Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
94 из 109
Перад тым, як пакiнуць мяне, адвакат сказаў:
- Зараз старшыня прачытае адказы прысяжных. Але вас упусцяць толькi, каб абвясцiць прысуд.
З усiх бакоў заляскалi дзверы. Людзi пабеглi па лесвiцах, было незразумела - цi то далёка, цi блiзка? Потым з залы даляцеў глухi голас, якi нешта чытаў. I калi зноў пачуўся званок, дзверы ў адгародку для падсудных адчынiлiся i мяне ўразiла цiшыня, што панавала ў зале, цiшыня i гэтае дзiўнае пачуццё, якое ўзнiкла адразу, як я заўважыў, што малады журналiст адвёў вочы ўбок. Я не зiрнуў на Мары. Я проста не паспеў, бо старшыня ў нейкiх дзiўных выразах абвясцiў, што ад iмя французскага народа мне адсякуць галаву, што будзе зроблена публiчна, на гарадской плошчы. I тады, здаецца, я зразумеў, якое пачуццё было адбiта на ўсiх тварах. Па-мойму, гэта было нешта накшталт павагi. Жандары сталi са мной вельмi абыходлiвыя. Адвакат паклаў мне далонь на руку. I ўсе думкi вылецелi з маёй галавы. Але старшыня запытаўся, цi ёсць у мяне што дадаць. Я падумаў. I сказаў:
- Не.
I тады мяне вывелi з залы.
V
Я трэцi раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Мне няма чаго яму сказаць, i наогул - не хочацца гаварыць, бо я i так ужо хутка яго пабачу. Цяпер мяне цiкавiць iншае - цi можна вырвацца з гэтай машыны, цi ёсць нейкае выйсце з майго безвыходнага становiшча. Мяне перавялi ў iншую камеру. I цяпер, калi я ляжу на ложку, я бачу неба, толькi неба. I цэлымi днямi гляджу ў яго твар i назiраю за зменаю фарбаў, якiя вядуць ад ранку да ночы. Я ляжу, падаткнуўшы пад голаў рукi, i чакаю.
|< Пред. 92 93 94 95 96 След. >|