вельмі прыгожая, затое вельмі цяжкая. Старасвеччына глядзела з кожнага кута. У сталовай, акрамя шырокага дубовага стала, табурэтаў, абцягнутых зялёнай шаўкавістай палаценкай, двух данцыгскіх крэслаў, абабітых пазалочаным саф'янам, ды трайнога люстэрка ў карычневай раме, якая перадавала горад з царкоўнымі главамі, нічога не было. Страката апранутыя госці глядзелі на мяне. — Што вы вочы ўтаропілі! — гаркнуў Дубатоўк. — Сталічнага чалавека не бачылі, мядзведзі, ці што? Ану, дапамажыце госцю, пакладзіце на яго блюда, што вам па густу. Валасатыя зяпы заўсміхаліся, лапы началі рухацца. Хутка на маім блюдзе ляжаў вялізны гусь з бруснічным варэннем, індыковая ножка з яблыкамі, салёныя грыбы, дзесятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутна было: — А вось пампушкі з часнаком… А вось, пане, кавалак шыначкі дзікага япрука, наперчаны, агнём гарыць. Памяццю маці заклінаючы — вазьміце… А вось цудоўная… А вось незвычайны… — Вось як у нас па-беларуску частуюць, — рагатаў гаспадар, пабачыўшы, што я зусім разгубіўся. Перада мною вырасла гара. Я паспрабаваў пратэставаць, але выклікаў такі выбух абурэння (у аднаго з гасцей нават слёзы пацяклі; праўда, ён быў трохі нападпітку), што я здаўся. Лабідуда Антось прынёс мне на падносе «разгонную» чарку. Я вельмі моцны на хмель чалавек, але тут я разгубіўся. У чарцы было не менш як на бутэльку нейкай жоўтай празрыстай вадкасці. — Не магу. — Як гэта не магу? Не можа толькі цнатлівая дзеўка, ды і тая хутка згаджаецца. — Многа, пан Дубатоўк. — Многа, калі тры жонкі ў хаце, ды і то не для кожнага… Э-э, хлопцы, нас не паважаюць. Прасіце шаноўнага госця. — Не чыніце крыўды… Выпіце, — зараўлі госці мядзведжымі галасамі. Давялося выпіць. Вадкасць апаліла ўсе мае вантробы, вогненныя кругі захадзілі ў галаве, але я стрымаўся, не скрывіўся. — Мужчына! — пахваліў Дубатоўк. — Што гэта? — праглынуўшы добры кавалак шынкі, спытаў я. — Го! Старку польскую ведаеш, гарэлку ведаеш, хахлацкі спатыкач таксама, а нашага «трыс дзівінірыс» не ведаеш. Гэта, браце, па-літоўску ( Тут маюцца на ўвазе балты-жамойты. (Заўв. рэдактара)) «тройчы дзевяць», гарэлка на дваццаці сямі травах. Мы яе сакрэт у літоўцаў выведалі стагоддзі таму. Зараз яе і самі літоўцы забылі, а мы яшчэ памятаем. Пі на здароўечка, пасля я цябе стаўным мёдам пачастую. — А гэта што? — спытаў я, торкаючы відэльцам у нешта цёмнае на талерцы. — Каханенькі ты мой, гэта ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце. Еш, браце, сілкуйся. Гэта страва для волатаў. Продкі нашы, зямля ім пухам, не дурныя былі. Еш, абавязкова іх еш. А праз хвіліну, забыўшыся, што рэкамендаваў «губы», крычаў: — Не, браце, ты ў мяне адсюль, не пакаштаваўшы халодных пірагоў з гусінай пячонкай, не пойдзеш. Антось, сюды! Падышоў Антось з пірагамі. Я быў адмовіўся. — Падай да госця ў ногі. Бі дурной галавою ў падлогу, прасі, бо госць нас крыўдзіць. Праз хвіліну я быў таксама нападпітку. Вакол крычалі, спявалі, але я не забываў есці. Дубатоўк вісеў у мяне на плячы і дудніў нешта, што я не вельмі і слухаў. Пакой пачынаў разгойдвацца. А-а вып'ем чарку, А за ёй дру-гу-ю, - роў нехта. І раптам я прыпомніў далёкі дом у яловым парку, бараду моху на дрэвах, камін, сумную постаць ля яго. Мне стала сумна. «Я п'яная свіння, — паўтараў я, — нельга раскашаваць, калі іншаму дрэнна». І так мне стала шкада яе, што я паспрабаваў заплакаць і… адразу зрабіўся цвярозым. Госці ўставалі з-за стала. — Панове, — казаў Дубатоўк, — вы прагуляйцеся трошкі, трэба стол паднавіць. Божа, гэта быў яшчэ толькі пачатак! А яны ж былі ўжо добра напітыя. Было восем гадзін вечара. Нічога. Яшчэ рана. Я ведаў, што, так раптоўна працверазеўшы, я больш не буду сёння п'яным, але ўсё ж вырашыў піць асцярожна, бо яшчэ ў балоце загразнеш — будзе тады штука. Разважаліся. Дубатоўк паказваў добрую калекцыю зброі. Вельмі хваліў адну старую шаблю, якую выпрасіў у Рамана Яноўскага. Казаў, што расейскі булат бярэ медную пласціну, польская «зыгмунтоўка» даволі тоўсты цвік, а гэта — наша, сакрэт яшчэ татары пры Вітаўце завезлі. І ўнутры ртуць, удар такі, што не тонкую медную пласцінку возьме, але і тоўстую. Яму не верылі. Ён раскрычаўся, загадаў Антосю прынесці чурак. Антось унёс у пакой кароткае бервяно таўшчынёю ў тры чалавечыя шыі, паставіў на падлогу. Усе прыціхлі. Дубатоўк прымерыўся, выскаліўся, і раптам шабля апісала ў паветры амаль нябачнае паўкола. Хакнуўшы нутром, Дубатоўк пацягнуў шаблю на сябе і… перасек бервяно наўскос. Памахаў кісцю рукі ў паветры. Усе маўчалі, прыгаломшаныя. — Вось як трэба, — каротка сказаў ён. У гэтай пярэрве мне ўдалося адвесці Свеціловіча на ганак і, напамятаўшы яму ягоныя словы, расказаць пра ўсё, што адбывалася ў Балотных Ялінах. Ён надта ўсхваляваўся, сказаў, што чуў пра ўсё гэта і раней, але не вельмі верыў. — Цяпер верыце? — Вам веру, — проста сказаў ён. — І абяцаю вам, пакуль я жывы, ніводны волас не ўпадзе з яе галавы. Д'ябал гэта, здань або штосьці іншае — я стану на ягоным шляху. Мы дамовіліся, што ён і я будзем расследаваць гэту справу разам, што ён праз дзень прыйдзе да мяне і раскажа, пра што ён даведаўся ў наваколлі (розныя пагалоскі і плёткі маглі прынесці пэўную карысць). Дубатоўка вырашылі пакуль што ў справу не блытаць: стары мог разнервавацца і, па сваім звычаі, секчы з пляча. Вячэра цягнулася далей. Зноў частавалі, зноў пілі. Я заўважыў, што Дубатоўк падлівае сабе і мне роўна, п'е і дапытліва паглядае на мяне. Калі я выпіваў чарку, на яго твары з'яўляўся выраз задавальнення. Гэта было сваероднае падбухторванне на спаборніцтва. А ў пярэрвах ён прапаноўваў то «бліны з мачанкаю», то «надзвычайныя штонікі з мясам, так і плаваюць у масле, святыя такіх не елі». Відаць, ён апрабоўваў мяне з усіх бакоў. Я піў і амаль не п'янеў. Астатнія, акрамя Свеціловіча, былі ўжо ў тым стане, калі кожны не слухае, што кажа другі, калі твары чырвоныя, калі адзін спявае, другі расказвае сябру пра гісторыю з яго каханкай, трэці наддзіраецца, каб звярнуць увагу ўсіх на нейкі каларытны факт сваёй біяграфіі, а чацвёрты сам сабе распавядае, якая добрая ў яго была маці, і які ён п'янюга, і які ён ганебны: няварты такой маці сын. Спявалі, цалаваліся. Нехта выў: Мая жонка ў хаце, А я п'ю, гуляю. Карчмару вала, а душу Д'яблу прапіваю. Другі цягнуў сваё: Раскажыце мне, добры людзейкі, Дзе мой любы начуе. Калі ў дальняй дарозе - Памажы яму, Божа, Як ва ўдовачкі на пасцелечцы - Пакарай яго, Божа. Як ва ўдовачкі на пасцелечцы… Хтосьці прыўзняў галаву ад стала і праспяваў свой варыянт апошняга радка: Пам-мажы яму… тож-жа. Усе зарагаталі. Між тым Дубатоўк пакруціў галавою, як быццам адганяючы ачмурэнне, устаў і агаласіў: — Я нарэшце знайшоў сярод маладых сапраўднага шляхціца. Ён піў сёння больш за мяне, я адурэў, а ён свежы, як хмыз пад дажджом. Вы ўсе тут не вытрымалі б і паловы гэтага. Дзевяць з вас ляжалі б без ног, а адзін мыкаў. Гэта мужчына! Гэта чалавек! Яго, і толькі яго, я з задавальненнем узяў бы ў сябры юнацтва. Усе пачалі крычаць «славу». Толькі адзін Варона глядзеў на мяне змрочна і з'едліва. Пілі за маё здароўе, за шляхту — соль зямлі, за маю будучую жонку. Калі захапленне трошкі прыціхла, Дубатоўк паглядзеў мне ў вочы і давяральна спытаў: — Ажэнішся? Я няпэўна хітнуў галавою, хоць добра разумеў, пра што ён пытае. Ён, відаць, быў упэўнены ў гэтым, а мне не хацелася яго пераконваць у адваротным. Старому я спадабаўся, ён быў падпіты зараз і мог вельмі пакрыўдзіцца, калі б я шчыра сказаў яму, што я ніколі пра гэта не думаў і думаць не хачу. — Яна прыгожая, — замест адказу сцвердзіў Дубатоўк і ўздыхнуў, адводзячы ўбок вочы. — Хто? — спытаў я. — Мая падапечная. Справа зайшла занадта далёка, і больш круціць нельга было, атрымалася б, што я скампраметаваў дзяўчыну. — Я не думаў пра гэта, — сказаў я. — А каб нават і думаў, дык гэта справа не мая. Спыталі б перш за ўсё ў яе. — Унікаеш сур'ёзнага адказу, — раптам з'едліва працадзіў Варона (я не чакаў, што ён можа чуць нашу ціхую размову). — Не хочаш проста і шчыра сказаць сур'ёзным людзям, што гонішся за грашыма, за радавітай жонкаю. Я збялеў. Імкнучыся трымацца спакойна, адказаў: — Я не збіраюся жаніцца. І наогул лічу, што размова пра дзяўчыну ў халастой падпітай кампаніі — не пасуе сапраўднаму чалавеку. Заціхніце, пан Варона, не прыцягвайце ўвагі п'яных да бязвіннай дзяўчыны, не псуйце яе рэпутацыі, і я, хоць гэта жахлівая абраза, дарую вам яе. — Хо! — сказаў Варона. — Ён мне даруе. Гэты кот, гэтае хамуйла. — Замаўчыце! — крыкнуў я. — Як вы абражаеце яе адным з гэтых слоў, падумайце?! — Панове! Панове! — супакойваў нас Дубатоўк. — Варона, ты п'яны. — Думайце самі. Я спусціў вам аднойчы вашу правіну, я не буду гэтага рабіць больш, — прашыпеў Варона. — Мярзотнік! — гаркнуў я, шалеючы. — Гэта я? — Так, вы! — крыкнуў я так страшна, што нават той, хто спаў, узняў галаву ад стала. — Я прымушу вас замазаць глотку. Сталовы нож прасвісцеў у паветры і плазам стукнуўся мне ў грудзі. Я ўскочыў з месца, схапіў Варону за грудзі і трахануў. У той самы час Дубатоўк схапіў нас за плечы і расцягнуў, моўчкі штурхнуўшы Варону ў грудзі. — Саромся, Алесь! — загрымеў ён. — Ты шчанюк… Зараз жа мірыся. — Не, чакай, Дубатоўк. Справа сур'ёзная. Позна. Закрануты мой гонар, — рыкаў Варона. — І мой гонар, як гаспадара. Хто цяпер прыедзе да мяне ў госці? Усе скажуць, што ў мяне можна нарвацца на такое, — гудзеў Дубатоўк. — Пляваць, — выкрыкнуў, ашчэрыўшыся, Варона. Дубатоўк моўчкі даў яму поўху. — Цяпер ты будзеш перш за ўсё біцца на шаблях, са мною, бо ён толькі ўзяў цябе за грудзі, — прасіпеў ён такім голасам, што многія здрыгануліся. — Я зраблю так, што мой госць пойдзе адсюль жывы і здаровы. — Памыляешся, — амаль спакойна сказаў Варона. — Хто першы абразіў, той першы і ў чарзе. А пасля ўжо справа будзе і з табою, хоць і забі мяне. — Алесь, — амаль благаў Дубатоўк. — Не рабі ганьбы маёй хаце. — Ён будзе біцца са мною, — цвёрда сказаў Варона. — Ну і добра, — нечакана згадзіўся гаспадар. — Нічога, пан Беларэцкі. Будзьце мужнымі. Гэты свінтух зараз такі п'яны, што не зможа трымаць пулгака. Я, бадай што, стану поруч з вамі, гэта будзе самае небяспечнае ад куль месца на ўсім месцы дуэлі. — Што вы, пане Рыгор… — я паклаў далонь яму на члячо. — Не трэба. Я не баюся. Будзьце мужнымі і вы. Варона ўтаропіў на мяне свае чорныя мёртвыя вочы: — Я яшчэ не скончыў. Страляцца будзем не ў садзе, іначай гэты фацэт уцячэ. І не заўтра, іначай ён ад'едзе адсюль. Страляцца будзем тут, зараз, у пустым пакоі ля імшаніка. І кожнаму па тры кулі. У цемры. Дубатоўк зрабіў пратэстуючы жэст, але ў маю душу ўжо закралася халодная вар'яцкая ярасць. Мне было ўсё адно, я ненавідзеў гэтага чалавека, забыў Яноўскую, працу, сябе. — Я падпарадкоўваюся вашаму жаданню, — з'едліва сказаў я. — А вы скарыстаеце цемру, каб уцячы ад мяне? Зрэшты, як хочаце. — Ільвяня! — пачуў я перарывісты голас Дубатоўка. Я глянуў на яго і ўразіўся. На старога шкада было глядзець. Твар яго перакрывіўся, у вочках была нялюдская туга і сорам, такі сорам, такі сорам, хоць лусні… Ён ледзь-ледзь не плакаў, і на канцы носа вісела нейкая падазроная кропля. Ён нават у вочы мне не зірнуў, павярнуўся і махнуў рукою. Імшанік прылягаў да дома, вялізнае памяшканне з сівым мохам у пазах сценак. Павуцінне, як раскручаныя сувоі палатна, вісела з саламянай страхі і хіталася ад крокаў. Два шляхціцы неслі свечкі і праводзілі нас у пакой ля імшаніка, зусім пусты, з шэрай бруднай атынкоўкай і без акон. Тут пахла мышамі і брыдотай запусцення. Калі сказаць сумленна, я баяўся, і вельмі баяўся. Пачуцці мае былі падобнымі да пачуццяў быка на бойні або чалавека, які сядзіць у дантыста. І кепска, і брыдка, але ўцякаць нельга. «Ну што будзе, як ён вось зараз возьме і стрэльне і трапіць мне ў жывот? Ах, гэта жахліва! Уцячы б куды». Мне чамусьці асабліва жахлівай здавалася рана ў жывот. А я яшчэ толькі што пад'еў. Я ледзь не замычаў ад тугі і агіды. Але своечасова схамянуўся і паглядзеў на Варону. Ён стаяў з секундантамі ля процілеглай сцяны, заклаўшы левую руку ў кішэнь чорнага фрака, а ў правай, апушчанай уніз, трымаў дуэльны пулгак. Два другія яму заклалі ў кішэні. Яго жоўты, сухі і нейкі грэблівы твар быў спакойны. Не ведаю, ці мог я сказаць тое самае пра свой твар. Два мае секунданты (адзін з іх быў Дубатоўк) далі і мне пулгак, два другія пулгакі паклалі ў кішэні — я нічога не заўважаў, я глядзеў на твар чалавека, якога я павінен забіць, бо іначай ён заб'е мяне. Я глядзеў на яго з нейкай прагнасцю, як быццам жадаючы зразумець, за што ён заб'е мяне, за што ён мяне ненавідзіць. «За што я яго заб'ю? — падумаў я, як быццам толькі я стаяў тут з пулгакам у руцэ. — Не, яго нельга забіваць. І нават не ў тым, не ў тым справа, а вось гэта тонкая, такая слабая чалавечая шыя, якую так лёгка перарваць». Я не хацеў паміраць таксама, я вырашыў выкручвацца, дабіцца таго, каб Варона стрэліў тры разы, і тым скончыць дуэль. Секунданты выйшлі і пакінулі нас двух у пакоі. Пасля дзверы зачыніліся. Мы апынуліся ў поўнай цемры. Хутка прагучаў голас аднаго з секундантаў Вароны: — Пачынайце. Я зрабіў левай нагою два «крокі» ўбок і пасля асцярожна паставіў яе на ранейшае месца. Дзіўна, але ўсялякае хваляванне знікла, я дзейнічаў як аўтамат, але так разумна і хутка, як ніколі не здолеў бы зрабіць гэта пад кантролем мозгу. Не слыхам, а хутчэй скурай я адчуваў прысутнасць Вароны ў пакоі, там, ля другой сцяны. Мы маўчалі. Зараз справа залежала шмат у чым ад таго, хто будзе больш вытрыманы. Палец мой так і імкнуўся хутчэй націснуць спуск. Успышка азарыла пакой. Не вытрымаў Варона. Куля візганула недзе ў левым баку ад мяне, цокнулася ў сцяну. Я мог бы стрэліць у той момант так верна, як пры дзённым святле. Але я не стрэліў, толькі памацаў рукою тое месца, куды яна ўдарыла. А потым застаўся на тым самым месцы. Варона, відаць, не мог нават і падумаць, што я другі раз ужыў той самы прыём. Я чуў яго ўсхваляванае сіплае дыханне. Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок. Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна. Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу. Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся. А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак. — Што там такое? — прагучаў голас за дзвярыма. — Страляў хтосьці адзін. Што там, забіла каго, ці што? Страляйце хутчэй, хопіць вам кулагу варыць. І тады я ўзняў руку з пулгакам, адвёў яе ў бок ад таго месца, дзе быў у момант трэцяга стрэлу Варона, і націснуў спуск. Трэба ж было мне выпусціць хоць адну кулю. У адказ, зусім нечакана для мяне, раздаўся жаласны стогн і гук ад падзення чалавечага цела. — Хутчэй сюды! — крыкнуў я. — Хутчэй! Дапамажыце! Я, здаецца, забіў яго. Жоўтая, асляпляючая паласа святла наўскос упала на падлогу. Калі людзі ўвайшлі ў пакой, я пабачыў Варону, які ляжаў дагары тварам, выцягнуты і нерухомы. Я кінуўся да яго, прыўзняў яго галаву. Рукі мае натрапілі на нешта цёплае і ліпучае. Твар Вароны яшчэ больш пажаўцеў. Я не вытрымаў больш, я схапіў яго за шчокі, прыпаў тварам: — Варона! Варона! Прачніся! Прачніся ж! Дубатоўк, змрочны і суровы, выплыў аднекуль, бы з туману. Ён завіхаўся ля ляжачага, пасля зірнуў мне ў вочы і зарагатаў. Мне здалося, што я звар'яцеў. Я ўстаў і, ашалелы, амаль непрытомны, выцягнуў з кішэні другі пулгак. Мне здавалася вельмі простым узяць яго, паднесці да скроні і… — Не жадаю, не жадаю я больш! — Ну чаго ты, хлопча, чаго, любенькі, — пачуў я голас Дубатоўка. — Гэта ж не ты яго абразіў, ён нас з табою хацеў зганьбіць. Нічога, за табою яшчэ два стрэлы. Бач ты, як цябе курчыць! Гэта ўсё з непрывычкі, ад чыстых рук ды сумленнага сэрца. Ну… ну… ты ж не забіў яго, не. Ён толькі аглушаны, як бугай на бойні. Бач, як ты яго лоўка. Адстрэліў кавалак вуха ды яшчэ і на галаве скуру ўспароў. Нічога, паляжыць тыдзень, адлежыцца. — Не трэба мне вашых двух стрэлаў! Не жадаю! — крычаў я, як дзіцёнак, і ледзь не тупаў нагамі. — Дарую яму гэтыя два стрэлы! Варону падхапілі мой секундант і яшчэ нейкі шляхціц, у якога ўвесь твар складаўся з вялізнага кірпатага носа і няголенай барады. Яны панеслі яго кудысьці. — Хай бярэ сабе гэтыя два стрэлы! Толькі тут я зразумеў, які гэта жах забіць чалавека! Лепей, напэўна, здохнуць самому. І не тое каб я быў такім ужо святым. Зусім іншая справа, калі такое здарыцца ў сутычцы, у бітве, у запале. А тут цёмны пакой і чалавек, які хаваецца ад цябе, як пацук ад факстэр'ера. Я стрэліў з абодвух пулгакаў у сценку ля столі, кінуў іх на зямлю і пайшоў. Калі я зайшоў у пакой, дзе адбылася свара, Варону паклалі ўжо ў адным з дальніх пакояў пад нагляданнем сваякоў Дубатоўка, а кампанія зноў сядзела за сталом. Я хацеў ісці адразу ж — не пусцілі. Дубатоўк пасадзіў мяне поруч з сабою і сказаў: — Нічога, хлопча. Гэта ад нерваў у цябе. Ён жывы, будзе здаровы — чаго яшчэ? І ён будзе цяпер ведаць, як насыкацца на сапраўдных людзей. На, выпі… Я скажу табе, што ты сапраўдны чалавек. Так д'ябальскі хітра і так мужна чакаць усіх трох стрэлаў — гэта мала хто мог зрабіць. І гэта добра, што ты высакародны, ты ж мог забіць яго дзвюма астатнімі кулямі — і не зрабіў гэтага. Мая хата зараз да апошняга крыжа ўдзячна табе. — І ўсё ж гэта дрэнна, — сказаў адзін з шляхцюкоў. — Такая вытрымка, яна не ад чалавека. Дубатоўк скалануў галавою: — Сам вінен, свіння. Сам палез, п'яны дурань. Хто б яшчэ падумаў крычаць пра грошы, акрамя яго. Ты ж ведаеш, што ён да яе сватаўся і атрымаў гарбуза. Я ўпэўнены, што пан Андрэй значна больш забяспечаны чалавек, чым Яноўскія. У яго галава, праца і рукі, а ў апошняй жанчыны іхняга роду — маярат, на якім трэба сядзець, як сабаку на сене, здохнуць голадам на скрыні з грашыма. І звярнуўся да ўсіх: — Панове, я спадзяюся на гонар усіх нас. Мне здаецца, аб тым, што здарылася, трэба маўчаць. Гэта не робіць гонару Вароне — д'ябал з ім, ён заслугоўвае катаргі, але гэта не робіць гонару і вам, і дзяўчыне, імя якой трапаў на п'яным языку гэты блазнюк… Ну, а мне і пагатоў. Адзіны, хто трымаў сябе як мужчына, гэта Беларэцкі, а ён, як сапраўдны мужчына, сціплы чалавек. Усе згадзіліся. І госці, відаць, умелі трымаць язык за зубамі, бо па акрузе ніхто і словам не абмовіўся пасля аб гэтым здарэнні. Калі я ішоў адтуль, Дубатоўк затрымаў мяне на ганку: — Каня табе даць, Андрусь? Я ўмею ездзіць, але хацеў прайсціся пехатою і ачуняць пасля ўсяго. — Ну то глядзі. Я пайшоў дадому верасоваю пусткаю. Была ўжо глыбокая ноч, месяца не было відаць за хмарамі, але нейкае няпэўнае, хварабліва-шэрае святло залівала пусткі. Часам уздрыгваў пад парывамі ветру сухі верас, часам панавала цішыня. Вялізныя стаячыя каменні трапляліся каля дарогі. Панурая гэта была дарога! Цені разрасталіся, перасякалі яе. Мне трохі хацелася спаць, і я жахнуўся ад адной думкі, што трэба ісці дарогаю, абмінаць парк, крочыць каля Волатавай прорвы. Лепей было зноў пайсці пусткаю і адшукаць патаемны лаз у агароджы. Я збочыў з дарогі, амаль адразу трапіў у нейкую твань, перапэцкаў боты, пасля выбіўся на сухі верас, пасля зноў трапіў у гразь, упёрся ў доўгае і вузкае балота. Лаючы сябе за тое, што зрабіў вялікі круг, я ўзяў налева, бліжэй да зараснікаў на беразе ракі (я памятаў, што там было суха, і да таго ж рака трохі асушае каля сябе вільготную мясцовасць), выбіўся хутка на тую самую сцежку, па якой ішоў да Дубатоўка, і, апынуўшыся ў палове вярсты ад яго хаты, пайшоў ля зараснікаў у напрамку Балотных Ялін. Парк ужо вымалёўваўся верхавінамі дрэў вярсты за паўтары наперадзе, калі нейкае незразумелае пачуццё спыніла мяне. Ці пачуцці мае, абвостраныя ў гэты вечар гарэлкай і небяспекаю, ці нейкае незразумелае шостае пачуццё выразна сказалі мне, што я не адзін на раўніне. Што было гэта, другое, я не ведаў, але быў упэўнены, што яно яшчэ далёка. Я прыспешыў крокі, хутка абмінуў той язык дрыгвяністага месца, у які ўлез нядаўна і які перагароджваў мне шлях. Атрымалася так, што я стаяў амаль ля зараснікаў, проста перада мною ў вярсце быў парк Балотных Ялін, дрыгвяністая лагчына метраў у дзесяць шырынёй аддзяляла мяне ад таго месца, дзе знаходзіўся сорак хвілін таму, дзе сунуўся ў твань (я згубіў гэтыя хвіліны, каб зрабіць круг). За лагчынаю ляжалі пусткі, роўна асветленыя ўсё тым самым няпэўным святлом, а за імі — дарога. Калі павярнуцца назад, то далёка ў правым баку мігцеў апошні агеньчык у хаце Дубатоўка, мірны і ружовы, а ў левым баку, таксама далёка, за пусткамі віднеліся разложыстыя і агромністыя верхавіны Яноўскай пушчы. Але яна была вельмі-вельмі далёка, на мяжы пустак і балот. Я стаяў і слухаў, хоць нейкае неспакойнае пачуццё і казала мне, што яно зараз бліжэй. Я ж не мог паверыць у прадчуванні: павінна была быць нейкая рэальная прычына для гэтага душэўнага стану. Я не мог нічога бачыць: лёгкі туман укрываў раўніну. Я нічога не чуў. Што ж гэта магло быць, адкуль гэты сігнал? Я лёг на зямлю, прыціснуў да яе вуха і праз палову хвіліны адчуў нейкае раўнамернае страсенне зямлі. Не скажу, што я вельмі смелы чалавек, інстынкт самазахавання ў мяне, можа, нават больш моцны, ніж у іншых, але я заўжды быў вельмі дапытлівы. Я вырашыў чакаць і хутка быў узнагароджаны. З боку пушчы па пустках рухалася нейкая цёмная маса, даволі вялікая і рухавая. Я доўгі час не мог здагадацца, што гэта такое. Пасля я пачуў дробны і роўны пошчак капытоў. Шамацеў верас. Пасля ўсё знікла, маса, відаць, спусцілася ў нейкую лагчыну, а калі з'явілася зноў — пошчак змоўк. Яна імчалася бязгучна, быццам плыла ў паветры, рабілася ўсё бліжэй і бліжэй. Пасля зрабілася большай, відаць, звярнула і замест галавы паказала мне бок. Яшчэ хвіліна, і я аж надаўся наперад. У хвалях слабага празрыстага туману ясна вымалёўваліся сілуэты коннікаў, якія імчалі шалёным намётам, аж конскія грывы веялі на ветры. Я пачаў лічыць іх і налічыў дваццаць. Дваццаць першы скакаў наперадзе. Я яшчэ сумняваўся, калі вецер прынёс аднекуль далёкі водгук паляўнічага рога. Халодны сухі мароз прайшоў па маёй спіне. Цьмяныя цені коннікаў беглі ад дарогі наўскос да дрыгвяністай лагчыны. Веялі па ветры плашчы-велеісы, коннікі прама, як лялькі, сядзелі ў сядле, і ніводны гук не далятаў адтуль. Менавіта ў гэтым маўчанні і было самае жахлівае. Нейкія светлыя плямы выдзяляліся на гэтым туманным фоне. А дваццаць першы скакаў наперадзе, не матляючыся ў сядле, вочы яго закрываў нізка насунуты капялюх з пяром, твар быў змрочны і бледны, вусны падціснуты. Дзікі верас спяваў пад іхнімі нагамі. Я дапытліва глядзеў на вострыя насы, якія тырчалі з-пад капелюхоў, на тонкія, знізу калматыя ногі коней нейкай невядомай пароды. Бязгучна скакала па верасе дзікае паляванне караля Стаха, імчалі шэрыя, туманныя, нахіленыя наперад постаці. Я не адразу зразумеў, што яны, блукаючы балотам, натрапілі на мой след і зараз ідуць па ім па маю душу. Яны спыніліся, усё так жа бязгучна, каля таго месца, дзе я ўбіўся ў твань. Да іх было не менш дзесяці метраў праз дрыгву, я бачыў нават, што коні іхнія, туманныя коні, варанога і стракатага колераў, але не пачуў ніводнага гуку, толькі недзе ля пушчы часам спяваў прыглушаны рог. Я толькі бачыў, што адзін з іх павіснуў у сядле, паглядзеў на сляды, зноў выпраміўся. Правадыр махнуў рукою ў той бок, куды пайшоў я, агінаючы лагчыну, і паляванне памчала. Яшчэ хвілін пятнаццаць, і яно, агінуўшы лагчыну, павінна было быць тут. Халодная злосць віравала ў маім сэрцы: ну не, здані вы ці хто, а я вас стрэну па-належнаму!… Рэвальвер, шэсць набояў — і паглядзім. Я хутка сунуў руку ў кішэнь, і… халодны пот выступіў на маім ілбе: рэвальвера не было. Я толькі тут успомніў, што пакінуў яго ў шуфлядзе бюро ў маім пакоі. «Гэта канец», — падумаў я. Але чакаць канца, склаўшы лапкі, было не ў маіх правілах. Праз пятнаццаць хвілін будуць тут. Мясцовасць няроўная. Там-сям ёсць балотцы, якія мажліва перабегчы мне, а не коннікам (хоць, можа, калі яны здані, яны пералятуць іх у паветры). Я магу заблытаць сляды. Я зняў боты, каб у першыя хвіліны не прыцягнуць увагі пагоні гукамі сваіх крокаў, і пайшоў, спачатку няспешна, а пасля, калі лагчына схавалася, хутчэй. Я пятляў, бег па верасе, ногі мае ўзмоклі ад расы. Я накіраваўся спачатку ўздоўж лагчыны, а пасля крута звярнуў да Балотных Ялін хмызамі. Некалькі разоў я бег па вадзе — ці зважаць мне было на гэта? Хутка я зноў дабег да сцежкі, а калі павярнуўся, то пабачыў дзікае паляванне ўжо на гэтым баку. Яно з той самай тупой упартасцю рухалася па маіх слядах. Пагоня імчала, грывы і плашчы рэялі ў паветры. Карыстаючыся тым, што я схаваны ад іх хмызамі, а сцежка ідзе пад гару, я ўзяў боты ў рукі і даў па сцежцы такі клас бегу, якога не даваў ніколі да гэтага і бадай што ніколі — пасля. Я імчаў так, што вецер свісцеў у вушах, паліла ў лёгкіх, выядаў вочы пот. А тупат за маёй спіною хоць павольна, а набліжаўся. Хутка мне ўжо здавалася, што я ўпаду, я і сапраўды два разы спатыкнуўся, але выправіўся і бег, бег, бег. Павольна, вельмі павольна набліжаўся цёмны парк, а тупат гучаў усё бліжэй і бліжэй. На маё шчасце, прыйшло другое дыханне, як сказалі б зараз. Я бег напрасткі, праз яры і ямы, агінаючы гарбы, на якіх мяне маглі заўважыць. І тупат гучаў то бліжэй, то далей, то з правага, то з левага боку. Мне не было часу азірацца, але раз я ўсё ж азірнуўся з хмызоў. Яны, людзі дзікага палявання, ляцелі за мною ў малочным нізкім тумане. Коні іхнія распасцерліся ў паветры, верас звінеў пад капытамі, коннікі сядзелі нерухома, і над імі, у лапіку чыстага неба, гарэла самотная вострая зорка. Напружыўшы апошнія сілы, я скаціўся з горкі, перасек шырокую сцежку, скокнуў у канаву і пабег па дне, па вадзе. Канава набліжалася да агароджы. Я выскачыў з яе і адным скачком перанёсся да агароджы. Яны былі ў якіх-небудзь дваццаці сажнях ад мяне, але трохі замарудзіліся, і гэта дало магчымасць праскочыць у ледзь прыкметную дзірку і захавацца ў бэзе. На сцежцы было зусім цёмна ад дрэў, і таму, калі яны амаль бязгучна прамчалі паўз мяне, я не змог разгледзець іх. Але я добра чуў, як галаўны прастагнаў: «Да прорвы». Дзікае паляванне памчала далей, а я сеў на зямлю. Сэрца маё калацілася, як хвост авечкі. Але я хутка ўстаў. Сядзець пасля бегу нельга. Я добра разумеў, што толькі атрымаў адтэрміноўку. Яны могуць хутчэй дамчаць навакольным шляхам да дома, чым я дайду да яго нацянькі. І зноў пабег. Ногі мае былі збітыя да крыві, двойчы я ўпаў, запнуўшыся аб карэнні, лапы ялін сцябалі мой твар. Гмах палаца вырас перада мною зусім нечакана, і адначасова я пачуў пошчак капытоў недзе наперадзе. Яны зноў гучалі, яны грымелі так часта, што я скурай адчуваў: яны імчаць неверагодна хуткім намётам. Я пайшоў ва-банк. Я мог схавацца, але ў палацы была дзяўчына, якая зараз, пэўна, вельмі спалохалася. Я павінен быў быць там, там была мая зброя. У некалькі скачкоў я спынуўся на ганку і затарабаніў у дзверы: — Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Адчыніце! Крычаць было нельга. Яна магла абамлець ад жаху. А ляск капытоў быў ужо тут, на гэтае палове палаца. Я грукацеў. Дзверы адчыніліся раптоўна. Я ўскочыў у залу, моцна прыпёр дзверы і хацеў быў кінуцца за зброяй, але праз ваўчок пабачыў, што туманныя коні прамчаліся далей і зніклі за павароткай алеі. Я глянуў на Яноўскую, якая стаяла, уражаная маім выглядам, глянуў у люстру і жахнуўся: увесь падзёрты, пашарпаны, з крывёю на руках, са скалмачанымі валасамі стаяў і дзіка глядзеў на мяне мой двайнік. Я зноў глянуў на Яноўскую: бледная, з мёртвым тварам, яна закрыла вочы і спытала: — Верыце вы зараз у дзікае паляванне караля Стаха? — Зараз веру, — змрочна сказаў я. — І вы не пабаяліся адчыніць мне дзверы ў такі момант?!… Маленькае мужнае сэрца. У адказ яна разрыдалася: — Пане Беларэцкі… пан Андрэй… Андрэй. Я так баялася, так баялася за вас. Божа… Божа… Божа! Хоць бы ўзяў ты толькі мяне адну! Рукі мае сціснуліся ў кулакі. — Пані Надзея. Я не ведаю, здані гэта ці не. Здані не маглі быць такімі рэальнымі, людзі не маглі быць такімі прывіднымі, палаць гэткай нячыстай злобай. Але я клянуся, клянуся вам. За гэты ваш жах, за гэтыя вашы слёзы яны заплоцяць мне, заплоцяць дарагой цаной. Клянуся вам. Недзе далёка заміраў часты пошчак конскіх капытоў. РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ Калі да гэтага тэмп майго апавядання быў трохі запаволены, то зараз ён будзе, наадварот, ці не занадта хуткім. Але што зробіш, надзеі з той жахлівай ночы так імчаліся, што ў мяне кружылася галава. Ранкам наступнага дня мы хадзілі з Яноўскай да вёскі, дзе я запісваў легенды. Усю дарогу я пераконваў яе, што не трэба так баяцца дзікага палявання, расказаў, як я ўчора ашукаў яго, а ў галаве круцілася: «Што ж гэта было? Што?» Гаспадыня трошкі павесялела, але ўсё ж была прыгнечанай: такой яе я яшчэ не бачыў. А калі я вяртаўся да палаца (Яноўская затрымалася ля флігеля з вартаўніком), я заўважыў брудны аркуш паперы, прышпілены калючкай да стаўбура яліны на відным месцы. Я садраў яго: «Тое, чаму трэба, загіне. Ты лёзны чалавек, чужынец нейкі. Сыходзь з дарогі. Ты чужы тут, якая справа табе да праклятых радоў. Паляванне караля Стаха прыходзіць апоўначы. Чакай». Я толькі плячыма знізаў. Пасля таго апакаліптычнага жаху, які я перажыў учора, гэта пагроза здалася мне дрэннай меладрамай, непрадуманым ходам і, між іншым, пераканала мяне ў зямным паходжанні гэтай чартаўшчыны (як вы пабачыце далей, дарэмна). Я схаваў ліст. А ўначы адбылося адразу два здарэнні. Спаў я зараз вельмі дрэнна, мучылі нейкія кашмары. Я прачнуўся апоўначы ад крокаў, але на гэты раз нейкая незразумелая ўпэўненасць, што гэта не проста гукі, прымусіла мяне ўстаць. Я накінуў халат, асцярожна адчыніў дзверы і выйшаў у калідор. Крокі гучалі ў дальнім яго канцы. Я пайшоў за імі і… пабачыў ахмістрыню, якая са свечкаю ішла кудысьці. Я асцярожна ішоў за ёю, трымаючыся цемры. Яна зайшла ў нейкі пакой. Я пайшоў быў да яго, але яна выглянула адтуль, і я ледзь паспеў прыцісцуцца да сцяны. Калі я дайшоў да пакоя, то пабачыў там толькі стары пісьмовы стол, разьблёную шафу. На падаконніку стаяла свечка. Я зайшоў туды, вельмі асцярожна заглянуў у шафу — пустая. Пакой быў зусім пусты, і на жаль, мне нельга было вартаваць у ім: я мог сапсаваць усю справу. Таму я пайшоў за паваротку калідора і стаў там. У халаце было холадна, мерзлі ногі, але я стаяў. Я стаяў, напэўна, ужо каля гадзіны, калі раптам другая з'ява ўразіла мяне. Па калідоры, па дальнім яго канцы, рухалася блакітная постаць жанчыны. Адкуль яна з'явілася — не ведаю: калідор у тым канцы таксама рабіў калена. Яна рухалася плаўна, быццам плыла. Я толькі быў рушыў туды, як спыніўся, уражаны. Твар гэтай жанчыны быў тварам Надзеі Яноўскай, толькі дзіўна змененым. Ён быў вельмі паважны і спакойны, больш сталы і нейкі нават больш выцягнуты. Дзе я бачыў такі? Я ўжо здагадаўся і ўсё ж не верыў сам сабе. Ну, вядома, партрэт страчанай жанчыны ў зале. Блакітная Жанчына! Я забыўся на ахмістрыню, на холад, на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку — не, я не спаў. Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго. Пасля пайшла па сходах па першы паверх. І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д'ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам: — Надзея Раманаўна, вы спіце? У адказ я пачуў соннае мармытанне. Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак. РАЗДЗЕЛ СЁМЫ Калі мы наступнага дня гулялі з ёй у алеі, я расказаў ёй пра здарэнні мінулай ночы. Можа, мне і няварта было рабіць гэтага, не ведаю, але я ніяк не мог пазбавіцца думкі, што тут нешта нячыста з ахмістрыняю. Яна не здзівілася, паглядзела на мяне вялікімі рахманымі вачыма і адказала павольна: — Бачыце, а я ў гэту ноч так перахвалявалася за вас, што спачатку не спала, а потым заснула так моцна, што нават нічога не чула. Няварта вам уставаць уначы, пане Беларэцкі. Калі што-небудзь здарыцца, я гэтага сабе не дарую… А наконт ахмістрыні вы памыляецеся. Уласна кажучы, яна можа хадзіць паўсюль, я не датрымліваюся старых правіл, што ахмістрыня можа прыходзіць на другі паверх толькі тады, калі яе клічуць. Тут самае жахлівае не яна, а Блакітная Жанчына. Зноў яна з'явілася. Неадменна здарыцца нешта дрэннае. І з суровай мужнасцю дадала: — Хутчэй за ўсе гэта будзе смерць. І я маю ўсе падставы думаць, што памру я. Мы сядзелі ў старой альтанцы, закінутай глыбока ў зарасніках. Камень ад старасці ўвесь аброс мохам, які пасля апошніх дажджоў молада зазелянеў. Пасярэдзіне альтанкі стаяла мармуровая дзеўка з адбітым вухам, і па твары яе поўз слімак. Яноўская паглядзела на яе і сумна ўсміхнулася: — Вось так і мы. Брыдота запусцення наша жыццё. Вы казалі, што не зусім верыце ў тое, што гэта здані. Я з вамі не згаджаюся. Але хоць бы і так — што мяняецца? Ці не ўсё адно, ад каго пакутаваць, калі пакутаваць трэба, трэба скупляць грахі. — Вы іх скупілі гэтымі двума гадамі, — пачаў я. Але яна не слухала мяне. — Людзі грызуцца, як павукі ў банцы. Шляхта памірае. Калісьці мы былі моцнымі, як камень, а зараз мы… ведаеце, калі раскалоць камень са старога будынка, у ім будуць слімакі. Невядома, чым яны там жывяцца, але варта стукнуць такі камень, як ён разваліцца. Так і мы. І няхай стукаюць хутчэй. — І не шкада вам гэтай прыгажосці? — павёў я рукою вакол сябе. — Не, толькі б хутчэй. Я, наогул, даўно гатова знікнуць разам з гэтым гняздом і не шкадавала б ні яго, ні сябе. Але з некаторага часу я заўважыла, што мне робіцца трошкі шкада жыцця. Напэўна, яно не такая дрэнная штука, як я думала. Напэўна, і ў ім ёсць сонца, сябры, пушыстыя дрэвы, смеласць і вернасць. — Гэта вельмі добра, што вы так думаеце. — Не, гэта вельмі дрэнна. У сто разоў горш паміраць, любячы жыццё, ніж так, як я меркавала памерці раней. Раней жах быў звыклым станам маёй душы, зараз ён ператвараецца ў штосьці такое, чаму няма наймення, чаго я не жадаю. І ўсё таму, што я пачала трошкі верыць людзям. Не трэба гэтай веры, не трэба надзеі. Лепей так, як раней. Гэта і спакойна. Мы памаўчалі, яна нахіліла сабе на калені жоўтую напаўабляцелую галінку клёна і гладзіла яе. — Людзі не заўсёды хлусяць. Я вельмі ўдзячна вам, пан Беларэцкі, за гэта. Вы павінны мне прабачыць, я чула вашу размову са Свеціловічам, чыстай, добрай душой, адзіным, акрамя вас ды, можа, яшчэ дзядзькі, чалавекам у гэтай акрузе. Дзякую за тое, што не паўсюль на зямлі людзі з плоскімі галовамі, тоўстым чэрапам і чыгуннымі мазгамі. — Дарэчы, пра Дубатоўка. Як вы лічыце, ці не павінен я адкрыцца яму, каб разам узяцца за выкрыццё гэтай поскудзі? Веі яе ўздрыганулі. — Не трэба. Гэты чалавек трыста разоў даказваў сваю адданасць і вернасць нашаму дому, ён добры чалавек, ён не даў Гарабурдзе падаць да сыскання наш вэксаль яшчэ пры бацьку і зрабіў гэта не зусім дазволеным шляхам: вызваў яго на дуэль і сказаў, што ўсе сваякі яго будуць вызываць Гарабурду да таго часу, пакуль справа не скончыцца для яго дрэнна. Але менавіта таму я і не жадаю, каб ён умешваўся. Ён занадта гарачы, дзядзечка. Вочы яе, прамяністыя і ціхія, заблішчалі раптам. — Пан Беларэцкі, я даўно жадала сказаць вам нешта. Пасля ўчарашняй нашай размовы, калі вы кляліся, я зразумела, што чакаць нельга. Вы павінны пакінуць Балотныя Яліны, пакінуць сёння, самае позняе заўтра, і ехаць у горад. Хопіць. Адспявалі скрыпкі. У свае правы ўступае смерць. Вам няма чаго рабіць тут. Едзьце. Пакіньце гэты забруджаны стагоддзямі дом, гнілых людзей, іхнія злачынствы таму, што да іх пасуе: ночы, дажджы. Вы занадта жывы для гэтага. І вы чужы. — Надзея Раманаўна! — залямантаваў я. — Што вы кажаце! Мяне ўжо называлі тут чужынцам. Ці мог я чакакаць, каб і з вашых вуснаў даляцела да мяне тое самае жорсткае слова? Чым я заслужыў яго? — Нічым, — суха сказала яна. — Але позна. Усё на свеце позна прыходзіць. Вы занадта жывы. Ідзіце да свайго народа, да тых, хто жыве, галадае і смяецца. Ідзіце перамагаць. А мёртвым пакіньце магілы… Я раззлаваўся да непрытомнасці: — А вы не мой народ? А гэтыя людзі, запалоханыя і галодныя, гэта не мой народ? А Свеціловіч, якому я павінен буду здрадзіць, гэта не мой народ? А гэтыя праклятыя Богам балоты, дзе чыніцца мярзота, гэта не мая зямля? А дзеці, якія плачуць уначы, пачуўшы пошчак капыт дзікага палявання, якія дрыжаць ад жаху ўсё жыццё, гэта не дзеці маіх братоў? Як вы смелі нават прапанаваць мне такое?! Яна ламала рукі: — Пане Беларэцкі… Няўжо вы не разумееце, што позна абуджаць да жыцця гэтую мясцовасць і мяне? Мы стаміліся спадзявацца, не абуджайце нашай надзеі. Позна! Позна! Няўжо вы не разумееце, што вы адзін, што вы нічога не зробіце, што пагібель ваша — гэта будзе жахліва, гэта будзе непапраўна! Я не дарую сабе гэтага. О, каб вы ведалі, якія гэта жахлівыя здані, якія ненажэрныя да чужой крыві! — Надзея Раманаўна, — сказаў я холадна, — ваш дом — моцная крэпасць. Але калі вы гоніце мяне, я пайду ў менш надзейную, але не пакіну гэтай мясцовасці. Зараз трэба або памерці, або перамагчы. Памерці — калі гэта здані. Перамагчы — калі гэта людзі. Я не паеду адсюль, не паеду нізавошта на свеце. Калі я перашкаджаю вам — іншая справа. Але калі ваша просьба выклікана толькі тым, што вы баіцёся за мяне, не хочаце рызыкаваць маёй скурай, — я застаюся. Урэшце, гэта мая скура, і я маю поўнае права карыстацца ёй, як сам захачу. Разумееце? Яна паглядзела на мяне разгублена, са слязьмі на вачах. — Як вы маглі нават падумаць, што я не хачу бачыць вас у гэтым доме?! Як вы маглі падумаць? Вы мужны чалавек. Мне спакойна з вамі. Мне, нарэшце, добра з вамі, нават калі вы такі грубы, як зараз былі. Шляхціц так не сказаў бы. Яны такія гжэчныя, вытанчаныя, так хаваюць свае думкі. Мне так апрыкрала гэта. Я хачу бачыць вас у гэтым доме, я толькі не хачу бачыць вас такім, як учора, або… — Або забітым, — падхапіў я. — Не хвалюйцеся. Больш вы мяне такім не пабачыце. Зброя са мною. І зараз не я ад іх, а яны ад мяне будуць бегаць, калі хоць кропля крыві ёсць у іхніх бясплотных жылах. Яна ўстала і пайшла з альтанкі. Ля самага ўвахода пастаяла хвіліну спіной да мяне, павярнулася і, гледзячы ўніз, сказала: — Я не хацела, каб вы рызыкавалі жыццём. Вельмі не хацела. Але пасля вашага адказу я думаю пра вас у сто разоў лепш. Толькі вельмі сцеражыцеся, Беларэцкі. Не забывайце нідзе зброі. Я… вельмі рада, што вы не паслухаліся мяне, не вырашылі ехаць. І я згодна з вамі, што людзям трэба дапамагчы. Мая небяспека — глупства, але іншыя людзі — усё. Яны, можа, тут больш вартыя шчасця, чым тыя, на сонечных раўнінах, бо яны больш пакутавалі ў чаканні яго. І я згодна з вамі: ім трэба дапамагчы. Яна пайшла, а я яшчэ доўга сядзеў і думаў пра яе. Я быў уражаны, сустрэўшы ў гэтым балоце такую высакароднасць і прыгажосць душы. Вы ведаеце, як падвышае і ўзмацняе чалавека веданне таго, што на яго нехта пакладаецца, як на каменны мур. Але я, відаць, дрэнна ведаў сябе, бо наступная ноч належыць да самых жахлівых і непрыемных успамінаў майго жыцця. Год дзесяць пасля я, прыпамятаўшы яе, мыкаў і стагнаў ад ганьбы, і жонка пыталася ў мяне, што са мною здарылася. І я ніколі, аж па сённяшні дзень, не распавядаў пра гэтую ноч і мае думкі нікому. Можа, і вам не распавёў бы, але мне ў галаву прыйшла думка, што не так важлівыя ганебныя думкі, як тое, ці здолеў чалавек іх перамагчы, ці не прыходзілі яны да яго пасля. І я вырашыў расказаць вам гэта для навукі. Перад вечарам да мяне прыйшоў Свеціловіч. У гаспадыні балела галава, і яна яшчэ да яго з'яўлення зачынілася ў пакоі. Мы размаўлялі перад камінам удвух, і я расказаў яму пра здарэнні мінулага вечара. Выраз непаразумення адбіўся на яго твары, і я спытаў, што яго так здзіўляе. — Нічога, — адказаў мне ён. — Ахмістрыня — гэта глупства. Магчыма, яна проста крадзе ў гаспадыні з яе мізэрных набыткаў, магчыма, яшчэ што. Я даўно ведаю гэту бабу: даволі скупаватая і дурная, як бот. У яе мазгі заплылі тлушчам, і на злачынства яна не здатная, хоць пасачыць за ёй, здаецца, нядрэнна. Блакітная Жанчына таксама лухта. У наступны раз, калі пабачыце яе, стрэльніце ў той бок. Я не баюся зданяў-жанчын. А вось вы лепей адгадайце, чаму я так здзівіўся, пачуўшы пра ўчарашняе дзікае паляванне?І — Н-не ведаю. — Ну, а скажыце, ці не было ў вас ніякіх падазрэнняў наконт Вароны? Скажам, так. Варона сватаецца да Яноўскай, атрымлівае гарбуза і пасля, каб адпомсціць, пачынае выкідваць жарцікі з дзікім паляваннем. Вы не чулі пра сватанне? Так, так, яшчэ два гады таму, пры жыцці Рамана, ён прапанаваў гэтаму, тады яшчэ дзіцёнку, руку і сэрца. Таму і на вас злуецца, таму і сваркі шукаў, а калі не атрымалася — вырашыў прыбраць вас з дарогі. Я толькі думаў, што гэта будзе трохі пасля. Я задумаўся: — Прызнаюся вам, такія думкі ў мяне былі. Магчыма, я нават даў бы ім волю, каб не ведаў, што Варона ляжыць паранены. То якраз глупства. Адразу амаль пасля вашага адыходу ён з'явіўся да стала, зялёны і змрочны, але амаль цвярозы. Кровапусканне дапамагло. Ён быў закручаны бінтам, як качан капусты, адзін нос і вочы глядзелі. Дубатоўк яму: «Што, хлопча, сорамна, напіўся, як свіння, мяне на дуэль выклікаў, а нарваўся на чалавека, які табе даў чосу?» Варона паспрабаваў усміхнуцца, але ад слабасці хіснуўся: «Сам бачу, дзядзька, што я дурань. І Беларэцкі так мяне правучыў, што я больш ніколі лезці да людзей не буду». Дубатоўк толькі галавою пахітаў: «Вось што гарэлачка, моц божая, з ёлупамі робіць». А Варона яму: «Я думаю, трэба ў яго прабачэння папрасіць. Нязручна. Усё адно як паклікалі ў госці і спрабавалі высцебаць». Пасля падумаў: «Не, — кажа, — прабачэння прасіць не буду, злуюся трохі. І, урэшце, ён задавальненне атрымаў». І я вам скажу яшчэ, ён сядзеў з намі, а мы пілі да самага світання. Дубатоўк да таго напіўся, што пачаў уяўляць сябе хрысціянскім пакутнікам пры Нероне, і ўсё намагаўся пакласці рукі ў блюда са жжонкай. Гэты твой секундант, боўдур год пад сорак, усё плакаў і крычаў: «Матухна, прыйдзі сюды, пагладзь мяне па галоўцы. Крыўдзяць твайго сына, не даюць яму больш гарэлкі». Чалавекі тры так і заснулі пад сталом. Ніхто з іх не выходзіў ані на хвіліну, так што да дзікага палявання ні Варона, ні Дубатоўк дачынення не маюць. — А вы што, і Дубатоўка падазравалі? — А чаму не? — жорстка сказаў Свеціловіч. — Я нікому зараз не давяраю. Справа ідзе пра Надзею Раманаўну. Што ж я Дубатоўка буду адсюль, з падазроных, выключаць? З якой прычыны? Што добры ён? У-га як чалавек прыкінуцца можа! Я і сам… учора нават не падыходзіў да вас пад час дуэлі, каб не падазравалі, калі яны злачынцы. І зараз не буду падыходзіць, не трэба. Я і вас падазраваў: раптам… ды пасля схамянуўся. Вядомы этнограф ідзе ў бандыты! Ха! Так і Дубатоўк мог ягняткам прыкінуцца. А галоўнае, не спадабаўся мне ягоны гэты падарунак, партрэт Рамана Старога. Як быццам назнарок, каб дзяўчыну з каляі выбіць. — А што, — схамянуўся я, — сапраўды падазрона… Яна зараз нават ля каміна сядзець баіцца. — То-та ж бо, — прыгнечана сказаў Свеціловіч. — Значыцца, не ён кароль Стах. Падарунак гэты якраз на яго карысць кажа. І ўчарашняя падзея. — Слухайце, — сказаў я. — А чаму б не дапусціць, што кароль Стах — гэта вы. Вы ж пайшлі ўчора пазней мяне, вы да мяне без усякай падставы раўнуеце. Вы, можа, мне проста вочы замыльваеце, а на самай справе, ледзь толькі я выйшаў, як вы: «На коні, хлопцы!» Я ні на хвіліну не думаў так, але мне не спадабалася, што даверлівы шчыры хлопец сёння трымае сябе як недаверлівы дзед. Свеціловіч глядзеў на мяне, як ачмурэлы, лыпнуў разы са два вачыма і раптам зарагатаў, адразу ператварыўшыся зноў у добрага чыстага юнака. — То-та ж бо, — адказаў я ягоным тонам. — Не плявузгайце на такіх старых, як Дубатоўк, дарэмна. Абразіць чалавека нядоўга. — Ды я і не думаю зараз на яго, — усё яшчэ рагочучы, адказаў ён. — Я ж вам казаў, яны былі са мною. Калі пачало днець, Вароне зрабілася вельмі дрэнна, пайшла зноў кроў, пачаў трызніць. Паслалі аднаго за дзедам-знахарам, пасля нават урача прывезлі, не паленаваліся ў павет паехаць. Прыехаў ён зусім нядаўна і прыгаварыў Варону да тыдня ў ложку. Сказалі, што атрымалася выпадкова. — Ну, а хто б яшчэ мог быць? Мы перабралі ўсё наваколле, але ні на кім не спыніліся. Думалі пра Бермана нават і хоць разумелі, што ён — цялё, вырашылі напісаць ліст да знаёмых Свеціловіча ў губернскі горад і даведацца, як ён там жыў раней і што ён за чалавек. Гэта было патрэбна таму, што ён быў адзіны з людзей яноўскага наваколля, пра якога мы нічога не ведалі. Мы гадалі і так і сяк, але ні да чаго не маглі дадумацца. — Хто багацейшы ў ваколіцах Балотных Ялін? — спытаў я. Свеціловіч падумаў: — Яноўская, здаецца… Хоць багацце яе мёртвае. Пасля ідзе Гаровіч (ён не жыве тут), пасля пан Гарабурда — між іншым, галоўны наследнік Яноўскай у тым выпадку, калі б яна памерла зараз. Пасля ідзе, пэўна, Дубатоўк. Зямлі ў яго мала, гаспадарка і хата, самі бачыце, бедныя, але, відаць, ёсць прыхаваныя грошы, бо ў яго заўсёды ядуць і п'юць госці. Астатнія — дробязь. — Вы кажаце — Гарабурда наследнік Яноўскай. Чаму ён, а не вы, яе сваяк? — Я ж вам казаў, бацька сам адмовіўся ад права на спадчыну. Небяспечна, маёнтак не дае даходу, на ім вісяць нейкія вэксалі, як кажуць. — А вы не думаеце, што Гарабурда… — Гм. А якая яму выгада злачынствам зарабляць тое, што ўсё адно можа належаць яму. Скажам, Яноўская выйдзе замуж — вэксаль у яго, калі гэта не байка. Ды ён і баягуз, якіх мала. — Так, — задумаўся я. — Тады пойдзем другім шляхам. І вось якім: трэба даведацца, хто выбавіў у той вечар Рамана з дому. Што мы ведаем? Што дзіцё было ў нейкіх Кульшаў? А можа, Раман зусім не па яго выехаў? Я ж гэта ведаю са слоў Бермана. Буду пытаць у Кульшаў. А вы навядзіце спраўкі пра жыццё Бермана ў губернскім горадзе. Я праводзіў яго да дарогі і вяртаўся ўжо ў прыцемку алеяю. Брыдка і непрыемна было мне на душы. Алея, уласна, даўно ператварылася ў сцежку і ў адным месцы агінала вялізны, як дрэва, круглы куст бэзу. Мокрыя сэрцападобныя лісты, яшчэ зусім зялёныя, цьмяна блішчалі, з іх падалі празрыстыя кроплі, і куст плакаў. Я абмінуў яго і адышоў крокаў на дзесяць, калі раптам нешта суха луснула ззаду. Я адчуў пякучы боль у плячы. Сорамна сказаць, але ў мяне адразу затрэсліся жылкі. «Вось яно, — падумаў я, — зараз пекануць яшчэ раз». Трэба было стрэльнуць проста ў бэз ці нават проста кінуцца бегчы — усё было б разумней таго, што я зрабіў. А я, з вялікага перапуду, павярнуўся і кінуўся бегчы проста на куст, грудзьмі на кулі. І тут я пачуў, што ў хмызах нешта затрашчала, хтосьці кінуўся ўцякаць. Я гнаўся за ім, як шалёны, і толькі здзівіўся, чаму ён не страляе. А ён, відаць, дзейнічаў таксама інстынктыўна: уцякаў ва ўсе лапаткі і так хутка, што храбусценне сціхнула, а я так і не пабачыў яго. Тады я павярнуўся і пайшоў дадому. Я ішоў і амаль роў ад крыўды. У пакоі я агледзеў рану: глупства, драпіна верхняга плечавога мускула. Але за што? За што? З песні слова не выкінеш, напэўна, пасля ўзрушэння апошніх дзён выявіўся ў мяне агульны заняпад нерваў, але я гадзіны дзве літаральна курчыўся ад жаху на сваім ложку. Ніколі б я не падумаў, што чалавек можа быць такім мізэрным смаўжом. Я ледзь не плакаў. Прыпомнілася папярэджанне, крокі ў калідоры, жахлівы твар у акне. Блакітная Жанчына, бег па верасовых пустках, гэты стрэл у спіну. Заб'юць, неадменна заб'юць. Мне здавалася, што цемра глядзіць на мяне нябачнымі вачыма нейкай пачвары, што вось нехта падкрадзецца зараз і схопіць. Сорамна сказаць, але я накінуў коўдру на галаву, каб не схапілі з боку падушкі, як быццам коўдра магла абараніць. І мімаволі невядома адкуль з'явілася подленькая думка: «Трэба ўцякаць. Ім лёгка на мяне пакладацца. Няхай самі разбіраюцца з гэтымі агідамі і з гэтым паляваннем. Звар'яцею, калі яшчэ тыдзень пабуду тут». Ніякія маральныя крытэрыі не дапамагалі, я калаціўся як асінавы ліст, а калі заснуў, то быў такім выснажаным, быццам век вазіў каменні. Напэўна, калі б прагучалі крокі Малога Чалавека, я б залез у той вечар пад ложак, але таго, на шчасце, не было. Ранак надаў мне мужнасці, я быў надзіва спакойны. Я вырашыў у той дзень пайсці да Бермана, тым больш што гаспадыня яшчэ хварэла. За домам стаялі вялізныя, вышэй чалавека, ужо засыхаючыя лопухі. Праз іх я дабраўся да ганка і пастукаў у дзверы. Мне не адказалі, я пацягнуў дзверы на сябе, і яны адчыніліся. Невялічкі перадпакой быў пусты, вісела толькі паліто Бермана. Я кашлянуў. Нешта зашарудзела ў пакоі. Я пастукаў — голас Бермана сказаў перарывіста: — Х-хто? Заходзь-це. Я ўвайшоў. Берман прыўзняўся з-за стала, тым самым жэстам захінаючы халат на грудзях. Твар яго аж збялеў. — Дзень добры, пан Берман. — С-сядайце, сядайце, калі ласка, — ён замітусіўся так, што мне зрабілася нязручна. «Чаго прыплёўся да яго? Чалавек любіць самоту. Бач ты, як спалохаўся…» А Берман ужо адышоў. — Сядайце, сядайце, шматпаважаны, сядайце, шаноўны пан. Я паглядзеў на крэсла і пабачыў на ім талерку з нейкай недаедзенай стравай і дэсертную лыжку. Берман хутка схапіў яе. — Прабачце, вырашыў задаволіць свой, так бы мовіць, апетыт. — Калі ласка, ешце, — сказаў я. — Што вы, што вы!… Есці ў прысутнасці гжэчнага пана… Я не магу. Вусны фарфоравай лялькі прыемна крывіліся. — Вы не заўважылі, васпан, якое гэта непрыемнае відовішча, калі чалавек харчуецца? О, гэта жахліва! Ён тупа плямкае, чамкае і нагадвае нейкую худобу. Ва ўсіх людзей так выразна праяўляецца падабенства да якога-небудзь звера. Той жарэ, як леў, той чамкае, як, прабачце, тая жывёла, якую пасвіў блудны сын. Не, пане-дабрадзею, я ніколі не ем на людзях. Я сеў. Пакой быў вельмі сціпла абстаўлены. Жалезны ложак, які нагадваў гільяціну, стол, два крэслы, яшчэ стол, увесь завалены кнігамі і паперамі. Толькі абрус на стале быў незвычайны, вельмі цяжкі, сіні з золатам. Звісаў ён да самай падлогі. — Што, дзівіцеся? О, васпане, гэта адзінае, што засталося з былых рэчаў. — Пане Берман… — Я слухаю вас, пане. Ён сеў, схіліўшы лялечную галаву, шырока раскрыўшы шэрыя вялізныя вочы і прыўзняўшы бровы. — Я хачу спытаць у вас, другіх планаў дома няма? — М-м… не… Ёсць яшчэ адзін, зроблены год трыццаць таму, але там проста сказана, што ён перамаляваны з таго, што я даў вам, і паказаны толькі новыя перагародкі. Вось ён, калі ласка. Я паглядзеў на план. Берман меў рацыю. — А скажыце, ці няма якога замаскіраванага памяшкання на другім паверсе, ля пустога пакоя з шафай? Берман задумаўся. — Не ведаю, васпане, не ведаю, вашамосць… Недзе там павінен быць сакрэтны асабісты архіў Яноўскіх, але дзе ён — не ведаю. Н-не ведаю… Пальцы яго так і бегалі па абрусе, выбіваючы нейкі незразумелы марш. Я падняўся, падзякаваў гаспадару і выйшаў. «І чаго ён так перапалохаўся? — падумалася мне. — Пальцы бегаюць, твар белы! У, халасцяк чортаў, людзей пачаў баяцца…» І, аднак, нейкая думка свідравала мой мозг. «Чаму? Чаму? Не, нешта тут нячыста. І чамусьці круціцца ў галаве слова «рукі». Рукі. Рукі. Пры чым тут рукі? Нешта павінна ў гэтым слове хавацца, калі яно так лезе з падсвядомасці». Я выходзіў ад яго з цвёрдай думкаю, што тут трэба трымацца пільнасці. Не падабаўся мне гэты лялечны чалавечак, і асабліва пальцы, пальцы, у два разы даўжэйшыя за нармальныя, якія выгіналіся на стале, як змеі. РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ Дзень быў шэры і змрочны, такі раўнадушна-шэры, што плакаць хацелася, калі я накіраваўся ў фальварак Жабічы, які належаў Кульшам. Нізкія шэрыя хмары паўзлі над тарфянымі балотамі. Казарменны, нудны ляжаў перада мною далягляд. На роўнай карычневай паверхні раўніны там-сям поўзалі брудныя плямы: пастух пасвіў авечак. Я ішоў краем Волатавай прорвы, і воку літаральна не было на чым адпачыць. Нешта цёмнае ляжала ў траве. Я падышоў бліжэй. Гэта быў вялізны, метры тры ў даўжыню, каменны крыж. Павалілі яго даўно, бо нават яма, у якой ён стаяў, амаль зраўнавалася з зямлёю і зарасла травой. Літары на крыжы былі ледзь бачныя: «Раб божы Раман памёр тут наглай смерцю. Лёзныя людзі, маліцеся за душу яго, каб і за вашу хтось памаліўся, злашча модлы вашы асабліва Богу да душы». Я доўга стаяў ля яго. Вось, значыцца, месца, дзе загінуў Раман Стары!… — Пане, пане літасцівы, — пачуў я голас за спіною. Я павярнуўся. Жанчына ў фантастычных лахманах стаяла за мною і працягвала руку. Маладая, яшчэ даволі прыгожая, яна мела такі абцягнуты жоўтай скурай страшны твар, што я апусціў вочы. На руках яе ляжала дзіця. Я падаў ёй. — Мо хлеба трошкі будзе ў пана? Я, баюся, не дайду. І Ясік памірае… — А што з ім? — Не ведаю, — бязгучна сказала яна. У маёй кішэні знайшлася цукерка, я даў яе жанчыне. Але дзіцёнак не еў. — Што ж мне рабіць з табою, любая? Селянін на валакушы ехаў дарогаю. Я паклікаў яго, даў яму рубель і папрасіў завезці жанчыну ў Балотныя Яліны, каб яе там накармілі і далі дзе-небудзь адпачыць. — Дай вам Божа здароўечка, пане, — бязвольна сказала жанчына. — Нам нідзе тут не давалі есці. Пакарай Божа тых, хто зганяе людзей з зямлі. — А хто сагнаў? — Пан. — Які пан? — Пан Антось. Худы такі… — А як яго прозвішча, дзе ваша вёска? — Не ведаю. Тут, за лесам. Добрая вёска. У нас і грошы былі, пяць рублёў. Але сагналі. І ў вачах яе было здзіўленне перад тымі, хто не ўзяў нават пяці рублёў і сагнаў іх з зямлі. — А муж дзе? — Забілі. — Хто забіў? — Мы крычалі, плакалі, не хацелі ісці. Язэп таксама крычаў. Пасля стралялі. Ён лёг. А ўночы прыйшло дзікае паляванне і зацягнула ў багну самых большых крыкуноў. Яны зніклі… Больш ніхто не крычаў. Я паспяшыў адправіць іх, а сам пайшоў далей, не памятаючы сябе ад роспачы. Божа мой, якая цемра! Якая забітасць! Як звараціць гэту гару? У Дубатоўка мы зжэрлі столькі, што хапіла б сорак Ясікаў выратаваць ад смерці. Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны. Дзяржаўная мудрасць! І гэтыя няшчасныя маўчаць. За якія грахі караешся ты, мой народ, за што ты мяцешся па ўласнай зямлі, як асенняе лісце? Які забаронены яблык з'еў першы Адам майго племя? Адны жэрлі не ў сябе, другія паміралі пад іхнімі вокнамі. Вось павалены крыж над адным, які шалеў ад тлушчу, а вось паміраючы дзіцёнак. Вякамі ішла гэтая мяжа паміж аднымі і другімі — і вось канец, лагічнае завяршэнне: адзічэнне, цемра ва ўсёй дзяржаве, тупы жах, голад, вар'яцтва. І ўся Беларусь — адзінае поле смерці, над якім вые вецер, гной пад нагамі тлустай, задаволенай усім худобы. Не памоляцца над табою лёзныя людзі, Раман Стары. Плюне кожны на твой пахілы крыж. І дай Божа мне сілы выратаваць апошнюю з твайго роду, якая ні ў чым не вінаватая перад няўмольнай праўдай мачыхі нашай, беларускай гісторыі. Няўжо такі забіты, няўжо такі мёртвы мой народ? …Мне давялося хвілін сорак прадзірацца праз невысокі, вельмі вільготны лясок за Волатавай прорвай, пакуль я не выбіўся на сцежку, зарослую і вузкую. Паабапал яе стаялі амаль абляцелыя асіны. Сярод іх чырвонага масіву плямамі выдзяляліся жоўтыя бярозы і амаль зялёныя яшчэ дубы. Сцежка спусцілася ў яр, дзе бег ручай з карычневай, як густы чай, вадою. Берагі ручаіны былі зялёнымі і мяккімі ад імхоў, і такія самыя зялёныя масты з бураломных дрэў злучалі іх. Па бураломінах ручай і пераходзілі, бо на некаторых мох быў здзёрты. Глуха і бязлюдна было тут. Зрэдку цінькала ў верхавінах дрэў маленькая птушка, ды яшчэ самотныя лісцікі падалі і павісалі на павуціне паміж дрэў. Вада ручаіны несла сумныя жоўтыя і чырвоныя чоўнікі лісцяў, а ў адным месцы, дзе быў вір, лісце круцілася ў вечным танцы, быццам там вадзянік варыў з яго суп на вячэру. Каб перайсці цераз ручай, мне давялося зламаць на падпорку даволі тоўстую, але зусім сухую асінку, зламаць адным ударам нагі. За ярам лес зрабіўся зусім густым. Сцежка знікала ў непралазным гушчары, яе акружалі джунглі з малінніку, сухой крапівы, ажыны, дудніку і іншай дрэні. Хмель бег на дрэвы, як зялёнае полымя, абкручваў іх, выдзіраўся на волю і цэлымі снапамі звісаў, чапляючы мяне за галаву. Хутка з'явіліся першыя адзнакі жыцця: кусты здзічэлага бэзу сярод дрэў, прамакутнікі лепш угноенай зямлі (былыя курціны), спадарожнік чалавека — вялізны дзядоўнік. Хутка бэз стаў такім густым, што не пралезеш. Я ледзь выдзерся з яго на маленькую галявіну, на якой стаяў надзейна схаваны дом. На каменным высокім падмурку, з каменным ганкам і драўлянымі калонамі, якія за памяці дзядоў былі, напэўна, пафарбаваныя ў белы колер, ён нахіліўся на мяне, як смяротна паранены, які вось-вось упадзе. Перакошаныя ліштвы, абадраная ашалёўка, шыбы, вясёлкавыя ад старасці. На парадным ганку паміж прыступкамі выраслі лопухі, ваўчкі, магутны скрыпень, які амаль закрываў дзверы. А да чорных дзвярэй праз калюжу былі пакладзены дзве цагліны. Дах быў зялёны, тоўсты ад тлустых пушыстых імхоў. У шэрае акенца ўнутранасць хаты здавалася панурай і занядбанай. Словам, хатка на курыных ножках. Не хапала толькі бабы-ягі, якая ляжала б на дзевятай цагліне і казала: «Фу-фу, чалавечым духам тхне!» Але хутка з'явілася і яна. У акно на мяне глядзеў твар жанчыны, такі сухі, што здаваўся чэрапам, абцягнутым жоўтай скурай. Сівыя патлы валасоў падалі на плечы. Пасля з'явілася рука, якая ківала мне сухім, як курыная костка, пальцам. Я стаяў знадворку, не ведаючы, да мяне ці да каго іншага звернуты гэты зварушлівы прызыў. Пасля адчыніліся дзверы, і на двор высунулася тая самая галава. — Сюды, літасцівы пан Грыгор, — сказала галава. — Тут забіваюць няшчасных ахвяр. Не скажу, каб пасля такога суцяшальнага запэўнення мне палка захацелася зайсці ў гэты дом, але старая сышла з прыступкі і працягнула мне над лужынаю руку. — Я даўно чакала вас, мужны збаўца. Справа ў тым, што мой раб Рыгор выявіўся душыцелем накшталт Сіняй Барады. Вы памятаеце, мы чыталі з вамі пра Жыля Сінюю Бараду. Такі гжэчны, галантны кавалер. Я б даравала Рыгору, каб ён забіваў так галантна, але ён хлоп. Што зробіш? Я пайшоў за ёю. У перадпакоі ляжалі на падлозе кажух, побач з ім сядло, віселі на сцяне бізун і некалькі закарэлых лісіных шкур. Акрамя таго, тут стаяў трохногі зэдлік і ляжаў бокам партрэт нейкага мужчыны, брудны і прадзёрты наўскос. А ў наступным пакоі быў такі гармідар, як быццам тут змяшчаўся чатырыста год таму філіял Грунвальдскай бітвы і з тых часоў тут больш не змяталі пылі і не мылі шыб. Стол з ножкамі ў выглядзе антычных гермаў быў пастаўлены коса, ля яго крэслы, падобныя на ветэранаў вайны, бязногіх і ледзь дыхаючых. Шафа ля сцяны нахілілася і пагражала ўпасці камусь на галаву. Ля дзвярэй стаяў на падлозе вялікі бюст Вальтэра, вельмі падобнага на гаспадыню, і какетліва на мяне паглядаў з-пад анучы, якая замест лаўраў вянчала ягоную галаву. У адным кутку прыткнулася трумо, запэцканае нечым вельмі падобным на птушыны памёт. Апрача таго, верхняя палова трумо была пакрыта шарам пылу, затое з ніжняй паловы пыл быў старанна сцёрты. Чарапкі пасуды, скарынкі хлеба, косткі рыбы пакрывалі падлогу. Усё гэта было, як у гняздзе птушкі-зімародка, дно якога выслана рыбнай лускою. І сама гаспадыня нагадвала зімародка, гэту змрочную і дзівосную птушку, якая любіць самоту. Яна павярнулася да мяне, я пабачыў зноў яе твар, на якім нос павіс амаль да падбародка, і рот з вялікімі зубамі. Зубы здаваліся асабліва вялікімі, бо былі адкрыты разам з дзяснамі, як быццам на твары не хапіла скуры на тое, каб прыкрыць рот. — Рыцар, чаму б вам не сцерці гэты пыл, з верхняй паловы трумо? Я хацела б бачыць сябе ва ўвесь рост. Ва ўсёй прыгажосці. Я толькі хацеў было выканаць гэта, як яна раптам сказала: — А вы вельмі падобны да майго нябожчыка мужа. Ух, які гэта быў чалавек! Ён жыўцом узнёсся на неба, першы з людзей пасля Іллі-прарока. А Раман жывым трапіў у апраметную. Гэта ўсё злы геній яноўскага наваколля — дзікае паляванне караля Стаха. З таго дня я пакінула прыбіраць у гэтым доме на знак сваёй жалобы. Праўда, прыгожа? І так рамантычна! Яна какетліва ўсміхнулася да мяне і пачала строіць вочкі па няпісаных правілах пансіёнаў высакародных дзявіц: «Вочкі на субяседніка, пасля ўбок з лёгкім нахілам галавы, зноў на субяседніка, у верхні кут залы і ў зямлю». Гэта была злосная пародыя на чалавечыя пачуцці. Усё адно як малпа пачала б нечакана спяваць песню Афеліі ў англійскім арыгінале. — Тут прыгожа. Толькі жахліва! Уй, як жахліва! Бр-р-р!… Бр-р-р!… Яна раптам кінулася ад мяне на падлогу і залезла галавою пад купу нейкіх брудных ануч. — Прэч! Прэч адсюль! Вы кароль Стах! Жанчына білася і крычала, яе жоўтая нага выглядала з пыльных рызманоў. Я з жахам падумаў, што, магчыма, такі будзе лёс усіх людзей наваколля, калі незразумелы жах будзе і далей чорным крылом вісець над гэтай зямлёй. Я збіраўся адступіць, як нечая рука лягла на маё плячо і грубы мужчынскі голас сказаў: — Чаго вы тут? Хіба вы не бачыце, што яна трохі… дзівачка? Хлоп пайшоў у перадпакой, прынёс адтуль прадзёрты партрэт мужчыны ў фраку і з «Уладзімірам» у пятлічцы і паставіў яго на стол. Пасля выцягнуў жанчыну з рызманоў, пасадзіў яе перад партрэтам. — Пані Кульша, гэта не кароль Стах, не. Гэта з'явіўся пан фельдмаршал паглядзець на славутую тутэйшую красуню. А кароль Стах, вось ён, на партрэце, ён зусім мёртвы і нікога не можа забіць. Жанчына паглядзела на партрэт. Сціхла. Мужчына дастаў з-за пазухі кавалак хлеба, чорнага, як зямля. Старая паглядзела на невядомага, засмяялася радасна і пачала шчыкаць пальцамі хлеб і класці яго ў рот, усё гледзячы на партрэт. — Кароль Стах. Мужанёк ты мой. Што вароціш свой твар?! Яна то драпала партрэт, то радасна нешта шаптала яму і ўсё ела хлеб. Мы атрымалі магчымасць размаўляць. Я глядзеў на мужчыну, апранутага ў сялянскую світку і поршні — скураныя палескія лапці, а ён глядзеў на мяне. Мужчына быў год пад трыццаць, выключна высокі і добра складзены, з магутнымі пукатымі грудзьмі, трохі гарбаватай, калі сядзеў, спіною і загарэлай шыяй. Доўгія вусы рабілі твар суровым і жарсткаватым. Гэтаму ўражанню дапамагалі яшчэ дзве зморшчкі паміж броваў і шырока пастаўленыя пякучыя вочы. Белая магерка была насунута нізка на лоб. Чымсьці вольным, лясным веяла ад яго. — Вы, пэўна, Рыгор, вартаўнік Кульшы? — Так, — адказаў ён з іроніяй. — А вы, напэўна, новы госць пані Яноўскай? Чуў я пра такую птушку. Добра спяваеце. — І вы заўжды так з ёю? — Я паказаў на старую, якая засяроджана плявала ў партрэт. — Заўжды. Вось ужо два гады, як яна такая. — А чаму вы яе не завязеце ў павет лячыць? — Шкода. Як была здаровая, дык госці ездзілі, а зараз ніякая сабака… Шляхта! Паночкі нашы, туды іх… — І цяжка даводзіцца? — Ды не, калі я на паляванні, дык Зося глядзіць за ёю. Ды яна не часта шалее. І не патрабуе многа. Толькі хлеба вельмі многа есць, а так нічога не хоча. Ён выцягнуў з кішэні яблык і працягнуў старой: — На, пані шаноўная. — Не хачу, — адказала тая, упісваючы хлеб. — Паўсюль атрута, толькі хлеб чысты, божы. — Бачыце, — сказаў Рыгор змрочна. — Сілком раз на дзень гарачым кормім. Пальцы мне часам пакусае, калі даём, так і схопіць. А нядрэнная была пані. Ды хоць і дрэнная, нельга кідаць божую душу. І ён усміхнуўся такой вінаватай дзіцячай усмешкаю, што я здзівіўся. — І чаго гэта яна? — Спалохалася пасля смерці Рамана. Усе яны тут у чаканні жывуць, і, я скажу, большасці так і трэба. Мудрагелілі над нашым братам. — Ну, а Яноўскай таксама? — Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада. Я нарэшце асмеліўся. Я зразумеў — гэта не здраднік. — Слухай, Рыгор, я прыйшоў сюды, каб спытаць пра тое-сёе. — Пытай, — сказаў ён, таксама пераходзячы на «ты», што мне вельмі спадабалася. — Я вырашыў разблытаць гэтую справу з паляваннем караля Стаха. Разумееш, ніколі не бачыў прывідаў, хачу рукамі памацаць. — Прывіды… — гмыкнуў ён. — Добрыя прывіды, калі іхнія коні самым сапраўдным гноем свае сляды пэцкаюць. І потым, навошта вам гэта, пан ласкавы? Якія такія прычыны? — Не называй ты мяне панам. Я такі самы пан, як ты. А прычына — што ж… цікава проста. І шкада гаспадыню і многіх людзей. — Так. Пра гаспадыню і я чую, — скоса глянуў Рыгор і хмурна ўсміхнуўся. — Мы гэтыя рэчы разумеем. Гэта ўсё адно як Зося мне. А чаму ты мне не кажаш, што ты на іх злуешся, адпомсціць жадаеш? Я ж ведаю, як ты ад дзікага палявання ля ракі ўцякаў. Я быў уражаны: — Адкуль ведаеш? — У чалавека ёсць вочы, і кожны чалавек пакідае след на зямлі. Толькі нявістныя не бачаць. Уцякаў ты, як чалавек з розумам. А вось горш тое, што я іхнія сляды заўжды губляю. І пачынаюцца яны, і канчаюцца на гасцінцы. Я распавёў яму пра ўсё, з самага пачатку. Рыгор сядзеў нерухома, вялікія шурпатыя рукі яго ляжалі на каленях. — Я даслухаў, — сказаў ён проста, калі я скончыў. — Ты мне падабаешся, пан. З мужыкоў, ці што? І я так думаю, што ты калі і не з мужыкоў, дык ля мужыкоў блізка ляжаў. І сам я даўно думаў гэтых зданях трахануць, каб пер'е паляцела, ды таварыша не было. Калі не жартуеш, давай разам. Але ж, бачу я, ты гэта толькі зараз прыдумаў: звярнуцца да мяне. Чаму раптам так прыдумаў? І чаго хацеў да гэтага? — Чаму вырашыў, сам не ведаю. Пра цябе казалі, што ты Яноўскую, калі яна сіратой засталася, шкадаваў. Надзея Раманаўна казала, што ты нават хацеў вартаўніком у Балотныя Яліны перайсці, ды не атрымалася. Ну і потым спадабалася мне, што ты незалежны, што хворую так даглядаеш. А да гэтага я проста жадаў спытаць, чаму якраз у той вечар, калі загінуў Раман, дзяўчынка затрымалася ў Кульшаў? — Чаму затрымалася, я ведаю. У той дзень у маёй гаспадыні дзяўчаты сабраліся з навакольных фальваркаў. Весела было. А вось чаму яе, Яноўскую, запрасілі сюды — я не ведаю, яна ж тут колькі гадоў да гэтага не была. Але пані, самі бачыце, якая, яна не скажа. — Чаму не, — усміхнулася раптам амаль разумна старая. — Я скажу. Я зусім не звар'яцела, мне проста так зручна і бяспечна. Папрасіў запрасіць бедную Надзейку пан Гарабурда. І ягоная ж пляменніца была тады ў мяне. Такому рыцару, як вы, пан фельдмаршал, я ўсё скажу. Так, так, гэта Гарабурда даў тады такую параду ўзяць дзіця. У нас усе такія добрыя. Нашыя вэксалі ў пана Дубатоўка — ён іх не падаваў да сыскання. Гэта, маўляў, залог, што будзеце часта ездзіць да мяне ў госці, піць віно. Я вас зараз нават сілаю магу запрасіць піць гарэлку… Так, усе запрашалі Надзейку. Гарабурда, і фельдмаршал Каменскі, і Дубатоўк, і Раман і кароль Стах. Вось гэты. А бедная ж твая галовачка! А ляжаць жа твае косы залатыя поруч з бацькавымі касцямі. Мяне перасмыкнула ад гэтага галошання па жывым чалавеку. — Бачыце, нямнога даведаліся, — панура сказаў Рыгор. — Выйдзем на хвіліну. Калі мы выйшлі і лямант старой сціхнуў, Рыгор буркнуў: — Дык давайце шукаць разам. Карціць і мая душа на гэта дзіва паглядзець. Я буду на зямлі шукаць і сярод простых людзей, а вы ў паперках ды сярод шляхты. Можа, і знойдзем. Вочы яго раптам сталі злоснымі, вугальныя бровы з'ехаліся да пераносся: — Бабы д'яблам выдуманыя. Іх трэба ўсіх задушыць, а за нямногіх, што застануцца, хлопцам усім перадушыцца. Але што зробіш… І лагічна скончыў: — Вось і я, хоць шкада маёй лясной волі, хоць, можа, і дажыву век адзін у лесе, усё ж часам пра Зоську думаю, якая тут таксама жыве. Можа, і ажанюся. Яна кухаркаю тут. Дык вось што я скажу табе, сябар. Таму я і табе паверыў, што сам так часам пачынаў шалець з-за чортавых бабскіх вачэй. (Я зусім не думаў пра гэта, але не палічыў патрэбным пераконваць гэтага мядзведзя.) Але скажу табе шчыра. Калі ты прыйшоў падбіць мяне на гэта, а потым здрадзіць — многія тут на мяне зубы точаць, — так і ведай — не жыць табе на зямлі. Рыгор тут нікога не баіцца, наадварот, Рыгора ўсе баяцца. І сябры ў Рыгора ёсць, іначай тут не пражывеш. І страляе гэтая рука добра. Так што ведай — заб'ю. Я глядзеў на яго з дакорам, і ён, глянуўшы мне ў вочы, засмяяўся, быццам у бочку, і зусім іншым тонам скончыў: — А наогул, я цябе даўно чакаў. Здавалася мне чамусьці, што ты гэтай справы так не пакінеш, а калі пойдзеш разблытваць яе — мяне не абмінеш. Што ж, дапаможам адзін аднаму. Мы развіталіся з ім на ўзлессі, ля Волатавай прорвы, дамовіўшыся аб новых сустрэчах. Я пайшоў дадому нацянькі, праз парк. Калі я з'явіўся ў Балотныя Яліны, прысмерак ужо агарнуў парк, жанчына з дзіцем спала, нагадаваная ў адным з пакояў на першым паверсе, а гаспадыні не было ў доме. Я чакаў яе з гадзіну і, калі стала ўжо зусім цёмна, не вытрымаў, і пайшоў насустрач. Я не паспеў далёка адысці змрочнай алеяй, як пабачыў белую постаць, якая палахліва рухалася мне насустрач. — Надзея Раманаўна! — О-о, гэта вы? Дзякуй Богу. Я так непакоілася. Вы пайшлі нацянькі? І засаромелася, апусціла вочы ў зямлю. Калі мы падыходзілі да палаца, я сказаў ёй ціха: — Надзея Раманаўна, ніколі не выходзьце з двара ўначы. Абяцайце мне гэта. Мне ледзь удалося вырваць у яе гэтае абяцанне. РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ Гэта ноч прынесла мне разгадку аднаго цікавага пытання, якое выявілася зусім нецікавым, калі не лічыць таго, што я лішні раз пераканаўся ў тым, што подласць жыве і ў дурных, добрых, наогул, душах. Справа ў тым, што я зноў выйшаў уначы на крокі, пабачыў ахмістрыню са свечкай і зноў прасачыў яе да пакоя з шафай. Але на гэты раз я вырашыў не адступаць. Шафа была пустая, значыцца, шукаць трэба было там. Я пахітаў дошкі ў задняй сценцы (шафа стаяла, засунутая ў нішу сцяны), пакруціў усё, што магчыма было круціць. Пасля паспрабаваў падняць іх угару і пераканаўся, што мае спробы маюць поспех. Бабуля была,напэўна, глухаватая, іначай яна пачула б мае практыкаванні. Я з цяжкасцю пралез у атвор і пабачыў скляпеністы ход, які спускаўся строма ўніз, як быццам у сутарэнне. Збітыя цагляныя прыступкі збягалі ўніз, і ход быў такі вузкі, што я чапляўся плячыма за сценкі. З цяжкасцю спусціўся па прыступках і пабачыў невялічкі, таксама скляпеністы пакоік. Ля сцен яго стаялі скрыні, акутыя палосамі жалеза, дзве шафы. Усё гэта было адчынена, і аркушы пергаменту і паперы ляжалі паўсюль. Пасярэдзіне пакоя стаяў стол і ля яго грубы табурэт, а на ім сядзела ахмістрыня і разглядала нейкі пажоўклы аркуш. Мяне ўразіў выраз сквапнасці на яе твары. Калі я ўвайшоў, яна закрычала з перапуду і паспрабавала схаваць аркуш. Я паспеў узяць яе за руку. — Пані ахмістрыня, дайце мне гэта. І ці не скажаце вы, чаму вы кожную ноч ходзіце сюды, у таемны архіў, што робіце тут, нашто палохаеце ўсіх сваімі крокамі? — Ух ты, бацюхна мой, які спрытны!… — незадаволена сказала яна. — Усё яму ведаць трэба. І, відаць, таму, што знаходзілася на першым паверсе, загаварыла з выразнай народнай інтанацыяй: — А скулля з макам ты не хочаш? Бачыце вы, што яму трэба! І аркуш схаваў. Каб ад цябе твае дзеці так хлеб на старасці год хавалі, як ты ад мяне той аркуш! У мяне, можа, больш правоў тут сядзець, чым у цябе. А ён, бачыце, сядзіць ды пытаецца. Каб на цябе так верады сядалі ды не пыталіся! Мне гэта апрыкрала, і я сказаў ёй: — Ты што, у турму захацела? Ты чаго тут? Ці, можа, ты адсюль дзікаму паляванню знакі даеш? Ахмістрыня пакрыўдзілася. Твар яе сабраўся ў вялікія зморшчыкі. — Грэх вам, пане, — ледзь вымавіла яна. — Я жанчына сумленная, я за сваім прыйшла. Вось яно ў вашай руцэ, тое, што мне належыць. Я глянуў на аркуш. Там была выпіска з пастановы камісіі па справе аднадворцаў. Я прабег вачыма па радках і ў канцы прачытаў: «И хотя оный Закревский и до сей поры утверждает, что у него есть документы в подтверждение своих дворянских прав, а также того, что наследником Яновских по субституции является именно он, а не г-н Гарабурда, дело сие за длительностью двадцатилетнего процесса и бездоказательностью следует предать забвению, а прав дворянства, как недоказанных, г-на Закревского Исидора лишить». — Ну, і што з гэтага? — спытаў я. — А тое, бацюхна мой, — з'едліва праспявала ахмістрыня, — што я Закрэўская, вось што. А гэта мой бацька так судзіўся з вялікімі ды моцнымі. Не ведала я, ды, дзякуй добрым людзям, навучылі розуму, сказалі, што павінны тут недзе быць дакументы. Узяў суддзя павятовы дзесяць чырвоненькіх, але ж і параду даў добрую. Давайце аркуш. — Не дапаможа, — сказаў я. — Гэта ж не дакумент. Тут суд шляхецтва не вызначае. Я пра гэтую праверку дробнай шляхты добра ведаю. Каб ваш бацька меў дакументы на права субстытуцыі пасля Яноўскіх — іншая справа. Але ён іх не падаў — значыцца, не меў. Твар ахмістрыні выразіў пакутлівае імкненне дадумацца да такіх складаных рэчаў. Пасля вусны яе паехалі наперад, і яна спытала недаверліва: — А можа, Яноўскія іх падкупілі? Кручкам гэтым толькі дай грошы! Я ведаю! І адабралі ў майго бацькі дакументы і тут схавалі. — А дваццаць год судзіцца вы можаце? — Я, бацюхна, да таго часу, напэўна, пайду Пану Богу порткі лугаваць. — Ну, вось бачыце. І дакументаў няма. Усё ж перарылі. — Усё, бацюхна, усё. Але ж свайго шкада. — Ды гэта ж толькі няпэўныя звесткі. — Але ж сваё, свае грошыкі, чырвоненькія, сіненькія. — І гэта вельмі нядобра, капацца ўначы ў чужых паперах. — Бацюхна, свае ж грошыкі, — сквапна і тупа зудзела яна. — Іх вам не адсудзяць, нават калі б дакументы былі. Гэта маярат Яноўскіх на працягу трох стагоддзяў ці нават больш. — Дык сваё ж, бацюхна, — ледзь не плакала яна, і твар яе стаў сквапным да агіднасці. — Я б іх, даражэнькіх, зараз у шкарпэтку. Грошы б ела, на грошах спала. — Дакументаў няма, — губляў я цярпенне. — Законная наследніца ёсць. І тут здарылася жахлівае і агіднае. Жанчына выцягнула галаву, шыя яе зрабілася доўгай-доўгай, і, наблізіўшы да мяне твар, свісцячым шэптам сказала: — Дык, можа… можа, яна хутка памерла б. Твар яе аж прасвятлеў ад такога спадзявання. — Памерла б, і ўсё. Яна ж слабая, спіць дрэнна, крыві ў жылах амаль няма, кашляе. Што ёй варта? Споўніцца праклён. Нашто каб палац пану Гарабурдзе, калі тут магла б жыць я. Ёй што, адмучыцца — і садухі. А я б… Баюся, што я змяніўся ў твары, стаў страшны, бо яна адразу ўцягнула галаву ў плечы. — На падлу ляціш, варона? — спытаў я. — А тут не падла, тут жывы чалавек. Тут такі чалавек, падэшвы якога ты не варта, які большае права мае жыць на зямлі, ніж ты, ступа дурная. — Б-бацюхна… — блекатала яна. — Маўчы, ведзьма! І ты яе ў магілу звесці хочаш? Усе вы тут такія, аспіды драпежныя! Усе вы за грошы забіць чалавека гатовыя! Усе вы павукі. Усе вы маці роднай за сінюю паперку не пашкадуеце. А ты ведаеш, што такое жыццё, што так лёгка пра смерць другога чалавека кажаш? Не перад табой бы перлы сыпаць, але ты выслухай, ты ж жадаеш, каб яна сонца жывое, радасць, добрых людзей, доўгія гады, якія яе чакаюць, на рабакоў падземных змяніла, каб табе на грошах спаць, з-за якіх сюды дзікае паляванне прыходзіць. Можа, ты і Блакітную Жанчыну сюды пускаеш? Чаму ўчора акно ў калідоры адчыняла? — Та-тачка ты мой? А я ж яго не адчыняла! А холадна ж было… Я яшчэ здзівілася, чаму адчынена! — амаль галасіла яна. На твары гэтай поскудзі было столькі боязі, што я мог бы змоўкнуць, але не мог. Я згубіў усякую разважлівасць. — Смерці ёй зычыш! Сабакі зласлівыя, крумкачы! Прэч адсюль! Вон! Яна высакародная, ваша гаспадыня, яна, можа, і не прагоніць вас, але я абяцаю вам, калі вы не пойдзеце з палаца, які засмуродзілі сваім дыханнем, вы сядзеце ў турму маімі клопатамі. Яна пайшла да сходаў, горка плачучы. Я ішоў за ёй. Мы выбраліся ў пакой, і тут я здзіўлена спыніўся. Яноўская стаяла перад намі ў белай сукні і са свечкай у руках. Твар яе быў засмучаны, і яна грэбліва паглядзела на ахмістрыню. — Пан Беларэцкі, я выпадкова чула вашу размову, чула з самага пачатку. Я ішла амаль за вамі. Я нарэшце ведаю глыбіню сумлення і подласці. А ты, — яна звярнулася да Закрэўскай, якая стаяла, занурыўшыся, убаку, -…заставайся тут. Я дарую табе, з цяжкасцю, але дарую. Даруйце і вы, пан Беларэцкі. Дурным людзям часам трэба дараваць. Бо куды яна пойдзе адсюль. Яе нідзе не возьмуць, старую дурную бабу. Адна сляза скацілася з яе павек. Яна павярнулася і пайшла. За ёю крочыў я. Яноўская спынілася ў канцы калідора і ціха сказала мне: — Людзі ламаюцца з-за гэтых папер. Каб не забарона продкаў, з якой радасцю я аддала б камусьці гэты гнілы цёмны дом. Ён мне адна пакута, як і сваё імя. Хоць бы памерці хутчэй. Тады я пакінула б яго гэтай бабе з каменным сэрцам і дурной галавою. Няхай радавалася б, калі яна здатная так поўзаць на жываце з-за гэтай дрэні. Мы моўчкі спусціліся ў ніжнюю залу і падышлі да каміна. Стоячы, глядзелі ў агонь, чырвоныя адбіткі якога клаліся на твар Яноўскай. Яна змянілася за апошнія дні, магчыма, пасталела, магчыма, проста пачала ператварацца ў жанчыну. Напэўна, нічыё вока, акрамя майго, не заўважыла гэтых змен. Толькі я адзін бачыў, што ў бледным парастку, які рос у сутарэнні, зацеплілася, пакуль яшчэ непрыкметна, жыццё. Погляд стаў больш асэнсаваным і цікаўным да жыцця, хоць застарэлы жах па-ранейшаму ляжаў маскай на твары. Трошкі больш ажыўленым стала аблічча. Бледны парастак чамусьці пачынаў ажываць. — Добра стаяць так, Надзея Раманаўна, — задумліва сказаў я. — Агонь гарыць… — Агонь. Добра, калі ён ёсць, калі ён гарыць. Добра, калі людзі не хлусяць. Дзікі, нялюдскай сілы, крык прагучаў аднекуль знадворку — здавалася, што гэта крычыць і рыдае не чалавек, а дэман. І адразу пачуўся ўпэўнены, уладарны пошчак конскіх капытоў ля сходаў. А голас рыдаў і крычаў так па-нялюдску, як быццам не з чалавечых грудзей выходзіў: — Раман у дваццатым калене — выходзь! Помста! Апошняя помста! Авой! Авой! І яшчэ нешта, чаму не было назвы. Я мог бы зараз выскачыць на сходы, і страляць у гэтую дзікую поскудзь, і пакласці на месцы хоць каго-небудзь, але на руках у мяне ляжала яна, і я адчуваў праз сукно, як калацілася яе спуджанае сэрцайка, як яно паступова замірала, білася ўсё радзей, радзей. Спуджаны да немагчымасці за яе жыццё, я пачаў няўпэўненымі рухамі гладзіць яе валасы. Яна павольна, вельмі павольна прыходзіла да прытомнасці, і веі яе ледзь прыкметна ўздрыгвалі, калі я дакранаўся рукою да яе галавы. Так затурканае шчанё прымае ласкі чалавека, які ўпершыню вырашыў пагладзіць яго: бровы яго ўздрыгваюць, чакаючы кожны раз удару, калі заносіцца рука. А грукат быў далей, і ўся сутнасць мая пакутліва ўстала да таго, каб разам з ёй выскачыць на сходы, страляць у гэтых нетапыроў і разам з ёю ўпасці на прыступкі і памерці, адчуваючы яе поруч з сабою, тут, усю ля сябе. Усё адно нельга так жыць. А голас рыдаў здалёку: — Раман! Раман! Выходзь! Каням пад ногі душу тваю! Гэта яшчэ не зараз! Потым! Заўтра… Пасля! Але мы прыйдзем! Прыйдзем! І цішыня. Яна ляжала ў маіх абдоймах, і як быццам ціхая музыка пачала найграваць недзе, можа, у маёй душы. Ціхая-ціхая, далёкая-далёкая, пяшчотная: пра сонца, малінавыя ад канюшыны лугі пад дымнай бліскучай расою, пра залівісты спеў гівала ў шатах вялікіх ліп. Яе твар быў такі спакойны, як у спячага дзіцяці. Вось прарваўся ўздых, раскрыліся вочы, здзіўлена паглядзелі вакол, пасуравелі. — Прабачце, я пайду. І яна накіравалася да сходаў на другі паверх — маленькая белая постаць… Толькі тут я, яшчэ дрыжучы ад узбуджэння, зразумеў, якая мужная, якая нязломная была душа ў гэтай да смерці запалоханай дзяўчыны, калі яна пасля «такога» выходзіла мяне сустракаць і двойчы адчыніла дзверы: тады, калі я, невядомы, прыехаў сюды, і тады, калі я бег да яе дзвярэй, у трывозе, пад ляск капытоў дзікага палявання пад самымі вокнамі. Напэўна, яно і цёмныя асеннія ночы штурхнулі яе на гэта, як пачуццё даверу прымушае зацкаванага хартамі зайца прыціскацца да ног выпадковага чалавека. У дзяўчыны былі надта добрыя нервы, калі яна вытрымала тут два гады. Я сеў ля каміна і пачаў глядзець у агонь. Так, небяспека была жахлівая. Тры чалавекі супраць усіх гэтых цёмных сіл, супраць невядомага. Хопіць пяшчоты. Яны праязджаюць у парк ля Волатавай прорвы — заўтра ж я зраблю там засаду. Рукі ў мяне дрыжалі: нервы былі напятыя, як струны, і агульны стан не на сабаку. «Можа, паехаць адсюль?» — варухнулася ў душы спозненая думка, водгук той маёй «ночы жаху», і памерла перад напорам безнадзейнасці, жалезнай рашучасці і жадання біцца. Хопіць! Перамога або Волатава прорва — усё адно. Пакінуць? Не, я не мог пакінуць гэты агідны халодны дом, бо тут жыло тое, што я пакахаў. Так, пакахаў. Я не саромеўся гэтага. Да гэтага часу ў мяне, як амаль ва ўсякага здаровага, маральна неразбэшчанага і пазбаўленага залішняй пачуццёвай цягі чалавека, былі да жанчын роўныя сяброўскія адносіны, часам нават не пазбаўленыя нейкай незразумелай агіды. Так яно і павінна быць, пакуль не прыходзіць Сапраўднае. Яно прыйшло. Ісці? Я быў тут, поруч, такі для яе магутны і вялікі (мае ўнутраныя хістанні яе не датычыліся), яна спадзявалася на мяне, яна ўпершыню, напэўна, спала спакойна. Гэты момант, калі я трымаў яе ў абдоймах, вырашыў для мяне ўсё, што хавалася ў маім сэрцы яшчэ з тых часоў, калі яна паўстала ў абарону бедных там, ля верхняга каміна. З якой насалодаю я ўзяў бы яе адсюль, павёз кудысьці далёка, цалаваў гэтыя заплаканыя вочы, маленькія рукі, ахінуў яе, як цёплым, надзейным крылом, дараваў бы свету яго непрытульнасць. Але што я? Як ні жорстка пра гэта падумаць, яна ніколі не будзе маёй. Я — галяк. Яна таксама бедная, але яна з ліку старэйшых родаў, блакітная кроў, гордая слава бясконцых пакаленняў за плячыма. «Гордая слава»? Я ведаў яе зараз, гэтую гордую славу, якая скончылася адзічэннем, але мне ад гэтага не было лягчэй. Я плебей. Не, я буду маўчаць пра гэта. Ніхто ніколі не скажа, што я дзеля карысці ажаніўся з прадстаўніцай даўняга роду, за які, магчыма, паміраў недзе на полі вайны мой просты прашчур. І ніхто не скажа, што я ўзяў яе, скарыстаўшыся з яе бездапаможнасці. Адзінае, што мне дазволена, гэта легчы за яе ў дол, пакласці душу сваю і хоць гэтым трошкі аддзячыць за гэтае ззянне неймавернага шчасця, якое азарыла маю душу ў гэты змрочны вечар ля вялікага непрытульнага каміна. Я дапамагу ёй выратавацца — і гэта ўсё. Я буду верны, назаўжды буду верны гэтай радасці, змешанай з болем, горкай прыгажосці яе вачэй і адплачу ёй дабром за добрыя думкі пра мяне. А пасля — канец. Я пайду назаўжды адсюль, і шляхі радзімы бясконцай істужкай лягуць перада мною, і сонца паўстане ў вясёлкавых колах ад слёз, якія просяцца на веі. РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ Наступнага дня я ішоў са Свеціловічам да невялікага ляснога вострава ля Яноўскай пушчы. Свеціловіч быў вельмі вясёлы, многа разважаў пра каханне наогул і пра сваё каханне ў прыватнасці. І такая чыстая, шчырая душа глядзела з вачэй гэтага хлопца, так наіўна, па-дзіцячы, ён быў закаханы, што я ў думках даў сабе слова ніколі не перабіваць дарогі яго пачуццю, не перашкаджаць яму, ачысціць яму месца ля дзяўчыны, якую кахаў сам. Мы, беларусы, рэдка ўмеем кахаць па-сапраўднаму, не ахвяруючы чымсьці, і я не быў выключэннем з правіла. Звычайна мы мучым тую, якую кахаем, а самі мучымся яшчэ больш ад розных супярэчлівых думак, пытанняў, учынкаў, якія іншымі вельмі лёгка прыводзяцца да аднаго знамянальніка. Свеціловіч атрымаў з губерні ліст, у якім яму пісалі, між іншым, і пра Бермана. — О, Берман… Берман, выяўляецца, добрая цаца! Род ягоны стары, але збяднелы і нейкі дзіўны. Вось тут мне пішуць, што ўсе яны мелі непераможную цягу да самоты і з'едлівасць. Бацька яго страціў маёмасць, была вялізная растрата, і выратаваўся ён толькі тым, што прайграў вялізную суму рэвізору. Маці жыла амаль увесь час пры завешаных вокнах, нават гуляць выходзіла толькі ўначы. Але самая дзіўная асоба — сам Берман. Ён выявіўся выключным знаўцам старажытнай драўлянай скульптуры і шкла. Некалькі год таму здарылася непрыемная гісторыя. Яго паслалі ў Мніхавічы ад гуртка аматараў старажытнасці, на чале якога стаяў граф Тышкевіч. Там, у Мніхавічах, зачынялі стары касцёл, а скульптуру з яго, па чутках, вельмі мастацкую, хацелі адкупіць у прыватны музей Тышкевіча, які ён перадаваў гораду. Берман паехаў, даслаў адтуль статую святога Хрыстафора і ліст, у якім пісаў, што скульптура ў касцёле не мае ніякай мастацкай вартасці. Яму паверылі, але праз некаторы час выпадкова даведаліся, што Берман купіў скульптуру за мізэрныя грошы, купіў у агульнай колькасці ста сямі фігур і спрадаў усё іншаму прыватнаму калекцыянеру, назначыўшы вялікую суму. Адначасова не далічыліся значнай колькасці грошай у казне гуртка аматараў. Бермана ўзяліся шукаць, але ён знік разам з маці і малодшым братам, які выхоўваўся недзе ў прыватным пансіёне і толькі за год да таго прыехаў у горад. Між іншым, гэты брат вызначаўся яшчэ большай нелюдзімасцю. Увесь час ён сядзеў у дальніх пакоях, не выходзячы ні да каго, і толькі раз яго бачылі ў кампаніі Бермана ў клубе, дзе ён здаўся ўсім дрэнна выхаваным для пансіянера. Калі агледзеліся, то выявілася, што дом яны паспелі прадаць і знікнуць невядома куды. Пачалі даведвацца і даведаліся, што і наогул гэтыя Берманы зусім не Берманы, а хто — невядома. — Н-да… — сказаў я. — Не шмат мы даведаліся. Цікавае тут толькі тое, што Берман — злачынец. Але ён абдурыў такога самага драпежніка: не мне яго ганіць за гэта. Ён яшчэ атрымае па заслугах, але гэта пасля. Значна больш цікавае тут другое. Па-першае, куды падзеліся яго маці і брат? Па-другое, хто ён сам, які ў яго сапраўдны твар? Тое, што ён з'явіўся тут, зразумела. Яму трэба было схавацца. А вось хто ён, хто ягоныя сваякі — гэта трэба з'ясаваць. І я гэтым абавязкова зацікаўлюся. А ў мяне, Свеціловіч, амаль ніякіх навін няма, хіба што даведаўся, ды і тое з вуснаў вар'яткі, што выбавіў Рамана ў тую фатальную ноч з хаты Гарабурда. А я нават не запомніў яго пысы, калі ён быў на вечары ў Яноўскіх. — Нічога, яшчэ даведаемся. Мы падышлі да ляска і заглыбіліся ў яго. Гэта быў адзіны з ляскоў у наваколлі, у якім былі пераважна ліставыя пароды. І там, на невялікай галявіне, мы пабачылі Рыгора, які трымаў на каленях доўгую стрэльбу, а спіною прыхіліўся да таўшчэразнага стаўбура-вываратня. Пабачыўшы нас, ён устаў, па-мядзведжы скасавурыўся і зручней узяўся за стрэльбу. — Сцеражыцеся выходзіць на балоты, сцеражыцеся парку і асабліва яго паўдзённай і ўсходняй ускраін, — прамармытаў ён замест прывітання. — Чаму? — спытаў я, пазнаёміўшы яго са Свеціловічам. — А вось чаму, — буркнуў ён. — Гэта не здані. Яны занадта добра ведаюць патаемныя сцежкі праз Волатаву прорву. Вы здзіўляецеся, што яны мчаць без дарогі, а яны проста ведаюць усе сховішчы акругі і ўсе сцежкі да іх, яны карыстаюцца дужа старажытнымі падковамі, якія прыбіты навенькімі гакамі. Што праўда, то праўда, іхнія коні ходзяць, як мядзведзь, спачатку левымі, а пасля правымі нагамі, і крок у іх машысты, шырэйшы, чым у якога іншага каня ў наваколлі. І яны для зданей занадта слабыя. Здань праходзіць паўсюль, а гэтыя толькі праз паваленую агароджу ля прорвы… Што я даведаўся яшчэ: іх было ў мінулы раз не больш як дзесяць чалавек, бо толькі палова коней ідзе так, як ідзе конь, калі ў яго на спіне звычайная чалавечая вага. На астатніх, напэўна, штосьці лягчэйшае. Той, хто мчыць наперадзе, мае гарачы нораў: дзярэ каню рот цуглямі. І яшчэ — адзін з іх нюхае табаку: я знайшоў пыл зялёнай табакі ля месца, дзе яны спыняліся перад апошнім набегам і натапталі шмат слядоў. Месца гэта — вялікі дуб непадалёк ад паваленай агароджы. — Дзе можа быць месца іх збораў? — спытаў я. — Гэта я ведаю зараз добра, — спакойна адказаў Рыгор. — Гэта недзе ў Яноўскай пушчы. Я прасачыў сляды. Вось паглядзіце. — Ён пачаў крэсліць лазінкаю па зямлі: — Вось пушча. Тады, калі быў забіты Раман, сляды зніклі вось тут, амаль ля балота, якое акружае пушчу. Калі яны гналіся за табою, пасля вячэры ў Дубатоўка, сляды зніклі паўночней першага месца, а пасля той гісторыі ля Яноўскага палаца, калі яны наважыліся крычаць, — яшчэ трохі паўночней. Бачыш, шляхі амаль сыходзяцца. — Праўда, — падхапіў я. — І калі іх прадоўжыць, яны сыдуцца ў адным пункце, недзе на балоце. — Я быў там, — скупа, як аб самым звычайным, буркнуў Рыгор. — Балота лічыцца ў тым месцы гіблым, але я пабачыў, што на ім там-сям расце трава сівец. А там, дзе расце сівец, там заўжды зможа паставіць нагу конь паскудніка, калі паскудніку будзе для гэтага пільная патрэба. — Дзе гэта месца? — збялеў раптам Свеціловіч. — Ля Халоднай лагчыны, дзе ляжыць камень, Ведзьмакова ступа. Свеціловіч яшчэ больш збялеў. Нешта хвалявала яго, але ён авалодаў сабою. — Яшчэ што? — спытаў я. — Яшчэ тое, — панура мармытаў Рыгор, — што ты памыляешся, Беларэцкі. Хоць выклікаў тады з хаты Рамана Гарабурда, але ён да дзікага палявання не мае дачынення. У тыя дзве ночы, калі яно з'яўлялася ў апошні раз, Гарабурда сядзеў у сваім берлагу, як хамяк у нары. Я ведаю, яго дом добра пільнавалі. — Але ж ён зацікаўлены ў смерці або вар'яцтве Яноўскай. Яму гэта карысна. Ён прымусіў Кульшаў запрасіць у той вечар Надзею Яноўскую да сябе, ён паслаў да Кульшаў і сваю дачку і затрымаў усіх да ночы. Рыгор задумаўся. Пасля мармытнуў: — Можа, і так. Ты разумны, ты ведаеш. Але Гарабурды там не было, я адкажу галавою. Ён дрэнны яздок. Ён баягуз. І ён увесь час сядзіць у палацы. Але ж ён можа і намовіць на тую агіду кагосьці іншага. Можа, гэта і так. Такі можа. І тут Свеціловіч яшчэ больш збялеў і ўтаропіўся кудысьці вачыма, як быццам абдумваў штосьці важлівае. Я не перашкаджаў яму: захоча — сам скажа. Думаў ён, аднак, нядоўга. — Браты, я, здаецца, ведаю гэтага чалавека. Разумееце, вы наштурхнулі мяне на гэта. Першае: «Ведзьмаковая ступа». Я сёння бачыў там чалавека, вельмі знаёмага мне чалавека, на якога ніколі б не падумаў, і гэта мяне бянтэжыць. Ён быў вельмі стомлены, брудны, ён ішоў да багны. Пабачыў мяне, накіраваўся да мяне: «Што вы тут робіце, пан Свеціловіч?» Я адказаў жартам: «Шукаю ўчарашняга дня». А ён зарагатаў і пытае: «Хіба ўчарашні дзень, хай яго д'ябал, прыходзіць у сённяшні?» А я яму кажу: «Ва ўсіх нас учарашні дзень на шыі вісіць». Ён: «Але ж не прыходзіць?» А я яму: «А дзікае паляванне? З мінулага аж у сёння прыйшло». Той аж у твары змяніўся: «Хай яго ліха… Не памінайце вы яго!» І паехаў ля дрыгвы на поўнач. Я накіраваўся да вас, пан Беларэцкі, а калі азірнуўся, то бачу: ён паехаў назад і ўжо ў лажок спускаецца. Спусціўся і знік. — Хто гэта? — спытаў я. А Свеціловіч усё вагаўся. Пасля ўзняў свае светлыя вочы. — Прабачце, Беларэцкі, прабач, Рыгор, але я не магу пакуль што сказаць. Гэта занадта важліва, а я не пляткар, я не магу так проста ўзваліць такое абвінавачванне на плечы чалавека, які, можа, яшчэ і бязвінны. Вы ведаеце, за такое могуць забіць нават па аднаму падазрэнню. Магу толькі сказаць, што ён быў сярод гасцей у Яноўскіх. Я ўвечары яшчэ падумаю, прыпамятаю гісторыю пра вэксалі і заўтра скажу вам… Я пакуль не магу больш нічога сказаць… — О, вядома. Надзейнае алібі. О, дурні! І якія няпэўныя думкі! — Па аналогіі я прыпомніў і свае няпэўныя думкі пра «рукі», якія павінны былі мне дапамагчы разабрацца ў чымсьці важлівым, але прыдумаць, успомніць не мог і адагнаў надакучлівае слова. Вырашылі, што Рыгор будзе сённяшняй ноччу сядзець у Халоднай лагчыне, адтуль недалёка да хаты, у якой жыў Свеціловіч, яго стары «брат-слуга» і кухарка. У выпадку патрэбы мы зможам яго там адшукаць. — І ўсё ж я не веру, што падпільную іх там пры выхадзе. Свеціловіч іх спудзіў, — сіпавата сказаў Рыгор. — Яны знойдуць іншую дарогу з пушчы на раўніну. — Але іншай дарогі ў парк не знойдуць. Я буду пільнаваць іх ля паваленай агароджы, — вырашыў я. — Аднаму небяспечна, — апусціў вочы Рыгор. — Але ты таксама будзеш адзін. — Я? Ну, няма дурных. Я смелы, але не так, каб адзін супраць дваццацёх. — А я кажу вам, — упарта сказаў я, — што гаспадыня Балотных Ялін не вытрымае, калі і сёння з'явіцца пад мурамі дома дзікае паляванне. Я павінен не пусціць іх у парк сёння, калі яны толькі надумаюць прыйсці. — Я не магу дапамагчы вам сёння, — задумліва прагаварыў Свеціловіч. — Тое, што я сёння павінен знайсці, больш важлівае. Магчыма, сёння дзікае паляванне наогул не з'явіцца. У яго на шляху паўстане перашкода… — Добра, — спыніў яго я даволі суха, — вам трэба было выказаць свае меркаванні, а не загадваць нам загадкі. Я выйду сёння адзін. Яны не чакаюць, я спадзяюся на гэта. І, да таго ж, яны не ведаюць, што ў мяне ёсць зброя. Я двойчы сустракаўся з паляваннем і яшчэ з тым чалавекам, што страляў мне ў спіну. І ніколі не ўжываў яе. Ну што ж, яны пабачаць… Як павольна мы разблытваем гэта! Як ляніва працуюць нашы мазгі! — А гэта лёгка і лагічна разблытваецца толькі ў дрэнных раманах, — буркнуў пакрыўджаны Свеціловіч. — Да таго ж, мы не сышчыкі губернскай паліцыі. І дзякаваць Богу. Рыгор пахмурна калупаў лазінкаю зямлю. — Хопіць, — сказаў ён з уздыхам. — Трэба дзейнічаць. Паскачуць яны ў мяне, дурні… І — прабачце — вы ўсё ж паны, і нам па дарозе толькі зараз, — але, калі мы адшукаем іх, мы, мужыкі, не толькі заб'ём гэтых мярзотнікаў, мы спалім іхняе гняздо, мы зробім жабракамі іхніх нашчадкаў. А магчыма, і нашчадкам іхнім зробім гамон. Свеціловіч засмяяўся: — Мы з Беларэцкім вя-алікія паны. Як кажуць, пан — лазовы жупан, балоневыя лапці. А калі праўду казаць, трэба ўсіх такіх рэзаць разам з панятамі, бо з панят таксама паны некалі вырастаюць. — Калі гэта толькі не сонная мара, гэтае дзікае паляванне. Ну, не было, ніколі не было чалавека, які схаваў бы ад мяне, лепшага паляўнічага, сляды. Здані, здані і ёсць. Мы развіталіся з ім. Я таксама часткова быў згодзен з апошнімі словамі Рыгора. Нешта нечалавечае было ў гэтым паляванні. Гэты нялюдскі крык — такі не мог вылятаць з чалавечых грудзей. Пошчак капытоў, які гучаў толькі часам. Дрыкганты, парода, якая знікла, а калі нават і не знікла, дык хто ў гэтым закутку быў такі багаты, каб купіць іх. І пасля — як растлумачыць крокі ў калідоры? Яны ж неяк павінны быць звязаны з дзікім паляваннем караля Стаха. Хто такая гэта Блакітная Жанчына, якая мараю знікла ў ночы, калі яе двайнік (зусім нясхожы двайнік) мірна спаў у пакоі? І каму належаў той жахлівы твар, які глядзеў на мяне праз акно? Чэрап мой трашчаў. Не, штосьці нялюдскае, злачыннае, страшнае было тут, нейкая сумесь чартаўшчыны з рэальным! Я зірнуў на Свеціловіча, які крочыў поруч са мною, вясёлы і гарэзлівы, як быццам гэтыя пытанні для яго не існавалі. Ранак і на самай справе быў цудоўны: шэранькі дзень, але за хмарамі ўгадвалася блізкае сонца, і кожны жоўты лісцік на дрэвах млеў, здаецца, нават пацягваўся ад насалоды пад цёплай не па-асенняму расяніцай. І нават нейкія птушкі пяшчотна і задумліва спявалі ў хмызах. Праз галявіну далёка пад намі бачна было роўнае займішча, далей — бязмежны абшар карычневых балот, верасовыя пусткі. Балотныя Яліны далёка за імі. І ўсё гэта мела нейкую сумную, не кожнаму зразумелую прыгажосць, якая кожнага сына гэтых панурых мясцін балюча і соладка кранае за сэрца. — Бачыце, асінка выбегла на поле. Чырвоная, засаромелася бедная дзяўчынка, — расчуленым голасам вымавіў Свеціловіч. Ён стаяў над урвішчам, аж падаўшыся наперад. Лёгкі ветрык развяваў яго доўгія прыгожыя валасы. Аскетычны рот стаў мяккім, блукаючая няпэўная ўсмешка была на ім. Вочы глядзелі ўдалячынь, і ўвесь ён здаваўся нейкім лёгкім, імпэтным, імкнучыся ў гэты бедны, дарагі абшар. «Вось так і на крыж ідуць такія, — зноў падумаў я. — Прыгожую галаву пад мярзотную брудную сякеру…» І сапраўды, нейкая прага жыцця і імкнення да самаахвяравання была ў гэтым прыгожым твары, у тонкіх, продкі-паэты сказалі б «лілейных», руках, у стройнай прыгожай шыі, цвёрдых карых вачах з доўгімі вейкамі, але з металічным бляскам углыбіні. — Ах, зямля мая! — уздыхнуў ён. — Дарагая мая, адзіная! Як жа ж ты дрэнна ставішся да тых асінак, якія папярод усіх выбягаюць на поле, на святло. Першай засыпле іх снегам зіма, зламае вецер. Не спяшайся, дурненькая! Куды там! Яна не можа. Я паклаў руку яму на плячо, але хутка зняў яе. Я адчуў, што ён зусім не я, што гэта зараз чалавек, які ляціць, якога няма тут, які нават не саромеецца высокіх слоў, якіх мужчыны звычайна ўнікаюць. — Памятаеце, Беларэцкі, вашу прадмову да «Беларускіх песень, балад і легенд». Я памятаю: «Горка стала беларускаму майму сэрцу, калі пабачыў я такую занядбанасць нашых лепшых, залатых нашых слоў і спраў». Цудоўныя словы, за іх толькі даруюць вам усе грахі. А што ж казаць, калі не толькі беларускае маё, калі чалавечае маё сэрца баліць ад занядбанасці нашай і агульнай, ад болю, ад бяссільных слёз няшчасных матак. Нельга, нельга так жыць, дарагі Беларэцкі. Чалавек добры, а з яго робяць жывёлу. Ніхто, ніхто не хоча даць яму магчымасць быць чалавекам. Відаць, нельга проста крыкнуць: «Абдыміцеся, людзі!» І вось ідуць людзі, на дыбу ідуць. Не дзеля славы, а дзеля таго, каб забіць пакуты сумлення, — як часам ідзе чалавек, не ведаючы дарогі, у пушчу, ратаваць сябра, бо сорамна, сорамна стаяць. Ідуць, блытаюць, гінуць. Ведаюць толькі, што не такім павінен быць чалавек, што нельга яму абяцаць райскую канюшыну, што шчасце яму патрэбна пад гэтымі вось дымнымі столямі. І мужнасць іхняя большая, чым у Хрыста: яны ведаюць, яны не ўваскрэснуць пасля распяцця. Толькі крукі над імі будуць лётаць ды плакаць жанчыны. І, галоўнае, святыя іхнія маці. Ён здаўся мне ў гэтую хвіліну такім прыўкрасным, такім нялюдскім чалавекам, што я з жахам праз завесу будучага прададчуў яго смерць. Такія не жывуць. Дзе гэта будзе? На прэнгу ў катоўні? На шыбеніцы перад народам? У безнадзейнай бойцы інсургентаў з войскам? За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх? У калідорах турмаў, калі ім страляюць у патыліцу, не насмельваючыся зірнуць у вочы? Вочы яго блішчалі. — Каліноўскі ішоў на шыбеніцу. Пяроўскую, жанчыну, на якую глянуць было толькі — і памірай, на эшафот… Гэткую прыгажосць — бруднай шворкай за шыю. Ведаеш, Яноўская на яе трохі падобная. Таму і яе абагаўляю, хоць гэта не тое. А яна шляхцянка была, Значыцца, ёсць выхад і для некаторых з нашых. Толькі па гэтай дарозе, калі не хочаш згнісці жыўцом… Душылі. Думаеш, усіх перадушылі? Расце сіла. З імі хоць рабром на круку вісець, абы не імчала над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха, жах мінулага, апакаліпсіс ягоны, смерць. Вось скончу я толькі гэта і паеду. Скончу хутка, думка ў мяне з'явілася. А там… эх, не магу я тут. Ведаеш, якія ў мяне ёсць сябры, што мы павінны распачаць?! Калаціцца будуць тыя, тлустыя. Не перадушылі. Моцным пажарам пахне. І гады, гады наперадзе! Колькі пакуты, колькі шчасця! Якая залатая, чароўная далячынь, якая будучыня чакае! Слёзы пырснулі з вачэй гэтага чалавека. Я не вытрымаў і кінуўся яму на шыю. Не памятаю, як мы развіталіся. Памятаю толькі, як стройная юнацкая яго постаць вымалявалася на верхавіне кургана. Ён павярнуўся да мяне на хвіліну, махнуў капелюхам, крыкнуў: — Гады наперадзе! Далячынь! Сонца! І знік. Я пайшоў адзін дадому. Я верыў, зараз мне ўсё па плячы. Што змрок Балотных Ялін, калі наперадзе сонца, далячынь і вера? Я верыў, верыў, што ўсё зраблю, што жывы народ, калі ў ім з'яўляюцца часам такія людзі. Дзень быў яшчэ наперадзе, такі вялікі, ззяючы, магутны. Вочы мае глядзелі насустрач яму і сонцу, якое пакуль што хаваецца сярод хмар. РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ У той самы вечар, гадзін каля дзесяці, я ляжаў, схаваўшыся ў здзічэлым невысокім бэзе і высокай траве якраз каля паваленай агароджы. Настрой бясстрашнасці яшчэ непадзельна валодаў мною (ён так і не знік да канца майго прабывання ў Балотных Ялінах). Здавалася, што гэта не маё, любімае мною, хударлявае і моцнае цела могуць дзяўбці крумкачы, а чыёсьці іншае, да якога мне няма ніякай справы. А між тым абставіны былі невясёлыя: і я, і Рыгор, і Свеціловіч торкаліся ў розныя бакі, як кацяняты ў кошыку, і не адкрылі злачынцаў. І месца было невясёлае. І час — таксама. Было амаль зусім цёмна. Над роўнай пахмурай паверхняй прорвы накіпалі нізкія чорныя хмары, бліжэй да ночы абяцалі зліву (восень была наогул дрэнная, змрочная, але з чыстымі буйнымі злівамі, амаль як летам). Ветрык узняўся быў, зашумелі чорна-зялёныя піраміды ялін», але потым зноў сціхнуў. Хмары павольна, вельмі павольна каціліся наперад, нагрувашчваліся над безнадзейным роўным краявідам. Недзе далёка-далёка бліснуў агеньчык і, сарамліва паміргаўшы, згас. І пачуццё самоты ўладна ахапіла сэрца. Я быў чужы тут. Свеціловіч сапраўды варты Надзеі Раманаўны, а я так патрэбны як дзірка ў плоце. Ці доўгі час я так ляжаў, ці не — не скажу. Хмары, даходзячы да мяне, рабіліся радзей, але на даляглядзе грувасціліся новыя. Дзіўны гук уразіў мой слых: недзе далёка і, як мне здалося, у правым баку ад мяне спяваў паляўнічы рог. І хоць я ведаў, што ён гучыць у баку ад шляху дзікага палявання, я мімаволі стаў часцей пазіраць у той край. Непакоіла мяне яшчэ і тое, што на балотах пачалі з'яўляцца там-сям белыя лапікі туманоў. Але тым справа і скончылася. Раптам другі гук даляцеў да мяне, недзе шастаў сухі верас. Я глянуў у той бок, пачаў углядацца да болю ў вачах і нарэшце заўважыў на фоне чорнай істужкі далёкіх лясоў рух нейкіх плям. Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а калі адкрыў іх, пабачыў, што проста перада мною і зусім недалёка вымалёўваюцца на раўніне туманныя сілуэты коннікаў. Зноў, як у той раз, бязгучна ляцелі яны перада мною страшэннымі скачкамі проста ў паветры. І поўнае маўчанне, быццам я аглух, вісела над імі. Вострыя шлыкі, валасы і плашчы, якія луналі ў паветры, дзіды — усё гэта адбілася ў маёй памяці. Я пачаў паўзці бліжэй да цаглянага падмурка агароджы. Паляванне разгарнулася, пасля сабралася ў натоўп, бязладны і імклівы, і пачало заварочваць. Я дастаў з кішэні рэвальвер. Іх было мала, іх было менш, як заўсёды, — коннікаў восем. Куды ж ты падзеў астатніх, кароль Стах? Куды яшчэ даслаў? Я паклаў рэвальвер на сагнуты локаць левай рукі і стрэліў. Я добры стралок і трапляў у цэль нават амаль у поўнай цемры, але тут здарылася дзіўнае: коннікі скакалі далей. Я прыкмеціў задняга — высокага прывіднага мужчыну, — стрэліў: хоць бы хто пахіснуўся. Але дзікае паляванне, як быццам жадаючы даказаць мне сваю прывіднасць, развярнулася і скакала бокам да мяне, недасяжнае для маіх стрэлаў. Я пачаў адпаўзаць задам да хмызоў і толькі паспеў наблізіцца да іх, як хтосьці скокнуў на мяне з-за хмызоў і жахлівым цяжарам прыціснуў да зямлі. Апошняе паветра вырвалася з маіх грудзей, я нават вохнуў. І адразу зразумеў, што гэта чалавек, з якім мне не выпадае цягацца па вазе і сіле. А ён спрабаваў круціць мне назад рукі і свісцячым шэптам сіпеў: — С-стой, ч-чорт, ч-чакай… Не ўц-цячэш, бан-дзюк, заб-бойца… Тр-рымайся, няўдалы… Я зразумеў, што, калі не ўжыву ўвесь свой спрыт, я загіну. Памятаю толькі, што з жалем сачыў за прывідным паляваннем, у якое я страляў і якому ані на волас не пашкодзіў. У наступны момант я, адчуваючы, што рука яго крадзецца да маёй глоткі, старажытным прыёмам падбіў яго руку, і нешта цёплае палілося на мой твар: ён уласнай рукою разбіў сабе нос. Пасля гэтага я, схапіўшы яго руку, пакаціўся па зямлі, заламіўшы яе пад сябе. Ён войкнуў, і я зразумеў, што і наступны мой ход меў поспех. Але адразу за тым я атрымаў такі ўдар між броваў, што балоты закруціліся перада мною. Шчасце, што я інстынктыўна паспеў напружыць мускулы жывата, і апошні ўдар, пад дыхала, не ўчыніў мне шкоды. Рукі, валасатыя, навобмацак, цягнуліся ўжо да маёй глоткі, калі я прыпомніў параду майго дзеда супраць мацнейшага праціўніка. Неймаверным выкрутам я павярнуўся на спіну, паддаў рукою цяжкі жывот невядомага і сукуў яго каленам, маім вострым і жорсткім каленам, у прычыннае месца. Ён інстынктыўна падаўся на мяне тварам і грудзьмі, і тады я, сабраўшы апошнія сілы, каленам і рукамі, выцягнутымі далей ад галавы, паддаў яго ў паветра. Гэта, напэўна, атрымалася нават занадта моцна: ён пераляцеў цераз галаву, зрабіў паўкруг у паветры і гэпнуўся ўсім цяжкім — ох, якім цяжкім! — целам аб зямлю. Адначасова я страціў прытомнасць. …Калі я ачуняў, я адразу пачуў, што недзе за маёй галавою хтось стогне. Ён не мог яшчэ ўзняцца, а я з вялікім намаганнем ужо спрабаваў стаць на ногі. Я вырашыў сунуць яго нагою пад сэрца, пазбавіць дыхання, але пакуль што ўгледзеўся ў балота, дзе знікла дзікае паляванне. І раптам пачуў вельмі знаёмы голас таго, хто крахтаў: — Ах, чорт, які гэта тут ёлуп! Якая падла! Балеснічкі нашы святыя! Я зарагатаў. Той самы голас адазваўся: — Гэта вы, пане Беларэцкі! Наўрад ці з гэтага дня я змагу быць жаданым госцем у жанчын. Во-ох! Ах, каб вас, каб! Крычалі б, што гэта вы. Чаго паўзлі ад агароджы?! Толькі ў памылку ўвялі. А гэтыя чэрці зараз унь дзе, каб вас ліха… прабачце. — Пане Дубатоўк! — зарагатаў я з палёгкаю. — Каб вас, пан Беларэцкі, халера ўхапіла… во-ох… прабачце. — Вялізны цень сеў, трымаючыся за жывот. — А гэта я пільнаваў. Занепакоіўся. Дайшлі да мяне чуткі, што дрэннае нешта робіцца з маёй доняй. В-ох! І ты таксама вартаваў? А каб цябе пярун шаснуў на божае нараджэнне!… Я падняў з зямлі рэвальвер. — І чаго вы так на мяне, пане Дубатоўк? — А чорт яго ведае! Паўзе нейкая гліста, дык я вось і схапіў. Балеснічкі нашы! Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым, як жа ж ты, падла, балюча б'ешся. Выявілася, што дзед і без нашых папярэджанняў даведаўся пра наведванні дзікага палявання і вырашыў падпільнаваць яго, «калі маладыя ўжо такія захэканцы і бабздыры, што не могуць абараніць жанчыны». Канец гэтай прыкрай сустрэчы вы ўжо назіралі. Ледзь стрымліваючы рогат, які мог здацца непачцівым, я пасадзіў стогнучага Дубатоўка на яго дрэннага коніка, які чакаў непадалёк. Ён узлез на яго, стогнучы і кленучы свет, сеў бокам, буркнуў нешта накшталт «д'ябал пацягнуў са зданямі змагацца — нарваўся на дурня з вострымі каленямі» і паехаў. Ягоны прыгнечаны твар, уся яго скасавураная постаць былі такія жаласныя, што я ледзь не пырскаў. А пасля ён паехаў у напрамку да сваёй хаты, стогнучы і праклінаючы ўсіх маіх сваякоў да дваццатага калена. Ён знік у цемры, і тут невытлумачальная трывога кальнула ў маё сэрца. Гэта ў падсвядомасці варушылася нейкая жахлівая думка, рыхтуючыся з'явіцца на свет божы. «Рукі?» Не, я так і не мог прыпамятаць, чаму хвалюе мяне гэта слова. Тут было нешта другое… Ага, чаму іх так мала? Чаму толькі восем прывідных коннікаў з'явілася сёння ля паваленай агароджы? Куды падзеліся астатнія? І раптам дзікая трывожная думка выплыла проста на язык: «Свеціловіч. Яго сустрэча з чалавекам у Халоднай лагчыне. Яго дурны жарт пра дзікае паляванне, які можна было зразумець так, быццам у яго ёсць нейкія цвёрдыя падазрэнні, што ён выкрыў удзельнікаў гэтай справы. Божа! Калі гэты чалавек сапраўды бандзюк, ён немінуча зробіць спробу забіць Свеціловіча сёння ж. Таму іх і мала! Напэўна, другая палова накіравалася да майго новага друга, а гэтыя — да Балотных Ялін. Можа, яны і размову нашу бачылі, мы ж, як дурні, стаялі сёння над урвішчам. Ох, якую памылку, калі ўсё гэта так, зрабіў ты, Андрэй Свеціловіч, не расказаўшы нам, хто быў гэты чалавек!» Я разумеў, трэба спяшацца, трэба спяшацца так, як ніколі ў жыцці. Можа, я яшчэ паспею. Поспех нашай справы і жыццё добрай юнацкай душы залежалі ад хуткасці маіх ног. І я пабег так, як не бегаў нават у тую ноч, калі за мною гналася дзікае паляванне караля Стаха. Я ўзяў нацянькі праз парк, пералез у адным месцы праз агароджу і прыпусціўся бегчы да хаты Свеціловіча. Я не ляцеў як шалёны, я добра ведаў, што мяне не выстачыць на ўсю дарогу, а таму бег размерана, прыціснуўшы локці да бакоў. Трыста крокаў бягом, як толькі магчыма, хутка, пяцьдзесят крокаў хуткай хадою — так я вырашыў. І я прытрымліваўся гэтага, хоць сэрца маё пасля першых дзвюх вёрст здатна было выскачыць з грудзей. Пасля пайшло лягчэй, я бег і ішоў амаль машынальна і толькі павялічыў норму бегу на чатырыста крокаў. Шлёп-шлёп-шлёп — і так чатырыста разоў, топ-топ — пяцьдзесят разоў. Туманныя, амаль не заўважаныя мной, праплывалі міма самотныя яліны і верас; у грудзях балюча пякло; свядомасць амаль не працавала. Пад канец я лічыў крокі машынальна. Я так стаміўся, што з радасцю лёг бы на зямлю або хоць павялічыў колькасць такіх спакойных і прыемных крокаў на два. Але я сумленна змагаўся са спакусаю. Так я прыбег да Свеціловічавай хаціны, маленькага пабеленага будыначка ў чэзлым садзіку. Проста па пустых градах, душачы там-сям апошнія капусныя качаны, я памчаў да ганка, упрыгожанага чатырма драўлянымі калонамі, і пачаў барабаніць у дзверы. Спакойны агеньчык у крайнім акне замігцеў, пасля старэчы голас спытаў з-за дзвярэй: — Каго гэта тут носіць? Гэта быў стары дзед, былы «дзядзька», які жыў разам са Свеціловічам. — Адчыні, Кандрат. Гэта я, Беларэцкі. — А Божа ж мой! А што здарылася? Чаго так захэкаліся? Дзверы адчыніліся. Кандрат у доўгай кашулі і валёнках стаяў перада мною, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, а ў другой — свечку. — Пан дома? — ліхаманкава спытаў я. — Н-няма, — спакойна адказаў ён. — А куды пайшоў? — А скуль мне ведаць? Хіба ён дзіцёнак, пане, каб казаць, куды ідзе. — Вядзі ў пакой, — грымнуў я, знерваваны гэтай халоднай непарушальнасцю. — Нашто? — Можа, ён пакінуў нейкую запіску. Мы ўвайшлі ў пакой Свеціловіча. Аскетычны ложак пад шэрай коўдраю, вымытая да жаўцізны і нацёртая воскам падлога, кілім на ёй. На простым сасновым стале некалькі тоўстых кніг, паперы, раскіданыя пер'і. На сцяне партрэты: гравіраваны — Марата ў ванне, паражонага кінжалам, алоўкам — Каліноўскага. На другой сцяне карыкатура: Мураўёў з бізуном у руцэ стаіць на кучы чарапоў. Яго бульдожы твар грозны. Каткоў, нізка схіліўшыся, ліжа яму зад. Я пераварушыў на стале ўсе паперы, але ў запале нічога не адшукаў, акрамя аркуша, на якім рукою Свеціловіча было напісана: «Няўжо ён?» Я хапіў пляцёнку для папер і высыпаў яе на падлогу: там нічога цікавага, толькі канверт з шурпатай паперы, на якім лёкайскім почыркам было напісана: «Андрусю Свеціловічу». — Былі сёння пану якія лісты? — спытаў я ў конча здзіўленага Кандрата. — Быў адзін, я знайшоў яго пад дзвярыма, калі вярнуўся з агародчыка. І аддаў, вядома. — Ён быў не ў гэтым канверце? — Чакайце… Ну, вядома, так. — А дзе сам ліст? — Ліст? Д'ябал яго ведае. Хіба, можа, у печцы? Я кінуўся да печкі, адчыніў дзверцы — адтуль шыбанула не вельмі гарачым духам. Я пабачыў ля самых дзверцаў маленькі лапік белай паперы. Схапіў яго — почырк быў той самы, што на канверце. — Шчасце тваё, чортава душа, — вылаяўся я, — што ты рана вытапіў печку. Але гэта было яшчэ не зусім шчасцем. Паперка была складзена ўдвая, і той яе бок, што быў бліжэй да жарынак, зараз ужо ўкрытых шэрым попелам, стаў зусім карычневым. Літар там нельга было разабраць. «Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем… ха… Надзеі Раманаўне небяспека… мая до… (тут быў выпалены асабліва вялікі кавалак) …кутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім. Ён згодзен… пайшоў у павет… Дрыкганты — гало… ка… Калі атрымаеш ліст — адразу прыходзь да… ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць… ічкі на… што гэта коіцца на зя… Прыходзь неадменна. Ліст спалі, бо мне асабліва небяспеч… Тв… ся… Над імі таксама жахлівая небяспека, якую можаш папярэдзіць толькі ты… (зноў выпалена многа) …одзь. Твой добразычлівы Лікол…» Справа была яснай: хтосьці прыслаў ліст, каб выбавіць Свеціловіча з хаты. Ён паверыў. Відаць, той, хто пісаў, быў яму добра знаёмы. Тут замыслілі нешта езуіцкі вытанчанае. Каб ён не пайшоў да мяне, напісалі, што размаўлялі са мною, што я пабег у павет, што я буду чакаць яго недзе «…ніны, дзе тры асобныя хвоі». Што гэта за «…ніны»? Да лагчыны? Да раўніны? Марудзіць не было калі. — Кандрат, дзе тут непадалёк на раўніне тры асобныя хвоі? — Ляд яго ведае, — задумаўся ён. — Хіба што толькі ля Волатавай прорвы. Там стаяць тры вялізныя хвоі. Гэта там, дзе коні караля Стаха, — кажуць людзі, — ускочылі ў дрыгву. А што такое? — А тое, што над панам Андрэем жахлівая небяспека… Даўно ён пайшоў? — Ды не, напэўна, гадзіну таму. Я выцягнуў яго на ганак, і ён, ледзь не плачучы, паказаў мне шлях да трох хвой. Я загадаў яму заставацца тут, а сам пабег. Я не ішоў на гэты раз, перамяжаючы бег. Я ляцеў, я імчаў, я выкладваў апошнія сілы, як быццам хацеў там, ля трох хвой, упасці мёртвым. На хаду я скінуў куртку, шапку, выкінуў з кішэняў залаты партабак і кішэнькавае выданне Дантэ, якое заўсёды насіў з сабою. Бегчы стала трохі лягчэй. Я скінуў бы нават боты, каб для гэтага не трэба было затрымацца. Гэта быў шалёны бег. Па маіх разліках, я павінен быў дабегчы да хвой хвілін на дваццаць пазней друга. Жах, адчай, нянавісць надавалі мне сілы. Вецер, які ўзняўся раптам, падштурхваў у спіну. Я не заўважаў, што хмары нарэшце заснавалі ўсё неба, што нешта цяжкае, давячае навісла над зямлёю: я — імчаў… Тры вялізныя хвоі ўжо вымалёўваліся над чэзлымі хмызамі, а над імі была такая цемра, такое змрочнае неба… Я рынуўся ў хмызы, ламаючы іх нагамі. І тут… здалёк прагучаў стрэл старажытнага пулгака. Я крыкнуў дзікім голасам, і, як быццам у адказ на мой крык, цішыню ночы раздзёр шалёны тупат конскіх капытоў. Я выскачыў на паляну і пабачыў далёка цені дзесяці коннікаў, якія на поўным намёце паварочвалі ў хмызы. А пад соснамі я пабачыў чалавечую постаць, якая павольна, вельмі павольна асядала на зямлю. Пакуль я дабег туды, чалавек упаў дагары тварам і шырока раскінуўшы рукі, як быццам жадаў целам сваім прыкрыць сваю зямлю ад куль. Я паспеў яшчэ стрэліць некалькі разоў у бок уцякаючых коннікаў, мне здалося нават, што адзін з іх пахіснуўся ў сядле, але адразу за гэтым выбух нечаканага гора зваліў мяне на калені поруч з ляжачым чалавекам. — Брат! Брат мой! Брат! Ён ляжаў перада мною зусім як жывы, і толькі маленькая ранка, з якой амаль не цякла кроў, гаварыла мне жорсткую непапраўную праўду. Куля прабіла скронь і выйшла ў патыліцу. Я глядзеў на яго, на гэта бязлітасна загубленае маладое жыццё, я ўчапіўся ў яго рукамі, зваў, тармасіў і выў, як воўк, як быццам гэта магло дапамагчы. Пасля сеў, узяў яго галаву на калені і пачаў гладзіць валасы. — Андрусь! Андрусь! Прачніся! Прачніся, дарагі! Мёртвы, ён быў прыгожы нейкай вышэйшай, нечалавечай, прыгажосцю. Твар закінуты, галава павісла, і стройная шыя, як выразьбленая з белага мармуру, ляжала на маім калене. Доўгія светлыя валасы пераблыталіся з сухой жоўтай травою, і яна лашчыла іх. Рот усміхаўся, быццам смерць прынесла яму нейкую разгадку жыцця, вочы былі мірна закрыты, і доўгія веі зацянялі іх. Рукі, такія прыгожыя і моцныя, што жанчыны маглі б цалаваць іх у хвіліну шчасця, ляжалі ўздоўж цела, як быццам адпачывалі. Як скарбячая маці, сядзеў я, паклаўшы на калені сына, які прайшоў пакуты на крыжы. Я выў над імі і кляў Бога, бязлітаснага да свайго народа, да лепшых яго сыноў. — Божа! Божа! Усемагутны, усяведны! Каб ты знік, адступнік, які прадаў свой народ. Нешта бабухнула нада мною, і ў наступны момант цэлы акіян вады, жахлівая зліва абурылася на балоты і пусткі, на загублены ў лясах край. Стагналі пад ім яліны, прыгіналіся да зямлі. Ён біў мне ў спіну, якою я закрыў твар мёртвага, выў, наўскос, парывамі паласаваў зямлю. Я сядзеў, як звар'яцелы, не заўважаючы нічога. Словы лепшага чалавека, якія я чуў некалькі гадзін таму, гучалі ў маіх вушах. «Сэрца маё баліць… ідуць, гінуць, блытаюць, бо сорамна стаяць… і не ўваскрэснуць пасля распяцця… Але, думаеш, усіх перадушылі? Гады, гады наперадзе! Якая залатая, якая чароўная далячынь, якая будучыня чакае!… Сонца!» Я застагнаў. Сонца закацілася за хмары, будучыня, забітая і халадзеючая пад дажджом, ляжыць тут, на маіх каленях. Я плакаў, дождж заліваў мае вочы, ліўся ў рот. А рукі мае ўсё гладзілі гэту залатую юнацкую галаву. — Радзіма мая! Гаротная маці! Плач! РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ Крукі здалёк чуюць мёртвага. Наступнага дня з'явіўся ў яноўскае наваколле станавы прыстаў, вусаты і вельмі прыгожы мужчына. Ён з'явіўся без доктара, агледзеў месца забойства, сказаў важка, што слядоў ніякіх знайсці нельга з-за злівы (Рыгор, ходзячы за ім, толькі ўсміхнуўся горка ў вусы), пасля агледзеў цела забітага, пакруціўшы белымі пульхнымі пальцамі яго галаву, і пасля сказаў: — Н-ну і пеканулі!… Адразу лёг. Пасля ён закусваў і піў гарэлку ў дальнім пакоі хаты Свеціловіча, непадалёк ад залы, дзе ляжаў на стале нябожчык і дзе ягоны дзядзька захлынаўся ад слёз, а я сядзеў, літаральна прыбіты горам і дакорамі сумлення. Для мяне нічога не існавала ў тыя хвіліны, акрамя тонкай свечкі, якую трымаў у тонкіх прыгожых руках Андрэй: яна клала ружовыя водбліскі на белую, з карункамі на грудзях, кашулю, якую дзядзька выцягнуў з куфра. Але ж трэба было мне даведацца, што думаюць улады пра гэта забойства і што яны думаюць рабіць. — Нічога, на жаль, нічога, — адказаў прыемным пераліўчатым голасам станавы, гуляючы чорнымі аксамітнымі бровамі. — Гэта дзікі кут — і расследаванне тут немагчыма. Я разумею вашу высакародную тугу… Але што тут магчыма зрабіць? Тут некалькі год таму была сапраўдная вендэта (ён вымаўляў «вандэта», і, відаць, гэта слова вельмі яму падабалася). І што мы маглі зрабіць? Такі ўжо звычай. Напрыклад, мы таксама маглі б прыцягнуць да адказнасці вас, бо вы, як самі кажаце, ужывалі зброю супраць гэтых… м-м… паляўнічых. Мы не зробім гэтага. І што нам да гэтага? Магчыма, гэта было забойства з-за прыгожага полу. Кажуць, што ён быў закаханы ў гэтую (ён сыта варухнуў бровамі)…у гаспадыню Балотных Ялін. Нічога сабе… А можа, гэта і наогул было самагубства? Нябожчык быў «меланхолік», х-хе, пакутнік за народ. — Але ж я сам бачыў дзікае паляванне. Твар станавога пачырванеў. — Дазвольце мне не паверыць. Казкі аджылі-с. Мне здаецца, што наогул ваша знаёмства і з ім трошкі… М-м… п-падазронае. Я не хачу наводзіць на вас цень, але… вельмі падазроным з'яўляецца таксама тое, што вы так упарта імкнецеся звараціць увагу следства на другіх, на нейкае дзікае паляванне. Я выцягнуў з запісной кніжкі закалены аркушык паперы: — У мяне ёсць дакумент, што яго выбавілі з хаты. Твар станавога зусім пачырванеў, вочы забегалі. — Які дакумент? — жадобна спытаў ён, і рука яго працягнулася да мяне. — Вы павінны перадаць яго следству, і, калі пабачаць, што ён чагосьці варты, яго падшыюць да справы. Я схаваў аркушык, такімі няпэўнымі здаліся мне яго вочы і гэтая сквапная працягнутая рука. — Я сам перадам яго, калі і каму палічу патрэбным. — Ну што ж, — станавы праглынуў нешта, — ваша справа-с, шаноўны. Але я параіў бы вам не дражніць гусей. Тут варварскае насельніцтва (і ён шматзначна паглядзеў на мяне), могуць і забіць. — Я гэтага не вельмі баюся. Скажу толькі, што, калі паліцыя займаецца замест прамых спраў разважаннямі, самі грамадзяне павінны абараняць сябе. А калі выканаўчыя ўлады прыкладваюць усе намаганні, каб толькі замяць справу, — гэта пахне вельмі непрыемна і штурхае людзей на самыя нечаканыя думкі. — Гэта што, — бровы станавога карцінна папаўзлі некуды да валос, — абраза ўлад? — Крый мяне Божа! Але гэта дае мне права даць копію з гэтага ліста некуды ў губерню. — Справа вашая, — станавы пакалупаў у зубах. — Але паслухайце, дарагі пан Беларэцкі. Трэба прымірыцца. Наўрад ці нават у губерні будзе прыемна начальству, калі яно даведаецца, што вучоны так абараняе былога крамольніка. Ён галантна, грудным барытонам, умаўляў мяне. Бацька не мог бы быць такім уважлівым да сына. — Чакайце, — спытаў я, — у нас што, ёсць закон, па якому лібералы аб'яўляюцца па-за законам, агалошваюцца парыямі? Мярзотнік можа іх забіць і не несці адказнасці? — Не перабольшвайце, дарагі Беларэцкі, — з пыхатай самазадаволенасцю сказаў прыгажун, — вы схільны перабольшваць жахі ў жыцці. Гэты неразумны хрэн (іншага слова я не магу падабраць) лічыў, напэўна, што смерць чалавека — «перабольшванне жахаў». — А я вам кажу, — сказаў я з залпам, — што справу трэба перадаваць у суд, распачаць судовае даследаванне. Тут — злосная задума. Людзей тут робяць вар'ятамі, і, вядома, з намерамі. На ўсю ваколіцу яны наводзяць жах, тэрарызуюць народ, забіваюць людзей. На твары станавога блукала памяркоўная ўсмешка, ён прыхлёбваў чаёк. — Не вар-та, не варта так, дарагі пане. Народ ад гэтага цішэе. Забіты быў, па чутках, не вольны ад Бахусавай забавы. І, наогул, такім небяспечна выказваць яўнае спачуванне. Палітычна ненадзейны, не варты даверу, нядобранамерны, амаральны, не спрыяючы добрым норавам і… яўны сепаратыст, мужычы жаласнік, так бы мовіць, рыдалец над малодшым братам. Я быў раз'юшаны, але пакуль што стрымліваўся. Мне не выпадала сварыцца яшчэ і з паліцыяй. — Вы не жадаеце ўмешвацца ў справу па забойству шляхціца Свеціловіча… — Крый Божа, крый Божа! — перабіў ён мяне. — Мы проста сумняваемся, ці ўдасца нам яе разблытаць, і не можам прымушаць нашага следчага прыкласці ўсе сілы для вырашэння справы аб чалавеку, які ўсім сумленным, сапраўдным сынам нашай вялікай радзімы быў глыбока антыпатычны накіраваннем сваіх думак. І ён з чароўнай ветлівасцю зрабіў далонню жэст у паветры. — Добра. Калі імперскі расейскі суд не хоча прымушаць следчага па справе аб забойстве шляхціца Свеціловіча, дык, можа, ён захоча прымусіць следчага разблытаць справу пра замах на розум і самаё жыццё Надзеі Яноўскай, гаспадыні Балотных Ялін? Ён здагадліва паглядзеў на мяне, паружавеў ад нейкай прыемнай думкі, плямкнуў некалькі разоў поўнымі, чырвонымі, вільготнымі вуснамі і спытаў: — А вы што тут так за яе распінаецеся? Напэўна, самі скарыстацца вырашылі. Га? Што ж, ухваляю: у ложку яна, напэўна, гучыць нядрэнна. Кроў кінулася мне ў твар, ноздры раздуліся. Абраза няшчаснаму другу, абраза каханай, якую я нават у думках не мог назваць сваёй, зліліся ў адно. Не памятаю, што тут было далей, як апынуўся ў маёй руцэ нейкі карбач. Я прасвісцеў глоткай: — Ты… ты… гніда. І пасля з маху аперазаў яго карбачом па ружова-смаглым твары. Я чакаў, што ён адразу выхапіць рэвальвер і заб'е мяне. Але гэты здаровы мужчына толькі войкаў. Я стукнуў яго яшчэ раз па твары і пасля гідліва адкінуў карбач. Ён выбег з пакоя, пачвалаў ад мяне з нечаканай хуткасцю і толькі сажняў праз дзвесце падаў голас, закрычаў: «Гвалт!» Рыгор, калі даведаўся пра гэту справу, не ўхваліў мяне, сказаў, што я сапсаваў усё, што праз дзень мяне, напэўна, выклічуць у павет і, магчыма, дадуць тыдзень або вышлюць за павятовыя межы, а я патрэбен тут, бо пачынаюцца самыя цёмныя ночы. Але я не шкадаваў. Уся нянавісць мая вылілася ў гэты ўдар. І няхай павятовыя ўлады пальцам аб палец не стукнуць, каб дапамагчы мне, але затое цяпер я добра ведаю, хто мой друг, а хто вораг. Астатнія падзеі гэтага і наступнага дня вельмі смутна адлюстраваліся ў маёй памяці. Горка, узахлёб, плакаў над нябожчыкам стары добры Дубатоўк, які ледзь рухаўся яшчэ ад майго пачастунку; стаяла над труной бледная Надзея Раманаўна, захутаная ў чорную мантылью, такая сумная і прыгожая, такая чыстая. Пасля, як у сне, запомніў я хаўтурнае шэсце. Я вёў пад руку Яноўскую і бачыў, як на фоне шэрага асенняга неба ішлі людзі без шапак, як скарлючаныя бярозкі кідалі ім пад ногі жоўтае мёртвае лісце. Твар забітага, прыгожы і сумны, плыў над плячыма людзей. Бабы, мужыкі, макраносыя дзеці, дзяды ішлі за труною, і ціхае рыданне гучала ў паветры. Рыгор наперадзе нёс на спіне вялізны дубовы крыж. І ўсё галасней і галасней плыло над галовамі людзей, над мокрай глейкай галошанне баб-лямантух: — А і на каго ж ты нас пакінуў?! А і чаго ж ты заснуў, радзімец?! А чаго ж твае вочы ясныя закрыліся, ручкі белыя склаліся? А хто ж нас абароніць ад судзей няправедных?! А паны ж кругом нелітасцівы, а агнусека ж на іхняй шыі няма! А галубочак ты наш, а куды ж ты ад нас адляцеў, а чаго ж ты пакінуў бедных дзетачак? А хіба ж вакол нявест няма, што з зямелькаю ты абвянчаўся, саколік?! А што ж гэта ты за хатачку абраў?! А ні вокан жа ў ён, ні дзвярэй! А не небачка ж вольнае над вільчыкам — сырая зямля!!! А не жоначка ж пад бокам — дошка халодная! А ні сяброўкі ж там, а ні каханачкі! А хто ж цябе ў вусны пацалуе?! А і хто ж табе галоўку пачэша?! А і чаго ж гэта прымерклі агеньчыкі?! А і чаго ж гэта яліны зажурыліся?! То не жонка твая плача, каханая! Не яна ж гэта плача прад вяселліцам! А то ж плачуць над табою людзі добрыя! То не зорачка ў небе засвяцілася! То затлела ў ручках свечачка васковая! Труна плыла над сапраўднымі чалавечымі рыданнямі, якіх не купіш нават у прафесіянальных лямантух. І вось глыбокі дол. Калі развітваліся, Яноўская ўпала на калені і пацалавала руку чалавека, які загінуў за яе. Я ледзь адарваў яе, калі труну сталі спушчаць у яму. У гэты самы час дзесяткі тры сялян падцягнулі на палазах вялізны шэры камень і пачалі ўсцягваць яго на горб, дзе была выкапана самотная магіла. Крыж быў выбіты на камені і яшчэ імя і прозвішча — каравымі няўмелымі літарамі. Загрукаталі аб вечка труны камякі зямлі, хаваючы ад мяне дарагі твар. Пасля на зраўнанае месца паставілі вялізны шэры камень. Рыгор і яшчэ пяцёра сялян ўзялі старыя стрэльбы і раз-поразу пачалі страляць у раўнадушнае нізкае неба. Апошні з Свеціловічаў-Яноўскіх адплываў у нязнаны шлях. — Хутка і са мною так, — шапнула мне Яноўская. — Хоць бы хутчэй. Грукаталі стрэлы. Закамянеласць ляжала на тварах людзей. Потым, паводле старажытнага шляхецкага звычаю, молатам быў раструшчаны аб надгробны камень радавы герб. Род застаўся без нашчадка. Вымер. РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ Я адчуваў, што звар'яцею, калі не буду займацца росшукамі, калі не знайду хутка вінаватых і не пакараю іх. Калі няма Бога, калі няма справядлівасці ў начальнікаў — я буду сам і богам і суддзёю. І, дальбог, пекла ўздрыганецца, калі яны трапяць мне ў рукі: жылы буду цягнуць з жывых. Ад Рыгора я даведаўся, што яго знаёмыя шукаюць у пушчы, што ён сам добра абшукаў месца забойства і даведаўся, што чакаў Свеціловіча худы высокі чалавек, які скурыў пад хвоямі, чакаючы, папяросу. Акрамя таго, ён, адшукаў папяровы клак, які вылецеў са стрэльбы забойцы, а таксама кулю, якой быў забіты мой друг. Калі я разгарнуў клак, пераканаўся, што гэта кавалак паперы, занадта моцнай для газеты: хутчэй за ўсё ўрывак ад аркуша нейкага часопіса. Я заўважыў словы: «За кожным з іх ёсць нейкая правіна, калі іх вядуць на страту… Ваша сіяцельства, вы забылі пра страчанага на крыжы… Прабачце, Бог адняў у мяне розум…» Чымсьці вельмі знаёмым павеяла на мяне ад гэтых слоў. Дзе я мог чытаць нешта падобнае?! І раптам я ўспомніў: гэта была надзіва смелая водпаведзь доктара Гааза, здаецца, Мураўёву, пасля якой нават гэты шалёны бульдог адчуў сябе ніякавата. Гааз пратэставаў супраць частых пакаранняў смерцю ў Вільне. Мураўёў рэзка абарваў яго, заўважыўшы, што калі чалавека вядуць на страту, дык за ім абавязкова павінна быць нейкая правіна. Тут Гааз сказаў свае словы пра Хрыста, і нават Мураўёў трохі засаромеўся, калі наогул такое пачуццё зразумелае несусветным мярзотнікам. Я нават прыпомніў, дзе я чытаў пра гэта: у часопісе «Паўночна-Заходняя старасветчына». Калі я спытаў у Яноўскай, хто яго выпісвае тут, яна абыякава адказала, што акрамя іх — ніхто. І вось тут мяне чакаў удар: у бібліятэцы я высветліў, што ў гэтым нумары часопіса не хапае некалькіх старонак і, між іншым, патрэбнай мне. Я аж пахаладзеў: справа выяўлялася больш сур'ёзнай, натхніцель дзікага палявання быў тут, у палацы. І хто гэта быў? Не я, і не Яноўская, і не дурная ахмістрыня, якая кожны дзень плакала, пабачыўшы гаспадыню, і, відаць было, раскайвалася ва ўсім. Значыцца, толькі Берман-Гацэвіч. Гэта было цалкам лагічна: ён — былы злачынец, ён — абазнаны ў гісторыі чалавек. Магчыма, гэта ён страляў у мяне, забіў Свеціловіча і выдраў аркуш з часопіса. Незразумела было толькі, чаму ён пераконваў мяне ў тым, што сур'ёзная небяспека менавіта ў дзікім паляванні, а не ў Малым Чалавеку? І яшчэ ў тым, што ён не мог забіць Рамана, бо не ён запрасіў Надзею да Кульшаў і быў дома пад час забойства. Але хіба Свеціловіч у апошні дзень не казаў, што гэта блізкі чалавек, які быў на бале ў Яноўскіх? Хіба ён не казаў, што на яго нельга нават падумаць?І ён жа ж так спалохаўся, калі я зайшоў да яго, гэты Берман! І хіба ён не мог быць проста натхняльнікам гэтай мярзоты? Праўда, невядома ў гэтым выпадку, як можна растлумачыць існаванне Блакітнай Жанчыны? Але гэта наогул самы цёмны факт з усёй гэтай гісторыі. І, галоўнае, незразумела было, якая Берману ў гэтым выгада? Але такі вырадак пекла можа нешта прыдумаць. Я ўзяў у Яноўскай асабісты архіў Рамана і прагледзеў матэрыялы яго апошніх дзён. Нічога суцяшальнага, хіба толькі запіс, што Берман пачынае яму не падабацца, знікае кудысь з хаты, занадта цікавіцца генеалогіяй Яноўскіх, разглядае старыя планы палаца. Гэта быў ужо знамянальны факт! Чаму не выказаць меркаванне, што і ў з'яўленні Малога Чалавека, праўдзівей казаць, яго крокаў, вінен таксама Берман. Мог жа ж ён адкапаць старыя планы, скарыстацца нейкай акустычнай таямніцай палаца і кожную ноч пужаць людзей крокамі. Я паразмаўляў з Рыгорам, і той сказаў, што гэта цалкам магчыма, абяцаў нават дапамагчы, бо ягоныя дзядзька і дзед былі мулярамі Яноўскіх яшчэ пры прыгоне. — Хаваецца недзе тут, зладзюга, але хто ён, дзе хады ў сценах, як ён трапляе туды — невядома, — буркнуў Рыгор. — Нічога, адшукаем. Знойдзем. Толькі вы вельмі сцеражыцеся. Толькі і бачыў я на сваім вяку, што двух людзяных паноў, дык адзін ужо загінуў. Шкада будзе, калі і з табою што здарыцца. Тады і ўся гэта ваша паскудная парода не мае права хлеб харчыць і паветра псаваць. Бермана вырашылі пакуль што не выдаляць, каб не спудзіць перадчасна. Пасля гэтага я ўзяўся за дакладны аналіз ліста невядомага да Свеціловіча. Я перапэцкаў дванаццаць аркушаў паперы, пакуль не аднавіў крыху тэкст ліста. «Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем караля Стаха і тым, што Надзеі Раманаўне пагражае небяспека: (далей нічога не атрымлівалася) …мая до… (зноў вялікі пропуск) …пакутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім. Ён згодзен са мною і пайшоў у павет… Дрыкганты — галоўныя ка… Калі атрымаеш ліст — адразу прыходзь да… ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць… ічкіна… што гэта коіцца на зя… Прыходзь неадменна. Ліст спалі, бо мне асабліва небяспеч… Тв… ся… Над імі таксама жахлівая небяспека, якую можаш папярэдзіць толькі ты… (зноў выпалена многа) …одзь. Твой добразычлівы Лікол…» Д'ябал ведае, што такое! Я амаль нічога не атрымаў ад гэтай расшыфроўкі. Ну, пераканаўся, што тут было нешта злачыннае. Ну, даведаўся яшчэ, што невядомы «Лікол…» (што за паганскае імя!) спрытна выкарыстаў нашы адносіны, пра якія мог толькі здагадвацца. І нічога! Нічога больш! А між тым вялізны шэры камень лёг на магіле чалавека, які быў або мог быць (чалавек — гэта тое, чым ён будзе, а не тое, чым ён з'яўляецца зараз) для маёй краіны чымсьці ў сто разоў большым за мяне. І не сёння, дык заўтра такі менавіта камень мог прыціснуць і мяне. Куды тады падзенецца Надзея Раманаўна? Той дзень прынёс яшчэ адну навіну: прынеслі цыдульку, у якой высакапышнымі словамі і на адменна дрэннай паперы мяне выклікалі ў суд да павятовага мястэчка. Трэба было ехаць. Я дамовіўся з Рыгорам наконт каня, перадаў яму свае меркаванні пра ліст, а ён распавёў, што за хатай Гарабурды сочаць і нічога падазронага не заўважаюць. Думкі мае зноў звярнуліся да Бермана. У гэты спакойны і не па-асенняму ціхі вечар я доўга думаў над тым, што чакае мяне ў павеце, і вырашыў ні ў якім разе не затрымлівацца там. Я зусім быў збіраўся пайсці адсыпацца перад дарогаю, калі раптам, звярнуўшы за паваротку алеі, пабачыў на замшэлай лаве Яноўскую. Чорна-зялёнае ад векавых ялін святло клала празрыстыя адбіткі на яе блакітную сукню, на рукі з заламанымі пальцамі, якія ляжалі на каленях, на вочы, трохі неасэнсаваныя, як гэта заўжды бывае ў чалавека, які цалкам паглыбіўся ў свае думкі. Слова, што я даў самому сабе, было цвёрдым, памяць мёртвага друга зрабіла гэтае слова яшчэ больш моцным, і ўсё ж я некалькі хвілін з нейкім лікуючым захапленнем думаў пра тое, што мог бы абняць гэтую худзенькую постаць, прыціснуць да грудзей, да ўсяго сябе. І пакутліва білася маё сэрца, бо я ведаў, што ніколі гэта не будзе. Але выйшаў я да яе з-за дрэў амаль спакойны. Вось узняла галаву, пабачыла мяне, і якім мілым, цёплым агнём заззялі прамяністыя вочы. — Гэта вы, пан Беларэцкі. Сядайце тут, поруч. Памаўчала і сказала з дзіўным перакананнем: — Я не пытаюся ў вас, чаму вы пабілі гэтага чалавека. Я ведаю, калі вы зрабілі гэта, значыць, іначай нельга было. Але я вельмі непакоюся за вас, Вы павінны ведаць, суда тут няма. Гэта кручкі, гэта хлусы, гэта… дрэнныя і наскрозь прадажныя людзі. Яны могуць засудзіць вас. І, хоць невялікая правіна шляхціцу пабіць паліцэйскага, яны могуць выслаць вас адсюль. Яны ўсе, разам са злачынцамі, утвараюць адзіны вялізны саюз. Дарэмна маліць іх аб правасуддзі: няхутка, можа, нават ніколі, не пабачыць яго гэты высакародны і няшчасны люд. Нашто вы зрабілі гэта? — Я заступіўся за жанчыну, Надзея Раманаўна. Вы ведаеце, у нас такі звычай. І тут яна так пранікнёна глянула мне ў вочы, што я пахаладзеў. Адкуль гэты дзіцёнак мог навучыцца чытаць у сэрцах, што надало яму такую сілу? — Гэтая жанчына, паверце, магла і пацярпець. Занадта дорага, калі вас вышлюць, заплоціць гэтая жанчына за насалоду, якую вы атрымалі, даўшы па зубах пшутаватаму пошламу дурню. — Не непакойцеся, я вярнуся. А гэты час ваш спакой будзе абараняць Рыгор. Вочы яе закрыліся панура. Пасля яна сказала: — Ах, нічога вы не зразумелі… Хіба справа ў гэтай небяспецы? Не трэба, не трэба вам ехаць у павет… Пражывіце тут яшчэ дзень-два і пакіньце Яліны назаўжды. Яе рука з удрыгваючымі пальцамі лягла на мой рукаў. — Чуеце, я вас вельмі-вельмі прашу… Я быў такі няўважлівы, што сказаў: — У канцы гэтага ліста да нябожчыка Свеціловіча стаіць подпіс, частка яго, «Лікол…». Ці няма ў наваколлі шляхціца, у якога імя або прозвішча пачыналася б так? Твар яе адразу спахмурнеў, як хмурнее дзень, калі знікае сонца. — Не, — уражаным і дрыжачым, як ад крыўды, голасам адказала яна. — Хіба што Лікаловіч… Гэты прыдомак да прозвішча нябожчыка Кульшы. — Ну, гэта наўрад ці, — раўнадушна сказаў я. Я толькі праз гадзіну зразумеў, якой я быў грубай жывёлінай. Гэта здарылася, калі я глянуў на яе і пабачыў, як з-пад далоні, якой яна прыкрыла вочы, выкацілася і папаўзла ўніз цяжкая, нечалавеча самотная сляза, хутчэй знемагаючага ад адчаю мужчыны, чым дзяўчыны-напаўдзіцёнка. Я заўжды жаласна губляюся і раблюся Сліняём Кісялёвічам ад жаночых і дзіцячых слёз, а гэта сляза была такая, якой крый Божа пабачыць камусьці ў жыцці, ды яшчэ ад жанчыны, для якой бы ахвотна распляскаўся ў блін, каб толькі яна была вясёлай. — Надзея Раманаўна, што вы? — замармытаў я, і вусны мае мімаволі склаліся ва ўсмешачку прыблізна такога гатунку, якая бывае на твары дурня, калі ён прысутнічае на пахаванні. — Нічога, — амаль спакойна ўжо адказала яна. — Проста я ніколі не буду… сапраўдным чалавекам. Я плачу… па Свеціловічу… па вас, па сабе. І нават не па ім я плачу, а па загубленай яго маладосці, — я добра разумею гэта! — па шчасці, якое нам заказана, па шчырасці, якой у нас няма. Знішчаюць лепшых, знішчаюць вартых. Памятаеце, як казалі колісь: «Не імамы князя, правадыра і прарока і, як лісце, мяцемся па грэшнай зямлі». Нельга спадзявацца на лепшае, самотна сэрцу і душы, і ніхто не адкажа ім. І дагарае жыццё. Устала, сутаргавым рухам зламала галінку, якую трымала ў руках. — Бывайце, дарагі пан Беларэцкі. Можа, мы і не пабачымся больш. Да канца жыцця я буду ўдзячная вам… Вось і ўсё. І канец. І тут мяне на хвіліну прарвала. Не адчуваючы, што паўтараю словы Свеціловіча, я выпаліў: — Няхай заб'юць — і мёртвым прыцягнуся сюды!… Нічога не адказала, толькі зноў паклала руку мне на рукаў, моўчкі глянула ў вочы, пайшла. Я застаўся адзін. РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ Можна было меркаваць, што сонца зрабіла адно абяртанне (я ўжываю слова «меркаваць» толькі таму, што сонца не паказвалася з-за хмар), калі я апоўдні з'явіўся ў павет. Гэта быў плоскі, як праснак, гарадок, горшы за самае дрэннае мястэчка, і аддзялялі яго ад яноўскага наваколля толькі вёрст васемнаццаць — дваццаць чэзлых лясоў. Конь мой цокаў капытамі па брудных вуліцах, вакол былі замест хат нейкія куратнікі, і адзіным, што адрознівала гэта ад вёскі, былі паласатыя будкі, ля якіх стаялі вусатыя цэрберы ў латаных мундзірах, ды яшчэ дзве-тры каменныя крамы на высокіх арках. Худыя яўрэйскія козы іранічнымі вачыма глядзелі на мяне з гнілых стрэх. Затое трохі далей узвышаліся магутныя замшэлыя муры даўняй уніяцкай царквы з дзвюма вялізнымі стральчастымі вежамі над чатырохкутнікам змрочнай каменнай плебаніі. І над усім гэтым вісела такая самая, як і паўсюль, брыдота запусцення: на дахах, паміж рабрыстых лат, раслі даволі вялікія бярозкі. На галоўнай плошчы бруд быў па калена, перад абшарпаным шэрым будынкам павятовага суда, амаль на ганку, ляжала штук шэсць свіней, якія дрыжалі ад холаду і часам рабілі дарэмныя спробы падлезці пад сябровак, каб сагрэцца. Гэта кожны раз суправаджалася эксцэсамі ў выглядзе пакрыўджанага рохкання. Я прывязаў каня да канавязі і падняўся па рыпучых прыступках у калідор, дзе кісла пахла папяровым пылам, чарнілам і мышамі. Дзверы ў канцылярыю, абабітыя пашарпанай цыратай, ледзь адарваў, так яны набраклі. Увайшоў і спачатку нічога не разгледзеў: такое скупое, у тытунёвым дыме, святло прабівалася праз вузкія маленькія вокны. Лысы скурчаны чалавечак, у якога ззаду з прарэхі выбіваўся хвосцік кашулі, узвёў на мяне вочы і лыпнуў імі. Тут я вельмі здзівіўся: верхняе павека засталося нерухомым, а ніжняе закрыла ўсё вока, як у жабы. Я назваў сябе. — Вы з'явіліся? — здзівіўся чалавек-жаба. — А мы… — А вы думалі, — працягнуў я, — што я не з'яўлюся ў суд, ад'еду адсюль, уцяку. Вядзіце мяне да вашага суддзі. Пратакаліст вылез з-за канторкі і патопаў перада мною ў глыб гэтага дымнага пекла. У наступным пакоі за вялікім сталом сядзелі тры чалавекі ў сурдутах, зашмальцаваных да таго, што нагадвалі стары мультан. Твары павярнуліся да мяне, і я заўважыў у вачах аднолькавы выраз хцівасці, здзіўлення перад тым, што я ўсё ж з'явіўся, і нахабства. Гэта былі суддзя, пракурор і адвакат, адзін з тых «аблакатаў», што абдзіралі кліентаў як ліпку, а пасля здраджвалі. Галодны, хцівы і прадажны судовы кручок з галавою, падобнай на агурок. І наогул гэта былі не бацькі і не дзеці судовай рэформы, а хутчэй пад'ячыя дапятроўскіх часоў. — Пан Беларэцкі, — мятым голасам прагаварыў суддзя, — мы ажыдалі вас. Очань прыемна… Мы паважаем людзей са сталічным бляскам. — І ён, не запрашаючы мяне сесці, утаропіўся ў нейкую паперку. — Вы, навернае, ведаеце, што зрабілі что-та падобнае да крыміналу, кагда пабілі прыстава за какой-та нявінны жарт? Гэта — дзействіе ўгалоўна наказуемае, іба какурат супярэчыць норавам нашага наваколля, а такжа і зводам законаў імперыі Расейскай. І ён паглядзеў на мяне праз акуляры з вельмі ганарлівым выглядам. Ён быў цалкам задаволены, гэты нашчадак Шамякі, задаволены тым, што чыніць суд і расправу ў павеце. Я зразумеў, што, калі я не наступлю яму на мазоль, я загінуў. Таму я прысунуў да сябе крэсла і сеў на яго верхам. — Мне здаецца, што ў яноўскім наваколлі трохі забыліся на далікатнасць. Таму я сяду сам. Пракурор, ветлівы малады чалавек з сінякамі пад вачыма, як быццам ад ганебнай хваробы, суха сказаў: — Пра далікатнасць пану трэба моўчаць. Вы з'явіліся сюды і адразу парушылі спокуй мірных абыватэляў. Скандалы, збуйства, спроба завязаць дуэлю са смяротным канцом на бале ў шаноўнай пані Яноскей. І, да таго ж, палічылі за годнае пабіць паліцэйскега чына пры выкананні службовых абовёнзкув. Чужак, а лезеце ў наша жыце… Халоднае шаленства заварушылася ў мяне недзе пад сэрцам. — Брудныя жарты ў хаце, у гаспадара якой ясі, трэба караць не бізуном па твары, а сумленнай куляю. Ён абражае гонар людзей, якія бездапаможныя перад ім, не могуць адказаць. Суд павінен займацца менавіта такімі справамі, змагацца за справядлівасць. Вы кажаце пра мірных абывацеляў. Чаму ж вы не звяртаеце ўвагі на тое, як гэтых мірных абывацеляў забіваюць невядомыя злачынцы. Вашу акругу тэрарызуюць, а вы седзіцё тут са сваімі ўваходзячымі і сыходзячымі… Ганьба! — Размова пра забойства гасударственава праступніка, а аднака абыватэля і шляхціца Свеціловіча будзе весціся не з вамі, — зарыпеў суддзя. — Расейскі суд не акказвает нікаму ў абароне, дажэ праступнікам. Аднака дзела ідзе не пра тое. Вы ведаеце, што за скарбленіе прыстава мы можам… вас прысудзіць да дзвюх нядзель увязнення ілі штрафу і, как казалі продкі, баніцыі за прадзелы яноўскага наваколля. Я раззлаваўся: — Вы можаце зрабіць гэта сілаю. Але я знайду на вас управу ў губерні. Вы пакрываеце забойцаў, ваш прыстаў ганьбіў законы імперыі, казаў, што забойствам шляхціца Свеціловіча вы не намераны займацца! Твар суддзі пакрыўся апаплексічнай малінавай чырванню. Ён выцягнуў шыю, як гусак, і прасіпеў: — А свідзецялі этава разгавора, шаноўны пане Беларэцкі, у вас ёсць? Сведкі? Сведачкі? Дзе яны? Адвакат, як дастойны прадстаўнік прыміраючага начала ў расейскім судзе, чароўна пасміхнуўся: — Натуральна, пану Беларэцкаму нету светкі. І наогул, гэта ест глюпства: прыстаў не смог такое сказаць. Пан Беларэцкі сабе гэта проста ўявіць, апанента словы ён не схапіць. Ён кінуў у рот манпансье, якое дастаў з бамбаньеркі, пачамкаў губамі і ціха дабавіў: — Нам, дваранам, становішча ад пан Беларэцкі ест асабліва зразумелай. Мы не хочам вам непрыемна рабіць. Няхай вас ціха і мірна адсюль з'ехаць. Тады ўсё тут, як казаць, абразуецца, і мы справу замінаць будзем… Нун, гут? Для мяне гэта было самым разумным выхадам, але тут мне да памяці прыйшла Яноўская. «Што будзе з ёю? Для яе гэта можа скончыцца смерцю або вар'яцтвам. Я паеду, а яе, дурненькую, толькі лянотны не пакрыўдзіць». Я зноў сеў у крэсла, сціснуў сківіцы і схаваў пальцы рук паміж каленямі, каб яны не выдалі майго хвалявання. — Я не паеду, — сказаў я, — перш за ўсё, спаймайце злачынцаў, якія прыкрываюцца імем зданяў. А пасля я знікну адсюль назаўжды. Суддзя ўздыхнуў: — Мне кажацца, што вам прывядзецца пайсці адсюль хутчэй, ніж спаймаць гэтых мі… міхі… — Міфічных, — падказаў адвакат. — Вот-вот, міхічных праступнікаў. І прывядзецца пайсці атсуда не па собственнай ахвоце. Уся кроў кінулася мне ў твар. Я адчуваў, што загінуў, што яны зробяць са мною тое, што ім захочацца, але біў ва-банк, ставіў на апошнюю карту, бо змагаўся за шчасце той, што была мне даражэй за ўсё. Неверагодным намаганнем я прымусіў мае пальцы не дрыжаць, калі выцягнуў з партманета вялікі аркуш паперы і тыцнуў ім пад нос. Але голас мой перасякаўся ад ярасці: — Вы, здаецца, забылі, што я з Акадэміі навук, што я член Імператарскага геаграфічнага таварыства. Вы бачыце гэта? І я абяцаю вам, што, як толькі я вызвалюся, я паскарджуся гасудару і не пакіну ад вашае смярдзючае нары каменя на камені. Я думаю, што гасудар не пашкадуе трох нягоднікаў, якія хочуць выдаліць мяне адсюль, каб уладжваць свае цёмныя справы. У першы і апошні раз я назваў сябрам чалавека, якога саромеўся назваць нават суайчыннікам. Я ж заўжды імкнуўся забыць той факт, што продкі Раманавых паходзяць з Беларусі. А гэтыя ёлупы не ведалі, што кожны другі член Геаграфічнага таварыства дорага даў бы, толькі б яно не звалася імператарскім. Але я ўжо амаль крычаў: — Ён заступіцца! Думаецца мне, што яны трохі завагаліся. Суддзя зноў выцягнуў шыю і… усё ж шапнуў: — А ці будзет прыятна гасудару, што член такога паважнага обшчаства знюхался з гасударственнымі праступнікамі? Многія паважныя дзедзіцы пажалуюцца на гэта таму самаму гасудару. Яны абклалі мяне, як харты. Я сеў паклаў нагу на нагу, склаў рукі на грудзях і сказаў спакойна (я быў надта, надта спакойны, такі спакойны, хоць тапіся): — А вы не ведаеце тутэйшых сялян? Яны, так бы мовіць, пакуль што шчырыя манархісты. І я абяцаю вам, калі вы толькі выганіце мяне адсюль — я пайду да іх. Яны аж пазелянелі. — Зрэшты, я думаю, што да гэтага справа не дойдзе. Вось ліст ад асобы самога губернатара, дзе ён прапануе мясцовым уладам падтрымліваць мяне. А вы ведаеце, што бывае за непаслушэнства такім загадам? Пярун над вухам не так бы ўразіў гэту публіку, як звычайны аркуш паперы са знаёмым подпісам. А я, вельмі нагадваючы генерала на падаўленні бунту, павольна цадзіў, адчуваючы, што мая справа паляпшаецца: — Вы што, паляцець з пасады пажадалі?! Я зраблю гэта! А за патуранне дзікім учынкам нейкіх вылюдкаў вы таксама адкажаце! Вочы ў суддзі забегалі. «Ну што ж, — вырашыў я, — хоць які сказ — адзін адказ». Я паказаў астатнім на дзверы. Яны пахапцам выйшлі з пакоя. Я добра бачыў у вачах суддзі боязь, як у зацкаванага тхара, бачыў і яшчэ нешта прыхаванае, злоснае. Я падсвядома быў упэўнены зараз, што ён звязаны з таямніцай дзікага палявання, што выратавацца ён можа толькі ў тым выпадку, калі я загіну, што зараз паляванне пачне паляваць на мяне, бо гэта пытанне іхняга жыцця, і я, магчыма, яшчэ сёння атрымаю кулю ў спіну, але шалёная злосць, ярасць, нянавісць сціснулі мне глотку. Я зразумеў, чаму нашых продкаў звалі шалёнымі і казалі, што яны б'юцца нават мёртвымі. Я зрабіў крок, схапіў чалавечка за шкірку, выцягнуў з-за стала і падняў у паветра. Патрос. — Хто?! — раўнуў я і сам адчуў, як збялелі мае вочы. Ён надзіва правільна зразумеў маё пытанне. — А-вой! Не ведаю, не ведаю, пане. Ох, што мне рабіць? Яны заб'юць мяне, заб'юць. Я шпурнуў яго на падлогу і схіліўся над ім: — Хто?! — Пане, пане. Ручкі-ножкі пацалую, не трэба… — Хто?! — Я не ведаю. Ён даслаў мне ліст і пры ім трыста рублёў з патрабаваннем выдаліць вас, бо вы перашкаджаеце. Там быў толькі адзін сказ, і там гаварылася, што ён мае цікавасць да пані Яноўскай, што яму карысна яе смерць або замужаства з ім. І яшчэ там было сказана, што ён малады і моцны і здолее ў выпадку чаго заткнуць маю глотку. Схожасць суддзі з тхаром дапоўнілася раптам яшчэ і смуродам. Я паглядзеў на заліты слязьмі твар гэтай жывёлы і, хоць падазраваў, што ён ведае трохі больш, чым кажа, з гідлівасцю адштурхнуў яго. Не мог я пэцкаць рукі аб гэтага… Не мог. Іначай згубіў бы павагу да сябе назаўжды. — Вы яшчэ адкажаце за гэта, — кіўнуў я ад дзвярэй. — І такой агідзе падпадаюць пад час суда людзі! Бедныя мужыкі! …Я ехаў па дарозе праз лес і меркаваў аб усім, што здарылася. Гэта было зараз больш-менш лёгка, усё, здаецца, ставала на месцы. Вядома, натхніцель палявання не Дубатоўк: якая яму выгада, ён не спадчыннік Яноўскай. І не ахмістрыня. І не няшчасная вар'ятка ў сядзібе Кульшаў. Я перабраў усіх, нават тых, на каго нельга было і падумаць, бо стаў вельмі недаверлівы. Злачынец малады, яму карысная або смерць Яноўскай,або шлюб з ёй. Значыцца, ён мае нейкае права на спадчыну. Гэты чалавек, як падазраваў Свеціловіч, быў на бале ў Яноўскіх, ён неяк уплываў на Кульшу. Толькі два чалавекі адпавядалі ўсяму гэтаму: Варона і Берман. Але чаму Варона так па-дурному трымаў сябе са мною? Не, хутчэй за ўсё гэта Берман. Ён ведае гісторыю, ён мог натхняць нейкіх бандзюкоў на гэта. Трэба толькі даведацца, якая яму карысць ад смерці Яноўскай. Але хто такія Малы Чалавек і Блакітная Жанчына Балотных Ялін? Галава мая круцілася, і ўвесь час стаяла ў ёй тое самае слова. «Рука…» «Рука…» Чаму рука? Вось-вось прыпомню… Не, зноў адляцела. Ат, цёмная душа… Ну што ж, трэба шукаць дрыкгантаў і ўвесь гэты маскарад. І хутчэй. РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ У той вечар з'явіўся Рыгор, увесь перапэцканы брудам, потны і стомлены. Пахмура сядзеў на пяньку перад палацам. — Схованка ў лесе, — буркнуў нарэшце. — Сёння я даведаўся, што акрамя той сцежкі, дзе я тады вартаваў, ёсць другая, з поўдня. Толькі яна на локаць пад тванню. Я зайшоў у самую пушчу, але тут нарваўся на непраходную межытоку. І не адшукаў слядоў праз яе… Разы два ледзь не ўтапіўся. Залез на верхавіну самай вялікай хвоі і бачыў на тым баку вялізную галявіну і сярод хмызоў і дрэў страху нейкай вялікай будыніны. І дымок. І адзін раз у тым баку загігатаў конь. — Трэба будзе пайсці туды, — заўважыў я. — Не, толькі без глупстваў. Там будуць мае людзі. І няхай пан прабачыць, але калі мы спаймаем гэтых паршыўцаў, мы зробім з імі як з канакрадамі. Твар яго з-пад доўгіх касмылёў глядзеў на мяне з нядобрай усмешкаю: — Мужыкі церпяць, мужыкі даруюць, мужыкі ў нас святыя. Але тут я сам патрабую, каб з гэтымі… як з канакрадамі: прыбіць асінавымі цвікамі да зямлі рукі і ногі, а пасля такі самы кол, толькі большы, — у задні праход, да самага нутра. І ад хат іхніх нават жарынкі не пакіну, усё пушчу попелам, каб духу нават… каб духу іхняга смярдзючага не засталося. — Падумаў і дадаў: — І ты сцеражыся. Можа, і ў тваёй душы калісьці панскі дух зашыбуе. Тады і з табою так… пане. — Дурань ты, Рыгор, — холадна працадзіў я. — Свеціловіч таксама панам быў, а ўсё сваё кароткае жыццё вас, ёлупняў, ад прагнай шляхты ды пыхатых суддзяў абараняў. Чуў, як над ім лямантавалі? І я магу так загінуць… за вас. Маўчаў бы лепей, калі Бог розуму пазбавіў. Рыгор крыва пасміхнуўся, пасля дастаў аднекуль са світкі канверт, такі скамечаны, быццам яго з ваўчынай зяпы выцягнулі. — Добра, не крыўдуй… Вось табе ліст. У Свеціловіча тры дні як ляжыць, бо так на канверце… І паштар казаў, што сёння занёс табе да Балотных Ялін яшчэ і другі. Бывай, заўтра прыйду. Я на месцы раздзёр канверт. Ліст быў ад вядомага знаўцы мясцовай генеалогіі з губерні, да якога я пісаў. І ў ім быў адказ на адно з самых важлівых пытанняў: «Шматпаважаны гасудар мой, пан Беларэцкі. Дасылаю вам звесткі пра чалавека, якім вы цікавіцеся. Нідзе ў генеалагічных маіх спісках, як і ў аксамітных кнігах, пра даўнасць роду Берманаў-Гацэвічаў я не знайшоў. Але ў адным старым акце я натрапіў на звестку, не пазбаўленую цікавасці. Выяўляецца, што ў 1750 годзе ў справе вядомага вальнадумца Нямірыча ёсць звестка пра нейкага Бермана-Гацэвіча, які быў за ганебныя ўчынкі вырачаны на баніцыю — выгнанне за межы былога каралеўства польскага і пазбаўлены шляхецкіх правоў. Гэты Берман быў зводным братам Яраша Яноўскага, што насіў мянушку «Схізмат». Вы павінны ведаць, што са зменаю ўлады старыя выракі пазбаўлены чыннасці, і Берман, калі гэта нашчадак таго Бермана, можа прэтэндаваць на прозвішча «Яноўскі», калі галоўная галіна гэтага сямейства згасне. Прыміце запэўненне…» і г.д. Я стаяў як аслупянелы і ўсё перачытваў радкі ліста, хоць ужо моцна сцямнела і літары расплываліся перад маімі вачыма. — Ч-чорт!… Усё ясна. Берман, наследнік Яноўскай, агідны мярзотнік, адмысловы нягоднік. І раптам мне цюкнула ў галаву: — Рука… адкуль рука. Ага! У Малога Чалавека, калі ён глядзеў на мяне праз акно, была рука, як у Бермана, такія самыя доўгія нялюдскія пальцы. І я кінуўся ў палац. Па дарозе зайшоў да сваёй спальні, але ліста там не было. Ахмістрыня казала, што ліст быў тут, павінен быў быць тут. Яна вінавата квахтала перада мною: яна наогул стала пасля той ночы ў архіве вельмі ліслівай і мяккай. — Не, пан, я не ведаю, дзе ліст. Не, на ім не было паштовага кляйма. Не, хутчэй за ўсё ліст даслалі з яноўскага наваколля, а можа, з павятовага мястэчка. Не, тут не было нікога… Вось хіба толькі пан Берман, які заходзіў сюды, думаючы, што пан дома. Я не слухаў яе далей. Вочы мае прабеглі па бюро, дзе ляжалі раскіданыя паперы, у якіх, відаць, капаліся. Пасля гэтага я выбег з пакоя і пабег да бібліятэкі. Там не было нікога, толькі кнігі цэлым стосам ляжалі на стале. Іх нечакана кінулі для нейкай больш важлівай справы. Тады я накіраваўся да Бермана. І тут сляды паспешлівасці, нават дзверы не зачынены. Слабы агеньчык серніка кінуў кружок святла на стол, і я заўважыў на ім адну пальчатку і разарваны наўскос канверт, такі самы, як і ў Свеціловіча тады, у той жахлівы вечар. «Пан Беларэцкі, паважаны брат. Я мала і кепска ведаю пра дзікае паляванне. Але ўсё ж я магу сказаць табе нешта цікавае. Да таго ж, я магу раскрыць табе адзін сакрэт, таямніцу некаторых цёмных падзей у вашай хаце… Магчыма, гэта проста выдумка, але мне здаецца, што ты шукаеш не там, дзе трэба, любенькі. Небяспека ва ўласным палацы пані Яноўскай. Калі хочаш ведаць тое-сёе пра Малога Чалавека Балотных Ялін — прыходзь сёння ў сем гадзін надвячоркам на тое месца, дзе загінуў Раман і дзе ляжыць яго крыж. Там твой невядомы дабрадзей раскажа табе, у чым корань смяротных падзей». Я на хвіліну завагаўся, прыпамятаўшы лёс Свеціловіча, але доўга вагацца нельга было: гадзіннік паказваў без пятнаццаці сем. А тут яшчэ Бермана няма… Куды пайшоў? Калі ён і Малы Чалавек, і кіраўнік дзікага палявання, ён павінен вельмі занепакоіцца, прачытаўшы перлюстраваны ім ліст. Ці не пайшоў ён замест мяне на спатканне з незнаёмцам, каб замкнуць яму рот? Цалкам магчыма. А тут яшчэ вартаўнік на маё пытанне пра Бермана паказаў рукою на паўночны захад, якраз у напрамку алеі і дарогі, што вяла да крыжа Рамана Старога. Я пабег туды ж. Ах, колькі я пабегаў за гэтыя дні і, як сказалі б зараз, патрэніраваўся! Чорт яго бяры, такі трэнінг, разам з Балотнымі Ялінамі! Ноч была трохі святлейшая, чым заўжды. Праменні вялізнага чырвонага месяца асвятлялі часам, прабіваючы хмары, зямлю, наўскос падалі паміж чорнымі стаўбурамі дрэў. Месяц стаяў над верасовымі пусткамі такі вялізны, круглы, чырвоны, такі райскі, ззяючы, такога вогненнага шчаслівага колеру была гэта планета, што туга па чымсьці светлым, пяшчотным, непадобным на гэтыя балоты і пусткі заліла маё сэрца. Быццам падплылі да зямлі і згаралі ў паветры нейкія невядомыя краіны, гарады з расплаўленага золата, і быццам было ў іх іншае, не такое, як наша, жыццё. Месяц між тым, плывучы вышэй, паменшаў, збялеў і адразу пачаў раз-пораз засноўвацца драбнюткімі белымі хмаркамі, падобнымі на кіслае малако. І ўсё зноў стала халодным, змрочным і таемным: хоць сядай ды пішы баладу пра бабулю, якая ехала верхам, і пра таго мілага конніка, што сядзеў наперадзе. Прадраўшыся так-сяк праз парк Балотных Ялін, я выбіўся на сцежку і ўжо амаль падыходзіў да крыжа Рамана. Лес злева стаяў нізкай змарнелай сцяной, насупраць ад крыжа Рамана маячыла постаць чалавека. І тут… я проста не паверыў сваім вачам. Аднекуль раптам выраслі цені коннікаў. Яны павольна пад'язджалі да чалавека. Усё гэта рабілася ў поўным маўчанні, і мёртвая халодная зорка гарэла над іхнімі галовамі. У наступны момант гучна пралунаў пісталетны стрэл, коні перайшлі ў намёт і змялі чалавечую постаць капытамі. Я быў уражаны. Я думаў, што пабачу сустрэчу мярзотнікаў, а пабачыў забойства чалавека. У вачах маіх пацямнела, і калі я ачуняў, то пабачыў, што коннікаў ужо не было. Жахлівы нялюдскі крык прагрымеў недзе над балотамі, і быў у ім жах, гнеў, адчай — чорт ведае што такое. Але я не спалохаўся. Між іншым, я ніколі з тых часоў не баяўся. Усё жахлівае, што я сустракаў пасля тых дзён, мне здавалася нявартай дробяззю. Асцярожна, як змей, я папоўз да таго месца, дзе цямнела ў траве тое, доўгае. Я памятаю, што я пабойваўся засады, сам жадаў забіваць, што я плазаваў між асенніх траў, выкарыстоўваючы кожную ямінку, кожны байрак. І яшчэ я памятаю нават зараз, як смачна пах дробны палынок у траве. О, як пах тым'ян, якія скразныя блакітныя цені ляжалі на зямлі! Якое добрае было жыццё нават у гэтым агідным месцы! А чалавек быў вымушаны плазаваць, як гад, у траве, замест таго каб вольна дыхаць гэтым халодным бадзёрым паветрам, глядзець на месяц, распраўляць грудзі, хадзіць ад радасці на руках, цалаваць вочы любай. Месяц свяціў на мёртвы твар Бермана. Вялікія рахманыя вочы былі вырачаны, твар перакрыўлены грымасай нялюдскай пакуты. За што яго? Няўжо ён не вінен? Я ж быў упэўнены, што гэта ён. Ах, як горка, як радасна пах тым'ян! Травы, нават паміраючы, патыхаюць горка і радасна. У тую ж хвіліну я інстынктыўна, яшчэ не разумеючы, у чым справа, паплазаваў назад. Я адпоўз даволі далёка, калі пачуў далёкія крокі. Ішлі два чалавекі. Я быў пад вялікай ніцай вярбой. Стаў на ногі (людзі не маглі мяне заўважыць, я зліваўся са сцяною лесу), падскочыў, і, падцягнуўшыся на руках, узлез на дрэва, і захаваўся ў яго гушчары, як вялізная дравесная жаба. Два цені падышлі да забітага. Месяц свяціў проста на іх, але твары былі закрыты кавалкамі цёмнай матэрыі. Дзіўныя гэта былі постаці: у старых капцях, у чугах, з доўгімі валасамі, на якіх ледзь трымаліся плеценыя з палосак скуры шапкі (такія можна было бачыць у музеі месца Віленскага). На плячах доўгія плашчы. Яны падышлі да трупа і схіліліся над ім. Я чуў урыўкі іх размовы: — Абодва трапілі на адну і тую ж вуду… Лікол… Х-хе, як яны, аднак, паверылі гэтай дзіцячай мянушцы. І той паследыш, і гэтая свіння. Лікол… даў ім Лікол. І раптам адзін з іх не ўстрымаўся ад здзіўленага ўскрыку: — Што такое? — Глядзі, Пацук, гэта не той. — Як не той, чаго ты брэшаш? — А я табе кажу, што не той. Гэта… гэта той дзівак, што жыве ўпраўляючым у Яноўскай. — Ах, чортава душа! Памыліліся трошкі. — За гэтую памылку, хлопча, — змрочна адказаў адзін, — з нас Лікол галаву здыме. Непрыемна, браце. Два забітых — гэта жах. Гэтым можа і начальства зацікавіцца. — Але чаму ён з'явіўся сюды замест таго? Другі не адказаў. Яны пайшлі ад трупа і сталі пад дрэвам пад самымі маімі нагамі. Каб я пажадаў, я мог бы апусціць нагу і стаць на галаву кожнаму з іх, па выбару, або двойчы стрэліць з рэвальвера на такой адлегласці, на якой і дзіцёнак трапіў бы. Я дрыжаў ад хвалявання, але голас халоднага розуму казаў мне, што так рабіць нельга, што я спалохаю астатніх, што з паляваннем трэба канчаць адным ударам, што зараз трэба сачыць за гэтымі. Хопіць, я нарабіў занадта многа памылак, і, калі загіне яшчэ і Надзея, тады толькі і застанецца, што пайсці ў Волатаву прорву, скокнуць туды і пачуць, як вырвецца над табою з твані з дзікім ровам паветра. — За што ён так ненавідзіць гэтага Беларэцкага? — спытаў той, каго клікалі Пацуком. — Думаю, за тое, што Беларэцкі хоча ажаніцца з Яноўскай. А тады палац з рук Лікола ўцячэ. — Ды нашто ён яму, гэта ж трухлявая труна, а не будынак. — Ну, гэта ты не кажы. Для Яноўскіх ён карысці не дае, гэта валоданне роду, а вось для старонняга гэта каштоўнасць. Да таго ж, ён любіць старажытнасць, спіць і бачыць сябе гаспадаром вялізнага замка, як продкі. Яны памаўчалі, пасля пыхкнуў агеньчык, і да мяне пачалі паўзці сівыя кучары тытунёвага дыму. Я разумеў ужо, што пада мною стаяць шляхцюкі. Дрэнная мясцовая мова, якая зрабілася грубай ад барбарызмаў польскага паходжання, так і рэзала вуха. Галасы здаваліся мне знаёмымі. — Мне здаецца, — буркнуў адзін пасля працяглага маўчання, — што тут яшчэ адна прычына: хлопы. — Маеш рацыю. Калі заб'ём яшчэ і гэтага, яны прыціхнуць, як мышы пад венікам. А то дужа нахабныя сталі. Нядаўні бунт, пасля забойства ўпраўляючага Гарабурды. Глядзяць нахабна. І асабліва сапсаваліся пасля прыезду Свеціловіча. Месяц пражыў тут, падла, а нашкодзіў нам горш за пажар. Чатырох хлопаў з рук суда выдраў, паскардзіўся на двух дваран. А калі гэты Беларэцкі прыехаў — зусім дрэнна стала. Сядзіць у хлопскіх хатах, запісвае дурныя байкі, ляпае па плячы. Ну, нічога, папрыціхнуць гэтыя хамы, калі мы таго здрадніка шляхты прыдушым… Толькі трэба будзе яшчэ даведацца, хто правадыр гэтых нахабнікаў. Я яму не дарую маіх спаленых стагоў. — А мне здаецца, што я ведаю, хто гэта. Гэта Кульшаў вартаўнік Рыгор. Гэткая нахабная мыса, як у ваўка. І павагі да цябе ніякай. — Нічога, рыгнецца і яму. Зноў памаўчалі. Пасля адзін сказаў: — А ведаеш, Яноўскую шкада. Такую жанчыну давесці да вар'яцтва або забіць — глупства. Такім калісь ногі цалавалі. Памятаеш, як яна на бале ў даўняй сукні лебедзем плыла. Ух-х! — Ды і пан шкадуе, — дабавіў другі. — Але што зробіш. І раптам зарагатаў. — Чаго ты? — Не таго мы мякнулі. Не шанцуе нам, а яму яшчэ горш. Ты памятаеш, як Раман крычаў, калі яго ў дрыгву загналі, казаў, што з-за труны нас выдасць. Аж, бачыш, маўчыць. І яны пайшлі ад дрэва. Я чуў яшчэ толькі, як Пацук сказаў басам: — Нічога, хутка і да гэтага наведаемся. Я саслізнуў з дрэва зусім нячутна і рушыў за імі. Бязгучна ступалі мае ногі па траве, там-сям я нават плазаваў. І, вядома, я зноў выявіўся дурнем, бо забыўся на тое, што ў іх маглі быць коні. Яны зайшлі за грыўку хмызнякоў, прыцішыў крокі, баючыся нарвацца на іх, а праз хвіліну пачуў пошчак падкоў. Калі я выдраўся на дарогу, я пабачыў даволі далёка два цені, якія шалёна гналі коней ад крыжа Рамана на паўдзённы ўсход. Думкі мае былі невясёлыя: даведаўся, што яны палююць за Яноўскай і за мною, што літасці чакаць нельга, выпусціў двух бандзюкоў ды яшчэ так жорстка памыліўся ў Бермане. І сапраўды, я пераканаўся ў тым, што ён цёмны чалавек, што ён ускрыў мой ліст і чагосьці пайшоў да месца, дзе і дастаў смерць. І самы факт гэтай смерці закрыў ад мяне ўсе астатнія яго правіны. Але размова дала многа цікавага, і, перш за ўсё, я ведаў зараз аднаго з дзікіх паляўнічых. Гісторыя са спаленымі стагамі выдала яго. Стагі спалілі за апошнія дні ў шляхцюка Маркі Стахевіча, якога я бачыў на гулянцы ў Дубатоўка. І гэты чалавек быў тады секундантам Вароны. Няхай я памыліўся ў Бермане, але ў Вароне я не памыляюся, здаецца. І ён будзе мой. Зараз трэба толькі больш рашучасці… А позна ўначы дзікае паляванне караля Стаха з'явілася зноў. Зноў выў, галасіў, плакаў нечалавечы голас: — Раман у дваццатым калене, выходзь! Мы прыйдзем! Мы скончым! Мы адпачнём пасля! Раман! Раман! І зноў я, схаваўшыся за ганкам, страляў у лятучыя цені коннікаў, якія мільгалі ў самым канцы залітай месячным дымам алеі. Калі я стрэльнуў першы раз — коні кінуліся ў гушчар і зніклі, як быццам іх ніколі не было. Гэта было падобна на жахлівы сон. Трэба было канчаць. Я прыпомніў словы Маркі Стахевіча, якія той сказаў пад дрэвам, наконт абяцання Рамана выдаць забойцаў пасля смерці і падумаў, што, можа, Раман пакінуў у хаце ці на месцы сваёй смерці нейкі доказ, які прагледзелі тады нават арліныя вочы Рыгора. І калі Рыгор прыйшоў, мы рушылі з ім да месца забойства Рамана. Я добры хадок, але ледзь паспяваў за гэтай доўгай фігурай. Рыгор ішоў, як здавалася, павольна, але гэта была не павольнасць, а размеранасць рухаў. І ногі ён ставіў не так, як звычайныя людзі, а наскамі ўнутр: так ходзяць усе прыроджаныя паляўнічыя, і заўважана, што гэта робіць кожны іхні крок даўжэй прыблізна на дзюйм. Па дарозе я сказаў яму, што чуў размову Маркі Стахевіча з нейкім Пацуком, і Рыгор злосна буркнуў: — Людзі Вароны, — а пасля дадаў: — А мы думалі, што «Лікол…» гэта пачатак прозвішча. Пан не так распытваў. «Лікол» — гэта, відаць, мянушка. Трэба спытаць, каго клікалі так, у пані Яноўскай. Калі ведалі гэтую мянушку Свеціловіч і нават Берман, значыцца, яна таксама павінна ведаць. — Я пытаў у яе. — Ты пытаў у яе прозвішча, ды і яшчэ пачатак яго, а не мянушку. Так мы дайшлі да славутага і двойчы апісанага мною месца, дзе застыў у багне бацька Надзеі Раманаўны. Мы пераварушылі ўсю сухую траву, хоць глупствам было б шукаць тут нешта пасля двух год. І нарэшце падышлі да таго месца, дзе невялікі абрыўчык раптам узносіў лугавіну над дрыгвой. — Тут, — сказаў Рыгор. Над самым абрывам тырчаў з зямлі невялікі стаўбур, уломак ад дрэва, якое калісьці расло тут. Карані яго, як магутныя змеі, апляталі абрыўчык, спускаліся ў дрыгву, быццам жадаючы напіцца, або проста віселі ў паветры. — Ці рукі Рамана былі над паверхняй дрыгвы? — спытаў я. Цяжкія павекі Рыгора апусціліся, ён прыпамінаў: — Так, былі. Правая была нават выцягнутая, ён, відаць, хацеў ухапіцца за корань, але не дацягнуўся. — А можа, проста кінуў нешта туды, пад карэнні, дзе, бачыш, яміна? — Давай паглядзім. І мы, трымаючыся за карэнне і збіваючы пазногці зямлёй, злезлі амаль да самай дрыгвы, ледзь трымаючыся на маленькіх слізкіх прыступках, што былі на стромым адхоне. Пад карэннямі сапраўды была яміна, але там нічога не было. Расчараваны, я збіраўся быў лезці наверх, але Рыгор спыніў мяне: — Ёлупы мы. Калі там сапраўды штосьці ёсць, дык гэта пад глейкай. Ён мог кінуць, але ж два гады мінула, скляпенне гэтай пячоркі асыпалася і пахавала тое… тую рэч. Мы пачалі драпаць пальцамі ўбіты глей, высыпаць яго з пячоркі, і — хочаце верце, хочаце не — хутка пальцы мае натрапілі на штосьці цвёрдае. На далоні маёй ляжаў партабак з «птушынага вока». Больш у пячорцы нічога не было. Мы выдрапаліся на лугавіну і асцярожна абчысцілі з партабака руды глей, перамешаны з глінай. У партабаку ляжаў шматок белай матэрыі, выдраны, відаць, зубамі. І на гэтай анучцы былі невыразныя рудыя літары: «Варона забі…» Я знізаў плячыма. Чорт ведае, што гэта было! Ці сведчанне, што Рамана забіў Варона, ці просьба да Вароны забіць кагосьці. Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма. — З'ясавалі, пан Андрэй. Загнаў яго сюды Варона. Заўтра будзем яго браць. — Чаму заўтра? Можа, ён з'явіцца якраз сёння. — Сёння пятніца. Пан забыў пра гэта. Бандзюка, як кажуць, шукай у царкве. Святыя надта ды божыя. Рэжуць з імем святой тройцы на вуснах. Яны прыйдуць заўтра, бо страцілі цярпенне. Ім патрэбна пазбавіцца ад цябе. — Памаўчаў, вочы спалахнулі нядобрым полымем: — Заўтра нарэшце прывяду мужыкоў. З віламі. І табе дамо. Калі з намі, дык да канца. Будзем вартаваць ля паваленай агароджы. І ўсіх пакладзём, усіх. Пад самы корань чортава семя… Мы пайшлі разам да Балотных Ялін і там даведаліся, што Надзея Раманаўна не адна. У яе сядзеў пан Гарабурда. Яноўская за апошнія дні ўнікала мяне, а калі мы сустракаліся — адвяртала пацямнелыя, сумныя, як асенняя вада, вочы. Таму я праз ахмістрыню выклікаў яе ў ніжнюю залу, дзе Рыгор змрочна глядзеў на святога Юрыя, такі самы магутны і высокі, як статуя. Яноўская выйшла, і Рыгор сарамліва падцягнуў пад крэсла ногі, бо натаптаў на падлозе. Але голас яго па-ранейшаму быў грубы, калі ён звяртаўся да яе, толькі ў глыбіні нешта непрыкметна дрыжала. — Слухайце, ясная пані. Мы знайшлі караля Стаха. Гэта Варона. Дайце мне пару стрэльбаў. Заўтра мы скончым з імі. — Дарэчы, — перабіў я, — я памыліўся тады. Я пытаўся ў вас, ці не ведаеце вы чалавека, прозвішча якога пачынаецца з «Лікол…». Зараз я пытаю, ці не ведаеце вы чалавека, мянушка якога «Лікол», проста «Лікол»? Гэта самы небяспечны чалавек у гэтай бандзе, магчыма, нават натхніцель. — Не! — раптам крыкнула яна, засунуўшы кончыкі пальцаў у рот. Вочы яе пашырыліся, застыглі ў тузе. — Не! Не! — Хто ён такі? — змрочна спытаў Рыгор. — Пашкадуйце, пашкадуйце мяне! Гэтага не можа быць… Ён такі добры, шчыры. Ён трымаў Свеціловіча і мяне на каленях. Тады наш дзіцячы язык не мог вымавіць яго імя, мы яго перакручвалі, і з гэтага нарадзілася мянушка, якой мы называлі яго толькі між сабою. Нямногія ведалі яе. — Хто гэта? — няўмольна сказаў Рыгор, рухаючы каменнымі сківіцамі. І тады яна заплакала. Плакала ўзахлёб, як дзіцёнак. І праз рыданні нарэшце вырвалася: — Пан Лікол… пан Рыгор Дубатоўк. Я быў уражаны ў самае сэрца. Я аслупянеў, я задыхаўся: — Не можа быць! Што вы! Такі добры чалавек! І, галоўнае, якая яму карысць! А памяць паслужліва падсунула словы аднаго з мярзотнікаў пад дрэвам: «Любіць старажытнае». І нават невядомае «ічкі на…» з ліста Свеціловічу раптам заканамерна ператварылася ў любімае прыслоўе Дубатоўка: «Балеснічкі нашы, што гэта робіцца на зямлі?!» Я працёр вочы, адагнаў ачмурэнне: — Не, не можа быць. Якая яму карысць, ён зусім і не спадчыннік пані. І тут адгадка бліскавіцай шуганула ў маёй галаве: — Пачакайце тут, Надзея Раманаўна. Пачакай, Рыгор. Я прайду да пана Гарабурды. Пасля мне трэба будзе перабраць рэчы Бермана. — Добра, — сумна сказала Яноўская. — Яго пахавалі ўжо. І я пабег па сходах. Думкі мае ішлі ў двух кірунках. Першае: Дубатоўк мог дамовіцца з Берманам (толькі чаму ён забіў яго?). Другое: Гарабурда таксама мог неяк залежаць ад Дуботоўка. Ірвануў дзверы. Насустрач мне з крэсла ўстаў пажылы мужчына з гамерычнымі ляжкамі. Ён здзіўлена глядзеў на мой рашучы твар. — Прабачце, пан Гарабурда, — рэзка кінуў я, як у вір скокнуў. — Я павінен паставіць перад вамі адно пытанне. Пра вашы адносіны з панам Дубатоўкам. Нашто вы далі гэтаму чалавеку так заўладаць вамі? Ён выглядаў як спайманы на месцы крадзяжу. Нізкі лоб яго пачырванеў, вочы замітусіліся. Але, відаць, па маім твары ён зразумеў, што жартаваць са мною нельга. — Што зробіш… Вэксалі, — замармытаў ён. І зноў я трапіў у мішэнь, мецячы ў неба: — Вы далі пану Дубатоўку вэксалі пад маёнтак Яноўскай, які вам не належыць. — Гэта была такая мізэрная колькасць грошай. Усяго тры тысячы рублёў. Псарня патрабуе так многа… Усё пачынала ставаць на сваё месца. Пякельны план Дубатоўка яснеў у маіх вачах. — Па тэстаменту Рамана Яноўскага, — замармытаў ён, абіраючы дрыжачымі пальцамі нешта з візіткі, — устаўлена такая субстытуцыя. Спадчыну атрымліваюць дзеці Яноўскай… — І жаласна глянуў мне ў вочы. — Іх не будзе. Яна ж памрэ… Яна хутка памрэ… П-пасля іх — муж. А яна вар'ятка, хто з ёй ажэніцца?… Пасля, наступная прыступка, апошнія Яноўскія. А іх няма, няма пасля смерці Свеціловіча. А я сваяк Яноўскіх па пралцы, з жаночага, так бы мовіць, боку. Калі не будзе дзяцей і мужа — палац мой. — І ён заенчыў: — Але як я мог чакаць? Я ўвесь у вэксалях. Я такі няшчасны чалавек. І большасць папер скупіў пан Рыгор… І яшчэ тры тысячы даў. Зараз ён тут будзе гаспадаром. — Паслухайце, — холадна кінуў я, — тут была, ёсць і будзе толькі адна гаспадыня, пані Надзея Яноўская. — Я не спадзяваўся на спадчыну. Яноўская ўсё ж магла выйсці замуж… І я даў Дубатоўку даўгавое абавязацельства пад забеспячэнне палаца. — Добра. Сорам з вамі нават не начаваў. Але няўжо вы не ведаеце, што гэта нядзейсны з фінансавага боку ўчынак? Што гэта крымінал? — Не, не ведаю. Я быў рады. — А вы ведаеце, што вы штурхнулі Дубатоўка на жахлівае злачынства, якому і наймення на чалавечай мове няма. Чым вінавата бедная дзяўчына, што вы пажадалі пазбавіць яе жыцця? — Я падазраваў, што гэта злачынства, — разрумзаўся ён. — Але мая псарня… — Гніда вы! Рук толькі пэцкаць не хочацца. Вамі будзе займацца губернскі суд. А пакуль што я сваёй уладай засаджу вас на тыдзень у сутарэнне гэтага дома, каб вы не маглі папярэдзіць іншых мярзотнікаў… Пакуль скончыцца гэтая справа. — Гэта гвалт, — заскуголіў ён. — Што вы ведаеце пра насільства? — кінуў я яму. — Што вы ведаеце, смоўж? Праз паўгадзіны Рыгор заштурхнуў Гарабурду ў скляпенне без акон пад цэнтральнай часткай будынка. Жалезныя дзверы з грукатам зачыніліся. РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ Агеньчык свечкі маячыў недзе далёка за цёмнымі шыбамі. Калі я падымаў вочы, я бачыў поруч з ім адбітак свайго твару з рэзкімі ценямі ў вачаніцах. Я разбіраў паперы Бермана. Мне здавалася ўсё ж, што я змагу адшукаць у іх нешта цікавае. Берман быў занадта складаны характар, каб жыць простай авечкай. І вось я з ведама гаспадыні выцягнуў усе паперы з бюро на стол, пераклаў на яго ж кнігі, лісты, дакументы і сядзеў, чхаючы ад пылу, які густа ўкрываў гэтыя рэліквіі. Цікавага было, аднак, мала. Трапіўся ліст ад маці Бермана, дзе яна прасіла аб дапамозе, і чарнавік ліста Бермана ёй, дзе ён пісаў, што на яго ўтрыманні знаходзіцца брат, што брат цяпер не перашкаджае маці жыць так, як яна хоча, а ў астатнім яны — квіты. Гэта было дзіўна: які брат, дзе ён зараз? Пасля я адшукаў нешта накшталт дзённіка, дзе поруч з грашовымі выдаткамі і вельмі разумнымі заўвагамі па беларускай гісторыі я прачытаў і такія-сякія разважанні Бермана. Вось некаторыя: «Паўночна-Заходні край як паняцце — фікцыя. Справа, магчыма, у тым, што ён крывёй і мозгам сваім служыць ідэі цалкам усяго космасу, а не пяцёх губерняў, расплачваецца за ўсё і гатуе ў глыбіні сваёй новага Месію для ўратавання людской пароды. Таму яго лёс — пакутаваць. Справа, аднак, не датычыцца лепшых яго прадстаўнікоў, людзей сілы, арыстакратаў духу». — Бач ты, рыцар духу, чалавек сілы ў прадзёртых портках, — буркнуў я. «Адзіная любоў мая — брат. Часам мне здаецца, што ўсе астатнія людзі ёсць карыкатуры на яго, і патрэбны чалавек, які перарабіў бы ўсіх на яго капыл. Людзі павінны быць людзьмі цемры. Тады ў іхніх арганізмах лепей высоўваецца наперад тое цудоўна жывёльнае, што мы павінны зберагаць і любіць. Хіба геній не аддзяляецца ад ідыёта толькі фігавым лістком, які прыдумалі самі людзі. Беларэцкі мяне раздражняе сваёй звычайнасцю, і, дальбог, для яго было б лепей, каб ён хутчэй знік». І яшчэ адзін запіс: «Грошы — эманацыя чалавечай улады над статкам іншых (на жаль!). Трэба было б навучыцца рабіць мазгавую кастрацыю ўсім, хто не варты свядомага жыцця. А лепшым даваць бязмернае шчасце, бо такая штука, як справядлівасць, не прадугледжана самой прыродай. Так і са мною. Мне патрэбен спакой, якога тут больш, ніж дзе-небудзь, і грошы, каб вынасіць ідэю, дзеля якой я з'явіўся на свет, ідэю вялікапышнай і надзвычайнай несправядлівасці. І мне здаецца, што першай прыступкаю магла б быць перамога над тым, да чаго імкнецца маё цела і што, аднак, неабходна знішчыць, над гаспадыняй Балотных Ялін. Яна ўсё адно асуджана сляпым лёсам на знішчэнне. На ёй праклён спраўджваецца з'яўленнем дзікага палявання пад мурамі палаца. Яна больш трывалая, ніж я думаў, дагэтуль не звар'яцела. Кароль Стах слабы, і выправіць яго памылкі суджана мне. І, аднак, я раўную яе да ўсіх маладых людзей і асабліва да Беларэцкага. Учора страляў па ім і быў вымушаны на рэтыраду. Дрэнна страляю». Наступны лісток: «Магчыма, калі я выканаю ролю боскай сілы, вышэйшага наканавання (бывала ж такое са звычайнымі смертнымі), духі зла пакінуць гэтыя мясціны, і я стану гаспадаром. Пераконваў калісь Беларэцкага, што галоўная небяспека — паляванне. А якая небяспека ад зданяў? Іншая справа Малы Чалавек. Золата, золата! Тысячы панегірыкаў трэба спяваць уладзе тваёй над душамі людзей. Ты ўсё: пялюшка дзіцяці, купленае табою цела дзяўчыны, сяброўства, любоў і ўлада, мозг найвялікшых геніяў, нават прыстойная яма ў зямлі. І да ўсяго гэтага я праб'юся». Я скамячыў паперкі і да болю сціснуў пальцы: — Брыдота! І раптам сярод іншых паперак рука мая натрапіла на складзены ў чатыры столкі аркуш пергаменту. Я расклаў яго на каленях і толькі галавою хітануў: гэта быў план будынка ў Балотных Ялінах, план ХVІ стагоддзя. І на гэтым плане выразна было азначана, што слухавак у мурах палаца аж чатыры, і яны так схаваны ў плафоне, што адшукаць іх ніяк нельга. Між іншым, адна з іх вяла ад сутарэнняў пад палацам да пакоя ля бібліятэкі (напэўна, каб падслухоўваць размовы вязняў), а другая злучала бібліятэку, закінутыя пакоі для слуг на першым паверсе і… пакой, у якім жыла Яноўская. Дзве другія былі невядома дзе: выхады іхнія былі ў калідоры, дзе жылі я і Яноўская, але далейшы іх ход быў старанна зацёрты пальцамі. Мярзотнік адшукаў план у архіве і схаваў яго. І было яшчэ тое-сёе цікавае. У вонкавым муры палаца была пустэча, выразна быў адзначаны вузкі праход і тры нейкія клетушкі. А выхад з прахода быў намечаны якраз за павароткай калідора, дзе я калісьці аддзіраў дзверы ў сапраўды забітым пакоі. Я лаяўся так, як ніколі ў жыцці. Шмат непрыемнасцей мінула б, калі б я абстукаў там сценкі, абшытыя панелямі. Але не позна было і зараз. Я схапіў свечку, глянуў на гадзіннік (палова на адзінаццатую ночы) і хутка пабег пераходамі да свайго калідора. Стукаў я, напэўна, з палову гадзіны, пакуль не натрапіў на месца, якое адказала на стук гулкім водгукам, быццам я лупіў дно бочкі. Я шукаў на панелі месца, за якое можна ўзяцца і аддзерці яе ад астатніх, але дарэмна. Пасля пабачыў у адным месцы лёгкія драпіны, пакінутыя як быццам нажом. Таму я дастаў сцізорык і пачаў торкаць ім у ледзь прыкметныя шчыліны між гэтай часткай панелі і астатнімі. Даволі хутка мне ўдалося намацаць лязом нажа нешта, што паддавалася. Я націснуў мацней — нешта зарыпела, і пасля панель павольна пачала паварочвацца вакол свайго цэнтра, кажучы мне вузкую шчыліну. Я паглядзеў на адваротны бок панелі ў тыя месцы, куды торкаў лязом, — там была глухая дошка, знутры панель адчыніць на калідор было нельга. Я нават спусціўся быў уніз прыступак на пятнаццаць, але дзверы за спіною жаласна заспявалі, я пабег да іх і якраз своечасова паспеў прытрымаць іх нагою, каб яны не захлопнуліся. Не, аставацца ў нейкай пацуковай нары аднаму, з пагрозай прасядзець тут да другога прышэсця, ды яшчэ з абгаркам свечкі — гэта было глупствам. Таму я пакінуў дзверы напаўзачыненымі, паклаўшы ля восі ўласную хустку, а сам сеў непадалёк на падлогу, паклаўшы на калені рэвальвер. Свечку давялося загасіць, бо святло яе магло спудзіць істоту, калі б яна задумала вылезці з патаемнага ходу. І, аднак, свечка за павароткай калідора, якая гарэла ўсю ноч, хоць цьмяна, але асвятляла калідор, ды і ў акно ліўся няпэўны шэры водбліск. Не ведаю, колькі я так праседзеў, уткнуўшы падбароддзе ў калені. Было каля дванаццаці, калі раптам дрымота пачала падаць на мяне, навальвацца цяжарам, стуляць павекі. І я ўпарта дзюбаў носам, як ні намагаўся змагацца са сном: даліся мне ў знакі мінулыя бяссонныя ночы. У адзін з момантаў прытомнасць адмовіла мне, і я праваліўся кудысьці ў цёмную душную бездань. Вы спрабавалі калі-небудзь спаць седзячы, прыціснуўшы спіну да мура або, лепей, да дрэва? Паспрабуйце. Вы пераканаецеся, што пачуццё падзення, якое вы часам адчуваеце, лежачы пад цёплай коўдрай, ёсць шостае пачуццё, што перайшло нам у спадчыну ад продка нашага, малпы, што яно было ёй неабходна, каб не ўпасці з дрэва. І, седзячы ля дрэва, вы ў сне будзеце падаць вельмі часта, і адкрываць вочы, і зноў засынаць. І нарэшце дзіўныя сны авалодаюць вашай душой, знікне мільён год чалавечага існавання, і вам здасца, што пад дрэвам дапатопны мамант ідзе на вадапой і вочы пячорнага мядзведзя гараць з-пад скалы. Прыблізна ў такім настроі быў і я. Сны… Сны… Мне здавалася, што я сяджу з доўбняю на каленях недзе на дрэве і мне страшна злезці, бо пада мною, па зямлі, ідзе нейкі пітэкантрап. І ноч, і стогнуць ваўкі за дрэвамі. У той самы момант я ўпаў і раскрыў вочы. Проста ў паўцемры рухалася паўз мяне дзіўная істота. Зялёнае старадаўняе ўбранне было ў пыле і павуцінні, галава, доўгая, выцягнутая назад, як боб, задуменна апушчана, павекі, як у жабы, ледзь не закрывалі журботныя вочы, а рукі былі апушчаны ўніз, і доўгія-доўгія пальцы іх амаль даставалі да зямлі. Малы Чалавек Балотных Ялін прамінуў мяне і праплыў далей, а я сачыў за ім з рэвальверам. Будынак быў яму, відаць, добра знаёмы. Ён адчыніў акно, пасля другое, пасля вылез у адно. Я высунуў за ім галаву і пабачыў, што гэта істота з малпячым спрытам ідзе па вузкім, у тры пальцы, карнізе. Ён амаль бег, як павук, з нечалавечай жвавасцю. Па ходзе справы ён адшчыкнуў з галіны ліпы, якая падыходзіла да сцяны, некалькі плодзікаў. Пачамкаў іх. Адной рукой ён дапамагаў сабе рухацца. Пасля ён зноў пралез у калідор, зачыніў вокны і павольна рушыў кудысьці калідорам, страшны ў сваёй нечалавечнасці. Аднойчы мне пачулася нейкае мармытанне, Малы Чалавек хлопнуў сябе па лбе і знік у цемры, куды не даставала святло далёкай свечкі. Я хутка накіраваўся за істотай, бо баяўся знікнення. Калі я апынуўся ў цемры, я пабачыў два ззяючых вокі, што глядзелі з кута з невымоўнай пагрозай. Я кінуўся да яго, але яно застагнала цяжка і пабрыло кудысь, хістаючыся на нагах. Утаропіла на мяне свой позірк, пасварылася пальцам. Аслупянеўшы на імгненне, я апамятаўся, дагнаў Малога Чалавека і схапіў яго за плечы. І радасна страпянулася маё сэрца, бо гэта не была здань. Калі я выцягнуў гэтую істоту на святло, яна торкнула сябе пальцам у рот і сказала няпэўным рыпячым голасам: — Гам-гам!… — Ты хто такі? — трасянуў я яго за плечы. І Малы Чалавек, былая здань, адказаў завучана: — Я Базыль. Я Базыль. І раптам хітрасць, якая бывае і ў ідыётаў, асвяціла яго вочы: — Я вас… бачыў. Гы-гы! Я сядзеў пад сталом… пад сталом, брат мяне карміў. А вы раптам — шась! І зноў зачамкаў вялізным, да вушэй, ротам. Я зразумеў усё. Два мярзотнікі — кіраўнік дзікага палявання і Берман — дадумаліся, уласна кажучы, да аднаго і таго ж самага. Берман, які ведаў, што ён з'яўляецца сваяком Яноўскай, прыехаў у Балотныя Яліны і тут напаткаў план хадоў у мурах і слухавак. Пасля гэтага ён таемна паехаў у горад і, кінуўшы маці на волю лёсу, прывёз сюды брата, які не таму ўнікаў людзей, што любіў самоту. Брат проста быў непапраўным ідыётам, і нездарма ў клубе здзівіліся яго дрэннаму выхаванню (Берман, вядома, прывёз у клуб не брата, а нейкага захожага чалавека). Калі ён прывёз яго сюды, ён змясціў яго ў сваім пакоі, карыстаючыся тым, што да яго ніхто не заходзіў, і загадаў сядзець ціха. Пад час аднаго з гадаванняў я і заспеў іх на месцы злачынства. Малы Чалавек тады сядзеў пад сталом, і я мог бы схапіць яго, працягнуўшы руку. Уначы Берман заводзіў яго ў хады, і той крочыў па начных пераходах, абуджаючы ў слухаўках гукі, якія чулі жыхары дома. Зрэдку яго выпускалі і ў калідор: у гэтым выпадку ён апранаў назнарок пашыты стары ўбор, а Берман чакаў яго ля адчыненых дзвярэй ходу, бо адчыніць іх Малы Чалавек не мог. Сяды-тады яму дазвалялі пагуляць і на свежым паветры. З малпячым, а хутчэй з павучыным спрытам ён бегаў па карнізах будынка, глядзеў у асветленыя вокны і, у выпадку трывогі, маланкава знікаў за шматлікімі кутамі будынка. Яму тым лягчэй было гэта рабіць, што ў яго пячорным мазгу зусім адсутнічаў інстынкт самазахавання. Ён ішоў па гэтым карнізе так раўнадушна, як мы часам, забаўляючыся, ідзём па чыгуначнай рэйцы. Пад час адной такой пагулянкі і адбылося яго спатканне са мною. Што ж здарылася пасля? «Лікол» даслаў мне ліст, у якім, каб выбавіць мяне з хаты, рэкнуў здуру, што ведае штосьці пра Малога Чалавека. Берман, які апошні час сачыў за мною, прачытаў ліст і пайшоў на месца сустрэчы, каб неяк дамовіцца з невядомым. Там яго палічылі за мяне, і адбылася трагедыя, познім сведкам якой я быў. А карла сядзеў усе гэтыя дні ў хадах, не маючы змогі вылезці, і зусім заслаб з голаду. Каб я не адчыніў дзверы — ён, напэўна, памёр бы, так і не здагадаўшыся, чаму пакінуў яго той, што заўжды яго гадаваў і песціў. Што мне было рабіць з ім? Няшчасны малы ідыёт не быў вінен у тым, што яго стварылі такім на свет. Тут ён і выбывае з нашага апавядання. Я нагадаваў яго, абвясціў Яноўскай аб канчыне аднаго з прывідаў, якія насялялі палац Балотных Ялін, і наступнага дня адаслаў яго ў павятовую бальніцу для вар'ятаў. І ўпершыню гэтым вечарам я бачыў, што надзея загарэлася ў вачах гаспадыні Балотных Ялін цёплым, пакуль што яшчэ слабым агеньчыкам. РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ — Ты, Рыгор? — Я, Андрусь. Праўдзівей, мы. Я працягнуў Рыгору руку. Гэта ноч, пасля той, у якую я спаймаў Малога Чалавека, была першай за ўвесь час бясхмарнай месячнай ноччу. Поўны месяц заліваў тарфяныя балоты, пусткі, парк Балотных Ялін блакітным срэбрам і далёка-далёка блішчаў у акенцы нейкай самотнай хаты. Ноччу пахаладзела, і зараз балоты «пацелі», нараджаючы ў ямінках касмылі белых рухлівых туманоў. Рыгор выступіў з-за хмызоў, якія ляжалі ля паваленай агароджы, а за ім з'явіліся з цемры людзі, чалавек дванаццаць. То былі мужыкі. Усе ў кажухах мехам наверх, у аднолькавых белых магерках, з аднолькавымі чырвонымі лапамі. І ўсе яны ў месячным святле былі на адзін твар: як быццам сама гэта зямля адначасова нарадзіла іх. У двух я пабачыў доўгія стрэльбы, як у Рыгора, адзін трымаў у руках пулгак, астатнія былі ўзброены доўгімі рацішчамі і віламі, а адзін нават простай дубінай. — Гэта хто? — здзіўлена спытаў я. — Мужыкі, — нутром прагудзеў Рыгор. — Хопіць цярпець. Два тыдні таму дзікае паляванне затаптала на верасовай пустцы брата вось гэтага мужыка. Міхалам яго завуць. Міхал сапраўды нагадваў «Міхала — бурага дзедзіна». Глыбокія маленькія вочкі, скулы шырокія, рукі і ногі — не горш як у Дубатоўка. Вочы яго былі чырвонымі і апухлымі, рукі так сціснулі вілы, што аж суглобы пальцаў сталі белымі. Глядзеў ён змрочна і пахмура, але разумна. — Хопіць, — зноў сказаў Рыгор. — Зараз нам толькі паміраць і засталося. А паміраць мы не хочам. І ты, Беларэцкі, калі што-небудзь заўважыш, маўчы. Гэта справа наша. І Бог дазваляе на канакрада — усім мірам. Сёння мы іх адвучым не толькі людзей таптаць, але і хлеб есці. — Гэта ўсе? — Не, — сказаў мой наваз'яўлены Чортаў Бацька, — гэтыя, на чале з Міхалам, застануцца тут, пад тваёй рукою. А мае чакаюць ля балота, што акружае Яноўскую пушчу, ля Ведзьмаковай ступы. Там яшчэ два дзесяткі. Калі яны пойдуць там — мы іх сустрэнем, калі яны пойдуць невядомай нам, іншай дарогай — сустрэнеце вы. Мы трымаем пад увагай пушчу, Халодную лагчыну і пусткі, што поруч. Вы — Балотныя Яліны. Сустрэча, калі што такое, у Халоднай лагчыне. Калі спатрэбіцца дапамога — дасылайце чалавека. І Рыгор знік у цемры. Мы зрабілі засаду. Я загадаў шасці мужыкам размясціцца паабапал дарогі ля самай паваленай агароджы, тром — трохі далей. Атрымаўся мяшок, або, лепей, нерат. Трое павінны былі, у выпадку чаго, перагарадзіць паляванню шлях адступлення. Сам я стаў за вялікім дрэвам ля самай сцежкі. Я забыўся яшчэ сказаць, што на кожнага з нас было па тры паходні. Дастаткова было, каб асвятліць, у выпадку патрэбы, усё. Мае людзі ў шкурах як ляглі, так і зрасліся з зямлёю, нельга было адрозніць іх ад звычайных купін, а шэрая аўчына злівалася з шэрай, забітай восенню, травой. Так мы ляжалі даволі доўга. Месяц плыў над балотамі, мільгацелі там нейкія блакітныя іскры, туман то сплываў у суцэльную, каню па калена, смугу, то зноў распаўзаўся. Яны з'явіліся, як заўжды, нечакана. Два дзесяткі туманных коннікаў на туманных конях. Бязгучна і грозна насоўваліся яны. Не звінелі цуглі, не чуць было чалавечых галасоў. Бязлюдная маса рухалася да нас. Развяваліся доўгія валасы і плашчы. Паляванне імчала. А наперадзе, як раней, скакаў кароль Стах, прыкрыўшы капелюхом твар. Мы чакалі, што яны прылятуць, як вецер, але крокаў за сто яны… спешыліся, павазіліся ля конскіх ног, і, калі паехалі пасля гэтага, паехалі павольным крокам, да нас даляцеў зусім нечаканы пасля маўчання ляск капытоў. Павольна набліжаліся яны. Вось мінулі дрыгву, вось пад'ехалі да агароджы, вось мінулі яе. Кароль Стах ехаў проста на мяне, і я пабачыў, што твар яго белы, як крэйда. Вось ён амаль ля майго дрэва. Я ступіў з-за яго і ўзяў каня за аброць. Адначасова левай рукою, у якой акрамя рэвальвера быў у мяне стэк, я пасунуў ягоны капялюх на патыліцу. Трупна-бледны, глядзеў на мяне вялікімі мёртвымі вачыма твар Вароны. Ад нечаканасці ён, напэўна, не ведаў, што рабіць, але затое я добра ведаў гэта. — Дык гэта вы кароль Стах? — спытаў я ціха. І перацягнуў яго стэкам па твары. Конь Вароны стаў дыбкі і кінуўся ад мяне ў натоўп. У той самы момант грымнулі стрэльбы засады, і ўсё закруцілася ў шалёным моры агню. Уставалі дыбкі коні, падалі коннікі, хтосьці нема крычаў. Я запамятаў толькі твар Міхала, які хладнакроўна цэліўся з доўгай стрэльбы. Сноп агню вырваўся з яе. Потым праплыў перада мною твар скуластага хлопца з доўгімі касмылямі валасоў, што падалі на лоб. Хлопец гэты працаваў віламі, як на таку, пасля ўзняў іх і з жахлівай сілай усадзіў у жывот каня, што стаў на дыбкі. Коннік, конь і хлопец упалі разам. А я стаяў і, нягледзячы на тое, што стрэлы нарэшце загучалі і з іхняга боку, што кулі пасвіствалі ля маёй галавы, на выбар страляў па конніках, што мітусіліся ў нашым коле. Ззаду іх таксама палівалі агнём. — Браткі, нам здрадзілі! — Даскакаліся! — Ратуйце! — Божа! Божухна! На тварах гэтых бандзюкоў я пабачыў жах, і радасць помсты авалодала мною. Ім трэба было думаць раней пра тое, што адплата прыходзіць. Я бачыў, як чалавек з дубінай удзёрся ў сярэдзіну коннага натоўпу і біў ёю наводмаш. Уся застарэлая ярасць, усё доўгацярпенне зараз выбухнула прыпадкам нечуванага запалу, баявой смеласці. Хтосьці рыўцом сцягнуў з сядла аднаго з паляўнічых, і конь пацягнуў яго галавою па карэннях. Праз дзесяць хвілін усё было скончана. Коні без седакоў працягла гігаталі, пехцярамі ляжалі на зямлі забітыя і параненыя. Толькі Варона, як д'ябал, круціўся сярод мужыкоў, адбіваючыся мячом. Рэвальвер ён заціснуў у зубах. Біў ён вельмі добра. Пасля пабачыў у натоўпе мяне. Твар яго перакрывіўся такой жахлівай нянавісцю, што нават зараз я памятаю яго і часам бачу ў сне. Стаптаўшы канём аднаго з сялян, ён схапіў рэвальвер: — Трымайся, падла! Адняў яе! Табе таксама не мілавацца! Селянін з доўгімі вусамі пацягнуў яго за нагу з каня. І толькі таму я не ўпаў на зямлю з дзіркай у чэрапе. Варона зразумеў, што яго зараз сцягнуць з каня, і стрэлам ва ўпор паклаў на месцы даўгавусага. І тады я, паспеўшы ўставіць новыя патроны, высадзіў у яго ўсе шэсць куль. Варона хітнуўся ў сядле, хапаючыся рукамі за паветра, але ўсё ж павараціў каня, збіў на зямлю скуластага хлопца і памчаў у напрамку да балот. Ён усё хапаўся рукамі за паветра, але яшчэ сядзеў у сядле і разам з сядлом (відаць, лопнула папруга) з'язджаў набок, пакуль не павіс паралельна зямлі. Конь збочыў, і галава Вароны з маху ўдарылася аб каменны слуп агароджы. Варона з'ехаў з сядла і гопнуўся аб зямлю, застаўся ляжаць на ёй нерухомы, мёртвы. Разгром быў поўны. Страшнае дзікае паляванне ляжала на зямлі, разбітае рукамі звычайных мужыкоў у першы ж дзень, калі яны трошкі паднатужыліся і паверылі сваім прымхлівым мазгам, паверылі, што нават супраць зданяў можна ўстаць з віламі ў руках. Я прайшоў па месцы бойкі. Коней сяляне зводзілі ўбок. Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачыма, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай машыстай інахаддзю і пад час намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Не дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхнія скачкі. І яшчэ дзве разгадкі прыйшлі нечакана. Па-першае, ля сядла кожнага паляўнічага віселі чатыры глыбокія аўчынныя торбы, якія, відаць, у выпадку патрэбы, можна было надзець на ногі коням і завязаць ля бабак. Крок рабіўся зусім бязгучны. Па-другое: сярод трупаў і параненых я пабачыў на зямлі тры чучалы, апранутыя так, як і паляўнічыя, у старыя капелюхі з пер'ямі, кабці, чугі, але прывязаныя вяроўкамі да сядла. Людзей у Вароны, відаць, не хапала. Але і нашы страты былі значныя. Мы ніколі не перамаглі б гэтай банды прафесіянальных ваякаў, каб не нечаканасць нашага нападу. Але нават і з гэтым атрымалася дрэнна: мужыкі ваяваць зусім не ўмелі. Скуласты хлопец, якога збіў канём Варона, ляжаў на зямлі з разбітай галавою. У даўгавусага мужыка дзірка ад кулі цямнела проста ў сярэдзіне лба. Мужык з дубінай, што ўдзёрся ў сярэдзіну між коннікаў, ляжаў на зямлі і стрыг нагамі, як нажніцамі: адыходзіў. Параненых было ў два разы больш. Я таксама атрымаў рану: куля рыкашэтам шчоўкнула мне ў патыліцу. Мы лаяліся. Міхал бінтаваў мне галаву, а я крычаў, што гэта глупства. Між тым сярод паляўнічых адшукалі аднаго і падвялі да кастра, які мы расклалі. Перада мною стаяў з вісячай, як бізун, рукою Марка Стахевіч, той самы шляхцюк, размову якога з Пацуком я падслухаў тады пад дрэвам. Ён быў вельмі каларытны ў сваёй чузе вішнёвага колеру, у маленькім капелюху, з пустымі похвямі ад шаблі на баку. — Ты, здаецца, пагражаў мужыкам, Стахевіч? Ты памрэш, як гэтыя, — спакойна сказаў я. — Але мы можам адпусціць цябе, бо адзін ты няшкодны. Ты паедзеш за межы яноўскага наваколля і будзеш жыць. Мы адпусцім цябе тады, калі ты раскажаш нам пра вашу дзейнасць. Ён павагаўся, паглядзеў на жорсткія твары мужыкоў, залітыя чырвоным сяйвом вогнішча, на кажухі, на рукі, якія сціскалі вілы, і зразумеў, што літасці тут чакаць нельга. Вілы з усіх бакоў абкружалі яго, датыкаючыся да цела. — Гэта ўсё Дубатоўк, — сказаў ён панура. — Палац Яноўскіх павінен быў перайсці да Гарабурды, але Гарабурда вельмі запазычыўся Дубатоўку. Ніхто пра гэта не ведаў, акрамя нас, людзей Дубатоўка. Мы пілі ў яго, і ён даваў нам грошы. А сам ён марыў пра палац. Ён не жадаў нічога прадаваць адтуль, хоць палац каштаваў многа. Варона казаў, што, каб прадаць усе рэчы адтуль па музеях, можна было б атрымаць многа тысяч. Выпадак звёў іх з Варонай. Варона не жадаў спачатку забіваць Яноўскую, хоць яму і паказалі на дзверы. Але пасля таго, як з'явіўся Свеціловіч, згадзіўся і ён. Казка пра дзікае паляванне караля Стаха прыйшла Дубатоўку да галавы яшчэ тры гады таму. У Дубатоўка аднекуль ёсць прыхаваныя грошы, хоць жыве ён назнарок бедна. Ён наогул вельмі хітры, вельмі скрытны, вельмі хлуслівы чалавек. Самага разумнага абкруціць вакол пальца, такім мядзведзем прыкінецца, што далей няма куды. І вось ён паехаў да самай лепшай у нашай краіне стайні, да збяднелага за апошнія гады пана, і купіў усіх дрыкгантаў, а пасля перавёў іх да Яноўскай пушчы, дзе мы пабудавалі сховішча і стайню. Усіх здзіўляла, як гэта мы можам імчаць па дрыгве, дзе і кроку ступіць нельга. А ніхто не ведае, як мы плазавалі па Волатнай прорве, шукаючы патаемных сцежак. І адшукалі. І вывучылі. І імчалі па мясцінах, дзе сцежка была на локаць пад тванню, а з бакоў бездань. І, да таго ж, гэтыя коні — цуд! Яны бягуць на голас Дубатоўка, як сабакі. Яны чуюць багну і, калі трэба, робяць над месцамі, дзе сцежка перарываецца, вялізныя скачкі. І яшчэ: мы заўжды выязджалі на паляванне толькі ўночы, калі туман паўзе па зямлі. І ўсе таму лічылі нас прывідамі. А мы яшчэ і маўчалі заўжды. Гэта была рызыка. Але што ж нам было рабіць, падыхаць з голаду на чвэрці валокі? А Дубатоўк плаціў. І, да таго ж, мы не толькі даводзілі гэтым да вар'яцтва або смерці Яноўскую, мы яшчэ і вучылі нахабных хлопцаў, каб ведалі жах божы і не думалі пра сябе занадта многа. Дубатоўк праз Гарабурду прымусіў тады Кульшу выклікаць да сябе дзяўчыну, бо ведаў — бацька занепакоіцца. І мы падлавілі Рамана, перастрэлі яго. Ух, і гонка гэта была!… Уцякаў, як чорт… Але яго конь зламаў нагу. — Мы ведаем гэта, — з'едліва сказаў я. — Між іншым, Раман выдаў вас з галавою менавіта пасля смерці, хоць вы ягоным крыкам і не верылі. Не верылі яшчэ два дні таму, калі размаўлялі з Пацуком пасля забойства Бермана. У Стахевіча аж сківіца адвалілася. Я ўладна загадаў яму распавядаць далей. — Мы навялі жах на ўсё наваколле. Найміты згаджаліся на тую цану, якую даваў гаспадар. Мы сталі лепей жыць. А Яноўскую давялі да роспачы. І тут з'явіўся ты, Беларэцкі. Дубатоўк прывёз тады партрэт Рамана Старога нездарма. Каб не ты, яна была б вар'яткай праз тыдзень пасля гэтага. І тут пан Рыгор пабачыў, што памыліўся. Яна была вясёлай. Ты ўвесь час танцаваў з ёю. Дубатоўк назнарок запрасіў цябе, калі перадавалі справы апекі, каб ты пераканаўся, што яна бедная. Ён добра ўпраўляў маёнткам — гэта ж быў ягоны будучы маёнтак. Але беднасць Яноўскай на цябе не падзейнічала, і цябе вырашылі прыбраць. — Між іншым, — сказаў я, — я ніколі не думаў ажаніцца з ёю. Стахевіч невымоўна здзівіўся. — Але нічога. Ты ўсё адно перашкаджаў нам. Яна аджыла з табою. Між іншым, Дубатоўк сапраўды любіў Яноўскую. Яму шкада было яе знішчаць,і каб магчыма было абысціся без гэтага, ахвотна згадзіўся б. І цябе ён паважаў. Казаў нам заўжды, што ты сапраўдны чалавек, шкада толькі, што не згодзішся быць з намі. Тады, на баль, Дубатоўк прывёз Яноўскай стары ўбор, бо ён тых, хто не звык да яго, робіць непрыгожым. І сам здзівіўся, так гэта нечакана добра атрымалася. Словам, справы нашы ўскладніліся: трэба было ўбраць і вас, і Свеціловіча, які меў права на спадчыну і кахаў Яноўскую. Дубатоўк запрасіў вас да сябе, дзе Варона павінен быў вызваць вас на дуэль. Ён так добра разыграў усё гэта, што ніхто не падумаў, што не ён, а Дубатоўк быў натхніцелем справы, а мы тым часам разглядалі вас, бо трэба было добра запомніць ваш твар. — Далей, — кінуў я. Стахевіч завагаўся, але Міхал торкнуў яму злёгку віламі ў месца, адкуль растуць ногі. Марка паглядзеў вакол зацкаваным позіркам спадылба. — З дуэллю атрымалася глупства. Дубатоўк падпойваў цябе, але ты не п'янеў. Ды яшчэ выявіўся такім спрытным, што паклаў Варону, і ён сапраўды павінен быў пяць дзён праляжаць у ложку. — А як вы маглі адначасова быць у хаце і гнацца тады за мною? — За абсадай Дубатоўкавай хаты чакалі другія, навічкі. Мы думалі іх спачатку пусціць па слядах Свеціловіча, калі цябе заб'юць, але Свеціловіч сядзеў з намі да наступнага дня, а Варона быў паранены. Іх пусцілі за табою. Дубатоўк дагэтуль не можа дараваць сабе, што па тваіх слядах пусцілі гэтых саплякоў. Каб не гэта — ты б ад нас не ўцёк нізавошта. І, да таго ж, мы думалі, што ты ішоў па дарозе, а ты рушыў пусткаю ды яшчэ прымусіў страціць час перад балотнай лагчынай. Пакуль сабакі натрапілі на след — было ўжо запозна. І дагэтуль мы не ведаем, як ты ўслізнуў тады ад нас, спрытняга! Але ведай, спаймалі б — не пашчасціла б табе. — А чаму рог спяваў убаку? І яшчэ, дзе гэтыя навічкі зараз? Стахевіч павагаўся: — На паляўнічым розе граў адзін з нас, які ехаў нездалёк. А навічкі — вось яны, тут, ляжаць на зямлі. Нас было раней менш. І мы вялі з сабой коней з пудзіламі ў сядле. А частка маладых пайшла да Халоднай лагчыны Мы думалі, што ты там адзін, разам са сваім Рыгорам, вартуеш. Але мы не спадзяваліся, што вас тут — армія. І вось дорага заплацілі за гэта. Вось яны ляжаць: Пацук, Ян Стыровіч, Паўлюк Бабаед. І нават Варона. Ты пазногця ягонага не варты. Разумны быў Варона, а таксама не мінуў божага суда. — Нашто вы падкінулі мне запіску пра тое, што паляванне караля Стаха прыходзіць уначы? — Што ты, што ты, — захітаў Стахевіч галавою, — здані не падкідваюць запісак. Мы на такую дурасць не пайшлі б. «Гэта, напэўна, Берман зрабіў», — падумаў я, а ўголас сказаў: — А мяне гэтая запіска пераканала ў тым, што вы не здані, якраз у той момант, калі я пачынаў гэтаму верыць. Падзякуйце за гэта невядомаму дабрадзею, бо са зданямі я наўрад ці адважыўся б змагацца. Стахевіч збялеў і, ледзь варушачы сківіцамі, кінуў: — Гэтага чалавека мы б раздзёрлі на кавалкі. А вас я ненавіджу, нягледзячы на тое, што не мая сіла. І я буду маўчаць. Рука Міхала схапіла палоннага ззаду за шыю і націснула за вушамі. — Кажы. Іначай мы цябе тут… — Добра. Ваша сіла… Радуйцеся, хлопцы… А мы вас таксама правучылі. Няхай хто даведаецца, куды галоўныя крыкуны падзеліся з вёскі Яркі, якую пан Антось Духвіца з зямлі сагнаў? Спытайце ў каго, можа, і даведаецеся. Шкада, што Дубатоўк не загадаў вас удзень падсцерагчы і застрэліць. А гэта ж лёгка было зрабіць, асабліва калі вы да Кульшаў ішлі, Беларэцкі. І я вас нават бачыў тады. Мы яшчэ тады зразумелі, што вы шворку на нашу шыю згатавалі. Кульша старая, хоць і вар'ятка, але магла пра нас нешта рэкнуць. Яна пачала здагадвацца, што была нашай зброяй у дзень забойства Рамана. Давялося яе тады толькі аднойчы з'яўленнем дзікага палявання настрашыць. Галава была слабая, адразу вар'яткай стала. Я аж кіпеў ад усіх тых агідных учынкаў, ад усіх паскудстваў, пра якія распавядаў мне гэты чалавек. Толькі тут бездань шляхецкага падзення адкрылася мне. І я згадзіўся з Рыгорам, што гэту пароду трэба знішчыць, што яна пачала смярдзець на ўвесь свет. — Далей, паскуднік!… — Калі мы даведаліся, што Рыгор згадзіўся шукаць разам з вамі, мы зразумелі, што нам будзе вельмі дрэнна. Тут я ўпершыню пабачыў, як Дубатоўк спалохаўся. Ён аж жоўты зрабіўся. Трэба, кажа, канчаць, і не дзеля багацця, а дзеля ўласнай шкуры. І мы з'явіліся тады да палаца. — Хто гэта крычаў тады? — сурова спатаў я. — Хто крычаў, таго больш няма. Вось ён ляжыць… Пацук… Стахевіч відавочна пацяшаўся, распавядаў пра ўсё з гонарам, хвацка і зухавата, з такім заліхвацкім маладзецтвам, быццам вось-вось «Баладу» Рубінштэйна заспявае, але я добра бачыў, што ён баіцца, хоць добра валодае сабою. — Ды і я магу амаль так крычаць. І ён закінуў галаву — жылы надуліся на яго шыі — і пачаў забіраць то вышэй, то ніжэй. Апошні раз я пачуў крык дзікага палявання: нялюдскі, жахлівы, дэманскі. — Раман! — рыдаў і галасіў голас. — Раман! Раман! Авой! Помста! Мы адпачнём! Раман у дваццатым калене, выходзь! Голас яго пакаціўся над Волатавай прорвай кудысьці далёка, пачаў пераклікацца з рэхам, запоўніў сабою ўвесь абшар. У мяне мароз пайшоў спіною. І Стахевіч зарагатаў: — Ты не выйшаў тады, Беларэцкі. Нічога, на тваім месцы другі здох бы з жаху. Мы спачатку падумалі, што ты спудзіўся, але на другі дзень здарылася амаль непапраўнае. Свеціловіч нарваўся на Варону, які ездзіў для вярбоўкі новых паляўнічых і спазніўся. І гэта было якраз ля сцежкі, што вядзе ў пушчу, да нашай схованкі. А пасля мы прасачылі, што ён сустрэўся з табою, Беларэцкі, у лесе. І хоць ён не сказаў табе гэтага пакуль што, мы разумелі — яму нельга даць ані гадзіны жыцця. Палову людзей накіравалі да трох хвояў. Дубатоўк даслаў Свеціловічу ліст і выбавіў з хаты. А пасля з паловаю людзей, з трыма старымі хлопцамі і навічкамі, паехалі да Балотных Ялін. Сам Дубатоўк спешыўся тады і падкраўся да цябе ззаду. Але ты паспеў ужо даць некалькі стрэлаў, і нашы неабстраляныя кампаньёны кінуліся ўцякаць. І яшчэ адно дзіва: ты наклаў у патыліцу Дубатоўку і так даў яму, што ён дагэтуль не сядае на каня, сядзіць дома. Дома ён і сёння, так што ты сцеражыся, хлоп. А цябе, Беларэцкі, ён добра тады абкруціў. Ты і ачуняць не паспеў, а ўжо яго падсаджваў на каня. Затое з Свеціловічам нам пашанцавала. Варона дачакаўся яго, спытаў коратка: «Адкрыў дзікіх паляўнічых?» Той толькі плюнуў у бок Вароны. Тады Варона стрэліў. І тут з'явіўся ты, страляў па нас, аднаму прастрэліў руку. А пасля ты пабіў станавога, а пасля цябе выклікалі ў павет не без нашай дапамогі. Ты, напэўна, не ведаеш, што цябе павінны былі заарыштаваць, а пасля забіць па дарозе «пры спробе ўцячы». Але ты быў занадта спрытны, д'ябал, табе пашанцавала, і ліст губернатара прымусіў суддзю адмовіцца дапамагаць нам. Ён на каленях маліў Дубатоўку, каб цябе хутчэй застрэлілі. Дарэчы, Варона чакаў тады Свеціловіча пад дрэвамі, страляў па ім і ўжыў такую хітрасць, якой ты ніколі не адгадаеш. — Чаму не, — раўнадушна сказаў я. — Дубатоўк выдраў з часопіса ў Яноўскай некалькі аркушаў, і з іх зрабілі клак. Вы думалі, што я, калі выб'юся жывым з вашых лап, грунтуючыся на гэтым, буду падазраваць Бермана. Скручаныя, падобныя на кіпцюры пальцы Стахевіча драпалі сабе грудзі. — Д'ябал! — ледзь прахрыпеў ён. — Не трэба было нам звязвацца з табою. Але хто думаў? Вось яны, не думаючыя, ляжаць тут зараз, як торбы з дзярмом, нінавошта не вартыя. Пасля зноў пачаў гаварыць: — І вось яшчэ наша памылка. Глядзелі за табою, а за хлопамі пакінулі глядзець, за Рыгорам пакінулі. А яны дабраліся да нас, да схованкі, да патаемных сцежак… І нават ля крыжа Рамана табе пашанцавала, мы забілі кураня, выпусціўшы цябе з лап. Забілі на скаку, не спыняючыся. Кокнулі — і далей. І пасля толькі пайшлі праверыць. І нават тут нарваліся на цябе, як дурні. А пасля знікнуў Гарабурда, і мы вырашылі не вяртацца ў гэтую ноч дахаты, перш чым не здабудзем цябе. Вось і здабылі… — Хопіць, — сказаў я. — Слухаць брыдка. І хоць ты варты пятлі — мы не знішчым цябе. Мы далі слова. Пасля мы разбяромся і, калі ты будзеш вельмі вінен, перадамо цябе ў губернскі суд, а калі не — выпусцім. Я не паспеў сказаць гэта, як Стахевіч раптам адштурхнуў двух мужыкоў, вырваўся і з надзвычайнай хуткасцю пабег да коней. Вартавому ён даў нагою ў жывот, ускінуў цела ў сядло і з месца ўзяў намётам. На хаду ён павярнуўся і здзекліва крыкнуў: — Чакай яшчэ губернскага суда! Я зараз да Дубатоўка, ён на вас, хлопцы, усю шляхту ваколіцы падыме. Вас тут на месцы пакладуць. І табе, хамло сталічнае, не жыць, і шалаве тваёй таксама. А ты, дурны Міхал, ведай, гэта я твайго брата нядаўна стаптаў. Тое самае і табе будзе. Міхал павёў у паветры руляй доўгай стрэльбы і, не цэлячыся, націснуў на спуск. Стахевіч моўчкі, быццам так трэба было, кульнуўся з сядла, абаранкам некалькі разоў перавярнуўся на зямлі і заціх. Міхал падышоў да яго, узяў за аброць каня і стрэліў Стахевічу проста ў лоб. Пасля ён сурова сказаў мне: — Ідзі наперад, атаман. Няўчасна ты з імі добры стаў. Дабрыню прэч. Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле. Ідзі, мы цябе дагонім. Ідзі па дарозе, да Халоднай лагчыны. І не павяртайся. Я пайшоў. І сапраўды, якое я меў права міндальнічаць з імі. Каб гэты здраднік дабраўся да Дубатоўка — яны б усё наваколле залілі крывёй. А Дубатоўка трэба хутчэй узяць. Трэба ўзяць сёння ж уначы. Ззаду пачуліся стогны і лямант. Там дабівалі параненых. Я паспрабаваў павярнуцца — і не мог. Шчыпала ў глотцы. Але хіба яны не зрабілі б з намі яшчэ горшага? Дагналі яны мяне на палове дарогі да лагчыны. Імчалі на дрыкгантах з віламі ў руках. — Сядай, атаман, — дабрадушна сказаў мне Міхал. — З гэтымі скончылі. А прорва-матухна не раскажа нікому. Вось як з імі… Я зусім спакойна адказаў: — Ну і добра. А зараз хутчэй да Рыгора. Пасля, разам з ім, пойдзем на дом Дубатоўка. Мы дамчалі да лагчыны ў вокамгненне і там таксама заспелі самы канец трагедыі. Рыгор і два дзесяткі мужыкоў збіліся ў лагчыне. Рыгор стрымаў слова, хоць са спайманымі ўдзельнікамі палявання не ўчынілі расправы, як з канакрадамі, а проста забілі. Перад Рыгорам ляжаў на спіне апошні з жывых: зусім маладзенькі шляхцюк. Я так і кінуўся да іх. А той, пазнаўшы па маёй вопратцы, што я не селянін, раптам закрычаў: — Матулька! Матулька! Мяне забіваюць! — Рыгор, — узмаліўся я. — Не трэба, ён зусім яшчэ малады: І я ўчапіўся ў яго плячо, але тут мяне схапілі ззаду за рукі. — Прэч! — гаркнуў Рыгор. — Бярыце яго! Боўдур! А яны дзяцей з Яркоў шкадавалі? Тыя з голаду здыхалі… з голаду! Чалавек есці, па-твойму, не мае права?! У яго матулька! А ў нас матулек няма?! А ў Міхалавага брата не было матулькі? А ў цябе яе няма, што ты такі добры?! Слюнцяй! А ты ведаеш, што гэты вось «хлопчык малады» сёння Сымона, Зосьчынага брата, застрэліў! Нічога, мы ім зараз учынім, як у песні, «Ваўкалакаву ноч». І Рыгор, павярнуўшыся, з сілаю ўсадзіў вілы ў тое, што ляжала на зямлі. Я адышоў убок і сеў на кукішкі. Мяне пачало ванітаваць. І я не адразу пачуў, як Рыгор, калі забітых пакідалі ўжо ў багну, падышоў і ўзяў мяне за плечы: — Дурань ты, дурань… Ты думаешь, мне не шкада? Сэрца крывёю абліваецца. Спаць спакойна, здаецца, ніколі ў жыцці не змагу. Але цярпець дык цярпець, а калі пачалі ўжо — дык да канца. Каб ніводнага не пакінуць, каб толькі мы адны, пад кругавой парукай, ведалі. «Малады»! Ты думаеш, не вырасце з гэтага маладога стары гад? Вырасце. Асабліва пры ўспамінах аб гэтай ночы. Так будзе нашага брата, хлопа, шкадаваць, што дзіву дасіся… Пусці яго — суд сюды з'едзецца. Мяне з табою — у пятлю. Міхала і астатніх — на катаргу. Крывёю наваколле зальюць, шмагаць будуць так, што мяса з задніц шматкамі паляціць. — Я разумею, — адказаў я. — Трэба, каб ніводны з іх не ўцёк. Я толькі што Свеціловіча ўспомніў. Трэба, браце, падавацца да апошняга з жывых, да Дубатоўка. — Добра, — ласкава прабурчаў Рыгор. — Вядзі. І атрад рушыў за мною ў бок дома Дубатоўка. Мы ляцелі намётам, і коні імчалі так, як быццам за намі гналіся ваўкі. Месяц цьмяна асвятляў нашу кавалькаду: кажухі мужыкоў, вілы, змрочныя твары, пудзілы на некаторых конях. Нам давялося агінаць балота вакол Яноўскай пушчы. Мы даволі доўгі час марудзілі там, пакуль перада мною не ўзніклі верхавіны ліп ля дома Дубатоўка. Месяц заліваў іх мярцвячым святлом, і, нягледзячы на позні час, пад ліпамі міргалі тры ружовыя агеньчыкі. Я загадаў людзям спешыцца сажнях у пяцідзесяці ад дома і акружыць яго плотным колам. Паходні трымаць у руках і быць гатовымі па сігналу запаліць іх. Загад выканалі моўчкі. Сам я пералез праз нізенькую агароджу ў сад і пайшоў між радамі амаль ужо голых яблынь, залітых мігатлівым святлом месяца. — Хто з коньмі? — спытаў я ў Рыгора, які ішоў за мною. — Хлопец адзін. Ён, у выпадку чаго, сігнал нам дасць. Свішча надта ўжо добра. Проста салавей-разбойнік: коні на калені падаюць. Мы краліся далей, і боты нашы мякка ступалі па мокрай, ільснянай, як мак, зямлі. Я падышоў да акна: Дубатоўк быў у пакоі і нервова хадзіў з кута ў кут, часта пазіраючы на вісячы гадзіннік. Я ніколі не бачыў такога твару. Гэта быў другі Дубатоўк, і тут, сам-насам з сабою, вядома, сапраўдны. Куды падзеліся дабрыня, памяркоўнасць, ружовы твар каляднага дзеда. Гэты твар быў жоўты, з моцна апушчанымі кутамі рота, з рэзкімі зморшчынамі ля носа. Вочы запалі, глядзелі мёртва і змрочна. Я жахнуўся, пабачыўшы яго, як жахаецца чалавек, які праспаў ноч у ложку і толькі ранкам знайшоў у ім змяю, якая залезла туды для цеплыні. «Як я мог быць такім бестурботным?» — з жахам падумаў я. Не, з ім трэба было канчаць. Ён сам — больш небяспечны, чым дзесяць дзікіх паляванняў. Добра, што я пазбавіў яго тады на некаторы час магчымасці ездзіць верхам, іначай мы б не выкруціліся. Ён бы не паехаў проста на кулі, ён бы не драбніў атрад, ён бы раздушыў нас з Рыгорам, як кацянят, капытамі сваіх коней, і зараз мы ляжалі б недзе на дне прорвы з выкалатымі вачыма. — Дасылай сюды, Рыгор, чалавек сем. Яны будуць выбіваць дзверы тут, вы — з параднага ўвахода, а я паспрабую ададраць дошку ў імшаніку і кінуцца на яго. Толькі ўсім адразу. — А можа, паспрабаваць выдаць сябе за паляванне, пастукаць у акно і, калі адчыніць, схапіць. Сваякоў ён на гэтую ноч адаслаў, сам у доме, — прапанаваў Рыгор. — Нічога не атрымаецца. Гэта хітры ліс. — А ўсё ж паспрабуем. Разумееш, крыві шкада… — Глядзі, хлопча, каб горш не было, — пакруціў я галавою. Коней падвялі да дома. Людзі мае загаманілі. Я з радасцю пабачыў у акно, што твар пана Рыгора прасвятлеў, як быццам ён дачакаўся нарэшце. Ён пайшоў са свечкаю да дзвярэй, але раптам спыніўся, непаразуменне адбілася на яго твары. У той самы момант ён дзьмухнуў на свечку, і пакой патануў у цемры. Справа зрывалася. — Хлопцы! — крыкнуў я. — Акружайце дом. Пачуўся тупат бягучых ног, воклікі. З двух бакоў пачалі ламаць дзверы, біць у іх цяжкім. А з мезаніна адначасова прагучаў стрэл. І адразу за стрэлам пачуўся з вышыні нялюдскі ад ярасці голас: — Абклалі, сабакі. Чакайце! Шляхта так не здаецца!… З другога акна мезаніна вылецеў сноп агню. Дубатоўк, відаць, перабягаў ад акна да акна, страляючы ва ўсе бакі па падступаючых людзях. — Ого, ды ў яго там цэлы арсенал, — ціха сказаў Рыгор. Словы яго перарваў яшчэ адзін стрэл. Малады хлопец поруч са мною пакаціўся па зямлі з прабітай галавою. Дубатоўк страляў лепш за лепшага паляўнічага-палешука. Яшчэ стрэл. — Прыціскайцеся да сцен! — крыкнуў я. — Там кулі не дастануць. Кулі нашых хлопцаў, што стаялі за дрэвамі, адбівалі трэскі ад бярвенняў мезаніна, пырскалі атынкоўкай. Але зразумець, у якім акне з'явіцца Дубатоўк, было нельга. Перамога наша абяцала быць Піравай. — Андрэй! — грымеў голас Дубатоўка. — Ты таксама атрымаеш сваё. Па маю душу прыйшлі, д'яблы — аддасцё свае душы! — Паходні паліце, — крыкнуў я. — Кідайце іх на дах. У той самы момант палыхнулі вакол дома тры дзесяткі агнёў. Некаторыя з іх, апісаўшы ў паветры паўкола, падалі на дах і, распырскваючы вакол сябе смалу, паступова пачыналі працягваць языкі полымя да акон мезаніна. У адказ на гэта пачуўся роў. — Сорак на аднаго! Ды і то агнём карыстаецеся! Высакароднасць!… — Маўчы! — крыкнуў я. — А на адну дзяўчыну дваццаць коннікаў выпускаць высакародна?! Унь яны, твае коннікі, зараз у багне ляжаць. І ты там будзеш. У адказ ля маёй галавы цокнула аб атынкоўку куля. Дом Дубатоўка палаў. Жадаючы быць далей ад сценкі, я мятнуўся да дрэў і ледзь не ўпаў: куля караля Стаха праспявала ля майго вуха. Нават валасы заварушыліся. Полымя ахапіла мезанін. Я ўскінуў рэвальвер і адначасова стрэліў. Дубатоўк дзіка завыў. Полымя заглядвала ў мезанін, і там, у агні, самі пачыналі страляць загадзя зараджаныя стрэльбы. Мы супакоіліся і зусім былі адышлі ад дома, які ператварыўся ў суцэльную свечку, калі раптам голас хлопца ля коней устрывожыў нас. Мы глянулі ў той бок і ўбачылі Дубатоўка, які вылез з закінутага сутарэння сажняў у пяцідзесяці ад дома. — А-ах, — прарыпеў зубамі Рыгор. — Забылі, што ў лісіцы ў нары заўжды другі ход ёсць. А Дубатоўк, пятляючы, бег у напрамку да Волагавай прорвы. Правая рука яго вісела. Відаць, я ўсё ж пачаставаў яго. Ён бег з хуткасцю, нечаканай для яго таўшчыні. Я стрэліў з рэвальвера — далёка. Цэлы залп вырваўся са стрэльбаў маіх людзей — хоць бы што. Дубатоўк прабег невялікі паплавок, з маху кінуўся ў балота і пачаў скакаць па купінах, як коннік, з такой хуткасцю, што ў вачах мільгацела. Апынуўшыся на бяспечнай адлегласці,ён пагразіў нам кулаком. — Трымайцеся, пацукі!… — даляцеў да нас ягоны страшны голас. — Ніводнаму з вас не жыць. Шляхецтвам, імем, крывёю сваёй клянуся — выражу вас разам з дзецьмі. Мы былі ўражаны. Але ў гэты момант свіст такой сілы, што ў мяне забалела ў вушах, аддаўся над балотамі. Я глянуў у той бок і пры святле пажара ўбачыў, як хлопец торкнуў аднаму каню проста пад хвост калючы сухі бадзяк. Зноў свіст… Статак дзіка гігатаў. Коні ставалі дыбам. Зразумеўшы план гэтага юнака, мы кінуліся да дрыкгантаў і пачалі сцябаць іх. У наступны момант ахоплены панікаю статак памчаў да Волатавай прорвы. На некаторых конях яшчэ сядзелі постаці фальшывых паляўнічых. Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч. Коні імчалі як шалёныя. Дубатоўк, відаць таксама зразумеў, чым гэта пахне, і, азваўшыся шалёным крыкам, пабег з хуткасцю роспачы балотнай сцежкай. Ён бег, а коні за ім, прывучаныя да гэтага тым, хто зараз уцякаў ад іх. Мы бачылі, што шалёна імчала дзікае паляванне караля Стаха, пазбаўленае коннікаў. Развяваліся ў паветры грывы, твань ляцела з-пад капытоў, і зорка гарэла над галовамі коней. Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар'яцелыя коні збочылі таксама. Крык, споўнены смяротнага жаху, даляцеў да нас: — Ратуйце! О, кароль Стах!… У той самы момант ногі ягоныя з маху ўскочылі ў бездань, а коні наздагналі яго і пачалі правальвацца. Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў. Забулькацела, загаварыла дрыгва. — Кароль Стах!… — даляцела да нас. Пасля нешта вялізнае заварочалася ў глыбіні, глытаючы ваду. Пасля коні і чалавек зніклі, і толькі вялікія булькі засіпелі на паверхні. Як свечка, палаў палац апошняга «рыцара», рыцара начных разбояў і воўчага сонца. Мужыкі ў вывернутых кажухах і з віламі ў руках стаялі вакол дома, залітыя чырвоным трывожным святлом. РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ Я з'явіўся дадому брудны, стомлены і, калі вартаўнік адчыніў мне дзверы, адразу прайшоў да сябе. Нарэшце ўсё было скончана, нарэшце раздушылі чыгунную дзікую сілу. Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне. Дзіўным было маё абуджэнне, хоць і нельга было назваць абуджэннем мой стан. Яшчэ ў сне я адчуваў, што нешта цяжкае, вельмі нядобрае робіцца вакол, што ў пакоі гусцее цень нейкай невымоўнай, апошняй бяды. Быццам нехта сядзеў у мяне на нагах, так наліліся яны цяжкім. Я адкрыў вочы і пабачыў смерць пад руку з Дубатоўкам, які смяяўся. І я разумеў, што яны ў сне, што вочы я адкрыў у сне, што бяда па-ранейшаму жыве ў гэтым пакоі, рухаецца, што яна ўсё набліжаецца і набліжаецца. Балдахін навісаў, плыў на мяне, душыў, і кутас яго вісеў проста перад маімі вачыма. Сэрца шалёна калацілася. Я адчуваў, што невядомае ідзе на мяне, што яго цяжкія крокі гучаць на пераходах, і я адчуваў, што я быў слабы, бездапаможны, што ўся мая сіла зараз дарэмная, што нейкае дурное страшыдла зараз схопіць мяне, або нават не мяне, а яе, і хрупнуць тонкія, слабыя яе костачкі. А я буду толькі глядзець. Я круціў галавою і мыкаў, не ў змозе адбіцца ад кашмарнага цяжкага сну. І раптам полымя свечкі пацягнулася да столі; стала чэзнуць, чэзнуць, знікаць і згасла нарэшце, знясіленае барацьбою з цемрай. Я глянуў на дзверы — яны былі прыадчынены. Зноў цяжкі кашмар. Месяц распляскаў святло па сценах пакоя, паклаў квадраты на падлогу, блакітным туманом курыўся ў праменнях дымок ад згаслай свечкі. Застагнаў, не маючы змогі варухнуцца. І раптам пабачыў два вялікія бессэнсоўныя вокі, якія глядзелі на мяне з-за парцьеры. Гэта было жахліва! Я хітнуў галавою: твар жанчыны глядзеў на мяне. І яшчэ каб вочы яе глядзелі, а то яны ўтаропіліся кудысьці за мяне, быццам бачылі мяне наскрозь і ў той жа час не заўважалі. Пасля невядомая істота паплыла да мяне. Я глядзеў на яе, на Блакітную Жанчыну Балотных Ялін, і валасы мімаволі ўставалі дыбарам на маёй галаве, хоць я і не ведаў, ява гэта ці сон, сон майго знясіленага цела. Гэта была яна, жанчына з партрэта, падобная на Надзею Яноўскую і адначасова зусім не падобная: даўжэйшы твар, спакойны, як смерць, зусім не той выраз на ім, постаць больш высокая і моцная. І вочы глядзелі мёртва і пранікнёна, глыбокія, як вір. Блакітная Жанчына плыла. Вось яна ў сваім дзівосным блакітным уборы, які зіхацеў пераліўчатымі хвалямі пад туманным святлом месяца, выплыла на сярэдзіну пакоя, выцягнула рукі, мацаючы імі паветра. Я адчуваў, што канчаткова прачнуўся, што ногі мае скутыя, што дзівосная здань рухаецца да мяне, цягне свае рукі. «Што здарылася з гаспадыняй, можа, яна мёртвая зараз, нездарма ж такі невымоўны жах ахапіў маю істоту толькі што, у сне?» Гэтая думка надала мне сілы. Я збіў нагамі коўдру, прыгатаваўся да нападу і, калі яна падплыла бліжэй, схапіў яе проста за выцягнутыя рукі. Адна мая рука трапіла ў нейкі, унікаючы пальцаў, флёр, другая моцна схапіла за штосьці невымоўна тонкае, слабае і цёплае. Моцна ірвануў яе на сябе, пачуў крык і зразумеў сутнасць з'явы, калі пабачыў, як грымаса жаху зноў села на твар, як у вачах, быццам абуджаных ад сну, з'явіўся асэнсаваны агеньчык, выраз болю, трывогі і яшчэ чагосьці, што бывае ў вачах сабакі, які чакае ўдару. Блакітная Жанчына закалацілася ў маіх руках, не здольная ад нечаканасці сказаць ані слова, а пасля сутаргавае рыданне вырвалася з яе вуснаў. І схожасць, новая схожасць гэтай істоты з Надзеяй Яноўскай была такой моцнай, што я, не памятаючы сябе, крыкнуў: — Надзея Раманаўна, супакойцеся! Што вы, дзе вы?! Яна і слова не магла сказаць. Пасля жах споўніў яе зрэнкі. — А! — крыкнула яна коратка і спуджана і затрэсла адмоўна галавой. Абуджаная з самнамбулічнага стану, яна яшчэ нічога не разумела, толькі жах поўніў яе маленькае, дрыжачае, як кацяня, сэрцайка. І нязнаны жах споўніў і мяне таксама, бо я ведаў, што ад такога раптоўнага спуду людзі часта вар'яцелі або заставаліся нямымі. Я не ведаў, што я раблю, як мне ратаваць яе ад гэтага, і стаў укрываць пацалункамі яе духмяныя доўгія валасы, спуджана дрыжачыя павекі, халодныя рукі. — Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Любая! Пяшчотная! Не бойся, я тут, я з табою, я знішчыў караля Стаха! Ніхто ўжо не парушыць твой добры ласкавы спакой! Павольна, вельмі павольна вярталася да яе прытомнасць. Зноў адкрыліся вочы. І я паступова пакінуў цалаваць яе, хоць гэта было цяжэй за смерць. — Што гэта? Што за пакой? Чаму я тут? — прашапацелі вусны. Я ўсё яшчэ трымаў яе ў абдоймах, танюткі сітняг, без якога я, моцны, адразу зламаюся. Я трымаў яе, бо ведаў: пакінь — і яна ўпадзе. А ў вачах яе між тым плескануўся такі жах, змешаны з такой вар'яцінкай, што я пашкадаваў, нашто я абудзіў яе ад гэтага. — Надзея Раманаўна! Супакойцеся, калі ласка! Не трэба больш, усё-ўсё будзе добра, светла для вас на зямлі. Яна не разумела. Чорны цень поўз аднекуль з кута да яе (відаць, хмара засноўвала месяц), і яна глядзела на яго, і зрэнкі, і вочы яе ўсё шырыліся, шырыліся, шырыліся. Вецер раптам загрукацеў недзе напаўадарванай аканіцай, завыў, заскуголіў у коміне. І гэта было так неймаверна падобна на далёкі грукат капытоў дзікага палявання, на нялюдскі крык: «Раман! Раман! Выходзь!» Гэта было так падобна на ўсё гэта, што я здрыгануўся. А яна раптам закрычала, прыціснулася да мяне так, што я адчуваў яе грудзі, калені пад тонкім флёрам, учапілася за мяне, і я, падначалены нястрымнаму жаданню, прыціснуў яе ўсю да сябе. — Клятыя грошы. Клятыя грошы! Забярыце, забярыце мяне адсюль, забярыце!… Моцны, вялікі чалавек мой, уладар, забяры мяне адсюль! Тут так жахліва, так холадна, так змрочна! Я не жадаю, не жадаю паміраць… Я перанёс яе на ложак, лёгкую, як дзіця. «Капыты» ўсё яшчэ грукацелі за акном. Яна так учапілася ў мае рукі, што я адчуў сапраўдны боль. — Забярыце, забяры мяне!… Я не магу, я не магу. І ўсё прыціскалася да мяне, лавіла мой позірк, хавалася за мае грудзі. Я адварочваў твар, я задыхаўся. Але я не мог. Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек не вытрымаў. Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль. Месяц схаваўся за домам, апошнія адбіткі яго праменняў падалі на яе твар, на радасныя спакойныя вочы, якія глядзелі ў змрок. Амаль рыдаючы ад шчасця, якое заўжды валодае першым і першай, калі ніхто раней не кранаўся так тварам да тваёй рукі, я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая,магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго, быць падобнай чымсьці на тую, у Кульшавым доме. Гэтага не будзе. Пяшчотай, вечнай удзячнасцю, дабрынёй — я зраблю так, што знікне яе самнамбулізм. Ніводнага крыўднага, ніводнага чэрствага слова не скажу я ёй. Хіба не вянчаў нас нясцерпны жах, чаканне смерці, агульнае жаданне звычайнай цеплыні? Хіба не рызыкавалі мы адзін для аднаго? Хіба не ўзяў я яе, як найвялікшае шчасце, на якое не спадзяваўся? РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ Вось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца. І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай. Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё. — Што ты думаеш рабіць з гэтым? — спытаў я. Яноўская знізала плячыма, як ад марозу: — Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. — І горка ўсміхнулася: — Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг… І дзеля чаго? Жменька золата… Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём!… Я абняў яе за тонкія плечы: — Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго. Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах. І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана. Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі. Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы. Я скочыў з воза. — Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца? — Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое. Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку. — Гэта вам, Надзея Раманаўна… Можа, паставіце дзе… успамінаць будзеце… Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага. — Будучай жонцы тваёй. Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою. — Бывайце вы… Бывайце, лепей, хутчэй… А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба… Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі. Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы. — Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб'е цябе. Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах. — Го, няхай паспрабуе!… І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся. — Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства — лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым. — І я веру ў гэта, — проста сказаў я. Калі мы ад'ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін!… Мы праехалі лясы праз дзень, таксама на світанні. Тут толькі я зразумеў, якая была розніца паміж яноўскім наваколлем і гэтай зямлёй. Мокрая высокая трава, сонца, радасць… І над чыстымі хаткамі бусліныя вялізныя гнёзды і блакітная цішыня. Гэта была новая, зусім іншая Беларусь. Там-сям стаялі на рэчках сукнавальні — зусім іншая эпоха, іншыя звычаі. Як жа павінна была глядзець на гэта мая жанчына з васемнаццатага стагоддзя, калі нават я за гэтыя тыдні забыў усё гэта!… Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былі шырока і шчасліва раскрытыя, яна прыціскалася да мяне і часам перарывіста ўздыхала, як дзіця пасля слёз. Мне вельмі хацелася, каб ёй было яшчэ лепш. І я часам нахіляўся і цалаваў яе тонкую руку. Непакоіла мяне ў той час, ды і пазней, толькі яе хвароба. Таму я наняў на ўскраіне горада маленькую хатку з садам. Урачы сказалі, што гэта пройдзе ад спакойнага жыцця. І сапраўды, гэта прайшло, калі яна пражыла са мною два месяцы і сказала, што ў нас будзе дзіця. Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляўся гэтаму, як сну. Нам было добра паўсюль, нават у Сібіры, куды я трапіў у 1902 годзе. Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці. Мы жылі доўга і шчасліва, як у песні: Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёю… Але яшчэ і зараз я часам бачу ў сне сівыя верасовыя пусткі, чэзлую траву на паверхні прорваў і дзікае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглі, моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў. Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная гострая зорка гарыць над іхнімі галовамі. У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха. Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага. Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне.