--------------------------------------------- Де Мопассан Ги Пасаг (на белорусском языке) Гi дэ Мапасан Пасаг Пераклад: Сяргей Мурашка Шлюб мэтра Сiмона Лебрумана i панны Жаны Кардзье нiкога не здзiвiў. Мэтр Лебруман нядаўна купiў натарыяльную кантору пана Папiёна, i, ведама, патрэбны былi грошы, каб заплацiць; а панна Жана Кардзье мела трыста тысяч франкаў гатоўкаю - банкнотамi i чэкамi на просьбiта. Мэтр Лебруман быў прыгожы хлопец. У iм была нейкая шыкоўнасць, шыкоўнасць, уласцiвая натарыусу, шыкоўнасць, можа, трохi правiнцыйная, але ўсё ж такi шыкоўнасць, што не часта сустрэнеш у Буцiнi-лё-Рэбур. Панна Кардзье мела вабнасць i свежасць, вабнасць трохi сарамлiвую i свежасць трохi пабляклую, але, увогуле, яна была пяшчотная i прынадная прыгажуня. На вяселле збеглася паглядзець усё мястэчка. Усiм спадабалiся маладыя, якiя вярнулiся пасля царквы схаваць сваё шчасце пад шлюбны дах, вырашыўшы зрабiць кароценькую вандроўку ў Парыж пасля некалькiх дзён кахання. Днi гэтыя былi чароўныя, бо мэтр Лебруман змог адразу надзiва спрытна, далiкатна i ладна абыходзiцца з жонкай. Яго дэвiз стаў: Памаленьку - далей зойдзеш". Ён быў цярплiвы i дзейны адначасова. Жонка ўсёй душой i адразу пакахала яго. Праз чатыры днi панi Лебруман абагаўляла мужа. Яна больш не магла без яго, прагнула песцiць, цалаваць яго, тузаць за рукi, бараду i г. д. Яна сядала яму на каленi, бралася за вушы i казала: "Разяў роцiк, заплюшч вочы". Ён даверлiва падстаўляў рот, мружыў вочы i адчуваў даўгую салодкую бусю, ад якой яго праймалi дрыжыкi. А яму, яму таксама не хапала пяшчоты, вуснаў, рук, усяго сябе, каб цешыць жонку з ранку да вечара i з вечара да ранку. * * * Як толькi мiнуў першы тыдзень, ён сказаў маладой жонцы: - Калi хочаш, паедзем у Парыж у тую сераду. Пагуляем, як закаханыя перад вяселлем. Сходзiм у рэстараны, у тэатр, у кабарэ, паўсюль-паўсюль. Яна аж падскочыла ад радасцi: - О, добра, ой, як добра, едзем хутчэй. Ён сказаў: - Бо як нiчога не трэба забываць, дык ты папярэдзь бацьку, каб ён сабраў увесь пасаг. Я вазьму яго з сабой i адразу заплачу грошы мэтру Папiену. Яна адказала: - Я пагавару з iм ранiцай. I ён падхапiў яе на рукi, каб зноў нацешыцца ў мiлай гульнi, што так прыйшлася ёй да смаку за| апошнi тыдзень. У другую сераду цесць з цешчай праводзiлi на вакзал дачку з зяцем, якiя выбралiся ў сталiцу. Цесць казаў: - Клянуся, вялiкая рызыка браць з сабою такiя грошы. Але малады юрыст усмiхнуўся. - Нi пра што не хвалюйцеся, тата, - казаў ён, - я да ўсяго звыклы. Разумееце, з маёй прафесiяй мне часам надараецца трымаць у кiшэнi мiльён франкаў. Такiм чынам мы абмiнаем безлiч фармальнасцей i не марнуем часу. Не бярыце гэтага да галавы. Кандуктар крыкнуў: - Пасажыры на Парыж - па вагонах! Яны прайшлi ў купэ, дзе ўжо сядзелi дзве старыя кабеты. Лебруман шапнуў жонцы на вуха: - Шкада, не змагу закурыць. Яна цiхенька адказала: - I мне вельмi шкада, але зусiм не таму. Цягнiк даў свiсток i паехаў. Яны ехалi гадзiну i амаль усю дарогу маўчалi, старыя так i не заснулi. Калi яны апынулiся пад дахам вакзала Сэн-Лазар, мэтр Лебруман сказаў жонцы: - Хочаш, дарагая, сходзiм спачатку паснедаем на бульвары, а пасля спакойна вернемся па багаж i паедзем у гатэль. Яна адразу згадзiлася: - О! Добра, паснедаем у рэстаране. А ён далёка? Муж адказаў: - Ага, далекавата, але мы паедзем у омнiбусе. Яна здзiвiлася: - А чаму не на фiякры? Ён дабрадушна забурчаў: - Бач якая ты зборлiвая, браць фiякр на пяць хвiлiн дарогi, кожная хвiлiна - шэсць су, багата жывеш. - I праўда што, - трохi сумеўшыся, сказала яна. Мiма якраз праязджаў вялiзны омнiбус, якi цягнулi трое коней. Лебруман крыкнуў: - Кандуктар, гэй, кандуктар! Непаваротлiвая махiна прыпынiлася, i малады натарыус падштурхнуў жонку, сказаўшы ёй: - Прайдзi ў сярэдзiну, а я залезу наверх, выкуру перад снеданнем хоць адну цыгарэту. Яна не паспела адказаць, бо, каб дапамагчы ўскочыць на прыступку, кандуктар падхапiў яе пад руку i ўцягнуў у салон. Ашаломленая, яна ўпала на лаўку i, збянтэжаная, убачыла праз задняе акно ногi мужа, якi караскаўся на iмперыял. Маладая жанчына апынулася памiж тоўстым панам, якi пахнуў люлькай, i старой, ад якой патыхала сабакам. Астатнiя пасажыры, якiя моўчкi сядзелi радком, - служка з бакалейнай крамы, работнiца, сяржант-пехацiнец, васпан з залатымi акулярамi i ў ядвабным капелюшы з вялiзнымi, закручанымi ў трубку палямi, дзве самавiтыя надзьмутыя панi, што нiбы казалi сваiм выглядам: "Мы тут, але не раўнуйце нас з тымi", дзве манашкi, проставалосая дзяўчына i далакоп - былi падобныя на збор карыкатур, на музей гратэскаў, здавалiся галерэяй шаржаў на чалавека, камiчнымi лялькамi, у якiх страляюць у кiрмашовых цiрах. Ад хiстанняў омнiбуса галовы пасажыраў матлялiся i гойдалiся, трэслася друзлая скура на шчоках; колы падскоквалi, i людзi здавалiся ачмурэлымi i соннымi. Маладая жанчына адчувала млявасць. "Чаму ён не пайшоў са мною, - думала яна. Яе прыгнятаў несвядомы сум. Ён, пэўна, мог бы абысцiся без гэтай цыгарэты". Манашкi далi знак спынiцца i злезлi, пакiнуўшы па сабе прэсны пах старых спаднiц. Омнiбус паехаў i зноў спынiўся. Увайшла чырвоная, задыханая кухарка. Яна села i паставiла на каленi кошык. На ўвесь салон моцна тхнула памыямi. "Едзем далей, чым мне здавалася", - падумала Жана. Далакоп выйшаў, i на яго месца сеў фурман, ад якога патыхала стайняй. Месца проставалосай заняў пасыльны, ад ног якога бiў пах усёй яго дзённай хаднi. Жане было кепска, моташна, i немаведама чаму ёй хацелася заплакаць. Адны людзi выходзiлi, другiя сядалi на iх месцы. Омнiбус ехаў па бясконцых вулiцах, спыняўся на прыпынках, зноў ехаў. "Так далёка, - думала Жана. - Толькi б ён не прамiнуў гэтага рэстарана, толькi б не заснуў. Ён так стамiўся за апошнiя днi". Трохi-патроху вагон пусцеў. Яна засталася адна, зусiм адна. Кандуктар абвясцiў: - Важырар! Жанчына не ўставала з месца, i ён паўтарыў: - Важырар! Яна паглядзела на яго, разумеючы, што гэта сказалi ёй, бо нiкога больш не было. Мужчына паўтарыў трэцi раз: - Важырар! Тады яна спыталася: - Дзе мы? Ён грубавата адказаў: - Важырар, Божа мой, па дваццаць разоў вам казаць! - А гэта далёка ад бульвара? - сказала яна. - Ад якога? - Ды ад Бульвара Iтальянцаў. - Мы даўно яго праехалi! - Хiба! Паклiчце, калi ласка, майго мужа. - Вашага мужа? А дзе ён? - На iмперыяле. - Наверсе? Там даўным-даўно нiкога няма! Яна схамянулася. - Як гэта? Не можа быць. Мы селi разам. Паглядзiце лепей, ён мусiць там быць! Кандуктар пачаў злавацца: - Слухай, малая, досыць балбатаць, аднаго згубiла - дзесяць знойдзеш. Злазь, прыехалi. Падбярэш сабе другога на вулiцы. Слёзы паказалiся ў яе на вачах, яна зноў папрасiла: - Але ж, пане, вы памыляецеся, я ведаю, вы памыляецеся. У яго пад пахай быў тоўсты партфель. Кандуктар засмяяўся: - Тоўсты партфель. Але ж i праўда, ён выйшаў на Мадлен - ён ад вас уцёк. Гi-гi-гi!.. Омнiбус стаў. Яна выйшла i мiжволi, iнстынктыўна, зiрнула на дах. Там нiкога не было. * * * Яна раптам заплакала i, не зважаючы, што яна на вачах у людзей, сказала: - Што ж мне цяпер рабiць? Падышоў iнспектар транспартнага бюро. - Што тут такое? Кандуктар з'едлiва адказаў: - Гэту даму па дарозе кiнуў муж. Той сказаў: - Хай сабе, не дзiва, займiцеся вашымi справамi. I павярнуўся спiнай. А яна пайшла куды вочы глядзяць, збянтэжаная, не разумеючы, што здарылася. Куды iсцi? Што рабiць? А ён, што з iм? Адкуль такая няўважлiвасць? У яе заставалiся два франкi. Да каго пайсцi? I раптам яна згадала пра свайго стрыечнiка Бараля, намеснiка загадчыка аддзела ў Марскiм мiнiстэрстве. Грошай якраз хапала на фiякр, i яна назвала яго адрас. Яна пераняла Бараля, калi той iшоў у мiнiстэрства. Як i Лебруман, ён трымаў пад пахай напакаваны партфель. Яна выскачыла з фiякра i гукнула: - Анры! Ён здзiўлена спынiўся. - Жана?.. тут?.. зусiм адна?.. Што вы тут робiце, адкуль вы ўзялiся? З вачамi, поўнымi слёз, яна пралепятала: - Я толькi што згубiла мужа. - Згубiлi? Дзе? - На омнiбусе. - На омнiбусе?.. Божа! З плачам яна расказала яму пра здарэнне. Ён задумлiва выслухаў яе i спытаўся: - Ранiцай ён быў зусiм нармальны? - Зусiм. - Добра. Цi шмат грошай у яго было? - Шмат. У яго быў мой пасаг. - Ваш пасаг?.. Увесь пасаг? - Увесь... каб адразу заплацiць за кантору. - Ну дык, дарагая стрыечнiца, шукайце вашага мужа на дарозе ў Бельгiю. Яна яшчэ не разумела. - Вы кажаце... майго мужа? - прашаптала яна. - Я кажу, што ён хапнуў ваш пасаг... i шукай-гукай. Ёй не хапала паветра, яна шапнула: - Значыць... значыць... ён прайдзiсвет! I, ледзь не самлеўшы ад хвалявання, яна ўпала на грудзi стрыечнiку i загаласiла. Каля iх пачалi спыняцца. Ён цiхенька падштурхнуў яе да сваiх дзвярэй i, трымаючы за талiю, падняўся з ёй па лесвiцы, а калi здзiўленая пакаёўка адчынiла дзверы, загадаў: - Сафi, збегайце ў рэстаран, вазьмiце снеданне на дваiх. Сёння я не iду ў мiнiстэрства.