--------------------------------------------- Де Мопассан Ги Вяртанне (на белорусском языке) Гi дэ Мапасан Вяртанне Пераклад: Сяргей Мурашка Нiзкiя хвалi аднастайна хвошчуць бераг. Белыя хмаркi таропка бягуць па бяскрайнiм небасхiле, падхопленыя рэзкiм ветрам, быццам чайкi. А ўнiзе, на дне лагчыны, якая спускаецца да мора, грэецца на сонцы вёска. На далёкiм канцы пры дарозе адзiнока стаiць хата Мартэн-Левекаў. Гэта маленькая рыбацкая мазанка пад страхою з мяцёлкай блакiтнага касачу на вiльчыку. Да ганка прыткнуўся маленькi, з лапiк, агарод, дзе расце цыбуля, некалькi качаноў капусты, пятрушка i цьмянец. Жываплот адгароджвае яго ад дарогi. Мужчына цяпер у моры, а жанчына нацягнула на сцяне шырокую бурую сетку, падобную на вялiзнае павуцiнне, i цыруе вочкi. Каля веснiчак у адкiнутым назад i прыстаўленым бiльцам да плота плеценым крэсле сядзiць дзяўчынка чатырнаццацi гадоў i латае пералатаную бядняцкую бялiзну. Другое дзяўчо, на год маладзейшае, гушкае на руках дзiця, якое яшчэ не ўмее нi хадзiць, нi гаварыць; а двое малых - двух i трох гадоў - сядзяць проста на зямлi носам у нос, грабуцца ў зямлi нязграбнымi ручкамi i кiдаюцца адно аднаму ў твар пяском. Усе маўчаць. Толькi немаўля не можа заснуць i ўсё кугакае. На акне дрэмле кот, а пад сцяною красуецца ляўконiя, i над прыгожай купкай яе белых кветак зумкае мушыны рой. Дзяўчынка, што шые каля веснiчак, клiча: - Матуля! Мацi адказвае: - Чаго табе? - Зноў ён. Абедзве непакояцца ад самай ранiцы, бо нейкi чалавек швэндаецца вакол хаты: стары чалавек падобны на жабрака. Яны заўважылi яго, калi хадзiлi праводзiць бацьку на карабель. Ён сядзеў на краi рова насупраць iх дзвярэй. I калi яны вярнулiся з берага, ён усё сядзеў там i глядзеў на дом. З выгляду ён быў хворы i вельмi гаротны. Чалавек не ўставаў з месца цэлую гадзiну, але, заўважыўшы, што да яго прыглядаюцца, як да злодзея, падняўся i, кульгаючы, пайшоў. Але неўзабаве яго марудная i стомленая постаць паказалася другi раз, i ён зноў сеў, толькi крыху зводдаль, быццам сцерагчы iх. Мацi з дочкамi спалохалiся. Асаблiва трывожылася мацi, бо па натуры была палахлiвая, а таксама ад таго, што яе муж Левек меўся вярнуцца толькi за поўнач. Яе мужа звалi Левек, а яе - Мартэн, i iх ахрысцiлi Мартэн-Левекамi. I вось чаму: першы раз яна выйшла за марака Мартэна, якi штолета плаваў да Ньюфаўндленда лавiць траску. За два гады жыцця яна нарадзiла дзяўчынку i шосты месяц хадзiла другою, калi мужаў карабель "Дзве сястры" - трохмачтавiк з Дзьепа - недзе знiк. Нiхто больш нiколi не чуў пра яго, нiводзiн марак, якi ступiў на яго палубу, не вярнуўся, i ўсе палiчылi, што ён загiнуў. Мартэнава жонка дзесяць гадоў чакала мужа i ў змаганнi з галечай гадавала двое дзяцей. Аднойчы мясцовы рыбак Левек, якi пасля смерцi жонкi застаўся з сынам на руках, прапанаваў пажанiцца смелай i добрай жанчыне. Яны ўзялi шлюб, i за тры гады ў яе нарадзiлася яшчэ двое дзяцей. Жыццё iх было горкае i працавiтае. Хлеб каштаваў дорага, а мяса было зусiм рэдкiм госцем у хаце. Парой, падчас зiмовых шквалаў i навальнiц, яны бралi пазыку ў пекара. Нягледзячы на ўсё, дзецi не хварэлi. Вяскоўцы казалi: - Добрыя яны людзi, Мартэн-Левекi. Мартэн увiшная гаспадыня, а над Левекам рыбака няма. Дзяўчынка каля веснiчак сказала: - Мусiць, ён ведае нас. Можа, гэта якi жабрак з Эпрэвiля цi Азбоска. Але мацi не магла памылiцца. Не, не, ён не тутэйшы! Чалавек нiбы аслупянеў, пiльна ўглядаючыся на жытло Мартэн-Левекаў; Мартэн узлавалася, ад страху асмялела, схапiла рыдлёўку i выйшла на ганак. - Што вы тут робiце? - крыкнула яна бадзягу. Ён хрыпла адказаў: - Сяджу i дыхаю паветрам! Я што, замiнаю вам? Яна сказала: - А чаму гэта вы шпiгуеце за маiм домам? Той азваўся: - Я нiкому не раблю зла. Хiба нельга пасядзець пры дарозе? Жанчына не знайшла, што сказаць, i вярнулася ў хату. Дзень доўга не канчаўся. Апоўднi мужчына знiк, але а пятай зноў прыйшоў. Вечарам яго таксама не было. Левек вярнуўся позна ўночы. Яму ўсё расказалi. - Гэта нейкi прайдзiсвет цi круцель, - заключыў ён. I спакойна лёг спаць, а жонка ўсё думала пра бадзягу, якi так дзiўна прыглядаўся да яе. Ранiцай задзьмуў моцны вецер, выйсцi ў мора не было як, i марак сеў памагаць жонцы ладзiць сеткi. А дзевятай старэйшая дачка Мартэн, якая хадзiла па хлеб, прыбегла напалоханая i крыкнула: - Мама, зноў ён! Мацi захвалявалася, збялела i сказала мужу: - Пагавары з iм, Левек, хай не пiльнуе нас, бо мне страшна. I Левек, высокi марак з цагляным тварам у густой рыжай барадзе, з блакiтнымi, у чорную крапiнку вачыма i дужай, заўсёды захутанай шалiкам шыяй каб акрыцца ад марскога дажджу i ветру - спакойна выйшаў да валацугi. Яны загаварылi. Мацi з дзецьмi трывожна i палахлiва здалёк паглядала на iх. Раптам незнаемы падняўся i разам з Левекам пайшоў да хаты. Мартэн спалохана адступiлася. Муж сказаў ёй: - Дай яму хлеба i шклянку сiдру. Ён не еў два днi. Мужчыны, а следам за iмi жанчына з дзецьмi ўвайшлi ў хату. Жабрак сеў i, схiлiўшы галаву пад позiркамi сям'i, пачаў есцi. Мацi стоячы ўглядалася ў яго, дзве дачкi Мартэн - адна з немаўлём на руках - прагна сачылi за кожным яго рухам, нават двое малых, што сядзелi ў попеле, кiнулi гуляць з чорным чыгуном, каб паглядзець на чужынца. Левек сеў у крэсла i спытаўся: - Дык вы здалёк? - З Сэта. - Вось гэтак, пеша? - Але, пеша. Як грошай Бог не даў, дык што ж. - I куды ж гэта вы? - Сюды. - Цi ёсць тут у вас хто? - Можа. Мужчыны змоўклi. Бадзяга еў нетаропка, хоць i быў галодны, i кожны кус хлеба запiваў глытком сiдру. Яго запалы твар быў скрозь у маршчынах, драпiнах, i здавалася, што чалавек шмат пакутаваў. Нечакана Левек спытаўся: - Як вас завуць? Той, не падымаючы галавы, адказаў: - Мяне завуць Мартэн. Мацi неяк дзiўна скаланулася. Яна ступiла крок, каб блiжэй разгледзець жабрака, i, апусцiўшы рукi, з разяўленым ротам спынiлася насупраць яго. Усе маўчалi. Нарэшце Левек сказаў: - Вы адсюль? Ён адказаў: - Я адсюль. Ён усё ж падняў галаву, позiркi жанчыны i жабрака сустрэлiся, спынiлiся, змяшалiся, быццам зачапiлiся адзiн за адзiн. I раптам яна другiм, цiхiм трапяткiм голасам прашаптала: - Цi ты гэта, мужычок? Ён вымавiў па складах: - Гэта я. Ён не кратаўся, усё жаваў свой хлеб. Левек хутчэй здзiўлена, чым усхвалявана прамармытаў: - Гэта ты, Мартэн? Той проста адказаў: - Але, гэта я. Другi муж спытаўся: - Адкуль жа ты ўзяўся? Першы загаварыў: - З Афрыканскага берага. Мы наляцелi на плытнечу i пачалi тануць. Выратавалiся ўтрох: Пiкар, Вацiнэль i я. Нас схапiлi дзiкуны i трымалi дванаццаць гадоў. Пiкар i Вацiнэль загiнулi. Нейкi ангельскi вандроўнiк вызвалiў мяне i давёз да Сэта. I вось я тут. Мартэнава жонка заплакала, уткнуўшыся тварам у фартух. Левек сказаў: - Што ж нам цяпер рабiць? Мартэн спытаўся: - Ты яе муж? Левек адказаў: - Я! Яны зiрнулi адзiн на аднаго i змоўклi. Мартэн абвёў вачыма дзяцей i кiўнуў на дзвюх дзяўчынак: - Мае? Левек адказаў: - Твае. Той не ўстаў, не пацалаваў iх, адно сказаў: - Божа мой, якiя вялiкiя! Левек паўтарыў: - Што ж нам рабiць? Збянтэжаны Мартэн ведаў не лепш за яго. Урэшце ён вырашыў: - Я зраблю, як ты захочаш. Я не хачу пакрыўдзiць цябе. Але гэта складана, бо ёсць хата. У мяне двое дзяцей, у цябе трое, у кожнага свае. Жонка? Цi то твая, цi то мая? Будзе, як скажаш, але хата - хата мая, бо гэта бацькаўшчына, у ёй я нарадзiўся, i ўсе паперы ў натарыуса. А Мартэнiха ўвесь час плакала, хаваючы цiхiя слёзы ў блакiтны прыпол. Абедзве вялiкiя дачкi падышлi блiжэй i трывожна пазiралi на свайго бацьку. Ён паеў i сам спытаўся: - Што нам рабiць? Левек надумаўся: - Трэба iсцi да кюрэ, ён дарадзiць. Мартэн падняўся, ступiў да жонкi, а тая кiнулася яму на грудзi i загаласiла: - Мужычок ты мой! Вярнуўся! Мартэн, мой бедны Мартэн вярнуўся! I яна абхапiла яго рукамi, раптам наскрозь працятая подыхам мiнулага, болем успамiнаў пра свае дваццаць гадоў i iх першыя абдымкi. Гэтак жа ўсхваляваны Мартэн цалаваў яе ў каптур. Абое малыя, пачуўшы матчын плач, разам завылi, а немаўля на руках у малодшай Мартэн запiшчала пранiзлiвым, як разладжаная дудка, галаском. Левек чакаў каля дзвярэй. - Хадзем, - сказаў ён, - трэба парадкавацца. Мартэн адпусцiў жонку, а калi ён глядзеў на дачок, яна сказала: - Пацалуйце вы хоць вашага татку. Яны падышлi разам, без слёз, здзiўленыя, трохi спалоханыя. I ён кожную цмокнуў у шчаку смачным сялянскiм пацалункам. Немаўля, зусiм блiзка ўбачыўшы чужога, так заплакала, што ледзь не зайшлося. Мужчыны пайшлi з хаты. Калi яны мiналi "Карчму гандляроў", Левек прапанаваў: - Цi не выпiць па шклянцы? - Можна, - сказаў Мартэн. Яны ўвайшлi, селi ў бязлюдным яшчэ шынку, i Левек крыкнуў: - Гэй, Шыко, дзве гарэлкi, дыхтоўнай, Мартэн вярнуўся. Мартэн, маёй жонкi, ведаеш, Мартэн з "Дзвюх сясцёр", якi быў прапаў. I пузаты, сыты, з чырвоным тварам карчмар узяў адной рукой тры шклянкi, другой кварту, падышоў i спакойна спытаўся: - Бач! Вярнуўся, Мартэн? Мартэн адказаў: - Вярнуўся.