--------------------------------------------- Хемингуэй Эрнест Стары чалавек i мора (на белорусском языке) Эрнэст Хэмiнгуэй Стары чалавек i мора Пераклаў Павел Марцiновiч Гэта быў стары чалавек, якi адзiн у лодцы лавiў рыбу ў Гальфстрыме, i мiнула ўжо восемдзесят чатыры днi, як ён не выцягнуў анiводнае. Першыя сорак дзён з iм быў хлопчык. Аднак пасля сарака дзён без улову хлопчыкавы бацькi сказалi сыну, што стары чалавек стаўся канчаткова i незваротна sаlао - гэта значыць, такi, якому ўжо нiколi не пашанцуе, i хлопчык мусiў пайсцi ў мора з iншым рыбаком, якi злавiў тры добрыя рыбiны першага ж тыдня. Хлопчыку было балюча бачыць, як стары чалавек штодня прыплываў з пустой лодкай, i ён заўжды спускаўся да мора, дапамагчы яму несцi зматаныя шнуры альбо бусак, гарпун i ветразь, абкручаны вакол мачты. Ветразь быў залатаны (на гэта пайшлi мяхi з-пад мукi), звiнуты, ветразь выглядаў сцягам вечнай паразы. Стары чалавек быў худы i змардаваны, з глыбокiмi маршчынамi на патылiцы. На ягоных шчоках збягалi ўнiз карычневыя плямы няшкоднага скурнага захворвання, што ўзнiкае ад сонечнага адлюстравання ў трапiчным моры. Рукi яго, што цягнулi шнуры з цяжкiмi рыбамi, былi прарэзаны глыбокiмi шрамамi. Але нiводны з iх не быў свежы, яны нагадвалi старыя распоквiны ў пустынi, якая некалi была морам. Усё ў яго было старое, апроч вачэй колеру мора, вясёлых i непераможных. - Сант'яга, - сказаў яму хлопчык, калi яны, ўцягнуўшы лодку, караскалiся на бераг. - Я мог бы пайсцi з табой зноў. Мы зарабiлi трохi грошай. Стары чалавек навучыў хлопчыка рыбачыць, i хлопчык любiў яго. - Не, - адказаў стары чалавек. - Ты трапiў на шчаслiвую лодку. Заставайся тамака. - Але ж згадай, як ты восемдзесят сем дзён быў без рыбы, а потым мы лавiлi вялiзныя рыбiны кожнага дня тры тыднi запар. - Памятаю, - сказаў стары чалавек. - Я ведаю, ты пакiнуў мяне не таму, што сумняваўся. - Мой бацька прымусiў мяне пайсцi ад цябе. Я ж малы i павiнен слухацца яго. - Ведаю, - сказаў стары чалавек. - Гэта зусiм нармальна. - Ён не надта верыць у тваю ўдачу. - Так, - пагадзiўся стары чалавек. - Але мы не страцiлi веры. Цi ж не праўда? - Вядома, - сказаў хлопчык. - Я хацеў бы пачаставаць цябе пiвам на "Тэрасе"*, а потым мы ўзялi б ежу дадому. * Назва страўнi (тут i далей заўвагi перакладнiка). - Чаму ж не, - адказаў стары чалавек. - Памiж намi, рыбакамi, усё проста. Яны ўселiся на "Тэрасе", багата хто з рыбакоў пакеплiваў са старога чалавека, але ён не злаваўся. А рыбакам сталага веку было сумна бачыць яго, але яны не паказвалi гэтага i ветлiва гутарылi пра плынь i глыбiнi, дзе яны цягнулi за сабой лёскi, пра ўстойлiвае добрае надвор'е i пра тое, што яны бачылi. Рыбакi, якiм у гэты дзень пашанцавала, прыплылi ўжо, растрыбушылi сваiх марлiнаў i занеслi iх, пакладзеных на ўсю даўжыню ўпоперак дзвюх дошак (ля кожнага канца пахiствалiся па два чалавекi), у рыбарню, дзе рыбiны чакалi, пакуль рэфрыжэратары адвязуць iх на рынак у Гавану. Тыя, хто злавiў акул, занеслi iх на акулаву фабрыку, на другi бок бухты, дзе яны павiслi на блоках пасля таго, як з iх дасталi печань, адрэзалi плаўнiкi, злупiлi шкуры i нарэзалi мяса на доўгiя, вузкiя кавалкi для засолкi. Вецер з усходу падзьмуў быў над гаванню i прынёс аж сюды пах з акулавай фабрыкi, але толькi слабое падабенства таго смуроду, бо вецер зноў павярнуў на поўнач, а потым ацiх зусiм, i на "Тэрасе" было прыемна i сонечна. - Сант'яга, - вымавiў хлопчык. - Слухаю цябе, - абазваўся стары чалавек. Ён трымаў у руцэ шклянку i думаў пра далёкае мiнулае. - Цi магу я пайсцi ў мора i налавiць табе сардзiн на заўтра? - Не. Iдзi гуляй у бейсбол. Я пакуль што магу веславаць, а Раджэлiа будзе закiдваць сетку. - Мне ахвота пайсцi. Калi я не магу лавiць рыбу з табою, дык я хацеў бы дапамагчы табе як-небудзь iнакш. - Ты паставiў мне пiва, - сказаў стары чалавек, - ты ўжо мужчына. - Колькi гадоў было мне, калi ты ўпершыню ўзяў мяне на лодку? - Пяць, i ты ледзь застаўся жывы, калi я ўцягнуў занадта наравiстую рыбу, i тая магла ўшчэнт разбiць лодку. Цi памятаеш ты? - Я памятаю, як пляскала i грукала хвастом рыбiна i як трэснула, зламаўшыся, лаўка, i стук дубiнкi. Памятаю, як ты шпурнуў мяне на нос, дзе ляжалi мокрыя зматаныя шнуры, i ўся лодка дрыжала, а ты бамберыў рыбiну, i гук быў такi, як быццам ты ссякаў дрэва, а навакол мяне быў салодкi пах крывi. - Ты сапраўды памятаеш, цi я табе гэта расказваў? - Я памятаю ўсё з таго самага часу, як мы ўпершыню разам пайшлi ў мора. Стары чалавек зiрнуў на яго абпаленымi сонцам, поўнымi даверу i любасцi вачыма. - Калi б ты быў маiм, хлопчык, я ўзяў бы цябе ў мора, рызыкнуў бы, сказаў ён. - Але ты - бацькаў i матчын сын, i ты на шчаслiвай лодцы. - Цi магу я налавiць табе сардзiн? I я ведаю, дзе можна дастаць чатыры прынады. - У мяне яшчэ сённяшнiя засталiся. Я паклаў iх у скрынку з соллю. - Дазволь мне дадаць чатыры свежыя. - Адну, - сказаў стары чалавек. Вера i надзея нiколi не пакiдала яго. Але цяпер як быццам ветрык атулiў iх сваiм павевам. - Дзве, - сказаў хлопчык. - Дзве дык дзве, - пагадзiўся стары чалавек. - Ты iх не свiснуў? - Бывала i такое, - сказаў хлопчык. - Але гэтыя купiў. - Дзякуй, - сказаў стары чалавек. Ён быў занадта просты, каб дзiвiцца: калi да яго прыйшла пакора? Але ён ведаў, што яна прыйшла, i ведаў, што ў ёй няма ганьбы i яна не прычынiла анiякай страты праўдзiвай гордасцi. - З гэткай плынню заўтра маецца быць неблагi дзень, - сказаў ён. - Куды ты рушыш лавiць? - спытаўся хлопчык. - Як найдалей, а вярнуся, калi пераменiцца вецер. Хачу выйсцi давiдна. - Я пастараюся зрабiць так, каб мой рыбак таксама лавiў далёка, - сказаў хлопчык. - Калi ты зачэпiш на кручок нешта сапраўды буйнае, мы зможам прыйсцi табе на дапамогу. - Ён не любiць працаваць занадта далёка. - Не любiць, - згадзiўся хлопчык. - Але я ўбачу гэткае, чаго ён не можа ўбачыць: да прыкладу, птушку, што лётае над вадой, каб падабрацца да рыбiны, i выпраўлю яго ў пагоню за дэльфiнам. - Ён так кепска бачыць? - Амаль сляпы. - Дзiўна, - заўважыў стары чалавек. - Ён нiколi не лавiў чарапах, а якраз гэта псуе вочы. - Але ж ты не год, не два лавiў чарапах каля Маскiтавага берага*, але зрок у цябе добры. * Вузкая паласа зямлi на ўсходзе Нiкарагуа. - Я - дзiўны стары чалавек. - Але цi дастаткова ў цябе цяпер сiлы, каб справiцца з сапраўды буйнай рыбай? - Думаю, што так. I, апроч таго, ёсць розныя хiтрыкi. - Давай занясем прычындалле дадому, - сказаў хлопчык. - Тады я вазьму сетку i пайду па сардзiны. Яны сабралi ледзь не ўсе снасцi. Стары чалавек нёс мачту на сваiм плячы, а хлопчык нёс драўляную скрынку з туга скручанымi карычневымi шнурамi, бусак i гарпун са стралой. Скрынка з прынадамi заставалася пад кармой лодкi разам з дубiнкай, якую ўжывалi, каб аглушыць рыбу, калi тую падцягвалi сеткай да борта. Нiхто не краў у старога чалавека, але не шкодзiла забраць ветразь i цяжкiя шнуры дадому, бо ад расы яны маглi адсырэць, i хоць стары чалавек пэўна ведаў, што нiхто з тутэйшых людзей не паквапiцца на яго маёмасць, бусак i гарпун былi б непатрэбнай спакусай у лодцы. Яны разам узнялiся па дарозе да халупы старога чалавека i ўвайшлi ў яе праз адчыненыя дзверы. Стары чалавек прыставiў мачту разам з абкручаным вакол яе ветразем да сцяны, хлопчык паклаў скрынку да iншае начынне ля яе. Мачта была ў даўжыню амаль гэткая, як адзiн пакой халупы. У халупе, зробленай з моцных прылiсткаў каралеўскай пальмы, што завуцца guапо, мелiся: ложак, стол, адно крэсла i на земляной падлозе месца для гатавання на драўнiнным вугалi. На карычневых сценах з разгладжаных лiстоў трывалага валакнiстага guапо, якiя перакрывалi адзiн аднаго, вiсела каляровая карцiнка з Найсвяцейшым Сэрцам Гасподнiм ды яшчэ адна з Кабрэнскай Мацi Божай. Яны засталiся ад ягонай жонкi. Раней тут на сцяне была i падмаляваная жончына фатаграфiя, але надта журботна яму рабiлася, калi ён глядзеў на яе, i тая зараз ляжала на палiцы пад ягонай чыстай кашуляй. - Што ты маеш есцi? - спытаўся хлопчык. - Гаршчок жоўтага рысу з рыбай. Не хочаш трохi? - Не. Я буду есцi дома. Зрабiць мне табе агонь? - Не. Я зраблю пазней. Альбо буду есцi рыс халодны. - Цi магу я ўзяць сетку? - Ага. У халупе не было жаданай сеткi, i хлопчык памятаў, калi яны прадалi яе. Але яны гулялi ў гэтую байку штодня. Не было анi гаршка з жоўтым рысам i рыбай, i хлопчык гэта ведаў таксама. - Восемдзесят пяць - шчаслiвая лiчба, - сказаў стары чалавек. - Што ты скажаш, калi рыбiна, якую я прынясу, разабраная заважыць тысячу фунтаў? - Я вазьму сетку i пайду лавiць сардзiны. Ты будзеш сядзець на парозе на сонцы? - Але. У мяне ёсць учарашняя газета, i я прачытаю пра бейсбол. Хлопчык не ведаў, цi не выдумка i ўчарашняя газета, але стары чалавек выцягнуў яе з-пад ложка. - Перыка даў мне ў bоdеgа*, - растлумачыў ён. * Карчма (гiшп.). - Я прыйду, калi налаўлю сардзiн. Пакладу твае i мае разам у лёд, i мы падзелiм iх ранiцой. Калi я вярнуся, ты раскажаш мне пра бейсбол. - "Янкi" не могуць прайграць. - Але мяне непакояць "Iндзейцы" з Клiўленда. - Вер у "Янкi", сынок. Хай перад вачыма ў цябе стаiць вялiкi Дзi Маджыа. - Мяне непакояць як дэтройцкiя "Тыгры", гэтак i клiўлендскiя "Iндзейцы". - Сцеражыся, бо ты хутка пачнеш баяцца нават "Чырвонаскурых" з Цынцынацi i "Белых шкарпэтак" з Чыкага. - Разбярэшся з гэтым i раскажаш мне, калi я вярнуся. - Як ты думаеш, цi не купiць нам латарэю з апошняй лiчбай восемдзесят пяць? Заўтра ж восемдзесят пяты дзень года. - Мы можам гэта зрабiць, - сказаў хлопчык. - А як наконт васьмiдзесяцi сямi, памятаеш свой найбольшы рэкорд? - Двойчы такое не здараецца. А ты здолееш знайсцi бiлет з лiчбай восемдзесят пяць? - Я магу заказаць адзiн. - Адзiн бiлет. Два даляры з паловай. У каго мы можам iх пазычыць? - Гэта проста. Я заўсёды магу пазычыць два даляры з паловай. - Мяркую, што я таксама. Але стараюся не пазычаць. Спачатку пазычаеш. Потым жабруеш. - Не мерзнi, старэча, - сказаў хлопчык. - Не забывайся, што цяпер верасень. - Месяц, калi iдзе буйная рыба, - сказаў стары чалавек. - Любы можа быць рыбаком у траўнi. - Пайду па сардзiны, - сказаў хлопчык. Калi ён вярнуўся, стары чалавек спаў у крэсле, а сонца заходзiла. Хлопчык зняў старую салдацкую коўдру з ложка i агарнуў ёю спiнку крэсла i плечы старога. Гэта былi дзiўныя плечы, усё яшчэ магутныя, хоць i вельмi старыя, i шыя таксама была моцная, i маршчыны на ёй не гэтак кiдалiся ў вочы, калi чалавек спаў, нахiлiўшы наперад галаву. Яго кашуля была латана-пералатана гэтулькi разоў, што сталася падобная на ветразь, i кожная латка выцвiла на сонцы па-свойму. Усё ж ён быў вельмi стары, i ягоны твар, з заплюшчанымi вачыма, здаваўся нежывы. Газета ляжала на каленях, цяжар яго рукi трымаў яе, не даючы падхапiць вечароваму ветру. Ён быў босы. Хлопчык пакiнуў яго тут, i, калi вярнуўся, стары чалавек па-ранейшаму спаў. - Прачнiся, старэча, - сказаў хлопчык i паклаў руку яму на калена. Стары чалавек расплюшчыў вочы, нейкi момант як бы вяртаючыся аднекуль здалёку. Нарэшце ўсмiхнуўся. - Што ты прынёс? - спытаўся ён. - Вячэру, - адказаў хлопчык. - Будзем зараз вячэраць. - Я не надта галодны. - Трэба пад'есцi. Ты не можаш лавiць рыбу не еўшы. - Здаралася i гэткае, - сказаў стары чалавек, устаючы i згортваючы газету. Потым стаў складваць коўдру. - Акрыйся коўдрай, - сказаў хлопчык. - Ты не будзеш лавiць рыбу галодны, пакуль я жыву на свеце. - Тады жывi доўга i шануйся, - сказаў стары чалавек. - Што мы будзем есцi? - Чорны боб i рыс, печаныя бананы i трохi тушанага мяса. Хлопчык прынёс ежу з "Тэрасы" ў металiчнай пасудзiне, што складалася з двух судкоў. Два прыборы - нажы, вiдэльцы i лыжкi - ляжалi ў кiшэнi, кожны загорнуты ў папяровую сурвэтку. - Хто табе гэта даў? - Марцiн. Карчмар. - Я мушу падзякаваць яму. - Я ўжо яму падзякаваў, - сказаў хлопчык. - Табе няма патрэбы дзякаваць. - Я дам яму мяса з нiжняй часткi вялiкай рыбiны, - сказаў стары чалавек. Ён дапамагаў нам больш як адзiн раз? - Думаю, так. - Дык я павiнен даць яму штосьцi болей, як мяса з нiжняй часткi рыбiны. Ён вельмi чула ставiцца да нас. - Ён прыслаў пiва. Табе i мне. - Мне больш падабаецца пiва ў бляшанках. - Ведаю, але гэтае ў пляшках. Пiва "Наtueu", пляшкi я занясу назад. - Дзякуй табе за клопат, - сказаў стары чалавек. - Цi не пара нам есцi? - Я ж цябе запрашаў, - мякка сказаў хлопчык. - Не хацеў адчыняць судкi, пакуль ты не быў гатовы. - Зараз я гатовы, - сказаў стары чалавек. - Мне трэба было толькi памыцца. "Дзе ж ты мыўся? - падумаў хлопчык. - Вада ў вёсцы за дзве вулiцы ўнiз па дарозе. Я павiнен нанасiць сюды вады, i мыла трэба яму даць, i добры ручнiк. Як можна быць такiм бяздумным? Я павiнен прыдбаць яму iншую кашулю i свiтку на зiму, ды нейкiя чаравiкi, ды iншую коўдру". - Твая мясная страва цудоўная, - сказаў стары чалавек. - Раскажы мне пра бейсбол, - папрасiў яго хлопчык. - У "Амерыканскай лiзе" перамагаюць "Янкi", як я i казаў, - усцешана сказаў стары чалавек. - Сёння яны прайгралi, - сказаў хлопчык. - Гэта нiчога не значыць, вялiкi Дзi Маджыа зноў у форме. - Ён толькi адзiн з гульцоў у камандзе. - Вядома. Але ад яго ўсё залежыць. У iншай лiзе - памiж Бруклiнам i Фiладэльфiяй - я паставiў бы на Бруклiн. Тут у мяне ў думках Дзiк Сiслер i тыя яго магутныя ўдары ў старым парку. - Нiколi не было нiчога падобнага на тое. Я нiколi не бачыў, каб мяч ляцеў так далёка. - Памятаеш, як ён прыходзiў на "Тэрасу"? Я хацеў узяць яго ў рыбу, ды не адважваўся запрасiць. Тады я папрасiў, каб ты гэта зрабiў, але i ў цябе не хапiла духу. - Я ведаю, што гэта была вялiкая памылка. Ён мог пайсцi з намi ў мора, i мы ўспамiналi б пра гэта ўсё жыццё. - Я хацеў бы ўзяць у рыбу вялiкага Дзi Маджыа, - сказаў стары чалавек. Рыбакоў сын, кажуць. Магчыма, ён быў гэткi ж бядняк, як i мы, i яго не пакрыўдзiла б маё запрашэнне. - Бацька вялiкага Сiслера нiколi не быў бедны i ў маiм веку гуляў у салiдных лiгах. - Я ў тваiм веку быў перад мачтай* на караблi з чатырохкутнымi ветразямi, якi iшоў у Афрыку, i ўвечары бачыў на ўзмор'i львоў. * Быў матросам, матроскi кубрык знаходзiўся ў пярэдняй частцы карабля. - Я ведаю. Ты расказваў мне. - Пра што нам лепш пагаварыць: пра Афрыку цi бейсбол? - Пра бейсбол, я думаю, - сказаў хлопчык. - Раскажы мне пра вялiкага Джона Дж. Мак Гро. - Ён вымавiў Хота* замест Дж. * На гiшпанскi лад. - Ён таксама часам завiтваў на "Тэрасу" ў былыя днi. Але ён быў грубы i жорсткi, i не даць рады, калi выпiваў. У ягоных думках былi на роўных бейсбол i конi. Прынамсi, ён увесь час насiў спiс коней у кiшэнi i часта называў iхнiя мянушкi па тэлефоне. - То быў вялiкi менеджэр, - сказаў хлопчык. - Бацька лiчыць, найвялiкшы. - Бо ён сюды наведваўся процьму разоў, - сказаў стары чалавек. - Калi б Дзюрашэр працягваў прыязджаць да нас штогод, твой бацька лiчыў бы найвялiкшым менеджэрам яго. - Хто на самай справе найвялiкшы менеджэр: Лiк цi Майк Гансалес? - Думаю, яны роўныя. - А найлепшы рыбак - ты. - Не. Я ведаю лепшых. - Que va*, - сказаў хлопчык. - Ёсць нямала добрых рыбакоў i некалькi вялiкiх. Але гэткiх, як ты, больш няма. * Уга (гiшп.). - Дзякуй. Ты радуеш маё сэрца. Спадзяюся, у моры не плавае рыбiна, з якой бы мы не справiлiся. - Нямашака такой рыбiны, калi кажаш, што ты гэткi ж дужы, як i раней. - Магчыма, я не такi дужы, як мне здаецца, - сказаў стары чалавек. - Але я ведаю шмат хiтрыкаў i не завагаюся. - Зараз табе трэба паспаць, каб ранiцай чуцца бадзёрым. Я занясу начынне на "Тэрасу". - Ну дык дабранач. Я пабуджу цябе ўраннi. - Ты мой будзiльнiк, - сказаў хлопчык. - Мой узрост - будзiльнiк. Чаму старыя людзi так рана прачынаюцца? Цi не дзеля таго, каб падоўжыць, магчыма, апошнi свой дзень? - Не ведаю, - сказаў хлопчык. - Адзiнае, што мне вядома: маладыя хлопцы спяць моцна i прачынаюцца позна. - Я гэта памятаю, - сказаў стары чалавек. - Пабуджу цябе своечасова. - Не хачу, каб мяне будзiў ён. Як паслугача. - Разумею. - Спi соладка, стары дружа. Хлопчык знiк. На стале падчас iхняй вячэры не было нiякага святла, i стары чалавек, зняўшы нагавiцы, пайшоў да ложка ў цемры. Ён скруцiў нагавiцы, паклаўшы ўсярэдзiну газету, i атрымалася падушка. Захутаўшыся ў коўдру, стары чалавек лёг на iншыя старыя газеты, што прыкрывалi спружыны ложка, i заснуў. Спаў ён нядоўга i снiў Афрыку, дзе быў у юнацтве: доўгiя, несканчоныя, то залацiстыя, то бялюткiя - аж вачам балюча - берагi, высокiя мысы i магутныя карычневыя горы. Цяпер ён кожную ноч жыў на тым узмор'i, чуў у снах, як шумiць прыбой, бачыў, як хвалi ягоныя ўзнiмаюць i апускаюць лодкi тубыльцаў. Ён спаў i адчуваў пах смалы i пакулля, як на палубе, а ўраннi берагавы вецер прыносiў пах Афрыкi. Звычайна, калi да яго далятаў вецер, ён прачынаўся i, апрануўшыся, iшоў будзiць хлопчыка. Але гэтай ноччу пах берагавога ветру завiтаў нашмат раней, i ён ведаў, у сне, што яшчэ занадта рана, i таму снiў аснежаныя пiкi на Канарскiх выспах, што ўставалi з мора, а потым розныя тамтэйшыя гаванi i рэйды. Яму больш не снiлiся нi штормы, нi жанчыны, нi вялiкiя падзеi, нi вялiкая рыба, нi бойкi, нi спаборнiцтвы ў сiле, нi ягоная жонка. Цяпер ён снiў толькi мясцiны ды львоў на ўзбярэжжы. Сутоннем яны бавiлiся, што тыя кацяняты, i ён любiў iх, як любiў хлопчыка. Ён нiколi не снiў хлопчыка. Стары чалавек прачнуўся, зiрнуў праз адчыненыя дзверы на месяц, раскруцiў i адзеў нагавiцы. Памачыўшыся за халупай, ён рушыў угару па дарозе будзiць хлопчыка. Ён дрыжаў ад ранiшняга холаду, але ведаў, што ўрэшце сагрэецца дый неўзабаве будзе веславаць. Дзверы хацiны, дзе жыў хлопчык, былi незамкнутыя, ён адчынiў i цiха ступiў босымi нагамi. Месяц на зыходзе дазваляў яму добра бачыць хлопчыка, якi спаў на сваiм сцiплым ложку ў першым пакоi. Ён мякка абхапiў адну пяту i трымаў яе, пакуль хлопчык не прачнуўся i не зiрнуў на яго. Стары чалавек кiўнуў, i хлопчык, сеўшы на ложку, узяў з зэдлiка, што стаяў побач, штаны i нацягнуў iх на сябе. За старым чалавекам услед з хацiны выйшаў хлопчык. Сон адольваў яго, i стары чалавек адной рукой абняў хлопчыка за плечы: - Я вельмi шкадую. - Que va, - сказаў хлопчык. - Такая мужчынская доля. Яны крочылi дарогай да халупы старога чалавека, i скрозь па гэтай дарозе ў цемры iшлi босыя людзi, несучы мачты ад сваiх лодак. У халупе хлопчык узяў кош са скруткамi шнуру, гарпун i бусак. Стары чалавек трымаў на плячы мачту з абгорнутым вакол яе ветразем. - Ты не жадаеш выпiць кавы? - спытаўся хлопчык. - Пакладзем снасцi ў лодку, тады пап'ём. Яны пiлi каву з бляшанак з-пад згушчонага малака ў чыннай ад самага рання рыбацкай карчомцы. - Як спаў, стары дружа? - спытаўся хлопчык. Ён ужо амаль пазбыўся сваёй санлiвасцi. - Добра, Маналiн, - сказаў стары чалавек. - Сёння я чуюся няблага. - Я таксама, - сказаў хлопчык. - Зараз я павiнен схадзiць па твае i па свае сардзiны, i па твае снежныя прынады. Мой рыбак сам бярэ нашыя снасцi. Ён нiколi не хоча, каб хто-кольвек iншы нёс што-небудзь. - Мы розныя, - сказаў стары чалавек. - Я дазваляў табе несцi рыбацкае начынне, калi табе было пяць гадоў. - Ведаю, - сказаў хлопчык. - Я мiгам. Вазьмi яшчэ адну каву. Тут нам даюць у крэдыт. Ён пайшоў, босы, па каралавых скалах да лядоўнi, дзе хавалi прынады. Стары чалавек павольна пiў каву. Ён ведаў, што яна яму неабходная, бо гэта ўсё, што ён мецьме за цэлы дзень. Ужо даўно спажыванне пасiлкаў стамляла яго, i ён нiколi не браў з сабою другога сняданку. Бутэлька вады на носе лодкi адзiнае, у чым ён адчуваў патрэбу на працягу дня. Хлопчык вярнуўся з сардзiнамi i дзвюма прынадамi, загорнутымi ў газету, i яны спусцiлiся па сцежцы да лодкi, адчуваючы пад пятамi пясок з галькай. Прыўзняўшы лодку, яны папхнулi яе, i тая слiзганула ў ваду. - Поўная карма, стары дружа! - Поўная карма, - сказаў стары чалавек, прыладжваючы вяровачныя мацаваннi вёслаў да ўключын. Лапаткi вёслаў урэзвалiся ў ваду, ён нахiлiўся наперад i стаў выплываць у цемры з гаванi. Iншыя лодкi з iншых месцаў таксама выпраўлялiся ў мора, i хоць стары чалавек не мог iх зараз бачыць, бо месяц апусцiўся нiжэй за ўзгорак, ён чуў, як увiхалiся вёслы. Зрэдку хтосьцi абзываўся ў лодцы, аднак большасць з iх маўчала, калi не лiчыць гуку ад апускання вёслаў у ваду. Яны разбрылiся паасабоку пасля таго, як выйшлi з вусця гаванi, i кожная скiравалася ў тую частку акiяна, дзе гаспадар спадзяваўся знайсцi рыбу. Стары чалавек ведаў, што маецца плысцi вельмi далёка, i ён пакiнуў пах зямлi за сабой, вяслуючы ў чысты ранiшнi водар акiяна. Ён убачыў свячэнне Затоцкiх водарасцей* у вадзе, калi апынуўся ў той частцы акiяна, якую рыбакi завуць вялiкiм калодзежам з-за раптоўнай глыбiнi ў семсот марскiх сажняў. * Род трапiчных водарасцей у Атлантычным акiяне. У iм збiралася ўсялякая рыба, бо тут, сустрэўшы стромкiя сцены акiянскага дна, плынь утварала вiр. Тут была плойма шрымпаў* ды рознае драбязы для прынады, часам яны i касякi галаваногiх малюскаў з сама глыбокiх сховаў усплывалi на паверхню, i ўся вандраўная рыба кармiлася iмi. * Дробныя крэветкi. Вяслуючы ў змроку, стары чалавек адчуваў наблiжэнне ранiцы i чуў дрыготкi гук, калi лятучыя рыбы пакiдалi ваду, i сычэнне ад iх нягнуткага моцна зладжанага крылля, калi яны ўзмывалi ў паветра ў цемрадзi. Ён вельмi любiў лятучых рыб, бо тыя былi яго найбольшымi сябрамi ў акiяне. Ён шкадаваў птушак, асаблiва маленькiх, кволых, цёмных марскiх ластавак, якiя заўсёды былi ў лёце, у пошуку i амаль нязменна без здабычы, i ён думаў: "Жыццё птушак апроч драпежнiкаў i магутных дужых птахаў цяжэйшае за наша. Чаму птушак стварылi гэткiмi кволымi i прыгожымi, як гэтыя марскiя хвалi? Яна добрая i вельмi прыгожая, але можа быць раз'юшана-жорсткая, i гэтак знянацку, i птушачкi, што лётаюць над вадой i абмакаюцца, каб ухапiць рыбу, жаласлiва цiўкаючы, створаны занадта нетрывалымi для мора". Ён i ў думках называў мора lа таr, як па-гiшпанску кажуць улюбёныя ў яго людзi. Бывае, яны гавораць пра яго i благiя рэчы, але заўсёды як пра жанчыну. Некаторыя маладыя рыбакi, - з тых, што выкарыстоўваюць буi ў якасцi паплаўкоў для сваiх шнуроў i займелi маторныя лодкi, калi акулава печань прыносiла багата грошай, казалi еl таr. Яны гаварылi пра яго як пра супернiка, альбо нават як пра непрыяцеля, альбо проста як пра месца, дзе яны ловяць рыбу. Але стары чалавек заўсёды думаў пра мора як пра жанчыну i нешта гэткае, што надзяляе або не надзяляе вялiкай ласкай, i калi яно здзяйсняе дзiкiя цi злыя ўчынкi, дык толькi з тае прычыны, што яе можа саўладаць з сабой. Месяц уздзейнiчае на мора, як i на кабету, меркаваў ён. Стары чалавек веславаў раўнамерна, без асаблiвых высiлкаў, бо захоўваў звычайную сваю хуткасць, i паверхня акiяна была гладкая, толькi зрэдку плынь закручвала вiры. Ён дазваляў плынi рабiць трацiну работы, i ўбачыў, калi пачало днець, што ён ужо далей, як спадзяваўся быць у гэты час. "Я рыбачыў там, дзе глыбока, тыдзень i не злавiў нiчога, - думаў ён. - Тут ходзяць касякi банiта i альбакораў, можа, сярод iх ёсць вялiкая рыбiна i сёння мне ўдасца яе здабыць". Яшчэ як след не развiднела, а ён ужо закiнуў шнуры з прынадамi, плынь несла яго з сабой. Адна прынада была на глыбiнi сарака марскiх сажняў, другая - сямiдзесяцi пяцi, а трэцяя i чацвёртая апусцiлiся ў блакiтную ваду ажно на сто i сто дваццаць пяць сажняў. Кожная прынада вiсела галавою ўнiз, стрыжань кручка быў усярэдзiне рыбы, цалкам абвязаны i абшыты, а ўсю тую частку кручка, што была звонку, выгiн i вастрыё пакрывалi свежыя сардзiны. Кожная сардзiна была нанiзана на кручок праз абодва вокi, разам яны ўтваралi паўвянок на прыхаванай гэтак сталi. Не было нiводнай даступнай рыбiне часткi кручка, якая не мела б прыемнага паху ды смаку. Хлопчык даў яму двух свежых тунцоў, або альбакораў, што звiсалi з двух найдаўжэйшых шнуроў, быццам грузiлы, а на iншых ён меў блакiтнага бегуна* i жоўтага марскога шчупачка, i хоць тыя ўжо выкарыстоўвалiся, але былi ў добрым стане, выдатныя сардзiны надавалi iм прыемны пах i прыцягальнасць. * Вiд рыбы ў цёплых морах. Шнур, тоўсты, як ладны аловак, быў прымацаваны пятлёю да толькi што выразанага прута, i варта было пацягнуць або крануць прынаду, як i той прут цягнула ў ваду. Кожны шнур меў два маткi даўжынёю па сорак марскiх сажняў, да iх у выпадку патрэбы можна было прыладзiць яшчэ запасныя маткi. Калi было неабходна, рыба магла павалачы за сабою больш за трыста сажняў шнура. Зараз ён сачыў, як злёгку апускаюцца ў ваду тры пруты за бортам лодкi, i няспешна веславаў, каб утрымаць шнуры простымi i на адпаведных глыбiнях. Было зусiм светла, сонца магло вызiрнуць у любы момант. Сонца асцярожна ўзнiмалася з мора, i стары чалавек змог убачыць iншыя лодкi: нiзка на вадзе, не вельмi далёка ад берага, шырока раскiданыя ўпоперак плынi. Потым сонца набралася яскравасцi, бляск упаў на ваду, потым узнялося на поўную моц i, адлюстраваўшыся на гладкай паверхнi мора, рэзнула старога чалавека па вачах, i ён павеславаў, не пазiраючы на сонца. Ён глядзеў унiз у ваду, цi проста iдуць шнуры ў ейную цемру. Стары чалавек утрымлiваў iх больш простымi, як хто-кольвек, гэтак, каб кожная прынада была ў цемрадзi плынi якраз там, на той глыбiнi, дзе ён жадаў, каб яна была i чакала рыбу. Iншыя пакiдалi шнуры на волю плынi, i часам тыя былi на глыбiнi шасцiдзесяцi сажняў, а не ста, як меркавалi рыбакi. "Але ў мяне, - думаў ён, - усё дакладна. Проста мне больш не шанцуе. Але хто ведае? Мажлiва, сёння. Кожны дзень - новы дзень. Шанцаванне гэта няблага. Але дакладнасць не пашкодзiць. Калi завiтае ўдача, ты будзеш гатовы яе сустрэць". Мiнула дзве гадзiны, сонца ўзнялося вышэй i не бiла па вачах гэтак моцна, калi ён глядзеў на ўсход. У полi яго зроку засталiся толькi тры лодкi, i здавалася, што яны вельмi нiзкiя i паблiзу берага. "Усё жыццё маiм вачам бывала кепска ад ранняга сонца, - падумаў ён. - Але яны, як i раней, добрыя. Увечары я магу пазiраць на сонца проста, i ў вачах не робiцца цёмна. Сонца ўвечары мацнейшае, але ўраннi глядзець на яго балюча". Якраз тады ён убачыў фрэгата* з яго даўгiмi чорнымi крыламi, той кружляў у небе наперадзе яго. * Марская птушка. Раптам птах зрэзаў наўскасяк унiз, выпрастаўшы ззаду крылы, а потым закружыў зноў. - На нешта ён натрапiў, - вымавiў услых стары чалавек. - Не проста шукае. Павольна i мерна ён павеславаў туды, дзе птушка кружыла. Ён не спяшаўся, i яго шнуры былi гэткiя ж прамыя, як напачатку. Праўда, цяпер ён трохi больш дапамагаў плынi вёсламi, i хоць рыбачыў гэткiм жа дакладным чынам, але хутчэй, як раней, бо iмкнуўся выкарыстаць птушку. Птах узняўся ў неба вышэй i закружляў зноўку, пры гэтым крылле яго было нерухомае. Раптам ён даў нырца ў ваду, i стары чалавек убачыў, як з вады рванула лятучая рыба i адчайна памкнула над паверхняй мора. - Дэльфiн* - вымавiў услых стары чалавек. - Буйны дэльфiн. * Стары чалавек называе дэльфiнам адну з некалькiх акiянiчных рыб, адметных пералiвiстасцю афарбоўкi, з востраканцовымi плаўнiкамi. Ён паклаў вёслы ў лодку i дастаў маленькi шнур, што ляжаў на носе лодкi. Той быў з драцяным павадком, на канцы якога меўся невялiкi кручок, на якi ён насадзiў адну з сардзiн. Стары чалавек апусцiў шнур за борт, а пасля злучыў яго з кармой, прымацаваўшы да нiта з колцам. Тады ён прыладзiў прынаду да другога шнура i пакiнуў яго, скручаным у маток, у цянi на носе лодкi. Ён зноў узяўся веславаць, назiраючы пры гэтым за даўгакрылым чорным птахам, што вiснуў над вадой, палюючы на рыбу. Ён бачыў, як птушка абмакнулася ў ваду зноў, адкiнуўшы крылы назад, каб нырнуць, а пасля заматляла iмi шалёна, але марна, пераследуючы лятучую рыбу. Стары чалавек не мог не заўважыць пэўнай пакутасцi марской паверхнi, гэта буйныя дэльфiны ўзнiмалi ваду, гонячыся за рыбай. Дэльфiны ўзрэзвалi ваду пад чарадой лятучых рыб i, рухаючыся хутка, не змусiлi б чакаць сябе, калi б тыя апусцiлiся ў ваду. "Гэта вялiкая чарада дэльфiнаў, - падумаў ён. - Яны раскiданы адзiн ад аднаго, i таму ў лятучых рыбаў мала шанцаў. А ў птушкi iх няма ўвогуле. Лятучыя рыбы занадта буйныя ды шпаркiя для iх". Ён назiраў за тым, як лятучыя рыбы зноў i зноў выстрэльвалi з вады i як бясплённа высiльвалася птушка. "Гэтая чарада дэльфiнаў для мяне страчана, падумаў ён. - Занадта хутка i далёка шыбуюць яны. Але, мажлiва, я падбяру якога блуднiка, а можа, мая вялiкая рыба недзе паблiзу iх. Дзесьцi ж павiнна быць мая вялiкая рыба". Воблакi над зямлёю паўсталi як горы, бераг здаваўся ўсяго толькi доўгай зялёнай лiнiяй з шэра-сiнiмi ўзгоркамi за ёю. Вада ў моры сталася цёмна-сiняя, амаль фiялетавая. Зiрнуўшы ў яе, ён убачыў чырвонае сяйво планктону ў цёмных глыбiнях i нязвыклае дзiўнае святло сонца. Ён назiраў, каб яго шнуры, знiкаючы з поля зроку, iшлi ў ваду проста, i цешыўся, што бачыў процьму планктону, бо гэта азначала рыбу. Дзiўнае святло ў вадзе, зараз, калi сонца было вышэй, абяцала добрае надвор'е, як i форма воблакаў там, над зямлёю. Але птах зараз амаль не паказваўся, i на паверхнi вады нiчога не вiднелася, апроч некалькiх лапiн жоўтых выцвiлых на сонцы саргасавых водарасцей i фiялетава-вясёлкавага застыгла-дрыгнiстага пузыра - "партугальскага вайсковага карабля"*, што плаваў каля самай лодкi. * Адна з сiфанафор (род фiзалiя). Ён перавярнуўся на бок, потым выпрастаўся. Ён плаваў весела, усё адно як бурбалка, са сваiмi доўгiмi смяртэльна-фiялетавымi валокнамi, што добры ярд* цягнулiся за iм у вадзе. * Адзiн ярд - 0,914 м. - Аguа таlа*, - вымавiў стары чалавек. - Ты, сука. * Злая вада (гiшп.) - народная назва сiфанафоры. Злёгку вяслуючы, ён глянуў у ваду i ўбачыў драбнюткiх рыбак, бадай, гэткай жа афарбоўкi, як i шлейфы-валокны, яны сноўдалi памiж тымi, ахiнутыя невялiкiм ценем, што кiдала бурбалка, плывучы ўслед за плынню. Яны мелi iмунiтэт да ейнага яду. Але ў людзей яго не было, i калi хоць трохi слiзкiх фiялетавых валокнаў чаплялася i прыставала да шнура, пакуль стары чалавек важдаўся з рыбiнай, на ягоных руках з'яўлялiся шрамы i раскелiны, усё роўна як ён апёкся лiсцем ядавiтага плюшча або ядавiтага дуба*. * Лiянападобны сумах ядавiты i кусцiсты сумах ядавiты. Але ейная атрута дзеiла iмгненна-хутка, нiбы сцебануўшы бiзуном. Вясёлкавыя бурбалкi былi прыгожыя. Але яны сама падманлiвая рэч у моры, i стары чалавек любiў глядзець, як вялiкiя марскiя чарапахi спажываюць iх. Угледзеўшы свае ахвяры, чарапахi падбiралiся да iх спераду, потым заплюшчвалi вочы гэтак, што i яны цалкам хавалiся пад панцыр, ды ўмiналi тыя валокны i ўсё астатняе. Стары чалавек ахвотна пазiраў, як чарапахi елi iх, i яшчэ ён любiў хадзiць па ўзбярэжжы пасля шторму i чуць, як тыя з трэскам пукаюцца, калi ён ступае на iх сваiмi цвёрдымi грубымi пятамi. Ён любiў зялёных чарапах i ястрабiныя дзюбы* за iх элегантнасць i спрыт, i за тое, што яны былi вельмi каштоўныя, а з лагоднай пагардай ставiўся да вялiзных тупых калодагаловых** у жоўтых латах, з iхнiмi дзiвацкiмi любошчамi, шчаслiва-задаволеных, калi яны, заплюшчыўшы вочы, цярэбяць "партугальскiя караблi". * Вiд чарапах. ** Карэтавыя чарапахi (з атрада марскiх). Чарапахi не выклiкалi ў яго мiстычных пачуццяў, хоць ён цi адзiн год выходзiў у мора з рыбацкiм гуртом лавiць iх. Ён шкадаваў iх усiх, нават гiганцкiх, падобных на велiзарныя куфры чарапах*, гэткiх доўгiх, як ягоная лодка, а вагою - з тону. * Луты, скурыстыя чарапахi. Бальшыня людзей як бы пабойваецца чарапах, бо чарапашае сэрца гадзiнамi б'ецца пасля таго, як яе парэжуць на кавалкi ды разбяруць. Але стары чалавек думаў: у мяне гэткае ж сэрца, ногi i рукi мае таксама падобныя на iхнiя. Ён еў чарапашыя белыя яйкi, каб набрацца моцы. Ён еў iх увесь травень, каб быць дужым у вераснi i кастрычнiку ды агораць сапраўды вялiкую рыбу. Ён таксама зачэрпваў штодня кубак акулавага тлушчу з вялiкай жалезнай бочкi ў халупе, дзе шмат якiя рыбакi хавалi снасцi. Бочка стаяла тут для ўсiх жадаючых. Бальшыня рыбакоў не пераносiла смаку тлушчу. Але наўрад цi той быў горшы за ўспорванне на доднiцы, калi яны ўставалi, i, апроч таго, тлушч быў вельмi добрым ад прастуд i грыпаў i надта карысны для зроку. Ён зiрнуў угару i ўбачыў, што птах кружляе зноў. - Ён знайшоў рыбу, - услых вымавiў стары чалавек. Нiводная лятучая рыба не разрэзала паверхнi вады, i не разбягалiся ва ўсе бакi дробныя, якраз для прынады, рыбкi. Але пакуль стары чалавек назiраў, невялiкi тунец узняўся ў паветра, перавярнуўся i ўпаў галавой унiз у ваду. Тунец, блiснуўшы срэбрам на сонцы, упаў у мора, але за iм узняўся яшчэ адзiн, i яшчэ, i яны мiльгалi скрозь, узбоўтваючы ваду i доўгiмi скачкамi пераследуючы дробную рыбу. Яны кружылi над ёю i гналi яе. "Калi б яны не шыбалi гэтак хутка, я iх не ўпусцiў бы", - думаў стары чалавек, назiраючы, як чарада запеньвае ваду, а птушка падае каменем унiз, акунаючыся i хапаючы дробную рыбу, што выплыла ў панiцы на паверхню. - Птах - добры памочнiк, - сказаў стары чалавек. Якраз тады шнур, што быў злучаны пятлёю з колцам нiта ў карме, напяўся пад яго нагой, якою ён прыцiскаў пятлю, ён выпусцiў вёслы i, моцна ўзяўшыся за шнур i адчуўшы вагу невялiкага тунца, што тузаўся ды торгаўся, стаў выбiраць той у лодку. Рыба торгалася з усё большай зацятасцю, калi ён выцягваў шнур, i стары чалавек мог бачыць у вадзе блакiтную спiну тунца i золата бакоў, перш як ён рыўком падцягнуў яго да борта i шпурнуў у лодку. Тунец ляжаў на карме на сонцы, тугi ды ашчадна-зграбны, як адлiтая куля, вырачыўшы вялiкiя неразумныя вочы, выбiваючы з сябе жыццё хуткiмi дрыготкiмi ўдарамi аб лодку акуратнага гожага хваста-блiскаўкi. Стукнуўшы яго па галаве палкай, каб не мучыўся, стары чалавек нагою пхнуў тунца, што ўсё яшчэ ўздрыгваў, у цень пад карму. - Альбакор*, - услых вымавiў ён. - З яго будзе цудоўная прынада. Ён заважыць дзесяць фунтаў. * Даўгапёры тунец. Стары чалавек не памятаў, калi ўпершыню пачаў думаць уголас, як быў сам-насам з сабою. Ён спяваў на адзiноце, а часам напяваў уночы, у самоце несучы вахту на смэках* або на "чарапашых лодках". * Смэк - невялiкае аднамачтавае рыбалоўнае судна, звычайна, шлюп або тэндар. Вiдаць, ён пачаў размаўляць услых адзiн, як хлопчык пайшоў ад яго. Але дакладна ён не памятаў. Ловячы рыбу разам, яны перамаўлялiся з хлопчыкам звычайна толькi наконт сама неабходнага. Гутарылi ж яны ўночы альбо калi дрэннае надвор'е затрымлiвала iх на беразе. Уважалася за вартасць не размаўляць у моры без патрэбы, i стары чалавек заўжды лiчыў якраз так i шанаваў гэты закон. Але зараз ён выказваў свае думкi ўголас шмат разоў, бо не было побач нiводнае жывое душы, каб яны маглi каго раздражняць. - Калi б хто пачуў, як я вось так гучна размаўляю, залiчыў бы мяне ў вар'яты, - вымавiў ён услых. - Але ж я не вар'ят, i таму гэта мяне зусiм не турбуе. I апрача таго, багацейшыя маюць радыёпрыймачы, якiя гутараць з iмi ў iхнiх лодках i расказваюць iм пра бейсбол. "Цяпер не час займаць галаву бейсболам, - падумаў ён. - Цяпер трэба рупiцца пра адну-адзiную рэч. Тую, дзеля якой я нарадзiўся. Магчыма, акурат паблiзу гэтай чарады ёсць вялiкая рыбiна. Я падабраў усяго толькi блуднiка, што адбiўся ад альбакораў, якiя тут кормяцца. Але яны; жывячыся, рухаюцца далёка i хутка. Усё, што паказваецца сёння на паверхнi, шыбуе вельмi хутка i на паўночны ўсход. Можа, зараз гэткая пара дня? А магчыма, гэта нейкая прыкмета, звязаная з надвор'ем, якой я не ведаю?" Ён не мог цяпер бачыць зелянiны берага, адно толькi вяршынi блакiтных узгоркаў, што выглядалi цяпер белымi, як быццам былi пакрытыя снегам, ды аблокi, нiбы высокiя снежныя горы над iмi. Мора было вельмi цёмнае, i сонечнае праменне праламлялася ў вадзе, як у прызме. Мiрыяды плямак планктону былi раптоўна знiшчаны высокiм сонцам, i толькi вялiзныя глыбокiя прызмы ў сiняй вадзе бачыў стары чалавек, пiльнуючы шнуры, што беззаганна проста iшлi ў ваду глыбiнёю ў мiлю. Тунцы, а рыбакi ўсiх гэткiх рыб звалi тунцамi i толькi тады прыгадвалi iхнiя назовы, калi даходзiла да продажу або калi абменьвалi тых на прынады, зноў сышлi ў глыбiню. Сонца было гарачае, старому чалавеку моцна грэла ў патылiцу, i той адчуваў, вяслуючы, што па спiне ў яго сочыцца пот. "Я мог бы проста дазволiць плынi несцi мяне, - падумаў ён, - ды спаць, накiнуўшы пятлю шнура на палец нагi, каб абудзiцца. Але сёння мiнае восемдзесят пяць дзён, i я павiнен рыбачыць кожны дзень як след". Якраз у гэты момант, паглядзеўшы на шнуры, ён убачыў: адзiн са свежавыразаных прутоў рэзка пацягнула ўнiз. - Але, - сказаў ён. - Але, - i нячутна склаў вёслы ў лодку. Ён пацягнуўся па шнур i вось ужо лагодна трымаў яго памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi правай рукi. Ён не адчуваў нi напругi, нi вагi, трымаў шнур без высiлку. Потым рыба пацягнула зноў. Цяпер торганне было як бы пробнае, не моцнае i не цяжкое, i ён ведаў дакладна, што гэта. На глыбiнi ста сажняў марлiн* церабiў сардзiны, што пакрывалi вастрыё i стрыжань кручка там, дзе кручок ручной коўкi вытыркаўся з галавы малога тунца. * Марлiн - уласна марлiн, рыба, роднасная меч-рыбе; меч-рыба. Стары чалавек, далiкатна трымаючы шнур, мякка, левай рукой адвязаў яго ад прута. Зараз ён мог дазволiць яму бегчы памiж пальцаў гэтак, што рыба не адчувала нiякай напругi. "Так далёка ад берага ён павiнен быць вялiзны ў гэтым месяцы, - падумаў стары чалавек. - Еш iх, рыба. Еш iх. Прашу цябе, еш iх. Якiя свяжуткiя яны! А ты, там, унiзе, на глыбiнi шасцiсот футаў у гэтай халоднай вадзе, у цемрадзi. Павярнiся яшчэ раз у гэтай цемрадзi ды зноў за iх бярыся". Ён адчуў лёгкае асцярожнае тузанне, а пасля мацнейшае, гэта калi патрэбны быў пэўны высiлак, каб сарваць галаву сардзiны з кручка. Потым не было нiчога. - Давай, давай, - услых сказаў стары чалавек. - Павярнiся яшчэ раз. Толькi панюхай iх. Праўда, цудоўныя? Паеш iх напоўнiцу зараз, а тады возьмешся за тунца. Цвёрды, халодны, прыемны на смак. Будзь смялейшая, рыба. Еш iх. Ён чакаў са шнуром памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi, назiраючы за iм, а таксама, адначасна, i за iншымi шнурамi, бо рыба магла шуснуць угару або ўнiз. Потым паўтарылася тое асцярожнае тузанне. - Ён возьме яго, - уголас вымавiў стары чалавек. - Божа, дапамажы яму ўзяць яго. Але ён не ўзяў. Ён знiк, стары чалавек не адчуў больш анiчога. - Ён не мог пайсцi. Ён паварочваецца. Магчыма, ён ужо трапляў на кручок i штосьцi памятае пра гэта. Раптам ён адчуў лагодны дотык да шнура i моцна ўсцешыўся. - Ён проста паварочваўся. Ён возьме яго. Стары чалавек узрадаваўся, адчуўшы мяккае тузанне, а пасля - штосьцi моцнае i неверагодна цяжкае. Гэта быў цяжар рыбы, i ён усё вызваляў i вызваляў шнур, адмотваючы першы з рэзервовых скруткаў. Той спаўзаў унiз, лёгка слiзгаў памiж пальцамi старога чалавека, i ён услед адчуваў, якi ў рыбы вялiзны цяжар, хоць ледзь прытрымлiваў шнур вялiкiм i ўказальным пальцамi. - Вось дык рыбiна, - сказаў ён. - Схапiла тунца, кручок якраз збоку ў ейным роце, ды iмкнецца з гэтым уцячы. "Але марлiн павернецца i праглыне тунца", - падумаў ён. Ён не вымавiў гэтага, бо ведаў, што калi скажаш пра нешта добрае, яно можа не здарыцца. Ён разумеў, якая гэта вялiзная рыбiна, i нiбыта бачыў, як яна iмкне ў цемры з тунцом упоперак рота. У гэты мiг ён адзначыў, што марлiн спынiўся, але, як i раней, стары чалавек адчуваў ягоную вагу. Пасля цяжар павялiчыўся, i ён папусцiў шнур. На нейкi момант ён мацней сцiснуў яго вялiкiм i ўказальным пальцамi, i цяжар яшчэ пабольшаў ды пацягнуў шнур унiз. - Ён узяў тунца, - сказаў стары чалавек. - Цяпер я дам яму як след наесцiся. Шнур, выслабаняючыся, слiзгаў памiж ягонымi пальцамi, а тым часам ён, працягнуўшы ўнiз левую руку, прымацаваў вольны канец двух запасных маткоў да пятлi пары маткоў наступнага шнура. Зараз ён быў гатовы. Ён меў у запасе тры маткi шнура па сорак сажняў даўжынёю апроч таго, якi ён выкарыстоўваў. - З'еш трохi больш, - сказаў ён. - Паеш напоўнiцу. Паеш гэтак, каб вастрыё кручка трапiла табе ў сэрца i забiла цябе. Усплывi добранька на паверхню, каб я ўсадзiў у цябе гарпун. Так. Ты гатовы? Ты дастаткова доўга быў ля стала? Пара! - гучна вымавiў ён ды, моцна тузануўшы абедзвюма рукамi за шнур, падоўжыў яго на ярд, а тады падсякаў яшчэ i яшчэ раз, тузаючы шнур напераменку кожнай рукой з усёй сiлаю рук i цела з ягонаю вагою. Нiчога не адбылося. Рыба спавольна плыла сабе, i стары чалавек нi на цалю не мог яе ўзняць. Ён цягнуў цераз плечы моцны, прызначаны для цяжкой рыбiны шнур, ажно той напяўся гэтак, што пацеркi вады адскоквалi ад яго. Потым шнур стаў пацiху як бы сычэць у вадзе, а ён па-ранейшаму трымаў яго, упiраючыся ў лаўку, не нахiляючыся назад. Лодка пачала паволi iсцi ў кiрунку паўночнага захаду. Рыба плыла далей, як i дагэтуль, i ён плыў разам з ёю па цiхай вадзе. Iншыя прынады былi па-ранейшаму ў вадзе, але ён не мог нiчога зрабiць. - Як шкада, што са мной няма хлопчыка, - услых сказаў стары чалавек. Рыба цягне мяне на буксiры, i я ж як той бiтэнг*. Можна было б прывязаць шнур да лодкi. Але ж марлiн мог бы парваць яго. Я з усiх сiл мушу ўтрымлiваць рыбiну i адпускаць шнур, калi гэта неабходна. Дзякуй Богу, што ён вандруе, а не шукае схову на глыбiнi. Што я буду рабiць, калi ён усё ж надумае рушыць углыб, я не ведаю. Што я буду рабiць, калi ён дасць нырца ды спусцiць дух, я не ведаю. Але зраблю нешта. Ёсць мноства рэчаў, якiя я магу зрабiць. * Слуп на палубе судна для ўтрымання буксiрнага троса, якарнага каната i г.д. Ён трымаў шнур, што аблягаў плечы, i сачыў за яго нахiлам у вадзе i за лодкай, тая спакойна плыла на паўночны захад. "Гэта заб'е яго, - думаў стары чалавек. - Ён не зможа плысцi гэтак заўжды". Але мiнула чатыры гадзiны, а рыба плыла сабе, як i раней, у адкрытае мора i валакла за сабою лодку, а стары чалавек па-ранейшаму быў туга сцягнуты шнурам упоперак спiны. - Я падчапiў яго на кручок апоўднi, - сказаў ён. - I я яго яшчэ не бачыў. Ён надта рашуча ссунуў унiз свой саламяны капялюш перад тым, як зачапiў на кручок рыбiну, i цяпер той моцна муляў лоб. Смага мучыла таксама, i ён, апусцiўшыся на каленi, асцерагаючыся, каб незнарок не таргануць шнур, падабраўся, наколькi здолеў, да носа лодкi i адною рукою дацягнуўся да бутэлькi з вадой. Ён адаткнуў яе i крыху адпiў. Потым трохi адпачыў на носе. Ён аддыхваўся, седзячы на непастаўленай мачце са згорнутым ветразем, - толькi б вытрываць. Потым ён паглядзеў цераз плячо назад i ўбачыў, што на даляглядзе не вiдаць сушы. "Не бяда, - падумаў ён. - Я заўсёды змагу прыплыць на водблiск агнёў Гаваны. Яшчэ дзве гадзiны да заходу сонца, i, мажлiва, рыба якраз выплыве. А не, дык тады, як узыдзе месяц. Калi ж не выплыве i тады, то, можа, на ўсходзе сонца. Здранцвеласцi няма, i я чуюся дужым. Гэта ў яго кручок у роце. Ну i рыба, як цягне шнур! Вiдаць, ён шчыльна зацiснуў дрот сваiм ротам*. Хацелася б на яго паглядзець адзiн раз, каб ведаць, з кiм я змагаюся". * Для старога чалавека рыбiна, з якой ён змагаецца, сапернiк, iстота мужчынскага роду. Рыба плыла ўсю ноч i, наколькi ён мог меркаваць па зорах, не мяняла свайго кiрунку. Стала холадна пасля таго, як сонца зайшло, пот на спiне, на руках i на яго старых нагах высах. Днём ён узяў мяшок, якiм была накрыта бляшанка з прынадай, i разаслаў яго на сонцы сушыцца. Пасля, як сонца зайшло, ён завязаў мяшок на шыi, закiнуўшы яго на спiну, ды асцярожна заправiў пад шнур, што быў на плячах, як бы падклаўшы туды падушку. Цяпер ён патрапiў гэтак прыхiлiцца да носа лодкi, што стаў чуцца амаль няблага. Ягонае становiшча было ў сапраўднасцi, можа, крыху лепшае, як раней, але ён уважаў яго за нават i не кепскае. "Я нiчога не магу зрабiць з iм, а ён нiчога не можа зрабiць са мной, думаў ён. - Датуль, пакуль рыба вось так плыве". Адзiн раз стары чалавек устаў i памачыўся за борт лодкi, ды паглядзеў на зоры, i праверыў свой курс. Шнур выглядаў як зiхатлiвая палоска, што падала ў ваду проста з яго плячэй. Зараз яны рухалiся павольней, водблiск агнёў Гаваны быў не гэткi моцны, такiм чынам ён зарыентаваўся, што плынь iх вiдочна нясе на ўсход. "Калi я згубiў бляск Гаваны, значыцца, мы больш падалiся на ўсход, падумаў ён. - Бо, калi б рыба не збочыла са свайго курсу, бачыў бы яго яшчэ шмат гадзiн. Цiкава было б даведацца, як там бейсбол, як сёння згулялi ў вышэйшых лiгах, - падумаў ён. - Гэта надзiва лёгка было б зрабiць, маючы радыё". Пасля ён загадаў сабе: заўсёды думай пра справу. Думай пра тое, што робiш. Не забiвай галаву нiякiм глупствам. Потым сказаў уголас: - Шкада, што са мною няма хлопчыка. Ён дапамагаў бы мне i глядзеў на гэта сам. "Нiхто не павiнен быць адзiн у старым веку, - разважаў ён. - Але гэта непазбежна. Я мушу памятаць, што мне трэба з'есцi тунца, пакуль той не сапсаваўся, каб не аслабець. Памятай: не мае значэння, хочацца табе есцi або не, але ты мусiш спажыць яго ўраннi. Памятай", - сказаў ён сабе. Уночы дзве марскiя свiннi падплылi да лодкi, i яму было чутна, як яны круцiлiся i пыхкалi. Ён мог адрознiць шумнае сапенне самца ад падобнага на ўздыхi пыхання самкi. - Гэта - добрыя iстоты, - сказаў ён. - Яны гуляюць i жартуюць, i займаюцца любошчамi. Яны нашыя браты, як лятучыя рыбы. Потым ён стаў шкадаваць вялiкую рыбу, што зачапiлася на кручок. "Цудоўны i дзiўны марлiн, i хто ведае, колькi яму гадоў - думаў ён. - Нiколi не траплялася мне такая дужая рыбiна, i нiводная не паводзiла сябе гэткiм дзiўным чынам. Магчыма, ён занадта мудры, каб скакаць. Ён мог бы знiшчыць мяне скокамi або калi б уцякаў як шалёны. Але, магчыма, ён трапляў на кручок шмат разоў да гэтага i ведае, што яму трэба змагацца якраз так. Ён не падазрае, што супраць яго ўсяго адзiн чалавек, ды i той стары. Але якая гэта вялiзная рыбiна, i колькi грошай дадуць за яе на рынку, калi мяса добрае. Ён схапiў прынаду, як хапае самец, i ён цягне шнур, як самец, i ў ягоным змаганнi няма нi знаку панiкi. Хацеў бы я ведаць, ёсць у яго нейкiя планы цi ён у такой жа роспачы, што i я?" Ён памятаў, як аднойчы зачапiў на кручок аднаго з пары марлiнаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывiцца першай, i самка, ахопленая панiкай, усчала дзiкае адчайнае змаганне, якое хутка знясiлiла яе, i ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур i кружачы з ёю на паверхнi. Марлiн быў гэтак блiзка, што стары чалавек непакоiўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, i амаль гэткага памеру i формы. Калi стары чалавек ударыў яе бусаком, а потым збабоўчыў палкай, трымаючы за падобную на рапiру дзюбу з шорсткiм, як наждак, краем i б'ючы па версе галавы, пакуль самчын колер не стаўся амаль такi, як адваротны бок люстра, i потым, з хлопчыкавай дапамогай, падняў яе на борт, самец не адлучаўся ад лодкi. Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры i рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўнiз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнiкi i паказваючы ўсе свае шырокiя лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, i ён застаўся. "Гэта было сама сумнае здарэнне, звязанае з iмi, якое мне выпала бачыць, - падумаў стары чалавек. - Хлопчык таксама быў засмучаны, i мы папрасiлi ў яе прабачэння ды хуценька разабралi". - Шкада, што тут няма хлопчыка, - сказаў ён уголас, прыхiлiўшыся да закругленых дошак носа лодкi, i адчуў напругу шнура на плячах, моц вялiзнай рыбiны, што кiравала той пуцявiнай, якую выбрала. "Бо аднаго разу, дзякуючы маёй падступнасцi, яму было неабходна зрабiць выбар", - падумаў стары чалавек. Яму належала б заставацца ў глыбокiх цёмных водах, недаступным для ўсiх пастак, сiлкоў i падманаў. А што да мяне, то я мусiў дабрацца сюды i адшукаць яго, i ў гэтым пераўзысцi ўсiх людзей. Усiх людзей на зямлi. Цяпер мы злучаныя разам, былi такiя ўжо ад паўдня. I анiхто не здольны дапамагчы нiводнаму з нас. "Мажлiва, не варта было мне iсцi ў рыбакi, - падумаў ён. - Але дзеля гэтага я нарадзiўся. Я абавязкова павiнен з'есцi тунца, калi развiднее". Незадоўга да свiтанку штосьцi схапiла адну з прынад, што былi ззаду за iм. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, i шнур пачаў выслiзгваць цераз планшыр лодкi. У цемрадзi ён выслабанiў нож з похвы i, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахiлiўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры. Тады ён перацяў шнур, што быў найблiжэй да яго, i ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыцiснуўшы маткi нагой. Зараз ён меў шэсць запасных маткоў шнура. Два - дзе былi прынады, - што ён перарэзаў, ды два з прынадай, на якую клюнула рыбiна, i ўсе яны былi злучаны. "Пасля таго як развiднее, - падумаў ён, - я дабяруся назад да прынады, што закiнута на саракасажневую глыбiню, i перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымi маткамi. Згублю дзвесце сажняў добрага каталонскага саrdеi*, а таксама кручкi ды павадкi, але iх можна замянiць. А хто заменiць мне рыбiну, калi я зачаплю на кручок другую i дазволю сарвацца першай? Не ведаю, што за рыба кагадзе клявала. Гэта мог быць марлiн або шыракадзюб**, або i акула. Я не паспеў адчуць ейную цягу, бо мусiў пазбыцца ад яе як мага хутчэй". * Шнур (гiшп.). ** Меч-рыба. Услых ён сказаў: - Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык. Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, i было б найлепей, каб ты зараз папоўз назад, туды, дзе апошнi шнур, цёмна цяпер цi не цёмна, перацяў той i злучыў з двума запаснымi маткамi. Ён так i зрабiў. Гэта было няпроста ў цемрадзi, i рыба адзiн раз так рэзка тузанула, што ён упаў i паранiў твар пад вокам. Струменьчык крывi пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, i стары чалавек дабраўся назад на нос лодкi i адпачыў там, прысланiўшыся да борта. Ён паправiў мяшок i асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы iм, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: цi хутка рухаецца лодка? "Цiкава, чаму марлiн так рэзка рвануўся? Вiдаць, дрот слiзгануў па ягонай гарбатай спiне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спiне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, якi б вялiзны нi быў. Цяпер усё, што магло спрычынiць клопат, прыбрана з дарогi, i я маю вялiкi запас шнура, а што мне яшчэ трэба?" - Рыба, - лагодна вымавiў ён услых, - я застануся з табою аж да майго канца. "I марлiн застанецца са мною, так я мяркую, - падумаў ён, чакаючы, калi ж развiднее. Было холадна цяпер перад свiтаннем, i стары чалавек шчыльней прыцiснуўся да борта, каб неяк сагрэцца. - Я здольны трываць не менш часу за яго", - падумаў ён. I калi крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур iдзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека. "Ён кiруе на поўнач, - падумаў стары чалавек. - Плынь добра занесла нас на ўсход. Хацеў бы я, каб ён павярнуў ды плыў разам з плынню. Гэта паказала б, што ён стамiўся". Калi ж сонца ўзялося вышэй, стары чалавек без сумневу бачыў, што марлiн не быў стамлёны. Ён угледзеў толькi адзiн добры знак. Нахiл шнура сведчыў, што марлiн плыў на меншай глыбiнi. Гэта не азначала пэўна, што ён вынырне, пакажацца з вады. Але мог. - Божа, хай бы ён паказаўся, - сказаў стары чалавек. - У мяне даволi шнура, каб управiцца з iм. "Мажлiва, калi я трошкi пацягну шнур, яму будзе балюча i ён вынырне, падумаў стары чалавек. - Цяпер, калi стала светла, няхай бы ён вынырнуў з вады, каб тыя яго мяшкi ўздоўж хрыбта напоўнiлiся паветрам, бо тады ён не зможа падацца ў глыб мора канаць". Стары чалавек паспрабаваў пабольшыць напругу шнура, але ўжо тады, калi ён падчапiў на кручок рыбiну, шнур быў напяты да апошняга, i, нахiлiўшыся назад ды тузануўшы яго, ён адчуў прыкрую рэзь i зразумеў, што нацягнуць шнур болей нельга. "Я ўвогуле не павiнен торгаць, - падумаў ён. - З кожным торганнем кручок пашырае рану, i марлiн, раптам тузануўшыся, папросту сарвецца з кручка. А ўвогуле, я чуюся лепей зараз на сонейку, тым болей што на гэты раз не мушу глядзець на яго". На шнуры вiселi жоўтыя водарасцi, але стары чалавек ведаў, што гэта толькi затарможвае рух лодкi, i быў усцешаны. Гэта былi Затокскiя водарасцi, якiя так свяцiлiся ўночы. - Рыба, - сказаў ён, - я люблю цябе i вельмi шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень. "Хочацца спадзявацца", - падумаў ён. З поўначы невялiкая птушка падляцела да лодкi. Гэта была пяюка*, i ляцела яна нiзка над вадой. * Адна з амаль сотнi вiдаў амерыканскiх пеўчых птушак, мае яркi колер. Стары чалавек заўважыў, што тая вельмi знясiленая. Птушка села на карму i адпачывала там. Потым яна мiльганула над галавой старога чалавека, пераляцела на шнур, дзе пачувалася ўтульней. - Колькi гадоў табе? - Стары чалавек спытаўся ў птушкi. - Гэта твая першая вандроўка? Птушка глянула на яго. Яна была занадта зняможаная нават для таго, каб упэўнiцца, цi трывалы шнур, i зыбалася на iм, моцна ўхапiўшыся за яго сваiмi далiкатнымi лапкамi. - Ён тугi, - сказаў ёй стары чалавек. - Аж занадта. Нягожа быць такой стомленай пасля бязветранай начы. Што гэта сталася з птушкамi? "Ястрабы, - падумаў ён, - тыя кiруюць у адкрытае мора наперарэз вам". Але ён нiчога не сказаў пра тое птушцы, якая ўсё адно не змагла б зразумець яго, ды i сама досыць хутка даведаецца пра ястрабаў. - Адпачнi як след, пташка, - сказаў ён. - А потым ляцi i выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо i рыба. Яму рупiла размаўляць, бо спiна яго скалела ўночы i зараз сапраўды балела. - Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калi хочаш, - сказаў ён. - Шкода, што я не магу ўзняць ветразь i ўзяць цябе з сабою, цяпер, калi пачынае дзьмуць лёгкi брыз. Бо я тутака з сябрам. Якраз тады рыбiна раптоўна рванулася, i стары чалавек звалiўся з ног на нос лодкi i мог бы ўпасцi ў ваду, калi б не ўпёрся ў яго рукамi i не адпусцiў шнур. Птушка паляцела, калi шнур таргануўся, стары чалавек нават не бачыў, як яна пырхнула. Ён пiльна абмацаў шнур праваю рукою i заўважыў, што з яе цячэ кроў. - Значыцца, яго там чапiла, - сказаў ён уголас ды тузануў шнур iзноў: цi не ўдасца павярнуць марлiна ў iншы бок? Але калi адчуў, што шнур напяты да мяжы трываласцi, больш не цягнуў, трымаючы яго ў такiм стане. - Блага цяпер табе, рыба, - сказаў ён. - I мне, ведае Бог, таксама. Ён азiрнуўся, каб убачыць птушку, бо цяпер быў бы рады такому кампан'ёну. Але птушкi не было. "Доўга ты тут не затрымалася, - падумаў чалавек. - Але табе будзе цяжэй там, куды ты ляцiш, пакуль не дасягнеш берага. I як гэта я дазволiў рыбiне зрэзаць мяне адным хуткiм рухам? Я, вiдаць, тупею. А можа, я пазiраў на птушачку ды разважаў пра яе. Цяпер буду звяртаць увагу толькi на сваю работу, i яшчэ я мушу з'есцi тунца, каб потым не бракавала моцы". - Як хацеў бы я, каб хлопчык быў тут i каб я меў трохi солi, - сказаў ён уголас. Перасунуўшы цяжар шнура на левае плячо i асцярожна ўкленчыўшы, ён абмыў руку ў акiяне i трымаў яе, апушчаную ў ваду, больш за хвiлiну, назiраючы, як цягнецца, знiкае крывавы струменьчык i плынь раўнамерна абцякае яе. Лодка ж кiравалася далей. - Ён замарудзiў свой рух, - сказаў стары чалавек. Ён яшчэ не выймаў бы руку з салёнай вады, але баяўся, што рыба зноўку тузане, таму ён падняўся, моцна стаў на ногi i, узняўшы руку, патрымаў яе на сонцы. Гэта шнур пекануў па ёй. Рана была якраз у рабочай частцы рукi. Ён ведаў: рукi яшчэ спатрэбяцца, i яму зусiм не хацелася быць параненым да пачатку змагання. - А цяпер, - сказаў ён, калi яго рука высахла, - я павiнен з'есцi невялiчкага тунца. Я магу дацягнуцца да яго бусаком i паесцi тут, у камфорце. Ён стаў на каленi, намацаў бусаком тунца пад кармой i працягнуў да сябе, стараючыся не зачапiць скруткi шнуроў. Трымаючы шнур левым плячом iзноў i абапiраючыся левай жа рукою аб дошкi борта, ён зняў тунца з кручка бусака, а бусак паклаў на ранейшае месца. Ён прыцiснуў рыбу адным каленам i стаў нарэзваць вузкiя кавалкi цёмна-чырвонага мяса ўдоўж ад патылiцы да хваста. Гэта былi клiнаватыя кавалкi, i ён наразаў iх, пачаўшы ад хрыбта аж да краю жывата. Ён адрэзаў шэсць скрылiкаў i расклаў на носе лодкi, выцер нож аб штаны, падняў банiтаў шкiлет за хвост ды шпурнуў за борт. - Вiдаць, я не з'ем цэлы кавалак, - сказаў ён i паласнуў упоперак аднаго. Ён адчуваў усё тую ж напругу шнура, а левую руку звяло. Яна здранцвела сцiскала цяжкi шнур, i ён з прыкрасцю глянуў на яе. - Што гэта за рука, - сказаў ён. - Скурчвайся сабе, калi хочаш. Або вазьмi ды зрабiся кiпцюром. I хiтрыкi табе не дапамогуць. "Давай, падсiлкоўвайся, - падумаў ён, гледзячы ў цёмную ваду на закiнуты шнур. - З'еш гэта зараз, i ўмацуеш сваю руку. Не рука тут вiнаватая, i ты шмат гадзiн быў з рыбiнай. I, магчыма, будзеш з ёю вечна. А зараз еш банiта". Ён падняў кавалак, паклаў у рот i стаў павольна жаваць. Смак быў даволi прыемны. "Жуй, як след, - падумаў ён, - каб выцiснуць усенькi сок. Вядома, было б няблага мець зараз крыху лайма* або лiмон, або соль". * Лайм - цытрон. - Як чуешся, рука? - спытаўся ён у рукi, здранцвелай гэтак, што льга было згадаць rigоr тоrliз*. Я з'ем трохi болей дзеля цябе. * Трупнае скарчаненне (лац.). Старанна жвакаючы, ён спажыў другую частку таго кавалка, што разрэзаў папалам, а пасля выплюнуў скуру. - Цi не робiцца табе лепей, рука? Пэўна, занадта рана пытаюся? Ён узяў ды стаў жаваць другi цэлы кавалак. "Дужая паўнакроўная рыба, - падумаў ён. - Мне пашэнцiла, што я злавiў яе, а не дэльфiна. Дэльфiн - той задужа салодкi. А гэтая - ледзь-ледзь, i ўся ейная моц захавалася. Не выпадае быць непрактычным, - падумаў ён. - Шкада, што ў мяне няма крыху солi. Бо невядома, высушыць сонца тое, што засталося, цi зробiць гнiллём. Таму мне лепей з'есцi i астатняе, хоць я не галодны. Рыба з кручком плыве сабе. З'ем усё i тады буду гатовы". - Набярыся цярпення, рука, - сказаў ён. - Я раблю гэта для цябе. "З большай ахвотай я кармiў бы рыбiну, - падумаў ён. - Марлiн - мой брат. Але я мушу забiць яго, таму павiнен быць дужы". Паволi, засяроджана стары чалавек спажыў усе клiнападобныя скрылiкi. Ён выпрастаўся i выцер рукi аб порткi. - А зараз, - сказаў ён, - можаш выпусцiць шнур, рука, i я спраўлюся з iм адной правай рукой, пакуль у цябе не пройдзе гэтая трасца. - Ён паставiў нагу на цяжкi шнур, якi раней трымала левая рука, i зноў напружана ўгнуў спiну. - Божа, дапамажы мне пазбыцца гэтай здранцвеласцi, - сказаў ён. - Бо хто ведае, цi не выкiне рыба якога конiка. "Але пакуль што марлiн спакойны, - падумаў ён, - i трымаецца свайго плана. Толькi што ў яго за план? I цi ёсць ён у мяне? Мой план я мушу дастасаваць да ягонага, зважаючы на вялiзны марлiнаў памер. Калi ён вынырне, пакажацца, я змагу яго ўхайдолiць. Але ён, вiдаць, надумаў заставацца там заўжды. Дык i я застануся з iм назаўжды". Ён пацёр скурчаную руку аб нагавiцы i памкнуўся размяць непаслухмяныя пальцы. Але рука не расцiскалася. "Мажлiва, сонца ёй дапаможа, - падумаў ён. Мажлiва, яна расцiснецца, калi ператравiцца дужы сыры тунец. Калi мне трэба расцiснуць руку, я зраблю гэта, чаго б яно нi каштавала. Але не цяпер, не ўжываючы сiлу. Хай здранцвенне пройдзе само, хай рука акрыяе самохаць. Цi ж не я знявечыў яе ўночы, калi было неабходна выслабанiць ды злучыць тыя шнуры?" Ён глянуў удаль на мора, i да яго прыйшла думка: якi ён цяпер адзiнокi. Але тут ён угледзеў у глыбокай цёмнай вадзе прамянiстыя прызмы i ўбачыў шнур, што цягнуўся за кармою, i кранутую дзiўнай хвалiстасцю роўнядзь. Воблакi збiралiся ў кучы, як бывае перад пасатам, ён зiрнуў угару i ўбачыў чараду дзiкiх качак, што вырысоўвалася, як на гравюры, на небе над вадою, пасля яна зацягнулася смугою, потым выразна паўстала зноў, i ён спасцiгнуў, што чалавек нiколi не бывае самотны ў моры. Ён падумаў, як баяцца некаторыя людзi заплываць у малых лодках у адкрытае мора, адкуль не вiдаць сушы. Яны маюць рацыю ў тыя месяцы, калi надвор'е раптоўна пагаршаецца. Але зараз была пара цыклонаў, а калi iх, цыклонаў, у такi час няма, гэта найлепшая пара ва ўсiм годзе. Калi цыклон наблiжаецца, а ты ў моры, заўжды ёсць ягоныя прыкметы на небе за колькi дзён наперад. На беразе не кожны iх бачыць, бо i не ведае, што яны ёсць: у форме воблакаў, напрыклад. Але зараз цыклона не чакаецца. Ён падняў галаву i ўбачыў: белыя кучавыя воблакi, што грудкi марозiва, дружна збiралiся да купы, а яшчэ вышэй як бы тонкае пер'е прылiпла да высокага вераснёўскага неба. - Лёгкi brisa*, - сказаў ён. - Надвор'е лепшае для мяне, як для цябе, рыба. * Брыз (гiшп.). Ягоная левая рука была па-ранейшаму скурчана, але паволi ён адгiнаў пальцы. "Ненавiджу здранцвенне, - падумаў ён. - Тваё ўласнае цела табе здраджвае. Сорам, калi ў цябе на людзях панос ад сапсаванай рыбы цi мяса або ты ванiтуеш ад iх. Але здранцвенне (ён думаў пра яго як пра саlатbrе*) асаблiва прынiжае чалавека тады, калi ён адзiн. Калi б хлопчык быў тут, ён бы расцёр мне руку ад перадплечча i зняў анямеласць. Але яна паздаравее". * Здранцвенне (гiшп.). Ён адчуў правай рукой, што рыба тузае шнур не гэтак, як раней, i тады ўбачыў, што шнур мае iнакшы нахiл. Пасля, калi ён налёг на шнур, а левай рукой моцна i хутка ляпнуў па сцягне, то ўбачыў, як шнур пацiху iдзе ўгору. - Ён выплывае на паверхню, - сказаў стары чалавек. - Ажывай, рука. Калi ласка, ажывай. Шнур выходзiў паволi, але няспынна, i неўзабаве паверхня вады ўзнялася перад лодкай, i марлiн выплыў. Ён выныраў несканчона доўга, i вада сцякала з ягоных бакоў. Яскравы на сонцы, галаву i спiну ён меў цёмна-лiловыя, а шырокiя палосы на баках - светлага лавандавага колеру. Яго шабля была доўгая, як бейсбольная бiтка, i звужаная, што рапiра, i ён падняўся на ўвесь рост з вады i пасля зноўку сягнуў туды, плаўна, усё адно як ныральшчык, i стары чалавек бачыў, як хаваецца ў вадзе вялiзны, падобны на лязо касы, хвост i як папоўз унiз шнур. - Ён на два футы даўжэйшы за мой човен, - сказаў стары чалавек. Шнур iшоў унiз хутка, але не сутаргава, i рыба не была спуджаная. Стары чалавек намагаўся абедзвюма рукамi ўтрымлiваць такую напругу, якая яшчэ была бяспечная. Ён ведаў, што калi не здолее запаволiць рыбу разважным мерным цiскам, тая можа забраць увесь шнур i парваць. "Гэта вялiзны марлiн, i я мушу адужаць яго, - падумаў ён. - Я не павiнен дазволiць яму ўведаць сваю ўласную моц, анi тое, што ён мог бы зрабiць, пусцiўшыся наўцёкi. Калi б гэта быў я, дык напружыў бы ўсе свае сiлы i даў ходу, пакуль штосьцi не парвалася б. Але, дзякуй Богу, яны не такiя разумныя, як мы, хто выймае з iх дух, хоць яны болей спрытныя i высакародныя за нас". Стары чалавек бачыў шмат велiзарных рыбiн. Гэткiх, што важылi больш за тысячу фунтаў, i за сваё жыццё злавiў дзвюх такога памеру, але не адзiн. А зараз адзiн - i на даляглядзе не вiдаць сушы - ён быў прывязаны да найвялiкшай рыбы, якую калi-небудзь бачыў, большай за тыя, пра якiх чуў, i сцятыя пальцы на ягонай левай руцэ былi па-ранейшаму як сцiснутыя арлiныя кiпцюры. "Але рука разагнецца, - падумаў ён. - Ну, так, яна разагнецца, каб дапамагчы правай руцэ. Гэта тры браты: рыба i абедзве мае рукi. Яна павiнна разагнуцца. Не надта годна з яе боку быць здранцвелай". Рыба iзноў запаволiла свой рух i плыла са звыклай хуткасцю. "Хацеў бы я ведаць, чаго ён вынырнуў, - падумаў стары чалавек. - Цi не дзеля таго, каб паказаць мне, якi ён вялiкi. Зараз я ведаю хоць гэта, падумаў ён. - Я хацеў бы паказаць яму, што за чалавек я. Але ж ён убачыў бы скручаную руку. Няхай ён думае, што я магутнейшы, чым ёсць, i такi я i буду. Калi б я быў рыбай, - падумаў стары чалавек, - хай бы ён меў усё, што мае, супроць адной маёй волi ды майго розуму". Ён зручна ўладкаваўся, адчуваючы трываласць борта, i, здавалася, без вялiкiх высiлкаў пераносiў цяжкасцi, i рыба звыкла плыла сабе, i лодка паволi кiравалася па цёмнай вадзе. Вятрыска, якi прыйшоў з усходу, прынёс з сабой невялiкае хваляванне, апоўднi левая рука старога чалавека ажыла. - Благая навiна для цябе, рыба, - сказаў ён i пасунуў шнур на мяшку, што акрываў ягоныя плечы. Уладзiўшыся як найямчэй, ён усё ж пакутаваў, хоць не прызнаваўся ў тым нават самому сабе. - Я не набожны, - вымавiў ён. - Але я прачытаю дзесяць "Ойчаў нашых" i дзесяць "Анёльскiх прывiтанняў", каб злавiць гэтую рыбу, i я абяцаю зрабiць пiлiгрымку да Кабрэнскай Божай Мацi, калi злаўлю. Вось маё абяцанне. Ён пачаў чытаць малiтвы. Часам так стамляўся, што не ўспамiналiся словы, i тады ён стаў чытаць як найхутчэй, каб словы прыходзiлi аўтаматычна. "Анёльскае прывiтанне" лягчэй казаць, як "Ойча наш", - падумаў ён. - Вiтай, Марыя, поўная ласкi, Госпад з табою, блаславёная ты мiж жанчынамi i блаславёны плод улоння твайго - Езус. Святая Марыя, Мацi Божая, малiся за нас грэшных цяпер i ў хвiлiну смерцi нашай. Амiн. - I ён дадаў: - Блаславёная Панна, малiся, каб гэты марлiн навярнуў галавой. Хоць ён i цудоўны. Прачытаўшы малiтвы i чуючыся нашмат лепей, але пакутуючы па-ранейшаму, а мо i трохi болей, ён прыхiнуўся да носа лодкi i стаў разварушваць пальцы левай рукi. Сонца прыпякала, хоць i пачаў дзьмуць лагодны ветрык. - Варта было б зноў начапiць рыбку ды закiнуць з кармы той малы шнур, сказаў ён. - Калi рыба захоча заставацца ў моры i наступную ноч, мне спатрэбiцца нешта есцi. Вады i то засталося на дне бутэлькi. Не думаю, што мне ўдасца злавiць тут штосьцi, апроч дэльфiна. Але свежы i ён прыймальны. Добра было б, каб лятучая рыба завiтала на борт уначы. Але ж у мяне няма жаднага святла, што вабiла б iх сюды. Лятучая рыба выдатная на смак сырая, i мне не трэба будзе разрэзваць яе на кавалкi. Я мушу ашчаджаць усе свае сiлы. Хрысце, я не ведаў, што ён гэткi вялiзны. - I ўсё ж ты спусцiш дух, - сказаў стары чалавек. - Ва ўсёй сваёй велiчы i бляску. "Хоць гэта i несправядлiва, - падумаў ён. - Але я пакажу яму, на што здатны чалавек i што чалавек можа вытрываць". - Я гаварыў хлопчыку, што я незвычайны чалавек, - сказаў ён. - Зараз я павiнен гэта даказаць. Не мела значэння, што ён даказваў такое сцвярджэнне тысячу разоў. Цяпер ён даказвае iзноў. Кожны раз быў новым разам, i, даказваючы, ён нiколi не думаў пра мiнулае. "Як добра было б, каб ён заснуў i каб я мог заснуць i снiць пра львоў, падумаў стары чалавек. - Чаму менавiта яны, iльвы, заселi ў маёй памяцi? Не разважай, старэча, - сказаў ён сабе. - Давай, прыхiнiся да борта i нi пра што не думай. Ён працуе. А ты асаблiва не намагайся". Было ўжо, можна сказаць, папаўднi, лодка паволi плыла тым жа кiрункам. Але зараз яе падштурхоўваў i ветрык з усходу. Стары чалавек у лодцы мякка саслiзгваў з хвалi на хвалю, i нават боль ад шнура ўпоперак спiны здаваўся яму зусiм не пакутлiвы. Неяк пасля паўдня шнур пачаў узнiмацца зноў. Аднак рыба ўсяго толькi паднялася трохi вышэй. Сонца ўгравала левую руку i плячо старога чалавека, ды ягоную спiну, i, такiм чынам, ён зразумеў, што рыба павярнула на паўночны ўсход. Зараз, калi ён ужо бачыў яго, ён мог уявiць сабе, як марлiн плавае ў вадзе з распасцёртымi, нiбы крылы, фiялетавымi груднымi плаўнiкамi, кроячы цемру прамым вялiзным хвастом. "Цiкава, што ён бачыць на такой глыбiнi, - падумаў стары чалавек. - Ягонае вока з кулак, у каня яно куды меншае, але той здатны бачыць у цемры. Некалi я зусiм няблага бачыў у цемры, не ў поўнай, вядома. Не нашмат горш за ката". Сонечная цяпло i тое, што стары чалавек варушыў i варушыў пальцамi, зняло здранцвеласць з левай рукi поўнасцю, i ён пачаў перакладваць на яе ўсё больш работы ды пацепваць мускуламi спiны, каб трошкi перасунуць балючы шнур. - Калi ты не стамiлася, рыба, - сказаў ён уголас, - дык ты вельмi дзiўная. Ён чуўся зняможаным i ведаў, што неўзабаве прыйдзе ноч, i стараўся думаць пра iншыя рэчы. Ён думаў пра Вялiкiя Лiгi (для яго яны былi Оrап Ligаs), памятаючы, што "Янкi" з Ню-Ёрка гулялi з дэтройцкiмi "Тыграмi". "Другi дзень мiнае, як я не ведаю вынiкаў juegos*, - падумаў ён. - Але я не павiнен губляць веры, i я мушу быць вартым вялiкага Дзi Маджыа, якi ўсё робiць дасканала, перасiльваючы нават боль ад пятачнай шпоры. Што гэта за штука: пятачная шпора? - спытаўся ён у самога сябе. * Спартовыя гульнi (гiшп.). У нас яе нiколi не бывае. Няўжо ад яе гэтак жа балюча, як ад шпоры байцовага пеўня ў пяту? Наўрад цi я здолеў бы вытрываць гэта або страту вока цi абодвух вачэй ды працягваць змагацца, як тыя байцовыя пеўнi. Чалавек не роўня найлепшым птахам i звярам. Усё ж я ахвотней быў бы той iстотай, што цяпер там, пада мною, у цемрадзi мора". - Пакуль не завiталi акулы, - сказаў ён услых. - Завiтаюць акулы - Божа, ратуй яго i мяне. "Як табе здаецца, цi вартаваў бы гэтую рыбiну вялiкi Дзi Маджыа так доўга, як вартавацьму я? - задаў ён сабе пытанне. - Я перакананы, што ён быў бы тут яшчэ лепшы за мяне, бо малады i дужы. Ягоны бацька таксама быў рыбак. Дык цi надта балюча яму ад той пятачнай шпоры?" - Не ведаю, - уголас вымавiў ён. - Пятачнай шпоры ў мяне нiколi не было. Калi сонца зайшло, стары чалавек прыгадаў, каб надаць сабе ўпэўненасцi, як некалi ў таверне ў Касабланцы ён дужаўся, чыя рука мацнейшая, з вялiзным неграм з Сьенфуэгаса, якi быў наймацнейшым хлопцам ва ўсiм порце. Яны правялi адзiн дзень i адну ноч, упiраючы локцi ў накрэсленую крэйдай на стале рысу, з выпрастанымi перадплеччамi, намёртва счапiўшы рукi. Кожны намагаўся пакласцi руку другога на стол. Багата хто бiўся аб заклад, людзi заходзiлi i пакiдалi пакой, асветлены газнiцамi, а ён глядзеў на неграву ручышчу, на ягоную кiсць i ў твар яму. Яны змянялi рэферы кожныя чатыры гадзiны пасля першых васьмi, каб суддзi маглi паспаць. Кроў выступiла з-пад ягоных пазногцяў i негравых, i яны пазiралi адзiн аднаму ў вочы i на рукi, i на перадплеччы, i спрачальнiкi прыходзiлi i выходзiлi з пакоя, а то ўсаджвалiся на высокiя крэслы, што стаялi каля сцяны, ды назiралi. Лямпы кiдалi ценi на драўляныя афарбаваныя яскравым блакiтам сцены. Неграў цень быў велiзарны, i ён поўз па сцяне, калi вецер раскалыхваў лямпы. Рознiца памiж грашыма, што ставiлi на кон, i сумай, якую атрымаў бы пераможца ў закладзе, усю ноч мянялася ў той цi iншы бок, i гледачы напампоўвалi негра ромам i запальвалi яму цыгарэты. Урэшце негр, на добрым падпiтку, ажно лез са скуры i аднаго разу змусiў руку старога чалавека, якi тады не быў стары, а быў Сант'ягам Еl Сатреoп*, амаль на тры цалi страцiць раўнавагу. * Чэмпiён (гiшп.). Але стары чалавек патрапiў выпрастаць руку, i тая зноў была ўпоравень з супернiкавай. Ён быў упэўнены зараз, што адужаў гэтага цудоўнага хлопца i сапраўднага атлета. I на свiтаннi, калi спрачальнiкi прасiлi абвясцiць, што двубой скончыўся нiчыёй, i рэферы адмоўна круцiў галавой, ён, рашуча намогшыся, стаў хiлiць неграву руку нiжэй i нiжэй, пакуль тая не легла на стальнiцу. Матч распачаўся ў нядзелю ранiцой i скончыўся ранiцой у панядзелак. Багата хто з тых, што бiлiся аб заклад, прасiлi абвясцiць нiчыю, бо яны мусiлi iсцi - у порт грузiць мяшкi з цукрам або на працу ў Гаванскую Вугальную Кампанiю. Каб не гэта, кожнаму рупiла б дачакацца фiнiша. Але ж ён фiнiшаваў, i раней, як хто-кольвек павiнен быў iсцi на работу. Яго доўга ўсе звалi Чэмпiёнам, а ўвесну быў матч у адказ. Але няшмат грошай ставiлася на кон, i ён лёгка выйграў матч, бо падарваў у негра з Сьенфуэгаса веру ва ўласныя сiлы ў першым паядынку. Пасля ён правёў яшчэ пару матчаў, а потым - нiводнага. Ён вырашыў, што здольны адужаць любога, калi моцна захоча, але гэта шкодна для ягонай правай рукi, якою ён ловiць рыбу. Ён правёў колькi пробных матчаў, дужаючыся левай. Аднак левая рука заўсёды была здраднiцкаю i нiколi не выконвала ягоных загадаў, i таму ён не даваў ёй веры. "Сонца добра выпалiць ейную хваробу, - падумаў ён. - Яна не павiнна больш дранцвець, хiба што ўначы будзе занадта холадна. Хацеў бы я ведаць, што прынясе гэтая ноч". Самалёт праляцеў над галавой на сваiм шляху ў Майамi, i ён бачыў, як ягоны цень спудзiў чароды лятучых рыб i тыя шуганулi ўгору. - Калi гэтулькi лятучай рыбы, дык тут павiнен быць дэльфiн, - сказаў ён i налёг на шнур, каб уведаць, цi нельга трохi падцягнуць рыбiну. Але не, ад напятага - глядзi, каб не парваўся, - шнура ажно адскоквалi кроплi. Лодка паволi кiравала наперад, i ён назiраў за самалётам, пакуль той не знiк з поля зроку. "Вiдочна, у самалёце дужа нязвыкла, - падумаў стары чалавек. - Цiкава, як выглядае мора з такое высi? Яны павiнны добра бачыць рыбу, калi лётаюць не занадта высока. Я хацеў бы лётаць вельмi павольна на вышынi двухсот сажняў i выглядаць рыбу згары. Калi я хадзiў у мора лавiць чарапах, то забiраўся на салiнг на вяршыню мачты i нават з той вышынi бачыў нямала. Дэльфiны адтуль зелянейшыя, i ты можаш бачыць iхнiя палосы i фiялетавыя плямы, i можаш бачыць увесь касяк, як яны плаваюць. Чаму гэта так, што ўсе борздыя рыбы з цёмных глыбiняў маюць фiялетавыя спiны i, зазвычай, фiялетавыя палосы або плямы? Дэльфiн толькi здаецца зялёным, а ў сапраўднасцi ён залацiсты. Але калi ён прыходзiць кармiцца, добра прагаладаўшыся, фiялетавыя палосы паказваюцца ў яго на баках, як у марлiна. Цi гэта ад злосцi, цi ад большай хуткасцi яны выступаюць?" Якраз перад тым, як сталася цёмна, а стары чалавек мiнаў вялiзную выспу саргасавых водарасцей, што ўздымалiся i калыхалiся ў светлым моры, як быццам акiян мiлаваўся з некiм пад жоўтаю коўдраю, невялiчкi шнур ухапiў дэльфiн. Ён убачыў яго, калi той скочыў у паветра, сапраўды залаты ў апошнiм праменнi сонца, выгiнаючыся i шалёна матляючы плаўнiкамi ў паветры. Дэльфiн скочыў яшчэ раз, дэманструючы акрабатыку страху, i стары чалавек прабраўся назад на карму i, скурчыўшыся, трымаючы вялiкi шнур ўсёю праваю рукою, цягнуў дэльфiна леваю, наступаючы на штораз даўжэйшы шнур голаю леваю нагою. Калi рыба была ля самай кармы, вар'юючы, кiдаючыся з боку ў бок, стары чалавек перагнуўся цераз карму, уцягнуў яе, зiхотка-залатую, з фiялетавымi плямамi, у лодку. Ейныя скiвiцы сутаргава працавалi, яна кусала i кусала кручок, малоцячы дно чоўна доўгiм пляскатым целам, хвастом i галавою, пакуль ён не агрэў яе па зiхатлiвай залатой галаве i пакуль яна не ўздрыгнула i не супакоiлася. Стары чалавек зняў з кручка рыбу, насадзiў на яго другую сардзiну i закiнуў шнур. Пасля ён паволi стаў прабiрацца назад на нос. Ён памыў левую руку i выцер яе аб нагавiцы. Пасля пераклаў цяжкi шнур з правай рукi ў левую i памыў правую руку ў вадзе, назiраючы, як сонца апускалася ў акiян i з якiм нахiлам цягнуўся вялiкi шнур. - Ён плыве, як плыў, - сказаў стары чалавек. Але паназiраўшы, як вада абцякае руку, заўважыў: рух лодкi стаў куды павольнейшы. - Я звяжу два вёслы разам, упоперак кармы, i гэта замарудзiць вандроўку ўночы, - сказаў ён. - I яму, i мне пара адпачыць. "Разумней будзе растрыбушыць дэльфiна трошкi пазней, каб зберагчы кроў у мясе, - падумаў ён. - Зраблю гэта пазней i тады ж звяжу вёслы, для тармажэння. Няхай марлiн цешыцца спакоем, не варта яго асаблiва турбаваць на заходзе. Заход сонца цяжкая часiна для рыб". Ён высушыў руку, трымаючы яе ў паветры, пасля ўхапiў ёю шнур i, расслабiўшыся як мог, даў падцягнуць сябе наперад да борта, гэтак, што на саму лодку прыпадала цяпер напругi не менш, калi не болей, як на яго. "Я вучуся як спраўляцца з такiм клопатам, - падумаў ён. - Прынамсi, з гэтай часткай работы. I не забудзься яшчэ, што ён не еў з таго часу, як узяў прынаду, i што ён вялiзны i яму трэба шмат ежы. А я з'еў цэлага банiта. Заўтра прымуся за дэльфiна. Ён зваў яго dоradо. Мажлiва, пакаштую ўжо тады, калi буду чысцiць. Яго куды цяжэй есцi, як банiта. Але ж лёгкага нiчога няма". - Як пачуваешся, рыба? - спытаўся ён уголас. - Я добра пачуваюся, i мая левая рука паздаравела, i я маю запас ежы на ноч i на дзень. Так што цягнi лодку, рыба. Ён не чуўся напраўду добра, боль ад шнура, якi ўядаўся ў спiну, ужо быў не проста боль - ён нерайшоў у тупую ламоту, якой ён пабойваўся. "Але са мной здаралiся горшыя рэчы, - думаў ён. - Мая рука толькi трошкi парэзаная, а другая ўжо не здранцвелая. Ногi мае ў парадку. Апроч таго, цяпер у мяне ёсць перавага: я маю правiзiю". Ужо сцямнела, у вераснi па заходзе сонца цямнее хутка. Ён ляжаў, прыхiнуўшыся да шэрых абшарпаных дошак лодкi, адпачываючы ад усёй сваёй стомы. Загарэлiся першыя зоркi. Яму была невядома назва зоркi Рыгель, але ён бачыў яе i ведаў, што неўзабаве выйдуць i астатнiя, i ён будзе з усiмi сваiмi далёкiмi сябрамi. - Марлiн - таксама мой сябра, - сказаў ён услых. - Гэткага я нiколi не бачыў i не чуў, што ёсць такi. Але я павiнен забiць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забiць зоры. "Уявi, што было б, калi б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, падумаў ён. - Месяц жа не стаiць на месцы. А можаш сабе ўявiць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзiлiся шчаслiвыя", - прыйшоў ён да высновы. Потым яму стала шкада вялiзную рыбiну, якая не мела чаго есцi. Але яго рашучы намер даканаць марлiна нiяк не паслабеў ад таго шкадавання. "Як багата людзей накормiць ён, - разважаў стары чалавек. - Але цi вартыя яны есцi яго? Ну, безумоўна, не. Няма анiкога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзiць, з такiм пачуццём годнасцi". "Я не дужа разумею гэтыя рэчы, - падумаў ён. - Але добра, што нам не трэба намагацца забiць сонца або месяц, або зоркi. Досыць таго, што мы жывiмся морам i вымаем дух з нашых праўдзiвых сяброў. А цяпер, - падумаў стары чалавек, - трэба вырашыць з тармажэннем. Яно мае свае хiбы i свае вартасцi. Я магу згубiць гэтулькi шнура, што згублю i марлiна, калi той рване ад мяне, а тормаз - звязаныя адно з другiм вёслы будзе на месцы, i лодка згубiць усю сваю лёгкасць. Вядома, ейная лёгкасць доўжыць нашыя супольныя пакуты, але яна ж - зарука маёй бяспекi, бо ён здатны на вялiзную хуткасць, якою яшчэ нiколi не карыстаўся. Што б там нi было, я павiнен растрыбушыць дэльфiна, каб не сапсуўся, i трохi з'есцi, каб захаваць сiлу. Зараз я адпачну яшчэ гадзiнку, пагляджу, цi гэткi ж ён моцны, што быў, i цi гэтак жа, як раней, плыве, а потым падамся на карму са сваiм рупескам i цвёрда наважу, што рабiць. Тым часам я магу назiраць, як ён трымаецца i цi нямашака з iм якiх змен. Вёслы - добрая прыдумка, але зараз гуляць трэба з аглядкай! Гэта яшчэ рыба хоць куды, i я заўважыў, што кручок быў у куце рота, i рот быў шчыльна закрыты. Такой бяды той кручок. Голад - вось што яму дапякае, i тое, што супроць яго якаясьцi незразумелая яму сiла. Спачывай зараз, старэча, а ён хай сабе працуе, пакуль твой чарод не прыйдзе". Ён адпачываў, як яму здалося, гадзiны дзве. Месяц узышоў на небе позна, толькi па iм ён мог вызначыць час. Дый цi адпачываў ён узапраўды? Стары чалавек, як i раней, нёс на сваiх плячах няспынную цягу рыбы, але ён паклаў левую руку на планшыр лодкi i ўсё больш давяраўся лодцы самой, ейнаму супрацiву рыбiне. "Як было б проста i добра, калi б я мог напяць шнур моцна, падумаў ён. - Але калi марлiн раптоўна толькi падасца ўбок, то парве яго. Я павiнен змякчаць напругу шнура сваiм целам i ў любы час быць гатовы адпусцiць той абедзвюма рукамi". - Але ты яшчэ не спаў, старэча, - сказаў ён уголас. - Гэта ж палова дня i ноч, i другi дзень, а ты яшчэ не спаў. Ты павiнен вынайсцi спосаб, як трохi паспаць, калi ён спакойна плыве. Не сплючы, у галаве возьме i памутнее. "Але галава ў мяне ясная, - падумаў ён. - Дужа ясная. Я такi ж ясны, як зоркi, а мы - радня*. I ўсё ж я павiнен паспаць. Зоркi спяць, i месяц, i сонца спiць, i нават акiян спiць часам, у пэўныя днi, калi плынь замiрае, калi ягоная паверхня гладзюсенькая. * Лiтаральна - браты. Але не забудзься пра сон, - падумаў ён. - Трэба сябе змусiць, а пасля прыдумай штосьцi простае i пэўнае наконт шнуроў. Iдзi назад i прыгатуй дэльфiна. Гэта занадта небяспечна: прыстасоўваць вёслы для тармажэння, калi ты павiнен спаць". - Я мог бы абысцiся без сну, - сказаў ён сабе. - Але гэта было б задужа небяспечна. Ён рачкi стаў прабiрацца назад на карму, намагаючыся не таргануць шнуром, якi трымаў марлiн. "Мажлiва, яго самога зморвае сон, - падумаў стары чалавек. Але я не хачу, каб ён адпачываў. Ён павiнен цягнуць, пакуль не зойдзецца". Зноў апынуўшыся на карме, стары чалавек павярнуўся гэтак, што адна яго левая рука вытрымлiвала цяпер тое, што раней плечы, i правай рукой дастаў нож з похвы. Зоры зараз свяцiлi зырка, ён выразна бачыў дэльфiна i ўсадзiў лязо нажа ў ягоную галаву, а пасля выцягнуў дэльфiна з-пад кармы. Прыцiснуўшы адной нагой рыбу, не марудзячы, ён разрэзаў яе ад задняга праходу аж да кончыка нiжняй скiвiцы. Потым адклаў нож i трыбушыў рыбу правай рукой, дачыста выбiраючы вантробы i вырываючы шчэлепы. Ён адчуў, што трымае ў руках цяжкi i слiзкi страўнiк, i расцяў яго. Унутры былi дзве лятучыя рыбы, свежыя i цвёрдыя. Ён паклаў iх побачкi, а трыбухi ды шчэлепы кiнуў за карму. Яны патаналi, пакiдаючы ў вадзе святлiсты след. Рыба была халодная, струплявата-шэра-белая ў зорным святле, i стары чалавек аблупiў адзiн бок, прытрымлiваючы правай нагой рыбiну галаву. Пасля перавярнуў рыбу i зняў скуру з другога боку, ды адрэзаў мяса з абодвух: ад галавы ажно да хваста. Ён кiнуў шкiлет за борт i паглядзеў, цi хоць трохi не закруцiцца вада. Але ўбачыў толькi святло, запаленае яго павольным апусканнем. Тады ён павярнуўся i ўладкаваў дзвюх лятучых рыб усярэдзiне двух рыбных фiле, а пасля, паклаўшы нож назад у похву, памалу дабiраўся назад на нос. Яго спiна была сагнутая ад цяжару шнура ўпоперак яе, а ў правай руцэ ён нёс рыбу. Там, на носе, ён расклаў на дне лодкi два рыбных фiле i побач - лятучых рыб. Тады перасунуў шнур на плячах на новае месца i зноўку трымаў левай рукой, упiраючыся ў планшыр. Пасля ён перагнуўся цераз борт i памыў лятучую рыбу ў вадзе, назiраючы, з якой хуткасцю вада абцякае руку. Ягоная рука свяцiлася, ён жа чысцiў рыбу. Струмень быў не гэткi моцны, i калi ён выцiраў рабро далонi аб дошкi, часцiнкi фосфару павольна плылi да кармы. - Ён стомлены або адпачывае, - сказаў стары чалавек. - А зараз я мушу спажыць пасiлак з гэтага дэльфiна, перадыхнуць i трошкi паспаць. Пад зорамi ўсё больш i больш халоднай начы стары чалавек з'еў палавiнку рыбнага фiле i лятучую рыбу (папярэдне ён растрыбушыў яе i адрэзаў ёй галаву). - Якая выдатная ежа - вараны або смажаны дэльфiн, - сказаў ён. - I якi ён агiдны сыры. Я нiколi болей не выйду ў лодцы, не ўзяўшы лаймаў або солi. "Калi б у мяне былi мазгi, я ўвесь дзень плюхаў бы ваду на нос чаўна, i, высыхаючы, яна б ператварылася ў соль, - падумаў ён. - Але ж я зачапiў на кручок дэльфiна амаль на заходзе сонца. I ўсё ж слабавата рыхтаваўся. Аднак я грунтоўна ўсё перажаваў, i на ванiты не цягне". Неба зацягвалася хмарамi, што плылi на ўсход, i адна за адной зоркi, якiя ён ведаў, знiкалi. Здавалася, што ён завiтае ў вялiзны каньён хмар. Вецер сцiх. - Тут будзе кепскае надвор'е праз тры цi чатыры днi, - сказаў ён. - Але не сёння ўночы i не заўтра. Шыкуйся зараз да свайго сну, старэча, пакуль рыба паводзiць сябе спакойна. Учэпiста трымаючы шнур у правай руцэ, ён прыцiснуў яе клубом, налёгшы ўсёй сваёй вагой на борт носа. Пасля ён спусцiў шнур на плячах трохi нiжэй i ўхапiўся за яго левай рукой. "Мая правая рука можа трымаць яго датуль, пакуль ён прыцiснуты, - падумаў стары чалавек. - Калi шнур аслабне ў сне, левая абудзiць мяне, як той пачне выпаўзаць. Цяжкавата будзе правай руцэ. Але ён звычны да пакаранняў*. Нават калi я пасплю хвiлiн дваццаць або паўгадзiны, будзе няблага". * Стары чалавек, персанiфiкуючы i сваю правую руку, ужывае ў стасунку да яе мужчынскi род. Так ён ляжаў, зацiскаючы сабою, усiм целам сваiм шнур, перакладаючы ўсю сваю вагу на правую руку, i ўрэшце заснуў. Стары чалавек снiў не iльвоў, а вялiзны касяк марскiх свiней, што расцягнуўся на восем цi дзесяць мiляў, i гэта было ў час iхняга спароўвання, i яны скакалi высока ў паветра ды вярталiся ў тую ж яму, якую яны, скачучы, утваралi ў вадзе. Потым яму снiлася, што ён у вёсцы на сваiм ложку, i што дзьме "паўночнiк"*, яму дужа сцюдзёна, а левая рука здранцвела, бо галава ягоная спачывае на ёй замест падушкi. * Моцны паўночны вецер. Пасля гэтага прыснiўся яму доўгi жоўты бераг, i ён убачыў, як шарай гадзiнай першы леў ступiў на бераг, а пасля прыйшлi другiя львы, i ён, успёршы падбародак на борт, на носе карабля, што стаяў на якары пад павевам берагавога брызу, чакаў з'яўлення новых львоў i быў шчаслiвы. Месяц ужо даўно ўзышоў, але стары чалавек спаў сабе, i рыба рупна цягнула лодку, i тая кiравалася ў тунэль, збудаваны з хмар. Ён прачнуўся ад удару ў твар кулаком уласнай правай рукi. Апякаючы яе, шнур iрваўся ўнiз, у мора. Стары чалавек зусiм не чуў левай рукi i як толькi мог тармазiў правай, але шнур з iмклiвасцю раскручваўся. Урэшце левая рука намацала шнур, i ён прыцiснуўся да яго спiнай, хоць шнур апальваў яе i руку, што прыняла на сябе ўсю напругу, i балюча рэзаў яе. Ён азiрнуўся на запасныя маткi: яны падавалi шнур са спорнасцю канвеера. Якраз тады рыба скочыла з вады, як быццам выбухнула ў акiяне, а пасля цяжка ўпала. Потым яна скакала зноў i зноў, але лодка iшла хутка, хоць шнур усё размотваўся, i стары чалавек напiнаў яго аж да небяспечнай напругi, напiнаў яшчэ i яшчэ раз. Урэшце яго шпурнула на нос лодкi, тыцнула тварам у адрэзаны кавалак дэльфiна, i ён не мог паварушыцца. "Вось што мы атрымалi, - падумаў ён. - Прымайма падарунак. Але змусь яго заплацiць за гульнi са шнурам, - падумаў ён. - Змусь яго заплацiць за гэта". Ён не мог бачыць рыбiных скачкоў, адно чуў, як нiбыта разломваўся акiян, ды цяжкi ўсплёск, калi марлiн рухнуў. Шнур з ягонай хуткасцю моцна ранiў рукi, але стары чалавек загадзя ведаў, што гэтак будзе, i звыкла намагаўся, каб той не чапляў найбольш далiкатных частак рукi, не саслiзнуў у далонь ды не разануў па пальцах. "Калi б хлопчык быў тут, ён змачыў бы маткi шнура, - падумаў стары чалавек. - Але, калi б хлопчык быў тут. Калi б хлопчык быў тут..." Шнур усё знiкаў i знiкаў у вадзе, але зараз рух гэты павольнеў, i стары чалавек прымушаў рыбiну здабываць кажнюткую цалю шнура. Вось ён узняў галаву на дне лодкi, пакiнуўшы там кавалак рыбы, расплюшчаны ягонай шчакой. Пасля ён укленчыў, а тады паволi ўстаў на ногi. Ён адпускаў шнур, але з кожным разам усё больш непаспешлiва. Ён адсунуўся назад, туды, дзе намацваў нагою маткi шнура, якiх не мог бачыць у цемры. Тут яшчэ было процьма шнуру, i на марлiнаву долю выпадала валачыць увесь прыпас у вадзе. "Так, - падумаў ён. - I, апрача таго, марлiн скочыў больш за тузiн разоў i напоўнiў мяшкi ўздоўж свайго хрыбта паветрам i цяпер не можа падацца памiраць глыбока на дно, адкуль я не здолеў бы яго выцягнуць. Неўзабаве ён пачне кружляць, i вось тады я павiнен як след нацiснуць на яго. Цiкава, што яго так раптоўна спудзiла? Мажлiва, голад напоўнiў адчаем або штосьцi напалохала ўночы? Можа, ён раптам адчуў страх. Але ж гэткая спакойная дужая рыбiна, i такая, здавалася, бясстрашная i ўпэўненая. Дзiўна". - Лепей сам будзь бясстрашны i ўпэўнены ў сабе, старэча, - сказаў ён. - Ты трымаеш яго iзноў, ды не можаш анi трохi падцягнуць шнур. Але неўзабаве ён павiнен закружляць. Трымаючы шнур левай рукой i плячыма, стары чалавек нахiлiўся i чарпануў вады правай рукой, каб змыць рэшткi рыбiнага мяса са свайго твару. Ён непакоiўся, каб яно не пацягнула яго на ванiты, i ён не падупаў на сiле. Абмыўшы твар, стары чалавек памыў правую руку ў вадзе за бортам i не выцягваў яе пэўны час з салёнай вады, назiраючы за з'яўленнем першага святла, за якiм - усход сонца. "Ён кiруецца амаль на ўсход, - падумаў стары чалавек. Значыцца, ён замарыўся i даверыўся плынi. Неўзабаве ён абавязкова закружляе. Тады i распачнецца праўдзiвая нашая праца". Палiчыўшы ўрэшце, што яго правая рука была ў вадзе дастаткова доўга, стары чалавек выцягнуў яе i агледзеў. - Нiчога страшнага, - сказаў ён. - I няхай балiць, боль для мужчыны рэч звычная. Ён асцярожна ўзяўся за шнур, каб той не трапiў на нiводны свежы парэз, i пасунуўся так, каб мог апусцiць левую руку ў мора з другога боку чоўна. - Для такое нiкчэмнасцi, як ты, твае паводзiны былi яшчэ не найгоршыя, звярнуўся ён да левай рукi. - Але быў момант, калi я не мог цябе знайсцi. "Чаму я не нарадзiўся з дзвюма добрымi рукамi? - падумаў ён. - Магчыма, гэта мая вiна, што я не вытрэнiраваў руку належным чынам. Але Богу вядома, што ў яго было досыць шанцаў навучыцца. Зрэшты, ён не так i кепска паводзiў сябе ўночы i здранцвеў усяго адзiн раз. Здранцвее зноў, дык няхай шнур яго ператне". Калi ён гэтак падумаў, дык уцямiў, што на яго найшло памутненне, i вырашыў яшчэ трохi падсiлкавацца рыбай. "Але я не магу, - сказаў ён у сваiх думках. - Лепей хай круцiцца галава, як страцiць сiлу ад ванiтаў. I я ведаю, што не ўтрымаю ў роце тую рыбу пасля таго, як уляпаўся ў яе тварам. Буду хаваць яе на сама крайнi выпадак, пакуль не сапсуецца. Але цяпер запозна падмацоўвацца ежай. Дурбель, - сказаў ён сабе. - З'еш другую лятучую рыбу". Яна была тут, пачышчаная i гатовая, i ён падняў яе левай рукой i ўплятаў, стараяна перажоўваючы косцi, ядучы ўсю яе аж да хваста. "Яна больш спажыўная за ўсе амаль iншыя рыбы, - падумаў ён. - Прынамсi, у ёй болей той сiлы, якая неабходная мне. Усё, што я магу, я зрабiў. Хай распачынае сваё кружлянне, хай прыйдзе бой!" Сонца ўзыходзiла ў трэцi раз з таго часу, як ён рушыў у мора, калi рыба пачала кружыць. Ён не мог вызначыць па нахiле шнура, што рыба кружыць. Для гэтага было занадта рана. Ён усяго толькi адчуў лёгкае паслабленне напору шнура i правай рукой стаў мякка выцягваць яго. Той напiнаўся, як заўсёды, але якраз там, дзе, здавалася, вось-вось парвецца, яго пачало прыбываць. Выслабанiўшы плечы i галаву ад шнура, што цiснуў на iх, стары чалавек цягнуў мерна i нямоцна. Рукi ягоныя нагадвалi цяпер маятнiк, таксама, наколькi мог, ён выкарыстоўваў у рабоце тулава i ногi. Старыя ногi i плечы круцiлiся ў суладдзi з узмахамi рук. - Гэта вельмi вялiкi круг, - сказаў стары чалавек. - Але ён кружляе. Пасля шнур у лодцы перастаў расцi, i стары чалавек цягнуў яго, пакуль не ўбачыў, як ад таго адскокваюць на сонцы кроплi. Пасля марлiн пацягнуў шнур далей, у мора, i стары чалавек, укленчыўшы, адпусцiў яго з неахвотай назад у цёмную ваду. - Напачатку ён бярэ шырока, - сказаў стары чалавек. - Я павiнен напiнаць шнур як мага мацней. Напруга будзе штораз скарачаць ягоны круг. Магчыма, праз гадзiну я ўбачу яго. Я павiнен яго адужаць, а тады павiнен дакончыць. Але рыба спавольна кружыла, як i раней, i праз дзве гадзiны стары чалавек узмакрэў ад поту i валiўся з ног ад стомы. Аднак кругi зараз нашмат пакарацелi, i па нахiле шнура ён вызначыў, што рыба, апiсваючы iх, падымалася вышэй i вышэй. Гадзiну стары чалавек бачыў перад вачыма чорныя плямы, салёны пот залiваў вочы, парэзы пад вокам i на лбе. Чорныя плямы яго не палохалi. Гэта было нармальна, калi ўлiчыць напругу, з якою ён цягнуў шнур. Двойчы, аднак, ён адчуваў млосць i заварот галавы, i вось гэта яго непакоiла. - Я не магу зганьбiць сябе i аддаць канцы, пазмагаўшыся з гэткiм марлiнам, - сказаў ён. - Цяпер, калi я прымусiў яго хадзiць такiмi прыгожымi кругамi, Божа, дай вытрываць. Я прачытаю сотню "Ойчаў нашых" i сотню "Анёльскiх прывiтанняў". Але я не магу чытаць iх цяпер. "Уважай iх за прачытаныя, - падумаў ён. - Прачытаю пазней". Якраз тады нешта стукнула ў вадзе па шнуры, якi ён трымаў абедзвюма рукамi, i рванула шнур рэзка, моцна - ён адчуў гэта. "Ён б'е па драцяным павадку сваёй пiкай, - падумаў ён. - Гэтага варта было чакаць. Ён павiнен быў так рабiць. Праўда, цяпер ён можа ўзяць ды скочыць, вынырнуць, i мне больш было б даспадобы, калi б ён кружляў сабе. Скачкi былi неабходныя, каб ён нахапаў паветра. Але пасля гэтага кожны скачок можа разрываць рану ад кручка, i каб ён не выкiнуў кручок наогул. - Не скачы, рыба, - сказаў ён. - Не скачы. Марлiн лупiў па дроце яшчэ колькi разоў, i кожнага разу, пакруцiўшы галавой, стары чалавек трохi папускаў шнур. "Нельга, каб ягоны боль узмацняўся, - падумаў стары чалавек. - Мой боль не мае значэння. З маiм я магу спраўляцца. Але ён можа ашалець ад болю". Мiнула трохi часу, рыба перастала бiцца аб дрот i зноўку пачала паволi кружыць. Зараз стары чалавек усё выбiраў i выбiраў шнур. Але на яго зноў наплыла млоснасць. Ён зачэрпнуў левай рукой крыху марской вады i лiнуў сабе на галаву. Потым лiнуў яшчэ i расцёр карак. - Здранцвеласцi няма, - сказаў стары чалавек. - Я магу трываць, а ён у хуткiм часе выплыве. Я павiнен трываць. Ён апусцiўся на каленi на носе лодкi i на нейкi час закiнуў шнур зноў за спiну. "Я перадыхну, пакуль марлiн кружляе, а тады ўстану i вазьмуся за яго, калi ён прыйдзе", - вырашыў стары чалавек. Была вялiкая спакуса адпачыць на носе лодкi, даўшы рыбiне магчымасць зрабiць адзiн круг самой, не выбiраць шнур увогуле. Але калi напружанне паказала, што рыбiна павярнула ды плыве да лодкi, стары чалавек устаў на ногi, закруцiўся, захiстаўся, уцягваючы ў лодку ўвесь шнур, якi ён даставаў. "Нiколi яшчэ я не быў такi змучаны, - падумаў стары чалавек, - i ў дадатак пасат узнiмаецца. Але пасат дапаможа мне дабрацца з рыбiнай да прыстанi. Мне ён будзе ох як патрэбны". - Я адпачну ў наступны раз, калi марлiн рабiцьме круг, - сказаў стары чалавек. - Я пачуваюся нашмат лепей. Яшчэ два-тры абароты, i я займею яго. Саламяны капялюш з'ехаў нiзка на патылiцу, i стары чалавек упаў на дно лодкi, калi рыба, паварочваючы, тарганула шнур. "Цяпер працуй ты, рыбiна, - падумаў ён. - Я вазьмуся за цябе, калi ты павернеш назад". Мора добра-такi ўзнялося. Але гэта быў вецер, якi суправаджае добрае надвор'е, i стары чалавек мецьме ў iм патрэбу, калi рушыць дадому. - Я папросту буду кiраваць на поўдзень i захад, - сказаў ён. - Чалавек не заблудзiць у моры, ды i выспа нашая доўгая. Марлiн рабiў трэцi абарот, калi ён упершыню ўбачыў яго. Дакладней, убачыў цёмны цень, якi праплываў пад лодкай гэтулькi часу, што стары чалавек не даваў веры: няўжо той такi даўжэразны? - Ды не, - сказаў ён. - Не можа ён быць гэткi вялiзны. Але ён быў гэткi вялiзны, i напрыканцы свайго круга выплыў на паверхню ўсяго за трыццаць ярдаў ад лодкi, i чалавек угледзеў ягоны хвост, што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялiкае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асаблiва над цёмна-сiняй вадой. Той падаўся назад, i калi марлiн плыў яшчэ зусiм блiзка ля паверхнi, стары чалавек мог бачыць агромнiстае тулава, спярэшчанае фiялетавымi палосамi. Спiнны плаўнiк быў апушчаны ўнiз, а велiзарныя грудныя плаўнiкi - шырока распасцёртыя. Падчас гэтага кругу стары чалавек нават разгледзеў ягонае вока i ўбачыў дзвюх шэрых рыб-прылiп. Прылiпы то прысмоктвалiся да яго, то кiдалiся наўцёкi, а то спакойна плавалi ў ягоным цянi. Кожная з iх была ў даўжыню больш за тры футы, i калi яны хутка плылi, то, выгiнаючыся, шлёгалi ўсiм сваiм целам, як вугры. Стары чалавек цяпер моцна пацеў, але ад нечага яшчэ апрача сонца. З кожным спакойным цiхамiрным абаротам, што рабiла рыба, шнур у лодцы доўжыўся, i стары чалавек быў упэўнены, што пасля двух наступных абаротаў ён займее мажлiвасць уторкнуць у марлiна гарпун. "Але я мушу прысунуць яго блiжэй, блiжэй, блiжэй, - думаў ён. - Я не павiнен цаляць у галаву. Трэба лупануць у сэрца". - Будзь спакойны i моцны, стары дружа, - наказаў ён сабе. На гэты раз марлiнава спiна вылезла з вады, але ён быў крыху далекавата ад лодкi. Падчас другога кругу той па-ранейшаму быў занадта далёка, але болей высунуўся з вады, i стары чалавек не сумняваўся, што калi яшчэ трохi выбярэ шнур, то падцягне марлiна да самога борта. Гарпун ён падрыхтаваў даўно, маток тонкай вяроўкi ляжаў у круглым кошыку, а ейны канец быў прымацаваны да бiтэнга на носе. Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбiна, спакойная i прыгожая, варушыўся толькi хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблiзiць яе да лодкi. Усяго на нейкi момант рыбiна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася i распачала новы круг. - Я зрушыў яго з месца, - сказаў стары чалавек. - Усё-такi я зварухнуў яго! На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялiзную рыбiну, напружваючыся што было моцы. "Я зварухнуў яго, - думаў ён. - Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягнiце, рукi, - падумаў ён. - Трымайце, ногi. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты нiколi не адключалася. На гэты раз я перавярну яго". Але калi стары чалавек задоўга да таго, як марлiн зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усiх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся i адплыў. - Рыба, - сказаў стары чалавек. - Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забiць мяне таксама? "Гэтым нiчога не дасягнеш", - падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. "На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, - падумаў стары чалавек. - На шмат абаротаў мяне ўжо не хопiць. Не, цябе хопiць. Цябе хапацьме заўжды". Падчас наступнага абарота ён ледзь не займеў яго. Але зноўку рыбiна выпрасталася i паволi паплыла сабе. "Ты знiштажаеш мяне, рыба, - падумаў стары чалавек. - Але ты маеш на гэта права. Я нiколi не бачыў велiчэзнейшай цi прыгажэйшай, цi спакайнейшай або шляхетнейшай iстоты за цябе, браце. Давай! Канчай са мной, рыба. Мне ўсё адно, хто каго заб'е. Нешта нядобрае робiцца з тваёй галавой, - падумаў ён. - А яна павiнна быць ясная. Май ясную галаву i ўмей цярпець, як мужчына. Цi як рыба", - падумаў ён. - Ясней, мая галава, - сказаў ён голасам, якi ледзьве пачуў сам. - Ясней. Яшчэ двойчы марлiнавы абароты заканчвалiся гэтак жа. "Не ведаю, - думаў стары чалавек, - цi што ў мяне атрымаецца. - Кожны раз ён траха не страчваў прытомнасцi. - Не ведаю. Але яшчэ раз паспрабую". Стары чалавек паспрабаваў яшчэ раз i адчуў, што яго апаноўвае млоснасць, калi ён павярнуў рыбiну на бок. Тая выпрасталася i зноў паволi адплыла, пайгойдваючы вялiзным хвастом у паветры. "Я паспрабую яшчэ", - паабяцаў стары чалавек, хоць ягоныя рукi зрабiлiся лiпкiя, а вочы замглiлiся i толькi ў мiгi праяснення бачылi добра. Ён паспрабаваў зноўку, i зноўку той жа вынiк. "Значыцца, - падумаў ён, а млосць ужо наплывала, - я паспрабую яшчэ раз". Ён уклаў увесь боль i тое, што засталося ад ягонае дужасцi i даўно страчанае гордасцi, у свой высiлак, каб скончыць са змагарскай агонiяй рыбiны, i тая перавярнулася на бок i слухмяна паплыла, траха не датыкаючыся дзюбай да дошак чоўна, i мiнала лодку, доўгая, моцная, шырокая, срэбраная, спярэшчаная фiялетавымi палосамi i несканчоная ў вадзе. Стары чалавек выпусцiў шнур i прыцiснуў нагой, пасля падняў гарпун, а ў гэтую хвiлiну ён сабраў i новыя сiлы, увагнаў рыбiне ў бок, якраз за вялiзным грудным плаўнiкам, якi ўзнiмаўся высака ў паветры на ўзроўнi рабаковых грудзей. Ён адчуў, як сталь уваходзiць у мяса марлiна, i ён успёрся на яе i ўвагнаў глыбей, а тады налёг на гарпун усiм цяжарам свайго цела. Але рыба ажыла, хоць ужо трымала ў сабе смерць, i шуганула з вады, паказваючы ўсю сваю даўжыню i шырыню, i магутнасць, i красу. Здавалася, яна павiсла ў паветры над старым чалавекам у чоўне. Пасля яна з грукам упала ў ваду, пырскамi залiўшы старога чалавека i ўвесь ягоны човен. Старога чалавека адольвала млоснасць i слабасць, ды i бачыў ён кепска. Але ён разблытваў шнур гарпуна сваiмi паабдзiранымi рукамi, павольна прапускаючы той цераз пальцы, пакуль, калi зрок ягоны паяснеў, не ўгледзеў рыбiны, што пагойдвалася на спiне срэбраным жыватом угору. Страла гарпуна тырчала наўскос з пляча рыбiны, i мора чырванела ад крывi, што цякла з сэрца марлiна. Спачатку здавалася, што гэта ў сiняй вадзе глыбiнёю больш за мiлю цямнее мелiна. Пасля пляма расплылася, як рассейваецца воблака. Рыбiна iльснiлася срэбрам, калыхаючыся, застылая, разам з хвалямi. Зрок у старога чалавека на момант палепшыўся, i ён уважлiва ўгледзеўся ў гэты малюнак. Пасля двойчы абкруцiў вяроўкай гарпуна бiтэнг на носе лодкi i паклаў галаву на рукi. - Не здавайся, галава, - сказаў ён, прыхiлiўшыся да дошак носа. - Я стомлены стары чалавек. Але я забiў гэтага марлiна, свайго брата, i мушу яшчэ багата паваждацца. "Цяпер я павiнен падрыхтаваць вяроўку i петлi, каб прыладзiць яго да борта, - падумаў ён. - Нават калi б мы былi ўдвух i залiлi лодку, уцягнуўшы ў яе рыбiну, а пасля вычарпалi ваду, човен нiзашто не вытрымаў бы ягонага цяжару. Я павiнен усё падрыхтаваць, пасля прысунуць яго да борта, як след прывязаць, паставiць мачту, узняць ветразь i рушыць дадому". Стары чалавек стаў падцягваць рыбiну да борта, каб займець магчымасць прасунуць вяроўку праз ейныя шчэлепы, выцягнуўшы пасля з рота, i прымацаваць галаву да носа лодкi. "Я хачу бачыць яго, - падумаў ён, - i кранацца, i адчуваць яго. Гэта мой скарб, - падумаў ён. - Але не таму я жадаю адчуваць яго каля сябе. Мне здаецца, я пачуў ягонае сэрца, - падумаў ён. - Калi штурхаў стралу гарпуна другi раз. Падцягнi яго зараз ды прымацуй, ды схапi пятлёю хвост, а другою - тулава, каб як след прывязаць яго да чоўна". - Закасвай рукавы, старэча, - сказаў ён i глытнуў трошачкi вады. - Цяпер, па змаганнi, на цябе чакае процьма рабскае працы. Ён зiрнуў угору на неба, тады ў ваду на рыбiну. Пасля ўважна паглядзеў на сонца. "Цяпер яшчэ толькi трохi папаўднi, - падумаў ён. - I пасат узнiмаецца. Такой бяды ўсе гэтыя шнуры. Мы з хлопчыкам зросцiм iх удома". - Iдзi сюды, рыба, - сказаў ён. - Але марлiн не падышоў. Ён калыхаўся сабе ў хвалях, i стары чалавек сам пакiраваў лодку да яго. Калi стары чалавек зраўняўся з рыбiнай i ейная галава датыкалася да носа лодкi, то ён не мог паверыць у памер гэтага марлiна. Але ён адвязаў вяроўку гарпуна ад бiтэнга, прасунуў яе праз шчэлепы i дастаў са скiвiц, абхапiў ёю меч, потым прасунуў вяроўку праз шчэлепы з другога боку, яшчэ раз схапiў ёю глюгу i, зрабiўшы вузел на двайной вяроўцы, прымацаваў яе да бiтэнга на носе. Пасля перарэзаў вяроўку i пайшоў на карму ўзяць пятлёю хвост. З фiялетава-срэбранай рыба зрабiлася цалкам срэбраная, а палосы мелi цяпер гэткi ж бледна-лiловы колер, што i хвост. Палосы былi шырэйшыя за чалавечую руку з растапыранымi пальцамi, а рыбiна вока глядзела гэтак жа адасоблена, як люстры ў перыскопе або як святы на выяве ў працэсii. - Гэта быў адзiны спосаб, якiм яго можна было зрабiць, - сказаў стары чалавек. Ён чуўся лепей, выпiўшы вады, i ведаў, што не страцiць прытомнасцi, i галава была ясная. - У такiм выглядзе марлiн заважыў бы больш за паўтары тысячы фунтаў, - меркаваў стары чалавек. - А магчыма, i нашмат болей. Калi разабраць i прадаць дзве трацiны гэтага па трыццаць цэнтаў фунт? Га? - Каб падлiчыць, мне патрэбны аловак, - сказаў ён. - Галава мая не нагэтулькi ясная. Але, думаю, вялiкi Дзi Маджыа сёння мною ганарыўся б. Я нiколi не меў пятачных шпораў. Але мае рукi i спiна напраўду баляць. Цiкава, што за яна: пятачная шпора? Магчыма, яны ў нас бываюць, а мы пра тое нават не здагадваемся. Стары чалавек прымацаваў марлiна да носа кармы i да сярэдняй лаўкi. Той быў такi вялiкi, як быццам гэта прывязалi да борта яшчэ адзiн, нашмат большы човен. Ён адрэзаў кавалак шнура ды падвязаў нiжнюю скiвiцу рыбiны да глюгi, каб рот не разяўляўся i яны плылi як найбольш плаўна. Тады ён паставiў мачту i з палкай, якая служыла гафелем, i з аснашчаным гiкам, пад латаным ветразем, што напоўнiўся ветрам, пакiраваў, паўлежачы на карме, сваю лодку на паўднёвы захад. Яму не патрэбны быў компас, каб вызначыць, дзе паўднёвы захад. Стары чалавек павiнен быў толькi адчуваць пасат, куды той дзьме, i як ветразь яго забiрае. Варта было б закiнуць маленькi шнур з блешняй на iм, можа, удалося б што злавiць ды з'есцi i змачыць губы. Але ён не змог знайсцi блешнi, а ягоныя сардзiны пагнiлi. Тады ён падчапiў бусаком, плывучы, жмут жоўтых Затоцкiх водарасцей i трасянуў iмi. Малыя шрымсы, што былi там, пападалi на дошкi чоўна. Больш за тузiн шрымсаў скакала i перабiрала ножкамi, як пясчаныя блохi. Стары чалавек адшчыкваў iхнiя галовы вялiкiм i ўказальным пальцамi i еў, перажоўваючы шкарлупкi i хвосцiкi. Шрымсы былi малюпасенькiя, але, ведаў ён, спажыўныя, ды i смак яны мелi прыемны. У старога чалавека яшчэ засталiся два глыткi вады ў бутэльцы, i палову глытка ён выпiў пасля таго, як з'еў шрымсы. Човен плыў няблага, уважаючы на ўсе непазбежныя нязручнасцi, i стары чалавек кiраваў, трымаючы руку на румпелi. Ён мог бачыць рыбiну i павiнен быў адно зiрнуць на свае рукi i адчуць, што спiна яго абапёртая аб карму, каб упэўнiцца, што гэта сапраўды адбылося, што гэта не сон. Адзiн час напрыканцы, калi стары чалавек чуўся страшэнна блага, ён вагаўся: цi не сон гэта? Тады, калi ён убачыў як рыба выходзiць з вады i нерухома вiсiць у паветры, перш як упасцi, стары чалавек быў упэўнены, што стаўся сведкам якойсьцi незвычайнае дзiўнае праявы, i не мог даць ёй веры. Тады ў яго было кепска са зрокам, але цяпер бачыў ён як заўсёды добра. Цяпер ён ведаў, што гэта не сон, як не сон ягоныя рукi i спiна. "Рукi лечацца хутка, - падумаў ён. - Ранкi пакрывавiлi колькi трэба, а салёная вада iх загоiць. Цёмная вада праўдзiвага затона - найвялiкшы з усiх лекараў. Адзiны мой клопат: каб галава была ясная. Рукi зрабiлi сваю справу, i мы плывём добра. З ягоным завязаным ротам i простым, як свечка, хвастом, мы плывём, як браты". Пасля ў галаве яго трохi памутнела, i ён падумаў: "Цi гэта я вязу рыбiну, цi рыбiна вязе мяне? Калi б я валачыў марлiна за сабой, пытанняў не было б. Як i тады, калi б рыбiна была ў чоўне, пазбыўшыся ўсяе свае годнасцi". Але яны плылi разам, бок у бок. I стары чалавек вырашыў: "Хай гэта ён вязе мяне, калi яму прыемна так думаць. Я ўдалейшы за яго толькi праз штукарства, а ён не зычыў мне лiха". Яны плылi паспяхова, i стары чалавек мачыў рукi ў салёнай вадзе ды стараўся захоўваць галаву яснай. Па небе вандравалi высокiя кучавыя воблакi, а над тымi ладна было перыстых, i стары чалавек ведаў, што вецер будзе дзьмуць цэлую ноч. Ён увесь час паглядваў на рыбiну, каб пераканацца, што гэта яму не снiцца. Мiнула гадзiна, пакуль першая акула сягнула на яе. Акула не была выпадковасцю. Яна выплыла з нетраў вод, калi цёмнае воблака крывi ўтварылася i рассеялася ў глыбозным, з мiлю, моры. Выплыла борзда i без якой-кольвек асцярогi, разламала паверхню блакiтнай вады i апынулася пад праменнем сонца. Пасля яна сiганула назад у мора, ухапiла пах i паплыла тым жа курсам, што i човен з рыбiнай. Часам акула губляла пах. Але яна адшуквала той зноў або задавальнялася толькi следам яго i адольвала свой шлях шпарка i настойлiва. Гэта была вельмi буйная акула пароды мака, складзеная, створаная плаваць гэтак жа хутка, як сама хуткая рыба ў моры, i ўсё ў яе было файнае апрача пашчы. Спiна такая ж сiняя, як у меч-рыбы, жывот срэбраны, шкура гладкая i прыгожая. Яна была гэтак жа складзена, як меч-рыба, але мела велiзарную пашчу, шчыльна закрытую зараз, калi акула iмклiва плыла ля самай паверхнi, зацята рэжучы ваду высокiм спiнным плаўнiком. Унутры сцiснутай зараз двайной губы ейнай пашчы мелiся восем шэрагаў зубоў, нахiленых усярэдзiну. То не былi звычайныя пiрамiдальнай формы зубы, што мае бальшыня акул. Яны нагадвалi чалавечыя пальцы, загнутыя кiпцюрамi. Амаль што гэткай даўжынi, як пальцы старога чалавека, яны мелi па баках вострыя, што брытва, лёзы. Гэта была рыбiна, створаная жывiцца ўсiмi рыбамi ў моры, якiя былi занадта хуткiя, дужыя i добра ўзброеныя, каб асцерагацца якога iншага ворага. Зараз яна паддала ходу, учуўшы свяжэйшы пах, i ейны сiнi спiнны плаўнiк расцiнаў ваду. Калi стары чалавек убачыў акулу, ён ведаў: гэтая не баiцца анiчога i рабiцьме акурат тое, чаго жадае. Ён падрыхтаваў гарпун i прымацаваў вяроўку i пры гэтым сачыў, як акула наблiжаецца. Вяроўка была караткаватая, той кавалак, што ён адрэзаў, каб прывязаць рыбiну да лодкi, не пашкодзiў бы. Галава старога чалавека была цяпер ясная, пачуваўся ён здаровым i поўным рашучасцi, але меў мала надзеi. "Гэта было занадта добра, каб не скончыцца", падумаў стары чалавек. Ён глянуў на вялiзную рыбiну, да якой блiзiлася акула. Горш не было б, калi б гэта быў сон. "Я не магу ўтрымаць яе ад нападу на мяне, але, мажлiва, здолею яе ўлавiць. Dепtusо*, - сказаў ён у думках. - Трасца тваёй матары". * Зубач (гiшп.) - вiд акулы. Акула iмклiва падплыла да кармы, i калi яна ўхапiлася за рыбiну, стары чалавек убачыў ейны разяўлены рот i дзiўныя вочы, убачыў, як тая рынулася наперад, i пачуў, як ейныя зубы са шчоўканнем секанулi мяса якраз ля хваста. Акулава галава была над паверхняй мора, i спiна ейная паказвалася з вады, i стары чалавек мог чуць, як акула з трэскам iрвала скуру i мяса марлiна, i ён убiў ёй гарпун у галаву, у месцы, дзе лiнiя памiж вачыма перасякаецца з лiнiяй, што пачынаецца ад носа. Але такiх лiнiй у яе не мелася. Была толькi цяжкая завостраная блакiтная галава ды вялiкiя вочы, ды выпнутыя скiвiцы, якiя глыталi, шчоўкаючы, усё, што хапалi. Але тут быў мозг, i стары чалавек ударыў па iм. Ён нанёс удар сваiмi вiльготна-скрываўленымi рукамi, загнаўшы добры гарпун што было змогi. Загнаў яго без надзеi, але з рашучасцю i шчырай злазычнасцю. Акула перакруцiлася, i стары чалавек убачыў, што ейнае вока нежывое. Потым яна перакруцiлася яшчэ раз, загортваючы сябе ў дзве вяровачныя пятлi. Стары чалавек ведаў, што акула мёртвая, але тая не жадала з гэтым пагадзiцца. Пасля, лежачы на спiне, лупячы хвастом i шчоўкаючы скiвiцамi, акула плужыла ваду, як гэта робiць быстраходная маторная лодка. Вада сталася белая там, дзе яна бiла па ёй хвастом, i тры чвэрцi тулава выступалi над вадой, ажно вяроўка напнулася, задрыжала i лопнула. Кароткi прамежак часу акула спакойна ляжала на паверхнi, а стары чалавек глядзеў на яе. Пасля яна вельмi паволi стала апускацца ўнiз... - Яна забрала фунтаў сорак, - вымавiў стары чалавек. - I яшчэ яна ўзяла мой гарпун i ўсю вяроўку, - падумаў ён, - i цяпер мая рыба крывавiць зноў, так што трэба чакаць другiх акул. Ён не меў ахвоты больш глядзець на рыбiну пасля таго, як яе знявечыла акула. Калi тая ўхапiлася за марлiна, яму здалося, што напалi на яго. "Але я забiў акулу, што кiнулася на маю рыбiну, - падумаў ён. - I гэта быў сама вялiкi зубач, якога я калi бачыў. Бог сведка, што я iх бачыў даволi. Гэта было занадта добра, каб не скончыцца, - падумаў ён. - Я хацеў бы зараз, каб гэта быў сон, i каб я нiколi не злавiў сваю рыбiну ды ляжаў сабе адзiн у ложку на газетах". - Але чалавек не створаны для паразы, - сказаў ён. - Чалавек можа быць знiшчаны, але не пераможаны. I ўсё ж я шкадую, што забiў рыбiну, - падумаў ён. - Благi час надыходзiць, а я не маю нават гарпуна. Dentuso жорсткi, спрытны, дужы i разумны. Аднак я быў разумнейшы за яго. Можа, i не. Магчыма, я быў проста лепей узброены. Не затлумлiвай галаву думкамi, старэча, - сказаў ён уголас, - Плывi гэтым жа курсам, i хай усё будзе такое, якое будзе. "Але я мушу думаць, - запярэчыў ён. - Бо гэта адзiнае, што я сабе пакiнуў. Ды яшчэ бейсбол. Цiкава, што сказаў бы вялiкi Дзi Маджыа пра тое, як я гваздануў акулу па мазгах? Не такi ўжо гэта быў валатоўскi ўчынак, - падумаў ён. - Любы мужчына змог бы такое зрабiць. Як ты лiчыш, цi рукi мае былi гэткай жа вялiкай перашкодай, як пятачныя шпоры? Не магу ведаць. З маёй пятой нiколi нiчога не здаралася благога, хiба што аднаго разу яе ўджалiў скатджала*, калi я наступiў на яго падчас плавання, спаралiжаваў мне нагу ўнiзе, прымусiў папакутаваць". * Скат-дазiяцiс (рыба). - Думай пра што-небудзь весялейшае, старэча, - сказаў ён. - Зараз ты кожную хвiлiну ўсё блiжэй да дому. Цяпер табе лягчэй плысцi, бо ты страцiў сорак фунтаў. Ён добра ведаў, што, хутчэй за ўсё, адбудзецца, калi ён апынецца ўсярэдзiне плынi. Але не было жаданага выйсця. - Адну рэч зрабiць можна, - сказаў ён уголас. - Прывязаць нож да дзяржальна вясла. Ён так i зрабiў, трымаючы руку на румпелi, наступiўшы на шкот нагой. - Ну вось, - сказаў ён. - Вядома, я стары. Але я не бяззбройны. Дзьмуў свежы вецер, i ён плыў удала. Стары чалавек назiраў толькi за пярэдняй часткай рыбiны, i трохi надзеi да яго вярнулася. "Неразумна не спадзявацца, - падумаў ён. - Апроч таго, я перакананы, што гэта грэх. Не разважай пра грахi, - папракнуў ён сябе. - Зараз даволi турбацыi i без грахоў. Ды я ў iх i не разбiраюся. Не разбiраюся i не ўпэўнены, што веру ў гэта. Магчыма, грэх быў забiваць рыбiну. Мяркую, так, хоць зрабiў я гэта, каб выжыць самому i накармiць багата людзей. Але што тады не грэх? Не думай пра грэх. Запозна, i ёсць людзi, якiм плоцяць за тое. Няхай яны маракуюць. Ты нарадзiўся мараком, як рыба нарадзiлася рыбай. Сан Педра* быў рыбак, бацька вялiкага Дзi Маджыа таксама". * Святы Пётра (гiшп.). Але стары чалавек любiў думаць пра ўсё, што падсоўвала яму жыццё, i паколькi тут не было чаго чытаць i ён не меў радыёпрыймача, стары чалавек думаў багата ды ўсё разважаў пра грэх. "Ты забiў марлiна не толькi дзеля таго, каб жыць i прадаць яго як харч, зрабiў ён выснову, забiць яго штурхала цябе i твая гордасць, i тое, што ты рыбак. Ты любiў яго, калi той быў жывы, i любiў яго пасля. Калi ты яго любiш, то гэта не грэх - забiць яго. А мо яшчэ большы?" - Занадта шмат думаеш, - сказаў ён услых. - Але ты з ахвотай уходаў dепtusо, - загадаў ён. - Той таксама кормiцца жывой рыбай, як i ты. Ён не з тых, што жывяцца падлiнай, i гэта не проста нейкая бадзяга-ненажэра. Зубач прыгожы, шляхетны i анiчога не баiцца. Я забiў, баронячыся, - сказаў стары чалавек уголас, - I зрабiў гэта як след. "Апроч таго, - падумаў ён, - на свеце кожная iстота нейкiм чынам забiвае iншую. Я жыву, бо лаўлю рыбу, але рыбацтва гэтаксама i знiшчае мяне. Ты жывеш, бо хлопчык цябе ўтрымлiвае, - падумаў ён. - Не трэба аж так сябе ашукваць". Стары чалавек перагнуўся цераз борт i з лёгкасцю адарваў ад рыбiны (там, дзе хапанула акула) кавалак мяса. Пажаваўшы, ён адзначыў ягоную высокую якасць i добры смак. Цвёрдае, сакавiтае, не жылаватае i не чырвонае ў дадатак. Такое мяса, ведаў ён, найдаражэйшае на рынку. Але мясны пах разыходзiўся ў вадзе, i не было як даць рады, i стары чалавек разумеў, што надыходзiць надта кепскi час. Вецер дзьмуў устойлiва-роўна, толькi трохi адступiў на паўночны ўсход, i стары чалавек ведаў: гэта азначала, што вецер не аслабне. Стары чалавек паглядзеў наперад, але не змог убачыць жаданых ветразей, анi корпуса карабля, анi дыму з судна. Адно лятучыя рыбы выляталi з мора каля носа ягонай лодкi i вярталiся справа i злева назад у мора, ды жаўцелi лапiны Затоцкiх водарасцей. Ён не бачыў нават птушкi. Стары чалавек плыў дзве гадзiны, спачываючы на карме, а часам жуючы кавалачак мяса марлiна, iмкнучыся адпачыць ды захаваць моц, калi заўважыў першую з дзвюх акул. - Ау, - сказаў ён уголас. Гэтае слова нельга перакласцi i, магчыма, яно ўсяго толькi мiжвольны выгук, як у чалавека, калi цвiк прабiвае яму руку i ўваходзiць у дрэва. - Gаlапоs*, - вымавiў ён. * Акулы, што нападаюць i на чалавека. Зараз ён угледзеў другi плаўнiк, што ўзнiмаўся за першым, i пазнаў: тупаносыя акулы. Але, iхнiя карычневыя трохкутныя плаўнiкi ды iмклiвыя рухi хвастом. Яны чулi пах i, узбуджаныя, ашалелыя ад голаду i прагнасцi, то гублялi яго, то зноў знаходзiлi. Але наблiжалiся няўхiльна. Стары чалавек трывала замацаваў шкот i заклiнiў стырно. Пасля ўзняў вясло з прывязаным да яго нажом. Стары чалавек падымаў вясло, дужа асцярожна трымаючы яго, бо рукам было балюча. Ён сашчапiў i расшчапiў на iм рукi, каб трохi размяць iх. Потым моцна сашчапiў iх, каб яны змiрылiся з болем i не здрыгнулiся, ды назiраў, як падыходзяць акулы. Ён мог бачыць iхнiя шырокiя трохi сплюшчаныя тупаносыя галовы i таксама шырокiя грудныя плаўнiкi з белымi кончыкамi. Гэта былi агiдныя акулы, смярдзючыя, ахвотнiцы да падлы i шчырыя забойцы, здатныя, калi галодныя, кусануць вясло або i стырно лодкi. Гэта былi акулы, што перакусваюць лапы i плаўнiкi чарапахам, калi тыя спяць на паверхнi, а галодныя нападаюць у вадзе на чалавека, нават калi ён анiчуць не пахне рыбiнай крывёй цi рыбiнай слiззю. - Ау, - вымавiў стары чалавек. - Gаlапоs. Падыходзьце блiжэй, gаlапоs. Яны падышлi. Але не гэтак, як падыходзiла акула мака. Адна павярнулася i знiкла з поля зроку, нырнуўшы пад човен, i стары чалавек адчуў, як той дрыжыць, калi акула пачала тузаць i шкуматаць рыбiну. Другая сачыла за старым чалавекам жоўтымi шчылiнамi вачэй, а пасля шпарка падплыла, ашчэрыўшы паўкруг пашчы, каб хапануць там, дзе ад рыбiны ўжо быў адкушаны кавалак. Была выразна вiдаць лiнiя, што бегла ад макаўкi галавы на спiну, лiнiя, дзе злучалiся галаўны мозг i спiнны, i стары чалавек усадзiў нож на вясле ў гэтае злучэнне. Выцягнуў i загнаў той зноў, у жоўтыя кашэчыя вочы акулы. Акула адхiнулася ад рыбiны i слiзганула ўнiз, у апошнiя свае хвiлi глытаючы тое, што ўхапiла. Човен дрыжаў, як i раней, другая акула пад iм распраўлялася з рыбiнай. Стары чалавек адпусцiў шкот, каб човен павярнуў бокам i акула апынулася навiдавоку. Калi стары чалавек убачыў акулу, ён перагнуўся цераз борт i садануў у яе нож. Ён зачапiў iм толькi мяса, скура ў акулы была гэткая цвёрдая, што ён ледзь уткнуў нож. Ад гэтага ўдару ў яго забалелi не толькi рукi, а i плячо. Але акулу цягнула ўгору, яна борзда вытыркнула з мора галаву, i стары чалавек урэзаў нажом акурат у сярэдзiну пляскатай макаўкi галавы, калi акулiн нос, высунуўшыся з вады, торкнуўся ў рыбiну. Стары чалавек выцягнуў лязо i ўбiў яго ў акулу дакладна ў гэтае месца зноў. Тая па-ранейшаму вiсела на рыбiне, сцяўшы скiвiцы, i тады стары чалавек усадзiў нож у акулава левае вока. Акула вiсела тамсама. - Не? - сказаў стары чалавек i загнаў нож памiж хрыбеткамi i мозгам. Ён пацэлiў лёгка i ўдала, i адчуў, што расцяў храсток. Стары чалавек, перавярнуўшы вясло, засунуў лапатку памiж скiвiцамi акулы, каб адкрыць ёй пашчу. Ён крутануў вяслом i, калi акула адклеiлася ад рыбiны, сказаў: - Iдзi, gаlапо. Правальвайся на глыбiню ў цэлую мiлю. Iдзi ў адведкi да свае сяброўкi, а мо гэта твая матка? Стары чалавек выцер лязо нажа i паклаў вясло. Пасля ён знайшоў канец шкота i, калi ветразь напоўнiўся ветрам, павёў човен ранейшым курсам. - Яны ўхапiлi не менш за чвэрць, прытым самага найлепшага мяса, - сказаў стары чалавек. - Лепш бы гэта быў сон, i я нiколi не зачапiў яго на кручок. Мне вельмi шкада, рыба. Усё сапсавалася. Ён прымоўк, ён не хацеў больш нават глядзець на рыбiну. Абяскроўленая, абмываная вадой, тая мела зараз серабрысты, як адваротны бок люстра, колер, адно палосы былi, як раней, лiловыя. - Я не павiнен быў так далёка заплываць, рыба, - сказаў ён. - Гэта не пайшло на карысць нi мне, нi табе. Я вельмi шкадую, рыба. "Так, - сказаў ён сам сабе. - Правер, цi вяроўка на нажы цэлая. Пасля прывядзi да ладу сваю руку, бо яшчэ будзе работа". - Каб я тут меў брусок навастрыць нож, - сказаў стары чалавек, агледзеўшы вяроўку на рукаятцы вясла. - Варта было захапiць брусок. "Варта было захапiць шмат рэчаў, - падумаў ён. - Але ты, дзед, не ўзяў iх. А зараз не час разважаць пра тое, чаго ты не маеш. Думай, як выкруцiцца, карыстаючыся тым, што ў цябе тут ёсць". - Ты вельмi шчодра даеш мне парады, - сказаў ён услых. - Я стамiўся ад iх. Човен iшоў наперад, а ён - з румпелем пад пахай - мачыў абедзве рукi ў вадзе. - Аднаму Богу вядома, колькi тая апошняя акула ўзяла мяса, - сказаў стары чалавек. - Зараз рыбiна куды лягчэйшая. Яму не хацелася думаць пра знявечаны рыбiн нiз. Стары чалавек ведаў, што кожны дрогкi акулiн штуршок - гэта яшчэ адзiн адарваны кавалак мяса, i што рыбiна зараз пакiдае след шырокi, як шаша, для ўсiх акул у акiяне. "Гэта была рыбiна, што кармiла б чалавека ўсю зiму, - падумаў ён. - Не займайся шкадаваннем. Адпачывай i пастарайся захаваць рукi ў належнай форме, каб абаранiць тое, што ад яго засталося. Мае рукi пахнуць крывёю, але зараз гэта не мае нiякага значэння: вада прасякнутая пахам крывi. Ды яны не надта i крывавяць. Няма нiводнага сур'ёзнага парэзу. Апроч таго, дзякуючы кровацячэнню, дасць Бог, не здранцвее мая левая рука. Пра што мне думаць цяпер? - задаў ён сабе пытанне. - А нi пра што. Увогуле не думай ды чакай наступных акул. Як было б добра, калi б гэта напраўду быў сон. Але хто i што калi ведаў? Магло ж атрымацца i ўдала". Наступная, тупаносая акула прыйшла адзiнцом. Яна прысунулася, не раўнуючы, як свiння да карыта, калi б, вядома, свiння мела рот гэткай шырынi, што можна было ўсунуць туды галаву. Стары чалавек дазволiў ёй хапянуць за рыбiну i тут жа ўвагнаў ёй у мазгi прымацаваны да вясла нож. Але акула рванулася назад, перавальваючыся на спiну, i лязо нажа трэснула. Стары чалавек уладкаваўся стырнаваць. Ён нават не назiраў за тым, як вялiзная акула паволi танула: напачатку яе можна было бачыць у натуральную велiчыню, пасля акула сталася невялiкая, i ўрэшце маленькая... Гэта заўжды дужа займала яго, але не цяпер. - Што праўда, у мяне ёсць бусак, - сказаў ён. - Але якая ад яго карысць. Яшчэ ў мяне ёсць два вяслы i румпель, i кароткая дубiнка. "Вось акулы мяне i адужалi, - падумаў ён. - Занадта я стары, каб iх батожыць да смерцi. Але буду iмкнуцца рабiць гэта, пакуль мецьму вёслы, дубiнку i румпель". Ён зноў сунуў рукi ў гаючую ваду. Бралася на вечар, зараз ён бачыў толькi мора ды неба. Вецер быў мацнейшы, як раней, i тут ён стаў спадзявацца, што неўзабаве ўгледзiць сушу. - Ты стамiўся, старэча, - сказаў ён. - Уся твая iстота стамiлася. Акулы атакавалi яго толькi перад самым свiтанкам. Стары чалавек убачыў карычневыя плаўнiкi ўздоўж таго шырокага следу ў вадзе, якi ўтварала рыбiна. Акулы не проста рыскалi, учуўшы рыбiн пах, а напралом бок у бок шыбавалi да чоўна. Ён заклiнiў стырно, замацаваў шкот i пацягнуўся па дубiнку, што ляжала пад кармой. То быў адпiлаваны ад зламанага вясла кавалак дзяржальна даўжынёю футаў два з паловай. Ён мог яго ўжыць толькi адною рукою, бо вясло мела адмысловую ручку, за якую ён i ўхапiўся ды стаў размiнаць пальцы правай рукi, здымаць з iх здранцвеласць, назiраючы, як наблiжаюцца акулы. Абедзве яны былi gаlaпоs. "Няхай першая добра возьмецца за рыбiну, а тады я гваздану ёй па кончыку носа або па кумпалу, па самай макаўцы", - вырашыў стары чалавек. Дзве акулы падплылi разам, i, убачыўшы, як найблiжэйшая да яго разявiла пашчу i ўсадзiла зубы ў срэбраны бок рыбiны, ён высока падняў дубiнку i трахнуў што было моцы па макаўцы ейнай шырокай галавы. Стары чалавек адчуў усё роўна як гумавую трываласць скуры, калi палка апусцiлася на акулаву галаву. I яшчэ ён адчуў цвёрдасць косцi i заехаў зноў, на гэты раз па кончыку носа, калi акула адлiпла ад рыбiны i слiзганула ўнiз. Другая акула ўжо завiтвала сюды, а потым знiкла, але зараз з'явiлася iзноўку, шырока разявiўшы пашчу. Стары чалавек мог бачыць белыя шматкi рыбiнага мяса, што вывальвалiся з ейнае пашчы. Накiнуўшыся на рыбiну, акула сцяла скiвiцы. Ён размахнуўся i стукнуў палкай, але трапiў толькi па галаве. Акула, зiрнуўшы на яго, iрванула кавалак мяса. Стары чалавек замахнуўся зноў, калi акула слiзганула ўбок праглынуць тое, што ўхапiла, i адчуў трывалую цвёрдую гуму. - Падыдзi сюды, gаlano, - сказаў стары чалавек. - Давай, падыходзь зноў. Акула памкнула да марлiна, i стары чалавек гваздануў па ёй, калi тая ўжо закрыла пашчу. Ён лупануў з уся сiлы, падняўшы дубiнку як найвышэй. На гэты раз ён адчуў косць каля асновы мозгу i зноўку стукнуў па ёй. Акула ж, млява адарваўшы ад рыбiны кавалак мяса, слiзганула ўнiз. Стары чалавек пiльнаваў, калi акула выплыве, але нiводная не паказалася. Пасля ён угледзеў, як адна з iх кружыць ля паверхнi. Плаўнiка другой не было вiдаць. "Я i не спадзяваўся забiць iх, - падумаў ён. - У свой час я здатны быў зрабiць гэта. Але моцна паранiў абедзвюх, цяпер i яны пачуваюцца досыць кепска. Калi б я мог узяцца за дубiнку аберуч, дык першую забiў бы напэўна. Нават цяпер", - падумаў ён. Яму не хацелася пазiраць на рыбiну. Ён ведаў, што аж палова яе знiшчана. Сонца зайшло, пакуль ён змагаўся з акуламi. - Хутка будзе цёмна, - сказаў ён. - I тады я павiнен убачыць сполыск Гаваны. Калi я заплыў надта далёка на ўсход, то ўгледжу агнi аднаго з новых пляжаў. "Наўрад цi я зараз заплыў занадта далёка, - падумаў ён. - Спадзяюся, нiхто там асаблiва не хвалюецца. Вядома, апроч хлопчыка. Але ведаю, ён упэўнены, што я вярнуся. Шмат якiя дарослыя рыбакi будуць непакоiцца. I многiя iншыя таксама, - дадаў ён у думках. - Я жыву ў добрым горадзе". Ён быў не ў стане больш гутарыць з рыбiнай, анi, занадта жудасна была тая абгрызена. Але ў галаву яму прыйшла думка, i ён сказаў: - Напаловурыбiна! Або: рыбiна, як цябе звалi раней? Я шкадую, што забраўся гэтак далёка. Я не збярог цябе i зруйнаваны сам. Але за свой век мы забiлi багата акул - ты i я, i мноства знявечылi. Колькi табе давялося ўходаць, старэча-рыбiна? Нездарма ж ты маеш гэтую пiку на сваёй галаве. Яму падабалася думаць пра марлiна, як той расправiўся б з акулай, калi б вольна плаваў у моры. "Мне варта было адсячы ад яго дзюбу, каб ёю бiцца з акуламi", - падумаў ён. Але ж не было нi сякеркi, нi нажа. "Калi б я што-небудзь меў ды патрапiў прымацаваць дзюбу да рукаяткi вясла, якая гэта была б зброя! Тады б мы пазмагалiся разам. А што ты будзеш рабiць, калi яны прыплывуць уначы? Што ж ты можаш рабiць?" Змагацца з iмi, - адказаў ён. - Пакуль не сканаю. Але ў тым змроку, калi не было нi сполыску, нi агнёў, адно вецер, што напiнаў ветразь, безупынна i нязменна, яму раптам здалося, што ён памёр. Ён склаў рукi разам, прыцiснуў далонь да далонi. Яны не былi мёртвыя, i ён мог адчуць боль жыцця, папросту сцiскаючы i расцiскаючы свае далонi. Ён прыхiлiўся спiнай да кармы i ўпэўнiўся: ён не мёртвы. Ягоныя плечы сказалi яму пра гэта. "Я маю прачытаць усе тыя малiтвы, што паабяцаў, калi злаўлю рыбiну, прыгадаў ён. - Але я занадта знясiлены чытаць iх цяпер. Лепей вазьму мяшок ды акрыю плечы". Ён ляжаў на карме i стырнаваў, i ўсё глядзеў на неба: калi ж на iм з'явiцца водблiск агнёў? "У мяне засталася толькi яго палова, - падумаў ён. Быць мо, мне пашанцуе i я прывязу пярэднюю частку рыбiны. Павiнна ж мне хоць трохi пашанцаваць. Не, - сказаў ён. - Ты зглумiў свой шанц, заплыўшы занадта далёка". - Ды глупства, - запярэчыў ён уголас. - Не драмi ды стырнуй сабе. Яшчэ, можа, уга як пашчасцiць. - Хацеў бы я купiць трохi гэтага шчасця, калi б дзе-небудзь прадавалi, сказаў ён. - Але за што я купiў бы яго? - спытаўся ён у сябе. - Цi змог бы я яго купiць за згублены гарпун i зламаны нож ды за пару недалужных паабдзiраных рук? - Магло стацца, што ты купiў бы яго, - адказаў ён. - Ты намагаўся зрабiць гэта восемдзесят чатыры днi ў моры. I табе ледзь не прадалi яго. "Не затлумлiвай галаву лухтой, - падумаў ён. - Шчасце завiтвае ў розных аблiччах, i хто пазнае яго? I ўсё ж я набыў бы трошкi шчасця ў любым ягоным кшталце, заплацiўшы колькi трэба. А жадаў бы я ўбачыць сполыск ад агнёў, падумаў ён. - Увогуле я жадаю надта многа чаго, але зараз менавiта гэтага". Ён пастараўся ўсесцiся так, каб было найзручней стырнаваць, i, адчуўшы боль, уведаў, што ён не мёртвы. Стары чалавек убачыў адбiты ў акiяне водблiск агнёў горада тады, калi было, пэўна, гадзiн дзесяць вечара. Напачатку ледзьве прыкметны, як святло, што бывае на небе перад узыходам месяца, водблiск стаўся пасля выразна бачны на паверхнi акiяна, па якiм вятрыска гнаў хвалi. Ён стырнаваў на гэтае зарыва i меркаваў, што неўзабаве будзе край плынi. "Усё скончана, - думаў стары чалавек. - Праўдападобна, яны зноў нападуць на мяне. Але што процi iх можа зрабiць чалавек у цемры i без зброi?" Скалелы, ён адчуваў сябе хворым, а ягоныя раны i найбольш натруджаныя часткi цела нылi на холадзе. "Усё ж я спадзяюся, што не давядзецца змагацца зноў, - падумаў ён. - Як я хачу спадзявацца на гэта!" Але апоўначы ён змагаўся, хоць на гэты раз ведаў: змаганне бескарыснае. Яны з'явiлiся гуртам, i ён мог угледзець толькi лiнii, што крэслiлi па вадзе плаўнiкi, ды фосфарыстае свячэнне, якое сыходзiла ад акул, калi яны накiнулiся на рыбiну. Ён лупасiў тых па галовах i чуў, як iхнiя скiвiцы адсякаюць кавалкi мяса i як скаланаецца човен, калi акулы спадыспаду шматуюць рыбiну. Стары чалавек адчайна лупасiў па тым, што ён толькi адчуваў i чуў, але не бачыў, i раптам тое штосьцi схапiла дубiнку, i больш яе не было. Вырваўшы румпель са стырна, ён бiў i цяў iм, трымаючы той аберуч, перыў акул зноў i зноў. Але яны падабралiся ўжо да носа лодкi, налятаючы на рыбiну то паасобку, то гурмой, iрвучы кавалкi мяса, i стары чалавек бачыў, як тыя кавалкi блiшчалi ўнiзе ў вадзе, калi акулы заварочвалiся, каб рвануць сваю ахвяру яшчэ раз. Нарэшце адна падплыла i ўсадзiла зубы ў галаву рыбiны, i стары чалавек падумаў: усё, па змаганнi. Ён гваздануў румпелем туды, дзе акулiны зубы завязлi ў цвёрдай галаве марлiна, не могучы тую пашкуматаць. Стары чалавек стукнуў раз, два i тры разы. Ён пачуў, як трэснуў румпель, i тады памкнуў наперад з расшчэпленым дзяржальнам. Адчуўшы, як той працяў мяса акулы, i ведаючы вастрыню ягоную, стары чалавек загнаў дзяржальна ў акулу iзноў. Тая, пакiнуўшы рэшткi свае ахвяры, павалюхала ад чоўна. Гэта была апошняя акула з гурта, якi прыходзiў. Больш iм не было чаго есцi. Стары чалавек з цяжкасцю дыхаў i адчуваў у роце дзiўную нейкую, з прысмакам медзi саладжавасць. На момант ён устрывожыўся, але саладжавасцi гэтай было небагата. Ён сплюнуў у акiян i сказаў: - Ешце гэта, gаlaпоs, i хай вам трызнiцца, што вы забiлi чалавека. Ён разумеў, што разбiты канчаткова i непапраўна, i пайшоў назад на карму. Уставiўшы ў адтулiну стырна няроўны зламаны канец румпеля, ён пераканаўся, што зможа больш-менш няблага кiраваць стырном. Стары чалавек акрыў мяшком плечы i ўзяў ранейшы курс. Зараз ён плыў лёгка, а ў галаве ягонай не было анi пачуццяў, анi думак. Нiчога ўжо яго не абыходзiла, i ён вёў свой човен дадому, да прыстанi, пiльна i ўмела, як толькi мог. Уночы акулы накiдвалiся на шкiлет, усё адно як прыбiралi са стала крошкi. Стары чалавек не зважаў нi на iх, нi на што яшчэ апрача стырнавання. Ён адно заўважыў, як лёгка i плаўна кiруе зараз човен, калi побач з iм няма вялiзнага цяжару. "Яна спраўная*, - падумаў ён. - Цэлая i зусiм не пашкоджаная, калi не лiчыць румпеля. Але той няцяжка змянiць". * Для старога чалавека човен - разумная iстота жаночага роду. Стары чалавек адчуваў, што зараз ён усярэдзiне плынi, адсюль яму былi вiдаць агнi паселiшчаў уздоўж берага. Стары чалавек ведаў, дзе ён, адгэтуль было рукой падаць дадому. "Вецер - вось хто наш сябра, - падумаў ён. - Часамi, - дадаў ён. - I вялiкае мора з нашымi прыяцелямi i ворагамi, i пасцель. Пасцель будзе найвялiкшай асалодай. Як лёгка пераможанаму, - падумаў ён. - Я нiколi не ведаў гэтага. I што ж цябе перамагло?" - задаў ён сабе пытанне. - Ды нiчога, - вымавiў ён уголас. - Проста я занадта далёка заплыў. Калi ён заходзiў у маленькую бухту, агнi на "Тэрасе" ўжо не гарэлi, i ён ведаў: усе спяць. Вятрыска доўга набiраў сiлу i цяперака моцна дзьмуў. Аднак у гаванi было спакойна, i ён падплыў да малой лапiны галькi пад скаламi. Навокал не было нiкога, каб яму дапамагчы, дык ён i павеславаў, як мага далей. Пасля ён выйшаў з лодкi ды прывязаў яе да скалы. Стары чалавек выцягнуў мачту, скруцiў ветразь i завязаў яго. Узвалiўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькi тады ён уведаў усю глыбiню свае стомы. Стары чалавек прыпынiўся на момант i зiрнуў назад, i ўбачыў у водблiску вулiчнага святла вялiзны хвост рыбiны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лiнiю ягонай хрыбетнiцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галiзну рэшты. Стары чалавек стаў караскацца зноў, але каля вяршынi ўзгорка ўпаў i колькi часу ляжаў, з мачтай на плячы. Ён намагаўся ўстаць, але гэта было яму не па сiле, i ён сядзеў тамака, трымаючы мачту на плячы, ды пазiраў на дарогу. Кот шмыгнуў на далёкiм схiле ўзгорка, спяшаючыся па нейкiх сваiх справах, стары чалавек паназiраў за iм. А потым вочы ягоныя глядзелi на дарогу. Урэшце стары чалавек паклаў мачту на дол i ўстаў. Падняў мачту, узвалiў на плячо i папхнуўся па дарозе ўгору. Ён мусiў пяць разоў сядаць аддыхвацца, пакуль дабраўся да свайго жытла. У халупе ён прыставiў мачту да сцяны, у цемры адшукаў бутэльку з вадой i трохi глынуў з яе. Пасля ўлёгся на ложак. Стары чалавек нацягнуў коўдру на сябе i заснуў, лежачы тварам на газетах, выпрастаўшы рукi далонямi ўгору. Ён спаў, калi хлопчык зазiрнуў ранiцою ў дзверы. Дзьмула гэтак моцна, што на дрэйфуючых лодках* нельга было выходзiць у мора, i хлопчык позна спаў, а пасля прыйшоў, як i кожнае ранiцы, у хацiну старога чалавека. * Лодкi з адмысловымi сеткамi, у якiя падчас прылiву заплывае рыба. Увачавiдкi пераканаўшыся, што стары чалавек дыхае, хлопчык убачыў ягоныя рукi i заплакаў. Ён асцярожна выйшаў з халупы, каб прынесцi старому чалавеку трохi кавы, i ўсю дарогу, iдучы, плакаў. Багата рыбакоў стоўпiлася вакол чоўна, разглядаючы тое, што было да яго прывязана. Адзiн, закасаўшы порткi, залез у ваду i мераў шкiлет кавалкам шнура. Хлопчык не спусцiўся ўнiз. Ён пабываў там раней, i адзiн з рыбакоў па ягонай просьбе глядзеў за лодкай. - Як ён маецца? - нехта з гурту гукнуў хлопчыку. - Спiць, - абазваўся той. Хлопчык не саромеўся, што людзi бачаць, як ён плача. - Хай нiхто яго не турбуе. - Ейная даўжыня ад носа да хваста была васемнаццаць футаў, - апавясцiў рыбак, якi мераў шкiлет. - Пэўна ж, - адказаў хлопчык. Ён прыйшоў да "Тэрасы" i папрасiў бляшанку кавы. - Гарачай, i каб у ёй было многа малака i цукру. - Што-небудзь яшчэ? - Не. Потым пабачым, што ён мог бы з'есцi. - Якая была рыбiна! - сказаў карчмар. - Свет гэткае не бачыў. Тыя дзве, што ты злавiў учора, таксама нiчога. - Да д'ябла мае рыбы! - сказаў хлопчык i зноў пачаў плакаць. - Можа, вып'еш якога трунку? - Не, - адмовiўся хлопчык. - Скажы, каб не турбавалi Сант'яга. Я яшчэ прыйду. - Перадай, я вельмi яму спачуваю. - Дзякуй, - адказаў хлопчык. Ён занёс гарачую бляшанку кавы ў халупу старога чалавека i сядзеў там, каля яго, пакуль той не прачнуўся. Аднаго разу хлопчыку здалося, што стары чалавек прачынаецца. Але ён зноў упаў у цяжкi сон, i хлопчык хадзiў цераз дарогу пазычыць трохi дроў, каб падагрэць каву. Нарэшце стары чалавек прачнуўся. - Не, не сядай, - сказаў хлопчык. - Выпi гэта. - Ён налiў крыху кавы ў шклянку. Стары чалавек узяў шклянку i выпiў. - Яны пабiлi мяне, Маналiн, - сказаў ён. - Ушчэнт пабiлi мяне. - Не ён пабiў цябе. Не марлiн. - Не. Сапраўды не. Гэта здарылася потым. - Педрыка глядзiць за лодкай i начыннем. Што ты мяркуеш зрабiць з галавою? - Хай Педрыка пасячэ яе ды скарыстае ў пастках на рыбу. - А кап'ё? - Вазьмi сабе, калi хочаш. - Хачу, - сказаў хлопчык. - А зараз нам трэба яшчэ сёе-тое вырашыць. - Цi шукалi мяне? - Шукалi. Берагавая варта i самалёты. - Акiян - ён надта вялiкi, а човен - малы, яго цяжка ўгледзець, - сказаў стары чалавек. Ён заўважыў, як гэта прыемна мець суразмоўцу, а не проста гаварыць сам з сабою ды з морам. - Мне бракавала цябе, - сказаў ён. - А што ты ўлавiў? - Адну першага дня. Яшчэ адну другога i дзве трэцяга. - Вельмi добра. - Цяпер мы зноў будзем разам рыбачыць. - Не. Я няўдачнiк. Шанцаванне пакiнула мяне. - Д'ябал з iм, з шанцаваннем, - сказаў хлопчык. - Я прынясу шанцаванне з сабою. - А што твае скажуць? - Мяне гэта не абыходзiць. Учора я злавiў аж дзве. Мы будзем рыбачыць разам, бо мне яшчэ шмат чаго трэба ўведаць. - Мы павiнны займець добрыя восцi, каб выняць дух з любой рыбiны, i хай яны заўсёды будуць пад рукой на борце. Ты можаш зрабiць лязо з рэсорнай планкi старога форда. Набрусуем яе ў Гуанабакоа. Яно мусiць быць вострае, аднак загартоўваць не трэба, бо зломiцца. Мой нож зламаўся. - Я дастану другi нож i набрусую рэсору. Колькi дзён яшчэ будзе ўладарыць brisа? - Можа, тры. Можа, болей. - Я ўсё зраблю найлепшым чынам, - сказаў хлопчык. - А ты, старэча, дагледзь свае рукi. - Я ведаю, як iх падгаiць. Уночы я выплюнуў штось нязвыклае i адчуў: нешта ў маiх грудзях зламалася. - Падлячы i гэта, - сказаў хлопчык. - Кладзiся, старэча, а я табе прынясу чыстую кашулю i што-небудзь паесцi. - Прынясi якую газету за тыя днi, калi мяне тут не было, - папрасiў стары чалавек. - Ты мусiш акрыяць хутка, бо мне багата чаго трэба ўведаць, а ты можаш навучыць мяне ўсяму. Табе было вельмi цяжка? - Страшэнна, - адказаў стары чалавек. - Я прынясу ежу i газеты, - сказаў хлопчык. - Адпачнi як след, старэча. I яшчэ я зайду ў аптэку па лекi для тваiх рук. - Не забудзься сказаць Педрыку, што галава рыбiны - ягоная. - Не забудуся. Хлопчык выйшаў з дзвярэй i стаў спускацца па каралавай разбiтай дарозе: зноў ён плакаў. Папаўднi гэтага дня гурт турыстаў сядзеў на "Тэрасе" i адна кабета, пазiраючы ў ваду, захламленую пустымi бляшанкамi з-пад пiва i дохлымi баракудамi, убачыла агромнiсты доўгi белы хрыбетны слуп з вялiзным хвастом на канцы. Хвост узнiмаўся i калыхаўся з прылiвам, калi там, за ўваходам у гавань нястомна i мерна разгойдваў мора ўсходнi вятрыска. - Што там такое? - спыталася яна ў афiцыянта i паказала на доўгую хрыбетнiцу велiзарнай рыбiны, што была зараз проста смеццем, якое чакала, калi прылiў змые яго. - Цiбурон*, - сказаў афiцыянт, - эшарка**. - Яму здавалася, ён тлумачыць, што адбылося. * Мясцовая назва акулы. ** Ангельскае слова "шарк" (акула) з гiшпанскай прыстаўкай. - Я не ведала, што ў акул гэткiя гожыя зграбныя хвасты. - I я не ведаў, - сказаў ейны спадарожнiк. У халупе, што стаяла на ўзвышшы ў канцы дарогi, сон зноў агарнуў старога чалавека. Ён спаў, як заўсёды, тварам уткнуўшыся ў пасцель, а побач на варце сядзеў хлопчык. Старому чалавеку снiлiся львы.