--------------------------------------------- Уладзімір Караткевіч Зброя РАЗДЗЕЛ І Нізкія — рукой дастаць — хмары пахнулі вугальным дыхам. А можа, гэта і быў дым. Яго несла, варочала, цягнула над Мікалаеўскім вакзалам, над плошчай, над вулкамі, тупікамі, над горадам, над усім светам. Варта было купляць аж у Ангельшчыне кардыф* і везці яго сюды, каб так засмуродзіць неба. * Ангельскі (з паўднёвага Ўэльса) антрацыт высокага гатунку. Менавіта ў такі дзень, гнілы лютаўскі дзень 1862 года, прыехаў у Маскву будучы камісар паўстанцаў Ніжняга Прыдняпроўя князь Алесь Загорскі з сябрам Мсціславам Маеўскім, старым «дзядзькам» Кірдуном (а па прозвішчы «Халява») і «дзядзькаваным» сваім братам, вольнаадпушчанікам, Кандратам Кагутом. Дзве мэты было перад імі: закупіць патрэбную дзеля паўстання зброю і яшчэ — паспрабаваць вызваліць Кандратавага блізнюка, Андрэя, якога вось-вось павінны былі прывезці этапам з Беларусі ў Бутырскую турму. Пажыццёвая высылка. Згадзіцца на гэта было немагчыма. Больш, чым брат. Брат па крыві — па выхаванню і думках. Брат, кінуты ў няволю за тое, што спяваў на кірмашы песню, якую напісала твая рука, прыдумаў твой мозг. Нельга было паважаць сябе, каб дапусціў, што друга, брата б'юць «на Балоце» бічом, а пасля вядуць у ланцугах Уладзімірскай дарогай. …Не лютаўская, гнілая сыпала на горад мжычка, напалам з жоўтым снегам. Паўз снежныя горы цягнуліся праезджыя дарожкі, і на іх стаялі лужыны колеру мачы, глыбокія, ператоўчаныя са снегавой кашай. З цягніка амаль ніхто не сышоў. Дый каму было ездзіць у такое надвор'е? Справы пачакаюць да сухіх дарог, а цяпер сядзі, браце, ля печкі. Ля пустой рамізніцкай стаянкі яны стаялі толькі чатырох. Наперадзе, нібы чужыя, Мсціслаў з Кандратам. За імі — Алесь з Кірдуном. — Стаў кофры, хамская морда. — У Мсціслава смяяліся вочы. — М-маеш ты ў мяне. Ён даводзіў так Кагута ўсю дарогу… Той і цяпер толькі носам сапнуў. У чорным паліто, у ласіных пальчатках і занадта модных чаравіках Мсціслаў быў дзіва які добры — ні даць ні ўзяць эўрапеізаваны купчык з багатых таганскіх недарасляў. Алесь толькі пасмейваўся, паглядаючы на яго. — Да Макарыя на кірмаш едзе, сукін сын, — нібыта аб чужым, сказаў Кірдуну Алесь. — Пявічак там будзе ў шампанскім купаць, у рэдэрэры, пяць семдзесят бутэлечка. Х-хам. У Мсціслава непрыкметна закалаціліся плечы. — Слухай, Мсціслаў, — ужо сур'ёзна сказаў Загорскі. — Вы зараз з Кандратам паедзеце першыя. Спыніцеся ў гасцініцы «Дрэздэн», на Цвярской плошчы… Возьмеш трохпакаёвы нумар з асобным пакоем для Кандрата. Ты ж мільянер, купец. — Чорт яго пабірай. Ніколі не думаў, што ўдаваць дрэнныя манеры так цяжка. — Звыкнеш… А мы з Кірдуном паедзем у гандлёвы цэнтр. Спынімся там у нумарах пры «наватроіцкім» тракціры… Я адразу дашлю Кірдуна са звесткай аб нумары. — Не разумею, нашто гэта, — сказаў Кандрат Кагут. — Адразу драбіць хаўрус. — Я т-табе дам хаўрус, хам, — сказаў Мсціслаў. — Ведай сваё месца. Ты — слуга, а ніякі мне не хаўруснік. — Так трэба, Кандрат, — сказаў Алесь. — Наш тракцір на Іллінцы, у самым гандлёвым цэнтры, Андрэя павязуць добра калі праз два месяцы. За гэты час я павінен наладзіць сувязі з гандлярамі… І не толькі легальнымі, а і падспуднымі, Давядзецца зведаць увесь патаемны рынак, стаць там сваім чалавекам. — То што? — Гэта не тое што купіць стрэльбу на дыван над ложкам, — сурова сказаў Алесь. — Нам усё ж трэба дзве тысячы стрэльбаў, столькі ж халоднай зброі, ды жалеза для паробак, ды паперы, бо ў Кастуся зрываецца справа. — Можна было і бліжэй купіць, — сказаў Мсціслаў. — Паперу — у Добрушы, на паскевічаўскай мануфактуры. Зброю — недзе ў Польшчы ці ў Рызе. — Угу, — іранічна сказаў Алесь. — Там, дзе сочаць… Не, брат, калі купляць, то там, дзе пра гэта і не падумаюць, у самым логаве… Нават і тут будзе небяспечна. То я вас падводзіць не буду… Калі са мной нешта здарыцца — самі вызваляйце Андрэя. — А ты? — спытаў Кандрат. — Я выблытаюся… Слухайце, як будзеце рабіць. Яго, вядома, прывязуць у Бутыркі. Звядзі, Мсціслаў, знаёмства з людзьмі. Пастарайся загадзя падкупіць ката, каб біў памяркоўна. — Няўжо будзе бізун? — спытаў Кагут. — Абавязкова будзе, Кандрат… Дык вось, з Балотнай ці Сянной плошчы іх павязуць на Рагожскую заставу, адкуль ідзе Ўладзімірка. Як толькі дакладна зведаеце, што і як, клічце хлопцаў. Пастарайцеся напасці на этап недзе недалёка за горадам… Вось, усё… Калі выявіцца, што я ўсталяваўся надзейна, што няма здрады, што за намі ніякага хваста, — я далучуся да вас. А пакуль сядзіце цішэй за мыш, не выдавайце сябе без патрэбы. — Недзе ў Прыдняпроўі не маглі адбіць, — бурчаў Кірдун. — Жартачкі ім: на этап нападаюць. — Дурань, — сказаў Кандрат. — Сам бачыш, якая варта да Магілева і ад яго. Рота салдат этап суправаджала. Што, напасці ды ўсіх сяброў так вось, псу пад хвост? — У паўстанні так і будзе, — нечакана сказаў Алесь. — Сам лягу з сябрамі, а вызвалю хаця б і апошняга касінера. — Нашто? — А на тое. Каб людзі нічога не баяліся, каб ведалі, што сябры не кінуць на мукі. Адзін такі, упэўнены, у бойцы — чатырох варты. Ён азірнуўся і ўбачыў старога ў янотавай футры. Стары — па выгляду купец з небагатых — цягнуўся да іх па жыжцы, валюхаючы, бо падпіхваў каленам цяжкі кофр. — Сіленцыюм, — сказаў Алесь. Усе змоўклі. Купец дацягнуўся да іх і з палёгкай паставіў кофр. — Рамізнічка чакаеце? — Але, — сказаў Загорскі. — Адной кампаніяй? — Не. Я вось са слугой, а яны — асобна. — Шкада-а, — стары выціраў лоб вялізнай уціркай. — І куды ж гэта вы, дазвольце ўжо спытаць? — Не ведаю куды, пан? — спытаў Алесь. — У «Дрэздэн», — буркнуў Маеўскі. — Да-с, — сказаў стары. — Праезджы, значыцца. З купцоў? — Так, — сказаў Мсціслаў. — Па якой камісіі? — Футры… І закупка паркалю. У старога быў чырвоны твар, барада клінам і хітрыя каламутна-сінія вочкі. Пачуўшы адказ Мсціслава, ён расцягнуў рот, і без таго вялікі, як шчыліна ў паштовай скрынцы. — Са сваіх, значыцца, мужычкоў цёплае здзіраеце, каб у халоднае ды лінючае абрадзіць, — ён гаварыў па-расейску спявуча, як гаворыць маскоўскае мяшчанства. — Не ваша, ацец мой, справа, — сказаў Мсціслаў. Стары нібы і не чуў: — І адкуль вы? — Магілеўскі, — сказаў Мсціслаў. Настала чарга Алеся. — Мы, выяўляецца, з адных краёў, — паблажліва сказаў ён Маеўскаму. — Мяркую, калі мне спатрэбіцца, я знайду вас? Мсціслаў падаў яму візітную картку. — Шандура Вакх Раманавіч, — прачытаў Алесь. — Што ж, мне прыемна. Вы з падуспенскіх Шандураў? — Нягож, — буркнуў наваяўлены Вакх. — Вазьміце і маю, — Алесь працягнуў вяленевы прамакутнічак. Мсціслаў прабег па ім вачыма і пакланіўся. — Так точна, — сказаў ён. — Я да вашых паслуг. Якая камісія, прашу, вядома, дараваць? — Мне патрэбна тры тысячы штук паркалю. Праз тры месяцы самае позняе. Няхай сабе самага таннага, але затое самых розных і яркіх, самых стракатых колераў. — А тып? — прагна, але з прагнасцю, схаванай за крайняй павагай, спытаў Маеўскі. — Разнатыпныя штукі, — сказаў Алесь. — Гэта не оптам. — Зробім, — сказаў Мсціслаў. — Зробім. Пад'ехаў рамізнік. Кандрат размясціў рэчы, дапамог Мсціславу сесці, а сам ускараскаўся на козлы. — Зробім, — сказаў яшчэ раз Маеўскі. Коні кранулі. Некаторы час тыя, што засталіся, стаялі моўчкі. Усе яшчэ церушыў мокры снег, і, нягледзячы на гадзіну апоўдні, было цёмна, бы ў прысмерак. — Бог ведае што такое. — Алесь выціраў мокры твар. — Звычайна за рукі рвуць, на часткі. Толькі і чуеш — «пажа»… «пажа…». А тут — хоць бы хто. — А іх доўга не будзе, бацюхна, — сказаў купец. — Што так? — Я спраўкі навёў-с… Носаў, суконшчык з Прэабражэнскага, гуляюць з сябрамі. Узялі-с усе каліберы* з плошчы і паехалі-с. І сані ўзялі. * «Калібер», або «гітара» (па падабенству) — спаконвечны маскоўскі экіпаж, вузкія дрогі на стаячых рысорах. У іх маглі сядзець толькі ўдваіх, прычым, каб не згубіць раўнавагі, кожны з тых, хто ехаў, сядаў тварам на свой бок вуліцы. Пярэдні трымаўся за пояс рамізніка. Калі ехалі з дамай, то кавалер трымаў яе за талію, іначай, па слабасці пола, яна вылецела б на першай яміне… Узімку былі яшчэ двух— і чатырохмесныя сані, часцей за ўсё без запоны. Вельмі рэдка трапляліся сані з выязным у ліўрэі і капелюху з пазументам (гэта для аматараў пускаць пыл у вочы)… Улетку пачыналі трапляцца ўжо кэбы і шарабаны замежнага тыпу, але больш ездзілі на «эгаістках», аднамесных экіпажах на няўстойлівых рысорах, якія жорстка кідала, так, што вылецець можна было кожную хвіліну. Людзі навесяле ўмудраліся ездзіць у іх удваіх і ўтраіх. — Хіба ўжо на каліберы пераселі? — У цэнтры ўжо на іх. Самі бачыце, голы камень пад гэтай кашай… Вось Носаў і паехалі. Пяцьдзесят рамізнікаў за імі едуць… Вам-то нічога, а мне яшчэ стаяць і стаяць. Алесь вырашыў капануць субяседніка, масквіч ці не. — А чаму «калібер»? — Па думскаму каліберу рабілі пры генерал-губернатары Галіцыне. Даўгушы ён загадаў знішчыць, а ўсім парабіць такія па думскаму каліберу, узору. То рамізнікі самыя экіпажы так сталі зваць… Дурны народ… Памаўчаў. «Масквіч», — падумаў Алесь. А стары раптам сказаў: — І вось глядзіце, няма парадку і няма. Зіпунішкі ў рамізнікаў драныя, армякі — страшныя, капелюхам гэтым паяркавым — сто год. Дый як іначай, калі той «ванька» за дзве грыўні ці нават за пяціалтынны цераз усю Маскву вязе… Правага боку не трымаецца, едзе дзе хоча, на стаянках кідаюць коней без дагляду… Ёсць, вядома, рамізнікі і чысцейшыя-с, першага гатунку. То яны, бацюхна, рэдка з незнаёмымі ездзяць. Так і наймае іх чалавек на два тыдні — на месяц. Уздыхнуў: — А брук наш. Гэта ж нешта немагчымае. Бруд, пыл, ямы, ухабы. Людзі рукі ломяць, экіпажы развальваюцца, коні калечацца. Не брук, а кара ягіпецкая! За грахі гэта нашы спаслаў Пан Бог. — Гэта ж справа начальства. — І начальства — за грахі, — упэўнена сказаў стары. — Племя гэтае антыхрыставае. Азірнуўся і кашлянуў. — Тры гады таму галоўнага антыхрыста збылі. Генерал-губернатара Закрэўскага. Ледзь дажыліся. Вышэй закона божага сябе ставіў. Вусны апаганьваў плашчаднай лаянкай. Замоўк. Алесь стаяў і думаў. Ён цудоўна ведаў усё, аб чым казаў купец, але сябе не выдаваў, хацеў мець выгляд правінцыяла. Ён думаў аб тым, што, калі паўстанне пераможа, калі яно перакінецца і сюды, гэты самы Закрэўскі, нягледзячы на тое,што яму семдзесят пяць і ён чалавек адстаўны, будзе ў ліку першых кандыдатаў на шыбеніцу або — наўрад ці паўстанне захоча запэцкаць рукі аб поскудзь — на вечнае выгнанне за мяжу. Гэты — варты. Сатрап маскоўскага вілайета. Дурны, грубы, як усе яны, артадаксальны і ардынарны, упэўнены ў сваёй бяскарнасці, пыхаты, як свіння, малаадукаваны і малапісьменны парвеню. Тып з кругаглядам вучня прыходскай ці кантанісцкай школы, які з таго часу так нічаму і не навучыўся. Такі самы гараднічы, як і ягоны патрон, здохлы капрал Мікола. З верху і да нізу — усе аднолькавыя. Накшталт таго гараднічага, які ў Кінешме паказваў аднаму «змагару за праўду» сагнутую руку: «Закон?! Хрэна табе, а не закон! Вось ён у мяне дзе! Мяне сюды анпіратар паставіў, сам цар, а цар вышэйшы за закон. Значыць, і я вышэйшы за закон!» Усё ў такіх проста. Закон — на паперы. Адказ — толькі перад асобай самога гасудара. Падсуднасць — лухта. Нездарма цар, прызначаючы Закрэўскага ў Маскву, даў яму неабмежаваныя паўнамоцтвы, што датычыцца асабістай недатыкальнасці грамадзян. «Закон — не абавязковы для кожнага. Закон — пудзіла для народа». А шкада, што паўстанне не будзе пэцкаць рукі! Шкада! Кожны з такіх павінен чакаць адплаты — толькі гэта іх і можа стрымаць: веданне, што нават пасля смерці іхнія косткі з магілы выкінуць. Сорак год назад пачаў кар'еру з таго, што загадаў адхвастаць аднаго гарадскога галаву. Нават цар не ўхваліў. А потым пачалося вугорскае паўстанне. …Так, яго прызначылі ў Маскву якраз у сорак восьмым — памяць не падводзіць. Як божы пярун на нявінныя гурткі асвечаных і ў меру вальнадумных цялятак. — Распусціліся. Франдуюць. Трэба падцягнуць… Ведаю, буду за Закрэўскім, як за каменным мурам. Так сказаў цар. І меў рацыю. За адзінаццаць год не было бадай ніводнага абывацеля (з тых, хто не належаў да эліты), які выйшаў бы ад графа без распяканцыі з памінавеннем бацькоў і асабліва роднай матухны. Выкліча, морыць ледзь не цэлы дзень у прыёмнай, а потым накінецца адразу, не слухаючы ніякіх апраўданняў, лічачы, што абвінавачванне ўжо даведзена, і, ніколі бадай не выслухаўшы, — прысуд. Высакародных — цераз вуліцу, у Цвярскі ўчастковы дом, а там і далей, у Волагду ці Каргапаль. Кроў, прынамсі, пяцідзесяці чалавек на руках. То якія такія «вышэйшыя меркаванні», якая «высакароднасць мэты» можа абяліць такога, можа перашкодзіць назваць яго сапраўдным імем «злачынцы супраць чалавека» і «забойцы»?! «Чаго мая нага хоча». І людзі так баяцца вось такога, што адзін, невінаваты, ад удару памёр, калі выклікалі. А ён дачцэ даў пісьмовы дазвол другі раз выйсці замуж, не разводзячыся з першым мужам. Ледзь не ўцягнуў Расею ў канфлікт з Грэцыяй: палічыў грэчаскага консула ў поўнай форме за шталмейстара і цыркача Сулье, які хадзіў у расшытым золатам турэцкім мундзіры і напярэдадні прасіў у Закрэўскага аб дазволе на выступленні. А палічыўшы, крыкнуў консулу (бо спяшаўся на вялікі пажар, аматарам якіх быў): — Пляши, сукин сын, скачи, прыгай! Разрешаю, так твою и разэтак! Дорага ж каштавалі гэтай няшчаснай Маскве гады яго адміністрацыйнага захаплення. Расперазаўся, сатрап. Наконт рэформы толькі й сказаў: «У Пецярбургу глупствы задумалі». — Ваш рамізнік едзе, — сказаў купец. Са снегавой сеткі набліжаўся экіпаж. На шчасце, не калібер, а першагатунковыя сані з запонай і верхам. І фурман сыты і гожы сабою — не «ванька» ў дрэнным армяку. Каптан — навенечкі, збруя — з бляшкамі, пара коней — сытыя. — Ну вось, — сказаў стары. — Цяпер і мая чарга. — Вы адкуль жа? — Рагожскі… З Малай Андроньеўскай. Алеся нібы нешта штурхнула. Рагожскія палясціны, але не каля самой заставы, адкуль гоняць кайданнікаў. Бліжэй, калі ўжо так, не да Рагожскай, а да Пакроўскай заставы… Як зручна было б… Воўк ніколі не рабуе ля свайго логава. А тут і Камер — Калежскі вал, мяжа горада. — Па старому сагласію жывяцё? — спытаў ён. — Дрэўлепрэпраслаўленыя, — трохі цішэй сказаў стары. — Па рагожскіх могілках. — І, напэўна, не новаблаславенныя. Стары апусціў быў галаву і раптам цвёрда, хоць і спадылба, глянуў на Алеся. — Свяшчэнства ад ніканіян не прыемлем. Калі да гэтага Алесь і сумняваўся, то цяпер усім сумненням прыйшоў канец. Асцярожнасць — асцярожнасцю, а гэта быў такі ўдалы выпадак, што трэба было рызыкаваць. Таму што нікуды не варты той ігрок, які не ўмее без роздуму схапіць за шкірку выпадковасць. На Рагожскай не было прышлага элемента, туды ніколі не пускалі чужых. Гэты тугі і горды свет выштурхваў з сябе ўсіх не сваіх, як ртуць выштурхвае жалеза: «Не лезь, не тачыся, у нас свой нораў, свой побыт, свае звычаі». І ў гэтай гордай незалежнасці гэтыя мужыкі, гэтыя купцы, то бок таксама ўчарашнія мужыкі, чымсьці нагадвалі найбольш старазаветную частку Алесевага кола. Няхай сабе закарэласць, няхай дзікая коснасць — гэтыя людзі былі пакрыўджаныя, а значыць, былі ў чымсьці — браты. Не скарыстаешся — другога выпадку можа не быць. — Што ж ты стаіш, Кірдун, — сказаў Алесь. — Уладкуй там кофр ягонага сцяпенства. Кірдун зірнуў на яго здзіўлена, але, прывучаны, нічога не сказаў. Ён ведаў, Алесь надумае лепей за яго. — Што ж гэта вы, бацюхна, — сказаў купец. — Мяне? — Чаго ж вы будзеце тут мокнуць. І так палову гадзіны стаялі. Ён ужо сядзеў пад верхам. Купец, спяшаючыся, каб хаця часам не раздумалі, палез на суседняе месца. Рамізнік павярнуў да іх твар, нахабны, сінявокі і мардасты, як рэшата. — Куды, ваша высакароддзе? — Наватроіцкі тракцір, на Іллінцы… Адтуль вось яго сцяпенства на Малую Андоньеўскую — ты, Халімон, ягоныя рэчы даставіш на ганак — а ты, фурман, потым вернешся да мяне. У барадзе фурмана была дрэнна прыхаваная пагарда. — Няўмесна вам з гэтым «сцяпенствам» ехаць, — развязна сказаў ён. — Справа не твая, гужаед, — абарваў яго Алесь. Ён ніколі не гаварыў так з людзьмі, але тут гэта было патрэбна. А раз гэта было патрэбна — ён мог. Згуляў жа Мсціслаў купчыка. Яму, Алесю, было лягчэй. У яго была ўласнасць, мала таго, прывычка ўладарыць. — Як зваць? — спытаў ён у фурмана. — Макарам, — трохі прыгаломшана сказаў той. — Так і думаў. То скоч, Макар, калі ласка, ды папраў запону на нагах у «ягонага сцяпенства». Макар палез з козлаў. Купец амаль спалохана глядзеў, як распраўляецца ягоны сусед. — Вось так, Макар, — сказаў Алесь. — Дзякуй. І запомні: гэта таксама твая работа. І зусім ужо не твая работа меркаваць, з кім я еду, куды еду і які я еду. Трэба было збіць фанабэрыю, і зрабіць гэта можна было толькі мясцовым барствам найгоршага тону. Раз і назаўсёды. — У цябе зараз няма гаспадара, Макар? Ну, на тыдзень, на месяц? Дзе твой? — Дзень, як у Піцер з'ехаў, — зусім ужо іншым тонам сказаў Макар. «Пашанцавала», — падумаў Алесь, а ўголас сказаў: — Што ж ты за суткі новага не знайшоў? Вы ж, збольшага, нарасхват. П'яніца? — Нікак нет. Усе сказаць могуць. Бяру ў плепорцыю. — Тады будзеш у мяне, — безапеляцыйна сказаў Загорскі. — На тры месяцы. Можа, і больш. Вернешся — укладзем рад. Не пакрыўджу. Умова: захочаш напіцца — папярэдзь, адпушчу. — Ужо і гэтага нельга, — зрабіў слабую апошнюю спробу пратэсту Макар. — Нельга. Патрэбна табе некуды ў гарачы мой час — знайдзі на дзень замену. Будзеш добра ездзіць — прыбаўлю. А папярэдняя табе плата — дзесяць сіненькіх у месяц. — Пабойцеся Бога, — сказаў купец. — З Зараддзя да Суконных лазняў, што ля Каменнага моста, — дзве грыўні. І за тую ж плату — назад. А гэта пры нашай манеры парыцца — не менш як тры гадзіны. Ну няхай нават дзве. То красная цана гэтаму разбойніку — трыццаць восем рублёў у месяц. — Мне не ў лазню ездзіць, — ветліва і халодна перарваў Алесь. — Не непакойцеся, калі ласка. І зноў звярнуўся да Макара: — Ездзіць давядзецца многа. Язду люблю хуткую. Буду задаволены — прыбаўлю. — Спраўна будзе, барын, — сказаў Макар. — Безадмоўна. Як паедзем? Праз яблычны двор ля Іллінскай брамы ці, можа, на Цвярскую выберамся ды потым праз Красную? — Давай Краснай. Гані. Меладычна звякнулі бомы. Коні машыста «прыйнялі» з месца. Купец маўчаў у сваім кутку, і хаця Загорскаму трэба было пагаварыць з ім — ён вырашыў перадчасна не палохаць старога і стаў думаць. Беглі паабапал пагружаныя ў змрок дрэнныя дамы з мезанінамі, крывыя платы, рэдкія ліхтары, у якіх цьмяна жаўрэла гарнае масла. Стаяла такая гразь, калі масквічы наймаюць рамізніка, каб пераехаць на друті бок плошчы. Ён любіў гэты горад. Любіў за гандаль кнігамі на Смаленскім рынку, за летнія гулянні на Сянной з іхнімі каруселямі і арэлямі-люлькамі, што круцяцца, як млыновыя крылы. Любіў завесу Вялікага тэатра, на якой Пажарскі пяты ўжо год уязджаў у Маскву. Любіў яго мазаічную падлогу і пах курэнняў з моцнай парфумы, неад'емны ад таго захаплення, якое авалодвае табою, калі скрыпачы ў аркестры выпрабоўваюць смычкі. Любіў стракатаць натоўпу і веліч некаторых будынкаў. І ён ненавідзеў яго за самае крайняе самавольства і поўную абыякавасць да чалавека, да суседа. Як ён жыве — і ці жыве ён, чым ён дыхае — і ці ёсць яму чымсьці дыхаць — гэта нікога тут не цікавіла. Дэспатычнае самавольства, нахабны прыгон і патрыярхальнасць — чацвёртага кіта не было. А на гэтых трох стаяў «трэці Рым», аслеплены ідэяй уласнай велічы настолькі, што яму было ўсё роўна, шмат ліхтароў на вуліцах ці не. А іх было мала, таму што большую частку дрэннага канаплянага масла з'ядалі пажарныя, абавязкам якіх было гэтыя ліхтары чысціць і запальваць. З'ядалі з дрэнна абдзёртай грачанай кашай, галоўнай і ледзь не адзінай сваёй ежай. Ён ненавідзеў яго за тое, што горад, у масе сваёй, не жыў і нават не хацеў жыць уласнай думкай. Вярхі жылі разбэшчаным рабалепствам перад «грамадскай думкай», якую ўвасаблялі прыдуркаватыя ад старэчага маразму галовы ангельскага клуба. Галовы ў сваю чаргу схіляліся перад разумовым убоствам так званай дзяржаўнай ідэі. Астатняя частка жыла плёткамі і мамонай і пакорай перад законам, які не закон. Нельга курыць на вуліцах — не будзем. Нельга насіць доўгія валасы — не будзем. Нельга есці бліны іначай як на масленіцу і ў належныя для таго дні — не будзем. І ўсё гэта пакорліва і безнаракальна, хаця б у пастанове і не было ніякага сэнсу. Насіць вусы могуць адны ваенныя. Іншым саслоўям гэта забараняецца. Бараду дазволена насіць мужыкам, папам, стараабрадцам і асобам вольнага стану ў паважным узросце. Чыноўнік павінен галіцца. Яму, безумоўна, забараняюцца вусы і барада. Пры дасягненні ж пэўных ступеняў ён мае права насіць маленькія бакенбарды — favoris, у тым, аднак жа, выпадку, калі яму гэта прыхільна папусціць начальства. Маладым барада забаронена. Калі ж яна расце і запускаецца — гэта адзнака нігілізму і вальнадумства*. * Усё, што апісана тут, вышэй і ніжэй — не перабольшванне, не спроба намаляваць краіну ідыётаў і не замах на лаўры Шчадрына. Я не дазволіў сабе ані слова выдумкі. Наадварот, клапоцячыся аб верагоднасці, браў толькі «сярэднія», «тыповыя», «шэрыя» факты. Жадаючых адсылаю да часопісаў «Голас мінулага», «Гістарычны веснік», «Расейскі архіў», да газет таго часу, да шматлікіх мемуараў відавочнікаў, а таксама да зборнікаў законаў, пастаноў і распараджэнняў. Вы ўпэўніцеся ў празмернай нават строгасці апавядання, здолееце знайсці шмат цікавага і для сучаснага чытача і правесці сякія-такія паралелі між апавяданнямі розных па саслоўях і пакаленнях людзей. Алесь ненавідзеў яго за тое, што ён не ведаў і не жадаў прадбачыць будучыні, цалкам пакладаючыся ў гэтым на прароцтвы і прадраканні смярдзючага ідыёта Карэйшы*, у святасць і ўсёведанне якога бязмерна верыў. * Карэйша Іван Якаўлевіч — славуты маскоўскі юрод, якога трымалі ў Прэабражэнскай бальніцы і на «прароцтвы» якога валам валілі, нягледзячы на поўную іх бессэнсоўнасць, мяшчане, купцы і арыстакратыя горада. Сучаснікі кажуць, што наведвала яго ўсё грамадства і што ўся жаночая палова Масквы, безумоўна, прызнавала яго. У Ляскова ёсць апавяданне, як Карэйша «з-за памылкі» прасіцелькі «вымаліў» дзіця не замужняй жанчыне, а дзяўчыне. Карэйша памёр у 1862 годзе, ва ўзросце васьмідзесяці гадоў. Карэйша зараз дажываў свой век у доме вар'ятаў. Што яны — не вар'яты, а «нармальныя» — будуць рабіць без яго? …Добра, што ў будачнікаў аднялі алебарды. Такі быў сімвал ідыёцтва ўладатрымальнікаў! Такое бруднае і грубае сярэдневякоўе! Як увесь гэты быдлячы свет. — Вы нешта сказалі? — страпянуўся Алесь. — Вы ўпершыню ў Маскве? — паўтарыў купец. — Упершыню, — сказаў Загорскі. Ён не вельмі хлусіў, кажучы гэта. Тэатры, універсітэт і рэстараны — гэта была не Масква. Ён, Алесь, стаяў цяпер твар у твар з сапраўднай Масквой. Яму трэба было цяпер жыць з ёю і мець справу з ёю і, дзякуючы небяспечнасці свёй справы, спусціцца ў такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якіх цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто. Ён упершыню ішоў да яе, і яму было нават трохі страшна. Бо тут раскашавалі і забівалі, здабывалі сабе хлеб гандлем і рабункам, з дазволу і патаемна, а то абыходзілася і без яго, без гэтага хлеба. Гэта было як з Варваркі спусціцца ў Зараддзе. Не, нават горш. Недзе глыбока пад нагамі чакалі смярдзючыя завулкі, дзе людзі, як напаўздохлыя рыбы, ледзь рухаліся ў гнілой вадзе. — Упершыню, — паўтарыў ён. — То сцеражыцеся, — сказаў стары. — Небяспечны горад. Масква слязам не верыць. Яна, матухна, б'е з наска. Крый Божа нашаму на зуб трапіць. Асабліва калі па гандлю. Хуценька ў «яму» трапіш. Як на матыў «Блізка горада Славянска» спяваюць. Близко Печкина трактира, У присутственных ворот, Есть дешевая квартира И для всех свободный вход. — Што ж гэта вы, дрэўлепрэпраслаўленай веры, а ў оперу ходзіце? — Ды не хаджу я, — адмахнуўся стары. — У тракціры Фокіна чуў. Там «машына» грае. То вось у машыне адзін такі вал ёсць. — А, уласна, чаму нам не пазнаёміцца? Загорскі Аляксандар Георгіяў. — Гм… А я Чыўін Дзяніс Авакумавіч. Настаў час трохі здзівіць. Алесь абыякава сказаў: — Кругом стараабрадскае імя. Чыўё — гэта ж лыжачка са зрэзаным донцам. Стары, сапраўды, трохі насцярожана здзівіўся: — Праўда. Замест чарніліцы яна нашым перапісчыкам кніг. Старым пісьменствам жывем. Божым. — А чарнілы, пэўна, фабрычныя. Толькі тоўчаную ржу дабаўляеце, божыя перапісчыкі, ды сажу. — І камедзь, — яшчэ больш здзівіўся Чыўін. І раптам нехта нібы распусціў на ягоным твары зморшчыны. Яны абмякнулі. — А Дзяніс — ад выгарэцкіх Дзянісавых*. А Авакум — вядома ад каго. * Браты Дзянісавы — заснавальнікі стараверскай «беспапоўскай» пустошы на Выгазеры. Людзі вялізнай для свайго часу адукацыі, самыя паважаныя раскольнікамі асобы ў часы цара Пятра. Алесь зразумеў: Чыўін зрабіў для сябе нейкі вывад і баяцца яго не будзе. Менш, ва ўсякім разе, будзе баяцца. — Я і кажу, — сказаў стары. — Сцеражыцеся. Ніканіянскі горад. Блудніца вавілонская. Злодзей на злодзеі сядзіць. Падэшвы на хаду рвуць. Вось нядаўна з Крамля гармату ўкралі. — Не можа быць! — Не хлушу, бацюхна, — стары цяпер гаварыў істава, куды падзеліся «слова-еры». — Яны б і царзон прынялі, каб нехта купіў. Знайшлі б спосаб. — Ды як? — А так. Там пастамент ля арсенала. Раніцай змяняўся караул — ан замест пастамента — пустамент. Няма. Уся паліцыя, увесь сыск забегалі. Урэшце знайшлі на Драчоўцы, на Старой плошчы, у сутарэнні пад дробязнай крамай. І ўжо тую гармату сякерай на лом нехта разбіваў. А гаспадар крамы — «дабрасовесны» ў гарадской часці. Вось табе і «дабрасовесны»: крадзеныя гарматы купляе. А зладзеі яе вось як вывезлі. Скінулі на зямлю і адразу, захутаўшы ў дзяругу, — на санкі. Вартавы ў Троіцкай браме пытае, што вязуць, а яны яму: «Чушку, кармілец, тушу свіную». Вартавы толькі вочы ўзвёў ды, відаць, пачаў думаць, як яно добра пад гарэлку. Ну і вывезлі. Каб цар камусьці быў патрэбен, то вывезлі б і цара… цьху, даруй мне Божа, я не казаў — вы не чулі… Так што глядзі-іце. — Мне б такіх людзей, — сказаў Алесь. — Ды нашто вам? — Зброю хачу купіць. Многа. Халімон на козлах здрыгануўся. Падумаў, відаць, што выхаванец звар'яцеў. Калі ён не вытрымаў і зірнуў назад, Алесь убачыў у вачах Кірдуна дрэнна схаваны жах. Фурман азірнуўся таксама. Чыўін ускінуў на Алеся вочкі: — Нашто? Часам не на разбой? — Пяцьсот стрэльбаў на разбой? — усміхнуўся Алесь. — Ды шабляў столькі ж, ды нажы, ды іншы тавар? Кіньце. Ды яшчэ вось у надоешняга купца тры тысячы штук паркалю куплю, ды люстэркаў, ды караляў. — Мяняць? — здагадаўся Чыўін. — Куды? Да самаедаў, далган, айнаў? — Трымай далей, — сказаў Алесь. — У Афрыку. — Гэта да мурынаў? — Но. Фурман пакруціў галавою. — Ды нашто вам, — сказаў старавер. — Хто там гандляваў? — А я не гандляр. Мне дужа скучыла на месцы сядзець. Я хачу туды, дзе ніводны хрысціянін не хадзіў. Буду мяняць сёе-тое, падарункі рабіць дзікім людзям. А каб не напалі — найму людзей, зброю ім дам. — Гэта вас бес водзіць, — сказаў Дзяніс Авакумавіч. — Самушчэнне непаседлівае. — А вашы людзі краіну Белазер'е шукалі? — Яны былі «ўзыскуюшчыя града». — Гэх, бацька, адкуль ты ведаеш, якога града «ўзыскую» я? Душа не на месцы. Не магу, каб так, як было. — То тады яшчэ горш. З тлушчу. У нас тут было. У Веташнім радзе малебен быў. І вось пасля набажэнства шэсць нашых купцоў ды адзін грузін выпілі ў тракціры Бубнава, а потым за Цвярскую заставу, у «Стрэльну», паехалі. Ну і напіліся там да бессвядомасці, да быдлячага стану. І вырашылі адразу ж ехаць у тую саму тваю Афрыку, паляваць на кракадзілаў. Адразу ж на рамізнікаў, на Курскі вакзал, селі ў вагон, паехалі ў Афрыку. Прачнуліся каля Арла і трохі здзівіліся. Ніхто не ведае, чаму Арол, чаго ў вагоне, самі едуць ці іх вязе нехта? І галоўнае, суседзі і тыя не растлумачаць. Адзін палез у кішэнь — паперка. А на ёй маршрут — Стрэльна — вакзал — Арол — Афрыка… Паехалі назад. То хаця і не палявалі, а адзін, Зяблікаў Фама Цітыч, горш чым ад кракадзіла знявечыўся. Морда разбітая, рука выкручаная. Гэта ён па дарозе на вакзал з пралёткі на брук выкаціўся… Вось табе і Афрыка, і кракадзілы… Купец, пэўна? — Князь, Дзяніс Авакумыч. — Колькі ж у вас прыгонных было? — Дваццаць тысяч. Сані імчалі цёмнымі вуліцамі. — Стой, — сказаў раптам купец. — Стой, фурман, высадзі. — Чаго вы? — Няўмесна, бацюхна. Не магу я так сядзець. — Які я вам «бацюхна». Сядзіце. Не спыняй, Макар. — Канешне, можна і ехаць, — пасля маўчання сказаў Чыўін. — І развага, і небяспека, і не заспееш на месцы. А яшчэ калі «града ўзыскуеш» — у-у! Ён чамусьці перайшоў на «ты». Відаць, таму, што яго мучыла нешта важлівае. — Адкуль ты, князь? — Ветку ведаеш? — Н-ну… — А сухадольскія вёскі старога сагласія? — Б-бацюхна… — То зусім непадалёку. Стары дапытліва глядзеў на яго. — Курыш? — Не. — Правільна робіш. Ён усё ж не насмеліўся спытаць, старой веры сусед ці не. З аднаго боку, князі дрэўлепрэпраслаўленыя не бываюць. З другога боку — хто ведае. Былі ж калісьці такія і князі і баяры. Можа, адзін які і застаўся. Не курыць, сам прызнаўся, што нейкага града ўзыскуе; са старых дваеперсных мясцін (адкуль яму было ведаць, што Алесевы продкі калісьці пусцілі гнаных раскольнікаў на свае землі?); ведае многае, чаго не ведае, пэўна, ніхто з ніканіян. І стары, свідруючы Алеся вочкамі, спытаў. Спытаў вельмі ціха і важка: — Значыць, з Беларусі? — Але. — Што ж гэта вы, беларусы, нам такую д'ябльскую лжу ўчынілі? Фальш гэткую? Пры Пятры ды Піцірыме? Га? — Гэта ты аб чым? — Алесь ліхаманкава думаў і раптам успомніў: — Аб «саборных дзяяннях»?* * Місіянер Піцірым па загадзе цара Пятра хадзіў па кержанскіх скітах і ўгаворваў казаннямі і дыспутамі, каб раскольнікі вярнуліся ў лона царквы. Асноўным ягоным козырам было «Саборнае дзяянне», якое «нядаўна адшукалі ў Кіеве». Адзін раздзел ягоны быў прысвечаны Кіеўскаму сабору 1157 года — называўся «Саборнае дзяянне Кіеўскае на арменіна ерэтыка на мніха Марціна», які «веліе садзела ў Русі смушчэніе хрысціяніном пачэ жэ неіскусніі пісанія». Сабор быццам яшчэ тады асудзіў тыя ерасі, якіх зараз трымаюцца стараабрадцы, бо ерасі Марціна, выказаныя ў яго кнізе «Праўда», былі дакладна тыя, што і ў раскольнікаў. Сабор, на чале з мітрапалітам Канстанцінам, асудзіў Марціна, хаця ён быў сваяк Канстанцінопальскаму патрыярху Луку Хрызаверху. Марцін натурыўся. Тады Кіеўскі сабор звярнуўся да Лукі. Патрыярх склікаў у Канстанцінопалі другі сабор, на якім таксама асудзіў сваяка. Марцін паабяцаў выправіцца, але потым адмовіўся. Тады яго анафематствавалі і адаслалі ў Царград, дзе патрыярх Лука сваяка свайго спаліў. …Стараабрадцы спіску дзяянняў не паверылі і папрасілі памацаць арыгінал. Піцірым звярнуўся да цара, і Пётр неадкладна прыслаў арыгінал кнігі: «Чытайце, ведайце, што царква не адышла ад грэцкіх канонаў», «врачуйцеся, расколам недугуюшчыя». Арыгінал «дзяянняў» аказаўся грубай падробкай. Раскольнікі (а галоўным чынам браты Дзянісавы) аддалі яго на знішчальную крытыку. Сінод вымушаны быў адабраць кнігу, запячатаць і схаваць назаўсёды ў сінадальную бібліятэку. — Ну, — стары падаўся наперад, як сабака на стойцы. — Праўда, — сказаў Алесь. — Так аб іх і пісалі тады: «Книга в полдесць, на пергамине писанная, плеснию аки сединою красящаяся и на многих местах молием изъядена, древним белорусским характером писанная». — Ну? — стары схіліў галаву, нібы чакаў. — Э-эх, стары. Звалілі гэта на беларусаў, няхай сабе і на «древних». Мана гэта, хлусня. Ты што, не ведаеш, што гэта падробка? Што яна ўся фальшывая, як гусліцкія грошы? Стары сумеўся. Фальшывыя грошы ў Гусліцах, пад Масквой, рабілі не хто іншы, як стараверы. — То ж бо, — сказаў Алесь. — Патрэбна было, вось і падрабілі, нягледзячы на тое, што бацькі царквы. Ведалі, што Беларусь — захавальніца старой кнігі, што «беларускай кнізе» павераць. Падрабіць падрабілі, а мовы беларускай старажытнай не ведалі, таму і папаліся. А каб ведалі, ляжала б старая вера, лапкі задзёршы. Самі схлусілі ды на іншых, на беларусаў, спіхнулі. — Ты адкуль ведаеш? — Я — ведаю. Ты хаця «Паморскія адказы» Дзянісавых чытаў? Яны так і пісалі: «Сомняемся и буквам, в нём писанным — Белоруским; нынешнего века пописи, яже в древлехаратейных мы не відехом…» А ведаеш, што «дзяянням» апошні ўдар нанесла? Тое, што аб іх Сімяон Полацкі нічога не ведаў і не кажа. Беларус. То беларусам дзякаваць бы, а ты лезеш, як пёс. Стары глядзеў на Алеся амаль са свяшчэнным жахам. — Прызнавайся, — сказаў Алесь. — Спаймаць мяне хацеў? — Хацеў. — Адно пытанне ведаў, ды тое не да канца. Прызнавайся, аб Полацкім не ведаў? І аб тым, што мітрапаліт Канстанцін з'явіўся ў Кіеве толькі праз дванаццаць год пасля гэтага «Сабора», які нібыта ўзначальваў, — не ведаў? — Не, — сказаў Чыўін. — То ж бо. Каб Дзянісавы былі такія ж дурні, як усе, — не дваццаць тысяч жыццяў сябе б спаліла, а больш… — Колькі ж табе год? — ціха спытаў купец. — Дваццаць два канчаю. — Табе б не да мурынаў. Табе б у ніканіянскія папы ды дайсці да мітрапаліта. Алесь засмяяўся: — А потым вы б мяне звабілі, перацягнулі? Ён ледзь не сказаў «назад», але гэта было б ужо не па правілах. Хай гэты стары не ведае, хто ён і адкуль спазнаў усё, што датычыцца расколу. Так будзе лепей. Хай лічыць гэта дзівам — ён можа даць кожнаму начотчыку сто ачкоў наперад. — А што, быў бы нарэшце «свой», — сказаў Чыўін. …Купец маўчаў. Потым сказаў, як аб вырашаным: — Суцешыў ты мяне… Усё я табе цяпер зраблю. Дапамагу. І ведай, свой ты цяпер чалавек на Рагожскай. Яны ехалі ля старой Трыумфальнай брамы. Стары глянуў направа. — Самы на Вялікай Садовай жыве свалачны і подлы, прадажны народ. Ты сюды не хадзі. Ты да тытуннікаў не хадзі. Мы табе дапаможам. Я. РАЗДЗЕЛ ІІ Алесь і не думаў хадзіць да тытуннікаў, тым больш да людзей свайго кола. Ён занадта добра ведаў іх, і жыццё маскоўскага дваранства не выклікала ў ім нічога, акрамя пагарды. Рэформа не змяніла іх. Такога не дазволіў бы сабе ні Раўбіч, ні Клейна, а гэтыя і цяпер дасылалі старога слугу ў паліцыю з запіскай: — Хочаш і надалей есці мой хлеб — ідзі і дай сябе адхвастаць. — Куды ж я пайду ад вас? Я і не ўмею нічога. — То ідзі. Усё ў іх сваё, дамарошчанае. І прыслуга, і большая частка прадуктаў, і свечы, і нават мудрасць. Гэтая мудрасць была затхлая, як паветра ў іхніх пакоях, начыста пазбаўленых вентыляцыі, засмуроджаных курэннем «смолак»*. * У старых маскоўскіх дамах, калі паветра рабілася нясцерпна цяжкае, не адчынялі фортак (часта іх зусім не было), а курылі «для асвяжэння» смолкай, конусападобнай пасудзінай з бяросты, набітай смалою з домессю чагосьці накшталт ладану. Яе распальвалі жарынкай і насілі па пакоях. Парадныя пакоі «асвяжаліся» распаленай цаглінай, пакладзенай у таз з мятай і воцатам, або жароўняй, якую палівалі парфумай. Было ў іхнім жыцці і сімпатычнае, бо яны былі гасцінныя і ветлівыя людзі, і дамы іхнія заўсёды былі перапоўнены прыжывалкамі, але тое, як яны трымаліся чына і месца, — вось што было страшна. Нельга было ўявіць сабе, што тут Майцы, нявесце ягонай, ніхто не дазволіў бы адной хадзіць па вуліцах і чытаць што-небудзь, акрамя маральных да абрыдлівасці ангельскіх раманаў. Нельга было ўявіць сабе, што тут Вацлаў, брат, павінен быў бы маўкліва згаджацца з заўвагамі старэйшых, няхай нават бязглуздымі. Нельга было ўявіць сабе, што тут ён, Алесь, павінен быў бы хаваць свае сімпатыі нават да Граноўскага, ужо не кажучы аб Шаўчэнку. Ліберальныя гурткі, якіх было шмат, хаваліся. Рэдкія выступленні моладзі канчаліся разгромам і маўчаннем. Грамадскасць сурова асудзіла тых хлопцаў, што ішлі за труной дзекабрыста Трубяцкога. Калі пачаліся студэнцкія хваляванні і масы студэнтаў прыйшлі на Цвярскую плошчу да генерал-губернатарскага дома з патрабаваннем адпусціць арыштаваных сяброў — на іх напусцілі паліцыю. Жандары абкружылі студэнтаў і жорстка збілі іх ля мура гасцініцы «Дрэздэн», што супраць губернатарскага дома. Гэта было зусім нядаўна, у кастрычніку шэсцьдзесят першага. — Бітва пад Дрэздэнам, — горка жартавалі збітыя. А старыя бурчэлі: — Справядлівасці ім захацелася, нігілістам. Хадзілі б сабе па знаёмых на тынцы, гулялі ў шарады, частаваліся, яблыкі елі б. Цукеркі ад Эйнема, Studentenfrass, batins de roi de Negovi, le quatre mendiants* — як добра! * Студэнцкі пакорм… каралеўскія пернікі… Чатыры жабракі (то бок разынкі, чарнасліў, фісташкі і міндаль). Просты пачастунак, але здаровы. Іншага ім, бачыце, пачастунку захацелася — вось і атрымалі. Пачуццё брыды выклікала гэтае зларадства над чысцінёй. Лаялі новае — а чаго дабіліся за свой век? Хіба што пагубілі дзяржаву і зрабілі яе сімвалам усякага гвалту, сімвалам развалу. Нават тут, у горадзе. У горадзе была вышэйшая на ўсю Эўропу смяротнасць: з тысячы паміралі трыццаць тры — таму што снег і гной ніколі не звозілі, а сметнікаў ніколі не чысцілі… Двары патаналі ў памыях і адкідах, з крам ішоў смурод разлажэння, па прыбіральнях гойсалі пацукі (на ўвесь горад ледзь-ледзь з'явіўся першы дзесятак ватэрклазетаў, і іх паказвалі гасцям, як дзіва). Паўз Ахотны рад нельга было праехаць, а жыхары куплялі тут ежу. У горадзе нішто не забяспечвала абывацельскай бяспекі, і пешаходу часта даводзілася разлічваць толькі на сябе. Калі ўначы з бульвараў далятаў «гвалт!» — жыхары мацней зачыняліся ў сваіх кватэрах. Адзінай «дапамогай» было адчыненае акно, у якое голасна крычалі: «Выходзім! Трымайся!…» На вуліцу выбягалі толькі найбольш мужныя. І ўсё гэта аніяк не датычылася паліцмайстра Агарова, які замест дзейсных захадаў займаўся фліртам з актрысамі. Сум Алеся па дому, калі яму даводзілася трапляць сюды, з часам рабіўся нясцерпны. Ён не ведаў, як магчыма тут жыць. І ў гэты прыезд толькі мэта, дзеля якой ён сюды прыехаў, суцішвала бязмерную настальгію. Трэба было дачакацца вясны, калі адсюль звязуць у Маскву катаржан, вясны, калі пачынаюць адпраўляцца па Ўладзімірцы этапы. Нельга было пакінуць Андрэя, дзядзькаванага брата, самага ўлюбёнага з усіх Кагутоў — калі не лічыць Кандрата — друга, паплечніка, чалавека, які пакутаваў, у пэўнай меры, з-за яго. Нельга было, каб ён уздымаў кайданамі пыл, каб цягаў тачку, каб з яго здзекаваліся, каб ён жыў сярод чужых. А час да вясны трэба было выкарыстаць на куплю зброі. …Вечарам таго самага дня Алесь даслаў Кірдуна ў «Дрэздэн», да Маеўскага. Там усё было на месцы, і фальшывыя пашпарты вярнулі з паліцыі без аніякіх заўваг. Кандрат паспеў пасябраваць з гасцінічнымі слугамі і непрыкметна зведаць ад іх, хто з дворнікаў і персаналу звязаны з сыскам. Выявілася, што купец Вакх Шандура са слугою ніякіх падазрэнняў сваёй персонай не выклікаў. Алесеў загад Мсціславу быў ранейшы: сядзець ціха, у меру «гуляць», часам ездзіць для «здзелак» у Кітай-горад, але «сутнасць сваіх камерцыйных спраў» трымаць у сакрэце. …Вечарам наступнага дня князь Загорскі паехаў на Ўзвіжанку, у прыватны цырк Сулье, і там сустрэўся з прадстаўніком зямляцтва ў Маскве. З купляй зброі справы ў «землякоў» былі дрэнныя. «Белая» група, як багатая, павінна была выдзеліць на гэта грошы, але, відаць, спалохалася. І тут быў недавер, панская пагарда і дрэнна прыхаванае пабойванне перад беларусамі. Усё гэта так абрыдла Загорскаму, што ён вырашыў самым рэзкім тонам патрабаваць у Кастуся адмежавацца ад усёй гэтай навалачы. «Ублытаюць у сваю справу, падманам прымусяць каштаны з агню цягаць, а потым здрадзяць, як гэта ўжо сто разоў бывала. І пойдуць «браткі» зноў здыхаць пад чужымі сцягамі. І пойдзе гуляць па нашых спінах бізун. А і пераможам — будзе тое самае рабства. Беларусі, бачыце, яны патрабуюць, старых, велікапольскіх, межаў. А хто спытаўся ў беларусаў, хочуць яны гэтага ці не? Гарматнае мяса ім патрэбна, а не сябры. Як не лічыліся з намі, так і не будуць лічыцца, пакуль карцеч і шыбеніца іх чамусьці не навучаць, як заўсёды, запознена». Глухое абурэнне аж душыла Алеся. Невідушчымі вачыма ён глядзеў на выбрыкі клоўна Віля, на дзівосна прыгожую наезніцу Адэль Леангарт і ведаў, што большасць гэтых ягоных думак прападзе марна, што «белыя» пачнуць бунт, калі гэта будзе выгадна ім і толькі ім, у самы непадыходзячы для Беларусі і Літвы момант. А «чырвоныя» не палічаць за магчымае кінуць іх у бядзе і таксама выйдуць са зброяй. І атрымаюць «узнагароду» за прыроджаную пыху. А варта было б кінуць. Варта было б правучыць за фанабэрыстасць. Як бы адразу заскакалі?! Якія б абяцанні пачалі даваць?! Якія адразу «дарагія» сталі б «правінцыялы»? Як бы адразу пачало «паважаць» іхнюю чалавечую і народную годнасць гэтае паршывае панства?! …Гінуць за чужога дзядзьку. Якая лухта! Якая трагічная памылка! Без імя, без правоў лезці ў чужую кашу, для пана, які пагарджае «тутэйшым хамам». Дабіцца толькі таго, каб уласнае адраджэнне назвалі «польскім мяцяжом», або, у лепшым выпадку, «вынікам польскай інтрыгі». Ён ведаў: усе сілы свае ён пакладзе на тое, каб гэтага не было. Калі паміраць, то паміраць за сваю волю і веліч. Не паўставаць, калі белае панства наплюе на інтарэсы Беларусі. Хай гінуць! І няхай нават потым нехта назаве гэта «здрадай». Чужыя здраджвалі гэты бедны народ тысячу разоў. Няма чаго служыць чужым. Мы ім не негры. Хай скачуць у паветры, хай хрыпяць пад тымі вербамі, з якіх столькі год рэзалі розгі на беларускую спіну. Чысцейшае будзе паветра. …Нешта дні праз два ён гаварыў аб гэтым з прадстаўніком «чырвонага» крыла варшаўскага зямляцтва і з прадстаўніком расейскай «Зямлі і Волі». З першым сустрэўся ў Праломных варотах Кітай-горада, на рынку лубачных кніг. З другім — у славутым гроце Аляксандраўскага саду, запушчаным, спісаным непрыстойнымі надпісамі самага бруднага і жывёльнага тону. Абодва хлопцы абяцалі «падумаць» над гэтым. Алесь і не спадзяваўся ні на што іншае. Яго справядлівае абурэнне збоку магло выглядаць як спроба завесці несвоечасовыя звады. Ну і д'ябал з імі. Неяк абыдземся. А між тым і таму і другому варта было над гэтым падумаць. Алесева ідэя датычылася і палякаў і расейцаў. Палякаў таму, што іхняе слова і іхні нацыянальны гонар былі заталочаныя ў гразь. Расейцаў таму, што іхняе становішча таксама было небліскучае. Як гэта ні дзіўна было, але расейская навука, мастацтва, літаратура таксама знаходзіліся ў стане самага глыбокага крызісу. Сялянства не чытала зусім, мяшчанства і купецтва абыходзілася «Ерусланам Лазарэвічам» і жывацела ў стане самага страшнага бескультур'я і быдлячага свінства. Астыла любоў да роднага слова і літаратуры нават у асвечанай праслойкі. Дваранства ледзь не канчаткова кінула родную мову і, у большасці сваёй, не чытала нічога, акрамя французскіх раманаў. Алесь з жахам упэўніўся ў гэтым. З кожным днём больш і больш яму здавалася, што расейскія калегі павінны з гэтай прычыны біць у набат і, праз свой глыбокі боль, асабліва добра разумець падобны боль суседа. Нічога такога, аднак, не было. Нават самыя перадавыя цікавіліся больш палітыкай, чым пытаннем, як жыве свая мова, свая культура. А ўмовы іхняга існавання былі страшныя. Высока трымаў сцяг адзін Малы тэатр, і таму нешматлікія людзі, якія адчувалі трывогу, не проста любілі, а абажалі яго. Астроўскі быў у іх богам. Садоўскі, Шумскі і Самарын — апосталамі. Але і тут не было поўнага «ансамбля», і тут заўсёды грашылі ў сэнсе дэкарацыі, гістарычнай праўды, касцюмаў. Волаты ігралі побач з пігмеямі. І Алесь не мог не думаць, наколькі нават гэты тэатр у адносінах да ансамбля, да вернасці, аксесуараў, да сыгранасці — наколькі ён ніжэй за тэатр у Вежы. Такіх мужчын у Вежы, вядома, не было, калі казаць аб коміках (хто мог стаць побач з Провам Садоўскім?!), але затое якія слабыя былі актрысы ў параўнанні з Геленай! Нават Фядотава. Кульгала і рэжысёрская частка. Паўзы і збоі часам былі нясцерпныя. …Калі так было ў лепшым тэатры — што ўжо было казаць аб астатніх. Оперная расейская трупа літаральна жывацела, бо яе забівалі італьянцы. Bel canto* відавочна перамагала слабую яшчэ расейскую школу. Нікога не цікавіў сэнс слоў і гульня акцёраў. * Стыль вакальнага выканання, што вызначаецца спявучасцю і лёгкасцю. Антрэпрэнёр Марэлі пры ўпамінанні расейскай трупы і расейскай музыкі пагардліва крывіў вусны. І, у пэўнай меры, меў рацыю. Добрых галасоў амаль не было. Дэкарацыі былі зацяганыя і бедныя. Халатнасць і абыякавасць трупы і кіраўнікоў кідаліся адразу ў вочы. І таму партэр амаль пуставаў, ложы наведваліся па кантрамарках, і толькі на галёрцы была сякая-такая публіка. Слабы бедны хор з абрыдлівымі галасамі: басы, якія равуць, як бугаі на арэне, поўная нясыгранасць — глядзець на ўсё гэта было балюча. Словы «тише, тише» спявалі на самых высокіх нотах. Пры словах «бежим, спешим» стаялі на месцы. Плявацца хацелася. Алеінавыя лямпы люстраў часта лопаліся і дымелі. Калі ў царскія дні палілі замест іх свечы — на галовы гледачоў плыў стэарын. Сеткі пад люстрай яшчэ не было, і часам гарачыя асколкі лямпавага шкла падалі на людзей. І, галоўнае, нічым гэтага, па агульнай абыякавасці, нельга было выправіць. Да таго ж дурні з цэнзуры літаральна рэзалі ўсё свежае. Даходзіла да недарэчнасцей нават у дробязях. Назва оперы па-італьянску заставалася той самай (усё адно Іван не разбярэцца), а на расейскую мову перакладалася зусім іначай. Нашто ўпамінаць такое небяспечнае імя, як «Вільгельм Тэль», — хай опера завецца «Карл Смелы». Нашто бузаваць царкву, упамінаючы назву «Прарок»? Гэта ж блюзнерства! Няхай завецца «Аблогай Гента». …Тое самае, што з тэатрам, адбывалася і ў мастацтве, і ў архітэктуры, і паўсюль. І, аднак, людзі не зважалі на гэта. Яны маглі дазволіць сабе такое. Алесь — не мог. РАЗДЗЕЛ ІІІ У самым канцы масніцы Чыўін, урэшце, завітаў у гасцініцу Наватроіцкага тракціра. Тады, калі Алесь перастаў нават спадзявацца на гэта, хаця і не ведаў, нашто было старому клясціся ў тым, што абавязкова дапаможа, браць на душу незамольны грэх. — Што так доўга, Дзяніс Авакумыч? — Загадзя грэх замольваў, — стрымана ўсміхнуўся стары. — Бо зараз з табою паедзем, княжа, мацаць ніканіянскую Маскву, тытунніцу, вавілонскую блудніцу. — Ці не занадта строга? — Чаго строга? Тры лястоўкі перабраў. Паклонаў тых тысячы адбіў. Блудніца — блудніца і ёсць. Адным тытунём надыхаешся, як антыхрыст Пятруха. Алесю смяяцца хацелася. Але ён маўчаў. …Клікнулі Макара. Пакуль збіраліся — стары, нібы яго і не датычылася, сказаў Загорскаму: — З фурманам табе пашанцавала. П'е ў меру. Язык — вузлом. Ні агароўскія і ніякія другія людцы да яго і не падступайся: справы гаспадара не прадасць. — Хіба падступаліся? — Яны да ўсіх падступаюцца… Але гэты ім даў ад варот паварот. Папярэдні гаспадар аб ім кажа: спадзявайцеся. «Вось якія ты паклоны біў», — падумаў Алесь, а ўголас сказаў: — Ды, уласна, чаго мне баяцца? Я не патаемнае раблю. Вочкі старога глядзелі на Алеся нібы зусім абыякава. — Дый я не кажу, што конча трэба баяцца… Што табе, скажам, у агароўскіх людзях ці іншых?… Гэтыя нам, абывацелям, абарона, дадзеная гасударам. — Чыўін дазволіў сабе трохі ўсміхнуцца. — Але ж ты збіраешся зведаць горад аж да апошняга. Табе трэба будзе з усімі сустрэцца. Ну, скажам, ахотнарадскія мамаі з птушыных бойняў табе ні да чаго. Ну, скажам, гандляры з Кузнецкага моста — бясшкодны народ. Але ж мы потым у Старыя рады пойдзем. А там, у Нажовай лініі, свежаму чалавеку і не сунься — крыссе аддзяруць ды яшчэ і аблаюць. А ў «Горадзе» і ўвогуле бяда. А з сухарэўскімі гандлярамі — ратуй нас Божа. А ўжо калі надумаеш спусціцца ў Ніжні горад, у Зараддзе, або пашукаць нешта па «цёмных» крамах — тут за спіною патрэбен чалавек з пудовымі кулакамі. — Нашто нам туды? — сказаў Алесь. — У цябе ж, пэўна, Дзяніс Авакумыч, і між рагожскіх сувязяў поўна. Чыўін раптам пасуровеў. Нават вочы, здаецца, пасуровелі і павялічыліся. — Гэх, князь. Рагожскіх гоняць. У царквах нашых — врата запечатленныя. Байкі на нас розныя кажуць. Мы — ізуверы, мы — начотчыкі. Кожнае сцерво можа ў нас каменіем лукануць… А ты, княжа, паглядзі, паглядзі спачатку на гэтае царства мамоны, на бліннікаў гэтых, на паддзячых… Садом, кажуць, малы гарадок быў. Масква ў тысячу разоў большая… там праведнікаў было, Лот, ды жонка, ды тры дачкі: пяць чалавек. То і ў нас не лепей. Пяць тысяч праведнікаў знойдзецца, а астатняе — сернага агню просіць. Жабракі з голаду здыхаюць, мяшчане крадуць, каб не здохнуць, п'юць, сем'і катуюць. Паліцыя горш за агаран — сабак на варотах вешае. Чыноўнікі — крапіўнае семя, чарнільныя пацукі, п'яўкі антыхрыставы. Ты помні, расейскі чыноўнік — падлец. Не ў тым справа, што ён законы ведае, а ў тым, што ведае, як іх абысці… Купцы ў нас — сам убачыш якія… Гніламясыя цвердазады… Пра панства і казаць няма чаго… Вось ты гэта і паглядзі, каб потым ведаў, каму тут можна верыць, у гэтай яміне выграбной, нячышчанай: падлаедам гэтым ці нам «ізуверам». І раптам, чаго ніколі больш не дазволіў сабе, паклаў руку на руку Алеся. — Паглядзі… Можа, з часам і прыдасца. — Пагляджу, — сур'ёзна сказаў Алесь. — Значыцца, перш чым за справу, на паглядзелкі пойдзем? — Трэба, — сказаў стары. — Бо невядома ўжо, на якога Месію спадзявацца нам. — Хіба адным вам? — Ого, каб гэта адным. Так што ты спусціся, бацюхна, у пекла… аж да адкідных каналаў… куды трупы абрабаваныя кожную ноч кідаюць… не адзін і не два… Паглядзі, што ўжо далей рабіць, на якога спадзявацца бога. Алесь думаў над словамі купца і разумеў, што той, відаць, за гэтыя дні меў нараду з кімсьці са значных людзей, ды, магчыма, і не з адным. І гэтыя людзі, параіўшыся, вырашылі, што князь Загорскі ім патрэбен. Такія вось, багатыя, уладу маючыя, цярпімыя і памяркоўныя да гнанай, загаджанай веры і, адначасова, выключна абазнаныя ў ёй, — трапляліся ім вельмі рэдка. Ва ўсякім разе, калі б вырашалася пытанне аб сухадольскіх раскольнічых вёсках, каб людзей з гэтых вёсак вырашылі б пакрыўдзіць — галоўную ўвагу мела б слова гаспадара ўсіх гэтых земляў, яго, Алеся. Загорскі не ведаў толькі, што Чыўін ні з кім не раіўся і вырашыў усё на свой страх і сваю рызыку. Алесь здагадаўся аб ходзе ягоных думак, але Чыўін быў страляны ліс. Хаця сярод старавераў і не вадзілася ніколі даносаў, бо дапамагаць слугам антыхрыста лічылася смяротным грахом, — ён вырашыў, што лепей будзе, калі аб усім гэтым будзе ведаць меншая колькасць людзей. Два рагожскія папы адразу былі выкрасленыя ім са спіска давераных. Іван Мацвеевіч быў надзейны, але размазня і дапамагчы ўсё роўна нічым не мог. Другі, Пётр Ярмілавіч, быў куражны, самадур, які вечна пагражаў парафіі пераходам у адзінавер'е, што скора і здарылася, пасля чаго ўлады «запечатлелі» і апошнія рагожскія і іншыя алтары. Чыўін, на выпадак, калі ўсё ж спатрэбіцца падземная, амаль усемагутная сетка дрэўлепрэпраслаўленай дапамогі, звярнуўся толькі да аднаго чалавека, і гэтым чалавекам была, як гэта ні дзіўна, жанчына. Але цвёрдасці языка гэтай жанчыны маглі б пазайздросціць і «божыя маўчальнікі». На рагожскіх могілках жыла «Матка», слуп веры, апора дрэўлега благачэсця, маці Пульхерыя, чалавек неабмежаванай улады, абазнаная ў справах зямных толькі трохі менш, чым сам уседзяржыцель. Чыўін спытаў у яе ўскосна, ці можа ён дабіцца прыхільнасці вельмі магутнага ў заходнім краі чалавека, і, без адзінага пытання, без адзінага слова, атрымаў бласлаўленне на гэты крок. Урэшце ён мог бы абысціся нават і без гэтага. …Яны выйшлі на вуліцу. Іллінка была даволі пустая. Толькі з боку мізэрнага будынка старой біржы ехала некалькі багатых рысакоў: відаць, купцы везлі ў Наватроіцкі тракцір нейкага прыезджага іншаземца. Ніводны такі, калі быў значнай асобай, не мінаў лепшага з маскоўскіх тракціраў. «Вялікі Маскоўскі», гурынскі, славіўся найлепшай кухняй і дзівосным квасам, «Цестаўскі», што ў доме Патрыкеева, лепшым аркестрыёнам, тракцір Ягорава, што ў Ахотным радзе — адсутнасцю тытунёвага дыму, непараўнальным кітайскім «лянсінам» і «варонінскімі», лепшымі ў свеце блінамі. Але такога расейскага, такога багатага і, адначасова, утульнага тракціра, як Наватроіцкі, больш не было. У гэтым сэнсе ён быў па-за канкурэнцыяй. …Ля музычнага магазіна Паўла Ленгольда стаяў з коньмі Макар. З магазіна даляталі шчымлівыя гукі гітары (у Ленгольда, каб пакупнікі ведалі, чаго яны могуць дасягнуць, граў калісьці славуты гітарыст Высоцкі, а цяпер новыя гітарысты з лепшых). — То паедзем, — сказаў Чыўін. — Давай, княжа, так зробім. Паедзем зараз Праломнай брамай. Да гэтага паглядзіш на сталёвы гандаль ля Багаяўленскага манастыра, на гандаль Старой Плошчы. Потым паедзем на Кузнецкі. Адтуль — у Старыя рады. Як ты кажаш, каўбасу звяжам. А потым — на Балчуг, там таксама гандаль.І на гэтым сёння скончым. — Давай. Кірдун, што ставіўся да Чыўіна, як і да ўсіх Алесевых знаёмых, вельмі раўніва, толькі соп ад гэтай бесцырымоннасці. Сані крануліся. Багатая Іллінка, маскоўскае «сіці», плыла перад вачыма. Мянялы-скапцы сядзелі пад паветкамі. У магазіне багатыроў Булачкіных цьмяна блішчала ў пахмурным святле срэбра. Пералівамі мастацкай парчы ззяла за вокнамі вялізная Сапожнікаўская лаўка. І на ўсё гэта церушыўся з неба мокры снег. — На Варварку варочаць нам няма чаго, — сказаў Чыўін. — Там воск, перцы-шмерцы ды оптавая бакалея. А гандляры ўсё больш былыя прыгонныя Шарамецева. Не адпускаў. Яны амаль усе тысячнікі, а многія нават мільёншчыкі, то яму пахвальна было, што ў яго мужыкі мільёнамі варочаюць. Вось цяпер, як прыгон адмянілі, то і кусай локці. Ды што яму? Багатыр? Роўны, відаць, вам па багаццю. А ў цябе мільёншчыкі былі? — Пры бацьку — былі. Дванаццаць чалавек. Ды я іх адразу выпусціў. — Без выкупу? — Але. Толькі прымусіў, каб кожны для бедных аднавяскоўцаў купіў па валоцы зямлі ды па каню. І хаты пабудаваў. — Прадзешавіў, князь. Яны б і дзесяць тысяч за волю кожны заплаціў. — Я за гэтым не гнаўся. Яны нават аброку менш шарамецеўскіх плацілі… Пяцьдзесят у год. — То добра. А ото, бачыш, царква Іаана Багаслова, што пад вязам. Бачыш, гандаль. Тут гатовае адзенне купляюць. Можна драніну купіць, бо падмануць на ўсе чатыры коркі. А можна і добрае. Кажухі часам нішто сабе. Загорскі дакрануўся да пляча Кірдуна. Халімон непрыкметна схіліў галаву. Вечарам ён павінен перадаць гэта Маеўскаму, і тады «купец. Вакх» закупіць тут дзве тысячы кажухоў. Пашыць такую вялізную колькасць на месцы, у Прыдняпроўі, нельга было, не абудзіўшы чутак. Швальні Загорскага пад маркай «абшывання слуг малодшых радоў» маглі пашыць не больш як пяць соцень цёплых кажушаных чуг. Ды частку замовілі ў розных месцах. Паварацілі на Нікольскую, да Багаяўленскага манастыра. Тут калыхаўся натоўп: ішоў гандаль сталёвымі і меднымі вырабамі, галоўным чынам, тульскімі. Цьмяна блішчалі самавары — ад пяцівядзёрных, «чыгуначных», да самых малых; вязкамі, як лыка пад мужыцкай страхой, віселі стрэльбавыя ствалы. У глыбіні ятак, як тарань, серабрыліся бліскучыя нажы, суседнічалі з прыборамі для дзвераў і шэрагамі паляўнічых дубальтовак. Чыўін часта загадваў спыніць коней, таргаваўся з гаспадарамі, запэўніваў, угаворваў і ледзь толькі не бажыўся — бо грэх. Калі ад'язджалі ад кожнага такога месца — гаспадар крамы клікаў грузчыкаў, расейцаў і татар, і яны пачыналі насіць на вазы «гужавых» рамізнікаў, што стаялі паўздоўж усіх падвор'яў, рагожныя кулі. Везлі іх на Чыжоўскае падвор'е, дзе Кірдун днямі зняў складское памяшканне. Алесь браў у рукі варанёныя ці пасрэбленыя ствалы, мерыўся, ці ёмісты прыклад. Даўняя звычка да зброі давала яму магчымасць беспамылкова адрозніць бліскучую дрэнь для навічкоў ад простых, але сапраўдных стрэльбаў «на знаўцу». Куплялі, аднак, з перасцярогай: пяць — восем вышэйшага класа стрэльбаў у кожнай краме. Гэта не была зброяй для «ўсіх». Гэта была зброя «застрэльшчыкаў», найлепшых стралкоў, што будуць уваходзіць па два чалавекі ў кожны дзесятак, і тое на той толькі выпадак, калі штуцараў, або ігольных стрэльбаў, не давядзецца дастаць. Натоўп віраваў на Нікольскай, і толькі ў завулках, што вялі на Іллінку, было паспакайней: там ішоў гандаль — оптавы. — Вялікімі мільёнамі варочаюць, — сказаў Чыўін. — Вялікімі сотнямі мільёнаў. Вялікімі, няправеднымі. І ўсё больш, больш тут грошай. Кітай-горад, нічога не скажаш. А цяпер зусім у іх добра. Уся сіла гарадская тут. А паны да Яблычнага двара псароў высылаюць: хортых спрадаваць. — Чаго брэшаш? — сказаў Макар. — Зараз вось у іх і грошы, у паноў. Ніколі столькі не было. — І гэта праўда. Ці надоўга толькі? Сані ледзь прабіваліся натоўпам да Праломнай брамы. Бліншчыкі, збіценшчыкі, бабулі-жабрачкі, разносчыкі, пірожнікі — так і кішэлі пад нагамі. У вокнах крам цяпер было другое: цяжкія вокладкі царкоўных кніг, золата дзіскасаў і паціраў, залатыя і жалобныя рызы. Паступова, аднак, за Друкарскім дваром, свецкае цясніла духоўнае. Пад навесамі і ў крамах ляжалі кнігі, віселі, заціснутыя ў шчыпцы для бялізны, лубачныя малюнкі. Замест семінарыстаў і правінцыяльных папоў, што прыехалі купляць царкоўнае начынне, з крамы ў краму хадзілі мужыкі-карабейнікі. Чулася бажба, лаянка, спрэчкі. Яны тут трохі завязнулі па віне Алеся. Той заходзіў ледзь не ў кожную краму, і пасля кожнай такой візіты ў нагах седакоў прыбаўлялася кніг. Кірдун усё больш суровеў і ўрэшце не вытрымаў. Дачакаўся, пакуль яны засталіся адны перад дзвярыма чарговай крамы, і ціха сказаў: — Нашто яны табе? Для агню купляць? Алесь вінавата паціснуў плячыма: — Не магу. Ты паглядзі, якія ў гэтых кніжнікаў нячыстыя лапы. — Магчыма, разам з хатамі нашымі яны згараць, кнігі, — сказаў Халімон. — Згараць і тут. — Кіньце, паніч. — Згараць. Набярэ такі кніг, носіць-носіць — ніхто не купляе. То ён тады ў двары вогнішча раскладвае і — «час абнавіць таварац». І пайшло ўсё гэта ў полымя. А тут глядзі — элзевіры*, масонскія выданні, «Духоўны рыцар». * Элзевіры — кнігі, надрукаваныя ў друкарні Эльзевіраў у Галандыі (ХVІ-ХVІІ стст.). Вызначаюцца дзівоснай прыгажосцю і вытанчанасцю шрыфтоў. Сапраўды, сярод лубачных кніг ляжалі містычныя новікаўскія выданні, кнігі па хірамантыі і фізіягноміцы, Златавуставы Маргарыты, Чэцці Мінеі яшчэ даніканаўскіх часоў. Чыўін, разглядаючы апошнія, толькі аблізваўся. Аж пакуль Загорскі не загадаў яму ўзяць іх сабе. А над усёй гэтай раскошай ляцелі прарэзлівыя або рыпучыя галасы: нібы падлаеды балявалі над трупамі: — Вось лубкі-лубкі! — Вось купец у трубу вылецеў. Чобаты буракамі, за цыліндр — рукамі, у тых, хто глядзіць, — морды дуракамі. — А вось муж на жонцы дровы з лесу вязе. Купі, мужык, каб жонка ўбораў не прасіла. — А — фонская гара, а — фонская гара, — ільецца ялейны галасок. — Страшны суд… Цьма непрасвяцімая; вогнь неўгасімы, скрэжат зубоўны. Змяя зялёная грэшнікаў смокча. Зялёныя былі не толькі змеі. Зялёнае было, разам з дрэвамі, неба на лубках. Ехаў, галавою пад аблокі, храбры праваслаўны генерал, а салдаты былі не вышэй капытоў ягонага каня, як на эгіпецкіх барэльефах воіны побач з фараонам. Ружовая палоса — твары салдат, чырвоная — каўнеры, блакітная — рака, па якой яны ідуць, разам з салдацкімі чобатамі. — Пэцканіна сатанінская, — злаваўся Чыўін. — Дакаціліся. Пасля Дзіянісія, пасля Рублёва — боскага, пасля Суждальскага ўзорач'я — Аніка-воін ды генералы дурныя. — Рублёва ў кожную сялянскую хату не павесіш, — сказаў Алесь. — То лепей зусім нічога не вешаць. Адзін разны коўш з бярозавага наплыву варты ўсёй гэтай брыды. — І тое праўда. На кніжных рынках купцы Лабкоў і Хлудаў сабралі сабе неацэнныя бібліятэкі. На кніжных рынках быў сапсуты густ двох ці трох народных пакаленняў. …Масляная адыходзіла. І, нягледзечы на тое, што на гуляннях усё яшчэ круціліся каруселі, бойка гандлявалі ласункамі, нягледзячы на тое, што з балаганаў даляталі стрэлы з драўляных гармат і сапраўдных стрэльбаў — аж з усіх шчылін шатра валіў парахавы дым (давалі «Узяцце Карса» і «Бітву расейцаў з кабардзінцамі»), — ва ўсім быў няўлоўны сум. Надыходзіў вялікі пост. Стрэлы, галасы зазывалаў, удары балаганных звонаў, уся гэтая какафонія гучала цяпер прыглушана. Менш траплялася п'яных, але затое п'яныя яны былі ўсур'ёз. Стаміліся маснічныя тройкі. Праз святочны пах курэнняў, пораху, масла ўсё мацней прабіваўся звычайны пах горада, яшчэ ўзмоцнены «велікапосным амбрэ», пах тракціраў, рыбы, гарэлага сала, поснага масла, грыбоў, бочак з чарпакамі, а то і простых цэбраў, што плюхалі на кожным ухабе. Пад мокрым снегам абвіснулі папяровыя кветкі на дугах. Паступова згортваліся балаганы. Гаспадар завіхаўся ля вазоў, і яму дапамагаў «дзікі чалавек, прывезены з Афрыкі». Дзікага чалавека мучыла пякучка: усю масніцу даводзілася есці жывых галубоў і піць шкіпінар, закусваючы той чаркай, з якой выпіў. Драбіць яе зубамі было нялёгка, нават пасля практыкі, і дзясны дзікуна сям-там кроватачылі. Салдаты, што ўдзельнічалі ў «бітве расейцаў з кабардзінцамі», разыходзіліся па казармах (кабардзінцы, як заўсёды, атрымаўшы ў карак). І сумна глядзела на іхні ланцуг балаганная прыгажуня, галаднаватая дзяўчына, што зябка хуталася ў дазволеную нарэшце сярмягу. У дзяўчыны была сталая нежыць: усю масніцу яна стаяла на балаганным балконе, пад снегам, сіняя, апранутая толькі ў кісяю. А знізу яе ўжо клікалі гаспадар і дзікі чалавек: трэба было ўпакоўваць двухгаловае цяля. На шэрае нізкае неба, на падаючы шацёр, на слізь муроў глядзеў невідушчымі вачыма «ягіпецкі цар фараон». Мумію, па яе крохкасці, павінны былі пакласці на воз апошняй. Мумія фіванская, жаўтаватая, з матавым бляскам. Яна добра збераглася, і, значыцца, «цар фараон» збярог у цэласці сваю «бай»*. * Душа памёршага. Невядома, ці ўспамінала гэтая «бай» грозныя паходы на Нубію і Лівію, разгром Фінікіі, палонных, што гоняць за калясніцамі і тысячамі прыносяць у ахвяру. Фараон проста паказваў небу аблічча, і на ягоную скуру, колеру пірага, абсынанага сухарамі, на ягоную былую веліч, церушыўся і церушыўся з неба мокры маскоўскі снег. І як працверажэнне, ішоў сярэдзінай вуліцы сімвал імперскага парадку, здаравіла-будачнік са сталом на галаве*. * Паліцмайстар Агароў загадаў, каб у кожнай будцы ляжала на стале кніга. Квартальны, робячы начны абход, павінен быў распісацца ў кожнага булачніка. Квартальныя, аднак, абходаў не рабілі, а ўначы — спалі. Булачнікі раніцай самі прыносілі ім кнігі ў акалодак для подпісу. Зведаўшы гэта, Агароў загадаў: будачныя кнігі прыпячатаць да сталоў… Пасля гэтага будачнікі кожную раніцу рабілі тое, што апісана вышэй: неслі ў акалодак, разам з кнігамі, і сталы. Пёр — аж пар курэў над плячыма. — Дзікунства наша, дзікасць, — уздыхнуў Чыўін. — Губернатарскі дом — у тры паверхі. Шыльды ля яго — «Мадрыд», «Дрэздэн», «Луўр». А як былі фофаны — так і засталіся. Сталы на галовах носім… Вось, Аляксандар Георгіевіч, якое наша прасвяшчэнне. Мы, на Рагожскай, хаця не пнемся ў новае: ведаем, старымі запаветамі жывем. А тут, з-пад сурдута, дзікасць лезе. Вось хаця б нядаўна… з'явіўся на Краснай плошчы Міхаіл архангел*. * Сапраўдны факт (глядзі ўспаміны І.А.Слонава «З жыцця гандлёвай Масквы», «Гістарычны веснік», 1913, No.11-12). Сам у чырвоным, у левай руцэ піка са сцягам, доўгая, у правай — драўляная шабля, бо ляўшун, шуйцай дзейнічае, а дзясніца — так сабе. Крычыць: «З'явіўся на сваё паселішча! Не мір, але меч!» І вось за архангелам-леўшуном валіць натоўп. Тут табе сярод іх і проста цікаўныя, але тут і веруючыя… І ідзе гэты архангел ад Нікольскай брамы праз усю плошчу аж да Блажэннага Васілія. На сярэдзіне плошчы, ля голых Мініна з Пажарскім — сарамацішча! — будачнік архангела арыштаваў ды пацягнуў у акалодак. Выявілася — ніякі ён не «нябесны жыхар», а манах беглы, вашывы. Вось да чаго яны Божае імя давялі. Макар толькі пасмейваўся на козлах. А купец пачырванеў яшчэ больш, каламутна-сінія вочы пацямнелі. Вялікі рот нібы скамянеў. Рука мяла клін барады. Нясцерпны, арэхава-гнілы смурод Ахотнага рада змяніўся адносна свежым паветрам: з Цвярской, нібы з цясніны, павеяла ветрыкам. Сані паварочвалі да Краснай плошчы. — Трэба будзе табе потым, князь, на Яблычны двор з'едзіць. Там таксама паляўнічымі стрэльбамі гандлююць, сабакамі, усім такім. А што, сланы таксама ў Афрыцы? — Але. — Небяспечная штука твая Афрыка. Ля Яблычнага двара, у звярынцы, не так даўно слон звар'яцеў. Усё чыста разламаў. Абкапалі яго ровам — ён не сунімаецца. Каму ахвота? То склікалі салдат, і тыя яго, беднага, пачалі расстрэльваць. Той раве, а яны паляць. «У «Паліцэйскіх ведамасцях» пісалі: сто сорак чатыры кулі ў яго выпусцілі… Вось табе і воінства. — Мы лепей страляем, — сказаў Алесь. — Прывычка. — То і добра. А то пабілі б вас тыя сланы зусім. У тым аднаго мяса было дзвесце пяцьдзесят пудоў… Цьху, Пан Божа… А на Кузнецкі забылі? Там у немцаў таксама стрэльбы, і яшчэ падзорныя трубы можна купіць. — Купім, — супакоіў яго Алесь. — Гэта ў Швабе? — Трубы — у Швабе. — Быў там ужо слуга. Халімон сапраўды пабываў у Швабе. Купіў пяцьдзесят бінокляў. Купілі там і стрэльбаў. Па дзесяць — пятнаццаць, не выклікаючы падазрэнняў, — а на складзе было ўжо сотні тры дубальтовак, дальнабойных, хаця і трохі старамодных ментонаў буйнога калібру, ангельскіх «тыгравых» стрэльбаў. Акрамя таго, трэцяга дня Мсціслаў выехаў чыгункай да Паўлава Пасада, або, па-простаму, «Выхны», з мэтай купіць там сотні тры кінжалаў, дзвесце шабляў і, колькі знойдзецца ў збройнікаў, — агнястрэльнай зброі*. * Ніжагародская чыгунка тады была даведзена толькі да Выхны. Усё гэта, праз сваіх людзей, маленькімі партыямі, везлі ў Беларусь. Алесь спадзяваўся, што праз тыдзень на складзе адначасова будзе «начаваць» не больш за сорак стрэльбаў, і тады можна будзе не баяцца паліцыі. Ён ведаў: гэта не канспірацыя. Ён ведаў: справа, якой ён займаецца, можа ў кожны момант каштаваць яму галавы. Але іначай нічога нельга было зрабіць. Толькі і заставалася, што цадзіць яе вось так, па кроплі з розных месц. Бо нават калі б ён спустошыў усе арсеналы Вежы, Загоршчыны і вёсак прыхільнікаў — стрэльбаў не хапіла б на ўсіх людзей. Ён разлічыў: да паездкі ў Маскву адна стрэльба прыходзілася б на пяцёх, калі б край неспадзявана паўстаў. А гэтага можна было чакаць кожную хвіліну. Агнявы фіціль ляжаў на парахавой бочцы, што звалася Беларуссю і Літвой. — На Кузнецкім была гісторыя, — сказаў купец. — Прыходзіць у каланіяльную краму чалавек і просіць патакі. Сядзелец пытае: «Куды наліць?» Чалавек той знімае цыліндр: «Сюды». Той здзівіўся, але… у кожнага пакупца свая дурына. Налівае. Той яму дае за патаку пяць рублёў. Сядзелец адчыняе шуфлядку, каб даць рэшты. А той яму ў гэты час — хоп! — цыліндр на галаву. Рукі ў касу, за грошы і — лататы. — І правільна, — з нейкай нават павагай сказаў Макар. — Гэта табе не Чухлама, а Масква. Тут зяваць не даводзіцца. Наводдаль узвышаўся Крэмль. Сонца на хвіліну прарвала дзённы змрок і заліло яго крывавай барваю. Муры нібы чырванелі наскрозь у ягоных прамянях. І дзіўна было глядзець шэрае жабрацкае мора, што кішэла ля падножжа гэтай страшнай велічы. Слепакі з павадырамі, гнойныя вочы жабрачак, юроды, язвы і лахманы. — Пада-айце слепенькаму! — «Ля-жаў сабе Ла-а-зар на гнаёвай ку-у-пе…» — Адбіла мне ногі пад горадам Свістопалем… — Брат! Брат! Нічога ў мяне, акрамя вошай. Дай капейку за дзесятак — да смерці дажыву. Рукі цягнуліся адусюль. Нібы прасіла ўся гэтая зямля. — Пацярпеў ад нашэсця інапляменных… Пры Крымскай канфузіі атрымаў кантузію… Вашаскароддзе, на лусту хлеба кавалеру. Салдат быў страшны. Яго калаціла, бы ў падучай. А з-за ягонай спіны цягнуліся новыя… новыя… новыя рукі. Адыходзіў з дарогі жабрак, уражаны нейкай хваробай, магчыма, пранцамі. Ніжняй сківіцы не было, і, як у звоне, боўтаўся ў цёмнай зеўры язык. А над усім гэтым былі барвяныя муры, велічныя вежы, гордыя арлы на шпілях, абрыдлівы спрут, заліты сонечнай крывёй. …Ледзь цягнуліся праз натоўп. Злева былі Старыя рады. Двухпавярховыя, з каланадай і купалам. Ля каланады, ля «Сталбоў», шумела пірожная біржа. Брудныя пірожнікі з захутанымі ў коўдры скрынкамі на грудзях таўкліся ад калон да помніка Мініну і Пажарскаму. Ніжагародскі мешчанін паказваў ім рукою на Крэмль, на палац, куды з іх ніхто ніколі не трапіць. — Пірагі з гарохам… Пірагі з гарохам… — Сам жары, свіння. Давай з сёмгай і кашай. — Купляй. Сёмужка ў нас о-го!… Закусвай, міл-чалавек. Яна перад тым, як у пірог трапіць, ледзь не бегала. Хлапчынка торгаў за крысо пірожніка: — Дяденька, чтой-то у тебя пироги-те с тряпкой. — А табе, каналья, что ж, за две-то копейки с бархатом, что ли, давать? Гандлявалі падовымі з падліўкай, «верабейкамі», што плаваюць у масле, блінамі на латочках. І хаця была яшчэ масленіца і людзі елі гарачую каўбасу і пірагі з мясам і яйкамі — некаторыя, абжэршыся скаромінай, прасілі пірагоў з груздамі, са снятком і поснай падлівай. Ад Лобнага месца як рэзаныя крычалі збіценшчыкі. Здавалася, што там, па-ранейшаму, чвартуюць людзей, а не гарачую ваду з мёдам і карыцай прадаюць. …Яны кінулі Макара з коньмі ля аднаго з «глаголяў» і пайшлі ў рады. І толькі тады Алесь зразумеў, чаму Чыўін засцерагаў яго. Унутры гэты будынак у стылі маскоўскага класіцызму нагадваў караван-сарай. Нізенькія, як норы, страшэнна доўгія хады. Столь — аркаю. Падлога таксама, бо выбілі за дзесяцігоддзі пакупцы. І ўся гэтая падлога шчарбатая, выбітая. З аднаго боку калідора — крамы, з другога — «авечкі», зашклёныя прылаўкі з дробяззю: вееры, вянчальныя свечкі, панчохі, напарсткі, гальштукі. Адразу відаць, што гніла, дорага, з падманам. А не купіць чалавек — пачнуць здзекавацца, смяяцца, праводзяць смехам і абразамі. Хто рахманы — купіць часам, абы адвязацца. Праходы загрувашчаны цюкамі і скрынямі. На арках сям-там іконы з «гасімымі» лампадамі (агонь паліць забаронена, таму зімой у тры гадзіны — канец гандлю). І каля ўсіх крам «хлопчыкі» з галоднымі і бледнымі тварамі. Шчокі абмарожаныя, бо холад сабачы, грэюцца гарбатай, перакідваючы з рукі ў руку гарачую шклянку. Ад піцця гарачага на холадзе — амаль ва ўсіх горлы апухлыя, «чушка». Паўсюль лаянка, выгукі, прыказчыкі цягнуць людзей за рукі ў крамы. Чыўін некалькі ўжо разоў даваў па нахабных руках, бо зацягнуць, закруцяць. Людзей з глухой правінцыі, чухламскіх купцоў ды калядзінскіх багатых мяшчанак, у радах часам і рабавалі. Затлумяць галаву, а потым — шукай сярод сотняў «сваю краму». Усе аднолькавыя. І прыказчыкі на адну морду — усе нахабныя пысы. Па радах хадзілі «радскія кухары» з карчагай у адной руцэ, з кошыкам — у другой. У карчазе была гарачая капуста з мясам, у кошыку — місы, лыжкі і хлеб. Міса капусты з мясам і хлебам — дзесяць капеек. А за радскімі кухарамі ледзь не цэлай гайнёй хадзілі, круціліся пад нагамі ў пакупцоў валацужныя сабакі. Калі набіралася шмат місак з астачай капусты і хлебных недаедкаў — кухар ставіў усё гэта на падлогу, ля свайго кутка… Пасля «мойкі» міскі выціралі брудным сальным ручніком і зноў налівалі тым, хто пажадае, гарачай капусты. Усім было добра. Кірдун, убачыўшы сабак над місамі, пляваўся на ўсю суконную «Панскую» лінію, аж пакуль не прыйшлі ў «Нажовую». Чыўін і тут быў незаменны. Бачыў усе купецкія выбрыкі, не дазваляў падмяняць купленага, прымушаў «показывать товар лицом». Алесь увесь час думаў, што ён сам, без Дзяніса Авакумыча, не здолеў бы так ганяць прыказчыкаў і абавязкова накупіў бы непатрэбнага. Падняліся і ў «палатку», верхняе памяшканне саліднай збройнай крамы купцоў Суравых. Там было ціха, бо не ўсе рызыкавалі падымацца па стромых драўляных сходах, склізкіх ад бруду. Малады Сураў сядзеў вярхом на лаўцы і граў з прыказчыкам у шашкі. Маўчалі піраміды стрэльбаў. А з-за іх далятаў глуха і страшна пагрозлівы голас: — Сіцэ… Абіе… ізыдох… — Гэта хто? — спытаў Алесь. — Бацька, — абыякава сказаў увесь заліты тлушчам малады Сураў, — па шкоднасці сваёй год ужо ў палатцы «Біблію» чытае. Фантазія, значыцца, такая ў яго, каб прыказчыкаў, хлопчыкаў, ды мяне даводзіць. Толькі мяне не давядзеш — шалі-іш. І сапраўды, наўрад ці нешта магло «давесці» маладога купца. — Адно толькі шкада — пакупцоў адахвочвае, — пазяхнуў гаспадар. — Як прыйдуць. «Што гэта ў вас, нябожчык?» — дый пойдуць. Такія страты. — Нічога, мы не баімся, — сказаў Кірдун. — Паказвайце стрэльбы. — Ды глядзіце, чаго там, — і Сураў узяў «за фук» прыказчыкаву дамку. — Азіяцкія працэдуры — няўхвальна сказаў Чыўін, слухаючы галоснае чытанне старога. — Цішэй бы, — сказаў яму Кірдун. — Пачуе. — Гаварыце, — пазяхнуў Сураў. — Глухі ён. І тут у гэтым цёмным і халодным кутку маскоўскага «сіці», пакупцам нечакана пашанцавала. Акрамя паляўнічых, няхай і дальнабойных, стрэльбаў у апошнім кутку былі штабелем складзены штуцары. Штук сто пяцьдзесят. Даўгаствольныя, вузкія, збольшага зусім новыя, а калі і пашкоджаныя, то пашкоджанні можна было ліквідаваць у звычайнай кузні: замена іглы, выдраная антабка, іншая лухта. — Ах, каналлі, — у Кірдуна трэсліся рукі. — Во пашанцавала. Як, ты скажы, сапраўдны збіцень знайсці? — Гэта цяжка, — пазяхаў Сураў. — Цяпер хіба збіцень. Намяшаюць дзярма з мёдам — і ўсё. Збіцень цяперака толькі ў адзінак добры: мёд, зверабой, фіялкавыя карэнні, стручковы перац, імбір, шалфей. Чыўін пакруціў пальцам ля лоба. — Адкуль гэта ў вас? — спытаў Алесь. — Бацька яшчэ пасля крымскай кампаніі купіў. «А ў салдат былі непрыдатныя стрэльбы», — з горыччу падумаў Алесь. Штуцары запакавалі на месцы, і прыказчыкі сцягнулі гэта ўсё на ламавікоў. Алесь баяўся, каб не пакінуць за сабою хваста… Скрыні адразу павезлі на другі, зняты тым часам, склад. І Загорскаму, як заўсёды пасля чарговай куплі, стала лягчэй. Ён ведаў: сотнямі такіх ручаін сплывае ў сховішчы зброя. Зброя, да якой, з часам, аж прыкіпяць рукі. Ён нават з нейкай павагай глядзеў на пачварнага старога над «Бібліяй». А той сядзеў над жоўтай кнігай, як сава, і з праваленага рота далятала пагрозлівае: — Сіцэ… абіе… ізыдох… І раптам стары Сураў узняў нялітасцівыя вочы: — Штуцарамі цікавішся, барын? — Рознай зброяй. — Угу… рознай, — шэптам сказаў «глухі». — Гэта мы ведаем. Чаем гандлюеш? — Чаму? — У Кяхту мы штуцары спрадавалі. Там патрэбна. Адным хунхузам зброю, ды другім кітайцам зброю, ды прыказчыкам… Глядзіш, караванам бяспечна. — Я — не туды. — А мне твае гандлёвыя таямніцы непатрэбныя. Я гандаль кінуў. Я — пры Богу. «Біблію», бачыш, чытаю… — стары ўсміхаўся. — То ты, можа, і Тайніцкія гарматы* купіў бы? * У Тайніцкай вежы Крамля стаялі гарматы, з якіх у «царскія дні» давалі сто адзін выстрал. — Нашто мне яны? — засцярогся Алесь. — У нас народ такі, могуць і гэта, — стары пачамкаў ротам. — А ты ідзі ў Бубнаўскі тракцір. Знайдзі там Бабкіна Пуда Іюдавіча… Скажы, «начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он». «Вось табе і «пры Богу», — падумаў Алесь. А стары ўсміхнуўся: — Дык ты, калі наконт тайніцкіх надумаеш, — прыходзь. Калі яны выходзілі — у спіну ім зноў грымела «сіцэ-абіе-ізыдох…». Чыўін з сумненнем круціў галавою: — Не лезці б нам у тую дзірку. Бубнаўскі тракцір — страхоцце. А тут яшчэ гэты Іюдавіч з ягонымі тракцірнымі ўцехамі. — Рызыкнем, Авакумыч, цікава. — Ну й што ж, — уздыхнуў стары. — Давай рызыкнем. Толькі з сабою Макара возьмем. — Што гэта ён сказаў? — спытаў Алесь. — Ну ясна, «начотчык» гэта ён сам… «Флейты ад кіслай воўны»— салдацкія стрэльбы. — А «прыкалоць» — гэта прадаць. А «ер-ведзі-он» — гэта па два рублі дзевяноста восем капеечак стрэльба. Танна! Ды, уласна кажучы, куды яны іх прададуць? Як армію рабавалі, то нахапалі ўсяго, нават і непатрэбнага, па прагнасці сваёй. У галерэі стаяў шум. Прыказчыкі давалі таску суседскаму хлопчыку-навічку, цягалі яго за валасы. Відаць, свае прыказчыкі паслалі хлопца да суседзяў «купіць на дзве капейкі парасячага віску», і той, неабазнаны ў гасцінадворскіх жартах, пайшоў і вось цяпер вішчэў, як парсюк. — Не трэба, — спыніў Чыўін Алеся. — Лепей вы яму не зробіце. Тут ужо заўсёды так. Мяшчаноту ды купцоў нашых — вешаць трэба. Злы народ — вой, нялітасцівы. Вось хоць бы кулачныя бойкі. На Маскве-рацэ, на лёдзе, або ў Прэабражэнскім як фабрычныя з Котаўскіх, Балашоўскіх ды Носаўскіх фабрык б'юцца. — Гэта і ў нас ёсць. Чаму не? — Ёсць, ды не так. Мне веткінскія казалі. У вас гэта «з бацу», каб пагрэцца. Ды ў рукавіцах. А ў нас носаўскія «суконшчыкі» супраць гучкоўскіх «хустачнікаў». Ды загадзя, за тыдзень абмяркуюць. Ды з кожнага боку тысячы па дзве чалавек. Вайна! А правіла адно: «не бі ляжачага» ды «закладачніка» — бі да паўсмерці, хаця і свой». «А «закладка» — кавалак свінцу з завостраным канцом, каб канец з кулака тырчаў. Ды гэтым канцом — у скронь. І вось, скажы ты, як спаймаюць такога, то нават свае б'юць да смерці. І ўсё адно дзесяткамі такое сцерво знаходзіцца… Ну і ясна. У апошняй такой бойцы дзесяць на самай справе забітых, дваццаць — да паўсмерці ды трыццаць два — скалечаныя да непазнавальнасці. Гэта ўжо не кажучы аб сківіцах, вачах ды зубах. …У Бубнаўскі тракцір пайшлі пехатою, кінуўшы Кірдуна на козлах. Чыўін усё яшчэ бурчаў: — А заб'юць каторага смерцю храбрых на Бажанінаўскай вуліцы — на фабрыцы заўтра новы Сідар знаходзіцца. І паліцыя гэтым не цікавіцца, і гаспадары маўчаць: нашто ім на сваю завядзенію гэткую мараль пушчаць. Прыстаў лефортаўскі, Шышкоў, паспрабаваў быў іх разганяць, то ў астатнія дні яны — авечкі: хвашчы, калі ласка, хочаш, то нават порткі сам здыму, а тут палезлі на пралетку. «Бі яго!» А пры Шышкове фурман ды мушкецёр — от і ўся табе баталія. Шчасце, што фурман знайшоў ход. Устаў на козлах: «Бацюхны, пажар!» А мушкецёр здагадаўся: «Унь! Носаўская фабрыка гарыць!» Тыя глядзяць, а фурман — па конях! Ды пару чалавек — пугай! Ды некалькіх стапталі. Так і вырваліся. А то, можа, і смерць прынялі б… Ды ты унь сам зірні… Пасярэдзіне вуліцы некалькі чалавек замяталі мётламі гразь. Былі сярод іх два масцеравыя, абцёрханы фацэт, старая ў лахманах і нават маладая жанчына з празрыстым тварам. На спіне ў кожнага крэйдай быў намаляваны крыж, заключаны ў кола. А вакол стаяў і смяяўся народ: — Гэй там, франта, аптэкар, ты як мятлу трымаеш? — Кіньце яму, хлопцы, пячонкі. Не нажэрся. У маладой жанчыны твар быў чырвоны, а вочы вільготныя. — Гэй, шлюшка, табе кажу. Ты, як адпусцяць, адрасок запомні. На Пятніцкай вуліцы, дом ягонага сцяпенства Плытава… Гэта лягчэй, прыемней. — Укралі, — змрочна сказаў Чыўін. — Учора ля часці падмяталі, начаваць ішлі ў астрог — на вяроўцы. Сёння вось ля ўстаноў мятуць, а вечарам трапяць у спіскі зладзеяў і — на ўсе чатыры бакі. А куды ім цяпер?… Вось хаця б гэтая. Што яна магла ўкрасці? Булку, пэўна? Здарылася нешта з прыстойнай дзеўкай, работы няма. На вуліцу такой ісці — за смерць страшней. — Дальбог, прыходзь, — пацяшаўся «сынок». — Што табе на мост ісці? Масква-рака цяпер халодная. У мяне — цяплей будзе. — А пойдзе, — ціха сказаў Чыўін. — Пойдзе на мост. З такім тварам — пойдзе. Твар у жанчыны, сапраўды, быў страшны. Змардаваны ганьбою і сорамам, чорны ад сарамотнейшага здзеку. — На Пятніцкай, — скаліў зубы «сынок». Але не паспеў апамятацца. У паветры раптам мільганулі ногі сцяпенства. У наступны момант ён усім целам ляснуўся аб ліпучы брук. Чыўін зноў узняў яго і, з дыхаўкай — адкуль набраліся старэчыя сілы? — шыбануў, упоперак, аб мур. Той толькі вякнуў, як кацянё, выпускаючы апошні дух. — Навалач, — сычэў Чыўін. — Б… і замаскварэцкія. Г…, душамі гандляры. Мразь масляная… «Сцы з убоінкай». Твар яго быў чырвоны. Баючыся, каб старога не хапіў удар, Алесь адцягваў яго ад нерухомага цела. Адцягнуў. Трымаючы за рукі. шэптам сказаў «мяцельшчыцы»: — Жанчына. Ты, калі выпусцяць, не ідзі на мост… не ідзі да гэтай свалаты… Ідзі ў гасцініцу «Дрэздэн». Спытай Загорскага… Мы табе месца знойдзем, работу. Яна ўзняла вочы, але сказаць нічога не магла, бо калаціліся вусны. Толькі схіліла галаву. А між тым ужо разануў па цішыні свісток. Нехта свідраваў натоўп: магчыма, будачнік. І тады Макар рашуча і даволі бесцырымонна ўзяў абодвух за плечы, штурхнуў у натоўп, прыкрыў, павёў. — Давайце, давайце адсюль. Тут зараз не абярэшся. Ішлі нібыта нават не сваімі нагамі, так спрытна ён іх вёў. Увесь час мяняў кірунак, як качка ў асацэ. Выпхнуў за рог белага будынка службовых устаноў, пацягнуў падапечных Васкрасенскай плошчай, паўз біржу рамізнікаў, да вадамёта. І толькі тут спыніўся, шумна перавёў дух. — В-вось табе на… Цяпер давайце адсюль хутчэй… Дарэмна вы, барын, гэтай «мяцельшчыцы» прозвішча сказалі. — Яна не скажа. — Адна надзея… І тое: першы чалавек па-чалавечы… Не павінна сказаць. Алесь ужо і сам лаяў сябе. Зноў наслядзіў, дурань. Уся гэтая паездачка такая: на рызыцы, на скоках над прорвай. Трэба будзе з тыдзень пасядзець ціха. Іначай быць бядзе. І, аднак, ён ведаў, што сядзець ціха — нельга. Усе яны ведалі, што ідуць на смяротную небяспеку. Ведалі так добра, што ў душы не спадзяваліся на тое, што ўсе выйдуць адсюль жывыя. Так было трэба, падставіць пад удар свае галовы, каб потым шматлікія сябры не падстаўлялі свае галовы пад кулі, не гінулі безабаронныя. — Госпадзі, Госпадзі, — божкаў Чыўін. — Вось табе на. Грэх які на душу ўзяў, акаянны. Да смертазабойства дайшоў. Цяпер замаліць — не замоліш. Макара прарвала: — Кінь ты божкаць. Грэх мне яшчэ знайшоў. За поскудзь гэткую, за гніду… Ды яшчэ Бог табе за тое смертазабойства «дзякуй» скажа… Сто грахоў скіне, як за змяю… А во гэта адтуль чалавек ідзе… Гэй, барада, чаго гэта за «месцамі» народ крычыць? — А чорт яго ведае. Купца нейкага свае памялі. Кажуць, два рабры і ключыца хрупнулі. Павезлі ў градскую. — За што гэта яго? — За харошыя, пэўна, справы. Відаць, было нешта на душы, бо проста так, з ляпу, падышоў ды шмякнуў. Кажуць, замаскварэцкіх лаяў. З таганскіх, відаць, купец-та. Яшчэ трохі — дух выбіў бы. Пайшлі. Некаторы час Чыўін зітхаў з палёгкаю: абышлося, не папусціў Пан Бог, дзякуй яму. А Макар глядзеў-глядзеў на рагожскага купца ды раптам і засмяяўся: — Ну і жох ты, Дзяніс Авакумыч. З самім царом табе ездзіць прыстала. Я-ак ты яго! Я і апамятацца не паспеў — ляжыць. Ну і спрытняга. Чыўін толькі крэкнуў, але і па ім было відаць: адлягло ад душы. …Жанчына, аднак, не прыйшла да гасцініцы. Магчыма, сапраўды, пайшла ад ганьбы на мост… І доўга яшчэ Алесь пакутаваў гэтым і не мог дараваць сабе, што не пайшоў у той вечар да часці, калі «мяцельшчыкаў» будуць выпускаць. РАЗДЗЕЛ ІV Елі і пілі ў Маскве па-рознаму. Але словы «Масква любіць і ўмее паесці», «маскоўскі культ гастраноміі», «магістры наконт пад'есці» — датычыліся той Масквы, што трымала хатніх кухараў і ела ў рэстарацыях, а не той, што купляла на «царскім рынку» па тры капейкі флякаў, загортвала іх у брудную паперу і несла, у якасці закускі, у кабак. Першую Маскву Алесь ведаў добра. Суботнія абеды Ангельскага клуба, ягоная юшка, якую варылі раз у год і якая лічылася лепшай на свеце (нічога яна не вартая была ў параўнанні з Азярышчанскай, калі два разы ў адной вадзе вараць тэрхаляў-акунёў ды насачоў-джгіроў, а потым кладуць, пакуль у рыбіны вочы не пабялеюць, у булён сцярлядак, ды перац, ды цэльную рэпчатую цыбулю, ды яшчэ з лазовым дымком, ды з блакітам над галавою або месяцам на вадзе); Купецкі клуб, які пачынаў біць славу Ангельскага; французская кухня рэстарана «Шэўрые» ў Газетным завулку, «Дюсо» і «Ангельшчына» на Пятроўцы; сціплы, але грунтоўны стол «Яра», тады яшчэ не сапсаванага раскошай; «Эрмітаж» — дзіўнае спалучэнне тракцірных парадкаў і вытанчанай французскай кухні. Дзівосныя па кантрастах сталы ў «Дрэздэне» і «Брытаніі» — і крыкліва-безгустоўныя, але смачныя, сталы на купецкіх банкетах: «Кансаме а-ля Барацінскі», або «Бафер дэ Пядро» з піражкамі «Рысалішасэр», або з валаванамі «фінанс'ер»; Шафруа з перапёлак з таючым страсбургскім паштэтам і падлівай правансаль; асятры «а-ля Русь» (пісьменнасць купецкая кульгала) з падлівай «Аспергез» (абы падзівосней, абы не хатні барановы бок і дзве сотні ракаў пад піва). Да асятроў — мандарынавы пунш, а пасля іх смажаніна, таксама ўся нетутэйшая: «фазаны кітайскія», «рабчыкі сібірскія», «пулярды французскія». Сярод усёй гэтай заморскай камарылы сіратліва стаялі «курапаткі чырвоныя» і «сядло з касцявым мозгам па-сялянску». А потым зноў ішло буянства «салатаў рамэн са свежымі агуркамі» і «саварэнаў з французскай садавінай». Гасцей пасля такога цягнула на капусту і квас, які распівалі ў задніх пакоях. Тысячы гаспадарак працавалі на гэта: аранжарэі, гароды, жыварыбныя садкі ля Маскварэцкага моста (рака была яшчэ параўнаўча чыстая, так што аршынныя жывыя сцерлядзі маглі плаваць у садках месяц-два), грыбныя кірмашы, рынкі — чэрава вялікага горада, яго абжорная душа. І тракціры, якія, што датычыцца кухні, пабівалі рэстараны: той жа «Наватроіцкі», «Цестаўскі» ў доме Патрыкеева ды «Вялікі Маскоўскі» Гурына. Зайсці туды свежаму чалавеку было страшнавата: затхлыя брудныя сходы з дрэнным вузкім дываном, затэрханым нагамі, і поручнямі, абцягнутымі чырвоным сукном, гардэроб, прылавак з гарэлкай і перастаялай закускай, зала са столікамі і канапкамі на чатырох, кабінеты, фартэпіяна. Але затое ежа была — не ўясіся. І танна. І многа, так што нават палову порцыі мог з'есці толькі прывычны. Малочныя парсюкі на блюдах, як немаўляты з Назарэі, сутачная капуста з кашай, падрумяненыя, тлустыя, як адкупшчыкі, расцягаі, сялянкі, пажарскія вагнедышныя катлеты, расольнік — нектар п'яных, бліны з ільснянай чорнай ікрою, падовыя пірагі, прывабныя, як смяротны грэх. І ўсё гэта ў меру нячыста або, наадварот, чыста да халоднасці, але смачна — язык праглынеш. Чыста гатавалі ў беспапоўца Ягорава, дзе было забаронена курыць і паўсюль віселі іконы старога пісьма «з негасімымі». Затое ў Гурына курылі, і пераважна з доўгіх чубукоў самога тракціршчыка, устаўляючы толькі ў іх свежы муштук з гусінага пяра. Палавыя ў яго былі чыстыя, сцяпенные і строгія — не забалуеш. Віны — лепшых склепаў, але моладзь на віны налягала рэдка, і сучасныя амерыканцы, пэўна, страшэнна здзівіліся б, даведаўшыся, што іхнія кактэйлі маскоўская вынаходка і прыдумана маладымі заўсёднікамі гурынскага тракціра. Сухіх гатункаў яшчэ не было, «Лампапо» пілі аматары… Відаць, усё пачалося з таго, што моладзі абрыдла цягнуць з лёду «Рэдэрэр Сілеры». Спачатку пайшлі айчынныя «яршы» накшталт «мядзведзя», сумесі гарэлкі з портэрам, а потым, ад захопленага стану, і кактэйлі. Першапродкам, прабацькам, Адамам усіх кактэйляў быў продак сучаснага «маяка», хаця і са змененымі інгрэдыентамі. Назва ў яго была прасцецкая і неавантажная: «Турка». Бралі высокі і ёмісты, «замястоўны» келіх, да паловы налівалі яго лікёрам мараскінам, выпускалі туды сыры жаўток, далівалі каньяком і выпівалі ўсё гэта нагбом. Тракціраў было шмат. Але Бубнаўскі быў самы адметны, самы багаты наведвальнікамі («чым горш, тым лепш») і самы страшны з усіх. Па вузкіх, страшэнна стромых і небяспечных сходах яны спускаліся ў сутарэнне пад тракцірам, славутую «бубнаўскую яму». Недзе высока засталіся «чыстыя пакоі» з купцамі, прыказчыкамі, парай чаю і гандлёвымі здзелкамі. — Дваццаць прыступак, — глуха даляцеў аднекуль знізу голас Чыўіна. — Лічыце там, не аступіцеся. Ён ішоў наперадзе, як Вергілій. За ім спускаўся ў цемру Алесь: з прыступкі на прыступку. Макар замыкаў шэсце, як той анёл-ахоўнік, што збярог для культуры і паэзіі Дантаву душу. А знізу насустрач ім усё мацней і мацней аддаваўся нейкі дзіўны гул, падобны на пякельныя скаргі: бурчанне, прагны крык, лямант адчаю, хрыплы, нібы трыумфуючы смех, брыдкая лаянка, плач. Нехта рыдаў, нехта глуха біў чымсьці аб сталешніцу, — магчыма, галавою, — нехта скуголіў, нехта крычаў тым ачмурэлым дзікім голасам, якім крычаць, калі здасца зялёны змей ці «дэман зла». Бу-бу-бу… Божа… Божа… Божа… Бу-бу-бу. — Чырвоныя сабакі… як сліва… І шчыты на мордах… Біце іх, біце іх… — Палав-вы, жалаю казённай… Салоны гурок з вяндлінай… — Спай-маў, глядзі ты… Спаймаў… Во, поскудзь!…І язык высалапіў… — Ты яго пад пузам паласкачы або — крыж на яго, нячыстую сілу. — І вось, разумееш, тут табе храм мастацтва, а я бяру яе за азадак… — Усе яны так… Ты лепей налі. Вялізны нізкі склеп, глыбокая падземная яма без акон, з адзіным уваходам. Некалькі сталоў з абрусамі, падобнымі на анучы, «трупы» смяротна п'яных ля сцяны. Астатняе ўсё разгароджана на маленькія каморкі, дзе з дзвярыма, а дзе і з занавескамі замест дзвярэй. Цьмяна, як у лазні, свяцілі праз выпарэнні, туман і дым сінія газавыя ражкі. — Як тут Бабкіна Пуда Іюдавіча знайсці? — спытаў Чыўін у палавога. — Унь, — торкнуў пальцам у адну з каморак хлопец з разбойніцкай мордай. — Пэўна, яшчэ цвярозы. Яны пад раніцу набіваюцца гэтай гарэлкай, што больш не ўваб'еш. Зайшлі ў аддзяленне. Газавы ражок. Стол. Чатыры крэслы. Акрамя іх — толькі-толькі стаць палавому. Перагародкі з голых дошак. Смурод і бруд. Адусюль такі крык, што молатам б'е ў галаву. За сталом, апусціўшы галаву на ліловы ад віна — хоць выціскай — абрус, спіць чалавек у кафтане старога пакрою. Алесь адразу хацеў ісці. Але чалавек узняў галаву, і пад ёю аказалася ўцірка, складзеная ў дзесяць столак. — Га? Твар быў бледны ад вечнай цемры, пракуранага паветра і віна, але шырокі, разумны. Невялікая бародка. Валасы стрыжаныя ў скобку, але радок не пасярэдзіне, а трохі збоку — шыкарней. — Што ж гэта вы сябе так забіваеце? — спытаў Чыўін. — Хіба так можна? Без паветра, без святла. — А вам што? Вы хто такія? — Мы ад начотчыка. — А-а… Палавы! Палавы з'явіўся адразу: відаць, падслухваў. Надта ўжо дзіўны быў у гэтым скляпенні Алесь. — Бліноў на загавіны. З цешай. Усім… Ікры накладзі ў місу ды цыбулькай — ёю, родненькай… Ды гарэлкі. — Якой загадаеце? — Маёй… Самай таннай… З чырвонай галавою… А калі будзеш пад дзвярыма стырчаць — гарчыцай нос вымажу і прымушу з гэткім носам дзве гадзіны стаяць. І звярнуўся да гасцей, якія ўжо расселіся: — Ну… Алеся муціла ад дрэннага паветра, ад дыму, ад галасу і рыку, ад гукаў непрабуднай п'янкі, якая, відаць, ніколі не канчалася. — Начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он, — сказаў Алесь. — Гм, — Бабкін уважліва глядзеў на яго. — Ну добра, выпіце, пакуль тое, пасядзіце. Палавы ўжо стаяў у дзвярах. Усе аж здзівіліся. Нібы абрус-самабранка ляжаў у яго за дзярыма. З'явіўся чортам з табакеркі і ўжо ставіў на стол стосы бліноў, паліваў іх маслам, ляпаў на голыя дошкі (абрус таргануў мезенцам і кінуў у кут) талеркі і нажы. Знік на хвіліну і паставіў на стол чатыры халодныя бутэлькі. — За гэта — люблю, — сказаў Бабкін. — А валасы ўсё адно павыдзеру. Ты гэта по-омні. Алесь даў палавому рубель — толькі каб хутчэй знік. Яго муціла, ён баяўся, што можа званітаваць проста ў кут. — Тут наконт гэтага проста, — сказаў Бабкін. — Блюй, галубчык, прыбяруць. Таму і сядзім, што проста. Жанчын няма — хочаш — лайся, хочаш — крычы. І не трэба нам, «трагладытам», нічога, акрамя каб не чапалі нас. Ні неба, ні святла, ні паветра, ні шчасця. — Не разумею, як вы можаце тут піць, — сказаў Алесь. — І ты выпі. Вось убачыш — адразу дапаможа… Ну, за справу… Алесь выпіў пахучую гарэлку. Яна была абрыдлівая, і, аднак, яму сапраўды палегчала. Не так назаляў галас, дый нос не так заўважаў смуроднае, аж ліпучае, туманнае паветра. — Прыцярпеўся, — сказаў Бабкін. — Ды гэта што? Ты адсюль выберашся ды, пэўна, у лазеньку паедзеш, парай бубнаўскі смурод выганяць. А што рабіць тым, якія тут гадамі… усё жыццё… акрамя ночы? — Быць не можа, — сказаў Алесь. Дзікі крык аддаўся недзе, лямант, скавытанне. — Вось, — сказаў Бабкін. — Гэты тут умудрыўся вялікае багацце, нязмерную маёмасць прасадзіць… У палавога спытайце… Па імю бацьку ўсіх такіх кліча. Елізараў, напрыклад, Флегонт Савіч, тут дваццаць год сядзіць… У краме — прыказчыкі. А ён кожны дзень тут выпівае сорак чарак віна і гарэлкі. — Брахня, — сказаў Макар. — Малады ты ошшо, — павучальна сказаў Бабкін. — Гэты яшчэ мала. Ёсць такія, што за тыя ж гады кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят чарак п'юць. Во гэта дык майстры… Я падлічыў… Дваццаць адна тысяча дзевяцьсот чарак у год… Чатырыста трыццаць восем тысяч чарак за дваццаць год… Дзвесце дзевятнаццаць вёдраў… Пяць з паловаю саракавядзёрных бочак… А вы кажаце, брахня… Гэта, брат, сіла нязмерная… Трагладзіты. Людзі апраметнай. Еў бліны, скручваючы іх пакуначкам і двума-трыма рухамі сківіц адпраўляючы ў рот. Скончыў з імі. — Дык, кажаце, флейты?… А купіла хопіць? — Колькі іх у вас? — рэзка спытаў Алесь. — Знойдзем. — Карты на стол… Колькі? Бабкін глядзеў на яго ўважліва і пільна. Потым, відаць, зразумеў: гэты не прадасць. — Дзве тысячы, — ціха і вельмі важка сказаў ён. У Алеся пацямнела ў вачах. На хвіліну паплыў кудысьці, стаў аддаляцца і знікаць пякельны голас бубнаўскай дзіркі. Потым гукі лінулі зноў. — Дзе тавар? — непарушна спытаў ён. — Грошы, — сказаў Бабкін. Чыўін штурхнуў быў Алеся ў бок, але той ведаў, што рабіць. Справа была не ў грошах, справа была ў штуцэрах, адзіных, патрэбных, як паветра, тых, за якія ён з ахвотаю, хоць сёння, заплаціў бы жыццём. — Паўтары тысячы, — пасунуў ён да Бабкіна тры крэдытныя білеты. — Астатнія? — Астатнія — напалову ў банку Лемана, напалову — па чэку. Атрымаць — у канторы Вішняковых. — Алесь пісаў на лістках чэкавай кніжкі. — Ведаеш іх? — Чаму не. Фірма вядомая, з французскага пажару сядзяць на Малой Якіманцы. Золатапрадзільні, можна сказаць, на ўсю імперыю. А яны што, ведаюць вас? — Грошы ўнесены. А ведаць ім мяне — без патрэбы. — Хі-ітры, — сказаў Бабкін. — Ану, дай глянуць. — Глядзі. — Шэсць тысяч пяцьсот? Гэта за што ж лішнія пяцьсот сорак? — За камісію. — А калі я гэта — у кішэнь? — Тут адзін подпіс. А гэта абгаворана. Толькі пасля другога. А другі — калі тавар будзе агледжаны, упакаваны і адасланы на месца… Давай… Дзе? — Ля Смаленскай заставы, — сказаў Бабкін. — Вось табе адрасок… Вось табе і словы: «Флейты прыкалолі… шпількі ў нас… за падман — шпільку ў сэрца». — Гэта каму? — усміхнуўся Алесь. — Ім, — сказаў Бабкін. — Гужавы абоз наймі дзе хочаш. Не мая гэта справа. Не мне ў яе тыркаць нос. А табе на камісійных — дзякуй, невядомы купец… Пі гарэлку… Помні бубноўскую дзірку… — Вып'ю, — сур'ёзна сказаў Алесь. Ён умеў, калі трэба, не грэбаваць. Гэтая філія пекла была таксама кутком зямлі. Гэтыя цені таксама былі людзі. А ён быў не толькі князь, але і беларускі мужык таксама, а значыць, у кожным, самым нізкім і страшным, падзенні бачыў не ганьбу, а няшчасце, і шкадаваў гэтае няшчасце, і не хацеў мыць рукі, дакрануўшыся да яго. — Я табе яшчэ раю, — сказаў Бабкін. — Ты на Балчуг не хадзі. Гэта, брат, Замаскварэчча, а там што ні чалавек, то або Падхалюзін, або паддзячы, або прадажная лярва… Ты ідзі на Гасціны двор, ля біржы. Уначы ідзі, вось з імі. — Бываў. Алесь сапраўды бываў там. Калісьці яны спецыяльна рабілі гэта ўначы, для настрою. Вялізны будынак, ноч, бясконцыя аркі галерэй на ўнутраным двары. Запусценне, нямая цішыня і глухія крокі на плітах. А над калодзежам двара — месяц у хмарах. Аркі на ноч закрывалі дошкамі, а вартаўнікі спускалі сышчыкаў, але за грошы пускалі паглядзець. — Вось туды і ідзі. Таксама пекла. Усё можна купіць. І жалеза і флейты. — Пайду, — сказаў Алесь. І тут Чыўін нечакана адхіснуўся. Ён сядзеў спіною да занавескі. І якраз над яго галавою, дыхаючы яму ў патыліцу, тырчала з завесы, як з хусткі, страшнае, усё ў ліловых і жоўтых разводах (ад старых і новых сінякоў), аблічча. — Якія гэт-та флейты, — спытала морда страшнавата ялейным голасам, — хто гэта тут такі-кі музыкант? А калі — у часць?! У яго было аблічча «аблаката ад Іверскай», што — за касушку — піша ў тракціры для кліента такое прашэнне, што яго не разумеюць ні ў судзе, ні, назаўтра, самі кліент і аблакат. Нос сізы, у жылках. Твар азызлы. — А вось я вам дам флейты, — чалавек нібы ўпаўзаў у клятушку. Макар быў стаў за яго спіною. — Ці-ха, — сказаў Бабкін, — не трэба. Мы — самі… Ты што ж гэта, былы сорак пятай гільдыі* купец, а потым страка прыказная, лезеш куды не загадана? * Купецкіх гільдый было толькі тры ў залежнасці ад велічыні капіталу і роду гандлю або прамысловасці. Памер капіталу мяняўся. Скажам, аб'яўлены капітал для першай гільдыі быў пяцьдзесят тысяч, для другой — дваццаць, для трэцяй — восем. — Папакутаваў за праўду, — сказаў той, узняўшы руку. — То што ж вы флейты купляць будзеце, а я… кап-пейкі збіраць? Не ўжо! Як я, так і вы! Так! Вось так! Толькі так! Я вас адсюль не выпушчу. Прымушу даць адказ, якія гэта флейты… уначы, у Гасціным двары. Тут Алесь убачыў, што спалохаўся і Бабкін. Трэба было ратаваць становішча. Вядома, можна было адгаварыцца экспедыцыяй, але ехаць туды? Нашто? І да таго ж забароненая купля ваенных стрэльбаў. Катарга для Бабкіна? Допыты і высылка для яго, Алеся. Праваленая справа жыцця. Папаліся, як кураняты. А чалавек-тля наступаў: — І вас… І вас у яму… І вам пад плот, у жабракі… Каб вошы вас елі, чысценькія… Што, аднаму мне? Палавы, відаць, некуды адлучыўся, бо толькі цяпер з'явіўся ў дзвярах і падрыхтаваўся схапіць гэтага мятага паддзячага за плечы. — Кінь, — сказаў Алесь. — Сядайце, пан… — І сяду, — куражыўся той. — Сяду, аж пакуль вы… Выпіце па апошняй… — А вы з намі. Распусны, як разлезлы грыб, рот паддзячага торгаўся. Самовыя вочы прагна глядзелі на бутэльку. …Ён выпіў поўную шклянку. Усе глядзелі на яго і бачылі, як паступова нібы трохі памякчэў мясаедскі твар. — І суд не купіце, — разваліўся ён. — Хаця і прадажны, а не купіце. З канфіскацыі сваё атрымаюць… Забойства?! Фальшывыя грошы?! Што там у вас?! Ужо я на вашых галовах паскачу! Алесь наліў другую шклянку. Паддзячы са стогнам выпіў. — Поіце. А чаму? Рыла ва ўсіх у пушку. Дык усім нічога, а мне… мне… Нешта цёмнае і страшнае лямантавала за гэтымі бязладнымі словамі. Бяссільны, п'яны, гэты гной быў усё ж страшны, як тхор, прыціснуты ў канцы нары, калі за спіною нічога няма: вось кінецца і схопіць за сонную артэрыю. Апошні, на мяжы існавання, адчай рухаў ім. — Хабары. А як без хабару? Калі пісар квартальны… дзесяць рублёў пенсіі палучае… Дурні толькі, — у яго ўжо заплятаўся язык. Алесь наліў зноў. — До, — сказаў Макар. — Ён алкаголік. Яму і чаркі — до! — Мяне дык вось так… А за бычка залатога… Што прыставу… за бычка залатога?… А я вас… У Сібір-р. Галава ягоная ўпала на стол. — Правароніў? — са страшнай пагрозай сказаў палавому Бабкін. — Ну, што цяпер? Прымусіць, каб сам… сляды замёў? — Не прымушайце… — То як? Цябе — галавою. — Стойце, — сказаў Алесь. — Не трэба. Вы нас не ведаеце. Я не ведаю вас. Ты правароніў — ты і рабі. Вазьмі грошы. Узвалі гэтую падлу на свайго рамізніка. Вязі адсюль аж на Ласіны Востраў і там кінь. Толькі без дурыкаў — рукі не пэцкаць. Ён п'яны як мех. Праспіцца ў лесе — падумае: здалося, сон сасніў… А вы — звяжыцеся моцным словам. — Маеш рацыю, — сказаў Бабкін. — Цягні яго адсюль. І запомні: яшчэ раз такое здарыцца — сам яго ў «Воўчую даліну» павядзеш. А мне аб гэтым распіску напішаш. — Злітуйцеся. — Я сказаў, — у «купца дзіркі» быў цяпер амаль страшны выгляд. — Я не паўтараю. Алесь маўчаў. Ён быў шчаслівы, што прыдумаў нейкі выхад, што гэтую слізь хоць сёння, хоць па ягонай віне ў «Воўчую даліну» не павязуць*. * Месца між Масква-ракой і Водаадводным каналам, або «канавай», было забудаванае самымі страшнымі трушчобамі. Іх забаранілі рамантаваць і чакалі, пакуль яны разваляцца. У большасці дамоў ужо ніхто не жыў, акрамя тых, хто хаваўся. Вялікі Каменны мост за тры гады да падзей быў яшчэ стары, пабудаваны ў ХVІІ стагоддзі, гарбом, з тратуарамі, аддзеленымі ад праезджай часткі высокімі каменнымі брустверамі. Хадзілі цэнтральным праездам, бо на тратуарах, між дзвюма высокімі сценамі, рабавалі. Па той бок моста, налева, калі ісці ў слабодку, змяшчаўся ў брудным двухпавярховым доме тракцір «Воўчая даліна», прытон самага цёмнага люду. Там ледзь не кожны тыдзень забівалі, прычым трупы кідалі пад мост, у раку. Непатрэбныя падземнаму свету людзі ледзь не ўсе канчалі жыццё там. Палавы пацягнуў паддзячага за ногі. Ніхто з суседзяў не звярнуў на гэта ўвагі: такое здаралася тут штодзённа. — Усё, — уздыхнуў Бабкін. — Хто такі? — спытаў Чыўін. — Калі не зменіцца — харч для маскварэцкай рыбы. А быў купец — прагарэў, сеў у яму. Стаў канцылярыстам — за хабары паляцеў. Спіўся. Памаўчаў. — Вось вам і жыццё наша. Добры ты сэрцам, купец. Ну ды ўсё адно… заб'юць яго не сёння, дык заўтра. Канец. Смерць. Наша Масква, схаваная ад усіх, яна не жартуе… А таму сядайце, ды яшчэ па пары чарак, ды гайда справу рабіць. — Што гэта ён, разлезлік гэты, пра нейкага бычка залатога звягаў? — спытаў Алесь. Бабкін, закусваючы, усміхнуўся. — Гісто-орыя, — сказаў ён. — Расказаць, дык не паверыце. — Чаму? — сказаў Алесь. — Я шмат чаму верыць навучыўся. — Тады ты, сапраўды, чамусьці навучыўся ў жыцці. А ў гісторыі гэтай — уся праўда. Можаш мне, Бабкіну, верыць. Ён думаў, відаць, над тым, з чаго пачынаць. — Дык вось, купец, ты пэўна ведаеш, як у нас паліцыя сок вядзе. Скажам, ёсць у кожным квартале сярод абывацеляў такія, што ў іх на мордзе напісана: падазроныя. І вось сярод такіх знаходзяць чалавека здольнага дый кажуць яму: «Ты, Яшка, скажам, патаемны шынок трымаеш або крадзеным польскім бабром часам гандлюеш. То мы будзем на гэта праз пальцы глядзець (не вытыркайся толькі, не нахабнічай), а ты нам за гэта часам паслужы». І вось калі трэба адшукаць нейкага асабліва нахабнага злодзея, то клічуць Яшку. А ўжо Яшка, калі толькі сам не ўкраў, намякне, куды яно ўсё падзелася. Калі кажа «не ведаю» — значыцца, шукаць — справа дарэмная: не можа сказаць, не хоча сказаць, баіцца сказаць або папрацаваў нехта старонні… Ну, аднойчы абчысцілі футравы магазін Мічынера на Кузнецкім. Купец у слёзы — футраў на сто тысяч, ды самыя дарагія, ды ўсе мечаныя. Вось кузнецкі квартальны наглядчык кліча да сябе свайго «Яшку»: «Выкладвай». — «Не смею», — кажа той, а сам ледзь не рагоча. Наглядчыку крыўдна, бо іншых спосабаў сыску ў нас бадай што і няма. «Кажы, калі ласка». — «Вы мяне выдадзіце». — «Дальбог, не». Яшка думаў, думаў, дый махнуў рукою: «Мічынераўскія футры ўсе ў прыстава Цвярской часці Хрулёва». — «Не можа быць?!» — «Шчырая праўда, ваша высакароддзе». Наглядчык за галаву схапіўся, але ведае: Яшка брахаць не будзе… Едзе ён да паліцмайстра, палкоўніка Агарова. Той таксама за галаву хапаецца, але паколькі Хрулёў пару разоў пракраўся ўжо ды яшчэ бацькоўскага агароўскага папроку не паслухаўся — Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду. Уварваліся да Хрулёва з павальным вобыскам… Бабкін змоўкнуў, толькі вочы смяяліся. — А далей? — спытаў Макар. — А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй — буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч — як снегу. — Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п'янюга, — ціха сказаў Алесь. — А я хіба што кажу? — сказаў Бабкін. — Ну, узяў нейкія там дзве сотні… Горш тое, што людзей пачаў страшыць — ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць… Дык вось далей… Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок… Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З'явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў. І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе… І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім… Чалавека тады — з Бутырак. Прывялі — глянуць жах: вашывы, у лахманах, кашляе. Людзі, якія шукалі, — на калені перад ім. І выяўляецца, што чалавек гэты ёсць дагамейскі наследны прынц*. * Сапраўдны выпадак. Глядзі кнігу Е.І.Казлінінай: «Запіскі старэйшай расейскай журналісткі. За палову веку. 1862-1912». М., 1913 г. — Брахня, — сказаў Чыўін. — Ты што, хочаш, каб я крыж пацалаваў? — сказаў Бабкін. — Не, брат, на жаль — праўда. — А што было б, каб не кража ў Мічынера? — спытаў Алесь. — Каб Агароў быў трохі ў лепшых адносінах з Хрулёвым? Тады што было б з прынцам? — Памёр бы ў турме, як бадзяга, — сказаў Чыўін. — Што ён, першы?… Ды ён, урэшце, і так пярхаў, як авечка. Кажуць, скора памёр… Гэта, брат, наша турма. І ўсё ў нас такое, «ад Пермі да Таўрыды»… Вось табе і дагамейскі прынц… Так што рабіце свае справы, купцы, ды хутчэй, хутчэй адсюль. А то як бы самім не трапіць. Лямант з-за перагародак зноў ускалыхнуў паветра. «Падземны горад» скардзіўся, рагатаў, плакаў і выў. РАЗДЗЕЛ V Вярталіся ад Смаленскай заставы амаль у сутонні. Бабкін і начотчык не падманулі: штуцары былі навенечкія, густа залітыя маслам, калісьці, відаць, украдзеныя проста з правіянцкіх складаў, доўгія і вузкія, цяжкія, як дрымотная смерць… Кірдун павінен быў за ноч наняць гужавікоў з «цёмных» і адправіць іх. Алесю было кепска. Нават паездка на «свежым» паветры нічога не дала: ноздры нібы ўсё яшчэ адчувалі душны, абрыдлівы смурод бубнаўскай дзіры. У вушах настойліва гучалі стогны і крык: нібы молатам валіла ў чэрап. Вырашылі трохі праехацца горадам, а потым усім ехаць вячэраць у «Стрэльну», куды пускалі і купцоў, і людзей, падобна да іх апранутых, а значыць, і Макара. Возчык быў, сапраўды, золата. У самай цёмнай трушчобе з ім было надзейна. Просты, не разбэшчаны гэтым Вавілонам чалавек з сэрцам дзіцяці і пудовымі кулакамі. Праехалі Крэмль. Там было ўжо цёмна, і толькі на купале Івана Вялікага ляжаў яшчэ апошні адбітак дня. Коні нырнулі, нібы ў грот, у Спаскую браму. І толькі-толькі выехалі на Красную плошчу, як Чыўін спытаў Макара: — Стой… Што такое — ніяк не зразумею. З боку Васкрэсенскай плошчы павольна ўспаўзала на брук нейкая дзіўная працэсія. Гарэлі высока ўзнятыя паходні, ляскалі капытамі коні, блішчала шыццё. І глуха, нібы падмочаны, бубнеў адтуль рэзкі барабанны пошчак. Абяцаў нейкую нязнаную трывогу. — Дзіўна, — сказаў нібыта супакоены Чыўін. — Небывалая штука, каб іх Краснай плошчай везлі. Як нашы далдоны кажуць, зашмат ім, зладзеям, гонару. — А чаго дзіўнага? — сказаў Макар. — Ля манежа брук узламалі. Дый Вялікі Каменны ўсё яшчэ рапаруюць. Скварцова падрадчыка фартуна*. * Падрадчыку Скварцову было даручана разабраць стары мост, такі моцны, што яго ўзрывалі порахам. Так загінуў помнік даўняй архітэктуры (не ў першы і не ў апошні раз). З велізарнай колькасці здабытага каменю Скварцоў узвёў вялізныя даходныя дамы на рагу Махавой і Ўзвіжанкі, насупраць Манежа. Камень гэты яму нічога не каштаваў. Картэж, цьмяна асветлены паходнямі, дапоўз ужо амаль да помніка Мініну. — Р-ра-та, р-ра-та, — гудзелі адтуль барабаны. — Што гэта? — усё яшчэ непаразумела, хаця ўжо і здагадваючыся, спытаў Алесь. — Злачынцаў на Балота вязуць, — ціха сказаў Чыўін. — З Бутырак. «Абрад публічнай страты»*. * «Абрад публічнай страты» быў устаноўлены ў 1846 годзе. Адменены — у 1880 г. Але Загорскі ўжо бачыў і сам. Ішлі барабаншчыкі. За імі — узвод салдат. Цьмяна блішчалі багнеты. За салдатамі павольнай хадою ехала нешта мярзотнае, абрыдліва-страшнае, высокае, як стаячая труна і як абложны гуляй-горад: чорная як смоль калясніца з высокай, таксама чорнай, дашчанай вежай. На гэтай спарудзе стаяла лава, а на ёй, высока-высока над людзьмі, так што паходні коннай варты ледзь даставалі ім да ног, сядзела чатыры чалавекі: трое мужчын і адна жанчына. Дрыготкія рэфлексы агню падалі на іхнія твары, на шэрыя халаты, на рукі, прыкручаныя да дошкі, на чорныя дошкі на іхніх грудзях. Чорныя дошкі з белымі літарамі, наведзенымі маслянай фарбай, акуратненька, відаць, не на адзін раз. Людзі сядзелі спіной да коней, а вакол ехала конная варта з паходнямі. За калясніцай гайдалася на няроўным бруку карэта, відаць, з пракурорам. Побач з калясніцай ішоў чалавек у чобатах, скураных портках і чырвонай расейскай кашулі. — Кат, — сказаў Чыўін. — Вось так яно і ёсць. Пазбавілі па суду ўсіх правоў маёмасці, прысудзілі на катаргу, а цяпер будуць бізуном біць. Поп ніканіянскі крыж свой паганы будзе ім у рот торкаць, будуць яны стаяць ля ганебнага слупа… Не ведаеш, Макар, гандлёвая страта або публічная? Кнут або слуп? — Н-не. Калясніца якраз зраўнялася з помнікам на сярэдзіне плошчы. Праплывала міма двух бронзавых людзей. Жанчына прыўзняла галаву, відаць, спалоханая з'яўленнем чагосьці чалавекападобнага побач з сабою, у той час як усё такое павінна быць ніжэй за яе. Прасачыла вачыма, куды паказвае ёй рукою ніжагародскі мешчанін. Вялікі грамадзянін паказваў на зубчатыя муры, на палац за імі. Алеся раптам закалаціла. А шэсце праплывала ўжо міма іх. Загорскі ўбачыў бледныя твары бабы і двух мужыкоў. На грудзях жанчыны, на чорнай дошцы, было выведзена: «Растлительница». На дошках яе суседзяў: «Поджигатели». Чацвёрты мужчына сядзеў, упаўшы галавою на рукі. Ні аблічча, ні дошкі ягонай не было відаць. Але Загорскага раптам нібы нешта кальнула ў сэрца: патыліца. Ён мог бы паклясціся, што ён бачыў яе тысячу разоў: на начлезе з-пад світкі, у хаце на печы, за сталом, схіленую над місай. «Няўжо ён? — са страшным падзеннем сэрца падумаў Алесь. — Няўжо свае людзі падвялі? Не можа быць, каб падвяла падземная пошта. А што я тады скажу Кандрату? Чым апраўдаюся я, які цвёрда абяцаў яму, што нават коштам жыцця вызвалю свайго і ягонага брата?» Алесь крануў Макара за плячо. — Рушай за імі. — Нашто? — у адзін голас спыталі Макар і Чыўін. — Рушай, — амаль папрасіў Алесь. Ён не мог памыліцца. Няўжо Андрэй? Але як? Як маглі падвесці свае людзі, падспудная служба інфармавання? Верныя, надзейныя, адданыя? «Пэўна, атрымалася памылка, — думаў ён. — Але як, як, як?» Запрэжка рухалася за картэжам. Усе ў дрыготкім зарыве круціліся над галавою, мяняючыся месцамі, як дрэвы за акном вагона, візэрунчатыя, зрэзаныя, падобныя на затычкі старых графінаў, купалы Васіля Блажэннага. Але ён толькі раз кінуў на іх позірк. Ён не адводзіў вачэй ад схіленай галавы, пазнаваў яе і не пазнаваў, пераходзіў ад надзеі да страшнага адчаю і зноў да надзеі. — Супакойся, — крануў яго за плячо Чыўін. — Ад бізуна рэдка хто памірае. Ну, заб'юць да паўсмерці. Не самае горшае. Вось «зялёная вуліца» — гэта, брат, жах. Ганяюць на месцы злачынства. Я аднойчы бачыў, як вунь там, на беразе Масква-ракі, ля Тайніцкай вежы, аднаго ганялі*. Божа мой, Божа! * Выпадак гэты апісаны ў некалькіх кнігах. У прыватнасці ва ўспамінах І.А.Белавусава «Ушедшая Москва». М., 1929 г. Алесь зірнуў направа і ўбачыў чорны сілуэт. — Вось там, — сказаў раскольнік. — Там, любы. Дзве тысячы прутоў. Прыйшлі салдаты з крамлёўскіх казармаў, сталі ў два шэрагі, з анцірваламі ў тры крокі. Бедалагу рукамі прывязалі да ложа стрэльбы, і два салдаты яго павялі. І — пачалося. У канцы першага праходу спіна ў таго была чорная, набрыняла, як падушка. Потым кроў пачала пырскаць. На рукі, на твары, на мундзіры салдат (назнарок ім са швальні на гэты выпадак старыя выдалі). І кожны раз як правядуць — два салдаты з тазамі падбягаюць, мачаюць у іх анучы і выціраюць кроў са спіны. А ў тазах — воцат. Хрысціяне! Аспіды нясытыя! Няхрышчаных басурманаў лаем, дзікуноў лаем! Самі хто? Воцатам! Нібы не чытаў ніхто, што Бога нашага на крыжы з губкі паілі «ацтом і жоўцю»… Голас старога перасекся: — Чуллівыя. Міма жабрака, міма катрыншчыка без капейкі не пройдуць. І што там Божа наш маўчыць, літасцівы, неўблажымы, калі нік-колі добра не было добраму, а дрэнна — злому, калі заўсёды самае дзярмо, самая апошняя дрэнь над нашымі галовамі. — Цішэй, — сказаў Макар. — А, ды што там, — панікнуў стары. — І чаму толькі нам заўсёды з панамі не шанцуе? Ніводнага добрага ўладара. Тры такія няшчасныя народы на свеце: гішпанцы, туркі і мы. Цьху!. — Хапае і ў другіх, — сказаў Алесь. — Але, вядома, не тое. …Здалёк яшчэ ўбачылі яны на сярэдзіне плошчы круглую спаруду са слупамі. Таксама чорную і высокую, ледзь не больш высокую, чым вартыя жалю навакольныя халупы. Картэж павольна пад'ехаў да яе. Мітусілася святло паходняў. Арыштантаў па чарзе, пачынаючы з жанчыны, адвязвалі ад лавы і сілком, пры ўдзеле ката, узводзілі на эшафот. Жанчына адштурхнула катавы рукі і пайшла сама. Трэці з прыкутых учапіўся рукамі за дошку, і яго давялося аддзіраць сілком. Ён хапаўся за дошку, потым за лаву, потым за сходні з калясніцы. Ля санак Макара апынуўся нейкі стары ў гарбатым паліто. — За што іх? — спытаў у яго Макар. — Кажуць, саколік, душагубы… Зладзеі. Часоваабавязаныя смольнінскага барына. — Чакай, — ускінуўся Чыўін. — Гэта таго, што забілі? — Нібыта. — Цяпер ведаю, — сказаў Чыўін. — Забіты гэты яшчэ за два гады да адмену бабу тую… прымусіў. Ну і прыжыў з ёю дзіця. А сам здужыць мог мала і таму, слугі казалі, шчыкаў яе да крыві, біў смяротным боем і кусаў… Ну, воля прыйшла — тая ўзрадавалася і вырашыла пайсці. А той кажа: «Ідзі. А дзіця не аддам. Бо ўсе ведаюць: маё. Але глядзі, як бы не пашкадавала: мой шчанюк. Хачу — з кашай ем. Хачу — масла пахтаю». А сам і да дзіцяці быў не лепшы, як да яе. Проста астача старэчага блуду ў ім бунтавалася… То тады яе браты прыйшлі ды ў дом ягоны чырвонага пеўня пусцілі, так і згарэў дом… разам з гаспадаром. Уздыхнуў: — Што ж, перад вечнай катаргай сама менш па сотні бізуноў. «Растлительница» ўжо стаяла прывязаная да слупа. Здзёртая са спіны і ягадзіц сарочка вісела на вяроўках. І, як прадчуванне, чырванела, бегла па пяшчотнай скуры вадкая барва ад паходняў. Прыйшлі за апошнім. Алесь з пакутлівым чаканнем ўпяўся вачыма ў ягоную патыліцу. Кат сціснуў гэтую патыліцу пяцярнёю. Чалавек ускінуў галаву. Не, гэта быў не Андрэй. Змучаны, белы, зусім яшчэ малады твар. Сінія вусны ці ўсміхаюцца, ці ўздрыгваюць ад холаду. — Не трэба, — ціха сказаў юнак. — Я сам. І пайшоў непаслухмянымі нагамі па прыступках.І хаця гэта не быў Андрэй, Алесю не стала лягчэй. Гэтая патыліца, дрыготкія вусны, непаслухмяныя ногі. Чужы чалавек раптам перапоўніў Алесева сэрца несамавітай тугою па агульным чалавечым братэрстве. — Едзем, — глуха сказаў Загорскі. — Едзем. Едзем, браткі, адсюль. Яны прабіраліся праз натоўп. Бубнеў нешта ззаду голас пракурора. Потым стала ціха. Супраць уласнай сваёй волі. Алесь азірнуўся. Кат паходжваў ля аголеных спін, як кот каля сала, рэдкавусы, з голенай чырвонай шыяй. Гулліва смяяліся пад нізкім лобам вялікія вочы. — Кірушкам яго клічуць, — сказаў Чыўін. — Бутырскі кат. Кірушка мякка цягаў за сабою бізун. І раптам, наўскос, пабег, пабег да жаночай спіны, радасны, нават захоплены голас зазвінеў над натоўпам: — Бер-регись, ожгу! Удар адразу рассек скуру ад пляча да прамежнасці. Лінула кроў. Жанчына тарганула галавою. — Пашкадаваў, — сказаў Чыўін. — Звычайна ў яго амаль ніхто першага ўдару не вытрымлівае, траціць прытомнасць. Астатнія ўдары б'е паблажліва, але, часцей за ўсё, як па мёртваму. Так што і незразумела, да смерці забіў ці яшчэ не. Некалькі разоў дохтур за запясце мацае. — Берегись, ожгу! Цяпер ён біў па суседняй спіне. І пасля ўдару над плошчай аддаўся немы крык, нібы раўла смяротна параненая жывёла. — Не, не пашкадаваў, — сказаў Чыўін. — Проста моцныя, надзвычай моцныя людзі. Кірушка — ён усё меншаў, бо сані ад'язджалі, — быў нібы абзадачаны другой няўдачай. А жывёльны крык усё мацнеў і раптам абсекся. І тады жанчына раскрыла рот. Той, што крычаў, закусіў вусны і з цяжкасцю прыўзняў галаву, успёр яе, каб яна трымалася, падброддзем на слуп. — Вось так, братухна, — сказала жанчына. Пасля трэцяга ўдару бізуна галава ля трэцяга слупа ўпала, як падсечаная. Кат задаволена хмыкнуў і адціснуў з бізуна кроў. …Алесь адвярнуўся. Сані ехалі да Масква-ракі. Паміж імі і Балотам было ўжо не менш як чатырыста сажняў, але Загорскі ўсё яшчэ нібыта адчуваў гукі ўдараў. І яшчэ яму здавалася, нібыта ўсе яны падаюць на ягоную спіну. — А дзіця гэтай бабы, кажуць, дурным нарадзілася, — сказаў Чыўін. — Бацька яе, цяжарную, збіў. — Што ж што дурное, — сказаў Макар. — Дурное ды няшчаснае маці часам яшчэ мацней любіць. Алесь не адказаў. Гледзячы ў цемру шклянымі страшнымі вачыма, ён думаў. «Я ім пакажу, — мітусілася ў чэрапе. — Я ім за гэта пакажу. Дай толькі да іх дарвацца — я ім пакажу. Ніводнаму літасці! Папялішча пакінуць… Папялішча пакінуць». РАЗДЗЕЛ VІ Мінуў месяц. Андрэя ўсё яшчэ не прывозілі ў Бутыркі. Паступова прытупіўся боль той страшнай ночы. І хаця большасць зброі была закуплена, Алесь усё яшчэ гойсаў па Маскве і навакольных гарадках, скупляючы ўсё, што мог. Як апантаны, як беснаваты, уражаны адной маніяй. «Больш… Больш… Больш». Пасля той ночы на Балоце двух мужчын знялі са слупоў мёртвымі. І Алесь, нібы адчуваючы дакор, не супакойваўся. Купілі і перавезлі ўначы зброю з Гасцінага двара. Купілі паперу. Купілі порах. Купілі на складах ля Крэстоўскай заставы жалеза, і медзь, і свінец. Купілі зброю нават на Сухараўцы, рынак якой у гэты час асабліва багата гандляваў не толькі габеленамі, рэдкімі кнігамі, стыльнай мэбляй і карцінамі, але і калекцыйнай панскай зброяй. Маёнткі, дваранскія гнёзды пускалі з малатка калекцыі. Пачынаўся развал. Антыкварыі накшталт Пярлова і Фірсанава куплялі за грашы вялікія шэдэўры. Але Загорскага гэта цяпер не цікавіла. Ён купляў стрэльбы, каўказскія шаблі, нават японскія рытуальныя мячы — абы страляла і калола, абы была сталь. Ён ведаў, меч у руках мужнага — таксама зброя. Мсціслаў злёгку нават балдзеў ад энергіі сябра. Алесь штурхаўся між людзьмі, выцягваў чарговую знаходку з-пад якой-небудзь калекцыі мінералаў, прымерваў, ці па руцэ, ці да пляча. Маеўскі лічыў, што варта было б і другім будучым вайсковым кіраўнікам паклапаціцца загадзя, а то нешта цяжкія на пад'ём. Не могуць жа яны ўдвух зрабіць усё і за ўсіх. А вакол шумеў натоўп. Крычалі антыквары, збраяры, кніжнікі, старызнікі. Той рагатаў, нехта лаяўся, «купіўшы чыгунны капялюш». Цэлы рад займалі гандляры рукапісамі і кнігамі па фрэналогіі, магіі, фізіягноміцы, астралогіі, хірамантыі і чарадзейству. Людзі з містычнымі вачыма, дрэнна паголеныя і падазрона апранутыя, прытаргоўвалі аракулы і соннікі. Мсціслаў толькі бурчаў: — З гэткім суконным рылам ды ў эўрапейскі калачны рад. Містыка ім спатрэбілася. Ім больш патрэбная турма ды лазня. А Загорскаму было не смешна, а брыдка. Купцы, ахотнарадцы, уся гэтая лычатая свіная зграя была, на жаль, сілай. Таму што ў яе былі грошы. І таму немінучая была перамога іхняй грубасці і нахабства над вытанчанасцю. Перамога, у якой загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца. Ён не мог не думаць аб тым, што колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек — ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю. Пад ударамі бязменаў і купленых багнетаў падзе рыцарства, чысціня і высакароднасць. І застануцца Валуевы ды Ціт Цітычы. Але ён адагнаў гэтую думку. Яшчэ больш нагнаў на яго суму Чыўін. Як ехалі з Сухараўкі, раптам уздыхнуў і сказаў: — А паддзячага нашага, з бубнаўскай дзіркі, забілі. — Як? — ахнуў Алесь. — А вось так. Забілі ў «Воўчай даліне». І труп у раку кінулі. Пачаў, відаць, зноў пагражаць камусьці. Такія заўсёды так канчаюць… Гэ-эх, горад-горад. Зладзюга на зладзюзе. Нядаўна на Пакроўскім рынку два зладзеі свіную тушу ўкралі. Апранулі ў тулуп, шапку на галаву, заднія кумпякі — у валёнкі — і цягнуць «пад рукі», нібыта п'янага сябра дамоў вядуць. Сто разоў паўз іх абакрадзены прабег — так і не здагадаўся. — Весялейшага чагосьці няма, Дзяніс Авакумыч? — Ёсць. Учора благавешчанне было. А на благавешчанне, самі ведаеце, птушак адпускаюць: гілёў, сініц, аўсянак. А купляюць іх ля Яблычных радоў*. І вось ўчора, раным-рана, вяртаюцца з «Яра» купчыкі. П'яныя ўсе як гразь. Тут адзін успомніў: благавешчанне, птушак выпускаць трэба. Спыніліся — туды-сюды — няма яшчэ ніводнага гандляра, ніводнай клеткі. Што рабіць? А тут насустрач хлапчынка-балгарын з малпай. Халодна, дрыжаць абое. Раптам адзін з мамаеў — як заплача: «Што яна пакутаваць будзе? Давайце выпусцім на волю божае стварэнне. Падзякуе нам…» Купілі, адвязалі, засвісцелі ў тры пальцы. Малпа на дрэва, а купцы паехалі: «Хай сабе жыве на дрэвах». * Славутага рынку на Трубнай плошчы тады яшчэ не было. А тут ужо народ збіраецца. Убачылі. Рагатаць пачалі. Невядома, дзе тут і хто тут малпа. Хлопчык бегае, кліча, плача, а тая не даецца. Натоўп — сабраўся — ледзь яго паліцыя разагнала. — Вечна вы, Дзяніс Авакумыч, невыгоднае распавядаеце, — сказаў Мсціслаў. — Што ёсць, тое і распавядаю. Кандрат толькі галавою круціў, пасмейваючыся. Загорскі ўжо не здзіўляўся. Звыкнуў да ўсяго. Бачыў бруднае і смуроднае Зараддзе, у якім нельга было дыхаць і ў якім, аднак, жылі людзі, жылі ўсё жыццё. Самая перакатная галеча, беднасць, адчай, самае дно. Ні паветра, ні хлеба, ні вады: адзін басейн у Зарадскім завулку ды яшчэ студня ў Знаменскім манастыры, вада якога была такая салоная, што прыдатная была нават для засолкі агуркоў. Мясцовасць гэтую напалову засялілі яўрэі. Трыццаць пяць гадоў таму назад ім дазволілі часова пражываць у Маскве з той умовай, каб яны спыняліся там ад аднаго да трох месяцаў, у залежнасці ад таго, якой гільдыі гандляр, і з тым, каб ён меў права спыняцца толькі ў Зараддзі, на Глебаўскім падвор'і. Так стварылася маскоўскае гета, зменлівае, плыннае, з рэзнікамі і шмукачамі-гандлярамі абрэзкамі футры, з кушнярамі, што ўстаўлялі ў мяздру беларускага бабра сівыя валаскі янота і так рабілі «бабра камчацкага»; з жанчынамі, што перад пейсахам мыюць у рацэ посуд, з гаманкім натоўпам, з чорнымі постацямі, што моляцца на беразе Масквы супраць Праломных варот, з неверагодным, адкрытым для ўсіх жабрацтвам. А побач штурхалася другая палова: хлопчыкі з рэдкімі валасамі, рамізнікі, рамесніцкія вучні, шапавалы, галодныя павадыры мядзведзяў. Мядзведзі не хацелі дужацца і адразу цягнулі лапы за падачкай. Ва ўсіх іх былі падпілаваныя кіпці і зубы, а ў многіх выкалаты вочы. Сэрца падала, калі глядзіш на ўсё гэта. А народ, біты і драны, «благоденствовал с ним», з гасударам, як сто разоў на дзень афіцыйна сцвярджаў гімн. Мядзведзь цягнуў лапу за падачкай. На гук. Дзяржава марыла аб чарнаморскіх пралівах. РАЗДЗЕЛ VІІ Прыйшла, урэшце, звестка. Андрэя Кагута павінны былі скора прывезці ў Маскву, каб, адразу пасля вялікадня, адправіць з этапам у Сібір. І Андрэя і яшчэ некалькіх катаржан павінны былі пасяліць у Бутырскай турме, аддаць у лапы сумна вядомаму Кірушку, набіць кайданы і адправіць праз Рагожскую заставу па Ўладзімірцы. Трэба было дзейнічаць неадкладна. Перш за ўсё Алесь накіраваўся на Смаленскую заставу і дамовіўся там з чатырма ямшчыцкімі тройкамі. Даў грошай і папрасіў, каб людзі чакалі на працягу тыдня пасля вялікадня і ўдзень і ўначы. Ён не збіраўся карыстацца гэтымі запрэжкамі. Ён ведаў: збеглага перш за ўсё кінуцца шукаць на тую заставу, адкуль вядзе дарога дамоў. І тут яны знойдуць падрыхтаваныя тройкі, зробяць засаду і стануць чакаць прыходу заказчыкаў, якія не прыйдуць, дадуць уцекачам магчымасць уцячы. Другіх коней Кірдун наняў на Першай Мяшчанскай, у ямской слабадзе ля Крэстоўскай заставы: так было менш падазрэнняў. Кандрат забяспечыў коней на другую падставу. Наняў для гэтага дзве славутыя лапцеўскія тройкі сцяпной пароды. Лапцеў, мужык Саратаўскай губерні, прыязджаў у Маскву гужавіком і ўсю зіму жыў у горадзе. Ягоныя тройкі, асноўная і завадная, ужо некалькі год пакідалі «за сцягам»* усе астатнія тройкі Масквы, нават славутую Каравулаўскую. * То бок міналі «слуп» (фініш), калі ўсе астатнія тройкі былі за трыццаць сажняў. Алесь сам бачыў апошнюю яго перамогу на лёдзе Масква-ракі, між Маскварэцкім і Вялікім Каменным мастамі. Крыкнуў: «Родные, не выдайте» — і ўсе астатнія засталіся далёка за спіною: глытаць снежны пыл. Лапцева адаслалі «на бойкі шлях» да Тройцы — Сергія. Але ніхто не збіраўся ехаць на Растоў, Пераяслаў ды Яраслаўль. Перасеўшы на «лапцеўскія» тройкі, уцекачы павінны былі павараціць налева і выбівацца на чыгунку, каб, праехаўшы некалькі супынкаў, прабіцца ў Беларусь з поўначы, а не з захаду. Сядаць на чыгунку ў Маскве было небяспечна. Пасля гэтага заняліся Бутыркамі. Чалавек, якога яны збіраліся ўкрасці, павінен быў мець сілы для ўцёкаў. Кірдун, Алесь і Чыўін паехалі на Бутырскую заставу, ціхую, за зарослым мінулагодняй травою Камер-Калежскім валам. Перш за ўсё намецілі зручную дарогу, якой будуць скакаць ад другой падставы праз сады Бутырскага хутара ў напрамку да Цвярскога гасцінца. Алесь ехаў і ўспамінаў, як у адным з будыначкаў хутара была ледзь не першая нарада аб паўстанні. У якім менавіта, ён забыў. Памятаў толькі, што каля става. Што было рабіць з катам? Андрэя не павінны былі везці на Балота. Яго чакала «кабыла» непасрэдна ў двары турмы. Але славутае «берегись, ожгу!» чакала і яго. І тут Чыўін прабалбатаўся, што Кірушку лёгка падкупіць. Тады ён, зрабіўшы першы ўдар, другія рабіў хутчэй па кабыле, чым па спіне. Раскольнік нічога не ведаў. Ён думаў, што Алесь і ягоныя спадарожнікі проста «цікавяцца» горадам. Але Кірдун усё запамінаў. Наступнага дня ён рызыкнуў, і яму ўдалося-такі даць кату ў лапу чацвяртны з абяцаннем даць двойчы столькі, калі катаржнік Андрэй Кагут будзе жывы і здаровы на другі ж дзень пасля пакарання, а не будзе ляжаць між жыццём і смерцю два тыдні, як усе астатнія. — І «ожгу» не крычы, — сказаў Кірдун. — За гэта атрымаеш яшчэ чацвяртную, сто будзе. — Як бы рука не сарвалася. — Сарвецца — не атрымаеш. — Ты яму хто? — Табе не ўсё адно? — Усё адно, — згадзілася быдла. — Добра. Пастараюся. Непрыкметна агледзелі астрог. Не, уцячы адсюль было нельга. Прынамсі, за такі кароткі тэрмін, які мелі яны. Дый мясцовасць нязручная. Па гэты бок заставы, за кардэргардыямі, у якіх жылі саладаты і «мацальшчыкі»*, цягнуліся да самага астрога гароды, цяпер яшчэ пустыя і сям-там нават паплямаваныя апошнім снегам. * Мацальшчыкі торкалі прутамі ў вазы з сенам, каб праверыць, ці не вязуць у Маскву «неадкупнога» віна. Затое ўсе ўзрадаваліся, знайшоўшы «нелегальны» праезд цераз вал, бліжэй да Мар'інай рошчы. Калі б перастрэлі на дарозе — тут лёгка можна было б праслізнуць у Маскву, каб адседзецца. Трэба было цяпер падумаць аб прыстанку ля Рагожскай заставы, дзе можна было б пражыць апошнія дні перад этапам. Спыталі ў Чыўіна, сказалі, што хочуць выехаць на нейкі тыдзень без слуг, а іх пасяліць у кагосьці на Рагожскай, бо адным ім займаць месца ў тракціры і гасцініцы нязручна. Стары атрымоўваў ад Алеся шмат і таму, не пытаючыся асабліва, пачаў думаць. — Ды вось, чаго лепей. Ля палявога двара, дзе звярыная траўля Івана Багатырова. Знойдзе ён для людзей пакойчык — не адмовіць мне. Паехалі да Багатырова. Зямля падсыхала ўжо. Нябачныя жаўрукі звінелі ў свежым небе. Прыемна было ехаць у адкрытай брычцы, заплюшчыўшы вочы і падстаўляючы праменням твар. — Што за чалавек гэты Багатыроў? — спытаў Алесь. — Рукамясло ў яго дзіўнае, князь. Сырэйнае завядзенне. Шкуры здзіраюць. З быкоў заразных, з быкоў хворых ці задуменных. Там у яго хаты, пуні, салатопкі. Здымае ён шкуры і з коней і з мядзведзяў, ваўкоў, іншых розных. Але тут справа не ў гэтым. Галоўнае — «траўля». — А гэта што? — А гэта круг сажняў на трыццаць, ды вакол яго крэслы, адны вышэй другіх. Цкуюць там ваўкоў, мядзведзяў ці быкоў. — Быкоў нашто? — А так бывае, што бугай на бойні атрымае молатам у лоб, але сцегавец, бервяно на слупах, выдзярэ і ўцячэ. То вось тады цкуюць. А сабакі розныя. На ваўка — ваўкарэзы. На мядзведзя — медэлянскія. Ёсць такія, што адзін на адзін мядзведзя бяруць. Сем пудоў вагі, аршын два вяршкі росту, сем чвэрцяў даўжыні да хваста. А калі не бярэ, то ў дапамогу — мардаша. Такія сабакі ў Івана… А на быкоў добрыя псы ў таганца, у Сіліна Паўла Сямёнавіча. Вось і цкуюць. Публікі часам збіраецца тысячы тры — любяць гэта масквічы. — Паляванне лепей, — сказаў Алесь. — Ды я цяпер амаль і не палюю. — Каму як, — сказаў Чыўін. — Каму паляванне, каму цкаванне да брыдкасці. Аднойчы да Багатырова афіцэры марскія прыехалі. Гэта пасля Свістопаля было, і разбэшчаныя яны тады былі — да немагчымага. Як жа — гір-роі. З бітым задам. Ну, а мядзведзя цкуюць вядома як. У крузе два бервяны крыж-накрыж, закапаныя ў зямлю. На скрыжаванні кальцо, а за яго — канат даўжынёй аршын у пяць-шэсць. А на канаце — мядзведзь. А ў крузе сам Багатыроў, а ля яго хлопцы з Новай Вёскі, што яго слухаюцца, ды ўсе з падважнікамі ў руках: часам на мядзведзя, а часам і на публіку. І пачалі афіцэры шкандаліць, бо п'яныя і ўзбуджаныя: «Багатырова цкаваць! Бараду яму выдраць!» Сунімалі іх па-добраму — нічога. Станавога яны прагналі. Палкоўніка Калашнікава, паважанага чалавека, і таго не паслухалі. Тады ідзе да іх Дзмітры Вялікі з Новай Вёскі, першы на Маскву кулачнік. Маракі яму крычаць: «Прэч!» А той ім: «Гэта і нам, мужыкам, дараваць нельга, а не тое што высакародным». Тут адзін з маракоў Дмітрыя Вялікага — за бараду. Той аж збялеў. «Не, — кажа, — бары! Па-нашаму не так». Ды ў ахапак таго, ды ў круг, да мядзведзя. Публіка тады — да Дзмітрыя. Ды новавяскоўцы з падважнікамі — у абарону. Як пачалі іх біць. Тыя — уроссып, на поле, на шашу. А за імі багатыроўцы, ды падважнікамі, падважнікамі. Збілі да апошняга. На полі — як Батый прайшоў. Смяхоцце! І нічога, ніякага суда. Выпілі толькі потым бітыя з тымі, хто біў. Смяяліся шмат… Новавяскоўцы гэтыя такія разбойнікі: на кожным двары шыбеніцу стаў — не памылішся. Тройка спускалася ў невялічкі яр. — Унь там, злева, за заставай яна ляжыць. Новая Вёска, а па-культурнаму Новая Андронаўка. Дарожка тут — у-у. Народ смелы, ні д'ябла не баіцца. Даволі далёка бачныя былі саламяныя стрэхі. За імі — будынкі манастыра, запушчаныя, з абдзёртымі дрэвамі. — Усясвяцкі, жаночы, — сказаў Чыўін. — Новаблаславёнага сагласія. Прыемле свяшчэнства ад ніканіянскай царквы. — Можа, «дзявочы»? — спытаў Алесь. — Жаночы, — націснуў на слове Чыўін. — Самае б… месца. Адразу за манастыром свежай плямай хвоі зелянеў на шэрым аненгофскі гай. — Мужыкі яго ў адну ноч дарослымі дрэвамі пасадзілі, — сказаў Чыўін. — Для імператрыцы Анны. А цяпер там між дрэў сцерво валяецца ды рознае смецце. А унь там — палявы двор, рэчка Сінічка, а за ёю поле, а за ім Ізмайлаўскі звярынец, аж да самага Ласінага завода. Алесь і сам бачыў дзівосны лес. Прыкінуў — да Ласінага завода сама меней вёрст трыццаць. І тут жа шаша. І надзвычай зручнае месца для засады і ўцёкаў… «Тут і зробім», — падумаў ён, а ўголас спытаў: — Жылыя дамы ля звярынца ёсць? — Толькі лабараторыя, палявы гэты двор, ды дача графа Шантрана*, ды цераз шашу ад двара, багатыроўскае паселішча. * Графа дэ Шамбаран. «Тут», — канчаткова вырашыў Загорскі. Багатыроўская «траўля» ўжо ўстала на даляглядзе (шэрыя хаты, двары, высокія платы, коміны салатопняў), калі адбылося нешта нечаканае. Брычка якраз мінала альховы зараснічак на дне яра, калі страшны свіст разануў вушы. Ломячы галлё, з хмызоў, напярэймы коням, беглі чалавечыя постаці. Пяцёра здаравенных ці то мужыкоў, ці то мяшчан у паддзёўках. У двух у руках шкворні, адзін з нажом, яшчэ два — з кісцянямі. Морды нічым не закручаныя: значыцца, жывых не выпусцяць. Адзін, чалавек сажнёвага росту, павіснуў на аброці карэнніка. — Пане, прапалі, — нема закрычаў Чыўін. — Новавяскоўцы. Утрапенне было такое, што ўсе апамяталіся толькі тады, калі разбойнікі ўжо караскаліся на брычку. Густа лунала над галовамі ўпамінавенне агульнай матары. Алеся схапілі за рукі, і проста над сваёю галавою ён убачыў у неймаверна сінім небе зіхоткі, шыпасты шар кісцяня. Адчуваючы, што гэта апошняе яго імгненне, бачачы, што на Макара населі астатнія два, разумеючы, што гэта — усё, што не будзе ні справы, ні радзімы, ні жонкі, ён закалаціўся ў смяротнай тузе і тут толькі інстынктыўна зразумеў, што ўдарыць дакладна забойца не здолее: перашкодзяць тыя, што вісяць на Алесевых руках. І тады ён выпнуўся як мог і нагою ўдарыў таго, што трымаў кісцень. Ударыў у прычыннае месца. Той, нібы пераламаўшыся, усім целам гэхнуўся з брычкі на зямлю, закруціўся на ёй. Кісцень выпаў з ягонай рукі, але застаўся вісець на краёчку брычкі, пагойдваўся. Маленькі зіхоткі шар. — Хапай яго! — крыкнуў Алесь Чыўіну. — Лупі па галовах! Не шкадуй. Стараабрадзец пацягнуўся, каб схапіць. І тады адзін з тых, што трымалі Алеся, кінуў яго, таксама пацягнуўся за зброяй. Ведаючы, што зараз усё вырашаюць секунды, Алесь свабоднай рукою ўдарыў другога пад зубы, заламаў назад, перакуліў з брычкі, кінуўся да першага, што цягнуўся за кісцянём, схапіў за ногі, таргануў. Той ляснуўся тварам аб пярэдняе сядзенне… Алесь успоўз на яго, перахапіў цёплую рукаяць кісцяня і з сілай апусціў шар на таго, што асядлаў Макара. Трапіў па хрыбеціне. Удараны заверашчаў, як заяц, адарваўся, скочыў з брычкі. У гэты час першы са скінутых — рот ягоны быў у крыві — насеў на Алеся ззаду, а той, што ляжаў пад ім, абхапіў нагу Загорскага, перашкаджаючы яму рухацца. І, аднак, гэта было ўжо не тое. Бо ўстаў Макар. Ударам нагі ён прыпячатаў да ніза брычкі галаву таго, што ляжаў пад Алесем. І тады яны ўдвух населі на таго, што трымаў Загорскага ззаду. Выкінулі. Чыўін змагаўся з сажнёвым (той, між коней, прасунуўся да пераду брычкі), трымаў яго за руку з заціснутым нажом. Налітае крывёй аблічча рослага, сіла, з якой ён скручваў руку старога, гаварылі аб тым, што змаганне доўгае не будзе. І тады Макар крыкнуў. Крыкнуў так, як крычаць, можа, раз у жыцці: — Р-родныя, не выдавай! Коні «прыйнялі» з месца імгненна. Апракінуты перадам брычкі боўдзіла адпусціў Чыўіна, закінуўся, упаў на зямлю, пад колы. Запрэжка несла шалёна. Алесь азірнуўся і ўбачыў: той, што з нажом, упаў аж неверагодна ўдачна — акурат між правай і левай парай колаў, і цяпер уставаў, трымаючыся за выцятае месца. Другі, якому Алесь даў у пах, усё яшчэ курчыўся. Яшчэ два непаразумела стаялі, відаць, ніяк не могучы ўцяміць, як гэта вырвалася здабыча. І, урэшце, яшчэ адзін апошні, ляжаў пад Алесем, паступова прыходзячы да прытомнасці. А коні ляцелі, ірвучы паветра. Макар павярнуўся. Чырвоны твар фурмана быў гнеўны: — Кісцянём яго па галаве! Хай ведае! — Стану я аб падлу рукі пэцкаць, — адрэзаў Алесь. Ён прыўзняў пятага — брычка якраз выбіралася з яра — і з сілай шпурнуў яго ўсім целам аб дарогу. Бачыў яшчэ, як той стаў каціцца па схіле. А потым «поле пабоішча» знікла з вачэй. Ніхто, здаецца, асабліва не пацярпеў. Толькі Макару трохі расквасілі твар ды ў Алеся кроватачылі пальцы левай рукі: разбіў аб твар першага, якога скінуў. Некаторы час усе прыгаломшана маўчалі. Потым Чыўін (адзін рукаў у яго быў аддзёрты, а твар усё яшчэ бледны) сказаў чужым голасам: — Ну, думаў, прапалі. Вось табе і Новая Вёска. І раптам зарагатаў: — Ну, князь, ты, я гляджу, зу-ух. Прапалі б, каб не ты. Ведаеш, хто гэта? Той, сажнёвы, што пад колы ўпаў, гэта сам Аляксашка Шчалканаў, першы на Маскву бандзюга і разбойнік. Той, якога ты першы скінуў, — Міхайла Сямёнаўскі. Мянушка гэта ў яго такая. Той, каго ты па гарбе кісцянём лізнуў, — новавясковец Васька Сноп. Астатніх не ведаю. А Сноп ды Міхайла, здаецца, цяпер у работнікі да Багатырова пайшлі. — Чаго ж яны цябе не пазналі? — Здалёк, відаць, не пазналі, а потым позна было перадумваць. Ах, навалач! Вось ужо я Івану скажу. Па Шчалканаву Сашку — брат ягоны Сенька, таксама ў Багатырова ў работніках — Сібір плача*. Дый гэтыя, Васька з Міхайлам, іншага не вартыя. Ведаеш, што яны аднойчы зрабілі! Па шашы ідзе на сяло Іванаўскае, што за звярынцам, на фабрыку, абоз з пражай. Мужыкі ідуць ля першага каня. То гэтыя чэрці прыстроіліся непрыкметна ды два вазы зварацілі і павялі. Мужыкі не заўважылі, а потым спахапіліся ды, з дручкамі, на Багатыроў двор. Міхайла стаіць ля варот. Тыя дзяруцца ў двор, а ён вароты на сабачы двор адчыніў, а там каля сотні псоў, ды работнікі падышлі з нажамі і па хвартухах кроў цячэ. Мужыкі, ясна, пайшлі. Дый то, нават калі б пусцілі іх абшукаць двары — нічога б не атрымалася. Там, у Івана, на «скверным» двары, ямы. Падлу абдзёртую туды скідаюць і засыпаюць, а потым, як мяса згніе, выбіраюць косткі. І кожная яма на тысячу конскіх тулаў. То яны коней «схавалі», завялі, разам з вазамі, у яму ды засыпалі зямлёй. * Аляксандар Шчалканаў пазней быў высланы ў Петрапаўлаўск-Камчацкі. Алесь здрыгануўся: — У добрае ж месца ты мяне вязеш. — І гэта трэба бачыць, — сумна сказаў Чыўін. — Ф-фу-у, адбіліся ўсё ж. Сам сабе не веру. — Ты барыну падзякуй, — сказаў Макар. — Каб не ён — паляцеў бы ты да свайго, даніканаўскага, бога. Пад'ехалі да багатыроўскага паселішча. Будынкі, як крэпасць, былі абгароджаны высокім заплотам, вароты — магутныя. Ад вешалак з быдлячымі шкурамі нясцерпна смярдзела. Ля варот сядзелі два вартаўнікі і спрачаліся наконт пеўневых баёў: — Не, ты мне не кажы. Птушку трэба гадаваць сухім аўсом і галачкамі з чорнага хлеба. — І нічога з яго не атрымаецца. Трэба яму, маладому, абрэзаць грэбень ды сярожкі і тут жа самому даць дзяўбці. О, тады гэта будзе Птушка! А потым ужо даводзіць да Палажэння. — Дзе гаспадар? — спытаў Чыўін. Выгляд у яго быў пашматаны. — Што гэта ты, бацюхна, як з бутэлькі вылез? — Не твая справа, морда. Дзе гаспадар? — Бык выдраўся з-пад сцягаўца. Цкуюць яго зараз на крузе. Накіраваліся на круг. Яшчэ здалёк убачылі вялікае кола народу, пачулі гоман, убачылі ў коле чорнага вялізнага быка, што капаў капытамі зямлю. Магутны прыгажун звер глядзеў налітымі крывёй вачыма, брухаў рагамі зямлю, скакаў. А вакол узбуджана выў народ. — Унь Багатыроў, — сказаў Чыўін. Сярод усяго гэтага ашалелага зброду быў спакойны толькі адзін паджылы чалавек з рэзкім тварам. Ён непарушна курыў доўгі цыбук. Хлопчык год дванаццаці* стаяў ля яго, з жахам назіраючы за шалёнымі скачкамі жывёлы. * Будучы вядомы спявак, збіральнік народных песень і белетрыст Павел Іванавіч Багатыроў (1849-1908). — Здароў, Іван, — сказаў Чыўін. — Што ж гэта твае людзі?… — Чакай, — сказаў Багатыроў. — Потым. — Цяценька, — сказаў хлопчык. — Не загадвайце вы… Не трэба. — Гэх, Паўлуха, нічога ты не разумееш. Гэта — грошы… Гро-шы. Хлопчык замаўчаў. Алесь спаймаў ягоны позірк і ўсміхнуўся яму. Той адказаў рахманай, але ў чымсьці ўжо і зухаватай багатыроўскай усмешкай. Чыўін соп, з гневам пазіраючы на гаспадара. Церабіў клінаватую бараду. Бык раптам памчаў па крузе. Выцягваўся ў паветры, дугою выгінаў хвост. І па крузе, разам з ім, выбухаў і згасаў захоплены рык. — Звер! Звер! — крычала публіка. Алесь бачыў сотні людцаў, чырвоных, ашчэраных, з потнымі бліскучымі тварамі, бачыў прыліплыя да скроняў валасы, мятыя дваранскія шапкі, паддзёўкі, фартухі мяснікоў, выцягнутыя ў паветра рукі. — Звя-ры-нуш-ка! — Ух ты, ільсняны мой! — Баг-гатыроў, до ўжо! Спускай сабак! — Радавых давай, чыстакроўных! Звер роў. Непадалёку ад Алеся рабаваты купец з замілаваннем глядзеў на быка, торгаў нагамі ад нецярплівасці і ледзь не са слязьмі крычаў: — Ну пайшла, ці што? Пайшла?! Пайшла?! — Ты што лямантуеш, чортамалот? Рыла луснуць гатовае, а нерв-най! Бык узняў галаву і працягла зароў. Яму было страшна, але ён рыхтаваўся дорага прадаць жыццё. Вакол незнаёма, зусім не так, як на даржніку ці ў травяным зялёным полі, смярдзела потам, тытунём, газамі і выпарэннямі чалавечых цел. І звер крычаў, аж варушылася на закінутай глотцы хвалістае льснянае валлё. Багатыроў махнуў рукою. Са скрогатам паднялося акенца ў агарожы. Вялізны медэлянскі пёс куляй вылецеў з яго і забаяўся: пайшоў трохі ў абход быка. Бык быў дасканаласць, і пёс быў дасканаласць. — Бушуй! Бушуй! — зарыкаў натоўп. У акенца выскачыў за Бушуем другі сабака, таксама, відаць, сем з паловай чвэрцяў у даўжыню ад вушэй да хваста. У гэтага вочы былі наліты крывёй, а масць кідалася ў сіняву. — Га-лу-бы! — роў натоўп. — Га-лу-бы! Бушуй, убачыўшы падмацаванне, асмялеў. З двух бакоў памчалі да быка дзве вялізныя істоты. Бык ударыў быў Бушуя, але не рагамі, а лбом, і пёс пакаціўся па зямлі. Але ўжо ў наступны момант зноў ускочыў. Яшчэ праз хвіліну два целы цяжка віселі на ягоных вушах. Пасярэдзіне круга рухаўся, з напругай кружыўся клубок з сопу, пырхавання, прыглушанага — праз поўную поўсці пашчу — клёкату і бурчання. Бык прыўзняў быў галаву, але яна адразу рухнула амаль не да зямлі: чатырнаццаць пудоў вісела ў яго на вушах. — Ар-ар-ар! Ар-ар-ар! Ільсняныя тулавы сабак матляліся па зямлі. Гэта было так абрыдліва, што Алесь адвёў вочы. Убачыў хлопчыка. Той сядзеў на кукішках, каб не глядзець на «круг». Між ягоных каленяў заціснута была вялікая галава трэцяга медэлянскага сабакі. — Як яго завуць? — Лебедзь, — адказаў хлапчук. — Стары? — Вельмі стары. На пакоі. Ён малады мядзведзя адзін на адзін біраў. Вочы Лебедзя — ад пяшчоты — былі прыплюшчаныя (хлапчук гладзіў яго па галаве), але вушы трапяталі зрэдку, відаць, прыслухоўваючыся да не даступнай яму цяпер музыкі бойкі. — Лебедзь, — працягнуў Алесь руку, і пёс расплюшчыў вочы. — Укусіць, — ціха перасцярог хлапчук. — Не ўкусіць, — сказаў Алесь. Старое мастацтва, якім цяпер валодаюць хіба толькі лепшыя з лепшых выхавальнікаў службовых сабак, мастацтва гаманіць з сабакамі на ягонай мове, глядзець яму ў вочы і навяваць было ў Алеся і ва ўсіх такіх — у крыві. Ён варушыў вуснамі і глядзеў, глядзеў. І вось зрэнкі пса затрапяталі, вушы прыціснуліся на круглай галаве. Алесева рука легла на яе. У глотцы старога сабакі нешта ціхутка заклекатала, спачатку трохі пагрозліва, потым усё больш і больш пяшчотна і задаволена. Хлопчык глядзеў на Алеся амаль спалохана. Таму што састарэлы сабака цяпер літаральна захлынаўся ад раптоўнага прыліву любові. Пад старой выцертай поўсцю хвалямі прабягалі дрыжыкі замілавання. Алесь прыўзняў вочы. Старэйшы Багатыроў падціснуў вусны, глядзеў на Загорскага з бязмернай павагай і трохі з гневам: — Не ўздумайце паўтарыць такое з Бушуем ці з Галубым. Давядзецца застрэліць. — Чаму? — У сабакі павінен быць адзін гаспадар. — Хіба Лебедзь цяпер будзе любіць вас менш? — Ён за ўсё жыццё нават з сапраўднымі ахвотнікамі не дазволіў сабе такога-с. — Вы яго гаспадар? — Не, — сказаў Багатыроў. — Цяпер ужо не я ягоны гаспадар. Пёс ужо два гады крыўдуе на ўсіх тут. Калі ён пачаў драхлець — я яго, барын, не выпусціў на чарговае цкаванне Ён тры дні не еў. Потым пачаў браць з рук Паўлухі: зразумеў, што дзіця невінаватае-с. Але ён цяпер нікога не слухаецца. То бо слухаецца, калі скажуць: «Хадзі сюды» або «Не руш», але ў сур'ёзным не слухае. Пакрыўдзіўся-с. Я пусціў яго аднойчы вось так, на быка, — не йдзе. Лебедзь адвараціў ад яго пацёртую, нібы молем трачаную, морду і пацягнуўся да Алеся. — Бачыце-с? Не ўздумайце з Галубым. Не дазволю-с. — Мне яшчэ з вамі трэба пагаварыць наконт вашых людзей, — угневаўся раптам Алесь. — Ды толькі я не хачу пры дзіцяці. Багатыроў звузіў вочы. Прыпухлыя павекі леглі на іх. І раптам замест «гаспадара» сярэдняй рукі, апранутага як небагаты купец, глянуў на Алеся «сакалінец», чалавек, які з ахвотаю дзёр бы шкуру не з быдла, а з кагосьці іншага, выскачыўшы з-пад моста. Рука пацягнулася да нашыйніка сабакі. Алесь спакойна, каб не спалохаць дзіця, паклаў сваю руку на запясце Багатырова, сціснуў. Хвіліну ішла непрыкметная барацьба. Потым твар жывадзёра наліўся крывёю. — Не думаў, — ціха сказаў ён. — Ну, дык што? — Сёння вашы людзі… — Пусціце-с маю руку. Алесь пусціў. — Думалася мне, у вас костка танчэйшая-с. — Яны таксама думалі, — сказаў Алесь. — Хто? — Сноп, Міхайла, Шчалканаў. Дваіх не ведаю. — Дзе яны? — Пэўна, ляжаць у яры. — Як, зусім? — Не думаю. Я не ўжываў ніякай зброі. Багатыроў уздыхнуў. — То што вы хочаце-с? — Перш за ўсё адашліце адсюль хлопчыка. Не цягайце яго па гэтай брыдзе. Яму тут не месца. І жыць ён будзе, спадзяюся, у іншыя часы. Жывадзёр маўчаў. Ён, відаць, вагаўся між гневам і ўсведамленнем слушнасці словаў невядомага. Чым бы гэта ўсё скончылася — Бог ведае. Але ў гэты момант ваўтузню і хрыпенне ў крузе заглушылі крыкі несамавітага жаху. …Бык — на яго спусцілі яшчэ чатырох сабак,і тыя абляпілі ўсю яго галаву, прыціснулі яе да зямлі — раптам ускінуўся. Ён не хацеў біцца. Ён хацеў аднаго — свабоды. Тыя не разумелі гэтага — тым горш. Бугай з цяжкасцю ўзняў галаву. Цела ягонае дрыжала. Ён зрабіў крок, другі, а потым кінуўся насустрач гэтай свабодзе ўсё хутчэй і хутчэй. Ён ляцеў на дзверы, што вядуць у круг. Ляцеў, цягнучы за сабою, па пыле, сабак. Ляцеў, як таран, прыбавіўшы да сваёй вагі яшчэ трыццаць пяць пудоў, што віселі на ягоным карку, вушах, баках. І ўсёй гэтай вагою ён ударыў у палавінкі брамы. Брама абурылася. Два сабакі, скінутыя ўдарам аб шулы, адваліліся, енчылі на зямлі. Чорны таран кінуўся куды глядзяць вочы. Сабакі калаціліся на ім,а ён то скакаў з усіх чатырох ног у паветры, то зноў бег. Быдла, якое толькі што выла, раўло і стагнала ад захаплення, трэсла кулакамі ў паветры і юрліва вадзіла вачыма па лужынах крыві, — кінулася хто куды. Тапталі адзін аднаго, мітусіліся, бегалі, між іх лётаў, трасучы галавою, гнеўны, як Пярун, і рыклівы, як Пярун, бык. Ямшчыкі і фурманы, кінуўшы седакоў, пачалі нахвостваць коней па дарозе на Маскву, а за імі каціўся шэры натоўп, крычучы ад жаху. Самыя жорсткія, як заўсёды, выявіліся самымі баязлівымі. Скора поле, дзе — на шчасце — не засталося ніводнага забітага (бык быў не тым заняты), апусцела. Валяліся толькі перакуленыя крэслы і лавы ды стаялі нашы прыезджыя, Багатыроў з сынам і яшчэ два-тры чалавекі. А па полі, як грамавы молат, імчаў бык, аблеплены сабакамі. Ён скідаў іх, а яны зноў кідаліся на яго. Урэшце два з іх, енчачы, адступіліся. На вушах звера, па-ранейшаму, віселі толькі Бушуй і Галубы, падымаючыся і апускаючыся ад бурхлівых, бы з кавальскага меха, уздыхаў быка. І тады бык павольна, відаць, з апошняй сілы, пайшоў да шашы. Ён мінуў сухі ўзгорак і, правальваючыся ў вільготную, яшчэ халаднаватую гразь ворыва, цягнучы за сабой сабак, пайшоў, як і раней, насустрач свабодзе. Брук шашы льсняна блішчаў перад ім. Яго, быка, прывялі сюды па гэтым бруку грубыя прасалы, трымалі некалькі дзён на паляўшчыне, а потым прывялі сюды. Недзе там, у канцы гэтага бруку, засталіся падталыя з сонечнага боку стагі саломы, лінная поўсць на слупах агароджы, працяглы вясенні рык кароў. Вачыма, затуманенымі стомай, ён цьмяна бачыў, што па шашы рухаецца шэрая маса, а над ёю нешта блішчыць. І ён думаў, яму хацелася так думаць, што гэта ідзе яму насустрач родная, пахнучая малаком чарада і рогі блішчаць на веснім сонцы. І таму ён ішоў проста напярэймы гэтай чарадзе. Чарада была чарадой, але не чарадой жывёлы. Ва ўсякім разе, не чарадой той жывёлы, якую хацеў сустрэць бык. — Салдаты, — раптам нема закрычаў Багатыроў. — Салдаты на шашы. — Ды што такога? — спытаў Чыўін. — Застрэляць. Застрэляць быка і сабак. Чорт з імі, з быкамі! Бушуюшка! Гал-лубушка! — Чорт з імі, з сабакамі, — сказаў раптам нечы голас. — Вось бык — гэты заслужыў… заслужыў свабоду. Алесь глянуў туды і ўбачыў сівога старога ў палкоўніцкім мундзіры і ў шынялі, накінутым паўзверх яго. Стары чымсьці нагадваў яму дзядзьку Яроцкага. — Крычыце ім, крычыце ім, пан Калашнікаў. — На вачах Багатырова была вільгаць. — Крыкніце ім, каб не стралялі! — Далёка, — сказаў палкоўнік. Бык ішоў, правальваючыся ў гразь. Згінаўся ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо не нагамі, а бакамі цягнуліся па гразі псы. Але ён ішоў. Над ягонай галавою звінелі ў сляпучым ззянні жаўрукі, і ён ішоў насустрач ім, з апошняй сілы цягнучы на карку свой крыж. — Мяснікі! Хлопцы! Стрэльбы! Страляйце ў яго! — крычаў Багатыроў. — Татка, не трэ…!!! А бык ішоў. Жаўрукі звінелі ў ззянні, і ён ішоў да іх. Ішоў да добрай шэрай чарады, што рухалася па дарозе. Да добрай шэрай чарады, што стала прыветна махаць бліскучымі рагамі, убачыўшы яго. Зараз ён далучыцца да іх, пойдзе з імі. Далёка-далёка, дзе цёплае сена і дзе няма сабак. …Багатыроў раптам упаў на калені. — Лебедзь! Лебедзік! Ату! Ату! Вазьмі яго! Ату! Лебедзь адвараціў трачаную молем галаву. — Багатыроў, — сказаў Алесь, — што возьмеш за жыццё сабак? Багатыроў кінуў на яго шалёны позірк, але ўбачыў, што Лебедзь цягнецца да Алесевых рук. — Барын, што хочаце-с… — Жыццё быка, — сказаў Алесь. — І яшчэ… беражыце хлопчыка ад такога… — Барын… Барын… Толькі хут-чэй… Алесь паклаў руку на галаву Лебедзя. Пёс глядзеў на яго, і зрэнкі ягоныя трапяталі, а пад выцертай поўсцю хвалямі прабягалі дрыжыкі замілавання. — Лебедзь, — строга і ціха сказаў Алесь, — вазьмі яго. Пёс уздыхнуў. — Вазьмі яго, Лебедзь. І тады пёс павараціўся і цяжка завалюхаў за быком. Спачатку ён, здавалася, не апускаўся, а падаў на ўсе чатыры лапы пасля кожнага скачка, але потым разышоўся, і калі раней нагадваў цяжкі мех на чатырох лапах, то цяпер нагадваў таран. Ішоў у сяйва бык, а за ім, павольна наганяючы яго, бег на свой апошні подзвіг стары сабака. Багатыроў убачыў, што два салдаты апусцілі стрэльбы. А бык убачыў, як прыветна схіліў да яго бліскучыя рогі крайні бычок. Ён паскорыў крок насустрач яму. І ў гэты момант Лебедзь дагнаў быка і грудзьмі, усёй вагою свайго мацёрага цела, ударыў яго ў зад. Бык упаў на калені і ўжо не здолеў узняцца. З крыкамі беглі да яго па раллі мяснікі. Накінулі па рогі распетлі, пінкамі разагналі сабак, павялі да круга. Наперадзе, нізка апусціўшы галаву, трухаў Лебедзь. Падышоў, торкнуўся халодным носам у Алесеву далонь. Багатыроў калаціўся, абмацваючы Бушуя і Галубога. Тыя ледзь дыхалі, але глыбокіх ран у іх не было. Бык рахмана стаяў убаку і непрыкметна цягнуў морду ў бок сонца і жаўрукоў. — А з Лебедзем што цяпер загадаеце рабіць, барын? — аддыхаўшыся, спытаў Багатыроў. — Не ведаю. Хіба ўзяць з сабою? — Д-добра, — сказаў жывадзёр. — А за тое, што такое мне зрабілі, мо возьмеце яшчэ і шчанюка? Вось унука ягонага-с. Га? — Чаму не. Багатыроў шчасна засмяяўся. — Ах, барын, барын, даражэнькі мой! Бушуй, Галубы! Пёсікі мае! Ды хай ён яшчэ сто гадоў жыве, той бугай, — і раптам зарагатаў. — А бугая?! Бугая куды?! Можа, таксама з сабою?! Можа, у паперку загарнуць?! Усе глядзелі на быка ў непаразуменні. Што, сапраўды, рабіць з вызваленым жыццём? Куды яго? Не ў брычку ж садзіць ды везці з сабою? І раптам Калашнікаў з захапленнем вылаяўся: — Не, я вам яго ў брычку садзіць не дам. Такі баец! Такі найлепшы ў свеце баец! Гэта ж падумаць, з-пад сцегаўца выдрацца, трыццаць пудоў на сябе насіць, браму выламаць, усю гэтую навалач разагнаць, чатырох такіх псоў скінуць! Як-кі баец! І звярнуўся да Алеся: — Мне аддайце. Аддайце мне. Слова афіцэра, да скону паю-кармлю. Чорт! Ды да мяне будуць ахвотнікі з усёй Масквы прыходзіць, каб толькі паглядзець на тое дзіва. Ты, Багатыроў, бачыў такое калі-небудзь? — Ніяк не, барын. — Ды яшчэ калі цяляты ад яго… Аддасцё? — Бярыце, — сказаў Алесь. Багатыроў з Алесем ішлі да паселішча, пакінуўшы ўсіх далёка за сабою. — Чорт ведае як гэта магло здарыцца, — разводзіў рукамі сырэйнік. — Ну, добра, Шчалканаў бандзюга першы. А Сноп, а Міхайла?! Усе ж ведаюць, што гадую я іх лепей, чым усе ў Маскве. Работа такая, што без гэтага челавек не затрымаецца. І людзі ўсе свае, бо на нашу справу чужы чалавек не пойдзе. Адчайныя хлопцы, гэта так, ліхія наконт плюху камусьці адвесіць, пабіцца, канакрада, скажам, зашыбіць. Але каб разбой? Адкуль гэта? — Яны, цяценька, з Аляксашкам Шчалканавым у карцішкі пачалі балавацца, — прагучаў раптам ззаду дзівосны мілагучны дзіцячы галасок. — Я чуў: гуляюць з нейкім Хлюстам. Старэйшы Багатыроў пасуровеў: — Ідзі, Паўлуша, ідзі. Некаторы час сырэйнік ішоў моўчкі. — Дрэнная справа. — А што такое? — Гэты Хлюст з Нова-Андроньеўскай. Чалавечак гнілы. Карцёжнік несумленны. Згаварыліся, відаць, дый абмішулілі хлопцаў. А потым справа вядомая: плаці грошы ці на жыццё гуляй. І вялікія, відаць, грошы, калі на разбой пайшлі. Ну. цяпер усё. — Як усё? — А так. Не ведаеце вы нашай басоты. Канец хлопцам. Прырэжуць іх хлюстаўскія. Алесь ішоў моўчкі. Ён прыкідваў свае сілы. Ён, Мсціслаў, Кірдун, Кандрат Кагут — чацвёра. І на гэтым усё. Неверагодны план паступова складваўся ў ягонай галаве. — Скардзіцца будзеце-с? — спытаў Багатыроў. — Нашто, калі іх зарэжуць. — Гэта праўда-с, — уздыхнуў сырэйнік. — Гэта як піць даць. — Колькі яны маглі прагуляць? Багатыроў паціснуў плячыма: — Пяць чалавек на смерць паслаць? Думаю, рублёў дзвесце. З-за меншага не сталі б пэцкацца. — Што ж, у вас тут кошт жыцця сорак рублёў? — Атрымоўваецца так, барын. Алесь глядзеў у ягоныя вочы. Не, вочы не хлусілі. — Я магу заплаціць за іх грошы. — Што за гэта патрабуецца? — Мне патрэбны рукі вашых людзей, — сказаў Алесь. РАЗДЗЕЛ VІІІ Гай нібы навісаў над Уладзімірскім гасцінцам. Свяціліся пад паўдзённым сонцам белыя ствалы бяроз, мякка шалахцелі іхнія галіны, зусім непрыкметна, толькі калі глядзець на ўвесь гай, кранутыя зеленню. Хмызы на адхоне падступалі да самай дарогі, брук якой блішчаў пад сонцам. Недзе далёка-далёка злева, па гэты бок дарогі ўгадвалася багатыроўскае паселішча, а насупраць яго — Аненгофская пасадка, за якой цягнуўся і цягнуўся Ізмайлаўскі бор. Людзі сядзелі на адхоне. Запрэжкі былі адведзены трохі далей, на лясную дарогу. У апошні момант вырашылі, што першую пару троек, на якой будуць скакаць да «лапцеўскай» падставы, лепей купіць, а потым адвесці ў бок ад дарогі ўцёкаў і там кінуць: нехта падбярэ. Ля коней зараз былі тыя два новавяскоўцы, якіх Чыўін не ведаў, здаровыя змрочныя мужыкі. Багатыроў не схлусіў. Хлопцам сапраўды трэба было адкупіцца ад Хлюста, толькі цана чалавечага жыцця была не сорак, а сорак пять рублёў. Калі, па загаду сырэйніка, няўдалыя разбойнікі прыйшлі да Алеся — яны былі ў адчаі. Алесь заплаціў доўг. Абяцаў столькі ж за падмогу.І вось чакалі. Ля коней — той, якому Алесь даў у пах (яму ўсё яшчэ было цяжка хадзіць), і той, каго ён выкінуў з брычкі (абышоўся чалавек выцінамі). Астатнія тры сядзелі побач. Рыжы Міхайла, па мянушцы Сямёнаўскі, з распухлым носам. Рабы новавясковец Васька Сноп. І яшчэ сажнёвы прыгажун Шчалканаў з нахабным і дзікаватым тварам. — Гэтага сцеражыцеся, — сказаў Сноп Алесю. — Можа і забіць. Сядзелі і чакалі. Алесь успамінаў зробленае за гэтыя дні. …Андрэя сапраўды прывезлі перад вялікаднем і ў той самы дзень — бо на вялікдзень такога рабіць нельга — білі бізуном у двары Бутырскай турмы. Кірушка не падвёў. Абышлося нават без «ожгу». Праз два дні арыштант мог ісці. Але Загорскі ведаў, чаго гэта яму каштавала, яму, якога ніхто ніколі не крануў іначай як у бойцы, бо дзяцей біць нельга ні бацькам, ні чужым, а стайня — ганьба панскага двара. Даведаўшыся, што ў Бутырках усё больш-менш добра, Алесь паехаў у Рагожскую, каб адмовіцца на тры дні ад паслуг Чыўіна: няма чаго было блытаць старога ў гэтую справу. Быў вялікдзень. На вулках людзі хадзілі з вярбою, а пад нагамі храбусцела малінавае, блакітнае і жоўтае шкарлупінне. І, супернічаючы з ім у бляску, калыхаліся ў паветры вязкі запырсканых сонцам паветраных шароў, нібы налітых небам, сонечным сідрам або крывёй. Прадавалі «амерыканскіх жыхароў», закаркаваных у шкляных слоіках з вадой, — і сонца гуляла ў вадзе. Прадавалі «цешчыны языкі», што разгортваюцца да пояса, калі дзьмухнеш, — і сонца скакала на чырвоных языках. Але чым далей да ўскраіны, тым больш было п'яных у лахманах — і тое ж самае сонца бессаромна гуляла ў прарэхах. Такія жабракі, што і на вялікдзень няма чаго апрануць. Заліты сонцам, заліты блакітным святлом, Алесь стараўся не глядзець на зямлю. І вось убачыў… …Плыў над усім гэтым п'яным свінствам і дзікасцю, над лахманамі і золатам, над зверствам — нятленны, сіні контур Круціцкага церамка. Нешта сціснула Алесева сэрца. Упершыню за многія дні сціснула. Пяшчотай і болем. — Родны мой! Палонны! Святы! Як жа цябе вызваліць? Як ачысціць ад гною і бруду? Як? Ён разумеў жыхароў Рагожскай, што ішлі ў лазню са сваімі тазамі. Не ў тым справа, што з ніканіянскіх грэх мыцца. Усе ўскраіны горада, усе яго гандлёвыя рады, усе раскошныя палацы былі такім гнайніком, што да яго брыдка было датыкнуцца. Дзеці ў лазні гуляюць вадою. Пераліваюць яе слоікамі, рукамі, кубкамі. Нельга, каб яны гулялі вадою ў тым самым тазе, з якога мыўся нейкі там Кірушка, хоць ён усяго халуй тых, што ў агульныя лазні не ходзяць. …І палонны блакіт Круціцкага церамка*. * Круціцкі церамок на Круціцкім падвор'і пабудавалі пры цару Аляксею Міхайлавічу палонныя майстры з Беларусі. Чорт з ім, няхай на вуліцах Рагожскай таксама хапае свінства, і фанатызму, і цемры. Няхай дахі на гэтых вулках, на Цялежнай, Вароняй і Хіве, бурыя ад чаю (бяруць у тракцірах спіты чай, сушаць яго на дахах і, дабаўляючы рознае, робяць «сапраўдны кяхцінскі» чай для простанароддзя — усе гэтыя «рагожскія кітайцы»), няхай на вулках тут лужыны, няхай жыццё закарэлае. Усё адно. Таму што яны трымаюцца ў чысціні, працуюць, таму што іх гоняць, таму што слава тым, каго гоняць, таму што яны вераць, няхай у цёмнае — абы толькі не ў боскасць цароў і іхняга быдла. …І палонны блакіт Круціцкага церамка. Чыўін сустрэў Алесеў прыезд спакойна. — Значыцца, дні тры не будзеш? — Не. — Ну што ж, я задаволены. І тваімі… камісійнымі, і табой. І тым, што ведаеш нас, што разумееш… Значыцца, скора і дадому? — Скора. — Я ведаю. То бывай. — Дзяніс Авакумыч, — ахнуў Алесь. — Ды як вы падумалі, што я знікну? — Справа можа прымусіць. — А я ўсё ж заеду. А каб паверылі, пакіну ў вас Лебедзя і шчанюка. — Ну, глядзі, — павесялеў стары …Незадаволены быў удзелам новавяскоўцаў адзін Кірдун. Бурчаў: — Звязаўся з атрэб'ем, з пазадкамі… Кня-язь… — Кінь. Самому брыдка. — То нашто? — Андрэй — вось нашто. Ён праз мяне, калі падумаць, сеў. А ты згодзішся ўчатырох на этап напасці? На палову ўзвода каравульных? — Усямёх таксама не цукар… — То вось і маўчы. Алесь сам ведаў: рызыка страшная. Дзейнічаць трэба было рашуча, не вагаючыся ані на хвіліну, і нават пры гэтай умове больш шанцаў было на тое, што ім не выйсці жывымі. Іх чацвёра ішлі на гэта свядома. Алесь і Кандрат — як кроўныя, Мсціслаў — з-за Янькі і сяброўства, Кірдун — бо сюды ішоў Алесь. І ён не шкадаваў траіх новых. Самі селі за стол з Хлюстом, самі напалі на брычку, самі павінны былі б загінуць ад нажа, каб не ён, Алесь. Хай плацяць. …І вось ён сядзеў і праз апушчаныя веі бачыў, як блішчыць пад сонцам забрукаваны кавалак дарогі, як — калі павесці вачыма направа — брук скончыцца і пойдзе гразь да самага Ніжняга, увалы і шлях, які то нырае ў лагчыны, то (далёка-далёка) узбягае на грады. А калі паглядзець налева — убачыш голы, але ўжо трошачкі зялёны масіў Ізмайлаўскага звярынца і дарогу. І на дарозе — ані душы. А вунь там абдзертае, іржавае золата купалоў Усясвяцкага манастыра. А на дарозе — ані душы. «Што магло здарыцца з этапам? Чаму не паўзе?» Алесь быў на адпраўцы мінулага этапа. І вось ён сядзеў і ўяўляў. …Жоўты, абдзерты дом ля заставы. Ля яго — ціснуцца. Большасць тых, што праводзіць, адстае ад этапа тут: прыміраецца. А частка адстае унь там, каля «слёзнага» Ляснога вострава за тры вярсты адсюль. Што ісці далей? Не дазваляюць, дый не трэба, усё адно не дапаможаш. І чаму там толькі не засыхаюць бярозы?… Столькі слёз… Назаўсёды разлука. …І вось выводзяць з жоўтага этапнага дома людзей. Вісіць над галовамі галошанне, бабы ломяць рукі, мужыкі глядзяць у зямлю. Пастроілі. Павялі. Наперадзе тыя, у каго кайданы і на руках і на нагах. Потым — тыя, што толькі з ручнымі кайданамі. За імі — тыя, што зусім без кайданоў. А потым вазы з хворымі, дзецьмі, бабамі. Дзяцей таксама вязуць. Божа мой, Божа! Нібы ўся імперыя здымаецца з месца і цягнецца кудысь. Рыпяць колы. Едуць. Як табар. Як татарскія арбы. Як печанежскія вежы. Звіняць ланцугі, стрэльбы вартавых. У гразь і пыл. У спёку і снег. Кожны панядзелак і аўторак. І пойдуць. Пойдуць. А паўз іх будуць пралятаць тройкі са срэбнымі дугамі. Будуць стаяць багацюшчыя пастаялыя двары, бо гэта не толькі дарога слёз, а і дарога «да Макарыя», на кірмаш. І адны будуць везці тавары, а другія ўсю дарогу жыць з міласціны, а таму перад кожнай вёскай зацягваюць «песню літасці», у такт ёй бразгаючы кайданамі. Милосердные наши батюшки, Не забудьте нас, невольников Заключенных, Христа ради! Пропитайте-ка, наши батюшки, Пропитайте нас, бедных заключенных! Сожалейтеся, наши батюшки, Сожалейтеся, наши матушки, Заключенных, Христа ради! Мы сидим во неволюшке, Во неволюшке — в тюрьмах каменных За решетками железными, За дверями за дубовыми, За замками за висячими. Распростились мы с отцом, с матерью, Со всем родом своим, племенем. І так з дня ў дзень цягнецца дзяржава. На таржышчы, у руднік, у магілу. Даколе, Пан Бог!!! Дзеляць як хочуць, шматуюць, гандлююць, аддаюць слабога ў першыя — лепшыя рукі, кідаюць яго, як мяч, не пытаючы, хто ён. Куды вядзеш, дарога? На таржышча? У руднік? Дакуль!!! Кандрат крануў Алеся за плячо і, калі той павярнуўся, спалохаўся ягонага аблічча. — Братка, ты што? — Чаго табе? Кандрат моўчкі паказаў рукою, і тады Алесь зразумеў, што «Милосердная» яму не толькі ўяўлялася. Па дарозе павольна паўзла шэра-жоўтая пляма. Шэрая ад пылу і халатаў. Жоўтая ад абліччаў, рук, ад бубновых тузоў тых, што ехалі на вазах, седзячы спіною да коней. Алесь абвёў вачыма сваіх. Крайні справа, ля падпілаванай бярозы, непарушна стаяў Халімон Кірдун. Трымаў у руках сякеру, прымерваўся да кліна, загнанага ў распіл. Бліжэй, на правую руку ад Алеся, ляжаў са штуцарам у руках Мсціслаў. Павараціў да Алеся твар, засвяціліся сонечныя вочы, падміргнуў. Алесь усміхнуўся, бо гэта магла быць апошняя ўсмешка і таму, хто застаўся, было б балюча. Загорскі глянуў налева. Драпежна глядзіць на прыцэл штуцара Кандрат. На вуснах злая ўсмешка: зараз дарвецца. А яшчэ далей тры «купленыя». Сноп бледны і спакойны. Міхайла шнырае вачыма па калоне. Шчалканаў спакойненька гуляе пістлетам (у яго іх тры). Паўзе, паўзе калона слёз. Рыпяць колы. Дзе тут можа быць Андрэй? Хіба пазнаеш? Ды не, можна пазнаць: яны ж спяваюць. Такі голас можна пазнаць і сярод тысячы. Але голасу не чуваць. Алесь зрабіў знак рукою. Усе паслухмяна апусцілі на нос і рот павязкі. Дзе ж можа быць Андрэй? Вось калона амаль зраўнялася са Шчалканавым… Не, голасу не чуваць. А «песня літасці» гучыць і гучыць. І раптам ён убачыў… …Андрэй ішоў у сярэдзіне другога рада. Ногі, у нажных кайданах, валюхаюць. Ненатуральна рухаюцца клубы. Рукі склаў на грудзях… Бог ты мой, які бледны твар! А вочы, як невідушчыя, глядзяць у неба. І шчыльна самкнёны рот. Не спявае. …Быў поплаў Дняпра, даўно, у дзяцінстве, і голас над поплывам, і разбойнік Война, які тады сказаў: — Спявай, хлопчык, спявай, пакуль даюць. Ах, які быў голас! І на каляды, і тады, калі палілі бадняк, і на поплаве, і на вяселлях, і тады, калі гукалі вясну. Нешта душыла Алеся. Ён махнуў рукою Кірдуну. У наступны момант вялізная бяроза пачала хіліцца, з рыпеннем ірвучы свае жылы, крэкчучы. Нібы кароткі, на некалькі імгненняў, ураган нарадзіўся ў галлі дрэва — і вось яно ўжо ляжала на шляху, перагарадзіўшы яго, заслаўшы рады катаржных пылам. Амаль несвядома Алесь бачыў збянтэжаныя, атарапелыя твары. Вочы надзеі… Вочы жаху… Вочы, што не разумелі. Залп!!! Ён ірвануў нечакана, страшна, як смерць. З самотнай бярозы па той бок дарогі пасыпалася на калону дробнае галлё. Ніхто не паспеў яшчэ нічога зразумець пасля падзення дрэва, а горкі дым пораху змяшаўся ўжо з пылам, што яно ўзняло. Усе атарапелі. Праз дым і пыл Алесь цьмяна бачыў твары канвойных, якія не разумелі, што да чаго. А дробныя пруткі-хлюдзінкі ўсё яшчэ падалі на галовы людзей. І тады Алесь сказаў голасна і цвёрда, нічога не каментуючы, без ценю сумнення ў тым, што яго могуць не паслухаць. Як сказаў бы Вежа. — Канвой! Пакласці зброю! Далейшае адбылося, можа, за нейкую хвіліну, і ніхто, нават сам Алесь, такога не чакаў. Не чакалі, відаць, і яны, нязвыклыя думаць самі, за многія гады прывучаныя падпарадкоўвацца толькі загаду, толькі чужой, мацнейшай волі. Нават не ёй, а чужому, безапеляцыйнаму голасу. Парахавы дым яшчэ плыў над калонай. Павольна-павольна.  Была цішыня. І раптам першы з канвойных, як на аглядзе войск, зрабіў крок наперад. …Дзынкнула аб брук руля першай стрэльбы. Упала побач з калонай даволі вялікая бярозавая галіна. …Другая стрэльба лягла на зямлю… Трэцяя… Чацвёртая… Пятая… На тварах уладароў была неўразумелая, падцягнутая тупасць. Цалкам аднолькавая ва ўсіх, у той час як нават стрэльбы клаліся на брук па-рознаму: адны — мякка, другія — бразгочучы. — Кру-гом! — загадаў Алесь. Ляснулі абцасы. — Шагам арш! Першы крок, здаецца, раздрабіў камяні. Потым размерана — як шчоткай па бычыным пузыры — зашоргалі крокі. Над катаржнымі вісела гнятучая цішыня. Яны збянтэжана глядзелі на канвойных, якія ішлі, як заведзеныя лялькі. І толькі Алесь бачыў, што ў гэтых ляльках было нешта чалавечае: прыціснутыя да бакоў локці. Патыліцы былі напружаныя, зады малайцаватыя, галовы па-заліхвацку закінутыя. І толькі локці, няспрытна прыціснутыя да бакоў, былі чалавечыя. І па іх можна было зразумець што тут не толькі падпарадкаванне, але і боязь атрымаць кулю ў спіну. Боязь гэтая ўсё ўзрастала. І ў напятай цішыні, што аж звінела ў вушах і сэрцы, Загорскі разумеў, што ўся гэтая «божая благадаць» трымаецца на апошняй нітачцы. Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось… І, аднак, цішыня трымалася. Гэта былі абставіны, цалкам не прадугледжаныя інструкцыямі. Маглі быць уцёкі — і тады трэба было страляць у спіну. Мог быць бунт — і тады трэба было страляць па калоне. Кайданнік мог ударыць канвойнага — і тады яго ставілі пад першы лепшы мур або ў першым гарадку вадзілі праз тысячу шпіцрутэнаў. Але не магло, і ніколі не было, і не магло быць нападу на этап. Ніхто нічога не разумеў нават цяпер. Напад! У мірны час! І не ў нетрах, а тут, ледзь не на ўскраіне Масквы. Салдаты зрабілі крок якраз да яе. Аненгофскім гаем, у гарачай смузе выпарэнняў, далёка-далёка, як абманка на дне закуранага таза ў золаташукальніка, гарэлі шматлікія бліскаўкі яе купалоў. Гэтага не магло быць. І ўсё ж цішыня звінела на адной нітачцы. Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось… — Стой! Кладзіся! Крок наперад… Рукамі ў зямлю… Правыя ногі паўзуць назад… Ляглі… У дзесяцёх кроках ад катаржнай калоны ляжала на зямлі няроўная літара «П». Алесь разумеў, што паклаў іх занадта блізка, але нельга, немагчыма было цягнуць далей напятую цішыню. Нельга, немагчыма для нерваў… Кожную хвіліну яна магла сарвацца, і тады… — Катаржныя, стаяць на месцы! Загорскі баяўся тлуму. Але тыя і так стаялі, як саламяныя слупы, разумеючы яшчэ менш, чым варта. Алесь хітнуў галавою ў бок Кірдуна. Кірдун пачаў спускацца па адхоне да стрэльбаў. Вочы канвойных — сінія, цёмныя, бляклыя, тытунёвыя — ад самай зямлі — сачылі за ім. Насцярожаныя, як у зацкаваных звяроў. Яны глядзелі, як спускаецца да стрэльбаў зусім не ваенная, зусім нястрашная постаць аднаго з тых, што асмеліліся напасці на этап, постаць першага, убачанага імі. Кірдун спускаўся, адваліўшы цывільны зад, размахваючы рукамі. І грозна трапятала пад яго дабрэчымі вачыма чорная павязка, а ў руцэ быў калун, якім ён зваліў дрэва. І гэта была памылка. Цішыня абарвалася. Крайні ў адной з ножак літары «П» не вытрымаў. Здаравенны крываногі унтэр. Крутануўся на месцы і — ніхто не паспеў апамятацца, як крайняя з кінутых канвойнымі стрэльбаў была ўжо ў ягоных руках. Сашчэрыліся зубы, нібы унтэр урэшце зразумеў: — Салдаты, гэта ж разбой! Кірдун ішоў проста на рулю, што ўздымалася насустрач яму. Стрэл.  Чакалі, што Кірдун пахіснецца або кінецца ў хмызы, а замест гэтага ўбачылі, як унтэр схапіўся за перадплечча. Загорскі павёў вачыма налева і ўбачыў, як дыміцца штуцэр у руках Кандрата. — Адстраляўся, камрад, — сказаў Кагут. Халімон падышоў да унтэра і ўзяў стрэльбу з паралізаванай рукі. — Так, дзядзька, не трэба, — разважліва сказаў ён. І тут, нібы ў адказ на стрэл, запознена загаласілі бабы на вазах, зараўлі катаржане, заплакалі дзеці. Паміж варты, што ляжала на зямлі, аддаўся крык: — Гэта разбой! Што вы ляжыце? У ружжо!!! Алесь загадаў даць другі залп. Зноў паверх галоў. І, калі свіст куль нібы адсек голас, рэзка крыкнуў: — Ці-ха! На дапамогу Кірдуну спускаліся ўжо Сноп і Міхайла. Шчалканаў гуляў пісталетамі, па чарзе прыцэльваючыся ў салдат. Цішыня. Толькі недзе плача дзіця. Жаласна і ціха, як кацяня. Алесь устаў. — Усе, хто працягне руку за зброяй, будуць забітыя на месцы, — сказаў ён. — Тыя з этапа, што стануць парушаць парадак і перашкаджаць справе — таксама. Усім сядзець і чакаць сваёй чаргі. Людзі сабралі зброю і, пакінуўшы яе пад даглядам Кірдуна, сталі над вартай. Унтэр пагойдваўся, трымаючыся за руку, выскаляў зубы. — Баба, — загадаў Алесь адной з катаржанак, — перацягні яму рану. Тая боязна — бачком паўз Алеся — падалася да параненага. Надта ўжо грозна глядзелі вочы над павязкамі. Алесь адчуў раптам страшэнны позыў да таго, каб памачыцца. Яму стала нясцерпна сорамна. Намаганнем ён стрымаў сябе і тут убачыў, што ў гэты самы непадыходзячы момант Мсціслаў і Шчалканаў робяць тое самае. Робяць, не саромячыся нават таго, што, магчыма, нейкая баба з вазоў бачыць іхнія спіны сярод дрэў. І тут ён зразумеў, што нічога саромнага тут няма. Сямёра супраць паловы ўзвода. Неабстрэляныя хлопцы супраць ваякаў. Нічога саромнага тут не было. І тады прыйшла радасць. Такая вызваленая, што Алесь затрымцеў. — Катаржане, — глуха сказаў ён. — Той, хто хоча ўцякаць, хто можа ўцякаць, хто абдумваў уцёкі — можа зараз скарыстацца з гэтай магчымасці. Хто не думаў над гэтым, але каму пагражаюць руднік або смерць — таксама. Я патрабую толькі аднаго: парадку. Мы здымем з вас кайданы, але той, хто будзе пнуцца наперад усіх, — здыме іх апошні. У галаве калоны сядзеў ужо Аляксандар Шчалканаў захутаны, як бедуін, пабрынкваў вязкай адмычак. Салдат паднялі і пад рулямі павялі ў гай. Зноў паклалі на траву.За імі, але трохі ў другі бок, папоўз этап. Апошнія вызвалілі дарогу вазы: перавалілі канаву і з рыпеннем пацягнуліся ў гушчар. Алесь паглядзеў, ці добра сочаць за салдатамі (іх, на ўсякі выпадак, перавязалі і паклалі квадратам), і пайшоў да вязняў. Там ужо ваўсю ішла праца. Шчалканаў перабіраў адмычкі, з бліскавічнай хуткасцю шукаючы патрэбную, камбінуючы іх, час ад часу весела пазвоньваючы імі. Загорскі абвёў вачыма вязняў і ўбачыў, што Адрэя між іх не было. І гэта было добра. Значыцца, яго ўжо ўмыкнулі хлопцы. Яны дамовіліся, што гэта будзе зроблена непрыкметна, каб ніхто не ведаў, дзеля каго быў зроблены напад на этап. А новавяскоўцы не скажуць. Звязаныя па руках і нагах, павінныя ў падвойным разбоі, а значыць, і ў падвойным пакаранні. — Людзі, — сказаў Алесь. — Цяпер ужо не катаржане, а людзі. Падумайце добра. Я раіў бы пайсці ўсім. Хто пападзецца, а хто і не. Адсюль нямераныя дарогі. На Ўладзімір, і Ніжні, і Кержанец, і налева, на Растоў Вялікі, Пераяслаў, Волагду, Архангельск. А калі за Волгай павернеце — то Вялікі Ўсцюг і Перм… Думайце хутчэй. Канваіраў патрымаем да вечара… Хто не будзе ўцякаць? Знайшлося чалавек восем. — Ну вось. Астатнія — ідзіце. Падалі кайданы. І гэта была найлепшая для слыху музыка. РАЗДЗЕЛ ІХ Сонца сядала. Калоднікі даўно разышліся ў розныя бакі. Тыя, што не захацелі ўцячы, сядзелі каля салдат. Прарыпелі вазы. На месцы вызвалення засталася купа кінутых халатаў ды яшчэ паўсюль, як змеі, блішчалі ў траве кінутыя кайданы. Нібыта распаўзлося кубло. Шчалканаў паматваў кісцямі рук: — Гэх, работачка крывая, прыгож-жая! І разбягуцца ж яны цяперака, літасцівенька, як тарганы. Алесь падумаў аб тым, колькі мужыкоў сёння не далічыцца на вяроўках кашуль і портак, — і ўсміхнуўся. — Хадзем, Шчалканаў. — Гэ-эх, бар-рын, святы ваўчок. Вызваліў ты нас ад Хлюста. Ці вызваліш ад Хваста? — А хто за вамі пацягнецца? Імя ты майго не ведаеш. А каб і ведаў — каму сказаў бы? За табою, брат, падвойны хвост. — Ведаю, — Шчалканаў прыплясваў. — Эх, чынчаль-мінчаль, хлюст мазепа. Табе хіба катарга, а мне яшчэ за разбоі па белай спінушцы ды тысяча палачак… А што, калі я на гэта не ўважу? — Не ўважай, — спакойна сказаў Алесь. — То ж бо… Ды чорт яго ведае, адкуль цябе Багатыроў выкапаў?… А гэта, брат, крэмень!… Калі нехта з нас брынкне языком — горш чым ад Хлюста не жыць нам. Кругавая парука… Дый потым: Сноп з Міхайлам мяне таксама ў такім разе за бессаромнасць прырэжуць… Гэта мужыкі строгія… — Зладзейскае тваё сумленне, — сказаў Алесь. — Няўжо толькі гэта цябе і стрымлівае? Шчалканаў нечакана сур'ёзна паглядзеў на яго. — Не, — падумаўшы, сказаў ён. — Яшчэ тое, што я ў гэтым тваім учынку выгады не бачу. Ну адбіў, ну адпусціў усіх. А далей што? Якое-такое золата здабыў? Га? Касыя праменні сонца стрэламі білі ім у твар. Маладзенькі пырнік шастаў пад нагамі. Прабіваліся з яго скручаныя, як дэка старой віёлы, парасткі папараці. — Адкрыйся, — нечакана папрасіў Шчалканаў, і ў вачах ягоных Алесь раптам убачыў састарэлую ваўчыную тугу. — Чаму не. Ён ведаў, што чымсьці вінен і перад гэтай душой, якая паяснічала, але і тужыла, як усе. — Я з казанскіх, — сказаў Алесь. — Матухна мая па старому сагласію. Аднойчы мяне беглы катаржнік вызваліў са страшэннай бяды… Я забыў… А тут прыйшоў матчын час, а незадоўга перад гэтым пасыпаліся на радзіну беды. І вось маці паклікала ды на смяротным адры і ўзяла абет, што буду жыць, каб нікому не было балюча… А што я паслугу забыў, а таму прыйшло няшчасце і майму дому і сябрам бліжэйшым — то ўзяла слова, што вызвалю, колькі здолею, такіх самых няшчасных… Вось я і зрабіў — «у выкананне абяцанага». Шчалканаў глядзеў трывожна: — Казка? — Не, не казка. Гэта сапраўды не была казка. Хіба што абставіны былі другія. І Шчалканаў, па тону сказанага, зразумеў, што гэта не казка, паверыў. — Ну вось. А тут трынды-бярынды, бліны жаруць, снахачы-смаркачы. Недзе там усё ёсць, хоць бы ў Казані, дзе грыбы з глазамі, як ядуць, то плачуць слязамі. А тут Хлюст. Недзе — град Кіцеж. А тут мамаі ахотнарадскія грызікаў вуцюжаць… Гэх, чынчаль-мінчаль, жаўцякі для прыслугі — рыжыкі для сябе — пробель для цешчы. Ён прыскокваў: — Пасля лазенкі сам-та груздочкаў з лучком ды з масліцам абажаець. Куды как добра… Ікоркай-це на вербнае пабалавацца, хрысціянску-це душу з'еўшы. — Што гэта ты па-чалавечы не гаворыш? — Разрашаем сабе ў благавешчанне рыбкі пакушаць… Багадзельню-це абкраўшы, вялікі пост у благачэсціі правесці. — Ты што? — Абрыдла мне ўсё, — сказаў Шчалканаў. — Жывадзёрня багатыроўская бацьку майму належала — абрыдла. Усё абрыдла. Жыццё толькі пакуль сваё не абрыдла — і за гэта, за тое, што ад Хлюста вызваліў, — дзякуй. Але і яно неадменна гады праз два абрыдне. Голас Шчалканава быў глухі. — І тады я нешта дзікае зраблю. Зарэжу каго-небудзь, ці што. А сам пайду ў тракцір, чай піць. І прыйдзе па мяне хажалы: «Аляксандар Канстанцінавіч, цябе ведзь велена ўзяць». — «На». — «Не, ты лепей сам». — «То не перашкаджай чалавеку чай піць». І выдую пры ім тры самавары, хаця чаю гэтага бачыць не магу. А потым скажу: «Хрэн з вамі, падлы замаскварэцкія, хадзем, абрыдла ўсё». Алесь не ведаў, што чалавек, які ішоў побач з ім, літаральна так і зробіць, так і разыграе ўсё праз пару год. Але ён бязмерна паверыў шчырасці, якая прагучала ў словах Шчалканава. — Не дуры. — Я тады разумнейшы ва ўсім гэтым горадзе буду… Гэх, вось сёння было жыццё!… Па абету, значыць? — Па абету. — Спадобіўся, значыць, і Шчалканаў… У-ух, сокалы залётныя! Яны выйшлі на паляну, на якой ляжалі салдаты пад аховай Кірдуна. — Гэй, кіслая воўна! — Шчалканаў мацаў вузлы на руках і нагах. — Не варушыцца, не качацца, да раніцы не крычаць. Хто закрычыць — самма-лічна прырэжу. Браў з рук Кірдуна анучкі і спрытна заторкваў кожнаму рот. — Вось так, ляжы, разумны… Не бойсь, Чухлама… Унтэр, калі да яго дайшло, вылаяўся цяжкім, зацяжным матам. — Ну-ну, — сказаў Шчалканаў. — Ай, малайчына! Вылайся яшчэ — да раніцы не давядзецца. Сапраўды, пачакаў, пакуль той вылаецца, і толькі потым заторкнуў рот і яму. …Пайшлі з паляны ўтрох. Кірдун імкнуўся трымацца ў баку ад Шчалканава. А той ішоў, нібы з яго вынялі ўсе косткі, абмякла шоргаў нагамі па траве. І толькі калі падышлі да схаваных у гушчары троек, раптам ажывіўся: — А тваіх няма. — У гушчары сядзяць, — сказаў Алесь. — І правільна. Зараз я гэтых новавяскоўцаў адклічу. Свіст аддаўся над дарожкай. Той, пасля якога коні падаюць на калені. Кірдун заціснуў вушы. А Шчалканаў заварочаў суздальскімі вачыма, засмяяўся: — Вось яно як. Хлопцы, сюды! Новавяскоўцы скочылі з козлаў, ламіліся патроху праз гушчар. Падышлі. Сталі каля Алеся, Шчалканава і Кірдуна. Алесь глядзеў на рыжага Міхалку Сямёнаўскага, на Ваську Снапа, на ўсіх іншых, якія ледзь не пазбавілі яго жыцця, а сёння сумленна дапамаглі зрабіць смяротна небяспечную справу. — Ну вось, чынчаль-мінчаль, — сказаў Шчалканаў. — Што зроблена, тое зроблена. Цяпер справа наша старонняя. Цяпер нам у тракцір пад назвай «А я ўвесь час тут». У «Воўчую даліну». Нічога мы не бачылі, нічога не чулі. — Там Хлюст, — сказаў Міхайла. — Хлюсту грошы ў зубы, а нож у бок… І вось яшчэ што: калі нехта пачне выхваляцца, я яму сам Хлюстаў падаруначак паднясу. — Глядзі, як бы нам табе не давялося такога гасцінчыка даваць, — усміхаючыся, сказаў Сноп. Шчалканаў выпраміўся. — Не будзе гэтага, андроны… Ну, хадзем. — Чакайце, хлопцы, — сказаў Алесь. Ён дастаў грошы. — Бярыце яшчэ па пяцьдзесят. — За што? — спытаў Сноп. — За тое, што ў тым яры мяне не дабілі, — сказаў Алесь. — Падзяка, так бы мовіць. Новавяскоўцы зарагаталі. Узялі. Пагойдвалі галовамі. Алесь працягнуў крэдытку Шчалканаву. Але той раптам уздыхнуў і мякка адвёў Алесеву руку. — Не. — Чаму? — А я жаўцякоў для прыслугі купляць не збіраюся… Абет ёсць абет… Задуменна пакруціў галавою. — Гэх, казанскі! Вось гэта жыццё!… Ну, казанскі, цалавацца не будзем, а то яшчэ ненарокам кусану за тое, што сваім жыццём жывеш… Не жыццё ў цябе, казанскі, а Кіцеж… А руку дай… Князь і разбойнік падалі адзін аднаму рукі. Шчалканаў нейкім адчайным, сутаргавым рухам сціснуў Алесеву руку. Потым рэзка адкінуў. — Усё. Бывай, казанскі. І пайшоў не азіраючыся. Новавяскоўцы рушылі за ім. Нізкае сонца зырка гарэла за імі, і яны здаваліся не постацямі з плоці і крыві, а проста цёмнымі сілуэтамі, выразанымі з кардону: рухомыя лялькі з тэатра ценяў. Зніклі. Кірдун і Алесь павярнуліся і пайшлі да коней. Скручаная папараць. Салатная пад сонцам трава. Толькі тут Алесь адчуў, як яму не хапала ўсе гэтыя гадзіны Андрэя Кагута. Ён мусіў стрымлівацца, каб усё было лепей, ён быў у гэтыя часы не проста чалавек, не брат і не друг, а галава. Ён не мог пасадзіць вызваленага ў брычку і — махнуць да ўсіх д'яблаў. …А людзі між тым выйшлі з лесу і стаялі ля запрэжак. І сярод усіх Алесь, усё паскараючы крокі, убачыў Андрэя, які стаяў нерухома, быццам адмовіліся слухацца ногі, і толькі недарэчна гладзіў сябе па грудзях. — Вось і я, — сказаў Алесь. — Вось і я, братка… Быў поплаў, і на ім звінеў голас… Былі ловы, калі чалавек з гэтым голасам перавозіў цераз Дняпро Галінку Кахно… Быў бунт, калі гэты голас умаўляў Кандрата… Быў кірмаш, на якім гэты голас спяваў Алесеву песню… Было Балота, на якім білі пугай чалавека з такой падобнай патыліцай. І вось перад ім стаяў чалавек з сінімі вялізнымі вачыма, са змучанай, добрай, амаль жаноцкай усмешкай. Друг, брат, дарагі чалавек. — Алесь, А-лесь, — сказаў Андрэй. Ён зрабіў крок, і ногі рухаліся ўсё яшчэ ненатуральна, хаця ён быў пераапрануты ў запасны Алесеў гарнітур. Абдымаючы адзін аднаго, яны маўчалі. І сярод усіх, здаецца, не плакалі толькі яны. …Колы спачатку скакалі па карэннях на лясной дарозе, потым прашалахцелі праз шлях, потым каціліся полем, потым — ужо ў змроку — шалёна калаціліся па байраках і каранях на дарозе ў Ізмайлаўскім звярынцы. Імкнуліся насустрач дрэвы. Веснія зоры гарэлі ў галлі. А два чалавекі ў задняй брычцы ўсё яшчэ маўчалі. І гэтае маўчанне было маўчаннем такой блізкасці, якая рэдка бывае між людзьмі. І толькі калі блізкая была ўжо лапцеўская падстава, Андрэй раптам сказаў: — Двух рэчаў не забуду, Алесь. Таго, што ты сёння зрабіў, і яшчэ двара Бутырскай турмы. — Мо не трэба? — Трэба. Апошні раз. Каб ведаў. Потым ужо не буду. — Ну, — сціснуў у цемры ягоную руку Алесь. — Разумееш, двор. І тут вежа. А ў ёй, кажуць, Ямелька Пугачоў сядзеў. Голас Андрэя раптам пачаў зрывацца. — Я не Пугач. Я маленькі чалавек. Мы ўсе маленкія людзі. Давалі б нам зямлю араць ды спяваць сваё не перашкаджалі. Я араў. Усё жыццё араў. І аднойчы заспяваў. І атрымалася: я — Пугач. Атрымалася: досыць заспяваць. — Песня, брат, была не з мірных. — Ведаю. Для іх. А мне што? Ну няхай яна для іх нямірная. А мне што?! Для мяне, для цябе, для яго ёсць у той песні зло? Няма. То што нам да іхняга гневу?! Ён скрыгануў зубамі. — Мы гаспадары. Не салдаты, а мы. Дык што нам ад іхняга гневу? Чаго яны прыйшлі. Хто іх клікаў? Што ім да маёй песні?… А мяне вывелі ў двор. Барабаны б'юць. Кірушка з пугай куражыцца: «Гэй, бульба, ану, заспявай». — Ён быў падкуплены. — Пэўна так. Бо астатнія з першага ўдару ранялі галаву. Але крычаць прымусіць — гэтага яму хацелася. «Спявай, бульба катаржная, спявай». А я маўчу. Я ўвесь этап маўчаў… Адвязалі мяне ад кабылы, адвялі ў клетку. Вядуць, а ў Кірушкі вочы крывёю наліліся. Кажа вартавому: «Шкадую, што звязаўся тут з адным. Спяваць не хоча, то хай бы маўчаў давеку». Замкнулі мяне, і тут я прытомнасць ад ганьбы страціў. А потым усю ноч сяннік зубамі кусаў. Мяне іначай як у бойцы не білі. Не б'юць у нас дзяцей. — Бачыш, — сказаў Алесь, — была б стайня, то, можа, і прывык бы. І як гэта мой прадзед Акім з дзедам Вежам так схібілі? Ай-я-яй! — То гэтага я не забуду. Не забуду я гэтага, Алесь. — Нічога, — сказаў Загорскі. — Цяпер ужо нядоўга. РАЗДЗЕЛ Х Вечарам наступнага дня Алесь ехаў з Рагожскай на Смаленскую заставу. Дзіўны, упершыню за многія месяцы, спакой валодаў ягонай душою. Усё было зроблена. Зброя была закуплена. Уцекачы раніцай паспяхова селі на цягнік (пасля «лапцеўскай» падставы Алесь не шкадаваў грошай на коней, узятых з пастаялых двароў). Яны вылезуць з яго недзе ў Дне і пойдуць дабірацца да Прыдняпроўя ямскімі коньмі. Усё было зроблена. І разам з заспакаеннем у душы жыла пустэча. Разам з Алесем сядзеў у брычцы Чыўін. Сумна глядзеў, як схілялася за дамы сонца. Маўчаў. І толькі часам звяртаўся да Лебедзя, што ляжаў на дне брычкі і драмаў, паклаўшы на Алесевы ступакі трачаную молем галаву. — Сабака, ты сабака й ёсць. Паглядзеў бы на першапрастольную апошні раз бачыш. Будзеш там сабе па траўцы зялёнай бегаць ля веткаўскіх скітаў — шчасце тваё. Макар на козлах толькі галавою круціў. — Тваё жыццё скончана, як маё… А ўсё ж пад канец падыхаеш. А вось гэтаму сукіну ўнуку — гэтаму шчасце… Шчанюк, падораны Багатыровым, ехаў на запятках, разам з багажом, у прасвідраванай скрыні. — Гэтаму — радасць. І не будзе ён на запечатленныя нашы алтары глядзець. І не будзе ён бачыць усёй гэтай брыды. Бугаёў яму не цкаваць, на «скверным» двары не жэрці. А што яму? Бог яму несмяротнай душы не даў. Сабака сабака ёсць. Алесь пакасіўся на яго і зразумеў, што стары пакутліва крыўдуе. — Дзяніс Авакумыч… Вось дзівак… Кіньце вы… Я ж вас ніколі не забуду. — Гэх, князь, забудзеце. Усё чалавек забывае. Дый я сам вінаваты. Дазволіў сабе прывязацца. А для старога такая штука — рэч недаравальная. Хмыкнуў. — Паехаў бы я з вамі на Ветку. — То паедзеш… Сапраўды, паедзеш… — Позна. У Рагожскай мая сям'я, у Вавілоне гэтым маё нараджэнне. У ім і мая смерць. Усе маўчалі. Алесь глядзеў на захад, які палымнеў над гэтым горадам пакуты, і ўспамінаў. Цёмныя вуліцы… Раскоша «сіці»… Закасцянелыя ад пыхі барскія палацы… Ялейныя і тлустыя, як свінні, манахі на Нікольскай… Страшны смурод Зараддзя… Лахманы… Увесь гэты бедны, азвярэлы ад голаду і цемры народ… Мумія «цара-фараона» пад гнілым снегам… Будачнікі са сталамі на галовах… Слепакі пад мурамі Крамля. Нават напалеонаўскі пажар не выпаліў усяго гэтага. На папёлах вырасла тое самае свінства, прыгнёт, карупцыя, агульная прадажнасць. Куды ж падзецца ад усяго гэтага? Які яшчэ гэтаму Вавілону потрэбен пажар? Жанчына з мятлой… Страшныя скаргі «бубнаўскай дзіркі»… «Воўчая даліна» з яе трупамі… Паддзячыя, якім аддадзена ў рукі правасуддзе і літасць… Дагамейскі прынц, які крычыць аб справядлівасці на невядомай мове, і простыя, якія крычаць аб тым самым, але іх ніхто не разумее. Брычка каціла Васкрэсенскай плошчай. Барва ляжала на будынках: слабая — на белым будынку ўрадавых устаноў, цякучая — на струменях водаразборнага фантана, крывавая — на мурах Крамля. Эшафот на Балоце. Калясніца, што паўзе да яго. Твар гарадскога ката. Мядзведзі з выкалатымі вачыма. Знемагаючы бык, што ідзе насустач сонцу. Алесь пачуў гукі песні, і яму здалося, што ён трызніць. Не, памылкі не было. Каля чырвонага струменя вадамёта стаяў стары ў белай світцы і магерцы. На плячы ў яго вісела віцебская валынка. Пад нагамі, абутымі ў поршні, ляжалі два медзякі. Узвёўшы вочы, стары спяваў. — Гэх, — раптам сказаў Макар, — валынка ды гудок, сабяры наш дамок. Саха ды барана, разарылі нашы дама. Спыніць, ці што, княжа? — Спыні. Брычка стала. Выцягнуты, увесь белы ў бездакорна чыстай світцы, белы, як дзед Кагут у белым садзе, белы, як той лірнік, ля якога яны пазнаёміліся з Кастусём, стары спяваў: Апошняя ў свеце Гадзіна настала, Бедная сіротка Без маці застала. Алесь схіліўся і паклаў яму на валынку тры рублі. Што ён мог? Больш застанецца - У заслугу пойдзе. Якія маленькія - Прапалі давеку. У запляваных, прасякнутых горам, подласцю, прыгнётам і крывёю мурах білася, знемагаючы, крынічка песні. Стары спяваў, як уся гэтая зямля, начыста, яшчэ пры нараджэнні, пазбаўленая шчасця. Стрэў Пан Бог сіротку: «А куды ідзеш ты?» «Матулькі шукаці». Алесь сціснуў плячо Макара, каб той ехаў. Гора і гнеў душылі яго. А за спіною білася, паміраючы, палонная песня. …За заставаю развітваліся. Макар пераступаў з нагі на нагу, муляўся. Потым ціха сказаў: — А шкада, што я не ў вас. — І раптам усміхнуўся: — Во, княжа, што яшчэ здарылася. Этап нейкія чэрці ўчора раніцой разбілі, сакалінцы катаржныя. Усіх чыста паразвязвалі ды параспускалі. А салдат хапіліся толькі сёння, апоўдзень. Пачалі шукаць — усе чыста звязаныя. — Гэта цікава, — сказаў Алесь. — І невядома, хто зрабіў. — А чорт яго ведае. Галоўнае, выгоды ніякай. Замотаныя нейкія. Проста так, відаць, з азарства. — Спаймалі кагосьці? — Спаймай іх… Гэта ж паўтара дня мінула ці яшчэ больш. У тых, відаць, ад страху крылы павырасталі. Цяпер між імі і тым месцам сама меней сотня вёрст. — Бывай, Макар. Я рад. Макар адышоў. — Ну, давай, — сказаў Чыўін. — Давай я цябе нашым… Рагожскім. Перахрысціў двуперсна. — І ведаеш… Ты тады гэтым… неграм — і за мяне. І за мяне, сынок. За алтары запечатленныя. За ўсю нашу рагожскую старую веру. …Ямскі экіпаж каціўся шляхам. Першыя зоры загараліся над галавою. Білі ў маладых жытах перапёлкі. Алесь гладзіў галаву Лебедзя, і ўспамінаў, і заплюшчваў вочы, як ён. Калі васьмю месяцамі пазней людзі ў ярасці крычалі: «Зброі!», крычалі, сціскаючы пустыя кулакі, адзін з нямногіх, хто здолеў адказаць на гэты крык, быў князь Аляксандар Загорскі. Зямля атрымала зброю.