Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 11 из 109

Iм абодвум гэта было прыемна. I трэба сказаць, што смерць панi Мёрсо вельмi яго засмуцiла. Я быў няздольны яму адмовiць. Але паводле парады лекара, якi часта да нас прыходзiць, я ўчора забаранiў яму сядзець каля труны.

Мы доўга сядзелi моўчкi. Дырэктар падняўся i зiрнуў у акно. Потым ён некага там заўважыў i сказаў:

- Ну вось, з Марэнга ўжо прыйшоў свяшчэннiк. Нешта ён рана.

Дырэктар папярэдзiў, што пешкi давядзецца iсцi хвiлiн сорак пяць тутэйшая царква аж у самай вёсцы. Мы выйшлi на двор. Каля трупярнi стаяў свяшчэннiк i два хлопчыкi з хораў. Адзiн з iх трымаў у руцэ кадзiла, а свяшчэннiк, схiлiўшыся над iм, раўняў даўжыню срэбных ланцужкоў. Калi мы падышлi, свяшчэннiк выпрастаўся. Ён назваў мяне "сын мой" i сказаў яшчэ некалькi слоў. Потым ён зайшоў у трупярню, я рушыў за iм.

Я адразу заўважыў, што шрубы на труне ўжо закручаныя i ў пакоi стаяць чатыры мужчыны ў чорным. Дырэктар сказаў, што катафалк чакае на дарозе. Свяшчэннiк пачаў чытаць малiтвы. З гэтай хвiлiны ўсё пайшло вельмi хутка. Людзi падышлi да труны, захiнулi яе покрывам. Свяшчэннiк, служкi i я з дырэктарам - выйшлi. Каля дзвярэй стаяла нейкая незнаёмая жанчына. Дырэктар мяне назваў: "Пан Мёрсо". Iмя жанчыны я не пачуў i толькi зразумеў, што гэта i ёсць санiтарка. Без нiякай усмешкi яна прыхiлiла доўгi кашчавы твар. Потым мы расступiлiся, каб даць вынесцi цела, i рушылi следам за труной. За брамай стаяў катафалк. Ён быў доўгi, лакiраваны i блiскучы i нагадваў вучнёўскi пенал.

|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]