Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
9 из 109
Усе мы выпiлi кавы, якую налiў брамнiк. Што было далей, не ведаю. Прайшла ноч. Памятаю толькi, што ў нейкi момант я расплюшчыў вочы i ўбачыў, што ўсе старыя спяць, цяжка ссунуўшыся на крэслах, i толькi адзiн абаперся на булавешку свайго кiёчка, паклаў падбародак на рукi i пiльна глядзiць на мяне, нiбы толькi i чакае, каб я прачнуўся. Потым я заснуў зноў. Прачнуўся я ад моцнага болю ў спiне. За шклёнаю столлю займалася на дзень. Неўзабаве прачнуўся адзiн стары. Ён моцна закашляў i пачаў адхарквацца ў вялiкую клятчатую насоўку. Здавалася, з кожным пляўком з сярэдзiны ў яго вылятае кавалак лёгкага. Сваiм кашлем ён разбудзiў астатнiх, i брамнiк сказаў, што iм ужо час iсцi. Яны паднялiся. Ад доўгага сядзення ў няёмкiх позах яны мелi вельмi стомлены выгляд, твары былi шэрыя, нiбы з попелу. На маё вялiкае здзiўленне, выходзячы, яны ўсе пацiснулi мне руку - быццам гэтая ноч, за якую мы не абмянялiся нiводным словам, павялiчыла нашую блiзкасць.
Я стамiўся. Брамнiк завёў мяне ў свой пакойчык, i я змог трошкi прывесцi сябе ў парадак. Я выпiў яшчэ кавы з малаком, яна была вельмi смачная. Калi я выйшаў, ужо зусiм развiднела. Над пагоркамi, якiя аддзяляюць Марэнга ад мора, у небе гулялi ружовыя промнi сонца. I вецер, якi прылятаў адтуль, прыносiў пах солi. Пачынаўся выдатны, пагодны дзень. Я ўжо даўно не быў за горадам i з вялiкiм задавальненнем пайшоў бы цяпер прагуляцца, каб не мама.
Я застаўся чакаць на двары, пад платанам. Стаяў i ўдыхаў свежы водар зямлi, спаць ўжо зусiм не хацелася. Я падумаў пра сваiх прыяцеляў па службе.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|