Паляыничы (на белорусском языке)   ::   Олдридж Джеймс

Страница: 82 из 256

Адзiн да аднаго яны адносiлiся з павагай, нават калi спрачалiся пра ваенныя справы, у iхнiх перапалках не было з'едлiвасцi, зусiм не было.

- Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хацiну ў заказнiку, - спакойна заявiў Мэрэй, пакiнуўшы сваю валавяную талерку i абапёршыся на стол.

- Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасцi такiх законапаслухмяных грамадзян, - зазначыў Рой, налiваючы ўсiм па вялiкаму кубку кавы.

- А я думаў усiх вас запрасiць туды з сабой, - сказаў Мэрэй.

- Зел ужо запрашаў мяне, - азваўся Рой.

- А як вы? - спытаўся Мэрэй у астатнiх.

- А там норка водзiцца? - спытаў Самсон.

- Што толькi там не водзiцца, - адказаў Мэрэй. - Усяго на ўсiх хопiць. Там можна налавiць столькi, што хопiць на шмат гадоў наперад, асаблiва бабра. Нiдзе не бачыў гэтулькi бабровых хатак, Рой.

- Дык як, Самсон? - спытаў Рой. - Пойдзеш туды?

- А ты? - спытаў Самсон.

- Мо i пайду, - падахвоцiў яго Рой. - Асаблiва калi пойдзеш ты.

Скоцi ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлiвую справу. У мiнулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную i небяспечную, i Скоцi чакаў бяды.

- Калi вы, сябры, надумалi стаць мiльянерамi, - сказаў ён, - чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказнiку.

- Ды нiхто цябе там i не ўбачыць, у заказнiку, - сказаў Мэрэй.

- Вельмi нават проста! - заявiў Рой.

|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]