--------------------------------------------- Де Мопассан Ги Завяшчанне (на белорусском языке) Гi дэ Мапасан Завяшчанне Пераклад: Сяргей Мурашка Полю Эрвiё Я ведаў гэтага высокага юнака, якога звалi Рэнэ дэ Бурнэваль. Ён быў лагодны i таварыскi, хоць i трохi сумны, i, здавалася, нiшто на свеце не хвалявала яго. Скептык па натуры, ён пачынаў бязлiтасна i з'едлiва кпiць, калi нарываўся на свецкую крывадушнасць, i адным словам нiшчыў кожную яе праяву. Ён часта паўтараў: "Сумленных людзей няма, прынамсi, яны ёсць толькi ў параўнаннi з нягоднiкамi". У яго былi два браты - пп. дэ Курсiль, але ён з iмi нiколi не бачыўся. Рознiца ў прозвiшчах наводзiла мяне на думку, што Рэнэ нарадзiўся ад другога шлюбу. Я няраз чуў, што ў iх у сям'i адбылося нейкае дзiўнае здарэнне, але акалiчнасцi заставалiся невядомыя. Гэты чалавек мне вельмi падабаўся, i неўзабаве мы пасябравалi. Неяк за вячэрай у яго, калi мы былi адны, я незнарок спытаўся: "Вы нарадзiлiся ад першага цi ад другога шлюбу вашай шаноўнай мацi?" Ён трохi збялеў, пасля пачырванеў i некалькi хвiлiн маўчаў, вiдаць, збянтэжаны. Пасля ўсмiхнуўся сваёй невясёлай лагоднай усмешкай i сказаў: "Дарагi сябра, калi вам гэта цiкава, я раскажу не зусiм звычайную гiсторыю свайго паходжання. Я ведаю, што вы разумны чалавек, i таму не баюся, што гэта пашкодзiць нашым добрым адносiнам, а не - мы з вамi развiтаемся". Мая мацi панi дэ Курсiль была цiхая сцiплая жанчына, з якой ажанiлiся з разлiкам. I ўсё жыццё яна, такая пяшчотная, далiкатная i сарамлiвая, пакутавала ад хамскiх здзекаў мужа - выхадня з шарачковых панкоў, - якi мог бы стаць маiм бацькам. Праз месяц пасля вяселля ён пачаў жыць з пакаёўкай. Апрача таго, ён не абмiнаў жонак i дачок сваiх фермераў, зрэшты, гэта не перашкодзiла яму мець дваiх дзяцей ад жонкi. Мацi маўчала, яна жыла, як мышка ў склепе, у нашым заўсёды шумным доме. Зняважаная, знядоленая, запалоханая мужам, яна трывожна пазiрала на гасцей яснымi трапяткiмi вачыма да смерцi зацкаванай iстоты. Аднак яна была прыгожая, вельмi прыгожая жанчына, але папялiстыя валасы яе рана пасiвелi ад вечнага страху. Сярод шматлiкiх прыяцеляў пана дэ Курсiля, якiя часта гасцявалi ў замку, да нас прыходзiў былы кавалерыйскi афiцэр, удавец, пан дэ Бурнэваль, чыё прозвiшча я нашу. Гэта быў высокi хударлявы мужчына з доўгiмi чорнымi вусамi, смелы, добры i рашучы, здатны на самы адчайны ўчынак. Я вельмi на яго падобны. Розумам i выхаваннем ён стаяў вышэй за сваё асяроддзе. Яго прабабка сябравала з Ж.-Ж. Русо, i здавалася, што яму нешта перадалося ад вальнадумства продкаў. Ён ведаў на памяць "Грамадскi дагавор", "Новую Элаiзу" i iншыя фiласофскiя творы, што падрыхтавалi глебу да непазбежнага перавароту ў нашых састарэлых звычаях, забабонах, у нашых спарахнелых законах i iдыёцкай маралi. Здаецца, яны закахалiся, але так хавалi свае пачуццi, што нiхто нi пра што не здагадваўся. Напэўна, няшчасная, гаротная, заўсёды сумная жанчына самааддана пакахала яго i з гэтага часу пачала думаць яго думкамi, засвоiла тэорыю незалежнасцi пачуцця i пагадзiлася са смелымi разважаннямi пра свабоду кахання. Але запалоханая мацi нiколi не падымала голасу, i ўсё гэта хавалася ў самых патаемных куточках яе душы, якую яна нiкому не адкрыла. Абодва браты ўслед за бацькам не шанавалi i крыўдзiлi мацi, ледзь вiталiся з ёю i ставiлiся нiбы да прыслугi. Толькi я шчыра любiў яе, i яна мяне таксама. Мне было васемнаццаць, калi яна памерла. Каб вы зразумелi далейшыя падзеi, мушу дадаць, што пан дэ Курсiль знаходзiўся пад юрыдычнай апекай, а пастанова пра падзел маёмасцi памiж мужам i жонкай была вынесена на карысць мацi, i, дзякуючы адмысловым правiлам закона i сумленнасцi натарыуса, яна магла завяшчаць усё па сваёй волi. Нам паведамiлi, што завяшчанне захоўваецца ў натарыуса, i запрасiлi на яго абвяшчэнне. Я добра памятаю той дзень. У мяне i цяпер перад вачыма гэтая ўзнёслая, драматычная i нечаканая сцэна, калi з магiлы быццам паўстала мёртвая i гнеўна патрабавала свабоды жанчыне, якую ўсё жыццё катавалi нашы звычаi i якая са сваёй наглуха забiтай труны кiнула безнадзейны заклiк да незалежнасцi. Тоўсты, паўнакроўны, падобны на мяснiка чалавек - той, хто лiчыўся маiм бацькам, - i абодва дужыя браты - дваццацi i дваццацi двух гадоў - спакойна чакалi ў крэслах. Раптам увайшоў i сеў побач са мной таксама запрошаны пан дэ Бурнэваль, зацягнуты ў вузкi сурдут. Твар яго спалатнеў, i ён штохвiлiны пакусваў трохi ссiвелыя вусы. Ён напэўна ведаў, што тут мелася адбыцца. Раптам мой сябар змоўк, падышоў да шафы, узяў адтуль нейкую жоўтую паперу, разгарнуў яе, пачцiва пацалаваў i сказаў: "Вось завяшчанне маёй дарагой матулi". "Я, што нiжэй падпiсалася, Анна-Катрына-Жэнэўева-Мацiльда дэ Круалюс, законная жонка Жана-Леапольда-Жазэфа-Гантрана дэ Курсiля, пры сваiм розуме i ў цвёрдай памяцi выказваю тут сваю апошнюю волю. Перш за ўсё прашу прабачэння ў Бога, а пасля ў свайго сына Рэнэ за мой учынак. Я ведаю, што ў майго сына добрае сэрца i ён зразумее i даруе мне. Я пакутавала ўсё жыццё. Муж узяў мяне з разлiкам i ўвесь час пагарджаў мной, зневажаў, здзекаваўся i здраджваў мне. Дарую яму, але я нiчога яму не вiнная. Старшыя сыны зусiм не любiлi мяне, былi няўдзячныя i наўрад цi лiчылi за родную мацi. У жыццi я была iм, чым мусiла быць; пасля смерцi я нiчога iм не вiнная. Крэўныя сувязi не могуць iснаваць без штодзённай, пастаяннай, святой любовi. Няўдзячны сын горшы за чужынца: ён здраднiк, бо не мае права быць абыякавым да сваёй мацi. Я заўсёды баялася мужчын, iх спракаветных парадкаў i нялюдскiх звычаяў, iх брыдкiх забабонаў. Перад Богам мне больш няма чаго баяцца. З труны я выракаюся сваёй ганебнай баязлiвасцi; я не баюся сказаць, што думаю, магу адкрыць сэрца i скiнуць цяжар з душы. Такiм чынам, усю прыналежную мне паводле закона маёмасць я пакiдаю свайму дарагому каханку П'еру-Жэрмеру Сiмону дэ Бурнэвалю з умовай перадачы яе нашаму любiмаму сыну Рэнэ. (Апроч гэтага, мая воля падрабязна выкладзена ў натарыяльным акце.) I, перад найвышэйшым суддзёй, якi цяпер слухае мяне, я сцвярджаю, што пракляла б неба i само жыццё, калi б не напаткала глыбокага, адданага, шчырага кахання i непахiснай падтрымкi майго мiлага, калi б у яго абдымках не зразумела, што Творца пусцiў людзей на свет, каб яны любiлi, суцяшалi адзiн аднаго i разам плакалi ў час нядолi. Бацькам двух маiх старшых сыноў з'яўляецца пан дэ Курсiль, Рэне абавязаны жыццём пану дэ Бурнэвалю. Я малю Валадара над людзьмi i iх лёсам абаранiць бацьку з сынам ад чалавечага непаразумення, завяшчаю iм узаемную любоў i пашану да маёй памяцi. Гэта мая апошняя думка i апошняе жаданне. Мацiльда дэ Круалюс". Пан дэ Курсiль падскочыў i крыкнуў: "Гэта завяшчанне вар'яткi!" Тады падняўся пан дэ Бурнэваль i гучна, выразна сказаў: "Я, Сiмон дэ Бурнэваль, сведчу, што кожнае слова ў гэтым дакуменце - праўда. Гатовы давесцi гэта любому i нават магу паказаць лiсты". Пан дэ Курсiль кiнуўся на яго. Я падумаў, што яны задушацца. Высокiя, адзiн худы, другi тоўсты, яны стаялi твар у твар i трэслiся ад лютасцi. Муж маёй мацi пралапатаў: "Вы - нягоднiк!" Другi, як i раней, смела i выразна сказаў: "Мы сустрэнемся ў iншым месцы, пане. Вы б даўно атрымалi поўху i стаялi на дуэлi, калi б я не баяўся за здароўе гаротнай жанчыны, якая ўсё жыццё цярпела вашы здзекi". Ён павярнуўся да мяне: "Вы мой сын. Пойдзеце са мной? Я не маю права прымусiць вас, але, калi хочаце, хадземце разам". Я моўчкi пацiснуў яму руку, i мы пайшлi. Я ледзь не вар'яцеў. Праз два днi пан дэ Бурнэваль забiў на дуэлi пана дэ Курсiля. Мае браты, баючыся, каб не выбухнуў скандал, трымалi язык за зубамi. Я аддаў iм палову матчыных грошай, i яны ўзялi iх. Я абраў прозвiшча свайго сапраўднага бацькi i выракся ад законнага, але не майго iмя. Пан дэ Бурнэваль памёр праз пяць гадоў. Я i цяпер плачу па iм. Ён устаў, прайшоўся i стаў супроць мяне: "Вось так! Я сцвярджаю, што матчына завяшчанне - самы прыгожы, высакародны i вялiкi ўчынак, на якi здольная жанчына. Вы згодныя?" Я падаў яму абедзве рукi: "Цалкам, сябра".