Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
76 из 109
- Тады чаму ж ён узяў рэвальвер i навошта пайшоў менавiта на гэтае месца?
Я сказаў, што гэта здарылася выпадкова. Пракурор з нейкаю злою ноткай у голасе прамовiў:
- Пакуль што ў мяне ўсё.
Далей усё пайшло крыху бязладна - прынамсi, мне так здалося. Але нарэшце, параiўшыся са сваiмi памочнiкамi, старшыня абвясцiў, што слуханне справы перапыняецца i допыт сведак пераносiцца на другую палову дня.
Я не паспеў яшчэ нiчога ўразумець, як мяне вывелi з залы, пасадзiлi ў машыну i завезлi ў турму, дзе мяне чакаў абед. Праз некаторы час - якраз калi я, пад'еўшы, пачаў адчуваць, наколькi стамiўся, - па мяне прыйшлi, i ўсё пачалося зноў. Я зноў апынуўся ў той самай зале, перад тымi самымi тварамi. Але цяпер задуха была яшчэ большая, i ў руках у кожнага з прысяжных, у пракурора, адваката i некаторых журналiстаў нiбы цудам таксама ўзнiклi саламяныя вееры. Малады журналiст i жанчына-аўтамат сядзелi на ранейшых месцах. Яны не абмахвалiся i толькi моўчкi глядзелi на мяне.
Я абцёр пот, якi залiваў мне ўвесь твар, але здолеў прыйсцi ў сябе i крыху агледзецца толькi тады, калi ў залу выклiкалi дырэктара прытулку. У яго спыталi, цi былi ў мамы якiя скаргi на мяне, i ён адказаў - былi, але ва ўсiх прытулкоўцаў гэта амаль што манiя - скардзiцца на сваiх крэўных. Старшыня папрасiў удакладнiць, цi папракала мяне мама за тое, што я аддаў яе ў прытулак, i дырэктар зноў сказаў, што - было. Але гэтым разам нiчога не дадаў. На наступнае пытанне ён адказаў, што на пахаваннi яго больш за ўсё здзiвiў мой спакой. Яго папрасiлi растлумачыць, што ён разумее пад гэтым словам.
|< Пред. 74 75 76 77 78 След. >|