Страница:
29 из 453
Сапраўды, першае друкаванне, паколькі я мог меркаваць (колькі б статут ні перадрукоўваўся — год ставілі той жа самы, 1580-ты). Але з ініцыяламі Евангелля Цяпінскага было сапраўды цікава.
Друк гэтай кнігі вызначаўся строгасцю. Кожная балонь тлуста, упоперак, нібы перарэзана напалам. На верхняй палове старонкі стараславянскі тэкст, на ніжняй — старабеларускі. Сухі, строгі шрыфт, нічога лішняга. І раптам, сярод гэтай пратэстанцкай пустэчы, я ўбачыў дзіва: застаўкі і ініцыялы, што цвілі макамі, срэбрам і золатам так, што вачам рабілася балюча. Кветкі, сцябліны, воіны, коні — усё імкнулася ў зыркім, вычварным, радасным палёце са старонкі на старонку.
— Язычнік, — сказаў я. — Адкуль такое дзіва?
— Вось надпіс.
Надпіс на адвароце вокладкі быў, відаць, з чарнільных арэшкаў і камедзі: рыжыя чарнілы выцвілі. XVI-XVII стагоддзі. Самы пярэдадзень шалёнага націску Польшчы. Але я не мог адарваць вачэй ад цвітучага поплаву, і мне не хацелася ўглядацца ў блытаную рыжую вязь.
— Ты не адказаў. То ўсё ж адкуль?
— Альшаны.
— Нешта чуў, але цьмяна. Дзе?
— Гісто-рык. Мястэчка… Кіламетраў трыццаць ад Кладна… Князям Альшанскім належала. Гедымінавічы. Дужа старажытны беларускі род. Шматлікія маёнткі па Нёмане і Пцічы, некалькі ўласных гарадоў. Увесь час высокае становішча. Падмацоўвалі тым, што каралям гарады дарылі.
— Памятаю, — сказаў я. — Гэты ж адзін з іх Голаск — гарадок Жыгімонту Аўгусту «падарыў», а той яго «падарыў» Яну Хадкевічу.
— Но.
— І гэта адзін з іх падчас розбрату Свідрыгайлу ў палон захапіў.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|