--------------------------------------------- Лагерлеф Сельма Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) Сэльма Лагерлёф Пярсцёнак Лёвеншольдаў Пераклад: М.Пазнякоў I Ведаю, што жылi ў даўнiну на свеце людзi, якiя не зналi страху. Чула я i пра такiх, якiя лiчылi забавай прайсцiся па першым тонкiм лёдзе. I не было для iх большай радасцi, як скакаць на неаб'езджаным канi. Так, былi сярод iх i такiя, што не пагрэбавалi б згуляць у карты з самiм юнкерам Алегордам, хоць загадзя ведалi, што гуляе ён мечанымi картамi i таму заўсёды выйграе. Ведала я i некалькi бясстрашных душ, што не пабаялiся б адправiцца ў дарогу ў пятнiцу цi сесцi за абедзенны стол, накрыты на трынаццаць персон. I ўсё ж сумняваюся, цi хапiла б у каго-небудзь з iх духу надзець на палец жахлiвы пярсцёнак, якi належаў старому генералу з маёнтка Хедэбю. Гэта быў той самы стары генерал, якi здабыў Лёвеншольдам i iмя, i маёнтак, i дваранскую годнасць. I да таго часу, пакуль маёнтак Хедэбю заставаўся ў руках Лёвеншольдаў, яго партрэт вiсеў у параднай гасцiнай на верхнiм паверсе памiж вокнамi. Гэта была вялiкая карцiна, якая займала ўвесь прасценак ад падлогi да столi. Здалёку здавалася, нiбы гэта Карл XII* уласнай персонай, быццам гэта ён стаiць тут у сiнiм мундзiры, у вялiкiх пальчатках з замшавай скуры, упарта падпiраючы вялiзнымi батфортамi стракатую, шахматнай клеткай, падлогу. Але падышоўшы блiжэй, вы бачылi, што намаляваны быў чалавек зусiм iншага роду. * Карл ХII (1682-1718) - шведскi кароль (1697-1718). Падзеi, аб якiх упамiнаецца далей, звязаны з тым перыядам яго ўладарання, калi Швецыя вяла супраць Данii, Рэчы Паспалiтай, Саксонii i Расеi Паўночную вайну (1700-1721) за пануючае становiшча на берагах Балтыйскага мора. Першы перыяд вайны складваўся для Швецыi ўдала, аднак ваенны паход Карла XII ў Расею закончыўся поўным разгромам шведскай армii пад Палтавай (1709). Паводле слоў Ф.Энгельса, пасля паражэння ў Расеi Швецыя страцiла сваю эканамiчную i палiтычную магутнасць i была адкiнута на становiшча другаразраднай краiны. Вярнуўшыся на радзiму, Карл XII арганiзаваў ваенны паход у Нарвегiю (1716-1718), дзе i загiнуў каля сцяны нарвежскай крэпасцi Фрэдрыстэн. Над каўняром мундзiра ўзвышалася магутная i грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваiх дзён. Але пры ўсёй сваёй агiднасцi чалавек гэты быў з выгляду разумны, i верны, i слаўны. Калi б ён з'явiўся на свет у нашы днi, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то i старшынёй мунiцыпалiтэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён i ў рыксдагу б засядаў*. Але паколькi жыў ён у часы вялiкага, доблеснага караля, то адправiўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; i за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру. * Рыксдаг узнiк у Швецыi ў 1617 г. i да 1867 з'яўляўся сходам прадстаўнiкоў усiх саслоўяў, якi выконваў ролю дарадчага органа пры каралi. Рыксдаг у сучасным значэннi - шведскi парламент. Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалi партрэт, тым больш прымiралiся з аблiччам генерала. Здавалася, вы пачыналi разумець - сапраўды такiя i былi яны, тыя самыя воiны, што пад кiраўнiцтвам караля Карла XII праклалi яму шлях у Польшчу i Расею*. Яго суправаджалi не толькi шукальнiкi прыгод i прыдворныя кавалеры, але i такiя простыя i адданыя людзi, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любiлi караля, мяркуючы, што дзеля яго варта i жыць i памерцi. * Ваенны паход Карла XII у Рэч Паспалiтую пачаўся ў студзенi 1702 г. Нанёсшы шэраг паражэнняў польскаму войску, захапiўшы Кракаў i Варшаву, Карл XII дамогся звяржэння караля Аўгуста, выхаду Рэчы Паспалiтай з антышведскай каалiцыi i падпiсання мiрнага пагаднення ў Варшаве (18 лiстапада 1705 г.). Уварваўшыся затым у Саксонiю i вымусiўшы яе да выхаду з вайны (Альтранштацкi мiр 1706 г.), Карл XII арганiзаваў ваенны паход у Расею (жнiвень 1707 г.). Разлiчваючы на дапамогу свайго тайнага саюзнiка, украiнскага гетмана Мазэпы, Карл XII павёў сваю армiю цераз Украiну, але тут сустрэў рашучы адпор з боку расейскiх войск. Першае паражэнне шведскай армii было нанесена ў бiтве пры Лясной (28 верасня 1708 г.), а затым яна была поўнасцю разгромлена ў Палтаўскай бiтве (27 чэрвеня 1709 г.) Пасля ўцёкаў Карла ХII у Турцыю рэшткi яго войска канчаткова капiтулявалi 1 лiпеня 1709 г. Ф.Энгельс адзначаў, што сваёй спробай заваяваць Расею Карл XII загубiў Швецыю i паказаў усiм непаражальнасць Расеi. Калi вы разглядвалi вобразатвор старога генерала, побач заўсёды аказваўся хто-небудзь з Лёвеншольдаў, каб заўважыць незнарок: гэта, маўляў, зусiм не прыкмета ганарыстасцi ў генерала, што ён зняў пальчатку з левай рукi, каб мастак адлюстраваў на партрэце вялiкi пярсцёнак з пячаткай, якi стары Лёвеншольд насiў на ўказальным пальцы. Пярсцёнак гэты дараваны быў яму каралём, а для яго на свеце iснаваў толькi адзiн-адзiнюсенькi кароль. I пярсцёнак быў адлюстраваны разам з генералам на партрэце, каб засведчыць, што Бенгт Лёвеншольд застаўся верны Карлу XII. Бо нямала давялося яму выслухаць злосных нагавораў на свайго ўладара*! Адважвалiся нават запэўнiваць, быццам неразумнасцю сваёй i самавольствам ён давёў краiну ледзь не да пагiбелi; але генерал усё роўна заставаўся заўзятым прыхiльнiкам караля. Бо кароль Карл быў для яго чалавекам, роўнага якому не ведаў свет! I таму, хто быў блiзкi да яго, давялося даведацца, што ёсць на свеце нешта такое, што намнога прыгажэйшае i вышэйшае за людскую славу i поспехi i дзеля чаго варта змагацца. * Пасля паражэння шведскай армii ў Расеi ў разоранай вайной Швецыi ўзнiкла апазiцыя, якую ўзначальвала служылае дваранства i падтрымлiвалi iншыя саслоўi, незадаволеныя нарастаючым цяжарам падаткаў i павiннасцей, настойлiвым iмкненнем караля працягваць вайну. Яго лiчылi вiнаватым ва ўсiх бедах, якiя навалiлiся на Швецыю. Разам з тым сярод часткi шведскага насельнiцтва бытавала iдэалiзаванае ўяўленне пра Карла XII як пра вялiкага палкаводца i героя. Гэтыя дваiстыя адносiны да Карла XII знайшлi сваё адлюстраванне i на старонках рамана С.Лагерлёф. Якраз гэтак жа як Бенгт Лёвеншольд пажадаў, каб пярсцёнак быў адлюстраваны разам з iм на партрэце, пажадаў ён узяць яго з сабой i ў магiлу. I тут справа была зусiм не ў ганарыстасцi. У яго i ў думках не было выхваляцца тым, што ён носiць на пальцы пярсцёнак вялiкага караля, калi з'явiцца перад госпадам Богам i мноствам Яго архангелаў. Хутчэй за ўсё ён спадзяваўся, што як толькi ўвойдзе ў тую залу, дзе сядзiць акружаны сваiмi ўдалымi рубакамi Карл XII, пярсцёнак паслужыць яму апазнавальным знакам. Так што i пасля смерцi яму давядзецца быць блiзка ад таго чалавека, якому служыў i пакланяўся ўсё сваё жыццё. Такiм чынам, калi труну генерала апусцiлi ў каменны склеп, якi ён загадаў узвесцi для сябе на могiльнiку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукi. Сярод тых, хто праводзiў генерала ў апошнi шлях, знайшлося нямала такiх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знiкне разам з нябожчыкам у магiле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такi ж слаўны i вядомы, як ён сам. Казалi, нiбы золата ў iм столькi, што хапiла б купiць цэлы маёнтак i што пунсовы сердалiк з выгравiраванымi на iм iнiцыяламi караля каштаваў не менш. I ўсе лiчылi, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагi за тое, што не пярэчылi бацькоўскай волi i пакiнулi гэту дарагую рэч з iм. Калi пярсцёнак генерала i на самай справе быў такi, якiм ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмi нязграбная штучка, якую ў цяперашнiя часы наўрад цi пажадаў бы хто насiць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмi высока цанiўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожаннi i посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкiм выключэннем здаваць у казну, што даводзiлася змагацца з Гёртцавымi далерамi i з дзяржаўным банкруцтвам* i што для многiх золата было чымсьцi такiм, аб чым яны ведалi толькi па чутках i чаго нiколi ў вочы не бачылi. Так i здарылася, што ў народзе не маглi забыць пра залаты пярсцёнак, якi быў пакладзены ў труну без усякай карысцi для людзей. Многiя былi гатовы лiчыць нават несправядлiвым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялiкiя грошы ў чужыя краiны i здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай i драўлянай карой. * Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацiгадовай адсутнасцi (1715), застаў краiну ў стане поўнага эканамiчнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкi для працягу вайны. Наткнуўшыся на супрацiўленне дзяржаўнага савета i рыксдага, ён адхiлiў iх ад кiравання дзяржавай i перадаў усю паўнату ўлады ў рукi гальшэйнгаторпскага мiнiстра Гёртца (1668-1718), якi правёў шэраг эканамiчных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельнiцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У лiку гэтых мерапрыемстваў былi канфiскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе "Гёртцавымi далерамi". Перыяд уладарання ненавiснага чужаземнага мiнiстра лiчыцца адным з самых змрочных эпiзодаў шведскай гiсторыi i вядомы пад назвай "Гёртцавага часу". Але хоць многiя i жадалi завалодаць гэтай вялiкай каштоўнасцю, не знайшлося нiкога, хто б сапраўды падумваў прысвоiць яе. Пярсцёнак так i ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкiмi каменнымi плiтамi, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; i думалi, што так ён i застанецца там да сканчэння вякоў. II У сакавiку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькi месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмiстра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, якi жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалi яе ў нядзелю, адразу пасля службы, i ўсе малельшчыкi прама з царквы пайшлi за пахавальным шэсцем i праводзiлi нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамiльнай грабнiцы, дзе абедзве вялiзныя магiльныя плiты былi зрушаны на самы край. У скляпеннi пад плiтамi муляр зрабiў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзiцяцi можна было паставiць побач з дзядулiнай. Пакуль прыхаджане, якiя сабралiся каля склепа, слухалi надмагiльнае слова, мабыць, сёй-той i ўспомнiў аб каралеўскiм пярсцёнку i пашкадаваў, што вось ляжыць ён, маўляў, схаваны ў магiле без усякай карысцi i радасцi. А магчыма, сёй-той i шапнуў суседу, што цяпер не так ужо i цяжка дабрацца да пярсцёнка: бо да заўтрашняга дня склеп наўрад цi замуруюць. Сярод тых, каго трывожылi такiя думкi, быў i нейкi селянiн з сядзiбы Маламстуга ў Ольсбю. Звалi яго Борд Бордсан. Ён быў зусiм не з тых, хто гараваў бы да сiвых валасоў з-за пярсцёнка. Наадварот, калi хто-небудзь пачынаў размову пра пярсцёнак, Борд звычайна казаў: што ў яго, маўляў, i так добрая сядзiба i яму няма чаго зайздросцiць генералу, калi б ён забраў з сабой у магiлу хоць цэлы шэфель* золата. * Шэфель - старадаўняя шведская мера ёмiстасцi для цвёрдых i сыпучых целаў, роўная 20,9 лiтра. I вось цяпер, стоячы на могiльнiку, Борд Бордсан, як i многiя iншыя, падумаў: "Дзiўна, што склеп застанецца адкрытым". Але не абрадаваўся гэтаму, а занепакоiўся. "Ротмiстру, бадай, патрэбна б загадаць, каб склеп замуравалi сягоння ж пасля паўдня, - падумаў ён. - Знойдуцца такiя, каму захочацца дабрацца да пярсцёнка". Справа гэта яго зусiм i не тычылася, але як бы там нi было, а ён усё больш i больш звыкаўся з думкай, што небяспечна пакiдаць склеп адкрытым на ноч. Стаяў жнiвень, ночы былi цёмныя, i калi склеп не замуруюць сягоння ж, то туды можа прабрацца злодзей i завалодаць скарбам. Яго ахапiў такi страх, што ён ужо пачаў быў падумваць, цi не пайсцi яму да ротмiстра, каб папярэдзiць яго. Але Борд цвёрда ведаў, што ў народзе лiчыцца дурнем, i яму не хацелася выстаўляць сябе на пасмешышча. "У гэтай справе ты маеш рацыю, гэта ўжо дакладна, - падумаў ён, - але калi перастараешся, цябе падымуць на смех. Ротмiстр маху не дасць i ўжо абавязкова распарадзiцца, каб замуравалi пралом". Ён так паглыбiўся ў свае думкi, што нават не заўважыў, як пахавальны абрад закончыўся, i працягваў стаяць каля магiлы. I прастаяў бы яшчэ доўга, калi б жонка не падышла да яго i не тузанула за рукаў кафтана. - Што гэта на цябе найшло? - запыталася яна. - Стаiш тут i вачэй не зводзiш, быццам кот каля мышынай норкi. Селянiн уздрыгнуў, узняў вочы i ўбачыў, што, апрача iх з жонкай, нiкога на могiльнiку ўжо няма. - Ды нiчога, - адказаў ён. - Стаяў тут, i прыйшло мне ў галаву... Ён ахвотна расказаў бы жонцы, што iменна яму прыйшло ў галаву, але ведаў, што яна куды больш здагадлiвая за яго. I палiчыла б толькi яго трывогi дарэмнымi. Сказала б, што замураваны склеп цi не - нiкога гэта справа не тычыцца, апрача ротмiстра Лёвеншольда. Яны накiравалiся дамоў i вось якраз тут, на дарозе, павярнуўшыся спiнай да могiльнiка, Борду Бордсану i выкiнуць бы з галавы думкi аб генеральскай грабнiцы, ды дзе ўжо там. Жонка ўсё гаварыла аб пахаваннi: аб труне i аб тых, хто яе нёс, аб пахавальнай працэсii i аб надмагiльных прамовах. А ён час ад часу ўстаўляў слоўца, каб не заўважыла яна, што ён нiчога не бачыць i не чуе. Жончын голас гучаў дзесьцi далёка. А ў галаве ў Борда ўсё круцiлiся адны i тыя ж думкi: "Сягоння ў нас нядзеля, i, мабыць, муляр не захоча замуроўваць склеп у свой вольны дзень. Але раз так, ротмiстр мог бы даць далакопу далер, каб той папiльнаваў магiлу ноччу. Эх, каб ён здагадаўся гэта зрабiць!" Нечакана Борд Бордсан пачаў размаўляць услых сам з сабой: - Што нi кажы, а трэба было мне пайсцi да ротмiстра! Так, трэба было! Такая важнасць, калi б людзi i паднялi мяне на смех! Ён зусiм забыўся, што побач з iм iшла жонка, i апамятаўся, толькi калi яна раптам спынiлася i ўтаропiлася ў яго. - Ды нiчога, - сказаў ён. - Гэта я ўсё над той справай галаву ламаю. Яны зноў пакрочылi дадому i хутка апынулiся ў сябе ў Меламстузе. Ён спадзяваўся, што хоць тут ужо пазбавiцца ад трывожных думак, i так яно, можа, i было б, калi б ён узяўся за якую-небудзь работу; але дзень жа быў нядзельны.. Паабедаўшы, жыхары Меламстугi разышлiся хто куды. Ён адзiн застаўся сядзець у пакоi, i на яго зноў напаў ранейшы роздум. Трохi счакаўшы, ён падняўся з лавы, выйшаў на двор i пачысцiў каня скрабнiцай, намерваючыся з'ездзiць у Хедэбю i пагаварыць з ротмiстрам. "Iнакш пярсцёнак украдуць сягоння ж ноччу", - падумаў ён. Аднак ажыццявiць свой намер яму не давялося. Ён быў чалавек нясмелы. Замест таго ён пайшоў да суседа на двор пагаварыць аб тым, што яго непакоiла, але сусед быў не адзiн, i Борд па сваёй празмернай нясмеласцi зноў не адважыўся пачаць размову. Ён вярнуўся дамоў, так i не сказаўшы нi слова. Як толькi сонца зайшло, ён улёгся ў ложак, збiраючыся адразу ж заснуць. Але сон не iшоў да яго. Зноў вярнулася хваляванне, i ён усё круцiўся ды варочаўся ў ложку. Жонцы, безумоўна, таксама было не да сну, i хутка яна пачала распытваць, што з iм такое. - Ды нiчога, - па сваёй звычцы адказваў ён. - Вось толькi справа адна ў мяне з галавы не выходзiць. - Так, чула я сягоння пра гэта не аднойчы, - прамовiла жонка, - цяпер давай выкладвай, што задумаў. Ужо ж не такiя, пэўна, небяспечныя справы ў цябе ў галаве, каб нельга было пра iх мне расказаць. Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявiў, што ён тут жа засне, калi раскажа жонцы. - Ды вось ляжу я i ўсё думаю, - сказаў ён, - цi замуравалi генералаў склеп, цi ён усю ноч прастаiць адкрыты. Жонка засмяялася. - I я пра гэта думала, - сказала яна, - i здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спiцца? Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блiзка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, i ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне. Але як толькi ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усiх бакоў, з усiх хацiн падкрадваюцца да яго чалавечыя ценi. Усе яны выйшлi з адным i тым жа тайным намерам, усе накiроўваюцца да могiльнiка i да таго самага адкрытага склепа. Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава i пот праняў. I нехаця ён пачаў круцiцца i варочацца ў ложку. Нарэшце ў жонкi цярплiвасцi не хапiла, i яна нiбы жартам кiнула яму: - Далiбог, мужычок, цi не лепей ужо табе самому схадзiць на могiльнiк ды паглядзець, цi ўсё добра з магiлай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы. Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелi i пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзiны. Праз гадзiну ён вернецца дамоў i спакойна праспiць усю ноч напралёт. Ды не паспеў ён выйсцi за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могiльнiку, калi ён пойдзе туды адзiн-адзiнюсенькi. Яна жвава ўскочыла i гэтак жа быстра надзела сукенку. Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокi, Борд зарагатаў. - За мной пайшла, даведацца, цi не сцягну я генералаў пярсцёнак? запытаўся ён. - Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нiчога такога ў цябе i ў думках няма. Я пайшла толькi каб быць з табой, калi прад табой з'явiцца могiльнiкавы дух цi конь-мярцвяк*. * У Швецыi iснуе паданне пра каня, якi калiсьцi быў пахаваны на могiлках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах i без галавы, бадзяецца па начах на могiлках, прадракаючы пагiбель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо iменна гэты конь перавозiць людзей пасля смерцi ў царства мёртвых. Яны паскорылi крок. Надышла ноч, i ў беспрасветнай цемры вiднелася на захадзе толькi вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалi дарогу. Яны размаўлялi i былi ў добрым настроi. На могiльнiк жа яны iшлi толькi для таго, каб зiрнуць, цi адкрыты склеп, i каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву. - Не, нiяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такiя ратазеi, што не замуруюць пярсцёнак зноў. - Ды ўжо хутка аб усiм даведаемся, - сказала жонка. - А вось, здаецца, i могiльнiкавая агароджа! Селянiн спынiўся, падзiвiўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накiравалася на могiльнiк з iншымi намерамi, чым ён. - Перш чым увайсцi на могiльнiк, - сказаў Борд, - нам, вiдаць, патрэбна б дамовiцца, што будзем рабiць, калi магiла адкрыта. - Ужо i не ведаю, цi закрыта, цi адкрыта, а толькi наша справа вярнуцца дамоў ды легчы спаць! - I гэта слушна, твая праўда! - сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд. - I не чакай, каб могiлкавыя вароты былi ў гэты час не зачынены, - дадаў ён. - Бадай, сапраўды, - падхапiла жонка. - Прыдзецца нам пералезцi цераз сцяну, калi захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там. Муж зноў здзiвiўся. Ён пачуў, як з лёгкiм шумам пасыпалiся ўнiз дробныя каменьчыкi, i тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскi на захадзе вырысоўваецца жончына фiгура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, i нiчога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая - усяго некалькi футаў. Дзiўным падалося яму толькi тое, што жонка праявiла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго. - Ну вось, - сказала яна. - Давай руку, я дапамагу табе ўзлезцi! Хутка сцяна засталася ззаду, i цяпер яны моўчкi i асцярожна прабiралiся сярод невысокiх магiльных грудкоў. Адзiн раз Борд спатыкнуўся аб такi грудок i ледзь быў не павалiўся. Яму падалося, быццам хтосьцi падставiў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў i загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякi зразумелi, з якiмi намерамi ён прыйшоў на могiльнiк. - Не хацеў бы я прыйсцi сюды, калi б справа мая была несправядлiвая. - Яшчэ чаго скажаш, - запярэчыла жонка. - Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо i магiла вiднеецца! Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлi магiльныя плiты. Неўзабаве яны былi ўжо каля самай магiлы i ўбачылi, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны. - Ну i няўклюды ж яны, - вылаяўся Борд. - Быццам знарок хочуць спакусiць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана. - Пэўна, спадзяюцца, што нiхто не адважыцца крануць нябожчыка, сказала жонка. - Ды i ўвогуле мала радасцi лезцi ў такую магiлу, - зазначыў муж. Саскочыць унiз, бадай, не цяжка, толькi потым сядзi там, як лiсiца ў нары. - Сягоння ранiцай я бачыла, як яны апусцiлi ў склеп лесвiчку, - сказала жонка. - Але яе ўжо, вiдаць, прынялi. - А дай пагляджу я i на самай справе, - сказаў муж i пачаў мацаць рукамi ў магiльным праломе. - Не, глядзi ты! - усклiкнуў ён. - Гэта ж трэба! Лесвiчка ж яшчэ тут! - Ну i расцяпы! - падтакнула жонка. - Толькi, па мне, цi тут лесвiчка цi не - рознiца невялiкая. Той жа, хто там унiзе, i сам можа за сваё дабро пастаяць. - Каб жа гэта ведаць! - падхапiў муж. - Можа, хоць лесвiчку прыняць? - Нiчога ў магiле чапаць не будзем, - сказала жонка. - Лепш будзе, калi магiльшчык ранiцай убачыць магiлу якраз такой, якой пакiнуў яе напярэдаднi. Разгубленыя i нерашучыя, стаялi яны, утаропiўшыся на чорны адкрыты пралом. Iм бы пайсцi цяпер дамоў, але штосьцi таямнiчае, нешта такое, чаго нiхто з iх не асмельваўся назваць сваiм iмем, утрымлiвала iх на могiльнiку. - Ды можна было б пакiнуць лесвiчку i на месцы, - сказаў нарэшце Борд, - калi б я быў упэўнены, што ў генерала ёсць сiла ўтрымаць злодзеяў. - Ты ж можаш спусцiцца ўнiз, у склеп, - параiла жонка, - вось тады сам убачыш, якая ў яго сiла. Здавалася, нiбы Борд толькi i чакаў ад жонкi гэтых слоў. Мiгам апынуўся ён каля лесвiчкi i пачаў спускацца ў пралом. Але толькi ступiў ён на каменную падлогу падзямелля, як пачуў парыпванне лесвiчкi i ўбачыў, што ўслед за iм лезе i жонка. - Вунь што, ты i сюды за мной цягнешся, - сказаў ён. - Баюся я пакiнуць цябе адзiн на адзiн з нябожчыкам. - А не такi ўжо ён i страшны, - запярэчыў муж. - I не адчуваю, што халодная рука хоча мяне задушыць. - Ды ўжо нiчога ён нам, вiдаць, не зробiць, - падтрымала жонка. - Ён жа ведае, што ў нас i ў думках не было ўкрасцi пярсцёнак. Вось каб мы дзеля забавы пачалi адкручваць века труны, тады iншая справа. Муж вобмацкам прабраўся да труны генерала i пачаў мацаць рукой уздоўж века. Ён адшукаў шрубу з невялiкiм крыжыкам на плешцы. - Тут быццам бы знарок усё так i прыладжана для злодзея, - сказаў Борд, пачынаючы спрытна i асцярожна адкручваць шрубы труны. - Чуеш што-небудзь? - запыталася жонка. - Цi не варушыцца ён у труне? - Тут цiха, як у магiле, - адказаў муж. - Ён жа, мусiць, не лiчыць, што мы задумалi адняць у яго самае дарагое, - працягвала жонка. - Вось каб мы века труны паднялi, тады iншая справа. - Так, ды тут ужо давядзецца табе мне дапамагчы, - сказаў муж. Яны паднялi века i цяпер ужо не ў сiлах былi стрымацца ад сквапнасцi. Iм не цярпелася авалодаць скарбам. Яны сарвалi пярсцёнак са струхлелай рукi, апусцiлi века i, не сказаўшы нiводнага слова, цiшком выбралiся з магiлы. Iдучы цераз могiльнiк, яны ўзялiся за рукi, i толькi апынуўшыся па iншы бок нiзкай шэракаменнай могiльнiкавай сцяны i спусцiўшыся на прасёлак, адважылiся загаварыць. - Думаецца мне, - сказала жонка, - што ён сам гэтага хацеў. Зразумеў, што нядобра нябожчыку берагчы такi скарб, вось i аддаў яго нам па добрай волi. Муж зарагатаў. - Так, ну i ну, няма чаго сказаць, - вымавiў ён. - Не ўжо, не прымусiш ты мяне паверыць выдумцы, быццам ён аддаў нам пярсцёнак па добрай волi; проста ў яго сiлы не было нам перашкодзiць. - Ведаеш што, - сказала жонка, - сягоння ноччу ты быў вельмi храбры. Мала такiх, хто адважыцца спусцiцца ў магiлу. - А я зусiм i не думаю, што паступiў нядобра. У жывога я б нiколi i далера не ўзяў, ну а што за бяда ўзяць у мёртвага тое, што яму ўжо не патрэбна. Iшлi яны гордыя i задаволеныя i толькi здзiўлялiся, што нiкому, акрамя iх, не прыйшло ў галаву забраць пярсцёнак. Борд сказаў, што паедзе ў Нарвегiю i прадасць там пярсцёнак, як толькi выпадзе якi-небудзь зручны выпадак. Iм здавалася, што за пярсцёнак удасца атрымаць вельмi многа грошай i нiколi больш не давядзецца адчуваць страху перад заўтрашнiм днём. - А гэта што? - раптам прыпынiўшыся, запытала жонка. - Што я бачу? Няўжо зара займаецца? На ўсходзе ж павiнна свiтаць? - Не, сонцу яшчэ рана ўзыходзiць, - сказаў селянiн. - Вiдаць, - пажар. I як быццам дзесьцi каля Ольсбю. Цi не... Яго перапынiў гучны жончын голас. - Гэта ў нас гарыць! - крычала яна. - Меламстуга гарыць! Генерал падпалiў яе! У панядзелак ранiцай у маёнтак Хедэбю, размешчаны зусiм блiзка ад царквы, прыбег магiльшчык i, ледзь не задыхаючыся, выпалiў: iм з мулярам, якi збiраўся зноў замураваць склеп, падалося, быццам века генеральскай труны з'ехала набок i што шчыты з гербамi i ордэнскiя стужкi, якiмi яно прыбрана, ссунуты з месца. Неадкладна людзi спусцiлiся ў склеп i заўважылi, што там пануе страшны беспарадак i што шрубы труны сарваны. Калi знялi века, то адразу ж убачылi, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукi пярсцёнка няма. III Я думаю пра караля Карла XII i спрабую ўявiць сабе, як людзi любiлi яго i як баялiся. Бо я ведаю, што незадоўга да смерцi каралю надарылася аднойчы зайсцi ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзiн i нечакана; ведаючы, што ў царкве iдзе служба, ён спынiў каня каля царкоўнай брамы i ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанiн. Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, i, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхiнуўшыся спiнай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь. Але хоць ён i ўвайшоў непрыкметна i моўчкi стаяў у змроку пад царкоўнымi хорамi, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, якi страцiў руку цi нагу ў паходах i быў адасланы дамоў яшчэ да Палтавы. I салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымi назад валасамi i арлiным носам, мабыць, i ёсць сам кароль. I, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы. Суседзi на лаўцы, пэўна, здзiвiлiся, чаму ён устаў, i тады ён шапнуў iм, што сам кароль тут, у царкве. I ўслед за iм мiжвольна ўсталi ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калi з алтара цi з кафедры абвяшчалiся словы самога госпада Бога. Вестка аб тым, што кароль у царкве, iмгненна разнеслася з гэтай лавы на iншыя, i ўсе як адзiн - i старыя i маладыя, i багатыя i бедныя, i хворыя i здаровыя - паднялiся з месца. Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерцi караля Карла, калi пачалiся няшчасцi i беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, якi не страцiў бы дарагiх яго сэрцу сваякоў або не згубiў усяго свайго багацця, i ўсё па вiне гэтага караля. I калi каму-небудзь нават i не даводзiлася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краiна, колькi страчана заваяваных зямель, i аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамi*. * У апошнi перыяд вайны краiны - удзельнiцы Паўночнага Саюза (Данiя, Рэч Паспалiтая, Расея) - узмацнiлi ваенныя дзеяннi супраць Швецыi. Кароль Аўгуст вярнуў сабе польскi трон, i шведскiя войскi былi выгнаны з тэрыторыi Рэчы Паспалiтай. Дацкiя войскi ўварвалiся ў паўднёвую Швецыю, Расея заняла Фiнляндыю, Эстляндыю, Лiфляндыю, Аландскiя выспы. I тым не менш, тым не менш... Як толькi людзi пачулi разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзiцца той самы чалавек, якога столькi разоў праклiналi, як усе адразу ўсталi. Усталi i засталiся стаяць. Нiхто i не падумаў сесцi зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, i пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усiм. Калi б хтосьцi сеў, то зняважыў бы караля. Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нiчога не паробiш, давядзецца пацярпець. Нiхто не хацеў зневажаць яго. Ён быў салдацкiм каралём i прывык да таго, што салдаты ахвотна iшлi за яго на смерць*. Але тут, у царкве, вакол яго былi простыя гараджане i рамеснiкi, простыя шведскiя мужчыны i жанчыны, якiя нiколi ў жыццi не чулi каманды: "Узяць на каравул!" Аднак варта яму толькi паказацца сярод iх, i яны ўжо траплялi пад яго ўладу. Яны пайшлi б за iм у агонь i ў ваду, аддалi б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылi ў яго, абагаўлялi. Ва ўсёй царкве прыхаджане малiлiся за гэтага незвычайнага чалавека, якi быў каралём Швецыi. * Карл XII быў вельмi папулярны сярод салдат свайго войска, якiм iмпанавалi яго асабiстыя якасцi - храбрасць, самавалоданне, сiла волi. Я спрабую ўдумацца ва ўсё гэта, я спрабую зразумець, чаму любоў да караля Карла магла непадзельна завалодаць чалавечай душой i так глыбока ўкаранiцца нават у самым суровым i панурым старым сэрцы, што ўсе людзi думалi - любоў гэта будзе спадарожнiчаць яму i пасля смерцi. I таму, пасля таго як выявiўся крадзеж пярсцёнка Лёвеншольдаў, у прыходзе Бру больш за ўсё здзiўлялiся, што ў кагосьцi хапiла духу на такую нядобрую справу. А вось любячых жанчын, пахаваных з заручальным пярсцёнкам на пальцы, - тых, на думку прыхаджан, зладзеi маглi рабаваць без апаскi. Або ж калi якая-небудзь пяшчотная мацi заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзiцяцi, то яго бязбоязна маглi б вырваць у яе з рук. I калi б якога-небудзь пастара паклалi ў труну з Бiблiяй у галавах, то i Бiблiю гэту, пэўна, можна было б украсцi ў яго без усякай шкоды для лiхадзея. Але ўкрасцi пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, якi жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявiць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва! Зразумела, не раз пачыналi следства, але гэта нi да чаго не прывяло лiхадзея так i не знайшлi. Злодзей прыйшоў i пайшоў у начным змроку, не пакiнуўшы нiякiх доказаў, якiя маглi б навесцi на след. I гэтаму зноў-такi дзiвiлiся. Бо хадзiла нямала чутак аб прывiдах, якiя з'яўлялiся па начах, каб выкрыць злачынца, якi ўчынiў куды меншае злачынства. Але ўрэшце, калi стала вядома, што генерал зусiм не кiнуў пярсцёнак на волю лёсу, а наадварот, змагаўся за тое, каб вярнуць яго назад, змагаўся з той самай грознай няўмольнасцю, якую праявiў бы, калi б пярсцёнак укралi ў яго пры жыццi, нiводзiн чалавек нiколькi гэтаму не здзiвiўся. Нiхто не выказаў сумнення ў тым, што так яно ўсё i было, бо нiчога iншага ад генерала не чакалi. IV Гэта здарылася праз многа гадоў пасля таго, як бясследна знiк генералаў пярсцёнак. Аднойчы пастара з Бру паклiкалi да беднага селянiна Борда Бордсана з аддаленага сэтара* ў лясах Ольсбю. Борд Бордсан ляжаў на смяротным ложы i абавязкова жадаў перад смерцю пагаварыць з самiм пастарам. Пастар быў чалавек пажылы i, пачуўшы, што трэба наведацца да хворага, якi жыў за многа мiль ад Бру ў непраходным гушчары, вырашыў - няхай замест яго паедзе пастар-ад'юнкт**. Але дачка памiраючага, якая прынесла пастару гэту вестку, адмовiлася наадрэз. Няхай едзе сам пастар, цi ўвогуле нiкога не трэба. Бацька, маўляў, кланяўся i загадваў перадаць: яму патрэбна расказаць нешта, аб чым можна ведаць толькi пастару, а больш нiкому на свеце. * Сэтар - невялiкае паселiшча тыпу хутара на аддаленых ад жылля лясных пашах. ** Пастар-ад'юнкт - другi святар, якога прызначалi ў дапамогу пастару ў некаторых прыходах. Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяцi. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калi разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнiя сем гадоў селянiна даймалi розныя беды i няшчасцi. Сядзiба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралi дзiкiя звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Iоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усiх гэтых бядот, што кiнулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хацiну ў глухiм лесе; гэта было адзiнае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу нi сам ён, нi дзецi яго не хадзiлi ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылi ў пастарскiм маёнтку, не разумеючы, цi жывуць яшчэ Бордсаны ў iх прыходзе, цi не. - Наколькi я ведаю твайго бацьку, ён не рабiў такога цяжкага граху, у якiм не мог бы пакаяцца ад'юнкту, - сказаў пастар, гледзячы з добразычлiвай усмешкай на дачку Борда Бордсана. Для сваiх чатырнаццацi гадоў яна была не па ўзросту рослая i моцная дзяўчынка. Твар у яе быў шырокi, рысы твару грубыя. Выгляд - крышачку праставаты, як у бацькi, але выраз дзiцячай бязвiннасцi i шчырасцi прыхарошваў яе твар. - А вы, высокапаважаны пан пастар, пэўна, не баiцеся Бенгта-асiлка? Не з-за яго ж вы не адважваецеся паехаць да нас? - запыталася дзяўчынка. - Што такое ты кажаш, дзетка? - здзiвiўся пастар. - Што гэта за Бенгг-асiлак, аб якiм ты гаворыш? - А той самы, хто робiць так, што ўсё ў нас не ладзiцца. - Вось як, - працягнуў пастар, - вось як. Значыць, гэта той, каго завуць Бенгтам-асiлкам? - А хiба вы, высокапаважаны пан пастар, не ведаеце, што гэта ён падпалiў Меламстугу? - Не, аб гэтым мне чуць не даводзiлася, - адказаў пастар, але адразу ж узняўся з месца i ўзяў свой трэбнiк i невялiкi пацiр, якiя заўсёды вазiў з сабой, калi ездзiў па прыходзе. - Гэта ён загнаў матулю ў возера, - працягвала дзяўчынка. - Горшай бяды быць не можа! - усклiкнуў пастар. - А ён жывы яшчэ, гэты Бенгт-асiлак? Ты бачыла яго? - Не, бачыць я яго не бачыла, - адказала яна, - але ён, вядома, жывы. Гэта з-за яго нам давялося перабрацца ў лес i жыць сярод дзiкiх скал. Там ён пакiнуў нас у спакоi да мiнулага тыдня, калi татка секануў сябе па назе. - I ў гэтым таксама, па-твойму, вiнаваты Бенгт-асiлак? - зусiм спакойна запытаўся пастар, але адразу ж адчынiў дзверы i крыкнуў работнiку, каб той сядлаў каня. - Татка сказаў, што Бенгт-асiлак замовiў сякеру, а не то б яму нiколi не пашкодзiць нагу. Ды i рана ж была зусiм не небяспечная; а сягоння татка ўбачыў, што ў яго антонаў агонь у назе. Ён сказаў, што цяпер ужо абавязкова памрэ, таму што Бенгт-асiлак даканаў яго. Вось татка i паслаў мяне сюды i загадаў перадаць, каб вы самi да яго прыехалi, i як мага хутчэй. - Добра, паеду, - сказаў пастар. Пакуль дзяўчынка расказвала, ён накiнуў на сябе дарожны плашч i надзеў капялюш. - Аднаго я не магу зразумець, - сказаў ён, - з чаго б гэтаму самаму Бенгту-асiлку так даймаць твайго татку? Цi не зачапiў яго калi-небудзь Борд за жывое? - Так, ад гэтага татка не адмаўляецца, - пацвердзiла дзяўчынка. Толькi чым ён пакрыўдзiў яго, аб гэтым татка нi мне, нi брату не казаў. Здаецца мне, што якраз аб гэтым ён i хоча паведамiць вам, глыбокапаважаны пан пастар. - Ну, калi так, - сказаў пастар, - трэба паспяшацца. Нацягнуўшы пальчаткi з адваротамi, ён выйшаў разам з дзяўчынкай з дому i сеў на каня. За ўвесь час, пакуль яны ехалi да пастуховай хацiны ў лесе, пастар не сказаў нi слова. Ён сядзеў, думаючы аб усiх тых цудах, пра якiя расказала яму дзяўчынка. Сам ён на сваiм вяку сустракаў толькi аднаго чалавека, празванага ў народзе Бенгтам-асiлкам. Але ж, магчыма, дзяўчынка казала не пра яго, а зусiм пра iншага Бенгта. Калi пастар уехаў на сэтар, яму насустрач выскачыў малады хлопец. Гэта быў сын Борда Бордсана - Iнгiльберт. Ён быў на некалькi гадоў старэйшы за сястру, такi ж рослы i бучны, як яна, i падобны з ёю тварам. Але вочы ў яго былi пасаджаны глыбей, а выгляд - зусiм не такi дабрадушны i шчыры, як у яе. - Далекавата вам было ехаць, пан пастар, - сказаў Iнгiльберт, дапамагаючы пастару злезцi з каня. - О, так, - сказаў стары, - але я прыехаў хутчэй, чым разлiчваў. - Мне самому б трэба было прывезцi вас сюды, пан пастар, - сказаў Iнгiльберт, - але я рыбачыў учора вечарам дапазна. Толькi вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што ў бацькi ў назе антонаў агонь i што сястру паслалi па вас, пан пастар. - Мэрта не ўступiць любому хлопцу, - сказаў пастар. - Усё было як нельга лепш. Ну, а як Борд зараз? - Шчыра кажучы, яму зусiм дрэнна, але ён яшчэ пры розуме. Узрадаваўся, калi я сказаў яму, што вы ўжо выехалi з лесу. Пастар увайшоў да Борда, а брат з сястрой селi на шырокiя каменныя плiты каля хацiны i сталi чакаць. Настроены яны былi ўрачыста i размаўлялi пра бацьку, якi быў добры з iмi. Але шчаслiвым не быў нiколi з таго самага дня, як згарэла Меламстуга, таму, бадай, для яго лепей будзе развiтацца з такiм няшчасным жыццём. Раптам сястра сказала: - У таткi, вiдаць, было нешта на сумленнi! - У таты? - адзiвiўся брат. - Што ўжо ў яго магло быць на сумленнi? Ды я нi разу не бачыў, каб ён замахнуўся на жывёлу цi на чалавека. - Але ж у нечым ён збiраўся пакаяцца пастару, i нiкому больш. - Ён так сказаў? - запытаўся Iнгiльберт. - Сказаў, што перад смерцю хоча ў чымсьцi пакаяцца пастару? Я ж думаў, ён паклiкаў яго сюды толькi для таго, каб прычасцiцца. - Калi ён сягоння пасылаў мяне па пастара, то сказаў, каб я ўгаварыла яго прыехаць. Бо пастар - адзiны чалавек на свеце, каму ён можа пакаяцца ў вялiкiм i цяжкiм граху. Крыху падумаўшы, Iнгiльберт усклiкнуў: - Дзiўна! А цi не прыдумаў ён усё гэта, пакуль сядзеў тут адзiн? Як i небылiцы, якiя, бывала, расказваў пра Бенгта-асiлка. Усё гэта не iнакш як пустая выдумка, i нiчога больш. - Пра Бенгта-асiлка ён якраз i хацеў пагаварыць з пастарам, - сказала дзяўчынка. - Тады можаш пайсцi ў заклад, што гэта адны выдумкi, - сказаў Iнгiльберт. З гэтымi словамi ён падняўся з месца i падышоў да акенца ў сцяне хацiны, якое было адчынена, каб крыху святла i паветра магло пранiкнуць усярэдзiну. Ложак хворага стаяў так блiзка ад акенца, што Iнгiльберт мог чуць кожнае слова. I сын пачаў прыслухоўвацца, нiколькi не пакутуючы мукамi сумлення. Магчыма, нiхто яму нiколi раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякiм выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькi няма нiякiх страшных тайнаў, якiя ён мог бы выдаць. Пастаяўшы крыху каля акенца, Iнгiльберт зноў падышоў да сястры. - Ну, што я казаў? - пачаў ён. - Бацька расказвае пастару, што гэта яны разам з мацi ўкралi каралеўскi пярсцёнак у старога генерала Лёвеншольда. - Злiтуйся, божа! - усклiкнула сястра. - Цi не сказаць нам пастару, што ўсё гэта глупства, што ён сам на сябе нагаворвае. - Зараз мы нiчога не можам зрабiць, - запярэчыў Iнгiльберт. - Няхай цяпер кажа што хоча. А з пастарам мы пасля пагаворым. Ён зноў падкраўся да акенца i пачаў падслухоўваць. На гэты раз ён не прымусiў сястру доўга чакаць i неўзабаве зноў падышоў да яе. - Цяпер ён кажа, што ў тую ж ноч, калi яны з мацi пабывалi ў склепе i ўзялi пярсцёнак, згарэла Меламстуга. Ён думае, быццам сам генерал падпалiў двор. - Па ўсiм вiдаць, што гэта адна дурасць, - сказала сястра. - Нам жа ён не менш за сотню разоў казаў, што Меламстугу падпалiў Бенгт-асiлак. Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як Iнгiльберт зноў вярнуўся на сваё месца каля акенца. На гэты раз ён доўга стаяў там, прыслухоўваючыся, а калi зноў падышоў да сястры, твар яго пацямнеў. - Бацька сцвярджае, што гэта генерал наслаў на яго ўсе беды, каб прымусiць вярнуць пярсцёнак. Ён кажа, што мацi спалохалася i захацела пайсцi разам з iм да ротмiстра ў Хедэбю i аддаць пярсцёнак. Бацька i рад бы быў паслухацца яе, ды не адважыўся, думаў, што iх абоiх павесяць, калi яны прызнаюцца, што абакралi нябожчыка. Але тут ужо мацi не змагла перажыць гэтага, пайшла i ўтапiлася. Тут i твар сястры пацямнеў ад жаху. - Але татка заўсёды казаў, - пачала была яна, - што гэта быў... - Ну так! Ён толькi што тлумачыў пастару, быццам не адважваўся сказаць нiводнай жывой душы, хто напусцiў на яго ўсе гэтыя беды. Толькi нам ён казаў, што яго даймае чалавек па мянушцы Бенгт-асiлак. Ён сказаў, што сяляне называлi генерала Бенгтам-асiлкам. Мэрта Бордсан так i абамлела. - Значыць, гэта праўда, - прашаптала яна цiха, так цiха, нiбы гэта былi яе перадсмяротныя словы. Яна азiрнулася па баках. Хацiна стаяла на беразе ляснога азярца, а вакол узвышалiся змрочныя, пакрытыя лесам грабянi гор. Наколькi ахоплiвала вока, не вiдаць было чалавечага жылля, не было нiкога, да каго яна магла б звярнуцца. Усюды панавала адзiноцтва. I ёй падалося, што ў ценi дрэў, у змроку падпiльноўвае нябожчык, рыхтуючыся наслаць на iх новыя няшчасцi. Яна была яшчэ такiм дзiцём, што не магла па-сапраўднаму ўсведамляць, якую ганьбу i знявагу наклiкалi на сябе яе бацькi. Яна разумела адно - што iх даймае нейкi прывiд, якаясьцi бязлiтасная, усемагутная iстота з тагачаснага царства. Яна чакала, што гэты прышэлец у любы час з'явiцца i яна ўбачыць яго; Мэрце стала так страшна, што ў яе зуб на зуб не трапляў. Яна падумала пра бацьку, якi вось ужо цэлых сем гадоў хаваў у душы такi ж самы жах. Ёй споўнiлася нядаўна чатырнаццаць, i яна памятала, што ёй было ўсяго сем, калi згарэла Меламстуга. I ўвесь гэты час бацька ведаў, што мярцвяк ходзiць за iм. Так, лепш яму тады памерцi. Iнгiльберт зноў падслухоўваў каля акенца хацiны, а потым вярнуўся да сястры. - Ты ж не верыш у гэта, Iнгiльберт? - запыталася яна, нiбы ў апошнi раз спрабуючы пазбавiцца ад страху. Але тут яна ўбачыла, як у Iнгiльберта дрыжаць рукi, а вочы застылi ад жаху. Яму таксама было страшна, нiколькi не менш за яе. - Чаму ж мне тады верыць? - прашаптаў Iнгiльберт. - Тата гаворыць, многа разоў спрабаваў паехаць у Нарвегiю - хацеў прадаць там пярсцёнак, але яму нiяк не ўдавалася з месца крануцца. То сам захварэе, то конь зломiць нагу, якраз калi патрэбна ад'язджаць. - А што сказаў пастар? - запыталася дзяўчынка. - Ён пацiкавiўся ў бацькi, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калi так небяспечна было валодаць iм. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калi прызнаецца ў сваiм злачынстве, то ротмiстр загадае яго павесiць. Выбiраць не было з чаго, вось i давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, i хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалi генералу ў магiлу, а мы б, дзецi, пазбавiлiся ад праклёну i змаглi б зноў перабрацца ў прыход да людзей. - Я рада, што пастар тут, - сказала дзяўчынка. - Не ведаю, што i рабiць, калi ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаiць вунь там, пад елкамi. Падумаць страшна, што ён хадзiў тут кожны дзень i падпiльноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго! - Я думаю, што тата i сапраўды бачыў яго, - пагадзiўся Iнгiльберт. Ён зноў падышоў да хацiны i пачаў прыслухоўвацца. Калi ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў iншы выраз. - Я бачыў пярсцёнак, - сказаў ён. - Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так i зiхацiць! Пунсовы з золатам! Так i пералiваецца! Пастар зiрнуў на пярсцёнак i сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты - генералаў. Падыйдзi да акенца, i ты ўбачыш яго! - Лепш гадзюку ў рукi вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, сказала дзяўчынка. - Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець? Iнгiльберт адвярнуўся. - Ведаю, што ён - наш згубiцель, але ўсё роўна мне ён па душы. Толькi ён сказаў гэтыя словы, як да брата i сястры данёсся моцны i зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга. Само сабой зразумела, што пастар не мог прымiрыцца з усiмi гэтымi вар'яцкiмi размовамi аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селянiну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзiцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары цi насылаць хваробы на людзей i жывёлу. Не, беды, якiя даймалi Борда, - гэта пакаранне божае, абранае каб вымусiць яго раскаяцца i вярнуць крадзенае яшчэ пры жыццi, пасля чаго грэх будзе дараваны, i ён зможа спакойна памерцi. Стары Борд Бордсан цiха ляжаў у ложку i слухаў пастара, той так i не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, i не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам. Але брат з сястрой, якiя дрыжалi ад страху перад насланнём i прывiдамi, адразу акрыялi. - Чуеш? - запытаўся Iнгiльберт, схапiўшы за руку сястру. - Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусiм не генерал. - Так, - адказала сястра. Яна сядзела, сцiснуўшы рукi. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу. Iнгiльберт устаў. Парывiста ўздыхнуўшы, ён выпрастаўся. Юнак быў цяпер свабодны ад страху, якi мучыў яго. Ён стаў з выгляду зусiм iншым чалавекам. Шпаркiм крокам падышоў ён да хацiны, адчынiў дзверы i ўвайшоў. - Што такое? - запытаўся пастар. - Я хачу пагаварыць з татам! - Iдзi адсюль! З тваiм бацькам цяпер размаўляю я! - строга сказаў пастар. Павярнуўшыся да Борда Бордсана, ён зноў пачаў размаўляць з iм то ласкава-ўладным тонам, то лагодна-спагадлiвым. Iнгiльберт, закрыўшы твар рукамi, усеўся на каменныя плiты. Iм авалодала моцнае хваляванне. Ён зноў зайшоў у хацiну, але яго i цяпер выгналi за дзверы. Калi ўсё было скончана, настала чарга Iнгiльберта праводзiць пастара ў зваротную дарогу праз лес. Спачатку ўсё iшло добра, але неўзабаве iм давялося ехаць па грэблi цераз балота. Пастар не мог прыгадаць, каб ён ранiцай пераязджаў гэта балота, i запытаўся, цi не збiўся Iнгiльберт з дарогi. Але той адказаў, грэбляй будзе карацей за ўсё абмiнуць балота i што яна выведзе iх з лесу напрамкi. Пастар пiльна зiрнуў на Iнгiльберта. Ён ужо заўважыў, што сын, як i бацька, вельмi прагны да золата. Iнгiльберт жа некалькi разоў заходзiў у хацiну, быццам хацеў перашкодзiць бацьку аддаць пярсцёнак. - Эх, Iнгiльберт! Гэта вузкая i небяспечная дарожка, - сказаў пастар. Баюся, як бы конь не спатыкнуўся на слiзкiх бярвёнах. - А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, сказаў Iнгiльберт i ў той жа мiг схапiў пастарскага каня за павады. Калi ж яны апынулiся пасярод балота, дзе з усiх бакоў iх акружала толькi зыбкая багна, Iнгiльберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусiць яго звалiцца з вузкай грэблi. Конь стаў на дыбкi, а пастар, якi з цяжкасцю ўтрымлiваўся ў сядле, закрычаў праваднiку, каб той пабаяўся бога, адпусцiў павады. Але Iнгiльберт, здавалася, нiчога не чуў, i пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спiхнуць яго ўнiз у багну. I жывёлiну i коннiка чакала немiнучая смерць. Тады пастар выцягнуў з кiшэнi саф'янавую торбачку i шпурнуў яе прама ў твар Iнгiльберту. Той адпусцiў павады, каб злавiць торбачку, i адчуўшы свабоду, пастарскi конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблi. Iнгiльберт застыў на месцы, не зрабiўшы нiякай спробы дагнаць пастара. V Не прыходзiцца здзiўляцца, што пасля такога ўчынку Iнгiльберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хiлiўся да вечара, калi яму ўдалося дабрацца да жылля. Нiчога мудронага не было i ў тым, што з лесу ён патрапiў не на дарогу ў Ольсбю, якая была i лепшая i карацейшая за астатнiя, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю. Блукаючы на канi ў лясным гушчары, ён толькi падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчаслiва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана* i папрасiць яго накiравацца ў лес адабраць у Iнгiльберта пярсцёнак. Але, праязджаючы мiма Хедэбю, ён задумаўся, а цi не павярнуць яму туды па дарозе i цi не расказаць ротмiстру Лёвеншольду, хто адважыўся спусцiцца ў склеп i ўкрасцi каралеўскi пярсцёнак. * Ленсман - службовая асоба, прадстаўнiк каралеўскай улады на месцах. Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмiстр i яго бацька не вельмi ладзiлi мiж сабой. Ротмiстр быў настолькi ж мiралюбiвы, наколькi бацька яго ваяўнiчы. Ён паспяшаўся выйсцi ў адстаўку, як толькi быў заключаны мiр з расейцамi*, i з таго часу ўсе свае сiлы аддаваў на аднаўленне росквiту краiны, лiтаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзiнаўладдзя i вайсковых ушанаванняў i нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, i пра многае iншае, што так высока цанiў яго стары бацька. Для большай дакладнасцi патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнiчаў у рыксдагаўскiх спрэчках**, прычым заўсёды як сябра партыi прыхiльнiкаў мiру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак. * 30 жнiўня 1721 г. быў заключаны мiрны дагавор памiж Расеяй i Швецыяй (Нiштацкi мiр), згодна з якiм да Расеi адышлi Iнгерманландыя, Лiфляндыя, Эстляндыя, Выбарг i паўднёва-заходняя Карэлiя. ** У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў склiканы рыксдаг, на якiм разгарнулiся дэбаты наконт далейшага палiтычнага курсу краiны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння мiру. Калi сем гадоў таму быў украдзены генеральскi пярсцёнак, пастар, ды i многiя iншыя палiчылi, што ротмiстр не вельмi стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусiла цяпер пастара падумаць: "Якая карысць, калi я вазьму на сябе клопат злезцi з каня тут, у Хедэбю. Ротмiстр усё роўна не запытаецца, хто носiць сягоння каралеўскi пярсцёнак на пальцы - бацька цi Iнгiльберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведамiць аб крадзяжы ленсману Карэлiусу". Але пакуль пастар такiм чынам раiўся з самiм сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, цiхенька адчынiлася, ды так i засталася адчыненай насцеж. Гэта быў сапраўды цуд, але цi мала на свеце розных брам, якiя такiм жа чынам расчыняюцца самi па сабе, калi яны дрэнна зачынены. I пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымi абставiнамi, але палiчыў iх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю. Ротмiстр прыняў яго гасцiнна, куды больш ветлiва, чым звычайна. - Якi гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазiрнулi да нас. Я якраз вельмi хацеў сустрэцца з вамi i сягоння некалькi разоў намерваўся пайсцi да вас у маёнтак i пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе! - Дарэмна б толькi схадзiлi, брат Лёвеншольд, - сказаў пастар. - Яшчэ на свiтаннi я паехаў вярхом па прыхадскiх справах на сетэр у Ольсбю i вось толькi зараз вяртаюся назад. Ну i дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькi прыгод! - Тое ж i са мной было, хоць я наўрад цi ўставаў сягоння з крэсла. Запэўнiваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка мiне пяцьдзесят i я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так i потым, цудаў, падобных сягонняшнiм, мне сустракаць не даводзiлася. - А калi так, - прамовiў пастар, - першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмi цiкавую гiсторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзiўная з усiх, якiя здаралiся са мной у жыццi. - Але, магчыма, - запярэчыў ротмiстр, - вам, высокапаважаны брат, мая гiсторыя зусiм не падасца такой ужо незвычайнай. Таму я i хачу запытацца: вы чулi, пэўна, што расказваюць пра Гатэнйельма*? * Гатэнйельм - Ларс (Ласэ) Андэрсан Гатэ (1689-1718) - вядомы шведскi марак. Нарадзiўся ў сялянскай сям'i, плаваў на шведскiх i замежных гандлёвых суднах. У час Паўночнай вайны арганiзаваў каперскую флатылiю (гл. нiжэй). Нажыў вялiкiя багаццi i часткова субсiдзiраваў каралеўскую казну. У 1715 г. яму быў нададзены дваранскi тытул, пасля чаго стаў называцца Гатэнйельмам. Узвышэнне яго было адмоўна сустрэта шведскай арыстакратыяй, бо яго падазравалi ў сувязях з пiратамi. Загiнуў у марской бiтве пры Гётэборгу. - Пра гэтага жахлiвага пiрата i адчайнага капера*, якому кароль Карл надаў чын адмiрала? Хто ж не чуў, што пра яго расказваюць! * Капер - уладальнiк судна цi флатылii, якi займаецца ў час вайны марскiм разбоем у нейтральных водах. У адрозненне ад пiратаў каперы нападалi толькi на варожыя судны з ведама свайго ўрада, атрымлiваючы на гэта спецыяльную грамату. Каперства iснавала ў Эўропе да сярэдзiны XIX ст. - Дык вось, - працягваў ротмiстр, - сягоння ў абед размова зайшла пра даўнiя ваенныя гады. Мае сыны i iхнi гувернёр пачалi распытвацца ў мяне, як i што было ў даўнiну; маладыя ж любяць слухаць пра мiнулае. I заўважце сабе, брат мой, яны нiколi не пытаюцца пра тую гарачую i суровую пару, якую давялося перажыць нам, шведам, пасля смерцi Карла, калi мы з-за вайны ды безграшоўя адсталi ва ўсiм. Не, iх цiкавяць толькi згубныя ваенныя гады! Далiбог, i не паверыш: яны ж лiчаць нi за што аднаўленне гарадоў, якiя згарэлi дашчэнту, узвядзенне заводаў i мануфактур, выкарчоўку лесу i пад'ём цалiны. Думаецца, мой брат, сыны мае саромеюцца мяне i маiх сучаснiкаў за тое, што мы пакончылi з ваеннымi паходамi i перасталi спусташаць чужыя землi. Вiдаць, яны мяркуюць, што мы значна горшыя за нашых бацькоў i што нам здрадзiла былая магутнасць шведаў! - Вы, брат Лёвеншольд, сапраўды маеце рацыю, - сказаў пастар. - Такая любоў юнакоў да вайсковай справы заслугоўвае ўсялякага шкадавання. - Ну вось я i выканаў iх жаданне, - працягваў ротмiстр, - i раз яны захацелi пачуць пра якога-небудзь вялiкага героя вайны, я i расказаў iм пра Гатэнйельма i пра яго жорсткае абыходжанне з купцамi i мiрнымi падарожнiкамi, жадаючы выклiкаць сваiм расказам жах i пагарду. I калi мне гэта ўдалося, я папрасiў сваiх дзяцей паразважаць над тым, што гэты Гатэнйельм быў заўзяты сын ваеннага часу, i пацiкавiўся, цi хацелася б iм, каб на зямлi жылi такiя вылюдкi? Але не паспелi мае сыны адказаць, як слова ўзяў iхнi гувернёр i папрасiў дазволу расказаць яшчэ адну гiсторыю пра Гатэнйельма. I паколькi ён запэўнiў мяне, што гэта прыгода капера толькi падмацуе мае папярэднiя выказваннi пра жахлiвыя зверствы i бясчынствы Гатэнйельма, я згадзiўся. Ён пачаў свой расказ з таго, што Гатэнйельм загiнуў маладым i цела яго было пахавана ў ансальскай царкве* ў мармуровым саркафагу, якi ён выкраў у дацкага караля**. Пасля гэтага ў царкве пачалi з'яўляцца такiя страшныя прывiды, што ансальскiя прыхаджане не ведалi паратунку. Яны не знайшлi iншага сродку, апрача як выцягнуць цела з труны i пахаваць яго ў зямлi на пустынных шхерах далёка-далёка ў моры. З таго часу ў царкве стала мiрна i спакойна. Але рыбакi, якiм здаралася заплываць да новага месца пахавання Гатэнйельма, расказвалi, што заўсёды чулi там шум i валтузню, i ў любое надвор'е марская пена бурна закiпала над злашчаснымi шхерамi. Рыбакi думалi, што ўсё гэта была справа рук карабельнiкаў i гандляроў, якiх Гатэнйельм загадваў кiдаць за борт з захопленых iм суднаў. I цяпер яны ўставалi са сваiх сырых марскiх магiл, каб катаваць пiрата. А рыбакi ўсяляк асцерагалiся заплываць у той бок. Але аднойчы цёмнай ноччу аднаму з iх собiла апынуцца занадта блiзка ад страшнага месца. Ён адчуў, што яго раптам зацягнула ў вiр, у твар пляснула марская пена, i чыйсьцi грамавы голас звярнуўся да яго: - Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале i скажы жонцы маёй: няхай прышле мне сем бярэмяў арэхавых прутоў ды дзве ядлоўцавыя палiцы! * Царква ў прыходзе Ансала, дзе знаходзiлася сядзiба Гата, якая належала бацькам Гатэнйельма. ** Недакладнае выкладанне гiстарычнага факту. У сапраўднасцi Гатэнйельм заўважыў на адным з захопленых дацкiх суднаў два мармуровыя саркафагi, якiя прызначалiся для дацкага караля Фрэдэрыка IV i яго жонкi. Датчане прапанавалi за iх вялiкi выкуп, але Гатэнйельм заявiў, што мае намер пакiнуць iх для сябе i сваёй жонкi. Тады па загаду дацкага ўрада былi выраблены два якраз такiя ж самыя саркафагi з iмем i гербам Гатэнйельмаў, i шведскi капер пагадзiўся ўзяць iх у абмен на каралеўскiя. Гэтыя саркафагi ўстаноўлены ў ансальскай царкве, у магiльным склепе Гатэнйельмаў, i ў адным з iх пахаваны Ларс Гатэ. Пастар, якi моўчкi i цярплiва слухаў расказ субяседнiка, улавiў цяпер, што гэта - звычайная гiсторыя аб прывiдах, i з цяжкасцю ўстрымаўся ад нецярплiвага жэсту. Аднак ротмiстр не звярнуў на гэта нiякай увагi. - Вы разумееце, высокапаважаны брат мой, што рыбаку нiчога не заставалася, як падпарадкавацца гэтаму наказу. Паслухалася яго i яна, жонка Гатэнйельма. Былi сабраны самыя гнуткiя арэхавыя пруты i самыя моцныя ядлоўцавыя палiцы, i работнiк з Ансалы паплыў з iмi ў мора. Тут пастар зрабiў настолькi яўную спробу перапынiць свайго субяседнiка, што ротмiстр нарэшце заўважыў яго нецярплiвасць. - Ведаю, аб чым вы думаеце, брат мой, - прамовiў ён, - тое ж падумаў i я, пачуўшы ў абед гэту гiсторыю, але зараз, ва ўсякiм выпадку, папрашу вас, высокапаважаны брат мой, выслухаць мяне да канца. Такiм чынам, я хацеў сказаць, што гэты разбойнiк з Ансалы, мабыць, быў чалавек бясстрашны i да таго ж вельмi адданы свайму нябожчыку гаспадару. Iнакш ён наўрад цi адважыўся б выканаць такi наказ. Калi ён падплыў блiжэй да месца пахавання Гатэнйельма, шхеры пiрата захлiствалi такiя высокiя хвалi, нiбы разгулялася страшная бура, а бразганне зброi i шум бiтвы чутны былi далёка навокал. Аднак работнiк падышоў на вёслах як мага блiжэй, i яму ўдалося закiнуць на шхеры i ядлоўцавыя палiцы i бярэмi прутоў. Некалькi шпаркiх узмахаў вёсламi - i ён адплыў ад страшнага месца. - Высокапаважаны брат мой... - пачаў быў пастар, але ротмiстр непахiсна працягваў. - Аднак далей ён не паплыў, а перастаў веславаць, рашыўшы паназiраць, цi не здарыцца што-небудзь незвычайнае. I чакаць яму марна не давялося. Бо над шхерамi паднялася раптам да аблок марская пена, шум змянiўся страшным грукатам, быццам на полi бiтвы, i жахлiвыя стогны разнеслiся над морам. Так працягвалася нейкi час, паступова зацiхаючы, а пад канец хвалi i зусiм перасталi браць штурмам Гатэнйельмаву магiлу. Неўзабаве тут стала гэтак жа цiха i спакойна, як i на ўсякiх iншых шхерах. Работнiк хацеў ужо накiравацца ў зваротны шлях, але ў той жа мiг да яго звярнуўся грамавы i ўрачысты голас: "Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале, пакланiся маёй жонцы i перадай: цi жывы, цi мёртвы, Ласэ Гатэнйельм заўсёды перамагае сваiх ворагаў!" Апусцiўшы галаву, пастар слухаў апавядальнiка. Цяпер, калi гiсторыя падышла да канца, ён узняў галаву i запытальна зiрнуў на ротмiстра. - Калi гувернёр вымавiў гэтыя апошнiя словы, - працягваў ротмiстр, - я заўважыў, што сыны мае спачуваюць гэтаму паскуднаму нягоднiку Гатэнйельму i што iм па душы прыйшоўся аповед пра яго адвагу. Таму я i паспяшаўся заўважыць - маўляў, гiсторыя гэта прыдумана складана, але ўсё гэта наўрад цi што большае за самую звычайную выдумку. Бо калi, - сказаў я, - такi грубы пiрат, як Гатэнйельм, мог пастаяць за сябе нават пасля смерцi, то як жа растлумачыць, што мой бацька, такi адчайны рубака, як i Гатэнйельм, але не ў прыклад яму добры, сумленны чалавек, дазволiў злодзею прабрацца ў склеп i ўкрасцi ў яго самы каштоўны набытак? А ў яго не было сiлы перашкодзiць гэтаму цi ва ўсякiм разе хоць пасля адпомсцiць вiнаватаму. Пасля гэтых слоў пастар падхапiўся з не ўласцiвай для яго жвавасцю. - I я прытрымлiваюся такога ж меркавання! - усклiкнуў ён. - Паслухайце, аднак, што здарылася далей, - працягваў ротмiстр. - Не паспеў я вымавiць гэтыя словы, як за спiнкай майго крэсла пачулiся гучныя ўздыхi. I ўздыхi гэтыя былi вельмi падобныя на тыя ўздыхi майго нябожчыка бацькi, калi яго мучылi старэчыя недамаганнi. Мне нават падалося, што ён стаiць у мяне за спiной. I я падхапiўся з месца. Зразумела, нiкога i нiчога я не ўбачыў, але быў перакананы, што чуў майго бацьку. Мне не захацелася больш садзiцца за стол, i я прасядзеў тут увесь наступны час у адзiноце, разважаючы аб гэтай справе. I мне вельмi хацелася б пачуць, што думаеце наконт гэтага вы, мой высокапаважаны брат. Тыя жаласныя ўздыхi аб украдзеным скарбе, якiя я чуў... Цi быў гэта мой нябожчык бацька? Калi б я быў упэўнены, што ён усё яшчэ знемагае ад тугi з-за гэтага пярсцёнка! Ды я лепей бы хадзiў па дварах, праводзячы дазнанне, чым дапусцiў, каб ён хоць адзiн мiг пакутаваў жорсткай скрухай, як аб тым сведчаць ягоныя жаласныя ўздыхi. - Другi раз даводзiцца мне сягоння адказваць на пытанне, цi смуткуе яшчэ нябожчык генерал па сваiм страчаным пярсцёнку i хоча атрымаць яго назад, - сказаў пастар. - Але перш чым адказаць, я, з вашага дазволу, высокапаважаны брат мой, раскажу сваю гiсторыю, а потым мы разам паразважаем аб гэтым. Расказаўшы пра сягонняшняе здарэнне з iм, пастар зразумеў, што яму не варта было баяцца, што ротмiстр з недастатковай стараннасцю будзе падтрымлiваць iнтарэсы свайго бацькi. Пастар не падумаў аб тым, што ў характары нават самага мiралюбiвага чалавека ёсць нешта ад сыноў Лодбрака*. Бо нярэдка бывае i так: парасяты пачынаюць вiшчаць, даведаўшыся, якiя пакуты выцерпеў стары парсюк. I пастар убачыў, як на лбе ў ротмiстра ўспухлi жылы, а кулакi так моцна сцiснулiся, што нават збялелi ў суставах. Нястрымны гнеў авалодаў ротмiстрам. * Рагнар Лодбрак, цi Рагнар Скураныя Штаны - герой вядомай iсландскай сагi i хронiкi Саксона Граматыка. Здзейснiўшы мноства подзвiгаў, Лодбрак трапiў у палон да англiйскага караля Эле, быў кiнуты ў змяiную яму i загiнуў. Яго сыны адпомсцiлi за яго, уварваўшыся ў Англiю i забiўшы караля Элу. Прататыпам Лодбрака паслужыў дацкi важак вiкiнгаў, якi жыў у сярэдзiне IX ст. У яго было пяць сыноў, якiя ўзначалiлi паход вiкiнгаў у Англiю. Вядома, пастар перадаў усю гэту справу па-свойму. Ён расказаў, як гнеў божы пакараў злодзеяў, але нiякiм чынам не пажадаў прызнаць, што тут мог быць замешаны мярцвяк. Ротмiстр жа зразумеў усё гэта зусiм iнакш. Ён зрабiў вывад адсюль, што бацька яго не знайшоў вечнага спакою ў магiле, бо пярсцёнак з яго ўказальнага пальца быў зняты. Ротмiстра мучылi страх i згрызоты сумлення, паколькi да гэтага часу ён надта бесклапотна адносiўся да гэтай справы. Здавалася, у сэрцы ягоным ныла рана. Пастар, заўважыўшы, як усхваляваўся ротмiстр, ад страху ледзь рашыўся расказаць яму, што пярсцёнак у яго аднялi зноўку. Але гэта было ўспрынята з нейкiм змрочным задавальненнем. - Добра, што хоць адзiн з гэтага зладзейскага зброду ўцалеў i што ён такi ж мярзотнiк, як i iншыя, - сказаў ротмiстр Лёвеншольд. - Генерал расправiўся з бацькамi Iнгiльберта, i расправiўся сурова. Цяпер настала мая чарга! Пастар улавiў жорсткую рашучасць у голасе ротмiстра. Ён хваляваўся ўсё мацней i мацней, баючыся, каб ротмiстр не задушыў Iнгiльберта ўласнымi рукамi цi не засек яго да смерцi. - Я палiчыў сваiм абавязкам быць пасланцом ад нябожчыка Борда да вас, брат Лёвеншольд, - сказаў пастар, - але я спадзяюся, што вы не пачнеце нiякiх неабдуманых дзеянняў. Я ж маю намер паведамiць цяпер ленсману аб тым, што мяне абакралi. - Вы, брат мой, можаце паступаць як палiчыце патрэбным, - заўважыў ротмiстр. - Я хацеў толькi сказаць, што ўсё гэта - марныя турботы, паколькi справу я бяру на сябе. Пастар пераканаўся, што ў Хедэбю ён больш нiчога не вырашыць. I паспяшаўся з маёнтка, каб паспець завiдна паведамiць аб усiм ленсману. А ротмiстр Лёвеншольд паклiкаў усiх сваiх чалядзiцаў, расказаў, што здарылася, i запытаўся, цi хочуць яны заўтра ранiцай накiравацца разам з iм у пагоню за злодзеем. Нiхто не адмовiўся ад такой паслугi свайму гаспадару i нябожчыку генералу. Канец вечара пайшоў на пошукi ўсемагчымай зброi старадаўнiх мушкетаў, кароткiх мядзведжых рагацiн, доўгiх шпаг, а таксама палiц i кос. VI Не менш за пятнаццаць чалавек суправаджалi ротмiстра, калi назаўтра ў чатыры гадзiны ранiцы ён выйшаў з дому паляваць на злодзея. I ўсе яны былi ў самым ваяўнiчым настроi. Праўда была на iхнiм баку, да таго ж яны спадзявалiся на генерала. Калi ўжо нябожчык умяшаўся ў гэту справу, дык абавязкова давядзе яе да канца. Аднак дзiкi гушчар, якi падыходзiў для аблавы, пачынаўся толькi за мiлю ад Хедэбю. У пачатку дарогi ротмiстру з чалядзiнцамi давялося перасячы лагчыну: дзе-нiдзе яна была апрацавана i ўсеяна дробнымi пабудовамi. То тут, то там на пагорках вiднелiся даволi вялiкiя вёскi. Адна з iх i была Ольсбю, дзе раней знаходзiлася сядзiба Борда Бордсана - пакуль яе не спалiў генерал. За ўсiм гэтым, нiбы разасланая на зямлi тоўстая звярыная шкура, цягнуўся дрымучы бор, адно дрэва да аднаго. Але нават тут не скончылася ўлада чалавека: у лесе вiдаць былi вузкiя сцяжынкi, якiя вялi да летнiх сэтараў i вугальных ям. Калi ротмiстр з чалядзiнцамi ўвайшоў у дрымучы лес, усiх iх быццам падмянiлi: яны набылi зусiм iншы выгляд, iншую паставу. Iм i раней здаралася прыходзiць сюды паляваць на буйную дзiчыну, i iх ахапiў паляўнiчы запал. Пiльна ўзiраючыся ў густы хмызняк, яны i перамяшчацца пачалi зусiм па-iншаму - лёгкай хадой i нiбы крадком. - Давайце дамовiмся наперад, - сказаў iм ротмiстр. - Нiхто з вас не павiнен наклiкаць на сябе бяду з-за гэтага злодзея, i таму пакiньце яго мне. Глядзiце толькi, каб яго не ўпусцiць! Але чалядзiнцы i не думалi падпарадкоўвацца гэтаму распараджэнню. Усе тыя, хто яшчэ напярэдаднi мiрна расхаджваў, развешваючы сена на сушылы, гарэлi цяпер жаданнем як мага больш жорстка правучыць гэтага зладзюгу Iнгiльберта. Ледзь толькi яны паглыбiлiся ў лес, як векавыя сосны, што стаялi тут з даўнiх часоў, сталi такiмi частымi, што раскiнулi над iмi суцэльныя шаты; падлесак скончыўся, i толькi iмхi пакрывалi зямлю. I тут яны ўбачылi, што насустрач iм iдуць тры чалавекi з насiлкамi з галiн, на якiх ляжыць чацвёрты. Ротмiстр са сваiм дазорам паспяшаўся iм насустрач, але, убачыўшы столькi народу, насiльшчыкi спынiлiся. Твар чалавека, якi ляжаў на насiлках, быў прыкрыты вялiзнымi лiстамi папарацi, таму нельга было разгледзець, хто гэта. Але жыхары Хедэбю, здавалася, усё ж пазналi яго, i мароз прабег у iх па скуры. Iм не падалося, што побач з насiлкамi стары генерал. Зусiм не. Iм не падаўся нават ягоны цень. Але ўсё роўна, яны ведалi: ён - тут. Ён выйшаў з лесу разам з мерцвяком. Ён стаяў, паказваючы на яго пальцам. Тры мужчыны, якiя неслi насiлкi, былi людзi добра вядомыя ў акрузе i паважаныя. Гэта быў Эрык Iварсан, гаспадар вялiкага хутара ў Ольсбю, i яго брат Iвар Iварсан, якi так нiколi i не ажанiўся i застаўся дажываць у брата на бацькоўскiм хутары. Абодва яны былi ўжо ў гадах; затое трэцi ў iх кампанii быў чалавек малады. Яго таксама ўсе ведалi. Звалi яго Паўль Элiясан, i быў ён прыёмышам братоў Iварсанаў. Ротмiстр падышоў прама да Iварсанаў, а тыя апусцiлi на зямлю насiлкi, каб прывiтацца з iм за руку. Але ротмiстр, здавалася, не бачыў працягнутых яму рук. Ён не мог адвесцi вачэй ад лiстоў папарацi, якiя прыкрывалi твар таго, хто ляжаў на насiлках. - Хто гэта тут ляжыць? Ужо цi не Iнгiльберт Бордсан? - запытаўся ён нейкiм дзiўна суровым голасам. Здавалася, быццам ён гаворыць насуперак сваёй волi. - Ён самы, - адказаў Эрык Iварсан. - Але адкуль вы яго ведаеце, пан ротмiстр? Па адзеннi пазналi? - Не, - адказаў ротмiстр, - я пазнаў яго не па адзеннi. Я не бачыў яго цэлых пяць гадоў. I ягоная чэлядзь i прышэльцы здзiўлена глядзелi на ротмiстра. Iм усiм падумалася, што сягоння ранiцай у iм з'явiлася нешта не падобнае на яго, штосьцi зласлiвае. Ён не быў самiм сабой. Ён ужо не быў пачцiвы i ветлiвы, як раней. Ротмiстр пачаў распытваць сялян, што яны рабiлi ў лесе так рана i дзе знайшлi Iнгiльберта. Iварсаны жылi заможна, i iм было не па душы, што ў iх так гэта выпытваюць, але самае галоўнае ротмiстру ўсё ж удалося выведаць. За дзень да гэтага з мукой i харчаваннем для работнiкаў яны паднялiся на свой сэтар, размешчаны за некалькi мiль адсюль, у глыбiнi лесу, ды там i заначавалi. На досвiтку накiравалiся назад. Iвар Iварсан неўзабаве абагнаў сваiх спадарожнiкаў. Ён жа былы салдат, майстар хадзiць, i нялёгка было паспяваць за iм. Намнога апярэдзiўшы сваiх спадарожнiкаў, Iвар Iварсан раптам убачыў, што насустрач яму па сцяжынцы iдзе нейкi чалавек. А лес там быў даволi рэдкi. Нiякiх кустоў, адны толькi магутныя ствалы, i Iвар яшчэ здалёк убачыў гэтага чалавека. Але пазнаць адразу - не пазнаў. Мiж дрэў плавалi клубы туману, i калi iх асвятлялi сонечныя промнi, то яны ператварылiся ў залатую смугу. Сёе-тое можна было разгледзець праз гэтае туманнае марыва, але не вельмi выразна. Iвар Iварсан заўважыў, што, як толькi сустрэчны ўбачыў яго ў тумане, то адразу ж спынiўся i з вялiкiм жахам, быццам абараняючыся, распасцёр перад сабой рукi. Калi ж Iвар зрабiў яшчэ некалькi крокаў наперад, той кiнуўся на каленi i закрычаў, каб Iвар не наблiжаўся да яго. Здавалася, што чалавек гэты не пры сваiм розуме. Iвар Iварсан хацеў быў паспяшацца да яго, каб супакоiць, аднак той ужо ўскочыў на ногi i кiнуўся наўцёкi ў глыбiню лесу. Але прабег ён усяго толькi некалькi крокаў. Амаль у той жа момант ён павалiўся на зямлю i застаўся ляжаць нерухома. Калi Iвар Iварсан падышоў да яго, ён быў мёртвы. Цяпер Iвар Iварсан тут жа пазнаў гэтага чалавека: гэта быў не хто iншы, як Iнгiльберт Бордсан, сын таго самага Борда, якi раней жыў у Ольсбю, але потым, калi двор ягоны згарэў, а жонка ўтапiлася, перабраўся на летнi сэтар. Iвар нiяк не мог зразумець, чаму Iнгiльберт павалiўся i памёр: нiчыя ж рука не дакранулася да яго. Ён спрабаваў вярнуць яго да жыцця, але гэта не ўдалося. Калi падышлi астатнiя, яны таксама ўбачылi, што Iнгiльберт мёртвы. Але Бордсаны былi калiсьцi суседзямi Iварсанаў у Ольсбю, i iм не захацелася пакiдаць Iнгiльберта ў лесе; i вось яны зрабiлi насiлкi i забралi яго з сабой. Ротмiстр з панурым выглядам слухаў гэты аповед. Ён падаўся яму цалкам праўдзiвым. Iнгiльберт ляжаў на насiлках, быццам сабраўся ў далёкую дарогу: за спiнаю - торба, а на нагах - чаравiкi. Мядзведжая рагацiна, якая ляжала побач, бадай, таксама належала яму. Не iнакш як Iнгiльберт хацеў накiравацца на чужыну, каб прадаць там пярсцёнак; але калi ў лясным тумане яму сустрэўся Iвар Iварсан, то палiчыў яго за прывiд генерала. Ну, вядома! Так яно i было! Iвар Iварсан быў апрануты ў стары салдацкi мундзiр, а палi ягонага капелюша былi загнуты на каралiнскi манер*. Тое, што Iнгiльберт абазнаўся, лёгка тлумачылася адлегласцю, туманам i тым, што сумленне ў яго было нячыстае. * Каралiнамi называлiся салдаты армii Карла XII (ад лац. Carolus Карл). Тым не менш ротмiстр усё яшчэ быў незадаволены. Ён кiпеў лютай злосцю i прагнуў крывi. Яму хацелася б задушыць Iнгiльберта сваiмi рукамi. Лёвеншольду патрэбна было даць выхад гарачаму жаданню помсты, а выхаду не было. Аднак, паступова ротмiстр зразумеў, якi ён несправядлiвы, i настолькi авалодаў сабой, што нават расказаў Iварсанам, для чаго ён з чалядзiнцамi выйшаў сягоння ранкам у лес. I дадаў, што хоча даведацца, цi пры мерцвяку пярсцёнак. Ротмiстру нават хацелася, каб сяляне з Ольсбю адказалi "не"; тады ён мог бы са зброяй у руках пастаяць за свае правы. Але яны палiчылi яго патрабаванне натуральным i крыху адышлi ўбок, пакуль чалядзiнцы абшуквалi кiшэнi мерцвяка. Ягоныя чаравiкi, торбу, кожнае шво ягонай вопраткi. Спачатку ротмiстр з велiзарнай увагай сачыў за вобыскам, але раптам ён нечакана зiрнуў на сялян, i яму падалося, быццам тыя абмянялiся насмешлiвымi позiркамi, нiбы былi перакананы, што ён усё роўна нiчога не знойдзе. Так яно i выйшла. Пошукi давялося спынiць, а пярсцёнак так i не знайшоўся. Тады падазрэннi ротмiстра зусiм справядлiва леглi на сялян. Гэтае ж самае падумалi i чалядзiнцы. Куды падзеўся пярсцёнак? Калi Iнгiльберт рашыўся ўцякаць, то ён абавязкова ўзяў яго з сабой. Дзе ён? Хоць i цяпер нiхто з iх не бачыў генерала, але ўсе адчувалi ягоную нябачную прысутнасць. Стоячы ў натоўпе, ён паказваў на ўсю тройцу з Ольсбю. Пярсцёнак у iх! Сапраўды, гэта яны абшукалi кiшэнi мерцвяка i знайшлi пярсцёнак. Хутчэй за ўсё, гiсторыя, якую яны толькi што расказалi, - выдуманая, а на самай справе ўсё адбылося зусiм iнакш. Магчыма, Iварсаны, якiя былi аднавяскоўцамi Бордсанаў, ведалi, што тыя завалодалi каралеўскiм пярсцёнкам. Магчыма, яны даведалiся, што Борд памёр, а сустрэўшыся з сынам у лесе, адразу здагадалiся, што ён сабраўся ўцячы з гэтым пярсцёнкам; вось яны i напалi на Iнгiльберта i забiлi яго, каб прысвоiць пярсцёнак. На целе Iнгiльберта не было нiякiх слядоў калецтва, апрача кровападцёку на iлбе. Iварсаны сказалi, што ён стукнуўся галавой аб камень, калi павалiўся. Але хiба гэты крывавы жаўлак не мог быць нанесены тоўстай сукаватай палiцай, якую трымаў у руках Паўль Элiясан. Ротмiстр стаяў, апусцiўшы вочы. Ён пакутлiва змагаўся з самiм сабой. Нiколi не чуў ён аб гэтых трох нiчога, апрача добрага, i яму нiяк не верылася, што яны забойцы i злодзеi. Чалядзiнцы акружылi ротмiстра. Сёй-той з iх ужо бразгаў зброяй, i ўсе да аднаго лiчылi, што без бойкi iм адсюль не пайсцi. Тады да ротмiстра падышоў Эрык Iварсан. - Мы, браты, - сказаў ён, - ды i прыёмыш наш Паўль Элiясан, якi ў хуткiм часе стане мне зяцем, разумеем, што думаеце пра нас вы, пан ротмiстр, i вашы людзi. Дык вось, па-нашаму, не варта нам разыходзiцца, пакуль вы не загадаеце абшукаць нашы кiшэнi i вопратку. Ад такой прапановы ў панурага ротмiстра стала лягчэй на сэрцы. Ён пачаў адмаўляцца. Iварсаны, ды i iхнi прыёмны сын такiя людзi, што iх i западозрыць немагчыма. Але сяляне хацелi пакончыць з гэтай справай. Яны самi пачалi выварочваць свае кiшэнi i разуваць чаравiкi. Тады ротмiстр махнуў рукой чалядзiнцам, каб тыя выканалi iх волю i абшукалi. Пярсцёнак так i не знайшоўся, але ў берасцяным кашы, якi Iвар Iварсан насiў за спiнай, знайшлi саф'янавую торбачку. - Гэта ваша торбачка? - запытаўся ротмiстр пасля таго як пераканаўся, што яна пустая. Калi б Iвар Iварсан адказаў сцвярджальна, то i ўсё, магчыма, на гэтым бы скончылася. Але замест гэтага ён спакойна прызнаўся: - Не, не наша; яна валялася на сцяжынцы, непадалёк ад таго месца, дзе павалiўся Iнгiльберт. Я падняў торбачку i кiнуў яе ў кош, бо яна падалася мне новенечкай. - Але ў такой вось торбачцы i ляжаў пярсцёнак, калi пастар шпурнуў яго Iнгiльберту, - сказаў ротмiстр; i твар ягоны i голас зноў азмрочылiся. Цяпер жа вам, Iварсанам, нiчога не застаецца, як пайсцi са мной да ленсмана, калi вы не лiчыце за лепшае дабравольна вярнуць мне пярсцёнак. Цярплiвасць сялян з Ольсбю лопнула. - Няма ў вас, пан ротмiстр, такога права, каб прымусiць нас iсцi ў турму, - прамовiў Эрык Iварсан. Ён схапiўся за рагацiну, якая ляжала побач з Iнгiльбертам, каб пракласцi сабе шлях, а брат ягоны з будучым зяцем далучылiся да яго. У першы момант аслупянелыя жыхары Хедэбю былi падалiся назад, ледзь не адпiхнуўшы ротмiстра, якi засмяяўся ад радасцi, што нарэшце ўжо дасць доўгачаканы выхад свайму гневу, прымянiўшы сiлу. Выхапiўшы шаблю, ён секануў па рагацiне. Але гэта быў адзiны ратны подзвiг, здзейснены ў гэтай сутычцы. Чалядзiнцы адцягнулi яго i вырвалi шаблю з рук. Здарылася так, што i ленсман Карэлiус надумаў накiравацца той ранiцай у лес. У тую самую хвiлiну ён у суправаджэннi стражнiка паказаўся на сцяжынцы. Зноў пачалiся пошукi i зноў дазнанне, але справа ўсё ж скончылася тым, што Эрык Iварсан, ягоны брат Iвар i iхнi прыёмны сын Паўль Элiясан былi ўзяты пад варту i адведзены ў турму па падазрэннi ў забойстве i разбоi. VII Нельга не прызнаць, што лясы ў нас у Вермландзе былi ў той час велiзарныя, а палi малыя, двары вялiкiя, затое хаты цесныя, дарогi вузкiя, затое ўзгоркi крутыя, дзверы нiзкiя, затое парогi высокiя, цэрквы непрыглядныя, затое службы доўгiя, днi жыцця кароткiя, затое беды незлiчоныя. Але з-за гэтага вермландцы зусiм не апускалi галавы i нiколi не скардзiлiся. Бывала, мароз знiшчаў пасевы, драпежныя звяры - статкi, а крывавы панос - дзяцей: вермландцы ўсё роўна амаль заўсёды захоўвалi бадзёрасць духу. А iнакш што б з iмi здарылася? Але, магчыма, першапрычынай таго было суцяшэнне, якое служыла як багатым, так i бедным, суцяшэнне, якое нiколi не здраджвала людзям i нiколi не ведала стомы. Але не думайце, сапраўды, што суцяшэнне гэта было нечым узвышаным цi нечым урачыстым, накшталт слова божага, чыстага сумлення цi шчасця кахання! I ўжо зусiм не думайце, што было яно нечым ганебным цi небяспечным, накшталт валацужнiцтва цi гульнi ў косцi! А было яно чымсьцi зусiм бязвiнным i будзённым: нiчым самым, як полымем, якое няспынна гарэла ў ачагу зiмовымi вечарамi. Госпадзi божа, якую прыгажосць i ўтульнасць надаваў агонь у самай убогай хацiне! А як жартаваў ён там з усiмi дамачадцамi вечары напралёт! Ён трашчаў i iскрыўся, i тады здавалася, быццам пасмейваецца з iх. Ён пляваўся i сыкаў, i здавалася, быццам дразнiць некага бурклiвага i злога. Часам ён нiяк не мог справiцца з якiм-небудзь сукаватым паленам. Тады ў пакоi станавiлася дымна i чадна, быццам агонь хацеў растлумачыць людзям, што яго кормяць надта скупа. Часам ён ухiтраўся ператварыцца ў гарачую кучу вугалю, якраз калi ў доме кiпела работа, так што заставалася толькi скласцi рукi на каленях ды гучна смяяцца, пакуль ён не ўспыхне зноў. Але больш за ўсё агонь сваволiў, калi гаспадыня прыходзiла з трохногiм чыгунком i патрабавала, каб ён кухарыў. Зрэдку агонь бываў паслухмяны i паслужлiвы i справу сваю рабiў хутка i ўмела. Але нярэдка ён гадзiнамi лёгка i гуллiва скакаў вакол катла з кашай, не даючы ёй закiпець. Затое як весела, бывала, ззялi вочы гаспадара, калi наскрозь вымаклы i замёрзлы, ён вяртаўся ў непагадзь дамоў, а агонь сустракаў яго цяплом i ўтульнасцю! Затое цудоўна было думаць аб агнi, якi не спiць, выпраменьваючы яркае святло ў цёмную зiмовую ноч, нiбы пуцяводная зорка беднага вандроўнiка i быццам грозная перасцярога рысi i ваўку! Але агонь у ачагу ўмеў не толькi саграваць, свяцiць i кухарыць. Ён здольны быў не толькi зiхацець, трашчаць, дымiць i чадзiць. Ён мог абудзiць у чалавечай душы жаданне гарэзаваць. Бо што такое чалавечая душа, як не гарэзлiвае полымя? Так, так, яна i ёсць агонь! Полымя ўспыхвае ў самiм чалавеку, ахоплiвае яго i кружыцца над iм, якраз як агонь успыхвае ў шэрых паленах, ахоплiвае iх i кружыцца над iмi. Калi тыя, хто збiраўся зiмовымi вечарамi вакол палымнеючага агню, моўчкi сядзелi гадзiну-другую, гледзячы ў ачаг, агонь пачынаў размаўляць з кожным з iх на сваёй уласнай мове. - Сястрыца Душа, - мовiла полымя, - хiба ты не такое ж полымя, як я? Чаму ж ты такая панурая, такая засмучаная? - Братка Агонь, - адказвала чалавечая душа, - я калола дровы i гаспадарнiчала цэлы дзень. У мяне толькi i засталося моцы, каб моўчкi сядзець ды глядзець на цябе. - Ведаю, - працягваў агонь, - але надышоў вечар. Рабi, як я! Палымней i свяцi! Весялiся i сагравай! I душы слухалiся i пачыналi весялiцца. Яны расказвалi казкi, загадвалi загадкi, пiлiкалi на скрыпцы, выразалi завiткi i ружачкi на хатнiх рэчах i земляробчых прыладах. Гулялi ў розныя гульнi i спявалi песнi, выкуплялi фанты i згадвалi старадаўнiя прымаўкi. I мала-памалу адубелае цела адтайвала. Адтайвала i панурае сэрца. Людзi ажывалi i весялелi. Агонь i гульнi ля ачага давалi iм сiлы зноў жыць iх бедным i цяжкiм жыццём. Але вось без чаго не абыходзiлася весялосць ля ачага, дык гэта ўжо без аповедаў пра самыя гераiчныя подзвiгi i прыгоды! Аповеды гэтыя падабалiся старым i маладым. Бо ў подзвiгах i прыгодах у гэтым свеце, слава богу, нiколi недахопу не было. Але нiколi не было iх так шмат, як у часы Карла. Ён быў усiм героям герой, i гiсторый пра яго i ягоных воiнаў было безлiч! Гiсторыi гэтыя не знiклi разам з iм i яго ўладай, яны працягвалi жыць i пасля яго смерцi, стаўшы лепшай яго спадчынай. Нi пра каго не любiлi так расказваць, як пра самога караля; ну а пасля яго любiлi яшчэ пагаварыць пра старога генерала з Хедэбю. Яго ведалi ў твар, з iм не раз размаўлялi i маглi апiсаць яго з ног да галавы. Генерал быў такi дужы, што гнуў падковы, як iншыя гнулi звычайныя стружкi. Аднойчы ён даведаўся, што ў Смедсбю ў далiне Свартшо жыве каваль, якi лепш за ўсiх у акрузе куе падковы. Генерал паехаў да яго ў далiну i папрасiў Мiкеля з Смедсбю падкаваць яму каня. А калi каваль вынес з кузнi гатовую падкову, генерал запытаўся, цi нельга спачатку зiрнуць на яе. Падкова была трывалая i зробленая на сумленне, але, разгледзеўшы яе, генерал рассмяяўся. - Гэта, па-твойму, падкова? - запытаўся ён i, сагнуўшы яе, пераламаў на дзве часткi. Каваль перапалохаўся, вырашыўшы, што выканаў дрэнна работу. - У падкове, пэўна, была расколiна, - сказаў ён i паспяшаўся назад у кузню па iншую падкову. Але i з ёю выйшла як з першай, з той толькi рознiцай, што яе сцiснулi, быццам клешчамi, пакуль i яна не пераламалася напалам; далiбог, так яно i было. Але тут Мiкель западозрыў нядобрае. - Ужо цi не сам ты кароль Карл, а можа, Бенгт з Хедэбю? - сказаў ён генералу. - Малайчына, Мiкель, правiльна адгадаў, - пахвалiў каваля генерал i тут жа заплацiў Мiкелю спаўна i за чатыры новыя падковы, i за тыя дзве, што зламаў. Нямала i iншых гiсторый хадзiла пра генерала. Iх расказвалi бясконца, i ва ўсiм павеце не знайшлося б чалавека, якi не ведаў бы пра старога Лёвеншольда, не паважаў яго цi не ставiўся б да яго з глыбокай пашанай. Ведалi i пра генеральскi пярсцёнак, усе ведалi пра тое, як разам з генералам яго паклалi ў магiлу; але чалавечая сквапнасць была такая вялiкая, што пярсцёнак у генерала ўкралi. Цяпер вы можаце ўявiць сабе! Калi ўжо што i магло абудзiць у людзей iнтарэс, цiкаўнасць i хваляванне, дык гэта вестка аб тым, што пярсцёнак знойдзены i згублены зноў, што Iнгiльберта знайшлi ў лесе мёртвага, а сялян з Ольсбю падазраюць у крадзяжы пярсцёнка i яны сядзяць пад вартай. Калi прыхаджане вярталiся ў нядзелю пасля паўдня з царквы дамоў, там ледзь маглi дачакацца, калi яны здымуць з сябе святочнае адзенне i перакусяць; iм прыходзiлася адразу расказваць усё, што пасведчылi на судзе сведкi, i ўсё, у чым прызналiся абвiнавачваемыя, а таксама якi, на думку людзей, будзе прыгавор. Нi пра што iншае i гаворкi не было. Кожны вечар у вялiкiх дамах i малых хацiнах, як у тарпалаў, так i ў заможных сялян, каля ачага чынiлi суд. Жахлiвая гэта была справа, ды i дзiўная, таму i няпроста было разабрацца ў ёй па справядлiвасцi. Нялёгка было вынесцi канчатковае рашэнне, бо цяжка, ды i амаль немагчыма было паверыць, што Iварсаны i iхнi прыёмны сын нiбыта забiлi чалавека з-за пярсцёнка, якiм бы каштоўным ён нi быў. Узяць хаця б Эрыка Iварсана. Быў ён чалавек багаты, валодаў вялiкiмi ўгоддзямi i мноствам хат. Калi i вадзiўся за iм якi грэх, дык толькi той, што быў горды i празмерна клапацiўся пра свой гонар. Але таму i цяжка было зразумець, што якi-небудзь скарб у свеце мог прымусiць яго пайсцi на ганебны ўчынак. Яшчэ менш можна было западозрыць ягонага брата Iвара. Вядома, ён быў бедны, затое жыў у свайго брата на хлебе, атрымлiваючы ад яго чаго толькi пажадае. Ён быў такi дабрадушны i раздаваў усё, што ў яго было! Няўжо такому чалавеку магло прыйсцi ў галаву ўчынiць забойства i разбой? Што тычыцца Паўля Элiясана, то было вядома, што Iварсаны яго любiлi i ён павiнен жанiцца на Марыт Эрыксдотэр, адзiнай бацькавай наследнiцы. Зрэшты, ён жа быў з тых, каго можна было западозрыць хутчэй за ўсё: бо ён па нараджэннi iншаземец, а пра iншаземцаў вядома, што крадзеж яны не лiчаць за грэх. Iвар Iварсан прывёў Паўля з сабой, калi вярнуўся дамоў з палону. Хлопчык быў сiрата з трох год i, калi б не Iвар, памёр бы з голаду ў роднай краiне. Праўда, выхавалi яго Iварсаны сумленным i справядлiвым, ды i вёў ён сябе заўсёды як належала. Вырас ён разам з Марыт Эрыксдотэр, яны пакахалi адно аднаго, i неяк не верылася, што чалавек, якога чакаюць шчасце i багацце, раптам возьме ды i паставiць усё гэта на карту, украўшы пярсцёнак. Але, з iншага боку, не варта было забываць i генерала, пра якога людзi змалку чулi столькi розных легенд i гiсторый, якога ведалi, бадай, не горш за роднага бацьку, генерала, якi быў высокi ростам, магутны i варты даверу. А цяпер ён памёр, i ў яго ўкралi самае дарагое з ягонай маёмасцi. Генерал ведаў, што калi Iнгiльберт Бордсан уцякаў з дому, пярсцёнак быў у яго, iнакш Iнгiльберт спакойна накiраваўся б сваёй дарогай i не быў бы мёртвым. Генерал, пэўна, таксама ведаў, што сяляне з Ольсбю ўкралi пярсцёнак, iнакш бы iм нiяк не сустрэўся на дарозе ротмiстр, iх не ўзялi б пад варту i не трымалi б пад арыштам. Так, складана было разабрацца па справядлiвасцi ў такой справе, але на генерала спадзявалiся нават больш, чым на самога караля Карла. I амаль на ўсiх судовых разборах, якiя вялiся ў бедных хацiнах, быў вынесены абвiнаваўчы прысуд. Вялiкае здзiўленне, вядома, выклiкала тое, што павятовы суд, якi засядаў у судовай палаце на ўзгорку ў Брубю, учынiўшы абвiнавачваемым найстрогае дазнанне, але так i не выкрыўшы iх i не схiлiўшы да прызнання вiны, вымушаны быў апраўдаць сялян, якiх абвiнавацiлi ў забойстве i разбоi. Аднак на волю iх не выпусцiлi, бо прыгавор павятовага суда павiнен быў зацвердзiць каронны суд, а каронны суд палiчыў сялян з Ольсбю вiнаватымi i прыгаварыў iх да павешання. Але i гэты прыгавор не быў выкананы, паколькi яго павiнен быў спярша зацвердзiць сам кароль. Пасля таго як быў вынесены i аб'яўлены каралеўскi прыгавор, прыхаджане, вярнуўшыся з царквы, адклалi свой абед; iм не цярпелася расказаць тым, хто заставаўся дома, якiм быў гэты прыгавор. А ён абвяшчаў: зусiм вiдавочна, што хтосьцi з абвiнавачваемых - забойца i злодзей, але паколькi нiводзiн з iх не прызнаў сябе вiнаватым, то няхай iх рассудзiць Божы суд. На блiжэйшым цiнгу iм неабходна ў прысутнасцi суддзi, засядацеляў i ўсiх прыхаджан згуляць адзiн з адным у косцi. Таго, хто выкiне менш за ўсё ачкоў, варта прызнаць вiнаватым i пакараць за ўчыненае злачынства смерцю праз павешанне, а двух астатнiх адразу вызвалiць, каб яны вярнулiся да свайго звычайнага жыцця. Мудры быў той прыгавор, справядлiвы. Усе жыхары далiн Вермланда былi iм задаволены. Хiба не выдатна з боку старога караля, што ў гэтай цёмнай справе ён не ўявiў, быццам бача ясней, чым iншыя, а звярнуўся да Ўсявышняга? Цяпер ужо нарэшце можна паверыць у тое, што праўду немагчыма схаваць. Да таго ж у гэтай судовай справе было штосьцi надта асаблiвае, яна вялася не чалавекам супраць чалавека; iстцом у гэтай цяжбе быў нябожчык нябожчык, якi патрабаваў вярнуць ягонае багацце. У любых iншых абставiнах можна было яшчэ вагацца, цi патрэбна звяртацца да гульнi ў косцi, але толькi не ў гэтых. Нябожчык генерал ужо дакладна ведаў, хто ўтаiў яго дабро. Вось i ў каралеўскiм прыгаворы самым вартым было тое, што ён даваў старому генералу магчымасць караць або дараваць. Магло нават падацца, быццам кароль Фрэдрык* хацеў прадставiць канчатковае рашэнне генералу. Магчыма, ён ведаў яго ў даўнiя ваенныя гады i яму вядома было, што на гэтага чалавека можна спадзявацца. Зусiм не выключана, што якраз гэта i мелася на ўвазе. А так цi не так, сказаць цяжка! * Кароль Фрэдрык (1676-1751) - кароль Швецыi (1720-1751). Быў жанаты на Ўльрыцы Элеаноры, сястры Карла XII, з'яўляўся яго ваенным паплечнiкам i пасля яго смерцi дамогся права на атрыманне ў спадчыну шведскага трона. Як бы там нi было, усе, чаго б гэта нi каштавала, хацелi прысутнiчаць на цiнгу ў гэты дзень, калi будзе аб'яўлены божы прысуд. Кожны, хто не быў занадта стары, каб iсцi, цi занадта малы, каб паўзцi, накiраваўся ў дарогу. Такой знамянальнай падзеi, як гэта, не здаралася ўжо шмат гадоў. Тут нельга было задавольвацца тым, каб пасля, ды яшчэ ад iншых пачуць, як усё скончылася. Не, тут абавязкова трэба было прысутнiчаць самому. Вядома, што сядзiбы i маёнткi раней былi рассеяны па ўсёй акрузе, вядома i тое, што тады можна было цэлую мiлю праехаць, ды так i не сустрэць нi душы. Але калi людзi з усяго павета сышлiся на адной i той жа плошчы, то ўсе так i ахнулi - колькi народу! Цесна прыцiснутыя адно да аднаго, незлiчонымi радамi стаялi яны перад судовай палатай. Здавалася, нiбы пчалiны рой, чорны i цяжкi, звiсае перад вулеем летнiм днём. Людзi нагадвалi пчалiны рой яшчэ i тым, што былi не ў сваiм звычайным настроi. Яны не былi маўклiвыя i ўрачыстыя, якiмi заўсёды бывалi ў царкве; не былi яны вясёлыя i лагодныя, як заўсёды на кiрмашах: яны былi лютыя i раздражнёныя, апанаваныя нянавiсцю i прагай помсты. Чаго ж тут здзiўляцца? З малаком мацi ўсмакталi яны жах перад лiхадзеямi. Вечарамi iм спявалi калыханкi пра валацуг, якiя былi аб'яўлены па-за законам. У iх уяўленнi ўсе зладзеi i забойцы былi вылюдкамi, чортавым насеннем, яны iх i за людзей не лiчылi. Думка аб мiласэрнасцi да такiх вырадкаў iм i ў галаву не прыходзiла. Яны ведалi, што такiм вось страшным i подлым стварэнням сягоння будзе вынесены прысуд, i радавалiся гэтаму. "Слава табе госпадзi, цяпер ужо гэтаму крыважэрнаму д'яблу прыйдзе канец, разважалi яны. - Ужо цяпер ва ўсякiм выпадку яму не ўдасца болей шкодзiць нам". Добра, што божы суд павiнен быў адбывацца не ў судовай палаце, а на волi. Але дрэнна, вядома, што рота салдат частаколам стаяла на плошчы перад судовай палатай i блiзка падысцi нельга было, людзi ж бясконца груба лаялi салдат, што тыя перакрылi iм шлях. Раней нiхто б сабе такога не дазволiў, але сягоння ўсе былi дзёрзкiя i нахабныя. Усiм людзям давялося заўчасна, з самай ранiцы выйсцi з дому, каб заняць месца блiжэй да частаколу з салдат, i на iх долю выпала многа доўгiх гадзiн пакутлiвага чакання. А за ўвесь гэты час забавiцца не было чым. Хiба што з судовай палаты выйшаў судовы прыстаў i паставiў пасярод плошчы вялiзны барабан. Усё-такi стала весялей, бо людзi ўбачылi, што судзейскiя там, у палаце, намерваюцца распачаць справу яшчэ да вечара. Суровы прыстаў вынес таксама стол са стулам ды яшчэ пяро з чарнiлiцай для пiсара. Нарэшце ён з'явiўся, трымаючы ў руках невялiкi кубак, у якiм звонка перакочвалiся iгральныя косцi. Прыстаў некалькi разоў выкiнуў iх на барабан. Вiдаць, хацеў пераканацца ў тым, што яны не фальшывыя i выпадаюць то так, то гэтак, як iгральным касцям i належыць. Затым ён хутка вярнуўся ў палату, i нiчога дзiўнага ў тым таксама не было: бо варта было яму толькi паказацца на ганку, як людзi адразу ж пачыналi лаяць яго i пасмiхацца. Раней нiхто б сабе гэтага не дазволiў, але ў гэты дзень натоўп проста ашалеў. Суддзю з засядацелямi прапусцiлi праз заслон i да судовай палаты адны з iх прайшлi пешшу, iншыя ж пад'ехалi вярхом. Як толькi з'яўляўся хто-небудзь з iх, натоўп адразу ажываў. Але зноў-такi нiхто не шаптаўся i не шушукаўся, як бывала раней. Зусiм не! I пахвальныя i зневажальныя словы выкрыквалiся на ўвесь голас. I нiчым нельга было гэтаму перашкодзiць. Тых, хто чакаў судовага разбору было нямала, i не такiя яны былi, каб з iмi жартаваць. Важных паноў, якiя прыбылi на цiнг, таксама ўпусцiлi ў судовую палату. Былi там i Лёвеншольд з Хедэбю, i пастар з Бру, i заводчык з Экебю, i капiтан з Хельгестара, i многiя, многiя iншыя. I пакуль яны праходзiлi, усiм iм давялося выслухаць мноства заўваг, наконт таго, што ёсць, маўляў, шчаслiўчыкi, якiм не трэба стаяць ззаду i змагацца за месца блiжэй, ды i яшчэ многа чаго iншага. Калi ўжо больш не было каго зневажаць, натоўп пачаў асыпаць з'едлiвымi насмешкамi маладую дзяўчыну, якая з усiх сiл старалася трымацца як мага блiжэй да салдацкага частаколу. Яна была маленькая i кволая, i мужчыны - то адзiн, то другi - не раз спрабавалi прабiцца праз натоўп i захапiць яе месца; але кожны раз хто-небудзь з тых, хто стаяў побач крычаў, што яна дачка Эрыка Iварсана з Ольсбю, i пасля такога тлумачэння дзяўчыну больш не спрабавалi прагнаць з месца. Але затое на яе градам сыпалiся кпiны. У дзяўчыны пыталiся, каго ёй больш хочацца бачыць на шыбенiцы - бацьку цi жанiха. I здзiўлялiся: з якой гэта ласкi дачка злодзея павiнна займаць лепшае месца. Тыя ж, што прыйшлi з далёкiх лясоў, толькi дзiвiлiся, як у яе хапае духу заставацца на плошчы. Але iм тут жа расказалi пра яе i нямала iншых дзiўных рэчаў. Яна была не з баязлiвага дзесятка, гэта дзяўчына, i прысутнiчала на ўсiх суровых разборах, нiколi не заплакала i ўвесь час была спакойная. Раз-пораз кiвала яна галавой абвiнавачваемым i ўсмiхалася iм так, быццам была ўпэўненая ў тым, што заўтра iх вызваляць. I калi абвiнавачваемыя бачылi яе, то зноў былi мужнымi. Яны думалi самi сабе, што ёсць на свеце хоць адзiн чалавек, якi перакананы ў iх бязвiннасцi. Хоць адзiн, хто не верыць у тое, што нейкi мiзэрны залаты пярсцёнак мог спакусiць iх i падштурхнуць на злачынства. Прыгожая, цiхая i цярплiвая, сядзела яна ў судовай зале. Нi разу не выклiкала яна нi ў кога гневу. Наадварот, нават у суддзi з засядацелямi, ды i ленсмана яна выклiкала прыязнасць да сябе. Самi б яны, дапусцiм, у гэтым не прызналiся, але хадзiла чутка, быццам павятовы суд нi за што не апраўдаў бы абвiнавачваемых, калi б не было там яе. Немагчыма было паверыць, што хто-небудзь з тых, каго любiць Марыт Эрыксдотэр, можа быць вiнаваты ў лiхадзействе. I вось цяпер яна зноў была тут, каб арыштанты маглi бачыць яе. Яна стаяла тут, каб быць апорай i суцяшэннем. Яна хацела малiцца за iх у час iх цяжкага выпрабавання, хацела даверыць iх душы ласцы божай. Хто ведае! Кажуць жа ў народзе, што яблык ад яблынi недалёка падае. Але нiчога не скажаш, з выгляду яна была добрая i бязвiнная. Ды i сэрца было ў яе любячае, калi яна змагла застацца тут на плошчы. Яна ж, напэўна, чула ўсё, што ёй крычалi, але не адказвала, i плакала, i не спрабавала выратавацца ўцёкамi. Яна ведала, што няшчасныя вязнi будуць рады бачыць яе. Бо ва ўсiм вялiзным натоўпе яна была адна-адзiная, хто ўсiм сэрцам па-чалавечы спачуваў iм. Але што нi кажы, а стаяла яна тут зусiм не дарэмна. Знайшлiся ў натоўпе адзiн-два чалавекi, у якiх былi свае дочкi, такiя ж цiхiя, мiласэрныя, як Марыт. I ў глыбiнi душы гэтыя людзi адчувалi, што iм не хацелася б бачыць сваiх дочак на яе месцы. Пачулiся ў натоўпе два-тры галасы, якiя абаранялi яе цi спрабавалi хоць бы супакоiць нястрымных вастрасловаў i гарлапанаў. Не толькi таму, што скончылася пакутлiвае чаканне, але i з-за спачування да Марыт Эрыксдотэр усе ўзрадавалiся, калi дзверы судовай палаты расчынiлiся i суд пачаўся. Спачатку ўрачыста прайшлi судовы прыстаў, ленсман i арыштанты, з якiх знялi кайданы, хоць кожнага з iх вартавалi два салдаты. Затым паявiлiся дзяк, пастар, засядацелi, пiсар i суддзя. Замыкалi шэсце важныя паны i некалькi сялян, якiя былi ў такой пашане, што iм дазволiлi знаходзiцца за ачапленнем. Ленсман з арыштантамi сталi з левага боку ад судовай палаты, суддзя з засядацелямi павярнулi направа, а паны размясцiлiся пасярод. Пiсар са сваiмi паперамi заняў месца за сталом. Вялiкi барабан па-ранейшаму стаяў у цэнтры плошчы ва ўсiх на вачах. Як толькi паказалася шэсце, у натоўпе пачалася штурханiна i цiсканiна. Нямала рослых i дужых мужчын так i намагалася працiснуцца ў першы рад, спадзеючыся перш за ўсё сагнаць з месца Марыт Эрыксдотэр. Але, баючыся, як бы яе не адцiснулi, яна, маленькая i тоненькая, нахiлiўшыся, прашмыгнула мiма салдат i апынулася па другi бок iхняга частаколу. Гэта было супраць усiх правiл парадку, i ленсман даў знак судоваму прыставу выдалiць Марыт Эрыксдотэр. Прыстаў тут жа падышоў да яе, паклаў руку ёй на плячо, быццам намерваючыся яе арыштаваць, i павёў да судовай палаты. Але як толькi яны апынулiся ў людскiм натоўпе, ён адпусцiў яе. Прыстаў ужо нагледзеўся на дзяўчыну i ведаў - ёй абы толькi дазволiлi стаяць паблiзу ад арыштантаў, а яна нават не паспрабуе ўцякаць. Калi ж ленсман захоча яе паўшчуваць, то знайсцi Марыт будзе лёгка. Зрэшты, хiба быў у каго-небудзь час думаць пра Марыт Эрыксдотэр? Пастар з дзякам выйшлi наперад i сталi пасярод плошчы. Абодва знялi капелюшы, а дзяк зацягнуў псалом. I калi тыя, хто стаяў перад ланцугом салдат, пачулi гэтае спяванне, то зразумелi, што зараз адбудзецца нешта вялiкае i ўрачыстае, самае ўрачыстае з усяго, чаму iм калi-небудзь даводзiлася быць сведкамi на сваiм вяку: заклiк да ўсемагутнага, усёведнага Бога, каб даведацца аб яго волi. Калi ж пачаў гаварыць пастар, людзi напоўнiлiся яшчэ большай павагай. Ён малiў Хрыста, сына божага, якi некалi сам паўстаў перад судзiлiшчам Пiлата, злiтавацца над гэтымi абвiнавачваемымi, каб не напаткаў iх суд несправядлiвы. Ён малiў таксама злiтавацца над суддзямi, каб не былi вымушаны яны прыгаварыць да смерцi бязвiннага. Пад канец ён малiў яго злiтавацца над прыхаджанамi, каб не давялося iм быць сведкамi вялiкай несправядлiвасцi, як некалi жыдам каля Галгофы. Усе слухалi пастара, пазнiмаўшы галаўныя ўборы. Яны не думалi больш пра свае нiкчэмныя людскiя справы. Яны былi настроены зусiм iнакш. Iм здавалася, быццам пастар заклiкае на зямлю самога госпада Бога, яны адчувалi яго нябачную прысутнасць. Стаяў цудоўны асеннi дзень: сiняе неба, усеянае белымi хмаркамi, дрэвы з зялёным, ледзь кранутым жаўцiзной лiсцем. Над галовамi людзей бесперапынна праляталi на поўдзень чароды пералётных птушак. Нязвыкла было бачыць такую процьму птушак адразу ў адзiн дзень. Людзям здавалася, што гэта, магчыма, нездарма. Цi не было гэта знакам, што гасподзь ухваляе намеры чалавечыя? Калi пастар змоўк, выйшаў наперад старшыня павятовага суда i зачытаў каралеўскi прыгавор. Прыгавор быў падрабязны, з мноствам мудрагелiстых моўных зваротаў, якiя з цяжкасцю даходзiлi да натоўпу. Але людзi зразумелi, што свецкая ўлада як бы склала скiпетр свой i меч, адмовiлася ад мудрасцi сваёй i ведаў i спадзявалася цалкам на волю божую. I яны пачалi малiцца, малiцца ўсе як адзiн, каб гасподзь дапамог iм i навучыў iх. Затым ленсман узяў у рукi iгральныя косцi i папрасiў суддзю i сяго-таго з прысутных кiнуць гэтыя косцi, каб праверыць, цi не фальшывыя яны. З нейкiм дзiўным хваляваннем прыслухоўваўся народ да стуку iгральных касцей на барабаннай шкуры. Гэтыя кубiкi, якiя загубiлi нямала людзей, няўжо цяпер iх палiчылi вартымi паведамiць волю боскую?! Як толькi косцi былi апрабаваны, арыштантаў вывелi наперад. Спачатку кубак перадалi Эрыку Iварсану, самаму старэйшаму з усiх. Але ленсман тут жа растлумачыў яму, што зараз рашэнне не будзе яшчэ канчатковым. Зараз iм патрэбна кiнуць жэрабя толькi для таго, каб кожнаму вызначыць сваю чаргу гуляць. Першы раз Паўлю Элiясану выпала найменш, а Iвару Iварсану найбольш ачкоў. Значыць, яму першаму i патрэбна было пачынаць. Трое абвiнавачваемых былi апрануты ў тое ж самае адзенне, якое было на iх, калi яны, спускаючыся з гор, са свайго летняга сэтара, сустрэлi ротмiстра. Цяпер гэта адзенне было бруднае i ўсё падранае. Такi ж зношаны выгляд, як у кафтанаў, быў i ў iх гаспадароў. Аднак усiм падалося, быццам Iвар Iварсан трымаўся з трох як бы лепш за ўсiх. Вiдаць, таму, што ён былы салдат, загартаваны шматлiкiмi пакутамi баёў i палону. Трымаўся ён усё яшчэ прама, i выгляд у яго быў мужны i бясстрашны. Калi Iвар Iварсан выйшаў наперад да барабана i ўзяў кубак з касцямi з рук ленсмана, то хацеў быў паказаць яму, як патрэбна трымаць кубак i як гуляць у косцi. На вуснах старога мiльганула ўсмешка. - Не ўпершыню гуляць мне ў косцi, ленсман, - сказаў ён такiм гучным голасам, што ўсе пачулi. - Бенгт-асiлак з Хедэбю ды я не раз, бывала, забаўлялiся вечарамi гэтай гульнёй там, у стэпавых краях. Але не спадзяваўся я, што мне давядзецца згуляць з iм яшчэ раз. Ленсман хацеў быў прыспешыць яго, але натоўпу спадабалася слухаць Iвара. Вось храбрэц! Ён яшчэ мог жартаваць перад такiм рашаючым выпрабаваннем. Iвар абхапiў кубак абедзвюма рукамi, i ўсе ўбачылi, што ён молiцца. Прачытаўшы "Ойча наш", ён гучна ўсклiкнуў: - А цяпер прашу цябе, госпадзi Iсусе Хрысце, каму вядома, што я не вiнаваты, злiтуйся нада мной i падары мне найменш ачкоў: у мяне ж няма нi дзяцей, нi каханай, якiя будуць плакаць па мне! Вымавiўшы гэтыя словы, ён з такой сiлай шпурнуў косцi на барабанную шкуру, што тыя загрукаталi. I ўсе, хто стаяў перад салдацкiм частаколам, пажадалi ў той мiг, каб Iвара Iварсана вызвалiлi. Яны палюбiлi яго за храбрасць i дабрату i нiяк не маглi зразумець, чаму гэта яны лiчылi яго злодзеем. Амаль невыносна было стаяць так далёка, не ведаючы, што выпала на касцях. Суддзя з ленсманам нахiлiлiся над барабанам, каб паглядзець, засядацелi i ўсе асобы знатнага саслоўя, якiя прысутнiчалi пры гэтым, падышлi блiжэй i таксама пачалi глядзець, якi вынiк. Здавалася, усе збянтэжылiся, некаторыя кiвалi Iвару Iварсану, сёй-той пацiскаў яму руку, а натоўп так нiчога i не ведаў. Па радах прабег гнеўны шум. Тады суддзя зрабiў знак ленсману, i той падняўся на ганак судовай палаты, дзе яго лепш бачылi i чулi: - Iвар Iварсан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга! Людзi зразумелi, што Iвар Iварсан прызнаны невiнаватым, i ўзрадавалiся. А многiя пачалi крычаць: - Будзь здароў, Iвар Iварсан! Але тут здарылася такое, што вельмi здзiвiла ўсiх. Паўль Элiясан радасна закрычаў i, сарваўшы з галавы сваю вязаную шапачку з кутасiкам, падкiнуў яе ў паветра. Гэта адбылося так нечакана, што стражнiкi не паспелi перашкодзiць яму. Усе толькi ахнулi. Праўда, Iвар Iварсан быў Паўлю Элiясану ўсё роўна што бацька, але цяпер, калi справа iшла аб ягоным жыццi, няўжо ён i сапраўды радаваўся таму, што iншага прызналi невiнаватым? Хутка быў усталяваны парадак: начальства адышло направа, арыштанты са стражнiкамi - налева, iншыя гледачы адсунулiся блiжэй да судовай палаты, так што барабан зноў застаўся пасярэдзiне, нiчым не заслонены, i ён вiдзён з усiх бакоў. Цяпер настала чарга Эрыка Iварсана перанесцi смяротнае выпрабаванне. Але, узяўшы ў рукi кубак з касцямi, ён паспрабаваў выпрастаць сагнутую спiну i сказаў: - Дзякуй Богу, што брат мой Iвар апраўданы, бо хоць у гэтай справе я таксама невiнаваты, ён заўсёды быў лепшы за мяне. I малю Госпада нашага Iсуса Хрыста, каб ён даў мне выкiнуць найменей ачкоў, каб дачка мая магла павянчацца з тым, каго яна кахае, i жыць з iм шчаслiва да канца дзён сваiх. З Эрыкам Iварсанам здарылася тое, што часта бывае са старымi: уся яго былая моц, здавалася, пайшла ў голас. Яго словы пачулi ўсе i ўскалыхнулi народ. Ужо вельмi ж непадобна было на Эрыка Iварсана прызнаць, што хтосьцi больш варты за яго, ды яшчэ жадаць сабе смерцi дзеля чужога шчасця. Ва ўсiм натоўпе не знайшлося б цяпер нiводнага чалавека, хто па-ранейшаму лiчыў бы яго разбойнiкам i злодзеем. Са слязамi на вачах малiлiся людзi Богу, каб Эрык выкiнуў пабольш ачкоў. Ён i не патурбаваўся патрэсцi ў кубку косцi, а толькi, падняўшы кубак уверх i апусцiўшы яго ўнiз, выкiнуў косцi на барабанную шкуру. Вочы яго былi надта старыя, каб убачыць ачкi на кубiках, i ён, нават не зiрнуўшы на iх, стаяў, утаропiўшыся ў прастору. Але суддзя i iншыя паспяшалiся да барабана. I ўсе прачыталi на iхнiх тварах тое ж здзiўленне, што i ў мiнулы раз. А натоўп, якi стаяў перад салдацкiм частаколам, быццам зразумеў усё, што адбылося, яшчэ задоўга да таго, як ленсман аб'явiў вынiк справы. Нейкая жанчына ўсклiкнула: - Няхай уратуе цябе Гасподзь, Эрык Iварсан! I ўслед пачуўся шматгалосы крык: - Дзякуй i хвала Госпаду за тое, што ён дапамог табе, Эрык Iварсан! Вязаная шапачка Паўля Элiясана ўзляцела ў паветра, як i першы раз, i ўсе зноў ахнулi. Няўжо ён не думае, чым гэта пагражае яму самому? Эрык Iварсан стаяў маўклiвы i абыякавы, твар ягоны нiколькi не пасвятлеў. Думалi - магчыма, ён чакае, калi ленсман аб'явiць вынiк, але нават калi гэта i адбылося i Эрык даведаўся, што ён таксама, як i ягоны брат, выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, то застаўся абыякавы. Ён хацеў быў дабрацца да свайго ранейшага месца, але так знясiлеў, што судоваму прыставу давялося падхапiць яго, а то б не ўтрымацца яму на нагах. Настала чарга Паўлю Элiясану падысцi да барабана, каб паспрабаваць шчасця, i ўсе позiркi накiравалiся да яго. Яшчэ задоўга да выпрабавання ўсе палiчылi, што ён, вiдаць, i ёсць сапраўдны злачынец; цяпер ён быў, можна сказаць, прыгавораны. Больш жа ачкоў, чым браты Iварсаны, выкiнуць было немагчыма. Такi вынiк нiкога б раней не засмуцiў, але тут усе ўбачылi, што Марыт Эрыксдотэр цiшком перабралася да Паўля Элiясана. Ён не трымаў яе ў сваiх абдымках, нi пацалунку, нi пяшчоты не было памiж iмi. Яна толькi стаяла побач, моцна-моцна прыцiснуўшыся да яго, а ён абняў яе стан рукой. Нiхто не мог бы з дакладнасцю сказаць, цi доўга яны так прастаялi, бо ўвагу ўсiх захапiла гульня ў косцi. Як бы там нi было, яны стаялi побач, злучаныя неспазнаным лёсам насуперак варце i грознаму начальству, насуперак тысячам гледачоў, насуперак жахлiвай гульнi са смерцю, у якую былi ўцягнуты. Iх звяло разам каханне, але каханне больш узвышанае, чым зямное. Яны маглi б стаяць так летнiм ранкам каля лаза ў плятнi, праскакаўшы ўсю ноч напралёт i ўпершыню прызнаўшыся адно аднаму ў тым, што хочуць стаць мужам i жонкай. Яны маглi б стаяць так пасля першага прычасця, адчуваючы, што ўсе грахi зняты з душы. Яны маглi б стаяць так, калi б абоiм давялося перанесцi жах смерцi, i перайсцi ў той свет, i сустрэцца зноў, i зразумець, што яны на векi вечныя належаць адно аднаму. Яна стаяла, пазiраючы на яго з такiм пяшчотным каханнем! I штосьцi варухнулася ў людскiх душах i падказала iм - вось над Паўлем Элiясанам i варта было б злiтавацца. Бо ён быў юным дрэўцам, якому не суджана цвiсцi i пладаносiць, ён быў жытнёвым полем, якому суджана быць вытаптаным, перш чым давядзецца абдарыць кагосьцi сваiм багаццем. Ён моўчкi апусцiў руку, якая абвiвала стан Марыт i ўслед за ленсманам падышоў да барабана. Па яго твары непрыкметна было, каб ён хоць крыху хваляваўся, калi браў у рукi кубак. Ён не выступаў перад народам, як iншыя, а павярнуўся да Марыт. - Не бойся! - сказаў ён. - Бог ведае, што я таксама невiнаваты. Пасля гэтага ён, нiбы гуляючы, патрос некалькi разоў косцi ў кубку, не спыняючы iх, пакуль яны не перакацiлiся праз край i не вылецелi на барабанную шкуру. - Я выкiнуў на абедзвюх па шасцёрцы, Марыт! Я выкiнуў па шасцёрцы, i я таксама! Ён будзе апраўданы - iншае яму i ў галаву не прыходзiла, i ад радасцi ён не мог устаяць на месцы. Высока падскочыўшы, ён падкiнуў шапачку ўгору, схапiў у абдымкi стражнiка, якi стаяў побач з iм i пацалаваў. Тут многiя падумалi: "Вiдаць адразу, што ён чужаземец. Калi б ён быў шведам, то не радаваўся б да часу". Суддзя, ленсман, засядацелi i знатныя паны паважана i не спяшаючыся падышлi да барабана, каб разгледзець косцi. Але на гэты раз выгляд iх быў нярадасны. Яны толькi пакiвалi галавой i нiхто з iх не павiншаваў Паўля Элiясана са шчаслiвым вынiкам, якi выпаў на яго долю. Узышоўшы трэцi раз на ганак судовай палаты, ленсман паведамiў: - Паўль Элiясан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга! Натоўп захваляваўся, але нiхто не радаваўся. Нiкому i ў галаву не прыйшло, што тут ёсць нейкi падвох. Гэтага быць не можа! Але ўсiм было боязна i неяк нядобра, паколькi божы суд зусiм не праяснiў сутнасцi справы. Цi азначала гэта, што ўсе тры былi аднолькава невiнаватыя, цi гэта азначала, што ўсе яны былi аднолькава вiнаватыя. Людзi ўбачылi, як ротмiстр Лёвеншольд паспешлiва падышоў да суддзi. Напэўна, хацеў сказаць, што божы суд так нiчога i не вырашыў, але суддзя панура адвярнуўся ад яго. Суддзя з засядацелямi накiравалiся ў судовую палату i пачалi раiцца, а тым часам нiхто не асмельваўся нi паварухнуцца, нi нават прашаптаць хоць слова. Нават Паўль Элiясан, i той трымаўся спакойна. Здавалася, ён зразумеў нарэшце, што божы суд можна вытлумачыць i так i гэтак. Суд зноў паявiўся пасля кароткай нарады, i суддзя абвясцiў, што павятовы суд схiльны тлумачыць божы прысуд такiм чынам, што ўсiх трох абвiнавачваемых неабходна прызнаць невiнаватымi. Вырваўшыся з рук стражнiкаў, Паўль Элiясан ад незвычайнага захаплення зноў падкiнуў сваю шапачку, але i гэта было крыху заўчасна, бо суддзя яшчэ не скончыў прамову: - Але гэта рашэнне суда патрэбна прадставiць каралю праз ганца, якога сягоння варта накiраваць у Стакгольм. Абвiнавачваемым жа патрэбна знаходзiцца ў турме, пакуль яго каралеўская вялiкасць не зацвердзiць прыгавор суда. VIII Аднойчы восенню, год праз трыццаць пасля той незабыўнай гульнi ў косцi на плошчы перад судовай палатай у Брубю, Марыт Эрыксдотэр сядзела на ганку невялiкай палевай клецi ў сядзiбе Стургордэн, дзе яна жыла, i вязала дзiцячыя рукавiчкi. Ёй хацелася звязаць iх прыгожым узорам палоскай i клеткай, каб яны парадавалi дзiця, якому яна збiралася iх падарыць. Але яна не магла прыгадаць якi-небудзь узор. Пасля таго як яна доўгi час праседзела на ганку, малюючы прутком на прыступцы ўзоры, яна пайшла ў клець i адчынiла сундук з адзеннем, каб знайсцi якi-небудзь узор, па якiм магла б звязаць рукавiчкi. На самым дне сундука яна наткнулася на адмыслова звязаную шапачку з кутасiкам, узорную з мноствам разнастайных квадрацiкаў i палосачак; пасля пэўнага вагання яна ўзяла шапачку з сабой на ганак. Круцячы шапачку на ўсе бакi, каб разабрацца з узорыстай вязкай, яна заўважыла, што шапачка дзе-нiдзе паедзена моллю. "Госпадзi божа, не дзiўна, што шапачка сапсавана, - падумала яна. - Прайшло, пэўна, сама меней трыццаць гадоў з таго часу, як яе насiлi. Добра, што я хоць выцягнула яе з сундука i бачу цяпер, што з ёю сталася". Шапачка была ўпрыгожана вялiкiм i пышным рознакаляровым кутасiкам, i ў iм якраз молi, вiдаць, i было раздолле. Варта было Марыт страсянуць шапачку, як нiткi паляцелi на ўсе бакi. А кутасiк, дык той нават адарваўся i ўпаў ёй на каленi. Яна падняла кутасiк i пачала разглядваць, цi занадта сапсаваны ён i цi нельга яго зноў прымацаваць, аднак пры гэтым яна раптам заўважыла, што сярод нiтак штосьцi блiснула. Нецярплiва рассунуўшы iх, яна ўбачыла вялiкi залаты пярсцёнак з пячаткай i з пунсовым каменем, вельмi моцна ўшыты ў кутасiк грубымi палатнянымi нiткамi. Кутасiк з шапачкай выпалi ў яе з рук. Нiколi раней не даводзiлася ёй бачыць гэты пярсцёнак, але ў яе зусiм не было патрэбы разглядваць каралеўскiя iнiцыялы на камянi цi чытаць надпiс на пярсцёнку, каб даведацца, што гэта за пярсцёнак i хто быў яго ўладальнiкам. Абапёршыся на поручань ганка, яна заплюшчыла вочы i так сядзела, цiхая i бледная, быццам была пры смерцi. Ёй здавалася, што сэрца ў яе вось-вось разарвецца ад пакуты. З-за гэтага пярсцёнка бацьку яе Эрыку Iварсану, дзядзьку яе Iвару Iварсану i жанiху яе Паўлю Элiясану давялося развiтацца з жыццём, а цяпер ёй суджана знайсцi гэты пярсцёнак, вельмi моцна ўшыты ў кутасiк Паўлевай шапачкi! Як жа ён туды трапiў? Калi ж ён туды трапiў? Цi ведаў Паўль аб тым, што пярсцёнак зашыты ў кутасiку? Не! Яна адразу ж запэўнiла самую сябе, што ён нiяк не мог ведаць аб гэтым. Яна прыгадала, як ён размахваў гэтай шапачкай i падкiдваў яе ўгору, думаючы, што i яго i старых Iварсанаў апраўдаюць. Малюнак гэты стаяў перад яе вачыма, нiбы ўсё здарылася толькi ўчора: вялiзны натоўп людзей, спачатку поўны нянавiсцi i варожасцi да яе i да яе блiзкiх, а пад канец перакананы ў iх невiнаватасцi. Ёй прыгадалася цудоўнае цёмна-сiняе асенняе неба i пералётныя птушкi, якiя збiлiся са шляху i трывожна ляталi над плошчай, дзе iшоў цiнг. Паўль бачыў iх, i ў той момант, калi яна прыцiснулася да яго, шапнуў ёй, што хутка душа яго будзе мiтусiцца ў нябёсах, быццам маленькая птушачка, якая збiлася са шляху. I ён запытаўся, цi дазволiць яна яму прылятаць i гнездавацца пад дахавым жолабам сядзiбы ў Ольсбю. Не, Паўль не мог ведаць, што ўкрадзенае дабро схавана ў шапачцы, якую ён падкiдваў угору, пазiраючы на цудоўнае асенняе неба. Гэта было на другi дзень. Сэрца яе сутаргава сцiскалася кожны раз, калi яна ўспамiнала аб iм, але цяпер ёй што б там нi было патрэбна ўспомнiць усё да канца. Са Стакгольма прыйшоў указ, што божы суд неабходна разумець так: усе тры абвiнавачваемыя аднолькава вiнаватыя, i iх трэба пакараць смерцю праз павешанне. Яна была там, калi прыгавор прыводзiлi ў выкананне, была дзеля таго, каб людзi, якiх яна любiла, ведалi, што ёсць на свеце чалавек, якi верыць у iх i смуткуе. Але дзеля гэтага наўрад цi патрэбна было iсцi на ўзгорак вiсельнiкаў. Пасля божага суда настрой у людзей стаў iншым. Усе тыя, хто акружалi яе перад салдацкiм частаколам, былi цяпер добрыя з ёю. Людзi разважалi ды меркавалi мiж сабой, а потым вырашылi, што божы суд патрэбна разумець так: усе тры абвiнавачваемыя невiнаватыя. Бо стары генерал дазволiў усiм тром выкiнуць па дзве шасцёркi. Значыць, i разважаць тут больш няма чаго. Генеральскага пярсцёнка нiхто з iх не браў. Калi вывелi трох сялян, пачуўся ўсеагульны страшны лямант. Жанчыны плакалi, мужчыны стаялi, сцiснуўшы кулакi i сцяўшы зубы. Казалi, што быць, маўляў, прыходу Бру разораным, як Iерусалiму, бо там пазбавiлi жыцця трох бязвiнных мужчын. Людзi выкрыквалi словы суцяшэння прыгавораным да пакарання смерцю i здзеквалiся з катаў. Безлiч праклёнаў пасылалася на галаву ротмiстра Лёвеншольда. Казалi, быццам ён пабываў у Стакгольме i па яго вiне прыгавор божага суда вытлумачылi на шкоду абвiнавачваемым. Але, ва ўсякiм выпадку, усе людзi, разам з Марыт лiчылi падсудных невiнаватымi i верылi iм, а гэта дапамагло дзяўчыне перажыць той дзень. I не толькi той дзень, але i ўсе астатнiя днi - да гэтага часу. Калi б людзi, з якiмi ёй давялося сустракацца, лiчылi яе дачкой забойцы, то яна не ў сiлах была б вынесцi цяжару жыцця. Паўль Элiясан першым узышоў на маленькi дашчаны памост пад шыбенiцай. Спачатку ён кiнуўся на каленi i пачаў малiцца богу, потым звярнуўся да святара, якi стаяў побач з iм, i пачаў аб нечым прасiць яго. Затым Марыт убачыла як пастар зняў з яго галавы шапачку. Калi ўсё было скончана пастар перадаў Марыт шапачку i апошняе прывiтанне Паўля. Ён паслаў ёй шапачку ў знак таго, што думаў пра яе ў свой перадсмяротны час. Як ёй магло нават прыйсцi ў галаву, што Паўль падарыў бы ёй на памяць шапачку, калi б ведаў, што ў ёй схавана крадзенае дабро? Не, калi ўжо i было што надзейнае на свеце, дык толькi адно: Паўль не ведаў, што пярсцёнак, якi быў надзеты на пальцы нябожчыка, - у шапачцы. Хутка нагнуўшыся, Марыт Эрыксдотэр узяла шапачку, паднесла яе да вачэй i пачала ўважлiва разглядаць. "Адкуль магла ўзяцца ў Паўля гэта шапачка? падумала яна. - Нi я, ды i нiхто iншы ў сядзiбе не вязаў яе яму. Вiдаць, ён купiў яе на кiрмашы, а магчыма, памяняўся з кiм-небудзь". Яна яшчэ раз перавярнула шапачку, разглядваючы ўзор з усiх бакоў. "Калiсьцi гэта шапачка была, напэўна, прыгожая i новая, - падумала яна. Паўль любiў рознае прыгожае ўбранне. Ён заўсёды быў незадаволены, калi мы ткалi яму шэрыя саматканыя кафтаны. Ён хацеў, каб саматканае сукно яму заўсёды фарбавалi. А шапачкi ён любiў часцей чырвоныя, з вялiкiм кутасiкам. Гэта несумненна прыйшлася яму па густу". Адклаўшы шапачку, яна зноў абапёрлася аб поручань, iмкнучыся перанесцiся ў мiнулае. Яна была ў лесе той самай ранiцай, калi Iнгiльберта напалохалi да смерцi. I бачыла, як Паўль разам з яе бацькам i дзядзькам стаяў, схiлiўшыся над трупам. Абодва старыя вырашылi, што Iнгiльберта трэба перанесцi ўнiз, у далiну, i накiравалiся насячы галля для насiлак. А Паўль на момант забавiўся, каб разгледзець Iнгiльбертаву шапачку. Яна яму вельмi спадабалася. Шапачка была ўзорыстая, звязаная з чырвонай, сiняй i белай пражы, i ён непрыкметна памяняў яе на сваю. Ён зрабiў гэта без усялякага дрэннага намеру. Магчыма, ён проста хацеў пафарсiць крыху ў ёй. Ягоная ўласная шапачка, пакiнутая iм Iнгiльберту, вядома ж, была не горшая за гэту, але не такая стракатая i не так адмыслова звязаная. А Iнгiльберт зашыў пярсцёнак у шапачку, перш чым пайсцi з дому. Магчьма, ён думаў, што за iм будзе пагоня, i таму спрабаваў схаваць яго. Калi ж павалiўся, нiкому i ў галаву не прыйшло шукаць пярсцёнак у шапачцы, а Паўлю Элiясану i тым больш. Напэўна, так яно i было ўсё. Яна магла б паклясцiся ў гэтым, але трэба ўсё ж пераканацца да канца. Марыт паклала пярсцёнак у сундук i з шапачкай у руках пайшла на двор для жывёлы, каб паразмаўляць з даглядчыцай жывёлы. - Выйдзi на святло, Мэрта, - крыкнула яна ў цёмную глыбiню хлява, - i дапамажы мне з узорам, а то адной нiяк не разабрацца! Калi даглядчыца жывёлы выйшла да яе, Марыт працягнула ёй шапачку. - Я ведаю, што ты майстар вязаць, Мэрта, - сказала яна. - Я хацела пераняць гэты ўзор, ды не магу ў iм разабрацца. Глянь жа сама! Ты ж вельмi вопытная ў гэтай справе: куды мне да цябе! Даглядчыца жывёлы ўзяла шапачку i паглядзела на яе. Вiдаць было, што яна вельмi здзiвiлася. Выйшаўшы з ценю, якi адкiдвала сцяна хлява, яна зноў пачала аглядаць шапачку. - Адкуль яна ў цябе? - запыталася Мэрта. - Яна праляжала ў мяне ў сундуку шмат гадоў, - адказала Марыт. - А чаму ты ў мяне пытаешся? - Таму, што гэту самую шапачку я звязала майму брату Iнгiльберту тым апошнiм летам, калi ён яшчэ быў жывы, - сказала даглядчыца жывёлы. - Я не бачыла яе з той самай ранiцы, калi ён пайшоў з дому. Як магла яна трапiць сюды? - Можа, яна звалiлася ў яго з галавы, калi ён падаў, - адказала Марыт. - I хтосьцi з нашых работнiкаў падабраў яе ў лесе i прынёс сюды. Але калi ўжо гэта шапачка развярэдзiла табе сэрца, можа, ты i не захочаш зняць для мяне ўзор? - Давай мне шапачку, i ўзор будзе ў цябе да заўтрашняга дня - сказала даглядчыца жывёлы. У голасе яе пачуўся плач, калi, узяўшы шапачку, яна пайшла назад на двор для жывёлы. - Не, не трэба табе здымаць узор, раз гэта так цяжка, - сказала Марыт. - Нiколькi мне не цяжка, калi я раблю гэта для цябе. I на самай справе, нiхто iншы, а Марыт успомнiла пра Мэрту Бордсан, якая засталася адна ў лесе пасля смерцi бацькi i брата, i прапанавала ёй пайсцi даглядчыцай жывёлы ў сваю сядзiбу Стургордэн у Ольсбю. I Мэрта заўсёды была ёй удзячна за тое, што Марыт дапамагла ёй вярнуцца да людзей. Марыт зноў пайшла на ганак палевай клецi i ўзяла ў рукi вязанне, але ёй не працавалася; абапёршыся, як раней, галавой на поручань, яна намагалася прыдумаць - што ж ёй цяпер рабiць. Калi б хто-небудзь у ольсбюскай сядзiбе ведаў, як выглядаюць жанчыны, якiя адмовiлiся ад свецкага жыцця дзеля пустэльнiцтва ў манастыры, то сказаў бы, што Марыт падобная на такую жанчыну. Твар яе быў жаўтавата-бледны i зусiм без маршчын. Нетутэйшаму чалавеку амаль немагчыма было б сказаць маладая яна цi старая. Ва ўсiм яе аблiччы было нешта супакоенае i цiхае, як у чалавека, якi адмовiўся ад усякiх жаданняў. Яе нiколi не бачылi бесклапотна-вясёлай, але i вельмi маркотнай таксама нiколi не бачылi. Пасля цяжкага ўдару, якi напаткаў яе, Марыт ясна адчула, што жыццё для яе скончана. Яна атрымала ў спадчыну сядзiбу Стургордэн, але добра разумела, што калi захоча захаваць сядзiбу ў сябе, то ёй давядзецца выйсцi замуж: сядзiбе ж патрэбен гаспадар. Не жадаючы выходзiць замуж, яна перадала ўсе свае ўладаннi аднаму са стрыечных братоў зусiм бясплатна, абумовiўшы сабе толькi права жыць i харчавацца ў сядзiбе да сканчэння сваiх дзён. Яна была задаволена тым, што так паступiла, i нiколi ў гэтым не раскайвалася. Баяцца, што днi пацягнуцца для яе марудна i бесклапотна, не даводзiлася. Людзi паверылi ў яе жыццёвы розум i дабрату, i варта было каму-небудзь захварэць, як адразу клiкалi яе. Дзецi таксама вельмi хiнулiся i лашчылiся да яе. У клецi на палях у яе заўсёды было шмат малых. Яны ведалi, што ў Марыт заўсёды знойдзецца час дапамагчы iм справiцца з iх маленькiмi нягодамi. I вось цяпер, калi Марыт сядзела на ганку, разважаючы, што ёй рабiць з гэтым пярсцёнкам, яе апанаваў раптам страшны гнеў. Яна думала пра тое, як лёгка можна было адшукаць гэты пярсцёнак. Чаму генерал не паклапацiўся, каб пярсцёнак быў знойдзены? Ён жа ўвесь час ведаў, дзе пярсцёнак, цяпер Марыт гэта разумела. Але чаму ж ён не зрабiў так, каб Iнгiльбертаву шапачку таксама абшукалi? Замест гэтага ён дазволiў пакараць смерцю з-за свайго пярсцёнка трох невiнаватых чалавек. На гэта ў яго была ўлада, а вось прымусiць пярсцёнак выйсцi на свет божы - не было! Спачатку Марыт падумала была, што ёй патрэбна пайсцi да пастара, расказаць яму ўсё i аддаць пярсцёнак. Але не, гэтага яна нiзашто не зробiць! Так ужо атрымалася: дзе б нi паявiлася Марыт - цi ў царкве, цi ў гасцях, з ёю абыходзiлiся з вялiкай павагай. Ёй нiколi не даводзiлася пакутаваць ад пагарды, якая звычайна выпадае на долю дачкi лiхадзея. Людзi былi цвёрда перакананы ў тым, што тут адбылася неверагодная несправядлiвасць, i хацелi згладзiць яе. Нават знатныя паны, сустракаючы, бывала, Марыт на царкоўным узгорку, абавязкова падыходзiлi да яе перамовiцца некалькiмi словамi. Нават сям'я з Хедэбю - вядома, не сам ротмiстр, а яго жонка з нявесткай - не раз спрабавалi зблiзiцца з Марыт. Але яна заўсёды ўпарта адхiляла гэтыя спробы. Нiводнага слова не сказала яна нiводнаму з жыхароў маёнтка з часу божага суда. Дык няўжо цяпер яна выйдзе на плошчу i голасна прызнаецца ў тым, што гаспадары Хедэбю часткова мелi рацыю? Пярсцёнкам, як стала вядома, усё ж завалодалi сяляне з Ольсбю. Магчыма, нават пачнуць сцвярджаць аб тым, што яны, маўляў, ведалi, дзе пярсцёнак, выцерпелi арышт i дазнанне, спадзеючыся, што будуць апраўданы i змогуць прадаць пярсцёнак. Ва ўсякiм выпадку Марыт разумела, што гонар ротмiстра, а заадно i яго бацькi, будзе выратаваны, калi яна аддасць пярсцёнак i раскажа, дзе яго знайшла. А Марыт не хацела i пальцам паварушыць дзеля таго, што прынесла б карысць i выгаду Лёвеншольдам. Ротмiстр Лёвеншольд быў цяпер васьмiдзесяцiгадовым дзедам, багатым i магутным, знатным i паважаным. Кароль надаў яму баронскi тытул, i не было выпадку, каб яго напаткала якая-небудзь бяда. Сыны ў яго былi вельмi добрыя, жылi, як i ён, у дастатку i выгадна ажанiлiся. А чалавек гэты забраў у Марыт усё, усё, усё, што ў яе было. Яна засталася адна на свеце, гаротная, без мужа, без дзяцей, i ўсё па яго вiне. Доўгiя гады чакала яна i чакала, што яго напаткае суровае пакаранне, але так нiчога i не здарылася. Раптам Марыт падскочыла, ачуўшыся ад свайго глыбокага роздуму. Яна пачула, як па двары шпарка бягуць дзецi, напэўна, да яе. Гэта былi два хлопчыкi гадоў дзесяцi-адзiнаццацi. Адзiн быў сынам гаспадара, Нiльс, другога яна не ведала. I, вядома ж, яны прыбеглi папрасiць яе ў нечым дапамагчы. - Марыт, - сказаў Нiльс, - гэта Адрыян з Хедэбю. Мы з iм былi вунь на той дарозе i ганялi абруч, а потым паспрачалiся, i я разадраў яго шапачку. Марыт моўчкi сядзела, гледзячы на Адрыяна. Прыгожы хлопчык, у аблiччы якога было штосьцi цiхае i лагоднае. Яна схапiлася за сэрца, бо заўсёды адчувала боль i страх, калi бачыла каго-небудзь з Лёвеншольдаў. - Цяпер мы зноў сябруем, - працягваў Нiльс, - вось я i падумаў: дай жа папрашу цябе, можа, ты паправiш Адрыяну шапачку, перш чым ён пойдзе дадому. - Добра, - сказала Марыт, - зацырую! Узяўшы ў рукi разадраную шапачку, яна паднялася, збiраючыся пайсцi ў клець. - Напэўна, гэта знак божы, - прамармытала яна. - Пагуляйце ж яшчэ крыху на двары! - сказала Марыт хлопчыкам. - Хутка будзе гатова. Зачынiўшы за сабой дзверы ў клець, яна пачала цыраваць дзiркi ў шапачцы Адрыяна Лёвеншольда. IX Зноў мiнула некалькi год, а пра пярсцёнак па-ранейшаму не было нi слыху нi дыху. Але вось здарылася так, што ў 1788 годзе дзяўчына Мальвiна Спак пасялiлася ў Хедэбю i стала там аканомкай. Была яна беднай пастарскай дачкой з Сёрмланда, нiколi раней за межы Вермланда не выязджала i не мела нiякага ўяўлення аб тым, што творыцца ў маёнтку, дзе ёй трэба было служыць. Калi яна прыехала, яе адразу запрасiлi да баранэсы Лёвеншольд, каб адкрыць вельмi дзiўны сакрэт. - Я лiчу, што будзе вельмi правiльна, - сказала гаспадыня дома, адразу ж адкрыць вам, паненка, таямнiцу. Трэба сказаць, у нас у Хедэбю водзяцца прывiды. Нярэдка здараецца, што па лесвiцах i ў галерэях, а часам нават i ў панскiх пакоях сустракаеш рослага, дужага чалавека, апранутага прыкладна як стары каралiнец - у высокiх батфортах i сiнiм форменным мундзiры. Ён з'яўляецца зусiм нечакана, калi адчыняеш дзверы цi выходзiш на лесвiчную пляцоўку: i не паспееш нават падумаць, хто гэта, як ён тут жа знiкае. Ён нiкога не крыўдзiць, i мы нават схiльныя думаць, што ён мае ласку да нас, i я прашу вас, паненка, не палохацца, калi сустрэнеце яго. Дзяўчыне Спак iшоў у той час дваццаць другi год; была яна лёгкая i спрытная, на рэдкасць здольная ў розных хатнiх справах i работах, кемлiвая i рашучая, таму дзе б яна нi вяла гаспадарку, усё iшло ў яе як па масле. Але яна страшна баялася прывiдаў i нiколi не пагадзiлася б служыць у Хедэбю, калi б ведала, што яны там водзяцца. Аднак цяпер яна ўжо прыехала, а беднай дзяўчыне, вядома ж, асаблiва не даводзiлася выбiраць i адмаўляцца ад такога добрага месца. Таму яна зрабiла баранэсе рэверанс, падзякавала за перасцярогу i запэўнiла, што не запалохаецца. - Мы нават не разумеем, чаму ён тут блукае, - працягвала гаспадыня дома. - Дочкi лiчаць, што ён падобны на дзядулю майго мужа - генерала Лёвеншольда, якога вы бачыце вунь на тым партрэце, i яны звычайна называюць прывiд Генералам. Але вы, паненка, вядома, разумееце, што нiхто не падумае сказаць, быццам па доме блукае сам генерал - ён жа, напэўна, найцудоўны быў чалавек. Шчыра кажучы, мы i самi не можам усё гэта зразумець. I калi сярод слуг пойдуць якiя-небудзь плёткi, у вас, паненка, спадзяюся, хопiць розуму не прыслухоўвацца да iх. Дзяўчына Спак яшчэ раз зрабiла рэверанс i запэўнiла баранэсу, што нiколi не дапусцiць сярод слуг нiякiх плётак пра паноў; i на гэтым аўдыенцыя была закончана. Дзяўчына Спак была, вядома, усяго толькi беднай аканомкай, але паколькi паходзiла не з простай сям'i, то ела за панскiм сталом, як i кiраўнiк маёнтка з гувернанткай. Зрэшты, мiлавiдная i прыемная, з мiнiяцюрнай i кволай фiгуркай, светлавалосая, з ружовым, квiтнеючым тварыкам, яна зусiм не псавала выгляду за панскiм сталом. Усе лiчылi яе вельмi прыстойным чалавекам, якi змог стаць карысным у многiх адносiнах, i яна адразу ж зрабiлася ўсеагульнай любiмiцай. Неўзабаве аканомка заўважыла, што прывiд, аб якiм казала баранэса, быў пастаянным прадметам размовы за сталом. То адна з маладых баранэс, то гувернантка аб'яўлялi: - Сягоння Генерала бачыла, - аб'яўлялi такiм тонам, быццам гэта было нейкiм гонарам, якiм i пахвалiцца не грэх. Дня не праходзiла без таго, каб хто-небудзь не запытаўся ў яе, цi не сустракаўся ёй прывiд, а паколькi Мальвiне пастаянна даводзiлася адказваць "не", то яна заўважыла, што гэта выклiкала пэўную пагарду да яе. Нiбы яна была горшая за гувернантку цi кiраўнiка маёнтка, якiя бачылi Генерала незлiчонае мноства разоў. I сапраўды, дзяўчыне Спак нiколi не даводзiлася так свабодна i нязмушана абыходзiцца з прывiдам, як iм. Але з самага пачатку яна прадчувала, што справа гэта дабром не скончыцца. Iх Хедэбю чакае вельмi страшны пярэпалах. Яна сказала сама сабе, што калi гэты прывiд, якi прыходзiць да iх, i на самай справе iстота з таго свету, то гэта, бясспрэчна, якi-небудзь няшчасны, якi мае патрэбу ў дапамозе жывых, каб супакоiцца ў магiле. Аканомка была вельмi рашучая, калi б на тое яе воля i ўлада, у доме правялi б строгi вышук i даведалiся б пра саму сутнасць гэтай з'явы, замест таго, каб яна была пастаяннай тэмай размоў за абедзенным сталом. Але дзяўчына Спак ведала сваё месца, i нiводнае слова ў асуджэнне паноў нiколi не сарвалася б у яе з языка. Сама ж яна пазбягала ўдзельнiчаць у агульным паджартоўваннi з прывiду i захоўвала ў тайне ўсе свае дрэнныя прадчуваннi. Цэлы месяц пражыла дзяўчына Спак у Хедэбю, перш чым ёй давялося ўбачыць прывiд. Аднойчы ранiцай, спускаючыся з паддашка, дзе яна пералiчвала перад мыццём бялiзну, аканомка сустрала на лесвiцы нейкага чалавека, якi састўпiў убок, даўшы ёй прайсцi. Было гэта сярод белага дня, i яна зусiм не думала нi аб якiх прывiдах. Яна толькi здзiвiлася: што рабiць чужому чалавеку на гарышчы, i тут жа вярнулася, каб пацiкавiцца, чаго ён тут. Але на лесвiцы не было вiдаць нi душы. Аканомка, поўная рашучасцi схапiць за каўнер злодзея, зноў паспешлiва ўзбегла па лесвiцы, зазiрнула ў паддашак, абшукала ўсе цёмныя куткi i клець. Але нiдзе нiкога не было, i яна раптоўна здагадалася, што адбылося. - Ну i дурнiца ж я! - усклiкнула яна. - Гэта быў, вядома, не хто iншы, як Генерал! Ну, зразумела! Бо той чалавек быў апрануты ў сiнi форменны мундзiр, якраз як стары генерал на партрэце, i на iм былi такiя ж вялiзныя батфорты. Твару ягонага яна не разглядзела як мае быць, не змагла: здавалася, быццам шэрая туманная смуга ахiнула яго рысы. Дзяўчына Спак яшчэ доўга заставалася на гарышчы, стараючыся апамятацца. Зуб на зуб у яе не трапляў, ногi падкошвалiся. Калi б ёй не трэба было клапацiцца пра абед, яна нiколi б i з гарышча не спусцiлася. Дзяўчына Спак вырашыла захаваць усё ў тайне i не даць iншым падставы жартаваць з яе. Мiж тым Генерал у яе з галавы не выходзiў, i, напэўна, гэта наклала нейкi асаблiвы адбiтак на яе твар, бо як толькi ўсе сабралiся на абед, сын гаспадара дома, дзевятнаццацiгадовы юнак, якi толькi што прыехаў з Ужалы на калядныя канiкулы, звярнуўся да яе са словамi: - Сягоння вы, паненка Спак, бачылi Генерала! - i сказаў гэта адкрыта, таму ў яе не хапiла духу адмаўляцца. Дзяўчына Спак адразу адчула сябе важнай персонай за панскiм сталом. Усе закiдвалi яе пытаннямi, на якiя яна, аднак, адказвала як мага карацей. На няшчасце, ёй не ўдалося адперцiся ад таго, што яна крыху спалохалася, i тут усе неапiсальна павесялелi. Спалохалася Генерала! Каму такое ў галаву прыйдзе! Дзяўчына Спак ужо неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што барон з баранэсай нiколi не жартавалi з Генерала. Яны толькi давалi свабоду дзеянняў iншым, не перашкаджаючы iм малоць языком. Цяпер жа зрабiла новыя назiраннi: малады студэнт аднёсся да гэтага куды больш сур'ёзна, чым астатнiя маладыя людзi ў маёнтку. - Што да мяне, - сказаў ён, - то я зайздрошчу ўсiм, каму давялося бачыць Генерала. Я б хацеў яму дапамагчы, але мне ён нiколi не трапляўся! Гэтыя словы ён вымавiў з такiм шчырым шкадаваннем i з такiм пачуццём, што дзяўчына Спак у думках памалiлася богу аб хутчэйшым здзяйсненнi ягонага жадання. Малады барон абавязкова пашкадуе няшчасны прывiд i зноў падорыць яму магiльны спакой. Неўзабаве стала вядома, што дзяўчына Спак больш, чым хто iншы з дамачадцаў, карыстаецца ўвагай прывiду. Яна бачыла яго так часта, што амаль прывыкла да яго. Ён з'яўляўся заўсёды iмгненна i нечакана - то на лесвiцы, то ў сенцах, то ў цёмным кутку кухнi. Але прычыны ўзнiкнення прывiду разгадаць так i не ўдалося. Праўда, у душы дзяўчына Спак таiла цьмянае падазрэнне - цi няма ўжо чаго ў маёнтку, што мог бы адшукваць прывiд. Але як толькi яго ахоплiваў позiрк чалавека, то ён тут жа знiкаў, i яна нiяк не магла зразумець ягоных задум. Дзяўчына Спак заўважыла, што, насуперак словам баранэсы, уся моладзь у Хедэбю была цвёрда ўпэўнена ў тым, што па маёнтку блукае не хто iншы, як стары генерал Лёвеншольд. - Ён пакутуе ў магiле, - казалi маладыя паненкi, - i яму цiкава паглядзець, што мы задумваем тут у Хедэбю. Нельга ж адмовiць яму ў гэтым маленькiм задавальненнi. Аканомка ж, якой кожны раз пасля сустрэчы з Генералам даводзiлася бегчы ў кладоўку, дзе яна зводдаль ад надакучлiвага выскаляння служанак магла ўволю трымцець ад страху i ляскаць зубамi, аддала б перавагу, каб прывiд не так жвава цiкавiўся Хедэбю. Але яна разумела, што ўсiм астатнiм членам сям'i яго проста будзе неставаць. Вось, напрыклад, сядзелi яны аднаго разу ўвесь доўгi вечар i рукадзельнiчалi - цi то пралi, цi то вязалi i шылi, ведучы адначасова свае размовы. Тут адна з паненак раптоўна ўскрыкнула ад жаху. Яна нiбы ўбачыла чыйсцi твар, не, уласна кажучы, нават не твар, а толькi два рады зiхоткiх зубоў, шчыльна прыцiснутых да шыбы. Паспешлiва запалiлi лiхтар, адчынiлi дзверы ў сенцы, i ўсе на чале з баранэсай выбеглi з залы, каб знайсцi парушальнiка спакою. Але, вядома, так нiкога i не змаглi знайсцi. Усе зноў вярнулiся назад, наглуха зачынiлi аканiцы i, пацiснуўшы плячыма, сказалi, што гэта, напэўна, быў не хто iншы, як Генерал. Але тым часам санлiвасць ужо прайшла. Нарэшце з'явiлася падстава для разважанняў, калаўрот закруцiўся з новай сiлай, зноў развязалiся языкi. Сям'я Лёвеншольдаў была пераканана ў тым, што варта толькi вечарам пайсцi з залы, як ёю тут жа завалодае Генерал, i што яго абавязкова знайшлi б там, калi б хто-небудзь адважыўся зайсцi. Лёвеншольды нiколькi не пярэчылi, каб ён там знаходзiўся. Дзяўчына Спак нават лiчыла, што дамачадцы нямала радавалiся, думаючы аб тым, што iхнi беспрытульны продак мог спакойна пабыць у цёплай i ўтульнай зале. Калi Генерал перабiраўся ў залу, яму падабалася, што яна прыбраная i прыведзеная ў парадак. Кожны вечар аканомка бачыла, як баранэсы з дочкамi складвалi сваё рукадзелле i бралi яго з сабой: калаўроты i пяльцы для вышывання таксама выносiлi ў iншы пакой. На падлозе не пакiдалi нават абрыўка нiткi. Дзяўчына Спак, якая спала ў каморцы побач з залай, прачнулася аднойчы ноччу таму, што нейкi прадмет гучна стукнуўся аб сценку, каля якой стаяў яе ложак, а потым скацiўся на падлогу. Не паспела яна апамятацца, як зноў пачуўся стук i зноў штосьцi пакацiлася па падлозе, а потым усё паўтарылася яшчэ двойчы. - Госпадзi Божа мой, што гэта ён там задумаў? - уздыхнула аканомка, таму што адразу зразумела, хто вiноўнiк усёй гэтай сумятнi. Так, суседства з iм было зусiм не з прыемных. Усю ноч напралёт яна ляжала, аблiваючыся халодным потам i баючыся, што прывiд Генерала зойдзе i пачне яе душыць. Калi ранiцай яна пайшла ў залу паглядзець, што там здарылася, то паклiкала з сабой i кухарку i пакаёўку. Але нiчога там не было разбiта, не вiдаць было якога-небудзь беспарадку, не лiчачы таго, што пасярод залы на падлозе ляжалi чатыры яблыкi. Як жа гэта яны так схiбiлi! Якраз напярэдаднi вечарам усе, седзячы каля камiна, елi яблыкi i чатыры яблыкi пакiнулi на камiннай дошцы. Ды гэта яўна не спадабалася Генералу. Дзяўчыне Спак давялося згладзiць сваю нядбайнасць бяссоннай ноччу. З iншага боку, дзяўчына Спак нiколi на магла забыцца, як аднойчы ёй давялося сутыкнуцца з сапраўднай дружалюбнасцю Генерала. У маёнтку Хедэбю быў званы абед з мноствам гасцей. Дзяўчына Спак стамiлася ад клопатаў - мяса на ражнах, лёгкае пячэнне i паштэты ў духоўцы, кацялкi з булёнам i патэльнi з падлiўкай на плiце. Але i гэтага мала. Аканомцы давялося асабiста прысутнiчаць у зале i наглядаць за тым, як накрываюць стол; ёй давялося прыняць серабро, якое ўласнаручна выдала па падлiку баранэса. Патурбавалася яна i аб тым, каб вiно i пiва дасталi са склепа i каб уставiлi свечкi ў люстры. Калi ж яшчэ ўзяць пад увагу, што кухня ў Хедэбю знаходзiлася ў аддаленым флiгелi i, каб патрапiць туды, трэба было бегчы цераз увесь двор, што з-за гэтага ўрачыстага выпадку кухня была бiтком набiта прышлымi, да таго ж i нявопытнымi слугамi, то можна сабе ўявiць, што кiраваць усiм гэтым павiнен быў чалавек умелы. Але ўсё iшло без сучка, без задзiрынкi, як i належала таму быць. На бакалах не было нi плямкi, а ў паштэтах нясвежых вантробаў, пiва пенiлася, булён быў у меру прыпраўлены, а кава ў меру моцная. Дзяўчына Спак змагла паказаць, на што яна здатная, i сама баранэса, адпускаючы ёй камплiменты, сказала, што лепш i быць не магло. Аднак тут аканомку напаткаў жахлiвы i нечакавы ўдар. Збiраючыся вярнуць баранэсе серабро, яна хапiлася, што нестае дзвюх лыжак - сталовай i маленькай. Усе перапалохалiся. Па тых часах нiчога горшага, чым прапажа серабра, у доме здарыцца не магло. У Хедэбю пачалося лiхаманкавае хваляванне i ўсеагульная сумятня. Усе толькi i рабiлi, што шукалi прапажу. Успомнiлi, што нейкая старая цыганка была на кухнi ў той самы дзень, калi ў Хедэбю банкетавалi, i гатовы былi ехаць у далёкiя фiнскiя лясы*, каб схапiць яе. Усе сталi падазроныя i безразважныя. Гаспадыня падазравала аканомку, аканомка - служанак, служанкi - адна адну i ўвесь белы свет. То адна, то iншая прыходзiла з пачырванелымi ад слёз вачыма, бо думала, што падазраюць якраз яе ў крадзяжы гэтых дзвюх лыжак. * Маецца на ўвазе глухi лясны раён на поўначы Вермланда, месца пасялення фiнскiх каланiстаў, якiя жылi ў вялiкай галечы. Гэта працягвалася некалькi дзён, аднак так нiчога i не знайшлi, i дзяўчына Спак пачала адчайвацца. Яна пабывала ў свiнарнiку i абшукала свiное карыта з пойлам, жадаючы паглядзець, цi не трапiлi туды лыжкi. Яна крадком прабралася на гарышча, дзе служанкi трымалi сваё адзенне, i тайком перакапала iх маленькiя куфэркi. Усё было марна, i дзе шукаць яшчэ - не ведала. Аканомка заўважыла, што баранэса з усiмi дамачадцамi падазраюць яе, нетутэйшую. Дзяўчына разумела, што яе звольняць з пасады, калi не адмовiцца сама. Схiлiўшыся над плiтой, дзяўчына Спак стаяла на кухнi i плакала так горка, што слёзы яе капалi ўнiз i шыпелi на гарачай плiце. Раптам яна адчула, што ёй трэба павярнуцца. Так яна i зрабiла i нечакана ўбачыла, што каля сцяны стаiць Генерал, паказваючы рукой на палiцу, якая была прыладжана так высока i так нязручна, што нiкому нiколi не прыходзiла ў галаву класцi туды што-небудзь. Генерал знiк, як i заўсёды, у той самы момант, калi i з'явiўся, але дзяўчына Спак вырашыла праверыць яго падказку. Выцягнуўшы з кладоўкi лесвiцу, яна прыставiла яе да палiцы, узлезла на самы верх, працягнула руку i намацала старую пасудную анучу. Ды ў гэту брудную анучу былi загорнуты абедзве сярэбраныя лыжкi. Як яны туды трапiлi? Безумоўна, гэта здарылася без чыйго-небудзь ведама i намеру. У неверагоднай сумятнi на такiм банкеце магло здарыцца ўсё, што хочаш. Анучу зашпурнулi на палiцу, напэўна таму, што яна трапiла пад ногi, а сярэбраныя лыжкi апынулiся там разам з ёю, прычым нiхто гэтага не заўважыў. Але цяпер яны зноўку знайшлiся, i дзяўчына Спак, ззяючы ад шчасця, аднесла iх баранэсе i па-ранейшаму стала яе правай рукой i памочнiцай. Няма лiха без дабра. Вярнуўшыся дамоў вясной, малады барон Адрыян пачуў тое, што Генерал выказаў дзяўчыне Спак сваю нечуваную прыхiльнасць; i Адрыян адразу ж пачаў адносiцца да яе з асаблiвай увагай. Ён вельмi часта наведваўся да яе ў буфетную цi на кухню. То ён з'яўляўся пад маркай, што яму неабходна новая леска для вуды, то казаў, што яго прывабiў прыемны пах толькi што спечаных булачак. Пры гэтым ён заўсёды пераводзiў размову на прадметы незвычайныя. Ён схiляў аканомку расказваць яму гiсторыi аб прывiдах, якiя вадзiлiся ў багатых сёрмландскiх маёнтках, такiх, як Юлiта, Эрыксберг, жадаючы выведаць, якое ў яе меркаванне аб гэтым. Але часцей за ўсё яму хацелася пагаварыць пра Генерала. Ён казаў ёй, што не можа разважаць пра яго з iншымi, бо яны ўспрымаюць яго толькi з жартоўнага боку. А ён спачувае няшчаснаму прывiду i хоча дапамагчы яму знайсцi вечны спакой. Толькi б ведаць, як да гэтага падступiцца! Тут дзяўчына Спак заўважыла: на яе сцiплае меркаванне, у маёнтку ёсць штосьцi такое, што шукае Генерал. Малады барон злёгку збялеў i дапытлiва паглядзеў на аканомку. - Ma foi*, паненка Спак! - усклiкнуў ён. - Гэта цалкам магчыма! Але запэўнiваю вас, калi б мы мелi тут, у Хедэбю, тое, чаго дамагаецца Генерал, то неадкладна б яму гэта аддалi! * Клянуся гонарам! (фр.) Дзяўчына Спак, вядома, вельмi добра разумела, што барон Адрыян наведвае яе толькi дзеля прывiду, але ён быў такi далiкатны малады чалавек i такi прыгожы! Ды, калi ўжо гаварыць шчыра - нават больш чым прыгожы! Ён хадзiў, крыху схiлiўшы наперад галаву, а ва ўсiм ягоным аблiччы было штосьцi задуменнае. Так, многiя нават лiчылi, што ён не па гадах сур'ёзны. Але меркавалi так толькi таму, што не ведалi яго. Часам ён раптоўна ўскiдваў галаву, жартаваў i прыдумваў розныя свавольствы не ў параўнанне з iншымi. Ды за што б ён нi браўся - у яго руках, голасе, усмешцы была нейкая невымоўная чароўнасць. Аднойчы летам, у нядзелю, дзяўчына Спак была ў царкве. Дамоў яна вярталася самым кароткiм шляхам - па сцяжынцы, якая iшла наўскасяк цераз агароджу пастарскай сядзiбы. Сёй-той з прыхаджан, выйшаўшы з царквы, таксама пайшоў па гэтай жа сцяжынцы, а аканомка, спяшаючыся ў маёнтак, абагнала жанчыну, якая iшла значна павольней, чым яна. Хутка дзяўчына Спак падышла да пералаза, па якiм цяжка было перабрацца цераз агароджу, i, як заўсёды паслужлiвая, яна падумала пра больш павольную падарожнiцу i спынiлася, каб дапамагчы ёй. Працягнуўшы жанчыне руку, аканомка заўважыла, што тая зусiм не такая старая, як падалося здалёку. Скура ў яе была на рэдкасць гладкая i белая, таму дзяўчына Спак вырашыла - магчыма ёй не больш за пяцьдзесят. Хоць з выгляду яна была ўсяго толькi простай сялянкай, але трымалася з гонарам, быццам ёй давялося перажыць нешта такое, што ўзвышала яе над уласным саслоўем. Пасля таго як аканомка дапамагала жанчыне перабрацца цераз агароджу, яны пайшлi побач па вузкай сцяжыне. - Вы, паненка, вiдаць, тая самая, што кiруе гаспадаркай ў Хедэбю, сказала сялянка. - Так, - пацвердзiла дзяўчына Спак. - Я мяркую, добра вам там жывецца? - А чаму б мне жыць дрэнна на такiм добрым месцы! - стрымана запярэчыла аканомка. - Ды ў народзе кажуць, быццам у Хедэбю штосьцi творыцца. - Не варта верыць людскiм плёткам, - павучальна заўважыла аканомка. - Не варта, напэўна, не варта, ужо я ведаю! - пагадзiлася субяседнiца. Яны памаўчалi. Мабыць, жанчына гэта штосьцi ведала, i, шчыра кажучы, дзяўчына Спак гарэла жаданнем параспытваць яе. Але гэта было б нядобра i не да твару ёй. Першая зноў завяла размову жанчына. - Здаецца мне, што вы, паненка слаўная, - прамовiла яна, - i таму я хачу даць вам добрую параду: не затрымлiвайцеся доўга ў Хедэбю. Бо з тым, хто там блукае, жарты дрэнныя. Ён не адступiцца, пакуль не даможацца свайго. Спачатку дзяўчына Спак намервалася крыху пагардлiва падзякаваць за перасцярогу, але апошнiя словы незнаёмай жанчыны абудзiлi ў яе цiкавасць. - А што ж яму трэба? Вы ведаеце, што яму трэба? - Няўжо вам, паненка, пра гэта невядома? - запыталася сялянка. - Тады я нi слова больш не вымаўлю. Можа, так яно i лепей для вас, што вы нiчога не ведаеце. З гэтымi словамi яна працягнула дзяўчыне Спак руку, павярнула на iншую сцяжынку i неўзабаве знiкла з вачэй. Дзяўчына Спак асцерагалася i не расказала за абедзенным сталом усёй сям'i пра гэтую размову. Але пасля абеду, калi барон Адрыян наведаўся да яе ў малочную, яна не ўтаiла таго, што сказала ёй незнаёмка. Адрыян i сапраўды вельмi здзiвiўся. - Мабыць, гэта была Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю, - сказаў ён. - Ведаеце, паненка, яна ўпершыню за трыццаць год перамовiлася сяброўскiм словам з кiмсьцi з Хедэбю. Мне яна аднойчы зацыравала шапачку, якую падраў хлопчык з Ольсбю, а выгляд у яе пры гэтым быў такi, быццам яна хацела выдзерцi мне вочы. - Але цi ведае яна, што iменна шукае Генерал? - Каму ж, як не ёй, ведаць аб гэтым, паненка Спак. I я таксама ведаю. Тата расказваў мне неяк усю гiсторыю. Але бацькi мае не жадаюць, каб аб гэтым гаварылi пры сёстрах. Яны пачнуць тады баяцца прывiдаў i наўрад цi застануцца жыць тут. I я таксама не адважваюся расказаць вам аб гэтым. - Баранi бог! - прамовiла аканомка. - Калi барон забаранiў казаць... - Я шкадую аб гэтым, - перабiў яе барон Адрыян, - я думаў, што вы, паненка, зможаце мне дапамагчы. - Ах, калi б я магла! - Бо, i я гэта паўтараю, - працягваў барон Адрыян, - хачу дапамагчы супакоiцца беднаму прывiду. Я не баюся яго, я пайду да яго, як толькi ён паклiча мяне. Чаму ён паказваецца ўсiм iншым i нiколi не паказваецца мне? Х Адрыян Лёвеншольд спаў у сябе ў мансардзе, калi раптоўна лёгкi шум прымусiў яго прачнуцца. Ён расплюшчыў вочы, i паколькi аканiцы не былi зачынены, а на двары стаяла светлая летняя ноч, ён убачыў, што дзверы цiха расчынiлiся. Ён падумаў быў, што яе адчынiў парыў ветру, але ўбачыў, як нечакана ў дзвярным праёме вырасла цёмная фiгура, якая, нахiлiўшыся, штосьцi з цiкаўнасцю выглядвала ў глыбiнi мансарды. Адрыян выразна разгледзеў нейкага старога, апранутага ў старадаўнi кавалерыйскi мундзiр. З-пад крыху расшпiленага мундзiра бялеў калет з ласiнай скуры, батфорты былi вышэйшыя за каленi, а рукамi ён прытрымлiваў доўгi плашч, злёгку прыпадняўшы яго, нiбы асцерагаючыся, каб не бразгаў. "Далiбог, гэта Генерал! - падумаў малады барон. - Вось i добра, зараз ён убачыць чалавека, якi не баiцца яго". Усе, каму даводзiлася бачыць Генерала, у адзiн голас сцвярджалi, што варта было iм толькi ўтаропiць у яго позiрк, як ён тут жа знiкаў. Аднак на гэты раз такога не здарылася. Яшчэ доўга пасля таго, як Адрыян заўважыў яго, ён заставаўся стаяць у дзвярах. Праз некалькi хвiлiн, калi Генерал, здавалася, пераканаўся ў тым, што Адрыян здольны вытрымаць яго выгляд, падняўшы руку, паклiкаў яго да сябе. Адрыян адразу ж сеў у ложку. "Цяпер цi нiколi, - падумаў ён. - Нарэшце ён папрасiў маёй дапамогi, i я пайду за iм". Ён жа чакаў гэтага моманту шмат гадоў. Ён рыхтаваўся да яго, у думках гартаваў дух, чакаючы сустрэчы з прывiдам. Ён заўсёды ведаў, што яе не абмiнуць. Адрыяну не хацелася прымушаць Генерала чакаць яго, i, не апранаючыся, малады барон пайшоў за iм. Ён толькi сцягнуў з ложка прасцiну i захiнуўся ёю. I толькi тады, калi ён стаяў пасярод мансарды, яму раптам прыйшло ў галаву, што ўсё ж небяспечна вось так даверыцца ўладзе iстоты з таго свету, i ён адступiў назад. Але ўбачыў, як Генерал працягнуў да яго абедзве рукi i, быццам у адчаi, прасiў аб нечым. "Што за глупства?! - падумаў ён. - Няўжо я перапалохаўся, не паспеўшы яшчэ выйсцi з мансарды?" Ён наблiзiўся да дзвярэй, а Генерал тым часам быў ужо на гарышчы, але iшоў увесь час азiраючыся, нiбы жадаючы пераканацца ў тым, што малады чалавек iдзе за iм. Перад тым, як пераступiць парог i пакiнуць мансарду, каб выйсцi на гарышча, Адрыян адчуў, як ад жаху ў яго зашчымела сэрца. Штосьцi падказвала яму: патрэбна б зачынiць дзверы i вярнуцца ў ложак. У iм варухнулася цьмянае прадчуванне таго, што ён не разлiчыў сваiх сiл. Ён быў не з тых, каму дадзена беспакарана зазiрнуць у таямнiцы таго свету. Аднак ён захаваў яшчэ крупiнку мужнасцi. Ён сказаў сабе, што Генерал, пэўна, не збiраецца заманiць яго ў якую-небудзь пастку, а хацеў толькi паказаць яму, дзе знаходзiцца пярсцёнак. Толькi б яму выцерпець яшчэ некалькi хвiлiн, i ён даможацца таго, да чаго iмкнуўся столькi гадоў, i зможа даць стомленаму падарожнiку вечны спакой. Генерал спынiўся пасярод гарышча, чакаючы маладога барона. Тут было больш змрочна, чым у мансардзе, але Адрыян усё ж выразна бачыў цёмную фiгуру з працягнутымi рукамi. Сабраўшыся з духам, ён пераступiў парог, i яны пайшлi па гарышчы. Прывiд накiраваўся да паддашкавай лесвiцы, а ўбачыўшы, што Адрыян iдзе следам, пачаў спускацца. Ён па-ранейшаму адыходзiў задам, спыняючыся на кожнай прыступцы i, падпарадкоўваючы сваёй волi нерашучага юнака, нiбы цягнуў яго за сабой. Павольна, не раз спыняючыся, яны ўсё-такi iшлi наперад. Адрыян спрабаваў падбадзёрыцца, успомнiўшы, колькi разоў ён, бывала, выхваляўся перад сёстрамi, кажучы, што пойдзе за Генералам, калi той толькi яго паклiча. Ён прыгадаў таксама, як з самага дзяцiнства гарэў жаданнем адкрыць невядомае i пранiкнуць у таямнiчае. I вось вялiкае iмгненне наступiла, ён iшоў за прывiдам у невядомае. Няўжо цяпер яго нiкчэмнае маладушша перашкодзiць яму спазнаць нарэшце гэта нешта? Такiмi разважаннямi ён прымушаў сябе трымацца, але асцерагаўся падыходзiць да прывiду вельмi блiзка. Iх пастаянна раздзяляў прамежак у некалькi аршынаў. Калi Адрыян дайшоў да сярэдзiны лесвiцы, Генерал знаходзiўся ўжо пад лесвiцай. Калi Адрыян стаяў на самай нiжняй прыступцы, Генерал быў ужо ўнiзе ў сенцах. Але тут Адрыян зноў спынiўся. З правага боку ад яго, зусiм побач з лесвiцай, была бацькоўская спальня. Ён узяўся за ручку дзвярэй, але не для таго, каб адчынiць, а толькi для таго, каб з любасцю дакрануцца да яе. Калi б толькi бацькi яго ведалi, з кiм ён стаiць за дзвярыма! Ён прагнуў кiнуцца ў матчыны абдымкi. Яму думалася, што варта адпусцiць ручку гэтых дзвярэй, i ён цалкам апынецца ва ўладзе Генерала. Пакуль юны барон стаяў так, трымаючыся за ручку, ён убачыў, як адны з дзвярэй у сенцах адчынiлiся i Генерал пераступiў парог, збiраючыся выйсцi з дому. I на гарышчы i на лесвiцы было даволi змрочна, але тут цераз дзвярны праём хлынуў струмень святла, i Адрыян упершыню разгледзеў Генерала. Як i чакаў Адрыян, гэта быў твар старога. Ён добра ведаў яго па партрэце ў гасцiнай. Але рысы гэтага твару не веялi вечным спакоем, у ягоных рысах праглядвала жахлiвая сквапнасць, а на вуснах прывiду была зласлiвая ўсмешка радасцi i ўпэўненасцi ў перамозе. Як страшна было бачыць, што зямныя пачуццi апанавалi мерцвяка! Нябожчыкаў мы хочам уявiць сабе дзесьцi далёка, без усiх чалавечых уцех, захапленняў i пачуццяў. Адлучаных ад усяго людскога хочам бачыць мы iх, прасякнутымi толькi думкамi нябеснымi. У гэтай жа iстоты, якая заставалася прыхiльнай да ўсяго зямнога, Адрыяну падаўся спакуснiк, злы дух, якi хоча наклiкаць на яго пагiбель. Iм авалодаў жах. Ад падсвядомага страху ён з сiлай iрвануў на сябе дзверы бацькоўскай спальнi i кiнуўся туды з крыкам: - Тата! Мацi! Генерал! I ў той жа момант, страцiўшы прытомнасць, звалiўся на падлогу. Пяро выпадае з рук. Ну, цi ж не марнае маё старанне запiсаць усё гэта? Гэту гiсторыю мне расказвалi ў змроку каля палымнеючага ачага. У маiх вушах дагэтуль гучыць пераканаўчы голас апавядальнiцы. Я адчуваю, як мароз прабягае ў мяне па скуры, тое трымценне жаху, якое бывае не толькi ад боязi прывiдаў, але i ад прадчування таго, што адбудзецца! А як уважлiва слухалi мы гэту гiсторыю, думаючы, што яна прыўзнiме краёчак заслоны над невядомым! I якi дзiўны настрой пакiдала яна пасля сябе, быццам адчынiлi нейкiя дзверы. I думалася: штосьцi павiнна нарэшце паявiцца ў апраметнай цемры! Наколькi праўдзiвая гэта гiсторыя? Адна апавядальнiца пачула яе ад iншай, адна сёе-тое дадавала, iншая - выкiдала. Але цi ёсць у гэтай гiсторыi хоць невялiкае зерне праўды? Хiба не ствараецца ўражанне, быццам гiсторыя гэта перадае нешта такое, што адбывалася наяве? Прывiд, якi блукаў у маёнтку Хедэбю, прывiд, якi з'яўляўся сярод белага дня, якi адшукваў згубленыя рэчы, - кiм i чым ён быў? Цi няма чаго-небудзь незвычайнага, шматзначнага i загадзя вызначанага ў яго з'яўленнi? Цi не адрознiваецца ён пэўнай своеасаблiвасцю ад многiх iншых прывiдаў у панскiх маёнтках? Цi не выглядае ўсё гэта так, быццам дзяўчына Спак i на самай справе чула, як ён шпурляў яблыкi ў сценку залы, а малады барон Адрыян на самай справе суправаджаў яго на гарышчы i паддашкавай лесвiцы? Але ў такiм выпадку, у такiм выпадку... Мабыць, разгадаць гэту загадку дадзена аднаму з тых, хто ўжо зараз бачыць яву, схаваную ад той явы, у якой жывём мы. XI Малады барон Адрыян ляжаў бледны i нерухомы ў вялiкiм бацькоўскiм ложку. Памацаўшы ягоны пульс, можна было адчуць, што кроў яшчэ струменiцца ў ягоных жылах, але амаль непрыкметна. Ён не ачуняў пасля глыбокай непрытомнасцi, аднак жыццё ў iм яшчэ тлела. Лекара ў прыходзе Бру не было, але ў чатыры гадзiны ранiцы ў Карлстад паехаў вярхом слуга, каб паспрабаваць каго-небудзь прывезцi. Язды было туды шэсць мiль, i калi б лекар быў дома i пагадзiўся адразу ж выехаць, то яго можна было б чакаць з горада самае ранняе праз дванаццаць гадзiн. Але трэба было таксама быць гатовым да таго, што пройдзе дзень, а тое i два, пакуль ён прыедзе. Баранэса Лёвеншольд сядзела збоку на ложку, не зводзячы вачэй з сынавага твару. Яна верыла, што кволая iскра жыцця ў iм не згасне, калi яна будзе сядзець тут, пiльна аберагаючы яго. Барон таксама час ад часу садзiўся на другiм баку ложка, але быў не ў сiлах уседзець на месцы. То ён браў вялую сынаву руку, каб памацаць пульс, то падыходзiў да акна i кiдаў позiрк на праезную дарогу, то iшоў цераз пакоi да залы, каб зiрнуць на гадзiннiк. На пытаннi, якiя можна было прачытаць у вачах усхваляваных дочак i гувернанткi, ён толькi круцiў галавой i зноў iшоў у спальню, дзе ляжаў хворы. Туды не пускалi нiкога, апрача дзяўчыны Спак. Нi дочак, нi нават кагосьцi са служанак, адну толькi дзяўчыну Спак. У яе была адпаведная паходка, адпаведны голас, яна была на сваiм месцы ў спальнi. Дзяўчына Спак прачнулася ўночы ад жахлiвага крыку Адрыяна. Пачуўшы ўслед за крыкам, што нехта цяжка павалiўся, яна ўскочыла. Сама не помнячы як, накiнула на сябе сукенку; сярод яе мудрых жыццёвых правiлаў было такое, што нiколi не варта паяўляцца перад людзьмi неапранутай, пры любых абставiнах, што б нi здарылася. У зале яна сустрэлася з баранэсай, якая прыбегла, каб паклiкаць на дапамогу. Пасля гэтага аканомка разам з бацькам падняла Адрыяна i паклала яго на вялiкi двухспальны ложак. Спачатку ўсе трое думалi, што ён ужо мёртвы, але потым дзяўчына Спак намацала слабое бiццё пульсу. Некалькi разоў спрабавалi яны прывесцi яго звычайнымi спосабамi ў прытомнасць, але iскрынка жыцця ледзь тлела ў Адрыяне, i што б яны нi рабiлi, яна, здавалася, усё больш згасала. Неўзабаве яны зусiм заняпалi духам i не рашалiся рабiць больш нiчога. Iм заставалася толькi сядзець i чакаць. Баранэсу супакойвала тое, што з ёю ў спальнi знаходзiлася дзяўчына Спак, бо тая была зусiм спакойная i цвёрда ўпэўненая, што Адрыян хутка апрытомнее. Баранэса дазволiла аканомцы прычасаць сябе i абуць чаравiкi. Калi трэба было накiнуць сукенку, баранэсе давялося ўстаць, але яна, даўшы магчымасць аканомцы зашпiлiць гузiкi i разгладзiць складкi, па-ранейшаму не адводзiла вачэй ад сынавага твару. Баранэсе здавалася, быццам аканомка неадлучна была з ёю, але тая выходзiла i на кухню, дзе, як звычайна, паклапацiлася аб ежы для слуг. Яна не забылася нiводнай дробязi. Бледная як смерць, яна ўсё гэтак жа спраўна выконвала свае абавязкi. Снеданне было пададзена да панскага стала своечасова, а пастушок атрымаў сваю торбу з ежай, калi пагналi кароў на пашу. На кухнi слугi цiкавiлiся, што здарылася з маладым баронам, i аканомка адказвала: - Вядома толькi тое, што ён уварваўся да бацькоў i штосьцi выкрыкнуў пра Генерала. Затым ён абамлеў, i цяпер не ўдаецца прывесцi яго ў прытомнасць. - Вiдаць, Генерал прыходзiў да яго! - сказала кухарка. - А хiба не дзiўна, што ён так груба абыходзiцца са сваякамi? здзiвiлася пакаёўка. - У яго, пэўна, усякай цярплiвасцi не хапiла. Яны толькi i ведалi, што кпiць з яго. А ён, вiдаць, свой пярсцёнак шукаў. - Цi не думаеш ты ўжо, што пярсцёнак тут, у Хедэбю? - запыталася пакаёўка. - Ён яшчэ можа тады падпалiць дах над нашай галавой i спалiць увесь дом, толькi б атрымаць свой пярсцёнак. - Вядомая справа, пярсцёнак схаваны тут у якiм-небудзь кутку, - сказала кухарка, - iнакш чаго б Генералу вечна бадзяцца па ўсiм маёнтку! У той дзень дзяўчына Спак адмовiлася ад аднаго са сваiх цудоўных штодзённых правiлаў - нiколi не прыслухоўвацца да таго, што гавораць слугi пра паноў. - Пра якi гэта пярсцёнак вы кажаце? - запыталася яна. - А хiба вы не ведаеце, паненка, што Генерал блукае тут ды шукае свой пярсцёнак з пячаткай? - адказала ўзрадаваная яе пытанню кухарка. I наперабой з пакаёўкай яна паспяшалася расказаць дзяўчыне Спак гiсторыю абрабавання магiлы i божага суда. Калi ж аканомка выслухала ўсё гэта, то ўжо нi на секунду не засумнявалася ў тым, што пярсцёнак нейкiм чынам трапiў у Хедэбю i схаваны дзесьцi там. Ад гэтага аповеду даяўчыну Спак дрыжыкi ўзялi, амаль як у той раз, калi ёй упершыню сустрэўся на паддашкавай лесвiцы Генерал. Вось гэтага якраз яна ўвесь час i асцерагалася. А цяпер ужо добра ведала, якi люты i бязлiтасны можа быць гэты прывiд. Было ясна як божы дзень, што, калi, ён не атрымае назад свой пярсцёнак, барон Адрыян памрэ. Але ледзь аканомка прыйшла да такога заключэння, як яна - асоба вельмi рашучая - адразу ж зразумела, што патрэбна рабiць. Калi гэты пракляты пярсцёнак знаходзiцца ў Хедэбю, то неабходна пастарацца чаго б гэта нi каштавала адшукаць яго. Яна ненадоўга пайшла ў жылую палову панскага дома, зазiрнула ў спальню, дзе ўсё было па-ранейшаму, узбегла па лесвiцы на гарышча i пераслала пасцель у Адрыянавай мансардзе, каб яна была напагатове на выпадак, калi яму стане лепш i яго можна будзе перанесцi наверх. Затым зайшла ў пакоi да паненак i да гувернанткi - смяртэльна перапалоханыя, яны сядзелi склаўшы рукi, не ў стане чымсьцi заняцца. Яна расказала iм сёе-тое з таго, аб чым даведалася сама, расказала роўна столькi, каб гувернантка з паненкамi зразумелi, аб чым iшла размова, i запыталася, цi не дапамогуць яны ёй адшукаць пярсцёнак. Вядома, яны адразу ж згадзiлiся. Паненкi i гувернантка пачалi шукаць у пакоях i ў мансардзе. Сама ж дзяўчына Спак накiравалася на кухню i паставiла на ногi ўсiх дваровых дзяўчат. "Генерал з'яўляўся на кухнi гэтак жа часта, як i ў панскiм доме, падумала яна. - Штосьцi падказвае мне - пярсцёнак дзесьцi тут". На кухнi i ў кладоўцы, i ў хлебнай, i ў пiваварнi ўсё было перавернута дагары нагамi. Шукалi ў сценных шчылiнах, у пячных подах, вытрасалi скрынi пасуднiка з прыправамi, абшукалi нават мышыныя норы. Разам з гэтым дзяўчына Спак не забывала час ад часу перабягаць цераз двор i наведвацца ў спальню. У час аднаго з такiх вiзiтаў яна застала баранэсу ў слязах. - Яму горш, - сказала баранэса. - Па-мойму, ён памiрае. Схiлiўшыся над Адрыянам, дзяўчына Спак узяла ягоную безжыццёвую руку ў свае i праверыла пульс. - Ды не ж, панi баранэса, - сказала яна, - яму не горш, а, бадай, лепш. Ёй удалося супакоiць гаспадыню, але самую яе ахапiў вельмi моцны адчай. А што, калi малады барон не дажыве да таго часу, пакуль яна адшукае пярсцёнак? Ад хвалявання яна, забыўшыся на момант, перастала валодаць сабой. Адпускаючы руку Адрыяна, яна цiхенька пагладзiла яе. Сама яна наўрад цi ўсведамляла, што робiць, але баранэса адразу ж заўважыла гэта. "Mon Dieu*, - падумала яна, - беднае дзiця, няўжо гэта так? Можа, мне трэба сказаць ёй... Але цi не ўсё роўна, калi мы так цi iнакш яго згубiм: Генерал злуецца на яго, а той, на каго гневаецца Генерал, павiнен памерцi". * Божа мой! (фр.) Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына Спак пачала распытваць служанку, цi няма ў тутэйшых мясцiнах якога-небудзь чараўнiка, якога звычайна запрашаюць пры няшчасных выпадках. Няўжо абавязкова трэба чакаць, пакуль прыедзе лекар? Так, iншыя, калi хто-небудзь захварэе, запрашаюць Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю. Яна ўмее загаворваць кроў i кастапраўнiчаць, i ўжо яна магла б разбудзiць барона Адрыяна ад смяротнага сну... Але сюды, у Хедэбю, яна наўрад цi пажадае прыйсцi. Пакуль служанка з аканомкай размаўлялi пра Марыт Эрыксдотэр, кухарка, якая ўзабралася на самую верхнюю прыступку прыстаўной лесвiцы, зазiрнула на высокую палiцу, дзе некалi знайшлiся згубленыя сярэбраныя лыжкi. - Ой! - усклiкнула яна. - Нарэшце ж знайшла я тое, што даўно шукала. Тут ляжыць старая шапачка барона Адрыяна! Дзяўчына Спак жахнулася. Нiчога не скажаш, добрыя былi, вiдаць, парадкi ў iх на кухнi да таго, як яна прыехала ў Хедэбю! Як магла шапачка барона Адрыяна трапiць на палiцу? - Вось дзiва, - сказала кухарка. - З гэтай шапачкi ён вырас, ды i аддаў яе мне на анучы, чарапкi прыхоплiваць. Вось добра, што я яе хоць цяпер знайшла! Дзяўчына Спак выхапiла ў яе шапачку з рук. - Шкада рэзаць яе, - сказала яна. - Можна аддаць якому-небудзь бедняку! Яна вынесла шапачку на двор i пачала выбiваць з яе пыл. Тым часам з дому выйшаў барон. - Здаецца, што Адрыяну горш, - сказаў ён. - А хiба няма кагосьцi паблiзу ў акрузе, хто ўмее лячыць хворых? - як можна дабрадушна запыталася аканомка. - Служанкi казалi тут пра адну жанчыну, якую завуць Марыт Эрыксдотэр. Барон аслупянеў. - Зразумела, калi размова iдзе аб жыццi Адрыяна, я б, не вагаючыся, паслаў па майго злейшага ворага, - сказаў ён. - Аднак толку ўсё роўна не будзе. Марыт Эрыксдотэр нiколi не прыйдзе ў Хедэбю. Атрымаўшы падрабязныя тлумачэннi, дзяўчына Спак не адважылася пярэчыць. Яна працягвала шукаць на кухнi, распарадзiлася наконт абеду i зрабiла так, што нават баранэса крыху з'ела. Пярсцёнак не адшукаўся, а дзяўчына Спак бясконца паўтарала сабе: "Мы павiнны знайсцi пярсцёнак! Генерал пазбавiць Адрыяна жыцця, калi мы не адшукаем яму пярсцёнак". Пасля абеду дзяўчына Спак накiравалася ў Ольсбю. Яна пайшла, нi ў каго не спытаўшыся. Кожны раз, калi яна заходзiла да хворага, пульс ягоны бiўся ўсё слабей i слабей, а перабоi наступалi ўсё часцей i часцей. Яна не магла спакойна чакаць карлстадскага лекара. Так, больш чым верагодна, што Марыт ёй адмовiць, але аканомка хацела выкарыстаць усе магчымыя сродкi. Калi дзяўчына Спак прыйшла ў Стургордэн, Марыт Эрыксдотэр сядзела на сваiм звычайным месцы - на ганку палевай клецi. У руках у яе не было нiякай работы, яна сядзела адкiнуўшыся назад, з заплюшчанымi вачыма. Але яна не спала i, калi з'явiлася аканомка, падняла вочы i адразу ж пазнала яе. - Вось яно што, - прамовiла яна, - цяпер з Хедэбю па мяне пасылаюць? - Ты, Марыт, ужо чула, якiя дрэнныя нашы справы? - запыталася дзяўчына Спак. - Так, чула, - адказала Марыт, - i не пайду! Дзяўчына Спак не сказала ёй у адказ нi слова. Глухая безнадзейнасць прыгняла яе. Усё iшло ёй насуперак, апалчылася супраць яе, а ўжо горшага за гэта быць нiчога не можа. Яна бачыла ўласнымi вачыма i чула ўласнымi вушамi, як радавалася Марыт. Сядзела на ганку i радавалася няшчасцю, радавалася, што Адрыян Лёвеншольд памрэ. Да гэтай хвiлiны аканомка трымалася. Яна не крычала, не наракала, убачыўшы Адрыяна, распасцёртага на падлозе. У яе была толькi адна думка дапамагчы яму i яго блiзкiм. Але адпор Марыт зламаў яе сiлы. Яна заплакала горка i нястрымна. Няўпэўненымi крокамi паплялася да сценкi адной з прыбудоў i прыцiснулася да яе iлбом, горка рыдаючы. Марыт крыху падалася наперад. Доўга-доўга яна не адводзiла вачэй ад няшчаснай дзяўчыны. "Ах вось яно што! Няўжо так?" - падумала яна. Але пакуль Марыт сядзела, разглядаючы дзяўчыну, якая слязамi кахання аплаквала каханага, штосьцi перавярнулася ў яе душы. Некалькi гадзiн таму назад яна даведалася, што Генерал прыйшоў да Адрыяна i напалохаў яго амаль не да смерцi. I яна сказала сабе самой, што нарэшце час помсты настаў. Шмат гадоў чакала яна гэтага часу, але чакала дарэмна. Ротмiстр Лёвеншольд сышоў у магiлу, так i не атрымаўшы па заслугах. Праўда, з таго самага часу, калi яна пераправiла пярсцёнак у Хедэбю, прывiд Генерала бадзяўся па ўсiм маёнтку; аднак падобна было, што ў яго не хапала духу караць з уласцiвай яму лютасцю сваiх родных. А цяпер, калi да iх прыйшла бяда, яны адразу ж просяць дапамогi! Чаму не звярнулiся тады непасрэдна да мерцвякоў на ўзгорку вiсельнiкаў? Ёй было радасна сказаць: - Не пайду! Такой была яе помста! Але калi Марыт убачыла, як стаiць i плача маладая дзяўчына, прыцiснуўшыся галавой да сцяны, у яе абудзiлася памяць аб мiнулым. "Вось так стаяла i я i плакала, прыхiлiўшыся да жорсткай сцяны. I не было ў мяне нiводнага чалавека, на якога я магла б абаперцiся". I ў той жа момант крынiца дзявочага кахання зноў забруiла ў душы Марыт i абдала сваiм гарачым дыханнем. I яна са здзiўленнем сказала сабе самой: "Дык вось як пакутавала я тады! Дык вось што азначае кагосьцi кахаць! Як моцна i соладка пакутавала я тады!" Перад яе вачыма паўстаў юны, вясёлы, дужы i прыгожы Паўль Элiясан. Яна прыгадала яго позiрк, яго голас, кожны яго рух. Сэрца яе напоўнiлася ўспамiнамi аб iм. Марыт думала, што кахала яго ўвесь гэты час, i, пэўна, так яно i было! Але як астылi яе пачуццi за гэтыя доўгiя гады! Цяпер жа, у гэты момант, душа яе зноў успыхнула ранейшым гарачым полымем. Але разам з каханнем у ёй прачнулiся i ўспамiны аб той жахлiвай пакуце, якую перажывае чалавек, губляючы таго, каго кахае. Марыт кiнула позiрк на дзяўчыну Спак, якая ўсё яшчэ стаяла i плакала. Цяпер Марыт ведала, як цяжка пакутавала яна. Яшчэ зусiм нядаўна ёю валодаў холад пражытых гадоў. Яна забылася тады, як пячэ агонь, цяпер жа ўспомнiла аб гэтым. Яна не хацела, каб па яе вiне хтосьцi пакутаваў гэтак жа, як некалi пакутавала сама; Марыт паднялася i падышла да дзяўчыны. - Хадземце! Я пайду з вамi, паненка! - коратка сказала яна. Такiм чынам, дзяўчына Спак вярнулася ў Хедэбю разам з Марыт Эрыксдотэр. За ўсю дарогу Марыт не вымавiла нi слова. Ужо потым аканомка зразумела, што па дарозе яна, напэўна, абдумвала, як ёй павесцi сябе, каб адшукаць пярсцёнак. Аканомка прайшла з Марыт у дом прама з параднага ганка i ўвяла яе ў спальню. Там усё было па-ранейшаму. Адрыян ляжаў прыгожы i бледны, але цiхi, быццам мярцвяк, а баранэса, не варушачыся сядзела побач, ахоўваючы яго спакой. Толькi калi Марыт Эрыксдотэр падышла да ложка, яна ўзняла вочы. Як толькi гаспадыня пазнала жанчыну, якая стаяла, гледзячы на яе сына, то апусцiлася перад ёю на каленi i прыцiснулася тварам да падола яе сукенкi. - Марыт! Марыт! - загаварыла яна. - Забудзь пра ўсё тое зло, якое прычынiлi табе Лёвеншольды. Дапамажы яму, Марыт! Дапамажы яму! Сялянка крыху адступiла назад, але няшчасная мацi папаўзла за ёю на каленях. - Ты не верыш, як я баялася з таго самага часу, калi Генерал пачаў бадзяцца па маёнтку. Я палохалася i ўвесь час чакала. Я ведала, што цяпер яго гнеў накiраваны супраць нас. Марыт стаяла моўчкi, заплюшчыўшы вочы, i, здавалася, цалкам паглыбiлася ў сябе. Аднак дзяўчына Спак была ўпэўнена, што ёй прыемна слухаць аповед баранэсы пра яе пакуты. - Я хацела пайсцi да цябе, Марыт, i павалiцца да тваiх ног, як зараз, i малiць цябе дараваць Лёвеншольдам. Але я не адважылася. Я думала, што табе немагчыма дараваць iм. - Вы, васпанi, i не павiнны мяне малiць, - сказала Марыт, - бо так яно i ёсць: дараваць я не магу! - Але ты ўсё ж тут! - Я прыйшла дзеля паненкi, яна прасiла мяне прыйсцi. З гэтымi словамi Марыт зайшла з другога боку шырокага ложка. Паклаўшы хвораму руку на грудзi, яна прамармытала некалькi слоў. Пры гэтым насупiла лоб, закацiла вочы i сцiснула вусны. Дзяўчына Спак падумала, што яна паводзiць сябе, як i ўсе iншыя знахаркi. - Будзе жыць, - сказала Марыт, - але запомнiце, панi баранэса, што дапамагаю я яму толькi дзеля паненкi. Тут дзяўчыне Спак падалося, быццам гаспадыня яе хацела яшчэ штосьцi сказаць, але спахапiлася i прыкусiла губу. - А цяпер дайце мне, панi баранэса, волю. - Ты можаш распараджацца ў маёнтку, як табе неабходна. Барон у ад'ездзе. Я папрасiла яго паехаць вярхом насустрач доктару i прыспешыць яго. Дзяўчына Спак чакала, што Марыт Эрыксдотэр неяк паспрабуе вывесцi маладога барона з непрытомнасцi, але тая, на яе вялiкае расчараванне, нiчога падобнага рабiць не стала. Замест гэтага яна загадала сабраць у кучу ўсё адзенне барона Адрыяна: i тое, якое ён насiў цяпер, i тое, якое апранаў у ранейшыя гады i якое можна было яшчэ адшукаць. Яна хацела бачыць усё, што ён калi-небудзь надзяваў на сябе: i панчохi, i кашулi, i рукавiцы, i шапкi. У той дзень у Хедэбю толькi i рабiлi, што шукалi. Хоць дзяўчына Спак цiшком уздыхала аб тым, што Марыт, бадай, усяго толькi звычайная знахарка i варожыць, як усе, яна паспяшалася выцягнуць з розных камодаў i паддашкавых клецяў, з сундукоў i шафаў усё, што належала хвораму. Маладыя баранэсы, якiя добра ведалi, што насiў Адрыян, дапамагалi ёй, i неўзабаве яна спусцiлася ўнiз да Марыт з цэлай кучай адзення. Марыт расклала адзенне на кухонным стале i пачала разглядваць кожную рэч асобна. Яна адклала ўбок пару старых чаравiкаў, таксама пару маленькiх рукавiчак i кашулю. Тым часам яна аднатонна i бесперастанку мармытала: - Пару для ног, пару для рук, адну для цела, адну для галавы! Мне патрэбна яшчэ што-небудзь для галавы, - раптоўна сказала яна ўжо больш спакойна, - мне патрэбна што-небудзь цёплае i мяккае. Аканомка паказала ёй капелюшы i кепкi, якiя яна прынесла. - Не, гэта павiнна быць штосьцi цёплае i мяккае, - сказала Марыт. Хiба ў барона Адрыяна не было якой-небудзь шапачкi з кутасiкам, як у iншых хлопчыкаў. Аканомка толькi збiралася была адказаць, што нiчога падобнага яна не бачыла, але кухарка апярэдзiла яе. - Я ж знайшла сягоння ранiцай вунь там, на палiцы, яго старую шапачку з кутасiкам, але паненка ўзяла яе ў мяне. Вось так i здарылася, што дзяўчыне Спак давялося аддаць шапачку, з якой яна намервалася нiколi не расставацца i якую хацела захаваць як найдарагi ўспамiн да канца сваiх дзён. Атрымаўшы шапачку, Марыт зноў пачала мармытаць свае заклiнаннi. Але цяпер голас яе гучаў па-iншаму. Здавалася, быццам кошка варкатала ад задавальнення. - Цяпер, - сказала Марыт пасля таго, як яна доўга стаяла, мармычучы, над шапачкай i круцячы яе ў розныя бакi, - цяпер нiчога больш не трэба. Але ўсё гэта неабходна пакласцi Генералу ў магiлу. Пачуўшы гэтыя словы, дзяўчына Спак зусiм згубiла надзею. - Няўжо ты, Марыт думаеш, што барон дазволiць адкрыць склеп, каб пакласцi туды гэтыя старыя рэчы? - запыталася яна. Зiрнуўшы на яе, Марыт крыху ўсмiхнулася. Узяўшы за руку дзяўчыну Спак, яна пацягнула яе за сабой да акна, так што ўсе, хто быў на кухнi, апынулiся за iмi. Тады яна паднесла шапачку Адрыяна да вачэй аканомкi i рассунула нiткi вялiкага кутасiка. Нiводным словам не перакiнулiся Марыт з дзяўчынай Спак, але калi аканомка адышла ад акна, твар яе быў смяротна бледны, а рукi дрыжэлi. Звязаўшы адабраныя рэчы ў невялiкi клунак, Марыт перадала яго аканомцы. - Я сваю справу зрабiла, - сказала яна, - цяпер ваша чарга паклапацiцца аб тым, каб ўсё гэта трапiла ў магiлу. Пасля гэтага Марыт пайшла. Дзяўчына Спак пабрыла на могiлкi пасля дзесяцi гадзiн вечара. Клунак, якi ёй дала Марыт, яна несла з сабой. Iшла яна, праўда, наўдачу. I лiтаральна не ўяўляла сабе, як ёй удасца апусцiць рэчы ў генеральскi склеп. Барон Лёвеншольд прыехаў вярхом разам з доктарам адразу ж пасля таго, як пайшла Марыт, i аканомка спадзявалася, што доктару ўдасца вярнуць Адрыяна да жыцця i ёй не давядзецца нiчога больш рабiць. Але доктар адразу ж заявiў, што нiчым не зможа дапамагчы. Ён сказаў, што маладому чалавеку засталося жыць усяго толькi некалькi гадзiн. Тады, сунуўшы клунак пад паху, дзяўчына Спак рушыла ў дарогу. Яна ведала, што няма нiякай магчымасцi прымусiць барона Лёвеншольда загадаць зняць магiльныя плiты i адкрыць замураваны склеп толькi для таго, каб пакласцi туды некалькi старых рэчаў барона Адрыяна. Калi б сказала яна яму, што на самай справе знаходзiцца ў клунку, i (яна была ў гэтым пераканана) ён адразу ж вярнуў бы пярсцёнак яго законнаму ўладальнiку. Але тым самым яна выдала б Марыт Эрыксдотэр. Яна не сумнявалася ў тым, што iменна Марыт падкiнула некалi пярсцёнак у Хедэбю. Барон Адрыян неяк сказаў, што Марыт аднойчы цыравала яму шапачку. Не, аканомка не адважылася расказаць барону, як усё было на самай справе. Дзяўчына Спак сама потым здзiўлялася, што ў той вечар зусiм не адчувала страху. Але яна перабралася цераз нiзкую могiльнiкавую сцяну i падышла да склепа Лёвеншольдаў, думаючы толькi аб тым, як ёй апусцiць туды пярсцёнак. Яна села на магiльную плiту i склала рукi для малiтвы. "Калi бог мне не дапаможа, - думала яна, - то магiла, вядома, адкрыецца, але не дзеля пярсцёнка, а для таго, каго я вечна буду аплакваць". Пасярэдзiне малiтвы дзяўчына Спак заўважыла лёгкае варушэнне травы, якая пакрывала нiзкi магiльны грудок, на якiм ляжала плiта. Маленькая галоўка паказалася з травы i адразу ж схавалася, як толькi аканомка ўздрыгнула ад страху. Бо дзяўчына Спак гэтак жа баялася пацукоў, як i яны яе. Але ад страху на аканомку напала натхненне. Жвава падышла яна да вялiкага куста бэзу, адламала сухую галiнку i ўваткнула яе ў норку. Уваткнула спачатку вертыкальна, але галiнка адразу ж наткнулася на перашкоду. Тады яна паспрабавала прасунуць яе далей наўскос, i на гэты раз галiнка прасунулася даволi глыбока ў напрамку да магiлы. Аканомка нават здзiвiлася, як далёка яна зайшла. Галiнка цалкам схавалася ў нары. Дзяўчына Спак спрытна выцягнула яе зноў i памерала па сваёй руцэ. Палка была даўжынёй каля трох локцяў i зайшла ў зямлю на ўсю даўжыню. Мабыць, яна пабывала ў магiльным склепе. Нi разу за ўсё яе жыццё розум дзяўчыны Спак не быў такi спакойны i ясны. Яна зразумела, што пацукi, напэўна, пракапалi сабе дарогу ў магiлу. Магчыма, ў сцяне была расколiна, а, магчыма, выветрыўся якi-небудзь каменьчык. Яна легла нiцма на зямлю перад грудком, вырвала кавалак дзiрвану, адгрэбла зямлю i сунула руку ў норку. Рука без перашкоды пранiкла ўнiз, але ўсё ж не да самай сценкi склепа. Туды рука не даставала. Тады, жыва развязаўшы клунак, яна выцягнула адтуль шапачку, начапiла яе на палку i паспрабавала павольна прапiхнуць яе ў норку. Хутка шапка знiкла з вачэй. Усё гэтак жа павольна i асцярожна прасоўвала яна палку далей i далей унiз. I раптам, калi палка амаль уся зайшла ў зямлю, яна адчула, як яе рэзкiм рыўком выхапiлi ў яе з рук. Праслiзнуўшы ў норку, палка знiкла. Не выключана, што яе пацягнула ўнiз уласная вага, але дзяўчына была ўпэўнена ў тым, што палку ў яе вырвалi. I тут яна нарэшце спалохалася. Схапiўшы рэчы, што былi ў клунку, яна засунула iх у норку, як магла прывяла ў парадак зямлю i дзiрван i кiнулася наўцёкi з усiх ног. Усю дарогу да самага Хедэбю яна нi разу не перавяла дух, а ўсё бегла i бегла. Калi аканомка паявiлася ў маёнтку, барон з баранэсай ужо стаялi на парадным ганку. Яны паспяшалiся насустрач. - Дзе вы былi, паненка? - запыталiся яны ў яе. - Мы тут стаiм i чакаем вас. - Барон Адрыян памёр? - запыталася ў адказ дзяўчына Спак. - Не, не памёр, - адказаў барон, - але скажыце нам спачатку, дзе вы былi, паненка Спак? Аканомка так запыхалася, што ледзь магла гаварыць; але ўсё ж расказала аб даручэннi, якое ёй дала Марыт, i аб тым, што па крайняй меры адну з рэчаў ёй удалося прасунуць у склеп праз норку. - Усё гэта вельмi дзiўна, вельмi - прамовiў барон, - бо Адрыяну на самай справе лепш. Зусiм нядаўна ён ачнуўся i першыя яго словы былi: "Цяпер Генерал атрымаў свой пярсцёнак". - Сэрца зноў б'ецца як заўсёды, - дадала баранэса, - i ён абавязкова хоча пагаварыць з вамi, паненка. Ён кажа, што гэта вы выратавалi яму жыццё. Яны правялi дзяўчыну Спак да Адрыяна i пакiнулi iх адных. Малады барон сядзеў на ложку i, убачыўшы яе, працягнуў да яе рукi. - Я ведаю, я ўжо ведаю! - усклiкнуў ён. - Генерал атрымаў свой пярсцёнак, i гэта цалкам ваша заслуга, паненка. Дзяўчына Спак смяялася i плакала ў ягоных абдымках, а ён пацалаваў яе ў лоб. - Я абавязаны вам жыццём, - сказаў ён. - Калi б не вы, паненка Спак, я быў бы ўжо ў гэты час трупам. Я ў вас у неаплатным даўгу. Захапленне, з якiм малады чалавек сустрэў яе, пэўна, i прымусiла няшчасную дзяўчыну Спак надта доўга затрымацца ў ягоных абдымках. I Адрыян паспяшаўся дадаць: - Не толькi я абавязаны вам, але i яшчэ адзiн чалавек. Ён паказаў ёй медальён, якi насiў на шыi, i дзяўчына Спак невыразна ўбачыла на iм мiнiяцюрны партрэт маладой дзяўчыны. - Вы, паненка, даведваецеся аб гэтым першая пасля бацькоў, - сказаў ён. - Калi праз некалькi тыдняў яна прыедзе ў Хедэбю, то аддзячыць вам яшчэ лепш, чым я. I ў аддзяку за давер дзяўчына Спак зрабiла маладому барону рэверанс. Праўда, ёй хацелася сказаць яму, што яна зусiм не мае намеру заставацца ў Хедэбю, каб сустрэць яго нявесту. Але своечасова абдумалася. Беднай дзяўчыне не прыходзiлася быць асаблiва пераборлiвай i пагарджаць такiм добрым месцам.