Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 92 из 109

I раптам мяне апанавалi ўспамiны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзiў сама простыя i сама незабыўныя свае радасцi: летнiя пахi, мой любiмы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкi i сукенкi Мары. Уся бязглуздзiца майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкацiла да горла, i я захацеў толькi аднаго - каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасцi на ложак i заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерцi сумленнага працаўнiка, якi загубiў сябе ў хвiлiну раптоўнага зацьмення, i папрасiў прыняць пад увагу змякчальныя акалiчнасцi, бо я ўжо ўсвядомiў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцiлi перапынак, i адвакат упаў на крэсла, нiбы ў яго зусiм ужо не ставала сiлы. З усiх бакоў да яго падбеглi калегi, кожны iмкнуўся пацiснуць руку. Я пачуў: "Цудоўна, мой дарагi, проста цудоўна!" Адзiн нават узяў мяне ў сведкi: "Выдатная прамова, га?" Я кiўнуў, але ў маiм ухваленнi не было шчырасцi, проста я вельмi стамiўся.

Мiж тым на дварэ пачынала шарэць, i спёка ўжо меншала. Па гуках, якiя даляталi з вулiцы, я здагадваўся, што там настае прыемнае сутонне. Мы чакалi. Але тое, чаго чакалi мы ўсе, датычылася толькi мяне. Я зноў агледзеў залу. Усё было так, як i ў першы дзень. Я сустрэўся позiркам з маладым журналiстам у шэрым пiнжаку i з той жанчынай, што па-ранейшаму сядзела як аўтамат.

|< Пред. 90 91 92 93 94 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]