--------------------------------------------- Лондон Джек Мечаны (на белорусском языке) Джэк Лёндан Мечаны Пераклад: Уладзiмiр Чаркас Цяпер я не вельмi высокай думкi пра Стывена Макея, хоць быў час, калi я кляўся яго iмем. Я любiў яго некалi, як свайго роднага брата. А цяпер, калi давядзецца зноў сустрэцца з iм, я за сябе не ручаюся. У мяне проста ў галаве не месцiцца, як чалавек, з якiм я дзялiў харч i коўдру, з якiм перабiраўся на сабаках цераз Чылкуцкi перавал, мог зрабiць такую подласць. Я заўсёды лiчыў Стыва чэсным хлопцам, добрым таварышам, у натуры ў якога не было нi кроплi помслiвасцi цi злосцi. Не, больш нiколi не буду давярацца свайму ўменню разбiрацца ў людзях. Вы папытаецеся чаму? Таму, што я выхадзiў гэтага чалавека, калi ён трызнiў у тыфознай гарачцы, мы разам здыхалi ад голаду каля вытокаў Сцюарта, ён выратаваў маё жыццё на Малым Ласосе; i пасля ўсяго гэтага, пасля столькiх разам пражытых гадоў адно, што я магу сказаць пра Стывена Макея, - паганца такога я яшчэ не сустракаў. Мы выправiлiся на Кландайк восенню 1897 года ў час "залатой лiхаманкi", але выйшлi вельмi позна i не паспелi перабрацца цераз Чылкуцкi перавал да замаразкаў. Мы ўжо прайшлi кавалак дарогi, цягнучы на сабе наш рыштунак. Пайшоў снег. Мы вымушаны былi купiць сабак, каб прадоўжыць наша падарожжа на нартах. Так i трапiў да нас той самы Мечаны. Сабакi тады былi дарагiя, i за Мечанага мы заплацiлi сто дзесяць даляраў. На выгляд ён быў варты гэтых грошай. Я кажу "на выгляд", бо ён быў самы прыгожы сабака, якога я калi-небудзь бачыў на сваiм вяку. Важыў ён шэсцьдзесят фунтаў i меў усе якасцi добрага ездавога сабакi. Мы нiяк не маглi вызначыць яго пароду. Ён не быў нi лайкай, нi мэлмутам, нi эскiмоскiм сабакам; ён падобны быў на iх усiх i ў той жа час - нi на кога. Было ў iм нешта i ад эўрапейскага сабакi: на адным баку ў яго сярод жоўта-рыжых i папялiста-белых узораў красавалася чорная, быццам вугаль, лапiна велiчынёю з патэльню. За гэтую лапiну мы i далi яму мянушку Мечаны. Сабака быў сапраўдны прыгажун. Калi ён быў у форме, мускулы выпiналiся пад скурай. На ўсёй Алясцы не знайсцi было здаравейшага i разумнейшага на выгляд сабакi. Даволi было толькi зiрнуць на Мечанага, каб вызначыць, што ў запрэжцы ён зможа цягнуць за трох сабак адной з iм вагi. Можа, ён i мог, але ж я нiколi гэтага не бачыў. Розум яго скiроўваўся не на гэта. Вось красцi ён умеў дасканала. Мечаны вызначаўся адной вельмi агiднай асаблiвасцю: ён заўсёды ўгадваў, калi прадбачыцца работа, i заўсёды ўмеў уцячы ад яе. У яго быў нейкi незвычайны талент - своечасова згубiцца i своечасова знайсцiся. Але як толькi даходзiла да работы, Мечаны зусiм трацiў кемлiвасць i ператвараўся ў бездапаможную, дрыжачую, як кусок студзеня, скацiну, - сэрца аблiвалася крывёю ад жалю да яго. Iншы раз мне думаецца, што прычына гэтага зусiм не тупасць. Магчыма, Мечаны таксама, як i некаторыя людзi, якiх я ведаў у свой час, быў занадта разумны для таго, каб працаваць. Я не здзiўдюся, калi пры ўсёй яго кемлiвасцi, ён проста ашукваў нас. Магчыма, ён добра памеркаваўшы, вырашыў, што лепей няхай сяды-тады налупцуюць, чым штодзень працаваць, хоць i не лупцуюць. На такiя прыкiдкi ў Мечанага розуму хапiла б. Ведаеце, бывала, сяду, зiрну яму ў вочы i такiм розумам яны свецяцца, што ў мяне пачынаюць мурашкi па спiне бегаць i дрыжыкi бяруць. Нават не магу словамi выказаць, якiм розумам яны свяцiлiся. Гэта вышэй за ўсякiя словы. Я бачыў гэта - вось i ўсё тут. Глянуць Мечанаму ў вочы iншы раз было тое самае, што зазiрнуць у чалавечую душу. Тое, што бачыў я тамака, пужала мяне i нараджала ў маiм мозгу розныя думкi пра перасяленне душ i пра ўсякае глупства. Не паверыце, але я адчуваў нешта вельмi важнае ў вачах у гэтай жывёлiны; у iх была нейкая думка, якую мне было цяжка зразумець, бо я не дарос да яе разумення. Як бы там нi было (ведаю, што выстаўляю сябе на смех) гэтыя вочы збiвалi мяне з панталыку. Нават не магу прыблiзна вызначыць, што бачыў я ў гэтых вачах. Гэта не быў копер або святло: нешта рухалася ў той час, калi самi вочы аставалiся нерухомыя. Я дапускаю, што я, нават не бачыў, як яно рухалася, проста я адчуваў гэта. Выразнасць, экспрэсiя - вось што гэта было такое. I я не мог працiвiцца. Не, хутчэй гэта было нешта адметнае ад простай выразнасцi. Не ведаю дакладна, што гэта магло быць, але яно выклiкала пачуццё роўнасцi. Не сентыментальнага падабенства, не. Гэта было, хутчэй, пачуццё роўнасцi. Тыя вочы нiколi не прасiлi, як, напрыклад, вочы аленя. У iх быў выклiк. Не, гэта быў не ваяўнiчы выклiк, а проста сцвярджэнне роўнасцi. Не думаю, што сцвярджэнне рабiлася знарок: усё было натуральна. У яго паглядзе было штосьцi, штосьцi там свяцiлася. Нават не свяцiлася, а паяўлялася. Ведаю, што мялю лухту, але ж калi б вы зазiрнулi ў тыя сабачыя вочы так, як глядзеў у iх я, вы б усё зразумелi самi. Стыў у вачах Мечанага адчуваў тое самае. Аднойчы я паспрабаваў забiць Мечанага - карысцi ад яго не было нiякай. Але я не змог зрабiць гэтага. Я павёў яго ў кусты, а ён цягнуўся за мною паволi i неахвотна. Ён ведаў, што гэта ўсё значыла. Я спынiўся ў зручным месцы, наступiў на вяроўку i выцягнуў свой вялiкi кольт. Сабака сеў i глядзеў на мяне. Паверыце, ён не прасiў лiтасцi. Ён проста глядзеў. Я ўбачыў, што ў яго ў вачах паявiлася нешта недаступнае, iменна паявiлася. Я не бачыў гэтага, я адчуваў, што вочы ў Мечанага напоўнiлiся нечым недаступным для майго разумення. Я разгубiўся. Забiць яго было ўсё роўна, што забiць смелага чалавека, якi глядзеў спакойна ў дула пiсталета, нiбы пытаючыся: "Ну, хто з нас струсiць?" Ды яшчэ мне здавалася, што вось-вось я ўлаўлю ў яго ў вачах тое недаступнае. Замест таго каб нацiснуць на спускавы кручок, я анямеў, ловячы тое недаступнае. Яно было блiзка ад мяне, блiскала ў яго вачах. А потым забiваць было позна. Я спалохаўся. Мяне калацiлi дрыжыкi, зрабiлася млосна. Я бездапаможна апусцiў рукi i глядзеў на сабаку, а той глядзеў на мяне, пакуль я не адчуў, што вар'яцею. Хочаце ведаць, што я зрабiў? Я кiнуў пiсталет i пабег да лагера. Сэрца маё сцiснулася ад страху. Стыў смяяўся з мяне. Але праз тыдзень я прыкмецiў, як Стыў павёў Мечанага ў лес, пэўна, з тым самым намерам. Ён вярнуўся адзiн, а трошкi пазней за iм прыцягнуўся Мечаны. Як бы там нi было, але Мечаны нi за што не хацеў працаваць. Мы наскрэблi сто дзесяць даляраў, каб купiць яго, а ён адмаўляўся працаваць. Ён нават не хацеў нацягваць пастронкаў. Спачатку, калi Мечанага першы раз запрэглi, Стыў угаворваў яго, а сабака толькi крыху сцепануўся. Але пастронкаў так i не нацягнуў. Сабака спакойна стаяў, пахiстваючыся з боку ў бок. Тады Стыў сцебануў яго пугай, i сабака завыў - працяжна, па-воўчы. Гэта вывела Стыва з сябе, i ён сцебануў Мечанага некалькi разоў запар. Я не вытрываў, выбег з палаткi i кiнуўся да iх. Я сказаў Стыву, што ён быў вельмi жорсткi з Мечаным. Тут мы са Стывам крыху паспрачалiся, упершыню за ўвесь час нашага падарожжа. Ён кiнуў пугу на снег i адышоўся раззлаваны. Я падняў пугу i падышоў да санак. Не паспеў я махнуць пугаю, як Мечаны задрыжаў, захiстаўся i сцiснуўся ад страху, а пасля першага ўдару ён завыў, нiбы той грэшнiк у пекле. Потым ён павалiўся на снег. Я пагнаў астатнiх сабак, i яны пацягнулi яго за сабою. Я сцябаў яго пугаю. Мечаны перавярнуўся на спiну i шаргацеў па снезе, матляючы ў паветры ўсiмi лапамi i скавычучы, нiбы яго прапускалi праз мясарубку. Вярнуўся Стыў, пасмяяўся з мяне. Мне нiчога не заставалася, як папрасiць прабачэння за свае словы. Прымусiць Мечанага працаваць было немагчыма. Але ён быў самы вялiкi абжора, якога я калi-небудзь бачыў сярод сабак. Дый ён быў спрытны злодзей. Нам нiколi не ўдавалася перахiтрыць яго. Не раз мы снедалi без бекону, бо Мечаны ўмудраўся паснедаць раней за нас. Менавiта з-за яго мы ледзь не памерлi з голаду ў вярхоўi Сцюарта. Ён заўсёды знаходзiў спосаб прабрацца да нашых мясных запасаў, i чаго не мог з'есцi ён, даядала гуртам уся запрэжка. Мечаны краў усюды. Ён быў нястомны сабака, заўсёды дзелавiта соваў свой нос ва ўсе справы цi спяшаўся куды-небудзь з дзелавым выглядам. Не было вакол нiводнага лагера ў радыусе пяцi мiль, на якi Мечаны не ўчынiў бы набегу. Але горай за ўсё было тое, што людзi, у якiх краў Мечаны, знаходзiлi нас i патрабавалi заплацiць за яго "сталаванне", i гэта было справядлiва: такi закон у гэтых мясцiнах. Нам было вельмi цяжка, асаблiва ў першую нашу зiму на Чылкуцкiм перавале, калi мы зусiм збяднелi, выплачваючы за бекон i шынкi, якiх самi нiколi не елi. Мечаны мог i бiцца. Ён мог рабiць усё, толькi не працаваць. I вось гэты самы лянiвы сабака быў важаком усёй запрэжкi. Ён трымаў усiх сабак у пастаянным страху, i заўсёды было два цi тры сабакi са свежымi меткамi яго iклаў. Але Мечаны быў не проста забiяка. Ён не баяўся нiякай чатырохногай iстоты. Я бачыў аднойчы, як ён без дай прычыны кiнуўся на чужую запрэжку i раскiдаў усiх сабак. Я казаў ужо, якi ён быў абжора. Неяк застаў я яго, калi ён жор пугу. Слова гонару. Ён пачаў з кончыка, i, калi я ўбачыў гэта, ён ужо дабраўся да ручкi i не пераставаў грызцi. Але ж нягледзячы нi на што Мечаны быў прыгажун. У канцы першага тыдня мы прадалi яго за семдзесят даляраў атраду коннай палiцыi. Сярод iх былi вопытныя паганятыя, i мы думалi, што да таго часу, калi Мечаны пройдзе шэсцьсот мiль, да Доўсана, ён стане добрым запрэжным сабакам. Я кажу "мы думалi", бо наша знаёмства з Мечаным тады толькi пачыналася. Потым у нас не хапала смеласцi "думаць", калi гаворка iшла пра гэтага сабаку. Праз тыдзень ранiцай мы прачнулiся ад страшэннага шуму. Гэта вярнуўся Мечаны i наводзiў парадак сярод зграi. Магу вас запэўнiць, што снедалi мы без ахвоты. Але ж мы суцешылiся праз дзве гадзiны, калi зноў прадалi Мечанага афiцыйнаму кур'еру, якi кiраваўся ў Доўсан з урадавымi паперамi. На гэты раз Мечанаму спатрэбiлася толькi тры днi, каб вярнуцца назад. I, як заўсёды, сваё вяртанне ён адсвяткаваў бойкаю з сабакамi. Мы пераправiлi нашу амунiцыю цераз перавал, а потым памагалi ўсю зiму i вясну перапраўляцца ўсiм ахвотнiкам. На гэтай справе мы добра зарабiлi. Апрача ўсяго, мы "рабiлi грошы" на Мечаным. Мы прадавалi яго i не раз i не два, а ўсе дваццаць. Мечаны заўсёды вяртаўся да нас, але нiхто з пакупнiкоў не патрабаваў сваiх грошай назад. Дый нам гэтыя грошы былi непатрэбныя. Мы самi добра заплацiлi б таму чалавеку, якi памог бы нам збавiцца ад Мечанага. Але калi б мы аддавалi яго дарма, дык гэта здавалася б падазроным. Урэшце, у яго такi быў добры выгляд, што ў нас нiколi не было цяжкасцi яго прадаць. "Не аб'езджаны яшчэ", - казалi мы, i нам давалi за Мечанага вялiкiя грошы, не таргуючыся. Мы прадавалi яго сама мала за дваццаць пяць даляраў, а аднойчы атрымалi нават сто пяцьдзесят. Пераборлiвы суб'ект, якi купiў у нас Мечанага за сто пяцьдзесят даляраў, сам аддаў нам назад сабаку, адмовiўшыся ад сваiх грошай. Ён сказаў, што паўтары сотнi даляраў - гэта яшчэ даволi дзёшава за магчымасць выказаць нам усё, што ён пра нас думае. А як ён на нас лаяўся! Гэта было нешта страшнае. Праўда была на яго баку, i мы не сталi яму пярэчыць. Аднак з таго самага дня я не магу вярнуць тую павагу да самога сябе, якую адчуваў да размовы з тым чалавекам. Калi з рэк i азёраў сышоў лёд, мы пагрузiлi нашу амунiцыю ў лодку i паплылi ў Доўсан. У нас у запрэжцы былi вельмi добрыя сабакi, i iх мы таксама забралi ў лодку. Ад Мечанага мы так i не змаглi збавiцца. Ён i ў лодцы адчуваў сябе гаспадаром. Ужо ў першы дзень падарожжа ён разоў дзесяць задзiраўся з другiмi сабакамi, што звычайна канчалася iх купаннем. Месца ў лодцы было мала, а Мечаны не любiў тулiцца. - Гэтаму сабаку патрэбен прастор, - сказаў на другi дзень Стыў. - Давай высадзiм яго на бераг. Мы гэтак i зрабiлi: прычалiлi да берага каля Аленевага перавалу, каб Мечаны мог саскочыць на бераг. Яшчэ два сабакi, добрыя сабакi, выскачылi за iм, i мы патрацiлi два днi на iх пошукi. Мы болей нiколi не бачылi гэтых двух сабак, але цiшыня i спакой, якiмi мы нарэшце змаглi пацешыцца, прывялi нас да думкi, што мы яшчэ лёгка выкруцiлiся. Чалавек, якi адмовiўся ад ста пяцiдзесяцi даляраў, напэўна, адчуваў такую самую палёгку. Упершыню за некалькi месяцаў мы са Стывам смяялiся, свiсталi, спявалi песнi. Мы былi шчаслiвыя. Чорныя днi мiнулi. Кашмары рассеялiся. Мечаны знiк. Аднойчы ранiцай, тыднi праз тры, мы са Стывам стаялi на беразе ракi паблiзу ад Доўсана. Ад возера Бэнет наблiжалася невялiкая лодка. Раптам я ўбачыў, што Стыў здрыгануўся i нi з таго нi з сяго пачаў лаяцца, што было зусiм не ў яго прывычках. Я паглядзеў на лодку: на носе ў лодцы, навастрыўшы вушы, сядзеў Мечаны. Мы пусцiлiся наўцёкi, нiбы набiтыя сабакi, нiбы баязлiўцы, нiбы злачынцы, хаваючыся ад правасуддзя. Менавiта апошняе i падумаў палiцэйскi, якi бачыў нашыя ўцёкi. Ён вырашыў, што ў лодцы сядзелi ахоўнiкi парадку, якiя шукалi нас. Не чакаючы, чым усё гэта кончыцца, ён пагнаўся за намi i затрымаў нас у салуне. Мы доўга тлумачылi, чаму не хацелi вяртацца на бераг i сустракаць лодку з Мечаным. Урэшце ён перадаў нас пад варту другому палiсмену, а сам пакiраваўся да лодкi. Як нас адпусцiлi, мы пайшлi да сябе i, падыходзячы да хаты, убачылi Мечанага, якi сядзеў на ганку i чакаў нас. Як ён даведаўся, што мы жылi менавiта там? У тое лета ў Доўсане было прыблiзна сорак тысяч жыхароў; i як Мечаны змог сярод мноства хацiн знайсцi нашу? Як ён наогул даведаўся, што мы ў Доўсане? Мяркуйце самi. Толькi не забывайцеся, што я казаў вам пра яго розум i пра тое несмяротнае i недаступнае розуму нешта, якое свяцiлася ў яго вачах. Мы так i не змаглi збавiцца ад Мечанага. У Доўсане было занадта многа людзей, якiя куплялi яго ў нас на Чылкуцкiм перавале, i пагалоска пра яго пайшла па ўсiм горадзе. Некалькi разоў мы саджалi яго на параход, што плыў унiз па Юконе, але Мечаны проста выходзiў на бераг на першым жа прыпынку i варочаўся па беразе дамоў. Мы так i не змаглi нi прадаць яго, нi забiць, хоць i я i Стыў спрабавалi зрабiць гэта. Дый нiхто другi не мог забiць Мечанага. Ён быў нiбыта загавораны ад смерцi. Аднойчы я бачыў Мечанага ў бойцы на галоўнай вулiцы горада. На яго навалiлася не меней пяцiдзесяцi сабак. Калi iх разагналi, я са здзiўленнем убачыў Мечанага - цэлага i нечапанага, ён моцна стаяў на чатырох лапах, а два сабакi з гайнi ляжалi мёртвыя. Аднойчы я быў сведкам, як Мечаны сцягнуў са склепа ў маёра Дынвiндзi такi цяжкi кавалак ласяцiны, што ледзь скакаў, толькi на адзiн крок апярэджваючы кухарку-iндыянку мiстэра Дынвiндзi, якая гналася за iм з сякераю ў руках. У той час, калi Мечаны ўзабраўся на ўзгорак, а кухарка перастала даганяць, з хаты выбег сам маёр Дынвiндзi i разрадзiў свой "вiнчэстэр" у паветра. Ён двойчы зараджаў стрэльбу, расстраляў усе патроны, але нi разу не зачапiў яго. А крыху пазней прымчаўся палiцэйскi i аштрафаваў маёра за стральбу з агнястрэльнай зброi ў межах горада. Маёр заплацiў штраф, а мы са Стывам заплацiлi маёру за ласяцiну па адным даляру за фунт мяса разам з касцямi. Ён сам купляў гэтую ласяцiну па такой цане: мяса ў той год было дарагое. Я вам расказваю толькi пра тое, што бачыў на свае вочы. Цяпер расскажу яшчэ пра адзiн выпадак. Я бачыў, як Мечаны правалiўся ў палонку. Яго, як саломiнку, адразу засмактала цячэннем пад лёд, таўшчыня якога перавышала тры футы. Ядраў трыста нiжэй па цячэннi была другая вялiкая палонка, з якой бралi ваду ў бальнiцу. Дык вось Мечаны вылез з гэтай палонкi, атросся, абгрыз лёд памiж кiпцюрамi, выбраўся на бераг i аббрахаў здаравеннага ньюфаўндленда, што належаў прыiскаваму камiсару. Увосень 1898 года з апошняй вадой мы адправiлiся на баграх уверх па Юконе - пакiравалiся да ракi Сцюарт. Мы забралi з сабой усiх сабак, акрамя Мечанага. Мы вырашылi: даволi кармiць яго. Калi ўзяць разам той час, тыя грошы, клопаты i правiянт, асаблiва правiянт, што патрацiлi на яго, то атрымлiвалася, што Мечаны каштаваў нам значна болей, чым мы ўтаргавалi, калi прадавалi яго на Чылкуцкiм перавале. Вось чаму мы прывязалi Мечанага ў хацiне, а самi пагрузiлiся ў лодку з усёй нашай амунiцыяй. У тую ноч мы разбiлi лагер у вусцi Iндыян-рывер. Мы са Стывам былi вельмi радыя, што збавiлiся ад Мечанага. Што толькi Стыў не вытвараў, а я сядзеў, ухутаўшыся ў коўдру, i памiраў ад смеху, гледзячы на яго. Раптам на наш лагер абрушыўся ўраган. Каб вы толькi бачылi, як Мечаны наляцеў на сабак i як даў iм наганяй, дык валасы ў вас сталi б дыбам. Але як, скажыце, калi ласка, змог ён адвязацца? Думайце самi! У мяне не ўкладваецца ў галаве. А як ён змог перабрацца цераз Клондайк-рывер? Гэта таксама пытанне! I, нарэшце, адкуль мог ён ведаць, што мы паплылi ўверх па Юконе? Мы ж плылi па вадзе, I Мечаны не мог знайсцi нас па слядах. Праз гэтага Мечанага мы зрабiлiся проста-такi прымхлiвыя. Ён дзейнiчаў нам на нервы, i, па праўдзе кажучы, мы яго трошкi пабойвалiся. Замаразкi засталi нас у вусцi залiва Хендэрсон, дзе мы абмянялi Мечанага на два мяшкi мукi ў адной групы, якая кiравалася ўверх па Вайт-рывер у пошуках медзi. Да прызначанага месца гэтая група так i не дайшла. Яна таямнiча знiкла, не пакiнуўшы пасля сябе нi людзей, нi сабак, нi нартаў - нiчога. Яна бясследна прапала i стала адной з неразгаданых загадак гэтага краю. З цяжкасцю падымалiся мы ўверх па Сцюарце. А праз шэсць тыдняў у наш лагер прыплёўся Мечаны. Ён быў як шкiлет, ледзь-ледзь цягаў ногi. Але ж такi прыйшоў да нас. I вось што мне цiкава: хто гэта сказаў Мечанаму, што мы ў вярхоўi Сцюарта? Мы ж маглi падацца ў якое хочаце iншае месца. Як жа ён мог даведацца? Што вы на гэта скажаце? Ад Мечанага немагчыма было збавiцца. У Мэе Мечаны распачаў бойку з сабакам аднаго iндзейца. Гаспадар сабакi кiнуўся да Мечанага з сякераю, але прамахнуўся i забiў свайго сабаку. Кажыце, што хочаце, пра магiю, з дапамогай якой можна адводзiць убок кулi, але што датычыць мяне, дык я лiчу, што адвесцi поглядам сякеру ў руках вялiкага iндзейца значна цяжэй. Я на свае вочы бачыў, як Мечаны зрабiў гэта. Той iндзеец не хацеў забiваць свайго сабаку; можаце паверыць мне. Я ўжо казаў пра тое, як Мечаны знiшчаў нашыя мясныя прыпасы. Мы ледзь не памерлi ад голаду ў той год. Навокал не было нiякай жыўнасцi, якую можна было б забiць. А апрача таго мяса, якое зжор Мечаны, у нас болей нiчога не было. Аленi адышлi за сотнi мiль, а следам за iмi адышлi i iндзейцы з сваiмi прыпасамi. Вось якiя былi нашыя справы. Наблiжалася вясна, i нам не аставалася нiчога iншага, як толькi чакаць, калi з ракi сыдзе лёд. Мы зусiм схуднелi i вырашылi з'есцi нашых сабак. Першага мы вырашылi з'есцi Мечанага. Вы ведаеце, што ён зрабiў, гэты сабака? Ён непрыкметна знiк. Скажыце, калi ласка, як ён прачытаў нашыя думкi? Мы не спалi ночы навылёт, падпiльноўваючы яго, але ён так i не паявiўся. А мы тым часам елi другiх сабак. Такiм чынам мы з'елi ўсю запрэжку. А потым было вось што. Вы можаце сабе ўявiць, што робiцца, калi на вялiкай рацэ ломiцца лёд i мiльёны тон яго нясуцца з ровам па цячэннi. Iльдзiны з трэскам ломяцца, налазячы адна на адну. I вось у самай гушчы гэтай мешанiны, якую з ровам i грукатам неслi воды Сцюарта, мы ўбачылi Мечанага. Вiдаць, ён хацеў перабрацца цераз раку вышэй па цячэннi, калi лёд крануўся. Мы са Стывам лямантавалi ад радасцi, насiлiся ўзад i ўперад па беразе, кiдаючы ў паветра нашыя шапкi, душачы адзiн аднаго ў абдымках: Мечанаму прыйшоў канец. У яго не было нiводнага шанцу з мiльёна выбрацца з гэтага ледзянога пекла. Ды што там з мiльёна - у яго не заставалася нiякага шанцу. Як толькi лёд сышоў, мы пагрузiлiся ў лодку i паплылi па цячэннi да Юкона, а потым - унiз па Юконе да Доўсана. Па дарозе мы спынiлiся на тыдзень у вёсцы, якая тулiлася ў вусцi залiва Чэндэрсон. Першае, што мы ўбачылi, як толькi прычалiлi да берага ў Доўсане, быў Мечаны. Ён сядзеў навастрыўшы вушы i чакаў, калi мы прычалiм. Разявiўшы пашчу, нiбы ўсмiхаючыся, ён вiляў хвастом, выказваючы сардэчнае запрашэнне спынiцца ў Доўсане. Як яму пашанцавала выбрацца тады з таго ледзянога пекла? Як ён даведаўся, што мы кiруемся ў Доўсан? Як ён змог з дакладнасцю да хвiлiны вызначыць час нашага прыбыцця, каб потым сустрэць нас на беразе? Чым больш я думаю пра Мечанага, тым больш пераконваюся, што на свеце ёсць такiя рэчы, якiм навука не пад сiлу. Нi адна навука не зможа растлумачыць Мечанага. Ён - асаблiвая фiзiчная з'ява цi нават мiстычная, i, як я разумею з вялiкай часткай тэасофii. Кландайк - добры край. Я да гэтага часу мог бы жыць тамака i зрабiўся б мiльянерам, калi б не Мечаны. Ён iрваў мне нервы. Я цярпеў яго два гады. Нарэшце маё цярпенне лопнула. Улетку 1899 года я выйшаў з гэтай гульнi. Я нiчога не сказаў Стыву. Я проста ўцёк. Але спачатку я ўладзiў усё як найлепей. Я напiсаў Стыву запiску. I прыклаў да яе торбачку з пацучынай атрутай, растлумачыўшы, што з ёю рабiць. Мечаны давёў мяне да таго, што я стаў як шкiлет. Нервы мае зусiм здалi, i я кожны раз усхоплiваўся i азiраўся, хоць навокал не было нi душы. Але як толькi я адчапiўся ад Мечанага, адразу акрыяў. Я пацяжэў на дваццаць фунтаў, перад тым як дабраўся да Сан-Францыска, а да таго часу, як я пераправiўся на пароме ў Окленд, я ўжо зусiм увайшоў у колiшнюю форму, так што нават жонка марна разглядвала мяне з усiх бакоў, стараючыся знайсцi ўва мне перамены. Толькi аднойчы я атрымаў пiсьмо ад Стыва, у якiм заўважалася раздражненне: здаецца, Стыў занадта блiзка прыняў да сэрца, што я пакiнуў яго аднаго з Мечаным. Ён пiсаў таксама, што выкарыстаў пацучыную атруту паводле iнструкцыi, аднак з гэтага нiякага толку не выйшла. Мiнуў год. Я зноў вярнуўся ў сваю кантору i меў поспех, нават распаўнеў. I раптам знайшоўся Стыў. Ён не зайшоў да мяне пабачыцца. Я прачытаў яго прозвiшча ў спiсах пасажыраў, якiя прыбылi на параходзе, i вельмi дзiвiўся, што Стыў не паказваецца. Але дзiвiцца мне давялося нядоўга. Аднойчы ранiцай я прачнуўся i ўбачыў Мечанага, прывязанага да слупа ў варотцах. Ён iрваўся на вяроўцы i не пускаў у дом малочнiка. Пазней я даведаўся, што той ранiцай Стыў паехаў на Поўнач у Сiэтл. З таго часу я болей не цяжэў. Мая жонка прымусiла мяне купiць сабаку ашыйнiк з жэтонам. Не прайшло i гадзiны, як Мечаны выказаў ёй сваю ўдзячнасць, прыдушыўшы яе любiмага персiдскага ката. Нiшто не можа мне памагчы збавiцца ад Мечанага. Ён астанецца са мною да самай маёй смерцi, бо сам ён не здохне нiколi. З паяўленнем у хаце Мечанага апетыт у мяне зусiм прапаў, i жонка кажа, што я вяну проста на вачах. Мiнулай ноччу Мечаны залез у куратнiк да майго суседа мiстэра Харвея i задушыў дзевятнаццаць яго пародзiстых курэй. Я вымушаны буду за iх заплацiць. Другiя нашыя суседзi пасварылiся з маёй жонкай i з'ехалi: прычынай сваркi зноў быў Мечаны. Вось чаму я расчараваўся ў Стыве Макэе. Нiколi б не падумаў, што ён акажацца такiм паганцам.